Блажкі

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы.

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы…

Яўгенія Янішчыц.

Менавіта гэтыя радкі ўспомніліся падчас прыезду ў невялічкую вёску Блажкі, якая знаходзіцца ў Зеляноцкім сельсавеце за 19 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра. Гэтыя мясціны ўражваюць сваёй першароднай прыгажосцю і шчырымі, працавітымі людзьмі, што тут жывуць.

Заснавалі вёску перасяленцы з навакольных населеных пунктаў у пачатку XX стагоддзя, поўныя надзеі і веры ў светлую будучыню. Сёння тут жывуць, клапоцяцца аб дабрабыце свайго роднага куточка і старанна захоўваюць тое, што засталося ад продкаў, менш за дзесяць жыхароў.

Ганак хаты, дзе жыве Кацярына Апанасаўна Бяляй, увіты хмелем, каля плота пунсавее куст шыпшыны. Сёлета жанчына сустрэла сваю васьмідзясятую восень. У Блажках яна жыве больш за 20 гадоў. Сама родам з вескі Града, якая знаходзіцца непадалёку ад Юравіч.

— У гады вайны ў Градзе адбылася страшэнная трагедыя, — расказала Кацярына Апанасаўна. – Я была тады васьмігадовай дзяўчынкай. Людзі хаваліся ад немцаў у лесе, на балоце. Калі прайшла чутка, што немцаў у вёсцы ўжо няма і можна ісці дадому, вяскоўцы вярнуліся. Некалькі дзён мы сапраўды жылі спакойна, знайшлі рэшткі збожжа, змалолі яго на жорнах і нават спяклі хлеб. Потым прыйшла і зусім радасная вестка — вёску занялі салдаты Чырвонай Арміі. Гэта быў 3-ці батальён 519-га стралковага палка 81-й стралковай дывізіі. А познім вечарам у Граду наляцелі фашысты. Пачаўся жорсткі бой. Мясцовыя жыхары пачалі зноў уцякаць у лес. Немцы падпалілі вёску. Тады згарэла 80 дамоў. А салдаты батальёна трапілі ў акружэнне і загінулі ў няроўным баі. Казалі, што з іх выжылі толькі двое. Граду вызвалілі 14 студзеня 1944 года. Людзям не было чым харчавацца: не было ні бульбы, ні хлеба. Мы елі замерзлыя тушы кароў, якіх забілі немцы і не паспелі забраць… Але хіба ў другіх нашых вёсках тады жылося лепш?

Граду адбудавалі нанова. Пасля вайны ўлады выдзелілі пагарэльцам дзялянку лесу і валоў. Кожны будаваў сабе новы дом як мог. У суседніх вёсках бралі насенне, каб хоць нешта вырасціць на агародах.

— Як успомню, як тады жылі, плакаць хочацца, — са слязамі на вачах расказвае жанчына.

У Градзе Кацярына Бяляй пайшла замуж, нарадзіла чацвёра дзяцей. Працавала ў калгаснай брыгадзе, больш за 10 гадоў даіла на ферме кароў.

А ўжо будучы на заслужаным адпачынку, жанчына пайшла замуж у другі раз. За свайго свата з Блажкоў.

Рыгор Рэберт працаваў правадніком на чыгунцы і, па словах Кацярыны Апанасаўны, быў вельмі добрым і працавітым. Ён, як і яна, застаўся ўдаўцом, дзеці ў абодвух ужо выраслі і стварылі свае сем’і. Сын Рыгора Сямёнавіча ажаніўся на дачцэ Кацярыны Бяляй. Вось так, дзякуючы дзецям, бацькі і сышліся разам.

— Мы з Рыгорам трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову, свіней. Як ён памёр, усё пазбывала. Ужо пяты год жыву адна, на зіму дачка ў горад забірае. Не люблю я ў горадзе жыць, але што зробіш, як старая ўжо зусім?.. Сяджу ў гарадской кватэры цэлы дзень, у акно пазіраю, жыццё сваё ўспамі-наю. Летам жа я дома не сяджу: на агародзе зяліну якую вырву, да аўталаўкі пайду, людзей пабачу, — памешваючы бульбу, якая кіпела ў чыгунку на пліце, кажа жанчына. – Есці я сабе сама яшчэ наварыць здолею. А вось па хатніх справах мне дапамагае сацыяльны работнік Наталля, якая два разы на тыдзень прыязджае з Зеляноч.

А вось Марыя Табуліна – карэнная жыхарка Блажкоў. Яна тут нарадзілася і пражыла ўсё жыццё. Жанчына нават расказала нам мясцовае паданне наконт назвы рэчкі Абедаўкі, што працякае непадалёку:

— Старыя казалі, што калісьці праз нашы мясціны ехала коньмі царыца Кацярына. Не даязджаючы Зеляноч, спыніліся яны на адпачынак, расклалі абед. Вось з таго царскага абеду і пачалі рэчку зваць Абедаўкай… Некалі ўся вёска складалася з хутароў. Мы таксама жылі спачатку на хутары. Потым пачала наладжвацца калектыўная гаспадарка, мае бацькі пайшлі працаваць у мясцовы калгас, які ўтварыўся ў 1931 годзе. А хату, у якой я нарадзілася, пабудавалі ўжо ў 1938 годзе. Акрамя мяне ў бацькоў было яшчэ трое дзетак.

Калі ў вёску прыйшла вайна, наш бацька, Раўмін Паўлавіч, пайшоў у партызаны. Я хоць і была яшчэ малая, але памятаю, як ён час ад часу прыходзіў да нас, як аднойчы немцы забралі нашу маці ў Кротаў капаць траншэі, а мы, малыя, засталіся ў чужых людзей. Мы вельмі баяліся. А потым прыйшла маці, забрала нас, сказала, што трэба ўцякаць, бо немцы ідуць. Тады была зіма, мы пераходзілі рэчку. Побач з намі нейкі дзед вёў сляпую бабу, а яна, абапіраючыся на кіёк, некалькі разоў тыкнула кійком у ваду. Дзед бурчаў: “Асцярожна… Не сунь кіёк у ваду…Упа-дзеш…”.

Калі мы прыйшлі назад, у нашай хаце ўжо быў нямецкі штаб. Мы перабраліся жыць да нейкіх людзей. Памятаю, калі  мы прыходзілі ў нашу хату за картоплямі ў пограб, немцы частавалі нас цукеркамі…

Пасля вайны я пайшла вучыцца ў школу. Хадзілі мы ажно ў Зеляночы. Зараз адно дзіця вязуць вучыцца на аўтобусе, а мы пешшу некалькі кіламетраў хадзілі: цераз лес, па канавах. Рыбакі ставілі кашы на ўюноў, на канавах было шмат пеляк… Прыйдзем, бывае, мокрыя, абледзянелыя…

Марыя Раўмінаўна 25 гадоў адпрацавала на льнозаводзе ў Гарочычах. Яе муж Савелій Сямёнавіч быў вельмі добрым токарам. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей. Тады ў кожнай хаце было па столькі. Паводле перапісу 1959 года ў Блажках пражывала 288 жыхароў, была ферма, працаваў клуб і крама. Адных свойскіх кароў было тры статкі.

На жаль, Савелій Сямёнавіч сёння не побач са сваёй жонкай. Разам яны пражылі 54 гады, зусім крышачку ім не хапіла да ізумруднага (55 гадоў) вяселля. А тут – новае выпрабаванне для гаспадыні: не прайшло яшчэ і паўгода, як злая хвароба забрала адзінага сына. Засталіся цяпер у яе толькі дачушкі.

— Калі Мішу майго прывезлі сюды хаваць, людзей панаехала: і суседзі, і яго аднакласнікі. Даўно столькі людзей не бачыла. Сяло быццам ажыло, — кажа жанчына, абціраючы краем хусткі мокрыя вочы. — Завуць мяне дочкі да сябе, а я не згаджаюся. Што мне ў іх Мазыры рабіць? Тут я і фасолю палужу, семак насушу. Праўда, у гэтым годзе агарод некалькі разоў вадою залівала, семкі атрымаліся нейкія ерундовыя – зусім не паспелі…

Хата Валянціны Рэберт схавалася за дубкамі ды бялюткімі бярозкамі. Адразу яе з дарогі і не заўважыш.

Жыве Валянціна Пракопаўна разам са сваім мужам Іванам Піліпавічам. На жаль, Іван Піліпавіч ужо сёмы год ляжыць у ложку: паралізавала яго пасля цяжкай хваробы. Вось і даглядае яго жонка. Калі-нікалі паплача, каб гаспадар не бачыў, былыя гады ўспомніць. А ўспамінаць за шмат гадоў ёсць што. Як-ніяк у жанчыны трое дарослых дзяцей, сямёра ўнукаў.

Яе бацька Пракоп Цімашэнка ў самым пачатку вайны апынуўся ў нямецкім палоне. Тры месяцы правёў за калючым дротам у Гомелі. Калі небараку выкупілі, жонка і пяцёра дзяцей ледзь яго пазналі, такі худы і знясілены ён быў.

Пра жыццё Пракопа Лявонцьевіча Цімашэнкі, 1901года  нараджэння, мы даведаліся не толькі ад яго дачкі Валянціны, але і ад настаўніцы гісторыі Зеляноцкай школы Наталлі Рэберт, якая вядзе вялікую краязнаўчую работу і назбірала пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны цэлую папку матэрыялаў.

Пракоп Цімашэнка нарадзіўся ў вёсцы Зеляночы нашага раёна. Яго сям’я была вялікай : у маці і бацькі было 3 сыны і 4 дачкі.

Пасля Кастрычніц-кай рэвалюцыі ва ўзросце 18 гадоў ён пазнаёміўся з Евай Ісаевай з вёскі Юшкі і ажаніўся на ёй. І амаль адразу ж пасля жаніцьбы быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля службы вярнуўся дадому і абаснаваўся ў вёсцы Блажкі, куды к таму часу перабралася ўся яго сям’я. Дарэчы, аб ёй. Сям’я ў Пракопа, як і ў яго бацькі, была вялікая: у іх з Евай быў сын Уладзімір і чатыры дачкі — Кацярына, Марыя, Валянціна і Таццяна. Пракоп Цімашэнка працаваў у калгасе «1 Мая» на розных работах — агароднік, садоўнік, вартаўнік, займаўся паляваннем і пчалярствам.

Неўзабаве прыйшоў 1941 год. Пачалася вайна, якая прынесла з сабой шмат гора і болю. Пракопу Лявонцьевічу было ўжо сорак гадоў, але ён, не раздумваючы, стаў у шэраг абаронцаў Радзімы. Удзельнічаў у баях на розных франтах. Дайшоў да Арла і там трапіў у палон. Палонных немцы пагрузілі ў таварныя вагоны і прывезлі ў Гомельскі лагер смерці. Савецкія салдаты апухалі і паміралі ад голаду і холаду. З шасцярых блажкоўскіх ваеннапалонных выжылі і вярнуліся дадому толькі трое, у іх ліку і Пракоп Цімашэнка.

Пасля вызвалення Зеляноч, Блажкоў і Калінкавіч 14 студзеня 1944 года тыя мужчыны, што засталіся ў жывых, былі мабілізаваны на фронт у другі раз і адпраўлены на перадавую лінію. Пракоп Цімашэнка быў самым старэйшым салдатам у атрадзе, і да яго не раз звяртаўся малады камандзір за парадай. У адным з баёў, калі салдаты знаходзіліся ў акопах і ў іх скончыліся патроны, немцы ва ўвесь рост пайшлі на іх у атаку. «Што рабіць?» — запытаўся камандзір. Пракоп Цімашэнка скамандаваў: «Гранатны агонь!». Салдаты выканалі яго каманду, і немцы адступілі. Пасля бою і праверкі ўцалелых салдат, паступіла пытанне ад начальства: «Хто падаў каманду на бой з ворагам?». Адказаў адзін з салдат і паказаў на Пракопа Лявонцьевіча. За гэты адважны ўчынак Цімашэнка быў прадстаўлены да ўзнагароды – ордэна Айчыннай вайны II ступені.

Пры пераправе праз раку Одэр Пракоп Цімашэнка быў цяжка паранены. Камандзір загарнуў яго ў плашч -палатку і на невялікім плыце апусціў у раку. Плынь ракі вынесла параненага да другога берага, дзе таксама стаялі нашы салдаты. Бусаком выцягнулі яго на бераг і даставілі ў шпіталь. Там патрабавалі адняць яму нагу, каб не пачалася гангрэна, але Цімашэнка не даў на гэта згоды.

А тым часам яго сям’я атрымала паведамленне, што ён «прапаў без вестак». Гору не было канца…

Але нянавісць да ворага дапамагла салдату выжыць і зноў стаць у строй. Пасля шпіталя Пракоп Лявонцьевіч працягнуў ваяваць. Яшчэ доўгія дні і ночы прыйшлося правесці яму ў акопах да Вялікай Перамогі. У баях ён быў тройчы паранены і кантужаны.

За ваенныя подзвігі, мужнасць і адвагу Пракоп Цімашэнка быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод якіх «За вызваленне Варшавы» і «За Перамогу над Германіяй», а таксама — падзякамі  за прарыў абароны праціўніка на заходнім беразе Віслы, за авалоданне некаторымі нямецкімі гарадамі і гарадамі ў Памераніі.

Пасля вайны Цімашэнка быў прызначаны на пасаду старшыні калгаса, але раненні, атрыманыя на вайне, не дазволілі яму доўгі час займаць адказную пасаду. Па стану здароўя ён перайшоў на больш спакойную працу. Але, дзе б ён не працаваў, ён заўсёды добрасумленна і адказна ста-віўся да сваіх абавязкаў.

Аднавяскоўцы паважалі і шанавалі яго не толькі за дабрыню і справядлівасць, але і за гераічнае мінулае. Многія звярталіся за дапамогай і парадай і ніхто ні разу не пачуў ад яго адмовы ў дапамозе.

Раны, нанесеныя вайной, не далі Пракопу Цімашэнку памерці ад старасці. Асколак вайны абарваў яго жыццё ў 1974 годзе.

Не адзін Цімашэнка служыў і абараняў Радзіму, яго дзеці таксама ваявалі на розных франтах у гады Вялі-кай Айчыннай вайны. Сын Уладзімір у 1938 годзе пайшоў на службу ў Чырвоную Армію. Паступіў у Ленінградскае ваеннае медыцынскае вучылішча, скончыў яго, і ў 1941 годзе пайшоў на фронт ужо ў званні лейтэнанта. Дэмабілізаваўся маёрам. Дачка Пракопа Цімашэнкі Кацярына падчас вайны была гвалтоўна загнана немцамі ў Германію. Усю вайну працавала там на прадзільнай фабрыцы. Яна вярнулася на Радзіму, калі іх вызвалілі амерыканскія салдаты. А Валянціна Пракопаўна, мая суразмоўца, ужо пасля вызвалення Беларусі была «добраахвотна» адпраўлена на аднаўленне горада Гомеля, дзе працавала аж да 1947 года.

— Мы выжывалі, як атрымлівалася. Тры месяцы правялі ў лесе. А немцы ў гэты час рабілі ў вёсцы, што хацелі. Памятаю: пойдзем, бліндажы якія адкапаем, дошачкі дадому прынясем. У хаце падлогі нават не было. Замест яе была голая зямля. Бульбу прама ў хаце закопвалі. У 1943 годзе, каб зарабіць якую капейку, я паехала ў Гомель на лесанарыхтоўку. Грузіла лес на машыны, з машын – у вагоны. Потым працавала на пілараме. Чатыры гады прабыла я ў Гомелі. А зараз бы яго, калі б пабачыла, і не пазнала, — разважае жанчына. – Дадому вярнулася ў 1947 годзе. І адразу ўзялася за касу: мужыкоў жа амаль не было. З нашай вёскі дадому з вайны не вярнуліся 27 чалавек. Неўзабаве я і замуж за свайго Івана пайшла.

Як расказала Валянціна Пракопаўна, Іван Піліпавіч працаваў качагарам на льнозаводзе, меў “залатыя” рукі: усё, што ёсць драўлянага ў іх хаце і на падворку, ён зрабіў сам. Сама ж яна таксама не цуралася аніякай працы: хадзіла ў брыгаду, дзе разам з іншымі жанчынамі палола, капала, сена ў стагі складвала. А дома руплі-вую гаспадыню таксама немалая гаспадарка чакала.

Дачка Рэбертаў жыве ў Крыму, сын Сяргей – у Калінкавічах, а Валодзя – побач, у Зеляночах. Ён працуе механізатарам.

— Уладзімір жыве да нас бліжэй за ўсіх, таму і наведвае часцей. Не дае нам з дзедам сумаваць. Вунь – бройлераў прывёз, кажа: “Гадуй, матка!”. Клубніцу нейкую імпартную пасадзіў, — паказвае на падвешаную на ганку абрэзаную каністру, у якой сапраўды чырванее ягада. – Кажа, да зімы расці будуць. Я ўжо штук пяць з гэтага кусточка з’ела.

Па суседству з Валянцінай і Іванам Рэберт жыве родная сястра Валянціны Марыя Цімашэнка. На жаль, Марыю Пракопаўну мы не засталі дома, казалі, што яна накіравалася ў лес па грыбы. Вельмі шкада, бо Марыя Цімашэнка ўсё жыццё адпрацавала ў Зеляноцкай школе, і магла б нам шмат расказаць пра Блажкі.

Анастасія Міхайлаўна і Міхаіл Якаўлевіч Говары прыехалі ў гэты населены пункт у канцы 60-х гадоў. Мужчына родам з Туравіч, яго жонка – з Юшкоў. Пазнаёміліся яны задоўга да таго, як у іх сэрцах успыхнула каханне.

Міхаіл шмат гадоў працаваў кінамеханікам, якіх тады называлі “кіншчыкі”, ездзіў на сваёй кінаперасоўцы па вёсках, паказваў сялянам кіно. Анастасія Міхайлаўна пасля заканчэння школы падпрацоўвала памочнікам кінамеханіка ў Юшках. Сустракаліся яны на справаздачах у кінатэатры “Знамя” у Калінкавічах.

Аднойчы Анастасія Міхайлаўна пачула, што ў горадзе адкрыліся курсы прадаўцоў і вырашыла авалодаць гэтай спецыяльнасцю.

— Курсы праходзілі ў будынку па вуліцы Першамайскай, — успамінае жанчына. – А вучыла нас прыгожая яўрэйка Бэла. Мы з ёй вельмі падружыліся, нават хадзілі да яе ў госці.

Пасля заканчэння курсаў Анастасія Міхайлаўна атрымала накіраванне на працу ў Туравічы. І хто, вы думаеце, аднойчы прыйшоў да яе ў краму? Кіншчык Міхаіл!

Некалькі гадоў яны жылі ў Туравічах. У маладых пайшлі дзеці. І хата для іх вялікай сям’і стала занадта маленькай, адна печ колькі месца займала! А тут яны пачулі, што ў Блажках добрая хата прадаецца.

— Мы яе купілі, перасыпалі. І пабачце, якая вялікая хата атрымалася, — уступае ў размову гаспадар. – Тры вяселлі тут адгулялі. І ўсе летам. Два вечары справілі, калі сыны ў войска ішлі.

Калі з’явіліся дзеці, Анастасія і Міхаіл параіліся і вырашылі, што несур’ёзна галаве сям’і кіно па вёсках паказваць. Таму Міхаіл Говар скончыў курсы трактарыстаў і ўладкаваўся на працу ў калгас “Камунар”. Яго працоўны стаж складае больш за 30 год.

Анастасія Міхайлаўна працавала прадаўцом у краме, а потым паштальёнам. Пошту насіла больш за 15 гадоў, потым яшчэ 14 аператарам на пошце працавала. А пасля працы дадому бегла па гаспадарцы ўпраўляцца. Трымалі па дзве-тры свінні, мяса здавалі, па дзве каровы, цяляткі кожны год былі. Дзеці працавалі на падворку разам з бацькамі. Сыны нават каровак даіць навучыліся.

— Недалёка ад нас жыў стрыечны брат з жонкай ды трое іх дзетак, — кажа Анастасія Говар. – Людзей у вёсцы было нямала. Як вяселле якое – танцы ладзіліся прама на вуліцы, уся вёска скакала…

Дзеці Говараў жывуць у горадзе. Дачка Наталля працуе майстрам у аграрна-тэхнічным ліцэі, сыны Алег і Уладзімір – шафёры. Падрастае тры ўнукі. А праз два гады яны будуць адзначаць “залатое” вяселле.

— Без работы мы яшчэ не сядзім. Не такія і старыя, — жартуе гаспадыня. – Трымаем індакачак, курэй, сабаку і катка. Добры агарод садзім. Па грыбы ходзім. Разам з маёй стрыечнай сястрой Марусяй Табулінай (вы ў яе сёння ўжо былі) разоў пяць за восень у лес хадзіла. І што думаеце? Тры слоікі насушыла. А потым і зялёнкі пайшлі…

Вялікая хата з дзвюма антэнамі-талеркамі вельмі нас здзівіла. Што за пенсіянеры тут жывуць? Няўжо такія тэлеманы?

Насустрач нам выйшла жвавая жанчына з рускім говарам.

С таго часу, як Таццяна Ільічова вырашыла асесці на бацькоўскай зямлі, прайшло ўжо больш за 20 гадоў. Яна тут нарадзілася, але яшчэ маленькай маці з бацькам забралі яе ў Калужскую вобласць: вырашылі ехаць на заробкі. Тата працаваў на лесавозе, маці – поварам. А сама Таццяна, дасягнуўшы працаздольнага ўзросту, – на камвольна-прадзільнай фабрыцы.

У 1986 годзе яна разам з мужам Генадзем Рыгоравічам і сынамі прыехала ў бабуліну хату.

— На родную зямлю, — удакладняе Таццяна Фёдараўна. – Няма нічога лепш за родную старонку.

Генадзь Ільічоў працуе ў Васілевіцкім лясніцтве. Яго жонка, хаця і знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку, – на ферме жывёлаводам.

Іх сыны жывуць у горадзе. У выхадныя і на святы прывозяць да бабулі і дзядулі пяцярых унукаў. Тут ім раздолле! Машыны не ездзяць, птушкі спяваюць, кветкі цвітуць – гуляй, дзе хочацца!

Апошні адрас нашай вандроўкі ў Блажках – хата Ганны Піліпейкі. Жыве ў ёй добразычлівая, сціплая і добрая гаспадыня. Яна сустрэла нас на ганку. Здзівілася, чаму раптам зацікавіла яе асоба? Нават спрабавала адмовіцца, але потым згадзілася расказаць пра сябе.

— Я – мясцовая жыхарка. Калісьці Блажкі былі вялікай вёскай. Песні пад кожнай хатай спявалі, на вуліцы размовы чуліся… Тут я нарадзілася, тут і вайна мяне напаткала. Папацягалася наша матка з клункамі і намі, дзецьмі, пакуль бацька быў на фронце. Два першыя гады вайны дома не стыкаліся. Дзякуй Богу, выжылі, хоць і цяжка было. Калі немцы ўжо адступілі, мы вярнуліся дадому.

З маладых гадоў Ганна Апанасаўна пачала працаваць у калгаснай брыгадзе. Аднойчы на нарыхтоўцы сена яна пазнаёмілася з вясёлым шафёрам з Ліпава. Гэта сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Маладыя распісаліся акурат 8 сакавіка. Яны таксама, як і бацькі маёй папярэдняй субяседні-цы, спрабавалі з’ездзіць за вялікімі грашыма ў Сібір. Але праз сем гадоў вярнуліся дадому і ўладкаваліся ў мясцовы калгас “Камунар”. Больш за 40 гадоў жанчына адрабіла ў брыгадзе, Уладзімір Якаўлевіч не менш за рулём розных машын. У іх нарадзіліся дзве дачкі і хлопцы-двайняты.

Кажуць, Ганна Піліпейка ў маладосці была вельмі добрай гаспадыняй, працавітай, да любой працы здатнай: што ў полі, што ў хаце, што па гаспадарцы – усё ў яе руках гарэла. Дома заўсёды быў парадак, утульнасць. І дачок сваіх таму ж навучыла. Ні за адну цяпер не сорамна. Сыны яе жывуць у Мінску, працуюць “дальнабойшчыкамі”. У жанчыны ўжо пяць унукаў і чатыры праўнукі.

Здаецца, толькі жыць і цешыцца, але два гады таму яе напаткала гора: раптоўна памёр Уладзімір Якаўлевіч.

— Жыву цяпер адна ў гэтым вялікім доме. Калісьці яго яшчэ мой дзед будаваў, сад вялікі пасадзілі, для сям’і, для дзяцей стараліся, а жыццё вунь як склалася. Яблыкі тыя падаюць, нікому не патрэбныя. Добра, што дзеці яшчэ пра мяне не забываюцца. Няма таго дня, каб хто-небудзь не пазваніў, не пацікавіўся, як я тут, ці здаровая, ці ўсё ў парадку. А ў выхадныя прыязджаюць. Вясною агарод дапамагаюць садзіць, праполюць, летам нарыхтоўкі робяць на зіму. Дачушкі да сябе мяне клічуць, але я не хачу. Пакуль ногі носяць, буду ў сваёй хаце жыць. Ды і ім бу-дзе да каго прыехаць…

Мясцовыя жыхары расказалі, што ў некаторыя бацькоўскія хаты папрыязджалі дзеці, хто на лета-восень, а хто увогуле збіраецца перабрацца ў Блажкі. У адну з такіх мы зайшлі, але гаспадар адмовіўся, каб пра яго друкавалі ў газеце. А вось пагутарыць і расказаць пра набалелае быў не супраць. Мужчыну вельмі непакоіць вось які факт: ужо каторы год у яго двары разгортваецца сапраўдная птушыная вайна. Яшчэ нашы продкі верылі – калі бусел пасяліўся побач, абавязкова пашчасціць. Існавала глыбокая перакананасць, што суседства з буслом прыносіць у хату дабрабыт. Таму кожны год гэты гаспадар чакае прылёт белых птушак у буслянку, якая стаіць на яго падворку. А ў апошнія гады пачалі адбывацца непрыемныя рэчы: толькі буслы накладуць яек, а то і наогул з іх паспеюць вылупіцца птушаняты, як налятаюць “чужыя” буслы і выкі-даюць малых з гнязда…

Недзе прачытала, што ў буслоў такое здараецца. Дарослыя птушкі змагаюцца за гняздо, а ахвярамі становяцца маленькія птушаняты. Мы супакоілі гаспадара: асабіста ён ніякай шкоды буслам не наносіць. Яны ж вяртаюцца штогод у сваё гняздо. Ёсць нават прыкмета, што бусел гняздуе на двары толькі ў добрых людзей.

Праўду сказаць, чаго-чаго, а буслянак у Блажках хапае.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.