У Гулевічах сустрэліся землякі
Непагадзь, што панавала на дварэ ў мінулыя выхадныя, не стала перашкодай для сустрэчы землякоў у вёсцы Гулевічы, якая адбылася ў нядзелю ў сельскім клубе.
— Бясспрэчна, на вуліцы падобныя мерапрыемствы праходзяць цікавей, але ж што зробіш, калі дождж вырашыў умяшацца і падкарэкціраваць нашы планы, — расказала загадчыца мясцовай установы культуры Вольга Цітавец. – Сустрэчу землякоў «Зямля бацькоў – зямля святая», мы запланавалі даўно. Хацелася, каб сабралася як мага больш аднавяскоўцаў, каб яны пабачыліся, успомнілі бацькоў, сваё дзяцінства і маладосць, пабылі на малой радзіме.
З прывітальным словам да аднавяскоўцаў звярнулася старшыня Сыродскага сельвыканкама Таццяна Барысенка. Яна пажадала жыхарам шчасця, здароўя і дабрабыту, а агульнай для іх усіх малой радзіме — квітнець і працвітаць.
Хвілінай маўчання на сходзе ўшанавалі памяць землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Удзел у мерапрыемстве таксама прымалі энтузіясты Калінкавіцка-Мазырскага ваенна-гістарычнага клуба «Пошук» з выставай ваеннай амуніцыі і зброі, прымеркаванай да Дня Незалежнасці Беларусі.
На сустрэчы прагучала шмат прыгожых песен у выкананні удзельнікаў мясцовай мастацкай самадзейнасці – дзіцячай і дарослай, а таксама запрошаных на свята артыстаў. Сваёй творчасцю і талентамі з гледачамі дзяліліся ансамбль «Калінавы цвет» Дудзіцкага цэнтра народнай творчасці і рамёстваў і «Чапурушкі», якія ўжо сталі візітнай карткай Калінкавіцкага ТЦСАН.
Дарэчы, сход землякоў у Гулевічах стаў чарговым святам у спісе мерапрыемстваў, якія праходзяць у Калінкавіцкім раёне ў рамках І раённага фестывалю-конкурсу сельскіх святаў «АграФэст-2018», прысвечанага Году малой радзімы.
Таццяна КАПІТАН.