Пеніца

Заканчваецца  восень. Усё часцей накрапвае дожджык, пацягнуліся ў вырай касякі пералётных птушак. Сонейка яшчэ прыгравае, але, калі яно хаваецца за хмарамі, адчуваецца, што паветра халаднее з кожным днём. Шчодрым ураджаем грыбоў радуюць лясы, якія апрануліся ў жоўтае і чырвонае ўбранне.

Па дарозе ў Пеніцу, куды мы едзем знаёміцца з жыхарамі і гісторыяй гэтага малога населенага пункта, любуемся прыгажосцю нашай прыроды, якую восень размалявала рознакаляровымі фарбамі. За паваротам паказваецца вёска, дзе прапісана 35 чалавек, а фактычна пражывае ўсяго 14. Але з першага позірку кідаецца ў вочы тое, што Пеніца зусім не падобна на малы населены пункт, які ў хуткім часе можа знікнуць. Абапал цэнтральнай вуліцы шмат дабротных, дагледжаных хат. Аказваецца, большасць з іх належыць дачнікам, якія ў апошні час аблюбавалі гэтыя маляўнічыя мясціны. Людзі прыязджаюць у вёску, каб адпачыць ад гарадской мітусні, пасядзець на беразе рэчкіДымарка ці возера Дворнае з вудай, пабегаць па лесе з кошыкам, збіраючы грыбы ды ягады. І, канешне, каб напіцца сцюдзёнай, чыстай вады з крыніцы, што б’е недалёка ад Пеніцы. Тэрыторыя вакол крыніцы, якая знаходзіцца пад апекай Юравіцкага мужчынскага манастыра, дагледжаная і добраўпарадкаваная. Кажуць, вада з яе валодае гаючымі, лячэбнымі ўласцівасцямі. Нездарма за ёй прыязджаюць з горада і суседніх вёсак. І сапраўды, пакуль мы былі ў Пеніцы, каля дзесяці машын павярнулі ў бок крыніцы.

Адкуль жа пайшла назва вёскі? Старажылы, з якімі давялося сустракацца і размаўляць падчас паездкі, расказвалі, што першыя жыхары Пеніцы паставілі свае сядзібы ў вельмі прыгожым месцы — на беразе Дымаркі каля магутных дубоў. Але невялікая рачулка вясной рэзка выйшла з берагоў, вада ў ёй забурліла, запенілася і затапі-ла ўсе хаты. Адтуль і назва вёскі – Пеніца. Яшчэ старажылы ўспаміналі, што на ўскрайку населенага пункта некалі была Пеніцкая Слабада, пра яе многія з іх чулі ад сваіх бацькоў. У кнізе  «Описание церквей и приходов Минской епархии. Речицкий уезд», якая выйшла ў 1879 годзе, адзначана: “…Приходская Николаевская церковь, расположенная в местечке Коленковичи, построена на отпущенные Правительством средства в 1856 году. В приход входят: местечко Коленковичи, селения: Гулевичи, Голевица, Бобровичи, Булавки, Корчага, Горбовичская Рудня, Пеница и Пеницкая Слобода”. У Выкіпедыі чытаем: “Слобода, слобожа — вид поселения или района города в истории России, Белоруссии и Украины: на момент его основания жители имели освобождение («свободу») от какой-либо государственной повинности. Первые упоминания о слободах относятся к X — XI векам, более широкое распространение получили с XII века. В XII — первой половине XVI вв. слобода — это отдельные поселения, жители которых временно освобождались от государственных повинностей (отсюда название «слобода» — свобода, то есть «свободное поселение»). Освобождение от государственных или феодальных повинностей, как правило, не было полным. Характер льгот менялся и зависел от времени и места. Первоначально жители поселений освобождались от уплаты податей и воинской повинности. В первой половине XVIII века эти льготы были отменены и слободы превратились в обычные села”. Сёння можна толькі меркаваць і рабіць здагадкі пра тое, хто ж жыў у Пеніцкай Слабадзе. Старажылы выказвалі думкі, што тут маглі пасяліцца рамеснікі ці іншаземцы, бо гэтыя мясціны некалі належалі езуітам.

Першае пісьмовае ўпамінанне аб  Пеніцы, якое давялося знайсці ў энцыклапедыях, датуецца 18 сакавіка 1674 года. У гэты дзень памешчыца Барбара Лошчына з роду Юдзіцкіх сваім запісам у судзе капторавым у Мазыры перадавала частку сваіх уладанняў, у іх ліку і Пеніцу, оўруцкім езуітам. Мужам Барбары з’яўляўся Міхаіл Лозка – брат мазырскага маршала Стэфана Лозкі, якому належалі многія вёскі на Палессі.

А што ж было далей? У энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” чытаем: “Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Пеніца — у складзе Расійскай імперыі Аўцюцевіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Планіровачна складаецца з дзвюх кароткіх, крыху выгнутых шырокіх вуліц, злучаных дарогай і забудаваных няшчыльна драўлянымі сялянскімі сядзібамі. У 1885 годзе — 156 жыхароў. Паводле перапісу 1897 года — 17 двароў, царква, школа граматы, хлебазапасны магазін. Напярэдадні Першай сусветнай вайны насельніцтва павялічылася да 282 жыхароў. У 1915 годзе адкрыта народнае вучылішча, якое размясцілася ў сялянскай хаце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучылішча ператворана ў працоўную школу першай ступені. У 1930 годзе арганізаваны калгас “Змычка”, працавалі кузня, торфазавод, пачатковая школа (у 1935 годзе – 34 вучні)”.

Калектывізацыя ў вёсцы, расказваюць старажылы, праходзіла складана. З перагібамі, слязамі і крывёю як і ва ўсёй краіне. Нялёгка было сялянам раставацца са сваім скарбам, нажытым  цяжкай працы. Уладай пры арганізацыі калгаса часта ўжываліся прымусовыя, рэпрэсіўныя меры. У кулакі  запісвалі больш-менш заможных сялян, на якіх накладвалася так званае “цвёрдае заданне” па здачы жыта, проса, бульбы, аўса, рагатай жывёлы і г.д. Выканаць яго было практычна немагчыма. На тых, хто з дапамогай сваякоў выконваў даве-дзенае заданне, выбіваючыся з апошніх сіл, тут жа накладвалася новае, яшчэ большае. Ахвярамі масавых рэпрэсій у вёсцы сталі каля дзесяці чалавек. Вось імёны тых, пра каго згадваецца ў кнізе “Памяць” і пра каго расказвалі жыхары Пеніцы: Васіль Кірэевіч Барысенка, Мацвей Севасцьянавіч Барысенка, Севасцьян Іванавіч Баравік, Кузьма Мацвеевіч Судас, Іосіф Паўлавіч Усціменка, Ігнат Лявонавіч Барысенка. Усе яны, паводле звестак, што сабраны ў кнізе “Памяць”, расстраляны ў 1937 годзе. Вярнуцца на радзіму пашчасціла толькі Васілю Мацвеевічу Судасу, які правёў у сталінскіх лагерах амаль дваццаць гадоў. Менавіта ён расказваў Ганне Ігнатаўне Далінчук, што яе бацька Ігнат Лявонавіч Барысенка, з якім яны разам трапілі ў Мазырскую турму, вельмі пакутаваў і хваляваўся за дзяцей і жонку Ефрасінню Іосіфаўну. Як заклінанне  ён паўтараў: “Божа, ты мяне ўжо не шкадуй. Дапамажы толькі Ефрасінні выгадаваць дзяцей”…

…Ранняй вясной 1937 года каля хаты Ігната і Ефрасінні Барысенкаў спыніўся “чорны воран”. Не першымі яны былі, да каго ён заляцеў у гэты складаны час, і далёка не апошнімі. Ужо добра сцямнела, па вокнах барабаніў дождж, які пайшоў зусім нечакана. Гаспадар толькі вярнуўся з калгаса, куды ездзіў здаваць апошняе збожжа. Ён быў не ў настроі: думаў пра тое, што бульбу адназначна ў калгас не павязе, бо тады ім давядзецца памерці з голаду. Жонка падала вячэру. Дзеці, а іх у Барысенкаў ужо было сямёра, ціхенька селі за стол, баючыся патрывожыць бацьку.

Нешта здарылася? — запыталася ў мужа Ефрасіння. Але той не паспеў адказаць: у хату нечакана ўварваліся незнаёмыя людзі, без тлумачэння схапілі Ігната і пацягнулі ў машыну. Пасля яны вярнуліся і моўчкі перавярнулі з ног да гары ўсю хату. Бог іх ведае, што шукалі?

Мы, малыя, забіліся на печ і дрыжалі там ад страху, — расказвае Ганна Ігнатаўна. Ёй тады было ўсяго сем гадоў, але яна амаль па хвілінах памятае той страшны дзень. – Маці, напэўна, зразумела, што здарылася, бо залілася слязьмі, упала на калені і пачала прасіць гэтых незнаёмых мужчын не чапаць бацькі. Яны адштурхнулі яе ў бок і пайшлі да дзвярэй. На парозе адзін з іх азірнуўся і сказаў: “Не чакай, цётка, ён не вернецца. Прыйдзецца табе цяжка з гэтай чарадой”. З таго часу гора назаўсёды пасялілася ў нашай сям’і. Як не прасіў бацька ў турме Бога дапамагчы нам, але пасля голаду, хвароб і вайны засталіся мы ўсяго ўтраіх: я, брат Аляксей і маці.

У васемнаццаць гадоў Ганна пайшла замуж за свайго равесніка Васіля Далінчука, якога ведала з дзяцінства. Яны жылі па-суседску і да вайны хадзілі ў адзін клас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны іх маці – Ефрасіння Іосіфаўна і Наталля Канстанцінаўна – разам з дзецьмі  доўгі час хаваліся ад немцаў у лесе. У балоцістых мясцінах, якіх вакол Пеніцы да меліярацыі было шмат, пабудавалі яны невялікі курэнь, дзе і жылі.

Я таксама рана страціў бацьку Сцяпана Сцяпанавіча, — расказвае Васіль Сцяпанавіч Далінчук. – Мне было адзінаццаць гадоў, калі яго забралі на фронт. Там ён і прапаў без вестак у першыя дні вайны. Не вярнуўся дадому і мой старэйшы брат Іван, які загінуў у 1944 годзе недзе на Украіне. Так мая маці, як і многія савецкія жанчыны ў той час, рана засталася ўдавой. На яе плечы лёг увесь клопат за нас, дзяцей: чым накарміць, у што абуць і апрануць. Нараўне з мужчынамі яна ад цямна да цямна працавала на калгасным полі, арала, касіла… Я дапамагаў, чым мог. Памятаю, восенню ў 1947 годзе мы разам з Ганнай замест матак хадзілі капаць калгасную бульбу. А вечарам спяшаліся на вячоркі, дзе нас ужо даўно дражнілі “жаніх” і ”нявеста”. Мы саромеліся і сцвярджалі, што проста сябруем.

Але неўзабаве іх сяброўства перарасло ў першае юнацкае каханне: у 1948 годзе маладыя распісаліся. З таго часу і жывуць разам у шчасці і згодзе. Праўда, апошнім часам Ганна Ігнатаўна шмат хварэе. “Каб не падтрымка мужа, які мяне даглядае і падбадзёрвае, не было б мяне, напэўна, на гэтым свеце, — адзначае яна. — Ды і дачушка Наталля, дзякуй Богу, пра нас не забывае, часта наведвае”. Гаспадар праводзіць нас да дзвярэй і дадае: “Вельмі баюся застацца адзін, без сваёй Анюты. Хачу, каб было, як кажуць у казцы: “Яны жылі доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень”. На развітанне пытаюся ў Васіля Сцяпанавіча, ці памятае ён настаўнікаў, што вучылі яго да вайны ў школе.

Аднаго добра памятаю – Міхаіл Вікенцьевіч Яворскі. Яго дачка Святлана і сёння жыве ў Пеніцы, у той самай хаце, дзе нарадзілася і вырасла. Так што зайдзіце да яе, яна вам болей пра бацьку раскажа. У яе добрая сядзіба, дагледжаная, шмат кветак, прыгожы плот.

Па падрабязным апісанні Васіля Сцяпанавіча мы з лёгкасцю знаходзім хату Святланы Міхайлаўны Яворскай. Заходзім у двор. Гаспадыня – вясёлая, гаманкая.

Сядайце вось тут, — прапануе яна, запрасіўшы нас у хату, — і не звяртайце ўвагі на беспарадак. Рамонт сын распачаў, хоча пабудаваць мне на старасць гадоў сапраўдны палац.

Раскажыце, калі ласка, пра свайго бацьку, кажуць, да вайны ён быў дырэктарам мясцовай пачатковай школы?

Так, на гэтай пасадзе ён працаваў з 1935 года і да пачатку вайны. Бацька мой, Міхаіл Вікенцьевіч Яворскі, быў родам з Заходняй Беларусі – гэта я даведалася ад маці, Софіі Іванаўны, якая нарадзілася ў Гулевічах. Як яны сустрэліся? Бацька пасля заканчэння педагагічнага вучылішча прыехаў настаўнічаць у Пеніцу, а маці часта хадзіла сюды да сваякоў у госці…

… Стаяў спякотны жнівеньскі дзень, такія часта бываюць напрыканцы лета. Міхаіл Яворскі некалькі дзён назад прыехаў настаўнічаць у Пеніцу і адразу ж быў расчараваны: школа свайго будынка не мела, размяшчалася ў сялянскай хаце. Пакой, выдзелены для класа, быў малы, цёмны, няўтульны. Хіба ў такіх умовах можна вучыць дзяцей? З раніцы да вечара працаваў хлопец у класе, дзе ў хуткім часе павінны былі з’явіц-ца яго першыя вучні: сам мыў вокны і падлогу, рамантаваў няхітрую мэблю. Аднойчы стаміўшыся, вырашыў абмыцца ў Дымарцы, на беразе якой нечакана з’явілася дзяўчына. Гэта была Софія. Прыгледзеўшыся, яна спытала:

Да некага з пеніцкіх у госці прыехалі? Першы раз вас бачу ў вёсцы, а я тут ўсіх ведаю.

Міхаіл падняў вочы, каб адказаць цікаўнай дзяўчыне… І ўсё – гэта было каханне з першага позірку. Праз некалькі дзён маладыя ажаніліся. Толькі лёс адмераў ім усяго шэсць шчаслівых гадоў сумеснага жыцця…

Бацьку забралі ў першыя дні вайны, — успамінае Святлана Міхайлаўна, — мне тады два гады было, сястрычцы Клары – чатыры. Я яго і не памятаю. Маці расказвала: ён нібыта прадчуваў, што больш ніколі з намі не пабачыцца, таму перад ад’ездам вельмі доўга прыціскаў нас да грудзей, гладзіў па галовах і казаў: “Вы ж мае галубкі, прыгажуні, слухайцеся матку, цяпер яна ў хаце за галоўную”. Недзе на Украіне бацька прапаў без вестак. Доўгі час маці адмаўлялася верыць у яго гібель, спадзявалася, што ён вернецца, чакала свайго каханага ўсё жыццё.

Старэйшыя аднавяскоўцы распавядалі Святлане Міхайлаўне, што яе бацька быў добры, справядлівы чалавек. Вельмі адукаваны. Высокі, рослы, смуглявы. Яго вельмі любілі дзеці, якіх ён вучыў. Маёй субяседніцы на памяць пра бацьку засталіся толькі ўспаміны маці і людзей, якія яго ведалі, а таксама адзіная фотакартка, з якой на мяне глядзіць прыгожы мужчына з разумнымі вачыма. Сапраўды, як у такога было не закахацца з першага позірку? Софія Іванаўна стала ўдавой у дваццаць пяць гадоў. У вайну перажыла смерць бацькоў ад тыфу, якім захварэлі ўсё у сям’і. На шчасце дачушак Святлану і Клару ёй удалося выхадзіць. Пасля Вялікай Айчыннай вайны доўгі час працавала прадаўцом у краме, што больш за дзесяць гадоў размяшчалася ў адным з пакояў яе хаты. Дзяўчаты падраслі і паехалі з роднай вёскі атрымліваць адукацыю: Софія Іванаўна вельмі хацела, каб яны былі разумныя, як бацька. Святлана скончыла швейнае вучылішча, Клара – тэхналагічны тэхнікум. Адна жыла ў Мазыры, другая – у Магілёве. Яны выхоўвалі дзяцей, працавалі і часта наведвалі сваю старэнькую маці, якая шмат хварэла – вайна і заўчасная смерць мужа падкасілі яе здароўе.

—  Калі мамы не стала, наша хатка некаторы час пуставала, — расказвае Святлана Міхайлаўна. – Я выйшла на пенсію і вырашыла з’ехаць ад гарадской мітусні, якая мяне вельмі стамляла ў апошнія гады.

Святлана Міхайлаўна сцвярджае, што менавіта ў роднай вёсцы адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

Няўжо вам тут не сумна пасля Мазыра? – цікаўлюся я.

—  Што вы, канешне не, — адказвае яна. – Нікуды не трэба спяшацца, бегчы, я спакойна займаюся кветкамі і агародам, у выхадныя прыязджаюць дзеці і ўнукі. Акрамя таго, мы часта збіраемся з мясцовымі бабамі на прызбе, спяваем песні.  Я – добрая спявачка, свой талент перадала сыну Яўгену, які доўгі час працаваў музыкантам у адным мазырскім рэстаране. На Пакроў у Пеніцы – прастольнае свята. Наша Еўдакія Данільчук — памочнік старшыні Сыродскага сельсавета Галіны Бічан па Пеніцы – абавязкова арганізуе для жыхароў вёскі што-небудзь цікавае. Прыязджайце і вы да нас у гэты дзень, будзе весела. Спевы, танцы, частушкі… Пашанцавала нам з Еўдакіяй, цудоўны яна чалавек.

Нездарма хваліла мая субяседніца Еўдакію Васільеўну Данільчук, бо і ад многіх яе аднавяскоўцаў, і ад старшыні сельсавета чулі мы ў яе адрас шмат добрых слоў. Мясцовыя жыхары кажуць пра яе так: “З маторчыкам наша Дуня. Усё паспявае. Для сваіх аднавяскоўцаў яна — падтрымка і апора. Прагоніць нуду, супакоіць, развесяліць, выслухае, дапаможа вырашыць праблемныя пытанні”.

Не хваліце мяне багата, не патрэбна, — саромеючыся, кажа Еўдакія Васілеўна, калі мы перадаём ёй іх словы. – Нічога складанага я не раблю, проста не магу застацца ў баку ад праблем сваіх аднавяскоўцаў. Хто ж ім яшчэ дапаможа?

Лёс памочніка старшыні сельсавета таксама абпаліла вайна. І  моцна. Бацька – Васіль Герасімавіч Хамяк – на фронце прапаў без вестак, маці – Марыя Сцяпанаўна – 16 сакавіка 1944 года памерла ад цынгі. Дзевяцігадовая Дуня і сямігадовая Насця засталіся адны ў вялікай хаце.

Я добра памятаю вайну, — кажа Еўдакія Васільеўна. — Як прыйшлі немцы, яны выгналі нас з хаты. Спачатку мы жылі ў склепе, пасля ў сваякоў у Прудку, а то зусім у балоце, куды акупанты баяліся хадзіць: можна было праваліцца, калі не ведаеш гэтых мясцін. Знаходзіцца ў вёсцы фашысты нам не дазвалялі, бо недалёка праходзіла другая лінія фронту, таму ў Пеніцу нацягнулі шмат ваеннай тэхнікі. Людзей вывозілі ў Прудок, Нагорныя, Баравікі. Многія перасяляліся ў лес, будавалі там якое-ніякое жытло, трымалі жыўнасць, якая ўцалела, нават дзяцей нараджалі. Моладзь, каб не трапіць у Германію, таксама хавалася ў лесе. Таму часам і жаніліся вельмі маладымі – жанатых і замужніх у Нямеччыну не бралі. Хапілі мы тады гора, ворагу такога жыцця не пажадаеш. Пасля смерці маці выхоўвала нас баба Алена Мартынаўна Хамяк, але і яе нечакана не стала ў 1947 годзе.

Дзяўчат хацелі адправіць у інтэрнат, але Дуня і Насця схаваліся ў лесе і некалькі дзён адтуль не выходзілі. Тады малодшая бацькава сястра Ксенія Герасімаўна з мужам і сваімі дзецьмі перайшла на некаторы час да дзяўчат, але матку яна ім замяніць не змагла. Таму Дуня і Насця раслі самі па сабе. Яны рана сталі самастойнымі, з дванаццаці гадоў бегалі на працу ў калгас, які пасля вайны стаў называцца “18-ы партз’езд”, закінулі вучобу. Нават на год з’ездзілі на заробкі ў Карэлію. “Не вельмі мы тады разжыліся на грошы, але хоць іншыя гарады ды вёскі пабачылі, — кажа Еўдакія Васільеўна. – Я больш ніколі ў сваім жыцці так далёка не ездзіла”.

У 1956 годзе да Дуні пасватаўся суседскі хлопец Сяргей, які даўно ёй падабаўся. Разам яны працавалі ў мясцовай гаспадарцы, выхоўвалі чатырох дзяцей: Анатоля, Васіля, Алену і Сашу. Актыўная Еўдакія Васільеўна яшчэ ўмудралася вечарамі круціць кіно ў клубе і ўдзельнічаць у мерапрыемствах, што праводзіліся ва ўстанове культуры. Яна ж вельмі добрая спявачка і танцорка. “Мой Сяргей любіў слухаць, як я спяваю, — успамінае Еўдакія Васільеўна. – Бывала, прыйдзе вечарам з працы стомлены, сядзе каля мяне, папросіць: “Праспявай што-небудзь вясёлае, матка, узнімі мне настрой”. Я зацягну песню, а ёй заплюшчыць вочы і слухае. Казаў, што пад мае спевы па-сапраўднаму адпачывае. А сёння я ўжо адна засталася ў хаце, бо гаспадар памёр ў 1990 годзе, і спяваць няма каму. Во збяромся мы на Пакроў у пункце сацыяльных паслуг, а калі будзе добрае надвор’е, прама на вуліцы, і заспяваем з бабамі “Лявоніху” ці “Кацюшу”, бо без песень – якое жыццё?”.

Спяваць любіць і яшчэ адна жыхарка Пеніцы – Тамара Міхайлаўна Баравік. Разам з мужам Міхаілам Максімавічам трымаюць яны вялікую гаспадарку: каня, кабанчыкаў, курэй і качак, садзяць агарод. І гэта нягледзячы на сталы ўзрост, абаім – па 76 гадоў. Пазнаёмі-ліся на танцах у Пеніцкім клубе, куды ў адзін восеньскі дзень зазірнулі хлопцы з суседняй Ігната-Фабіянаўкі. Сярод іх быў гаманкі, вясёлы Міхаіл. Ён адразу ж заўважыў прыгажуню Тамару, якая з нечага звонка смяялася. А калі яна заспявала, ён зразумеў, што прапаў. З таго часу яны ўжо 53 гады жывуць разам і па-ранейшаму моцна кахаюць адзін аднаго. Шчасцем, пяшчотай свецяцца іх вочы. Бачылі б вы, як Міхаіл Максімавіч клапатліва накідвае на плечы жонкі паліто, адзначаючы, што на вуліцы холадна, а яна выскачыла сустракаць нечаканых гасцей распранутая, як ён кідаецца, каб падаць Тамары Міхайлаўне акуляры, без якіх яна не пазнае, хто зняты на старых фотакартках.

Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам свайго сямейнага шчасця, — прашу Баравікоў.

— Няма ніякага сакрэту, — адказвае Тамара Міхайлаўна. – Проста жанчына павінна быць мудрай, саступаць мужу ў спрэчках, дазваляць яму прымаць рашэнні, не раздуваць скандалаў з-за дробязяў…

…У Пеніцы лес у некаторых месцах пачынаецца амаль што за сядзібай. Выйшаў сабе з двара – і збірай грыбочкі, якіх у гэтым годзе каля вёскі шмат. Пётр Іванавіч Гошка ўжо дзве вялікія торбы насушыў. Кожны дзень ён прачынаецца ў пяць гадзін раніцы, каб управіцца з вялікай гаспадаркай. Разам з жонкай Тамарай трымаюць яны каня, карову, коз, кабаноў, курэй, садзяць агарод сотак у пяцьдзесят. Праўда, гаспадыня ўжо трэцюю нядзелю хварэе, ляжыць і за ёй таксама патрэбна даглядаць. Таму Пётр Іванавіч  гаспадарчымі справамі займаецца сам. І калі толькі ўсё паспявае?

Я без работы, без руху не магу, — адзначае ён. — Ды і не хачу ляжаць на канапе, паглядаючы ў тэлевізар, не маё гэта. Такім мяне выхавалі бацькі, якія ўсё жыццё прагаравалі на сваёй зямельцы.

Пётр Іванавіч – ураджэнец Акцябрскага раёна. У Пеніцу прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Чырвонабярэжскага тэхнікума. Працаваў у мясцовай гаспадарцы брыгадзірам, пасля – загадчыкам фермы. Тут ажаніўся на мясцовай прыгажуні Тамары.

Прыйшоў, як кажуць, у прымы, — распавядае Пётр Іванавіч, — у хату Тамарыных бацькоў, з якімі мы ўвесь час пражылі разам без сварак і скандалаў. Выгадавалі дзяцей Анатоля, Наталлю, Анжэлу, дачакаліся семярых унукаў. Толькі гаспадыню маю апошнім часам падводзіць здароўе, вельмі хвалююся з-за гэтага. Можа, дасць Бог, ачуняе мая памочніца.

Пётр Гошка адзін з Пеніцы выпісвае газеты. Некалькі разоў на тыдзень паштовая машына прывозіць яму “Звязду”, “Гомельскую праўду” і “Калінкавіцкія навіны”. “Гадоў трыццаць ужо чытаю раёнку, — кажа ён, — менавіта з яе даведваюся мясцовыя навіны. Во як напішаце пра нас, дык пайду з гэтай газетай па ўсіх пеніцкіх хатах”.

… Прыехаўшы ў Пеніцу, не маглі не зазірнуць да Ксеніі Канстанцінаўны Баравік, маці-гераіні, якая нарадзіла і выгадавала 11 дзяцей. Яна гасцінна сустракае нас на парозе сваёй хаты.

—  Раскажыце, калі ласка, што за госці да мяне прыехалі? – пытаецца Ксенія Канстанцінаўна. Даведаўшыся, што мы з газеты, прапануе прайсці ў залу, дзе вельмі чыста і акуратна. І гэта нягледзячы на тое, што маці-гераіня ў гэтым годзе адзначыла свой 90-гадовы юбілей.

Самі яшчэ спраўляецеся  з хатнімі справамі?

Сама, галубка, сама. Праўда, са мной сын малодшы жыве, Сашка, але ён шмат хварэе. Вось і зараз у бальніцы ляжыць, — адказвае Ксенія Канстанцінаўна, — а я адна варушуся і корпаюся паціху. Печ прапалю, чыгунок з бульбай ці кашай туды прыстаўлю. Дзеці і ўнукі кожны дзень тэлефануюць, пытаюцца пра справы і здароўе. Ды і наведваюць часта. Перад вашым прыходам толькі ўнук ад мяне пайшоў.

… Люты ў 1923 годзе быў асабліва снежны і марозны. Зіма ніяк не хацела саступаць вясне, якую з нецярплівасцю чакалі дарослыя. А вось дзеці, наадварот, былі ў захапленні ад вялікіх снежных гурбаў, бо з іх было так цікава і весела ляцець кулём. Сцепаніда Цімафееўна, управіўшыся з гаспадаркай, толькі зайшла ў хату. Распранулася і адчула моцны боль ва ўсім целе. Зразумеўшы, што здарылася, яна адчыніла дзверы і крыкнула мужу:

Здаецца, пачынаецца, Косця.

На вуліцы мяло, снег сыпаў не спыняючыся. Менавіта такой снежнай парой у сям’і Канстанціна і Сцепаніды Данільчук на свет з’явілася дачка Ксенія. Маці часта казала: “Будзеш ты багатая і шчаслівая, дачушка, бо нарадзілася ў добры дзень”. І як у ваду глядзела. Сёння Ксенія Канстанцінаўна ўпэўнена кажа: “Давялося мне перажыць многае – заўчасную смерць бацькі і адной з дачок, голад, вайну, але скардзіцца на свой лёс не буду. Я і адукацыю якую-ніякую атрымала – скончыла сем класаў, і мужа з Вялікай Айчыннай, хоць моцна параненага, але жывога, дачакалася, і жылі мы з маім Міхаілам добра. Дай Бог кожнай бабе такога гаспадарлівага і справядлівага мужыка. І дзяцей мы з ім цудоўных выгадавалі, сумленных і працавітых”.

… Познім летнім вечарам пеніцкая моладзь часта збіралася на вячоркі. Спявалі і танцавалі, шмат жартавалі і смяяліся. Бывала, сядзелі да світання, што і спаць ужо не было калі класціся —  трэба ж дапамагаць бацькам па гаспадарцы ці спяшацца на працу ў калгас. Бегала на вячоркі і яснавокая Ксенія, а дадому яе часта праводзіў Міхаіл Баравік, добры і сумленны хлопец, што жыў недалёка. Многія дзяўчаты на яго заглядаліся, але ён даўно быў закаханы ў сваю суседку, якой ніяк не адважваўся прызнацца ў гэтым.

Нешта Міша стаў часта да нас заходзіць, — сказала аднойчы Сцепаніда Цімафееўна дачцы, — напэўна, падабаешся ты яму. Як пакліча замуж – ідзі, добрым мужам будзе хлопец.

Паслухалася Ксенія маці і распісалася з Мішам у 1941 годзе, напярэдадні вайны. У хуткім часе ў вёсцы з’явіліся немцы і сілком забралі хлопца ў паліцыю ў Мазыр.

Не мог мой брат служыць ворагам, падпарадкоўвацца іх законам, даносіць на мірных людзей, — кажа Уладзімір Гаўрылавіч Баравік, — таму ў хуткім часе ўцёк у лес да партызан. А ў 1943 годзе пайшоў на фронт, адкуль вярнуўся героем з медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі. Тры цяжкія раненні перанёс. Ён для мяне ва ўсіх справах з’яўляўся прыкладам: рашучы, справядлівы, смелы, адданы Радзіме.

Пра ваенны лёс свайго мужа Ксенія Канстанцінаўна ведае мала: ён не любіў расказваць, а яна, разумеючы, што ўспаміны прыносяць нясцерпны боль, не распытвала. На сайце «Подвиг народа» удалося знайсці скупыя звесткі пра сяржанта Міхаіла Гаўрылавіча Баравіка: “При прорыве сильно укрепленной оборонительной линии противника 8 января 1944 года под сильным  артиллерийским и минометным огнем пробрался со своим ружьем вплотную к вражеской огневой точке и с двух выстрелов вывел из строя пулемет, чем обеспечил атаку вражеских позиций и захват важных рубежей. На следующий день товарищ Боровик подбил грузовую автомашину и метким огнем подавил две огневых точки противника, чем способствовал успеху стрелковой роты”.  За мужнасць, праяўленую 8-9 студзеня 1944 года, Міхаіл Баравік узнагароджаны медалём “За адвагу”. Далей чытаем: “Товарищ Боровик в бою под населенным пунктом Клебов, Западная Померания, 10 мая 1945 года, будучи разведчиком пробрался к танкам и самоходкам противника. А когда его обнаружили и хотели взять в плен, противотанковой гранатой подбил самоходку противника, открыл автоматный огонь, убил двух немецких солдат и, умело маневрируя, отошел в свое подразделение». За гэты бой сяржант Баравік узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вядома таксама, што ў апошнія дні вайны Міхаіл Гаўрылавіч быў цяжка паранены: адна куля нямецкага снайпера трапі-ла яму ў нагу, другая – разарвала шчаку і нос. Але яму, напэўна, наканавана было жыць. Таму пасля доўгага лячэння ў шпіталях сяржант Баравік вярнуўся ў 1947 годзе дадому да любімай жонкі, якая перажыла нямецкую акупацыю.  Дарэчы, Пеніца была вызвалена ад нямецкіх акупантаў 13 студзеня 1944 года. Паводле гістарычных звестак, 37 вяскоўцаў загінулі на фронце: Павел Барысенка, Андрэй Галяк, Ахрэм Карнеявец, Васіль Мартыновіч, Трафім Міцкевіч, Іван Судас, Сцяпан Трошка, Іван Хамяк, Яфім Шчэрбін, браты Васіль і Еўдакім Баравікі, Антон і Ахрэм Далі-нчукі і іншыя.

Пеніца з’ўляецца радзімай Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Іванавіча Барысенкі, які ваяўваў на Ленін-градскім фронце. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, вызваленні Прыбалтыкі, Беларусі. Вызначыўся ў лютым 1944 года  пры прарыве варожай абароны каля горада Араніенбаўм, дзе артылерысты палка знішчылі доўгачасовыя ўмацаванні праціўніка, дзесяткі танкаў і гармат, сотні гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 1 ліпеня 1944 года. Да 1957 служыў у Савецкай Арміі, палкоўнік. Пасля жыў і працаваў у Ленінградзе. На радзіму прыязджаў часта, бо ў яго тут засталося шмат сваякоў і сяброў. Сярод іх – стрыечныя браты Уладзімір і Міхаіл Баравікі. Уладзімір Гаўрылавіч, якому ўжо 82 гады, добра памятае свайго мужнага брата: “Ён, калі прыязджаў пасля вайны ў вёску, абавязкова да мяне заходзіў. Мы з ім маглі ноч размаўляць, успамінаць мінулае. Даўно гэта было”.

Што расказваў нам пра сваё жыццё Уладзімір Баравік? Быў ён апошнім, чацвёртым дзіцём у сям’і. Разам з бацькамі падчас вайны жыў у курані, што наспех пабудавалі ў непраходным балоце. Начавалі звычайна там, а днём прыходзілі ў вёску разжыцца на ежу, даведацца навіны. Аднойчы партызаны каля Пеніцы забілі мадзьяраў, тады акупанты сагналі жыхароў вёскі ў адну хату і хацелі падпаліць. Апынуўся сярод палонных і  дванаццацігадовы Уладзімір. Цэлы дзень не ведалі яны, што будзе. Жанчыны галасілі і прасілі не чапаць хаця б дзяцей. Але пашчасціла: немцы пад вечар адпусцілі ўсіх. Што перажыў хлопец – на словах не перадаць, бо тады ўжо ведалі, як акупанты лютуюць у іншых населеных пунктах. Асабліва небяспечна стала ў вёсцы, калі немцы расстралялі старасту Кузьму Да-нільчука за сувязь з партызанамі.

Пасля вайны – свае клопаты. Скончыўшы 8 класаў, Уладзімір Гаўрылавіч працаваў у мясцовай гаспадарцы, разам з бацькам разводзіў пчол. Увогуле, многія жыхары Пені-цы адзначалі, што ў маладыя гады ён быў майстар на ўсе рукі – займаўся цяслярскай і сталярскай справамі. На будаўніцтва хаты вяскоўцы клікалі менавіта яго. Разам з жонкай Анастасіяй Захараўнай пражыў больш за 50 гадоў, трое дзетак у іх, шэсць унукаў і пяць праўнукаў. На жаль, жонка некалькі гадоў назад пайшла з жыцця.

Сваё ўменне цяслярыць, сталярнічаць, займацца пчалярствам перадаў сыну Васілю, які сёння трымае вялікі пчальнік у вёсцы. Ёсць у яго тут і свой сталярны станок.

… Але ж вернемся да Ксеніі Канстанцінаўны Баравік, маці-гераіні, у якой я запыталася, ці захаваліся лісты з фронту ды ўзнагароды Міхаіла Гаўрылавіча.

Не, нічога няма. Нават і не ведаю, дзе ўсё падзелася. Дзеці, як малыя былі, часта гулялі з медалямі бацькі. Не разумелі мы тады, што гэта каштоўнасць, памяць. Мне таксама давалі ордэн “Маці-гераіня”, а дзе ён? Ужо і не адшукаю.

Пасля вайны ў Баравікоў адзін за адным пачалі з’яўляцца дзеці: Валя, Анатоль, Уладзімір, Галя, Віця, Света, Сяргей, Косця, Ніна, Міша Аляксандр. Усе хлопцы сталі шафёрамі, дзяўчаты пайшлі ў медыцыну, адукацыю, лясную гаспадарку.

Хто ж вам дапамагаў з імі спраўляцца? На такую чараду паспрабуй яшчэ есці прыгатаваць.

Хто ж дапаможа, акрамя мужыка ды маці, — адказвае Ксенія Канстанцінаўна. — Утраіх мы дзяцей і гадавалі. А тады ўжо старэйшыя даглядалі за малодшымі, калі я ў поле ішла. Дэкрэтаў  тады ж не было: нарадзіла і праз некалькі тыдняў — зноў на працу. Але я цяжкасцей не баялася, бо адчувала падтрымку мужа, які кожную раніцу прачынаўся ў добрым настроі. Бег уперад мяне да скаціны і ў агарод, хапаў вялікія чыгуны з печы, сачыў за вучобай дзяцей. На жаль, памёр мой Міша у 1989 годзе, не пабачыў многіх унукаў і праўнукаў. Апошніх у мяне ўжо 15. Яны як збяруцца разам на Радаўніцу і мой дзень нараджэння, я тады толькі пазіраю на іх і плачу… Ад шчасця… Во якое багацце выгадавала…

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.