На сцэне Калінкавічкага цэнтра вольнага часу гаворыць і паказвае “Радзіва Прудок”

IMG_9866А

Пра Андруся  Горвата сёння не ведае, мабыць, толькі самы ляны і нецікаўны чалавек. Гэта той самы Андрусь Горват, які пакінуў сталіцу, пераехаў у дзедаву хату ў вёску Прудок, абжываўся, вучыўся весці гаспадарку і пісаў дзённік, які друкаваў у адной з сацыяльных сетак. У выніку гэтай пісаніны ўзнікла кніга пад назвай “Радзіва Прудок”, жанр якой быў вызначаны, як дзённік.

IMG_9888А

Кніга, як і яе аўтар, імгненна стала папулярнай, вытрымала некалькі перавыданняў і нават прэтэндавала на шэраг літаратурных прэмій. Яна ж натхніла маладога (і, як высветлілася – таленавітага) рэжысёра Рамана Падаляку на пастаноўку спектакля. Дарэчы, перад тым Раман Падаляка зняў па матывах кнігі фільм “Ягор”, які быў адзначаны на фестывалі мабільнага кіно Velcom Smartfilm у лютым бягучага года.

IMG_9892А

Ну, а прэм’ера спектакля адбылася сёлета на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 16 мая. І эксперыментальны паказ меў такі поспех, што было вырашана ўключыць спектакль у пастаянны рэпертуар тэатра. А 7 ліпеня дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры і кампаніі Velcom яго спецыяльны паказ прайшоў на сцэне Калінкавіцкага цэнтра вольнага часу.

Чаму менавіта Калінкавічы? Таму што для герояў кнігі Горвата гэты горад знакавы: тут для прудкоўцаў пачаналася цывілізацыя, адсюль яны выпраўляліся ў вялікі свет. І тут жа жывуць родзічы аўтара “Радзіва Прудок”. Тая ж цётка Дуня з’яжджае сюды з вёскі на зіму, як тыя птушкі, што ў халады выпраўляюцца ў вырай, каб па вясне зноў вярнуцца ў родныя мясціны.

IMG_9896А

Шчыра кажучы, я не вялікі тэатрал. Але тое, што паказалі рэжысёр і акцёры, варта самай шчырай ухвалы. Нягледзячы на аднайменную назву з кнігай, спектакль сапраўды стаў з’явай асобнай і адметнай. Раман Падаляка не імкнуўся перадаць кнігу старонка за старонкай, эпізод за эпізодам. На сцэне ён раскрыў галоўную ідэю – пошукі маладым рафінаваным чалавекам уласнага “Я”. Маючы за плячамі вышэйшую адукацыю, сям’ю і працу ў сталіцы, галоўны герой увесь час адчувае незадаволенасць сабой і сваім жыццём. І раптам у нейкую хвіліну ён сніць дзедаву хату ў далёкай палескай вёсцы, і ўнутраны голас усё настойлівей пачынае клікаць яго вярнуцца з неба на грэшную зямлю. Менавіта ў той яе куток, адкуль яго карані, дзе вытокі сям’і, у якой нарадзіўся і вырас, дзе жылі, працавалі і паснулі продкі.

IMG_9897А

Вельмі трапна рэжысёр перадаў гэта праз касмічную сімволіку: як быццам чалавек з адной планеты тэлепартуецца на іншую планету. Ён тут – іншапланецянін. Але і тутэйшыя жыхары для яго – іншапланецяне. І вось пачанаецца збліжэнне двух космасаў. Здаецца, і знешне аднолькавыя, і на адной мове размаўляюць жыхары гэтых планет, але розны светапогляд не дазваляе ім зразумець адзін аднаго. Спектакль якраз пра пошук такога паразумення, агульнай мовы паміж героем і тутэйшымі жыхарамі.

IMG_9904А

Не буду пераказваць змест спектакля. Скажу толькі пра адметнасці і незвычайнасці пастаноўкі. Па-першае, спектакль праходзіў не ў звыклым фармаце – акцёры на сцэне, гледачы ў зале, а на адной пляцоўцы. Інакш кажучы, гледачы знаходзіліся таксама на сцэне, і тым самым як бы з’яўляліся саўдзельнікамі спектакля. Па-другое, акцёр, які выконваў галоўную ролю, знешне быў вельмі падобны на аўтара кнігі Андруся Горвата. Праўда, Раман Падаляка на пытанне пра гэткае падабенства адказаў, што так адбылося зусім выпадкова. Па-трэцяе, спецыяльны паказ праходзіў у Іванаў дзень, дзень нараджэння Іаана Прадцечы. А папярэднікам Андруся ў сям’і Горватаў таксама быў Іван, яго бацька.

IMG_9911А

Ну і, безумоўна, нельга не адзначыць ігру маладых акцёраў-купалаўцаў, якія таленавіта ўвасобілі задумку рэжысёра. Гэта Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй.

IMG_9926А

Менавіта такія ўражанні пакінуў спектакль, прынамсі, у мяне. Памятаю, як у свой час бацькі настаўлялі нас, вясковых хлопцаў і дзяўчат, уцякаць з вёскі, шукаць лягчэйшага хлеба дзе-небудзь у горадзе. І мы раз’яжджаліся ў розныя куткі, зусім не думаючы пра тое, што якой бы бруістай не была крыніца, яна можа вычарпацца і знясіліцца. А між тым без гэтай крыніцы і нам не быць. У Год малой радзімы гэта тэма гучыць асабліва актуальна. Кожны з нас павінен памятаць пра свае вытокі і нешта зрабіць для сваёй малой радзімы.

IMG_9933А

IMG_9951А

IMG_9960А

IMG_9972А

IMG_9977А

IMG_9986А

IMG_9994А

IMG_0006А

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.