Савічы (заканчэнне)

СЯМ’Я ВОРАГА НАРОДА

Макар Агеевіч Шкабар усё сваё жыццё пеставаў мару аб уласным кавалку зямлі, які, як сказаў Якуб Колас у “Новай Зямлі”: “…і накорміць, і напоіць”. Калі ў Расійскай імперыі пачала ажыццяўляцца сталыпінская  аграрная  рэформа , ён разам з жонкай  Палаг’яй Пракопаўнай  без доўгіх ваганняў пасяліўся на хутары Кашоўка, які размяшчаўся ў трох кіламетрах ад  Савіч, і заняўся ўласнай гаспадаркай. Сям’і Шкабараў вы-дзелілі надзел у чатыры дзесяціны (крыху больш чатырох гектараў), у іх быў конь, карова, свінні, авечкі, куры. У той час  у Макара і Палаг’і ўжо была дачка Марыя. У 1914 годзе ў сям’і нарадзіўся  Раман, у 1920 – Іван, у 1925 – Уладзімір.

Безумоўна, бацькі радаваліся сынам, асабліва Макар Агеевіч: сыны ў хаце – памочнікі ў нялёгкай хлебаробскай працы, прадаўжальнікі бацькоўскай справы.

Адгрымела Грамадзянская вайна. Непасільную харчразвёрстку замянілі цярпімым харчовым падаткам. Пры наяўнасці ўраджайнага года селянін мог стаць упаўне забяспечаным, нават, заможным гаспадаром. Здаецца, збываліся даўнія мары земляроба: працуй, жыві і радуйся. Ды нядоўга шчасце ўсміхалася. Прыйшла новая бяда для сапраўдных гаспадароў – сталінская  калектывізацыя. Абклалі адна-асобніка Макара Шкабара, які не захацеў абагуліць у калгас  крывавым мазалём нажытае дабро, непасільнымі падаткамі, а затым і ўвогуле схапілі і расстралялі, як ворага народа. Разам з Макарам схапілі і мужа яго старэйшай дачкі Марыі  і таксама расстралялі. Аднаасобнікам таго часу быў адзін прысуд: не ў калгасе, дык на Месяц.

Многія ў тыя жорсткія і несправядлівыя гады класавай барацьбы прыпомнілі савецкай уладзе ўсе свае крыўды. Толькі не зрабілі гэтага сыны “ворага народа” Макара Шкабара.  Старэйшыя Раман і Іван сталі афіцэрамі Чырвонай Арміі.

Да арміі Раман працаваў у саўгасе “Крывуша”, спачатку на конях, затым машыністам на паравым млыне. У 1936 яго прызвалі ў армію. Як выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі ў 1939 годзе накіравалі на кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы. Атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Служыў у г. Выбаргу.   Прымаў удзел ў вайне з белафінамі, быў паранены. У першыя дні вайны з нямецка – фашысцкімі захопнікамі Раман Шкабар праявіў сябе як здольны камандзір, мужны і знаходлівы воін.

Узнагароджванне  байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі  ў першыя гады вайны было выключнай рэдкасцю, а камандзіра 5-й роты 65-га палка 43-й стралковай дывізіі малодшага лейтэнанта Рамана Шкабара ўжо 23 ліпеня 1941 года камандзір палка Пераверзеў прадставіў да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі.

У сваім прадстаўленні ён напісаў: “Падраздзяленне тав. Шкабара знаходзіцца на важным участку абароны, часта ўступае ў бой з праціўнікам.

15.07.41 г. праціўнік уклініўся  на  нашу  тэрыторыю, тав. Шкабару была пастаўлена задача адкінуць праціўніка на яго тэрыторыю. Тав. Шкабар смела павёў у бой сваё падраздзяленне і сваім уласным  прыкладам натхніў байцоў на выкананне пастаўленай задачы, у выніку вораг быў адкінуты і падраздзяленне тав. Шкабара ўмацавалася на вышыні, якую раней займаў праціўнік.

У гэтым баю тав. Шкабар быў паранены, але, нягледзячы на гэта,  не пакінуў поля бою да поўнага выгнання ворага.

Асабісты састаў падраздзялення любіць свайго камандзіра і ў адказ на яго раненне паабяцаў яшчэ з большай сілай біць ворага”.

Умела ваяваў Раман Макаравіч на  ўсіх франтах, куды б не  закідваў  яго ваенны лёс. Помсціў за жонку і сына, якія загінулі ў блакадным Ленінгра-дзе, за родных і блізкіх, якія пакутавалі на акупіраванай тэрыторыі, за родную зямлю, што стагнала ў роспачы пад нямецка – фашысцкім ботам.  У чэрвені 1944 года у  баях пад Оршай начальнік разведкі 331-й стралковай дывізіі капітан Шкабар Раман быў цяжка паранены і 26 чэрвеня памёр ад ран. Пахавалі яго ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці на 462 кіламетры аўтамагістралі Масква – Мінск, затым перазахавалі ў в. Засценкі.

Брат Рамана Іван Шкабар да вайны працаваў шорнікам, шыў збрую для коней, потым працаваў прыём-шчыкам малака ў Савічах, у Міхайлаўскім. Ад вайсковай службы па прычыне хваробы сэрца быў вызвалены. Аднак у жніўні 1941 года у час адступлення нашых войск яго вык-лікалі ў ваенкамат і мабілізавалі на фронт. З баямі прайшоў ад Гомеля да Тулы.  Малодшы лейтэнант Іван Шкабар быў паранены, кантужаны. У снежні 1943 года яго камісавалі з дзеючай арміі ў тылавыя войскі. Памёр у 1948 годзе. Пахаваны на гарадскіх могілках у Туле.

Малодшы са Шкабараў – Уладзімір, дзякуючы ўспамінам якога адкрыліся многія старонкі з гісторыі Савіч, у 1940 годзе закончыў Савіцкую няпоўную сярэднюю школу. Працаваў у мясцовым калгасе, так як сыну “ворага народа” далей вучыцца не далі.Нават у ФЗО не ўзялі. У лістападзе 1943 года пайшоў у партызаны, пасля злучэння з войскамі Чырвонай Арміі яго прызвалі  ў армію. Прымаў удзел у вызваленні Беларусі, Літвы, Усходняй Прусіі. 14 красавіка 1945 года быў паранены, чатыры месяцы лячыўся ў шпіталі. За гэты  бой  Уладзімір Макаравіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Камандзір 15-га гвардзейскага Шаўлінскага Чырвонасцяжнага  стралковага палка 2-й гвардзейскай Таманскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі маёр Нікіцін у наградным лісце на камандзіра аддзялення гвардыі сяржанта  Уладзіміра Шкабара напісаў: “У баях за населены пункт Пабэтэн  ва Усходняй Прусіі 14.04.1945 г.  кулямётчык Шкабар агнём свайго кулямёта падавіў агнявую кропку-ручны кулямёт праціўніка, што дало магчымасць яго роце паспяхова  рухацца наперад. У гэтым жа баі  тав. Шкабар у час атакі аддзялення, вядучы на хаду агонь з кулямёта, знішчыў чатырох гітлераўцаў і прымусіў праціўніка  прыціснуцца да зямлі. У гэтым баі быў паранены”.

Тры гады яшчэ  пасля вайны Уладзімір Шкабар  служыў у арміі.  Часць яго размяшчалася  ў Смаленску.  Там  ён  ажаніўся   і  асеў  жыць на Смаленшчыне.

Маці Шкабараў Палаг’я Пракопаўна, страціўшы ў вайну сваіх дзяцей, атрымала расстройства розуму: хадзіла па лясах, плакала і ўсё клікала сваіх сыночкаў. Памерла ў 1947 годзе.

Толькі ў 1961 годзе прыйшло паведамленне аб пасмяротнай рэабілітацыі галавы сямейства Шкабара Макара Агеевіча, а ў 1983 годзе родныя атрымалі поўную справаздачу пра трагічны лёс свайго бацькі  і мужа сястры Марыі, якую ў 1937 годзе сярод зімы з децьмі выгналі з хаты на вуліцу, як сям’ю ворага народа. (Пра  трагічны далейшы лёс Марыі  і яе дзяцей  Валі і Рыгора  вам ужо вядома з  пісьма  пляменніка да дзядзькі ў главе “У Нямеччыне”).

новы статус

Рашэннем Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў № 130 ад 26 сакавіка 2009 года Са-вічы набылі новы статус – яны сталі аграгарадком.

Мы ідзём са старшынёй Савіцкага сельсавета Нінай Адамаўнай Крэк, якая ўзначальвае Савет з 2 ліпеня 1982 года, па вуліцах Савіч, і яна з гордасцю пералічвае іх назвы: Камсамольская, Кастрычніцкая, Мінская, Маладзёжная, Юбілейная, Сельская, Школьная, Лугавая. Гордасць у Ніны Адамаўны  не ад назваў вуліц, а ад таго выгляду і стану, якія яны маюць. Не хачу нікога пакрыўдзіць з іншых паселішч Калінкавіцкага раёна, але ў Савічы, дзякуючы  агульным намаганням мясцовай улады, кіраўніцтва ААТ ”Радзіма” і  жыхароў  вёскі,  сёння не сорамна завітаць. Чысціня і парадак пачынаюцца з самага ўваходу ў вёску, з вуліцы Лугавой, якую мясцовыя жыхары празвалі між сабой Чарнобыльскай. А ўсё таму, што ў 1986 годзе, на лугавіне, з якой пачыналася вёска, размясцілі новыя дамы для 55 сямей чарнобыльскіх перасяленцаў з вёскі Вяпры Нараўлянскага раёна.

“Чарнобыльская трагедыя адбылася ў красавіку, — успамінае Ніна Адамаўна, — а перасяленцы прыбылі ў Савічы ў верасні. Дамы для іх яшчэ не былі  гатовы. Што рабіць? Сабрала мясцовы актыў і прапанавала разабраць пацярпеўшых па сваіх  хатах. Так і зрабілі. Прыезжыя людзі жылі разам з намі, пакуль ім не дабудавалі дамы”.

Асабліва прыгожа ў цэнтры Савіч. Тут нібы па чароўнаму эскізу нейкага знакамітага архітэктара  ўтварыўся своеасаблівы  архітэктурна – паркавы комплекс, які ўлетку ззяе ўсімі колерамі  кветкавых фарбаў. Злева ад цэнтра размясціўся будынак, у якім знаходзяцца: на першым паверсе – паштовае ад-дзяленне, аддзяленне  ашчадбанка “Беларусбанк”, комплексны прыёмны пункт; на другім паверсе – сельскі Савет.

“Доўгі час паштовае аддзяленне ў Савічах узначальвала  актыўная ўдзельніца мясцовай мастацкай самадзейнасці Якуш Таццяна Васільеўна, — тлумачыць мой гід Ніна Крэк. – Зараз эстафету ў яе пераняла Казлякоўская Наталля Барысаўна.

У ашчадкасе з незапамятных часін  у Савічах працавала Шкода Васіліна Яфімаўна, пакойная ўжо,  Царства ёй нябеснае. Цяпер працуе Касьянчык Вера Мікалаеўна. Добрасумленна выконвае свае абавязкі па абслугоўванні савічан і жыхароў навакольных вёсак.

Комплексны прыёмны пункт доўгі час  у вёсцы ўзначальвала  Новік Надзея Іванаўна, а швяёй працавала Якуш Валянціна Іванаўна. Зараз тут працуе Поліч Галіна Васільеўна”.

Насупраць будынка, дзе зараз размясціўся сельсавет  і іншыя службы, а раней размяшчалася кантора саўгаса “Трамлянскі” і сельсавет,  раскінуўся рукатворны сквер, у якім устаноўлены помнік савецкім воінам, што загінулі пры вызваленні Савіч. Побач  са скверам узвышаецца будынак двухпавярховага цаглянага Цэнтра культуры і адпачынку, які ўвялі ў строй у 1990 годзе.

“Кіруе Цэнтрам культуры Драпеза Аляксандр Мікалаевіч, інжынер – механік па спецыяльнасці  і мой былы вучань, — гаворыць Ніна Адамаўна. 12 гадоў ён адпрацаваў у Мазыры на домабудаўнічым камбінаце па спецыяльнасці, а затым мы яго разам з жонкай Аленай Пятроўнай, якая працуе філолагам у мясцовай школе,  пераманілі ў сваю вёску. І не памыліліся. Гэта вельмі музычная сям’я. І Аляксандр,  і Алена іграюць на музычных інструментах. А як спяваюць? І ў гэтым ім актыўна дапамагае іх малодшая дачушка. Калі Селівончык Валянціна Іванаўна, якая доўгія гады ўзначальвала Савіцкі дом культуры, пайшла на заслужаны адпачынак, мы запрасілі на пасаду дырэктара Аляксандра Мікалаевіча, які працаваў інжынерам у мясцовай гаспадарцы. Дапамагае яму  ў клубнай рабоце яго жонка Алена Пятроўна. Яна на паўстаўкі працуе ў Цэнтры мастацкім кіраўніком. Яшчэ на паўстаўкі мастацкага кіраўніка працуе гордасць Савіч  72-гадовая настаўніца Якуш Галіна Мікалаеўна. Калі гэтыя няўрымслівыя жанчыны выходзяць са сваім інструментам на сцэну – зала  спачатку замірае, а затым узрываецца громам апладысментаў.

У розныя часы сель-скім Домам культуры ў Савічах загадвалі Шыкіна Марыя Аляксееўна, Сербін Надзея Іванаўна, Бульская Наталля Іванаўна, Капінская Любоў Аляксееўна”.

Тут жа, у будынку Цэнтра культуры і адпачынку,  размясцілася і мясцовая бібліятэка. “У розныя часы ёю загадвалі Арэшка Ганна Іосіфаўна, Баранчук Надзея Іванаўна, Ахрамава Галіна Маісееўна, Якуш Галіна Мікалаеўна, — гаворыць Ніна Крэк. – З 1981 года загадчыцай  бібліятэкі працуе  Гормаш Валянціна Мікалаеўна, ураджэнка Вялікіх Аўцюкоў, якая прыбыла ў Савічы пасля заканчэння сельгастэхнікума па размеркаванні на працу ў саўгас. Але так склалася, што пасля выхаду яе з дэкрэтнага водпуску, вызвалілася пасада загадчыка бібліятэкі. Прапанавалі Валянціне Мікалаеўне.  І  яна згадзілася. Завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і ўжо 32 гады  разам  з савіцкімі культработнікамі нясе культуру і веды ў масы”.

На першым паверсе Цэнтра культуры размясцілася яшчэ адна ўстанова. “У пачатку 80-х у Савічах згарэў прамтаварны магазін, — тлумачыць  старшыня сельсавета, — паспрабавалі размясціць  прамысловыя тавары  ў  магазіне з прадуктамі,  але не атрымалася з гэтага нічога добрага: цесна і нязручна. Зараз вось аддалі Калінкавіцкаму райспажыўтаварыству частку плошчы ў Цэнтры культуры і атрымаўся асобны, нядрэнны прамтаварны магазін, які ўзначальвае Капінская Таццяна Міхайлаўна”.

Непадалёк ад Цэнтра культуры і адпачынку  размясціўся харчовы магазін. Доўгі час у ім працавалі Капінская Алена Яфрэмаўна, Салаўёва Вера Нікадзімаўна і Сянько Марыя Іванаўна. “Пасля таго, як гэтыя шчырыя працаўніцы пайшлі на заслужаны адпачынак, у магазіне  пачалася кадравая чахарда, канца і краю якой пакуль не відаць”- гаворыць Ніна Крэк.

Ёсць у вёсцы і свая сталовая, у якой разам з іншымі харчуюцца вучні Савіцкай школы. Ёсць і  свая лазня, якую ўвялі ў строй у 2011 годзе. Ёсць свой фельчарска – акушэрскі пункт, на якім доўгія гады працавала паважаны ўсімі ў вёсцы медыцынскі работнік, цяпер ужо пакойная Шкода Алена Васільеўна. Яе замяніла  на  гэтай пасадзе  і дастойна працягвае працу сваёй папярэдніцы Якуш Святлана Анатольеўна.

У 1999 годзе ў Савічах утварылася яшчэ адна арганізацыя – Савіцкае лясніцтва, у якім сёння працуе 18 чалавек. Лясны фонд ляс-ніцтва састаўляе 7,453 тыс га. У лясніцтве два майстарскіх участкі, 9 абходаў. Узначальвае арганізацыю Ярашэнка Наталля Мікалаеўна.

Народны паэт Беларусі Якуб Колас неяк сказаў: “Без вывучэння мінулага  і сучаснага мы не можам прадбачыць будучыню”.  Якой яна будзе ў Савіч? Як складзецца лёс  вёскі  і яе жыхароў праз 20 – 50 гадоў? На гэта пытанне , відаць, не зможа адказаць ні адзін чалавек. Ды і  ці варта займацца такімі прадказаннямі.  Сваю малую радзіму, месца, дзе ты нарадзіўся, трэба проста любіць, як аб гэтым гаворыць у сваім вершы “Мая вёска”  выпускніца  Савіцкай школы Марына Мышкавец:

На Беларусі ёсць

Такая вёска,

Якую я люблю мацней

За ўсё.

Мне тут спакойна  і

Прыемна.

Савічы – гэта сонейка

Маё!

Я кожны дзень,

Прачнуўшысь  ранкам,

Расплюшчу  вочы,

Гляну зноў.

Я адчуваю сябе

Птушкаю

У роднай вёсачцы сваёй.

Тут ёсць усё, каб быць

Шчаслівым.

Прыгожы край!

Цудоўны край!

Мне на Палессі вельмі ўтульна.

Мая мясцінка –  гэта рай.

Куды б мяне не кінуў

Лёс,

Куды б не павярнулася сцяжынка,

Я абяцаю —  зноў і зноў  вяртацца ў родную  мясцінку.

Іван Гарыст.

 

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.