Ляскі

Наўрад ці хто падлічваў, колькі маляўнічых мясцін у нашым раёне. Ды і немагчыма гэта зрабіць, бо кожны яго куточак адметны сваёй непаўторнасцю. І пра многія з іх проста немагчыма не расказаць чытачам… Пакуль яны яшчэ існуюць.

На гэты раз мы накіраваліся ў вандроўку па тэрыторыі Зеляноцкага сельвыканкама ў вёску з прыгожай назвай Ляскі. Прызнаюся, мы досыць паблукалі па дарозе, перш чым знайшлі гэтае паселішча. Лес навокал. Багаты грыбамі і ягадамі ён абдымае вёску з усіх бакоў, нібы імкнучыся яе схаваць ад усіх. А можа — захаваць тое вечнае, тую непаўторнасць і своеасаблівасць, што мае кожны населены пункт.

Праехаўшы 5 кіламетраў ад асфальтаванай дарогі па лесе, мы мінулі кукурузныя палі, ледзь не “пасадзілі” машыну ў вялізную лужыну, калі нарэшце ўбачылі ўказальнік з надпісам “Ляскі”.

Ведаеце, усе геаграфічныя назвы маюць свой сэнс. Ніякі народ не называў раку, возера ці селішча выпадковым спалучэннем гукаў. Адсюль выснова напрошваецца сама сабой: тут напэўна расло шмат маладзенькіх дрэўцаў. Яны і зараз растуць: толькі ўжо дарослыя і пасталеўшыя, як і сённяшнія жыхары паселішча.

Пейзажы тут, асабліва ў кастрычніку, такія, што аж дух займае, і трапныя словы, каб іх перадаць, не адразу падбярэш. Бялюткія-бялюткія бярозкі, нібы ўсыпаны залатымі манеткамі-лісцямі. Як толькі павее ветрык, яны не прапускаюць магчымасць сыпнуць некалькі жмень золата на ўжо і так упрыгожаную зямлю.

Калісьці гаманкія, шумныя і звонкія, сёння Ляскі сцішана пазіраюць у свет. Не чуваць калодзежнага скрыпу, згубіліся ў траве сцяжынкі, не з кожнага коміна ўзвіваецца ў неба дымок, разносячы па наваколлі пах зваранай бульбы, бліноў альбо скварак.

А некалі гэта была адносна вялі-кая вёска, дамоў больш за сто. Заснавана ў пачатку 20 стагоддзя перасяленцамі з суседніх вёсак. Старажылы сцвярджалі, што гісторыя Ляскоў пачалася з хутара Ляды, жыхароў якога перасялілі бліжэй да адміністрацыйнага цэнтру. У 1930 годзе жыхары ўступілі ў калгас.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў баях каля вёскі загінулі 170 воінаў і адзін партызан, якія пахаваны ў брацкай магі-ле на вясковых могілках. Змагаючыся з ворагам, на фронце загінулі ці прапалі без вестак 23 вяскоўцы.

Паводле перапісу 1959 года ў Лясках пражывала 193 жыхары.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у вёсцы з’явілася шмат перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй мясцін, пераважна з вёскі Хаткі Нараўлянскага раёна.

Дарослыя працавалі ў калгасе імя М.І.Калініна, іх деткі атрымлівалі веды ў мясцовай чатырохгодцы, потым пешшу хадзілі ў школу ў Насавічы.

Адно бясспрэчна: ва ўсе гады жылі тут добрыя, працавітыя людзі. Яны гулялі вяселлі, гадавалі дзетак, у кожнай хаце іх па чацвёра-пяцёра было. А моладзі колькі! Вячоркі часта ладзіліся. Песні спявалі, танцавалі, хлопцы дзяўчатамі любаваліся. А раніцай працаваць ішлі і ніякай стомы не адчувалі.

Гады праляцелі, нібы знічкі. Зараз Ляскі ўжо не тыя. Там жывуць усяго чатыры жыхары. Яшчэ адну бабулю забралі на зіму дзеці.

Па грунтовай дарозе мы пад’ехалі да адной з хат, якая бясспрэчна выглядала жылою. Двары суседніх з ёю зараслі маліннікам і хмызняком, вокны і стрэхі пакасіліся. А гэтая сабе стаіць, і быццам запрашае зайсці ў двор намаляванымі на сценах кветачкамі.

Забрахаў сабака. Хуценька на ганку паказалася і гаспадыня. Яна вельмі здзівілася, пабачыўшы нас. Рэдка па гэтай вуліцы ездзяць машыны. Выслухаўшы, хто мы, адкуль і навошта прыехалі, Еўдакія Елісееўна Краўцова гасцінна запрасіла нас у хату.

— Амаль усе жыхары нашай вёскі зараз у мяне за сталом сядзяць. Дзеда майго памінаем. Сёння 9 дзён, як пахавалі, — растлумачыла гаспадыня.

Заходзім у хату. Бачым яшчэ дзвюх жанчын. На стале – памінальная сыта ў місачцы, яечня на патэльні, пернікі.

— Сядайце-сядайце, — замітусілася гаспадыня. – Рэдка да нас госці заходзяць. Яечню вам не прапаную, яна ўжо халодная. Вось пернікамі і кавай пачастуйцеся…

Мне чамусьці адразу ўрывак з верша ўспомніўся: “Недарэмна ў вёсках нашых цэніцца шчырасцю гасцінны беларус. На парозе толькі госць павернецца – ільняны разгорнуты абрус…”.

— Я сама не мясцовая, — пачала свой расказ удава Еўдакія Краўцова. – Замуж сюды пайшла. А як пайшла! Цётка Косцікава яго да мяне ў Гогалеў адправіла. Кажа яму: “Дуня – дзеўка добрая, добрай жонкай будзе. Едзь у Гогалеў, забірай”. Вось так я тут і апынулася. Канстанцін працаваў конюхам у калгасе. Я спачатку была рабочай у брыгадзе. Потым перайшла на дойку…

Калгасных кароў Еўдакія Елісееўна даіла 18 гадоў. Гадоў з дзясятак рабіла гэта ўручную. Тады ў яе групе было амаль два дзясяткі галоў жывёлы. Адным словам, працавала, як у сваім хляве. А дома яе чакала свая гаспадарка: каровы, свінні, куры, вялікі агарод.

— Людзей багата ў вёсцы было, — працягвае жанчына. – Калі на работу на балота ехалі, у дзве машыны не ўмяшчаліся. Два статкі людскіх кароў на лузе пасвілася.

Разам з Канстанцінам Фёдаравічам жанчына выгадавала траіх дачок. Усе яны знайшлі ў жыцці свой шлях, разляцеліся хто-куды. Адна жыве ў Мазыры, другая – у Гродна, трэцяя – у сталіцы. У Еўдакіі Елісееўны чацвёра ўнукаў. Дачакалася жанчына і праўнукаў. Іх таксама чатыры.

Нягледзячы на тое, што дзеці жывуць далёка ад роднай вёскі, яны не забываюць маці, часта наведваюць. А яна у свае 84 гады яшчэ трымае курак і пеўня, каб да кожнага прыезду дачок паспець нарыхтаваць яек. Гарбузных зярнят у печы насушыла. Цяпер будзе чым пачаставаць.

Знаёмімся далей. Калі мы толькі зайшлі ў хату, Вольга Ціхіня трошкі збянтэжылася, захвалявалася. Але пакуль мы размаўлялі з Еўдакіяй Краўцовай, уважліва слухала, супакоілася, і калі надышла яе чарга, пачала шчыра распавядаць пра сваё жыццё-быццё.

— Я таксама з Гогалева. Любілі ляскоўскія хлопцы браць нашых дзяўчат. Дуню вунь цётка сасватала. А мяне – яе мужык Канстанцін. Прывёў майго Федзю да мяне ў сваты…(смяецца).

Маладыя спадабаліся адзін аднаму і распісаліся ў 1962 годзе.

— У майго дзеда былі залатыя рукі. Такі быў майстар! Мог адрамантаваць любую тэхніку, — распавядае Вольга Піменаўна. – Ён працаваў у калгасных майстэрнях майстрам-наладчыкам. Разумеў тэхніку, як жывую. Да гэтага быў і трактарыстам, і шафёрам. А яшчэ раней – служыў механікам на караблі ў марфлоце. Там усім гэтым прамудрасцям і навучыўся. Аднойчы прыцягнуў на двор спісаны трактар. Адрамантаваў яго. Потым той трактар пахаў, як новенькі. Калі ўжо сілы не стала, прадаў яго Фёдар. А выручаныя грошы паміж дзецьмі падзяліў.

— Дзе ж ваш дзед зараз? – пытаю. – Чаму з вамі памінаць не прыйшоў?

— Хто ж яго ведае? Недзе збег. Мо ў грыбы зноў накіраваўся, — адказала Вольга Ціхіня.

Ужо потым мы з фатографам забралі Вольгу Піменаўну і падвезлі дадому (а жыве яна на процілеглым канцы вёскі, і каб не такая журботная нагода, яшчэ б не хутка выбралася яна ў госці да сваёй зямлячкі), дзе і сфатаграфавалі яе разам з Фёдарам Іванавічам.

Вольга Ціхіня дзесяць гадоў прыбірала майстэрні, дзе працаваў яе муж. Прыбярэ, а пасля спяшаецца ў брыгаду: бульбу перабіраць, палоць, капаць.

– За столькі гадоў, вядома, усяляк было, але скардзіцца няма на што, – зноў уступае ў размову гаспадыня. – Два сыны і дачушку я нарадзіла. Хлопцы мае ў бацьку ўдаліся, абодва тэхніку палюбілі, на кранаўшчыкоў вывучыліся. Аднаго сына, меншага, ужо няма, зямля яму пухам… А дачка жыве ў Слоніме. За свайго настаў-ніка замуж пайшла. Ён у Насавічы працаваць прыехаў. Палюбіліся адно аднаму. Я была спачатку супраць. А потым благаславіла. Забраў зяць дачку ў Слонім. У нас з дзедам ужо трое ўнукаў.

Па расказам суседак, Вольга Ціхіня — малайчына. Свіней трымае, курэй, грыбы і ягады з лесу носіць. Калі сын прывёз куранят, суседкам па пятку-дзясятку дала, каб і ў іх куры былі. Каб стымул быў з хаты на двор выйсці.

Надышла чарга расказваць пра сябе трэцяй сяброўцы – Марыі Краўцовай.

– А я тутэйшая. У Лясках мае карані. Тут нарадзілася, вырасла, тут жыву, тут і памру, – кажа Марыя Васільеўна. – Нарадзілася ў 1944 годзе, у канцы вайны. Сама нічога не памятаю, але шмат чаго маці расказвала. Хата ў нас была вялікая, бацька сам будаваў. Спалілі яе немцы. Маці з намі малымі хавалася па балотах, якія былі паабапал Гогалева, у стагах, зямлянках. Чатыры мае брацікі тады памерлі. Засталася толькі сястра старэйшая ды я.

Бацька мой не ваяваў: быў “белабілетнікам”. Але немцы аднойчы прыйшлі за ім і забілі. Я яго і не памятаю, ні разу не бачыла. Нават фотакарткі не засталося: маці іх з сабой насіла, але, калі бегалі-хаваліся, пагубіла. Я вельмі зайздросціла сваім сяброўкам: яны раслі з бацькам, а я – не…

— Добры быў твой бацька. Я яго ведала, — кажа Вольга Ціхіня. – Ён быў стрыечным братам майго бацькі і маім хросным…

— Пасля вайны нам дапамаглі пабудаваць малюсенечкую хатку. Помню, там і карова за жэрдкамі стаяла. Дзе толькі маці яе ўзяла? – працягвае свой аповед Марыя Васільеўна. – Гаравалі мы, адным словам. Я і зараз дзіву даюся, як мая маці пасля ўсяго перажытага ажно 90 гадоў пражыла.

З малых гадоў Марыя пачала працаваць: пасвіла статак авечак. Школу прыйшлося кінуць: маці моцна хварэла, трэба было ёй па гаспадарцы дапамагаць. Настаўнік нават дадому прыходзіў, зваў дзяўчыну вучыцца.

У 14 гадоў яна ўжо грэбла копы, касіла. У 16 – варыла ў вялізных катлах калгасным свінням есці. Словам, калі надышла пара ісці замуж, Марыя ўмела рабіць любую работу.

У сям’і яе мужа Леаніда Краўцова было аж 11 дзяцей. Дарэчы, як высветлілася, ён быў родным братам нябожчыка Канстанціна, якога жанчыны ў той дзень паміналі. Леанід таксама з маленства не цураўся ніякай працы. Дома работу рабіў і ў калгасе быў добрым трактарыстам.

Сама ж Марыя Васільеўна пасля замужжа працавала спачатку на цялятніку. Потым 26 гадоў — даяркай. Больш за дзесяць гадоў насіла з Насавіч пошту, збірала малако.

— Лёгкага жыцця не бачыла, — уздыхае жанчына. – Можа таму, што рана аўдавела? Перавярнуўся мой гаспадар у 43 года з сябрам на матацыкле. У адзін дзень іх і пахавалі. Я больш ні з кім так і не сышлася. За дзяцей хвалявалася: ці добра ім з айчымам будзе? Адна засталася…

Дачка і сын Марыі Краўцовай жывуць у Мазыры. Завуць маці да сябе, хаця б на зіму. Тая не згаджаецца. Такая хата вялікая! Як яе кінуць? А куры? Вольга аж 11 куранят прынесла! А сабака з катом?..

Калі мы развітваліся з гэтымі гасціннымі, добрымі жанчынамі, здавалася, што мы ведаем іх вельмі даўно.

— Прыязджайце да нас яшчэ, — запрашалі яны. – Хоць на людзей паглядзелі. Настрой нават палепшыўся. Тут машыну рэдка калі пабачыш, акрамя аўталаўкі. А калі чалавек ідзе – дзіва! Раз у месяц пошту прывозяць разам з пенсіяй. Таму і газеты ўжо не выпісваем. Хто ж нам іх кожны дзень будзе прыносіць? Вы хоць нам “раёнку” перашліце ў пісьме, калі пра нас напішаце. Вельмі хочам на сябе паглядзець…

Нам таксама было прыемна здзейсніць падарожжа ў Ляскі. Тут жывуць незвычайныя людзі – шчырыя, гасцінныя і мудрыя. Колькі выпала на іх долю нягод, а яны жывуць сабе і не скардзяцца на жыццё.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

P.S. …Калі ўжо быў напісаны гэты матэрыял, да нас у рэдакцыю прыйшло пісьмо ад Аляксандра Краўцова, маёра ў адстаўцы, жыхара горада Светлагорска. Яго маці, Кацярына Міхайлаўна, якая зараз жыве ў Насавічах, нарадзілася і некаторы час жыла ў Лясках. На мясцовых могілках пахаваны іх родныя. А 2 лістапада, калі Аляксандр Уладзіміравіч прыехаў у родныя мясціны на Дзяды, успаміны навеялі яму верш, які ён прысвяціў Ляскам, і даведаўшыся ад мясцовых жыхароў, што ў вёсцы не так даўно пабывалі журналісты, даслаў нам яго ў рэдакцыю.

Навеянае Ляскамі

Апошні прытулак на ціхім пагосце,

Сюды пазбіралісь апошнія госці.

Хто здалеч, хто зблізку, а хто напрасткі

З забытае вёскі пад назвай Ляскі.

Шуміць толькі вецер, скуголіць у соснах.

Не чутна тут смеху, не бачна тут злосці.

Дарога, што побач ідзе палявая,

Дарога да вёскі  мне сум навявае.

Там вуліца ўся зарасла  лебядою,

Зваліўся і высах калодзеж  з вадою.

Разбураны комін разбуранай печы

Сам-насам жаліцца небу аб нечым.

…І сумна, і дзіка глядзіць на мяне

З расхрыстанай  хаты партрэт на сцяне…

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.