Савічы


Амаль на самай мяжы з Петрыкаўскім раёнам, за 44 кіламетры на паўднёвы захад ад Калінкавіч, размясцілася вёска Савічы.

ПЕРАТРУТАВІЧЫ

Гісторыя гэтага паселішча пачалася, як сцвярджае энцыклапедычнае выданне “Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць.Кніга 1. Мн.”Беларуская энцыклапедыя”, 2004”, у 18 стагоддзі. Па пісьмовых крыніцах Савічы былі пазначаны тады як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства.

Што датычыць  назвы паселішча, то яна мае патранамічнае паходжанне, гэта значыць  паходзіць ад  імя чалавека, якога называлі Савай. Ды і народнае паданне, якое зафіксавана ў эстафетным альбоме “Летапіс Калінкавіцкага раёна”, прысвечанага 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, што захоўваецца ў Калінкавіцкім дзяржаўным краязнаўчым музеі, гаворыць: “На тым месцы, дзе размешчана в. Савічы, жыў панскі ляснік,  прозвішча якога было Савіч. Пасля адмены прыгоннага права зямля лясніка была падзелена на 20 надзелаў, і людзі пачалі засяляць яе. Паступова высякалі лес  і на гэтых высеках будавалі жытло”.

Старажылы вёскі з пакалення ў пакаленне перадавалі сваім дзецям і ўнукам гэтую  гісторыю пра ляс-ніка. У даўнія часы, калі хтосьці накіроўваўся да яго, гаварыў: “Пайду да Савіча”. Так з цягам часу мясцовасць, дзе жыў ляснік, сталі называць Савічамі.

Вядома і іншае, напрыклад, што раней Савічы называлі Савін. Ды і сёння непадалёк ад вёскі існуе ўрочышча, якое называецца Савін Рог. І гэта яшчэ раз падцвярджае, што заснавальнікам вёскі быў нейкі Сава.

Аднак гэта ўсё — з галіны здагадак. Адно вядома дакументальна: штуршок для ўтварэння Савіч даў панскі маёнтак Ператрутавічы, дакументальныя звесткі  пра які захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн.,”Ураджай”, 1999” на стар.54 змясціла дакумент з гэтага архіва аб перадачы  маёнтка Ператрутавіч ва ўласнасць мінскім бенедыктынкам. Ён называецца “Інтрамісія Менскім бенедыктынткам на маёнтак Ператрутавічы”.

Вось  што гаворыцца ў гэтым дакуменце: “Я,Пётр Касноўскі, генерал я.к.м. павету Мазырскага вызнаю гэтым маім інтрамісійным квітам падачы маёнтка Ператрутавічы Мазырскага павету вялебнай панне Схалястыцы Свірскай, настаяцельніцы Менскага кляштару закону Святога Бенедыкта, і ўсім паннам законніцам таго кляштара ў пасэсію. У цяперашнім 1707 г. месяца красавіка 14 дня паводле дэкрэту Галоўнага трыбунала ВКЛ у Менску ў справе вялебных бенедыктынак з панам Пятром- Міхалам Палцеевым, кавалерам партугальскім, сакратаром я.к.м.  і яго жонкай паняй Ялен-скай Палцеёвай кавалеравай…у сувязі з захопамі гвалтоўнымі земляў менскіх законніц панам кавалерам прысуджанага маёнтку пана кавалера Ператрутавічы 3475 злотых…па гэтай справе ўрад гродскі Мазырскі і пан ротмістр зрушэннем усяго павету Мазыр-скага з’ехаліся ў маёнтак Ператрутавічы, які разам з падданымі за тую суму ў дэкрэце і вяртанне захопленых грунтаў тым жа законніцам учынілі, і ліст свой урадавы і адпраўчы і рэіндукцыйны на гэта выдалі, і мне, генералу, маёнтак Ператрутавічы з падданымі, жонкамі, дзецьмі і прыбыткамі ў пасэсію законніц падаць дазволілі…Я, генерал, са сведкамі панам Марцінам Сухоцкім, панам Адамам Арцюшэўскім, панам Даніэлем Якубоўскім  і  панам Андрэем Вітакоўскім па запрашэнні вялебных паней законніц у той жа дзень паводле таго адпраўчага ліста  згаданы маёнтак…у богу вялебнай пані Кацярыне Схаластыцы Свірскай настаяцельніцы кляштару Менскага закону Святога Бенедыкта і ўсім паннам законніцам гэтага кляштару ў пасэсію і трыманне падалі, а таксама і землі, з якіх панны законніцы былі выбіты гвалтоўна. І на гэтым мой інтрамісійны квіт з подпісам маім да кніг гродскіх Мазырскіх падаў.

Пётр Касноўскі,

генерал я.к.м. павету

Мазырскага, 18 сакавіка

1707 г.”

На стар. 58 хронікі “Памяць.Калінкавіцкі раён” занатаваны і другі архіўны дакумент, датаваны 16 мая 1774 г.  аб размежаванні вёсак  Колкі  і Ператрута-вічы. Вось што запісана ў гэтым дакуменце: “ Апісанне мяжы Колкавіцкай і Ператрутавіцкай з усімі сёламі, грунтамі, сенажацямі, дугамі, рэкамі, азёрамі, затокамі, пушчамі, астравамі, і ўсімі да іх належачымі.

Зачынаючы з Чырцовага балота ў белыя берагі над ракою Птычаю, адтуль з белых берагоў у Перавескі Луг. З Перавескага лугу ў Пнюшу Луг. З Пнюшы ў Луг Сыроватку. З Сыроватачнага долу ў лясок Азярыну Лесковаю, з тае азярыны ў Птыч раку. Птычай ракою ў возера Валовае. З Валова ў Рубежніцу рэчку. З Рубежніцы ў Ліпіча востраў лугам граніца ідзе. З Ліпіча ў Арэйкі. З Арэек балотам у Гаць Секерыцкую. З Гаці ў Лясец. З Ляска ў Азярэц  у Азярэцкі  мох. Ад таго моху ў берву Смаловую ў Жоўты брод. З Жоўтага броду ў Бор, борам – далінаю ў Летняе Лесы і балота. Адтуль  у Горку, з Горкі ў рэчку Трэмлю. Ракою Трэмляю ў Гавейнік. З Гавейніка возерам у рэчку Трамец, тою ракою ў мост Трамецкі. З Трамца ў Горку Трамецкую. З горкі ў Хвашчоўку. З Хвашчоўкі ў Атшарым чысты мох, чыстым мохам у Стаўніска Перашыек. З Перашыйка ў Каладзейскі мох. З Каладзейскага моху ў Каладзейскія ляскі. З Каладзейскіх ляскоў  у Падамхі. З Падамхоў у лес  Восаў. З Восава ў балота Рудаўка. З Рудаўкі ў  раку Вішу. Вішаю ракою ў раку Гарадзінку. З Гарадзінкі рэчкі ў Сятовіцкі брод. З Сятовіцкага броду ў  Кісялёўскія машкі ў Мшарыны. З Мшарыны праз гару Кісялёўскую борам далінаю ў Пелю Паповую і ў Папоў лясок. З Паповага ляска ў Кулікоўскую пелю. З Кулікоўскае пелі ў Перакоп.  З Перакопа ў Цісавае балота.З Цісавага балота ў Мошаўскае балота. З Мошаўскага балота ўсё балотам у Красны Рог, з Краснага Рогу ў Хвошчаў. З Хвошчава на Дарожышча Чэрабоўскае. З Дарожышча ў Ямны. З Ямнага ў Пель Дзікага возера і ракі Аслей лескамі ў Плісоцкае возера. З Плісоцкага возера ў рэчку Акорыжу. З Акоры балотам у рэчку Трэмлю…”

Любому ўраджэнцу Савіч, хто цікавіцца гісторыяй сваёй зямлі, дастаткова пільна ўчытацца ў гэтыя радкі, каб вызначыць для сябе, па захаваўшыхся дагэтуль  геаграфічных назваў аб’ектаў вакол роднае вёскі,  межы, у якіх некалькі стагоддзяў назад знаходзіліся Савічы.

Дарэчы, як сведчыць даведнік “Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Дакументы да гісторыі царквы ў Беларусі ХV – XIX ст.ст. У фондзе “Канцылярыя  мітрапаліта грэка –уніяцкіх цэркваў у Расіі”. Мінск – Полацк. “Сафія”.1999, у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца  метрычныя кнігі Брэсцкай уніятскай епархіі  1697-1801гг., сярод якіх знаходзяцца і кнігі з запісамі жыхароў, якія нара-дзіліся і былі зарэгістраваны ў Ператрутавіцкай царкве. На жаль, з–за вялікай адлегласці азнаёміцца з гэтымі дакументамі не ўдалося, а так бы нам сталі вядомы імёны і прозвішчы першазаснавальнікаў  в.Савічы канкрэтна.

Старадаўнія метрычныя кнігі з запісамі аб тых, хто нарадзіўся, узяўся шлюбам, памёр у 1857-1876 гг. у прыходзе Ператрутавіцкай Троіцкай царквы, захоўваюцца  і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску ў фон-дзе 866, які так і называецца ”Перетрутович-ская Троицкая церковь, село Перетрутовичи Речицкого уезда Минской губернии”.

ВАЛАСНЫ ЦЭНТР

Нягледзячы на тое, што Савічы знаходзіліся, як кажуць, у мядзведжым кутку, а можа і менавіта таму, людзі сяліцца тут  пачалі задоўга да таго, як гэта зафіксавалі пісьмовыя крыніцы. Сведчаннем таму з’яўляюцца геаграфічныя назвы і курганы або магільныя насыпы, якія захаваліся да сённяшніх дзён. Так,  на паўночнай ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Курганы (Паддуд’е) размясціўся курганны магільнік (21 насып). У трох кіламетрах ад вёскі, паміж знікшымі не так даўно вёскамі Курганы і Крывушы (цяпер ўрочышчы-І.Г.),  таксама быў магільнік ( 9 насыпаў).  Гэта археалагічныя помнікі XIXIII стагоддзяў.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Савічы, як і іншыя паселішчы сучаснай Калінкавіччыны, увайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1795 годзе яны з’яўляліся ўласнасцю паноў Ракіцкіх, а затым  — Прозараў, у вёсцы налічвалася 20 двароў (Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Кніга I.Мн, “Беларуская энцыклапедыя”, 2004, стар.569).

У  энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Яфрона  (У 86 тамах (82 т і 4 дадат.). – СПб., 1890 – 1907) пра Прозараў паведамляецца наступнае: “Прозары – дваранскі род герба Прозар альбо Празароўскі, які неабгрунтавана лічыць сябе паходзячым ад князёў Прозараў і ўзыходзячым да пачатку XVII ст. Іосіф Прозар (памёр у 1787 г.) быў ваяводай Віцебскім, яго сын Карл (памёр у 1833 г.) – абозным вялікім Літоўскім і маршалам Літоўскага трыбунала. Маўрыкій  Эдуардавіч Прозар, аўтар некалькіх брашур па дыпламатычнай частцы, цяпер генеральны консул у Вене і Жэневе.”

Бацькам Эдуарда з’яўляецца Кароль Прозар, які ўсё сваё доўгае жыццё (1759 – 1841) служыў сваёй Айчыне – Вялікаму княству Літоўскаму. Абозны літоўскі быў адным з галоўных арганізатараў паўстання 1794 г., затым палітычным эмігрантам, міністрам фінансаў у Часовым урадзе ВКЛ у 1812 г., бачным членам Патрыятычнага таварыства. Большую частку жыцця Кароль Прозар пражыў у Хойніках.

Аднак, як разумеецца, нягледзячы на рэвалюцыйныя погляды Кароля Прозара і яго нашчадкаў, насельнікам Савіч і іншым іх прыгонным лепш ад гэтага  не было, сяляне гібелі  на панскіх палетках, адпрацоўваючы непасільную паншчыну  і іншыя павіннасці, якія на іх ускладалі  найміты землеўладальніка.

Тым не менш наяўнасць у Савічах панскага маёнтка, а таксама царквы ў імя Спасіцеля Цудатворца Мікалая, паспрыялі  таму, што вёска стала  адным з валасных цэнтраў Рэчыцкага павета.

Як вядома, воласці ў Расійскай імперыі  ўтварыліся першапачаткова ў 1797 годзе ў сельскай мясцовасці, як ніжэйшая адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу для казённых сялян. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе воласці былі ўтвораны таксама і  для былых уладальніцкіх і  ўдзельных сялян.

У 1866 годзе ў Савічах налічвалася 94 сялянскіх двароў, у якіх пражывалі 580 жыхароў, дзейнічала валасное праўленне.

У “Спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні за 1876 год” (Мінск.1877) адзначана, што маёнтак Ператрутавічы ў 1875 годзе налічваў 8605 дзесяцін зямлі і належаў двараніну – католіку Венцлавовічу  Людвігу  Рафаілавічу. Яму ж належалі і ветраны млын з карчмой, якія знаходзіліся побач.

Пад 1879 год у пісьмовых крыніцах Савічы значацца, як сяленне ў Колкаўскім царкоўным прыхо-дзе. У 1879 годзе тут адкрылася народнае вучылішча, у якім навучалася 35 хлапчукоў. У вёсцы былі ветраны і конны млыны, дзве лаўкі, працаваў вінакурны завод (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”,1999, стар.788).

Вінакурны завод належаў уладальнікам маёнтка Ператрутавічы  праваслаўным дваранам Няўжынскаму Аляксею Якаўлевічу  і  Гурскай Аляксандры Антонаўне (Памяць. Калінкавіцкі раён.Мн.”Ураджай”.1999.стар.90).

Паводле перапісу 1897 года Савічы ўжо ўваходзілі ў склад Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета, а ў вёсцы пражываў 401 жыхар.

на пачатку хх стагоддзя

У 1904 годзе ў Савічах адкрылася школа, якая размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце. У 1912 годзе для яе было збудавана ўласнае памяшканне. Было  ў вёсцы і сваё паштовае ад-дзяленне.

У 1908 годзе Савічы зноў становяцца цэнтрам Савіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У вёсцы  ўжо было 175 двароў і 874 жыхары (Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Кніга I. Мн. “Беларуская энцыклапедыя”. 2004.стар.569). Цяжка жылося сялянству таго часу. Як занатавана ў Летапісе вёскі  Савічы, які склалі ў свой час работнікі Савіцкага дома культуры і які захоўваецца ў мясцовай бібліятэцы: “ Зямля была не ў кожнага, сяляне арандавалі яе ў пана Крукоўскага, які жыў на “Востраве”. Сяляне жылі разрознена, па хутарах. Вялікіх пабудоў не было. Нізкія, непрыкметныя хаткі з ўросшымі ў зямлю сценамі. Побач з людзьмі, у адной хаце, цераз перагародку, знаходзілася жывёла. Вечарамі пры святле лучыны сяляне рабілі сваю работу: жанчыны пралі і ткалі, мужчыны – плялі лапці, майстравалі патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Быў маленькі магазінчык, у якім у асноўным прадаваліся прамысловыя тавары. Працавала алейніца, якой загадваў яўрэй. Ён скупляў у насельніцтва  насенне сланечніка.У цэнтры знаходзілася царква. Свяшчэннік прыязджаў па святах з Колак. Вечарамі дзяўчаты з хлопцамі збіраліся на вячоркі. Многія сяляне былі неадукаванымі. У вёсцы была двухкласная школа, якая размяшчалася ў хаце бедняка. Наведвалі яе каля 30 дзяцей рознага ўзросту, большасць хлопчыкаў, дзяўчынак было мала, яны працавалі дома, глядзелі дзяцей. Займаўся з імі адзін настаўнік – Капінскі Іван Кузьміч. Парт не было, проста на ўсю даўжыню дома цягнуліся скамейкі, стаялі сталы. Дзеці пісалі крэйдай на грыфельнай дошцы. Пазней 2-класная школа была ператворана ў 4-класную земскую народную школу. Тут ужо працавала некалькі настаўнікаў, у тым ліку і Жукоўская – пляменніца памешчыка Іваніна, які жыў у Крукавічах”.

У альбоме, што захоўваецца ў Калінкавіцкім дзяржаўным краязнаўчым музеі, пра які мы нагадвалі раней, запісана, што “у час рэвалюцыі ў Савічах не было выдатных  бальшавікоў. Удзел у Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі людзі не прымалі, таму што вёска была акружана лесам і людзі не мелі зносін”.

Тым не менш, дакументы, якія захоўваюцца ў Мазырскім занальным  дзяржаўным архіве, паведамляюць пра тое, што жыццё ў вёсцы  працягвалася ў адпаведнасці з запатрабаваннямі  таго часу. Савічы з’яўляліся цэнтрам Савіцкай  воласці.

Ужо сам факт, што вёска была валасным цэнтрам, сведчыць аб тым, што жыццё ў ёй бруіла поўным ходам. Нават медыцынская дапамога   насельніцтву аказвалася  фельчарам С.М.Халецкім, а дзяцей  у пачатковай школе навучаў Фоцій Каманюк. Была ў Савічах і хата-чытальня, у якой гаспадарыў Мікалай Арцімовіч, а мясцовую бібліятэку вяла Еўдакія Турко. У 1924 годзе ў Савічах ужо існаваў урачэбна-амбулаторны пункт, у якім працавалі ўрач Давідоўскі Дзмітрый Маркавіч  і яго памочнік Кнеўскі.

Старшынёй  Савіцкага валаснога камітэта ў 1923 годзе быў Данец Мікалай Фаміч, сакратаром – Турко Міхаіл Восіпавіч, членамі – Шафарэнак Адам Наумавіч, Палуян Цярэнцій Фёдаравіч і Пакацілаў Пётр Іванавіч, затым – Блышынскі Пётр Паўлавіч. Справаводам ваеннага аддзела працаваў Аўчыннікаў Канстанцін Канстанцінавіч, справаводам зямельнага аддзела – Сідарчук Ніна Аляксееўна. Яна ж  адначасова займалася і  ліквідацыяй неадукаванасці ў вёсцы. Перапісчыцай  у валасным камітэце працавала Садлуха Вольга Сямёнаўна.

9 мая 1923 года  да Савіцкай воласці была далучана тэрыторыя Крукавіцкай воласці.  У яе цяпер уваходзілі Крукавіцкі, Сышчыцкі, Шарэпіцкі, Беразнянскі, Пяскоўскі, Кротаўскі, Савіцкі, Варатынскі, Колкаўскі, Забродскі, Сякерыцкі, Пагарэла- Слабадскі, М.-Гарадынскі, Валосавіцкі і Аспінскі сельсаветы.

У снежні 1923 года  Данца на пасадзе старшыні валаснога камітэта змяніў бальшавік  Бунароў Васіль Міхайлавіч, які быў родам з Масквы.

17 ліпеня 1924 года Савіцкая воласць была ліквідавана, а  яе тэрыторыя была ўключана ў склад  Азарыцкага раёна Мазырскай акругі. У склад Савіцкага сельсавета тады ўвайшлі вёскі: Савічы – 127 двароў, Стараселле – 62 двары, Ператрутавічы – 8 двароў, хутары: Міжылішча – 9 двароў, Крывуша – 9 двароў, Курганы – 7 двароў, Востраў -10 двароў. Насельніцтва сельсавета на той момант складала 1811 чалавек, якія пражывалі ў 338 гаспадарках. Жыхары савета ўтрымлівалі ва ўласных гаспадарках 677 кароў, 280 валоў, 397 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы і 147 свіней. На тэрыторыі сельсавета было адно аддзяленне спажыўкааперацыі,  дзве школы, у якіх вучыліся 148 вучняў. Толькі  412 жыхароў сельсавета былі адукаванымі, умелі чытаць і пісаць.Тэрыторыя сельсавета састаўляла 68 квадратных вёрст. З 338 гаспадарак сельсавета , 31 % былі бядняцкія, 62 % — серадняцкія  і 7 % — заможныя.

На тэрыторыі сельсавета было тры ветраныя млыны, два з якіх не працавалі, тры кузні, 9  чабатароў,  трое краўцоў, 6 сталяроў, 17 плотнікаў,  пяць  пячнікоў,  6 калёснікаў  і  6 бондараў. З сельгасінвентару ў сялян савета былі : 297 плугоў, 222 бараны, 10 конных малацілак, 20 веялак, 9 самарэзак.

Першым старшынёй Савіцкага сельсавета быў Яружэнец Яфім Паўлавіч.

У1923 годзе старшынёй сельсавета ўжо  быў Якуш Апанас, сакратаром – Касьянчык Сяргей. У лістападзе гэтага ж года  старшынёўскае крэсла  ўжо займаў Касьянчык Якаў (Мазырскі архіў.ф.235.воп.1.с.4.лл.1-128).

Да вайны ў сельсавеце старшыні неаднаразова мяняліся. Так, з 11 лютага 1927 года кіраваў савецкай уладай у Савічах Рэуцкі Цімох Андрэевіч, з 15 лютага 1929 года – Мацагуд Андрэй, з 27 жніўня 1930 года – зноў Касьянчык Якаў. Чатыры гады да вайны сельсавет узначальваў Крэк Васіль Карпавіч, які вярнуўся да гэтай пасады і пасля вызвалення савіцкай зямлі ад фашыстаў у 1944 годзе.

У Мазырскім архіве захоўваюцца  дакументы, якія расказваюць  і  пра   тое, як жыхара Савіч, кандыдата ў члены  ВКП(б) Рэуцкага Кузьму Андрэевіча, 1901 года нараджэння, у 1924 годзе  Мазырскі павятовы камітэт накіраваў  на пасаду старшыні  ўзбуйненага Скараднянскага сельсавета (ф. 60.воп. 1.с. 50. л.1).  Там жа ў спісах кандыдатаў на пасады старшынь і сакратароў узбуйненых сельсаветаў (ф.60.воп.1.с.50.л.28) указваецца і жыхар Савіч, справавод ваеннага аддзела  валаснога камітэта  Аўчыннікаў Канстанцін, які рэкамендаваўся сакратаром  у адзін з сельсаветаў Мазыршчыны.

старое сяло

Як выглядалі паслярэвалюцыйныя і даваенныя Савічы, аб гэтым лепш усіх расказвае ў сваіх успамінах, якія захоўваюцца ў музеі Савіцкай школы, ураджэнец  хутара Кашоўка, сын “ворага народа”, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Шкабар, які пасля вайны асеў на Смаленшчыне, але родных мясцін не забыў.  Па просьбе арганізатара і кіраўніка школьнага музея настаўніка Віктара Гормаша Уладзімір Макаравіч напісаў для музея ўсё, што  памятаў пра гісторыю Савіч. Больш таго,  ён рэстаўрыраваў  у малюнках былы панскі маёнтак, вясковую царкву, вятрак  і карту – схему даваенных Савіч. “Калінкавіцкія навіны” 4 чэрвеня 2009 года змясцілі на сваіх старонках фотаілюстрацыі гэтых рэканструкцый.

”На момант майго нараджэння (1925 год – І.Г.), — успамінае пра Савічы  Шкабар,  – гэта была невялічкая вёска (Старое сяло), а з усіх бакоў на рознай адлегласці былі размешчаны хутары, дзе са сваімі сем’ямі і гаспадаркамі жылі аднаасобна сяляне, якія займаліся асабістымі гаспадаркамі і сваім на-дзелам зямлі і жывёлай. Зямлю апрацоўвалі коньмі, валамі, плацілі падаткі  як грашыма, так і наяўным ураджаем. Прамышлялі паляваннем, рыбалоўствам, падсобным промыслам  і  майстэрствам.

Савецкая ўлада да таго часу ўжо моцна стала ў каляю. Адразу пасля рэвалюцыі панскую зямлю падзялілі  па гаспадарках. Яе  далі ўсім, ніхто не застаўся без зямлі. Але карыстацца ёю сталі не ўсе аднолькава. Большасць сялян з прагай узяліся за працу і ператварылі яе ў крыніцу свайго існавання, працавалі ад цямна да цямна, сарочка развальвалася на плячах ад поту, таму і мела ў дастатку ўсяго. Сям’ю імкнуліся трымаць разам, старых і дзяцей, каб было каму працаваць у гаспадарцы. Старыя глядзелі за малымі, накшталт нянечак у дзіцячым садку. Усе былі пры справе.

Калі сын жаніўся і не жадаў жыць сумесна, яму будавалі хату, давалі частку зямлі або куплялі ў кагосьці, давалі пасаг – жывёлу, збожжа, хатнія прылады і адзенне.

Бывала, некалькі сыноў жанілася і жылі сумесна з бацькамі.Там звычайна не абходзілася без дамашніх скандалаў – сварыліся нявесткі. Але ўсе падпарадкоўваліся бацькам. У выпадку непаслушэнства нават каралі фізічна сваіх дамашніх. Усе выхоўваліся ў паслушэнстве да старэйшых, з якімі ніхто не мог нават спрачацца. Людзі былі паважлівымі адзін да другога. Любы стары чалавек мог пакараць дзіця, нават, чужое за непаслушэнства ці непавагу да старога. І гэта было нормай.

Месца ў  Савічах, дзе размяшчаўся панскі маёнтак,  і цяпер называецца Двор. Каля панскага дома мясціліся розныя гаспадарчыя пабудовы: кухня – сталовая, аранжарэі, сад, птушарня  і  г.д. Там жа размяшчаліся і пабудовы для жылля прыслугі. Яны захаваліся да самай вайны.

Панскі дом быў пабудаваны даўно, калі дакладна, я не ведаю, але ў канцы 30-х гадоў паўстала пытанне аб яго трухлявасці, хаця знешне дом выглядаў нядрэнна – з бруса, атынкаваны, на высокім цагляным падмурку, з распісанай столяй і карункавымі драўлянымі  налічнікамі. Вокны былі вялікімі, вышэй росту чалавека. Непадалёку ад дома на ўсход была выкапана саджалка ў форме  кветкі з трыма астраўкамі. Ад вялікай саджалкі,  каля дарогі ў Заглушычча, быў праведзены вадаправод пад зямлёй, якую мы, школьнікі, празвалі Карпаты. Ад дома да яе вяла алея старых сосен. Іх было 10 ці 12 штук.

Да святаў у саджалку накачвалі ваду і каталіся на лодках. На адным астраўку была альтанка сярод бэзу і расла яблыня, на другім – устаноўлена пушка для салютаў, на трэцім – штосьці накшталт ваенных пацех. Пры мне гэта ўсё ўжо мела даволі запушчаны выгляд. Дамы не рамантаваліся, стаялі цёмныя. Жылі там у той час удовы і сіраты, састарэлыя людзі з былой панскай прыслугі.

Сад быў падзелены на два ўчасткі і наўкола абсаджаны старыннымі дубамі і ліпамі. У далейшым тут пасяліліся перасяленцы з хутароў і вуліца працягнулася ад Двара да перакрыжавання.

З Двара вяла прамая дарога на магільны курган у лесе,  на поўдзень ад вёскі. Яго так і празвалі “Пад пана”. Там быў цагляны склеп, у якім паны хавалі ўсіх сваіх родзічаў. У рэвалюцыю склеп разбурылі, а косці раскідалі.

Побач з вёскай, на заходнім баку Старога сяла, стаяў ветраны млын. Калі ён быў пабудаваны, не ведаю, але раскідалі яго ў пачатку 30-х з-за старасці і непатрэбнасці. На павароце дарогі на Стараселле, метраў за 100 ад дарогі, размяшчаўся вінакурны заводзік, праўда, я яго не застаў, бо ён быў ліквідаваны яшчэ ў час прыходу немцаў у Першую сусветную вайну.

Да самай Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. працавала цагляная арцель. Узначальваў  яе стары майстар, ён жа выдатны пячнік, прозвішча якога не памятаю. У яго быў пастаянны памочнік. Удваіх яны і рабілі выдатную цэглу. Там была круглая, абшытая цёсам яміна, у якой мясілі гліну. У цэнтры ямы быў укапаны невысокі слуп, да якога было прымацавана дышла, да яго  прыстасоўвалі цялежку, якая калёсамі мясіла гліну. А ў рух гэта ўсё прыводзіў конь. Побач была пабудавана невысокая, доўгая шоха для паветранай сушкі сырой цэглы. Была і печ для абпальвання цэглы. У яе мясцілася некалькі тысяч цаглін. Пасля абпальвання на працягу некалькіх дзясяткаў дзён атрымлівалася моцная, выдатная цэгла.

Цагляная арцель размяшчалася па дарозе на Азарычы на паўднёвым баку вёскі, непадалёку ад вуліцы, што ля канторы саўгаса.

На перакрыжаванні Старога сяла і дарогі з Азарыч на Стараселле стаялі два вялікія яўрэйскія дамы. Гаспадары пакінулі іх у 1920 го-дзе, калі тут арудавала банда Булаховіча, якая знішчала яўрэйскае насельніцтва.

У адным жыла сям’я Шэстэля Антона, у другім размяшчалася сталярная майстэрня Саханскага. Там жа працаваў майстар Бірук Павел, які рабіў колы для вазоў. У адным з пакояў размяшчалася бібліятэка.

Паўднёвей перакрыжавання, каля вадаёма,  размяшчалася кузня. Гаспадарыў у ёй майстар дзед Ілля. У паўночным канцы Старога сяла,  каля вадаёма,  знаходзілася лаўка, якая мясцілася ў чыімсьці рэквізаваным доме. Гандляваў у ёй наш родзіч Якуш Апанас  Тарасавіч, а затым – браты Драпезы, аднаго  з якіх звалі Кірыла.

У 1939 годзе перавезлі дом  раскулачанага раней Юрэвіча і пабудавалі сельмаг на тым месцы, дзе зараз кантора саўгаса. Ён згарэў у 1943 годзе.

Пасля рэвалюцыі царкву ў імя Цудатворца Мікалая ў вёсцы закрылі, а ў 1934 ці 1935 годзе разабралі,  матэрыялы выкарысталі для будаўніцтва клуба. У 1933 годзе школу перавялі ў панскі дом, дзе да гэтага размяшчалася бальніца. А бальніцу перавялі ў будынак школы (4-летка), загадваў ёю фельчар Шэлег. У новым  будынку абаснавалася  сямігодка.

У 1938 годзе кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне ссяліць усе хутары ў вёскі. Справа  была спачатку добраахвотнай. Выдавалі 2000 рублёў пазыкі, на новым месцы адводзілі 50 сотак зямлі.

У 1939 годзе ў Савічах былі толькі Старое сяло і Двор, а наўкола – палі  і хутары. У Савічах размералі  і размецілі вуліцы і ўчасткі, і пачалася ломка хутароў. Тыя, у каго былі добрыя землі і абуладкаваная гаспадарка, не хацелі перасяляцца ў вёску. Але на іх не звярталі ўвагі. Былі створаны спецыяльныя брыгады, якія прыязджалі на хутар, здымалі дах з хаты і перавозілі ў вёску. Воляй – няволяй прыходзілася разбіраць хату і перавозіць яе на новае месца. Да восені 1939 года ўсе хутары былі звезены ў вёску. І прыбавілася ў Савічах яшчэ 6 вуліц, а гаспадарак стала 282. Ведаю гэта таму,  што ў 1940 годзе да выбараў у Вярхоўны Савет СССР рабілі нумерацыю дамоў, а таблічкі пісаў я.

Памятаю,  маці гаварыла, што Савічы раней называлі Ператрутавічы.

Да вайны быў Савіцкі сельскі Савет. Пры набліжэнні фронта да вёскі сакратар сельсавета Мятлушка вынес  усе дакументы на двор і спаліў. Ніякіх архіваў не засталося. Сельсавет згарэў у 1943 годзе”.

рабавалі, пакуль было каго

Зімой 1929 – 1930 гг. у Савічах стварылі калгас, якому далі назву “Камінтэрн”. Як сведчыць запіс у эстафетным альбоме аб Савічах з Калінкавіцкага дзяржаўнага краязнаўчага музея: “Арганізацыя калгаса праходзіла вельмі марудна. Адразу ўступіла ў яго 8 сямей: Касьянчык Якаў Ільін, Капінскі Сямен Якаўлевіч, Яружынец Іван Паўлавіч, Касьянчык Павел Маркавіч і іншыя. Пасля людзі пачалі працаваць у калгасе добра. Пачаўся  стаханаўскі рух. Першымі стаханаўцамі былі Якуш Матруна, Якуш Марк, Якуш Пётр  Трафімавіч”.

Летапіс Савіч, які захоўваецца ў мясцовай бібліятэцы,  расказвае, што аднымі  з арганізатараў калгаса былі:  25 – тысячнік, масквіч Бунароў і рабочы з Калінкавіч Вознік. Першым старшынёй калгаса стаў калінкавічанін Вознік.

Актыўную работу па стварэнні калгаса і далучэнні савічан да новага ладу жыцця ажыццяўлялі мясцовыя камуністы Капінскі Сямён (загінуў на фронце), Касьянчык Іван (загінуў), Касьянчык Павел Маркавіч, Якуш Макар Фёдаравіч. Сакратаром Савіцкай партарганізацыі быў Касьянчык Якаў Ільіч, які загінуў на вайне. Дарэчы, камуністы таго часу не толькі  займаліся стварэннем калгасаў, але і вялі барацьбу з бандытызмам.  У раёне Міхайлаўскага і Варатына пад 1930 год дзейнічала банда Кісяля, дык вось савіцкія бальшавікі хадзілі на яе знішчэнне, як сведчыць вясковы Летапіс.

А вось,  што расказаў аб падзеях тых дзён Уладзімір Шкабар: “Была арганізавана вельмі моцная агітацыя насельніцтва і вострая барацьба з тымі, хто не жадаў ісці ў калгас. Калі хто – небудзь гаварыў хоць слова супраць калгаса альбо ўлады, таго акрэшчвалі  “падкулачнікам” і ён мог запраста апынуцца недзе ў ссылцы. Добра яшчэ, калі з сям’ёй, а то нават дзяцей забіралі ў іншыя месцы. Дзяцей разлучалі з бацькамі і ўнушалі  ім, што  бацькі – ворагі. Хтосьці ішоў у калгас паверыўшы прапагандзе, хтосьці  — ад бязвыхаднасці, хтосьці —  ад страху быць выселеным, добраахвотнікамі былі адзінкі. Мой бацька падаў заяву ў калгас, паверыўшы прапагандзе, але наўкола  вяліся размовы і супраць калгасаў. Ды і не хацелася ламаць спрадвечны ўклад жыцця, здаваць нажытую гадамі ў поце твару  ўласную маёмасць у калгас. Пасля некаторых хістанняў ён забраў заяву назад і больш ў калгас не пайшоў. Жыў аднаасобна, цягнуў непасільную падатковую лямку.

У калгас сабралі ўсю тэхніку, якая ў каго была: жаткі, малацілкі, конныя прывады да іх, конныя граблі, касілкі, плугі, бароны, вазы, коней, вупраж  і многае іншае.

Рабочыя былі падзелены на брыгады. Іх было, здаецца, пяць. Працавалі агульна – брыгадай. Але не вельмі душа ляжала працаваць за працадзень – рысачку ў кнізе брыгадзіра.

З сабранага ўраджаю ў першую чаргу збожжа здавалі дзяржаве, а таксама жыўнасць на мяса, сена, лён, каноплі. Потым засыпалі насенны фонд, затым – фураж – для жывёлы і, галоўнае, для коней.Тое, што заставалася – аддавалі на працадні, але гэта было ўсяго па 200 – 300 грамаў на працадзень. І да таго ж  не першай  якасці.

У 30-х гадах, калі ўсе багацеі былі знішчаны як клас, чарга дайшла да заможнага сялянства, якое пачалі называць  “кулакамі”. А гэта ж былі тыя, хто працаваў да сёмага поту на сваёй ніве і жыў у дастатку, не галадаў. На іх і накіравалі свае погляды тыя, хто ленаваўся працаваць, клапатліва весці сваю гаспадарку, а таму свайго нічога не мелі. З іх і стварылася новая праслойка грамадства – “камітэт беднаты”. На сваіх сходах яны вырашалі, каго раскулачваць.

Раскажу, як гэта рабілася. Каб падвесці селяніна пад раскулачванне,  на яго накладалі непасільныя падаткі. Калі ён мог іх аплаціць вынікамі сваёй працы, то на яго накладвалі дадатковы падатак, які ўжо не заўсёды ўдавалася аплаціць, так як не было чым. Тады прымяняўся наступны “закон” – “твердое задание”, якое ўжо выканаць было проста немагчыма. Пасля гэтага і вырашалася пытанне аб раскулачванні.

Прыязджала цэлая вераніца падвод, а зімой – саней, запрэжаных коньмі,  і  пачыналася рабаўніцтва гаспадаркі. Пад чыстую выграбалі ўсё збожжа, бульбу, выводзілі і забіралі карову, авечак  і  іншую жыўнасць, адзенне, абутак, іншую маёмасць. Гаспадароў арыштоўвалі  і адвозілі ў раён, у міліцыю, а адтуль — далей у спецлагеры на Поўнач, на Салаўкі, Котлас  і далей, кідалі там на волю лёсу ў тайзе, у пустынным месцы без жылля, без прадуктаў. Людзі мёрлі ад  голаду, ад хвароб і бязвыхаднасці. Так знішчаўся гаспадарлівы селянін, на змену якому наступаў калгас – калектыўная гаспадарка.

А ў суседняй вёсцы Беразнякі, напрыклад,  была арганізавана камуна. Усё, што адбіралі ў кулакоў, паступала на “агульны стол”. Жылі, харчаваліся разам у сталоўцы,  пакуль былі прадукты, якія адабралі ў кулакоў, а потым ехалі рабаваць чарговую гаспадарку. Працавалі апусціўшы рукі, а то і лайдачылі. Чарга дайшла і да серадняцкіх гаспадарак, з некаторымі паступілі  гэтак жа, як і з кулакамі. Рабавалі, елі, пакуль было каго рабаваць, а калі не стала – разбегліся хто куды. І дом двухпавярховы пакінулі. Вось такія былі камунары”.

Ноччу 7 жніўня 1937 года ў Савічах арыштавалі адразу пецярых:  58-гадовага Шкабара Макара Агеевіча, яго зяця Якуша Максіма Тарасавіча (42 гады), брата Максіма Міхаіла (33 гады),Труса Пятра, Савіцкага, а потым яшчэ і іншых. Аднаасобнікаў братоў Якушаў расстралялі 27 верасня, а Шкабара Макара — 2 кастрычніка гэтага ж года. З суседніх Беразнякоў Бабак Лук’ян Фёдаравіч, яго жонка і дачка, Бабак Ілля Фёдаравіч і яго сям’я памёрлі ў месцах зняволення, а Сербіна Дзям’яна расстралялі  2 кастрычніка 1937 года (Памяць. Калінкавіцкі раён, стар.187 – 188).

Так улады тых часоў выкаранялі ў грамадстве  вальнадумства і тых, хто не жадаў прымаць новы лад жыцця, хто працівіўся новаму ўкладу.

лінія сталіна

Напрыканцы 20-х гадоў кіраўніцтва маладой савецкай краіны прымае рашэнне аб стварэнні на заходніх рубяжах СССР умацаваных раёнаў (УР). Рашэнне прымалася ў складанай палітычнай абстаноўцы. Краіна толькі што крыху акрыяла пасля разрухі, якую выклікалі Першая сусветная і Грамадзянская войны, замежная інтэрвенцыя. На межах дзяржавы то тут, то там успыхвалі розныя правакацыі. Краіна знаходзілася ў міжнароднай ізаляцыі. Таму неабходна было як мага хутчэй надзейна ўмацаваць рубяжы краіны. Першачарговай задачай у гэтай сітуацыі бачылася стварэнне  моцных абарончых збудаванняў на мяжы з Польшчай, якая на той момант уяўлялася авангардам магчымага антысавецкага фронту.

Будаўніцтва ўмацаваных раёнаў  на заходняй граніцы Савецкага Саюза пачалося ў 1928 годзе, калі пачалі ўзводзіць Карэльскі ўмацаваны раён, які прыкрываў Ленінград з боку Фінляндыі, у Ленінградскай ваеннай акрузе, Мазырскі і Полацкі — у Беларускай ваеннай акрузе.

Арганізацыйная структура ўмацаванага раёна вызначалася асобна ў залежнасці ад важнасці напрамку, умоў мясцовасці і сродкаў. Да Вялікай Айчыннай вайны ў склад УР  звычайна ўваходзілі кіраванне і штаб, 3-4 асобных кулямётна- артылерыйскіх батальёны, некалькі асобных кулямётных рот і узвадоў кананірнай артылерыі, сапёрны батальён, батальён сувязі і аўтатранспартная рота. У час пагрозы колькасць артылерыйска-кулямётных батальёнаў магла  быць даведзена да 8. У шэрагу выпадкаўУР мог уключаць у свой састаў 1-2 артылерыйскіх дывізіёны альбо нават артылерыйскі полк.

Уласнымі сіламі ўмацаваны раён здольны быў весці ўпартую і працяглую абарону. Аднак моц УР многакратна ўзрастала, калі яго, акрамя пастаяннага гарнізона, дапаўнялі так званым палявым запаўненнем. Прасцей кажучы, УР павінен быў служыць апорнай базай вайсковага злучэння.

Сістэма вузлавых абарончых збудаванняў на “старой”(гэта значыць да 1939 года – І.Г.) граніцы СССР складалася з умацаваных раёнаў, якія расцягнуліся на лініі ад Карэль-скага перашыйка да берагоў Чорнага мора.

Непадалёк ад Савіч у 1928 годзе таксама пачалося ўзвя-дзенне абарончых збудаванняў, што ўвайшлі  ў сістэму, якая з падачы гітлераўскай прапаганды ў далейшым атрымала назву “Лінія Сталіна”.

Разам з будаўніцтвам ваеннага гарадка побач  з Савічамі будавалі і жалезную дарогу, якая павінна была злучыцца з чыгункай  у Акцябрскім раёне ля  станцыі Старушкі ці Рабкор. Прыкладна ў кіламетры ад Савіч ля хутара “Луцішча” будавалі чыгуначную станцыю. Тут былі пабудаваны склад-скія памяшканні.

Усцяж  ракі Трэмля, каля вёскі Стараселле, пабудавалі  7 ДОТаў  і  тры ДЗОТы.

Ваенны гарадок знаходзіўся ў лесе, у 1,5 кіламетрах ад Стараселля. Камандаваў вайсковай часцю, якая ўзводзіла абарончыя збудаванні ля Савіч, як успаміналі старажылы вёскі, Іван Скварцоў.

Пасля далучэння да Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны прыбалтыйскіх рэспублік  і Бесарабіі – да СССР, “Лінію  Сталіна” закансервіравалі і, прыкладна, на 300 кіламетраў заходней пачалі ўзводзіць новую лінію абароны, якая атрымала назву “Лінія  Молатава”.

Аднак нягледзячы на тое, што будаўніцтва абарончых аб’ектаў у Мазырскім 65-м умацаваным раёне да пачатку вайны не было завершаны, “Лінія Сталіна”сыграла сваю ролю  ў першыя тыдні вайны. Як адзначаюць гісторыкі, найбольш упартае супраціўленне акупантам аказалі абаронцы  Брэсцкага і Мазырскага ўмацаваных раёнаў. Абапіраючыся на апошні, войскі Чырвонай Арміі з 22 ліпеня па 22 жніўня ўтрымлівалі Калінкавічы, Мазыр, Тураў, Жыткавічы і Петрыкаў, не давалі магчымасці акупантам  рухацца на ўсход. Нават вораг у сваіх данясеннях вышэйшаму камандаванню  вымушаны быў адзначыць, што многія гарнізоны ДОТаў загінулі, але не здаліся.

памагатыя і без віны вінаватыя

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Савічах  у 276 дварах пражывала 1104 жыхары (Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941-1944).А44,Мн.: БелНДЦДААС, 1995. Стар.232).

“22 чэрвеня да 14.00 з Азарыч прый-шло паведамленне, што пачалася вайна,- занатаваў у сваіх успамінах Уладзімір Шкабар. – Адразу ўсё сціхла, насцярожылася. Замест гучных песень па вечарах цяпер чуваць быў жаночы плач. К вечару ўжо слухалі радыё ў сельсавеце, клубе і школе. Афіцыйна паведамлялі пра вайну. Назаўтра была аб’яўлена мабілізацыя, уключна па 1923 год. Мужчыны на развітанне, крыху падпіўшы, хто кідаўся ў скокі, хто плакаў; жанчыны плакалі ў голас; дзеці са слязьмі ціснуліся да  бацькоў, прымаючы апошнія іх пацалункі. Мабілізацыя ішла некалькі дзён. Пайшло больш 100 чалавек. Над вёскай навісла жалоба. Усё прыціхла ў чаканні зыходу гэтай страшнай навальніцы.

Тым часам у вёсцы быў арганізаваны знішчальны атрад, у які ўвайшлі старшыня сельсавета Крэк, старшыня калгаса Касьянчык Савасцей і яшчэ некалькі чалавек з актыву савецкіх работнікаў. Ім выдалі англійскія вінтоўкі. Задачай атрада была барацьба з нямецкімі дыверсантамі, якіх закідвалі ў  тыл нашай арміі для дыверсій.

Хутка з Заходняй Беларусі на груза-віку прыехаў Іван Юдзіцкі. Ён прывёз сваю сям’ю і сям’ю дырэктара МТС з-пад Гомеля. Яны тэрмінова паехалі на радзіму, дзе працавалі ў МТС. Бачылі па дарозе забітых жыхарамі Курылава разам з сям’ёй, які  працаваў суддзёй у раёне.

Хутка цераз вёску, з боку Стараселля,  пачаў рухацца конны корпус. Гэта было вялікае фарміраванне. Яны руха-ліся ўвесь дзень і размясціліся ў лясах,  усходней Савіч.

А затым штодзённа рухаліся ўзводамі чырвонаармейцы. Стомленыя, галодныя,  у гімнасцёрках, якія былі прапітаны потам і соллю.

І колькі б раз не праходзілі байцы – кожны ўзвод сустракалі жанчыны  з ежай і пітвом, што ў каго было. А  чырвонаармейцы ўсё часцей паяўляліся на шляху. Да жніўня ўжо сталі паяўляцца групы нямецкіх самалётаў, якія ляцелі на ўсход штосьці бамбіць.

Да сярэдзіны жніўня вайна ўшчыльную прыблізілася да нас. Дзесьці на поў-начы і паўночным усходзе, у напрамку вёскі Чыстая Лужа, сталі чуваць гарматныя раскаты і стракатня кулямётаў. Жанчыны спяшаліся сабраць ураджай, падзелены між калгаснікаў па колькасці душ у сям’і. Фронт рухаўся  паўз вёску ў напрамку Азарыч. Войскі, якія размясціліся па лясах  на ўсход ад вёскі, пачалі адходзіць на ўсход.

19 жніўня аб’явілі, што, магчыма, у Савічах будзе бой  і таму раілі эвакуіравацца ў Дубнякі, Варатын  і далей. Некаторыя прыслухаліся да парады  і паехалі з Савіч. Але асноўная маса нікуды не рушыла. Усе паспадзяваліся на Ўсявышняга. У гэты ж дзень усе войскі пайшлі на ўсход у напрамку Гомеля, Лоева.  Засталіся толькі паранены конь, ды чырвонаармейцы прабіраліся на ўсход з акружэння. Некаторыя заставаліся ў прымаках.

20  і да абеду 21 жніўня ў вёсцы не было ні немцаў, ні нашых. А пасля абеду 21 жніўня на дарозе з Заглушыч з’явіліся нямецкія салдаты, прыкладна чалавек 50-60. Нашы знішчальнікі з атрада самааховы паспрабавалі  іх абстраляць са сваіх бярданак з будынка школы, але атрымаўшы некалькі кулямётных чэргаў у свой бок, адразу ж зніклі.

Немцы ўвайшлі ў вёску і выставілі вартавых на перакрыжаванні  і канцах вуліц. Прабылі гадзіны 2-3 і пайшлі  ў бок Азарыч.

Так мы засталіся ў акупацыі, якая цягнулася аж да студзеня 1944 года.

Старшыня калгаса  Савасцей Ільіч прывёз сваю сям’ю з Дубнякоў і трапіў прама ў лапы  немцам. Яго папярэдзілі, што немцы прыйшлі, і ён сваю вінтоўку выкінуў у траву і прыехаў да хаты, дзе ўжо былі нямецкія салдаты. Тое, што ён камуніст  і старшыня, ніхто немцам не данёс. Ён пачаставаў немцаў мёдам, і яны пайшлі.

У верасні ці пачатку кастрычніка ў вёсцы аб’явілі сабрацца ўсім на сход. Прыйшлі жанчыны з дзецьмі,  старыя, ды падлеткі. Сход сабраў і адкрыў былы старшыня калгаса Савасцей Ільіч. Ён аб’явіў, што камендант раёна назначыў яго бургамістрам воласці, трэба яшчэ выбраць старасту вёскі   і паліцаяў. Пачалі меркаваць. Выбіраць не было каго. Але хтосьці прапанаваў Якуша Васіля Герасімавіча. Той  застаўся дома, таму што быў хворы  і да вайсковай службы не прыгодны. Ён не хацеў быць старастай, стаў перад людзьмі на калені, але сход выбраў яго.

А хутка партызаны пачалі адлоўліваць стараст і паліцаяў і расстрэльваць іх. Васіль дома не жыў – хаваўся ў сястры ў Беразняках. Але аднойчы ў студзені 1942 года ён прыехаў раніцой  дахаты, і тут яго партызаны і захапілі. Вестка пра яго арышт імгненна разнеслася па сялу. Збегліся жанчыны і не далі партызанам  забіць яго. Яны пераканалі  іх, што чалавек стаў старастай паміма сваёй волі, па просьбе  жыхароў вёскі. Яго пакінулі ў спакоі, бо ён і сапраўды не імкнуўся выконваць волю немцаў, усё выконваў Савасцей, які часта наведваў раённага каменданта.

Якую мэту трымаў ён у сваім розуме, і каму сапраўды служыў – не ведае ніхто. Але казарму для паліцыі ён размясціў у доме настаў-нікаў, непадалёку ад сваёй хаты. І службу сваю нёс да лістапада 1943  года, пакуль не загадалі эвакуіравацца з немцамі на захад. Тады ён узяў сваю сям’ю (жонку, дачку і сына), запрог каня, пагрузіў нейкую маёмасць і накіраваўся ў бежанцы.

Гавораць, бачылі яго сям’ю ў суправаджэнні нямецкага  афіцэра.  Дачка яго была сапраўднай прыгажуняй.

Але вось у кнізе “Памяць. Калінкавіцкі раён” знаходжу яго імя і звестку, што ён загінуў 14.01.1945 года ў Польшчы ў званні яфрэйтара. Дзе ісціна, мне невядома. І ніякія архівы гэтага не скажуць. У архівах КГБ  можна знайсці толькі справу Якуша Васіля Герасімавіча – былога старасты. Ён хоць і не па сваёй волі ім стаў, і дрэннага нікому не зрабіў, аднак,  пасля вызвалення быў асуджаны на 10 гадоў.

На вясковым сходзе былі выбраны 6 чалавек у паліцыю на чале з Камісаравым. Гэта быў зяць Кундзельскіх, які да вайны працаваў у лясгасе ці то  ляснічым,ці дырэктарам. Як ён у вайну апынуўся дома, не памятаю, відаць, прыйшоў з акружэння.

Астатнімі паліцаямі была моладзь, якая не трапіла пад мабілізацыю, а таксама не надта разумныя. Спачатку яны не разумелі, у якую катавасію трапілі, зразумелі, калі за імі пачалі паляваць партызаны.Яны пачалі хавацца, хто дзе. Часцей усяго ў Азарычах, дзе была нямецкая камендатура і раённая паліцыя.

У снежні 1941 года аднойчы вечарам на двух санях на нашу вуліцу прыехалі партызаны да Бохана Тараса за вінтоўкай, якую ён прынёс з акружэння. Пра яе ведаў чалавек, які разам з ім дабіраўся да хаты. Ён быў з Колак і пайшоў у партызаны. Пра вінтоўку ведалі і паліцаі  і забралі яе.

У хаце Тараса было некалькі суседскіх мужыкоў, яны курылі, бо ў Тараса сушыўся калгасны цюцюн. Агледзеўшы мужыкоў, партызаны вырашылі, што гэта сабраліся паліцаі. Тараса абвінавацілі ў службе паліцыі, а Мікалай (Папок) з перапуду пацвердзіў, што Тарас – паліцай. Яго прывялі да хаты Яфіма Кундзель-скага  і там застрэлілі. Так загінуў ні ў чым не павінны чалавек.

У той кампаніі быў і  толькі што выкуплены з Бабруйскага лагера ваеннапалонных Яфім Кундзельскі. Ён быў вельмі слабы і ледзь трымаўся на нагах, увесь час адставаў. Яго падганялі, падпіхвалі ў спіну дуламі вінтовак. У далейшым, калі ён памацнеў, то пайшоў у паліцыю з помсты за здзек над сабой. Увесь час хадзіў з кулямётам. У час распаду паліцэйскага ўчастка ён знік з вачэй паліцыі, бо тыя самі хацелі здаць яго партызанам.

Пасля расправы ў Савічах партызаны накіраваліся ў бок Азарыч. Але каля Крукавіч іх абстралялі паліцаі і яны павярнулі назад, галопам праляцелі цераз Савічы і зніклі ў напрамку Колак. Пасля гэтай баталіі прыехалі немцы і абаснавалі ў вёсцы паліцэйскі гарнізон. Размясціўся ён спачатку ў калгаснай канцылярыі, побач з клубам, а пасля перабраўся  ў дом, дзе да вайны жылі настаўнікі, побач са школай. У паліцыю  пачалі вербаваць моладзь і тых, хто вырваўся з нямецкага палону. Гэта былі не толькі жыхары Савіч, але і мужыкі са Стараселля, Міхайлаўскага, Слабады.  Былі сярод іх і прымакі – акружэнцы. Да вясны 1942 года іх набралася ўжо 13 чалавек. Зброя была наша – рускія вінтоўкі і два  ручных “Дзегцяры”. Сярод паліцаяў добраахвотнікаў былі адзінкі, астатнія апынуліся там пад прымусам, рознымі метадамі, аж да адпраўкі ў Бабруйскі канцлагер.

Да вайны ў новым магазіне гандляваў нейкі Філонаў з боку Даманавіч. Ён быў інвалідам, на назе ў яго была незагойная язва. Гаварылі, што яе яму зрабіла цешча нейкімі травамі, каб яго не ўзялі ў армію. Жыў ён у хаце Яфіма Кундзельскага, так як Яфім паехаў у 1940 годзе па добраахвотнаму перасяленню ў Сібір, а хата яго пуставала.

Восенню 1941 года да яго па начах наведваліся партызаны ці іх сувязныя. Хтосьці аб гэтым паведаміў немцам. У студзені ці лютым 1942 года яго забралі, са спецатрадам давезлі да Колак і там расстралялі.

У чэрвені 1942–га партызаны здзейснілі аперацыю па разгрому савіцкай паліцыі. Раніцой, гадзін у 4-5 , вёску акружылі,  і пачалася страляніна. Паліцаі заселі ў сваіх траншэях вакол двара, дзе яны дыслацыраваліся. Партызаны захапілі ўсю вёску,  за выключэннем паліцэйскага двара. Бой працягваўся доўга, але да 10 – 11 гадзін дня да паліцаяў прыспела дапамога. Партызаны пакінулі вёску.

У ходзе боя адзін паліцай атрымаў раненне ў руку, загінула некалькі партызан. Іх пахавалі на могілках у брацкай магіле каля паўночнай агароджы.У ходзе  стральбы некаторыя  жыхары вёскі  кінуліся наўцёкі. На балоце да Дворышча затым знайшлі забітую жанчыну, а ў доме Вішнеўскіх шалёнай куляй быў забіты 10-11-гадовы Федзька, на поўначы вёскі, у жыце,  знайшлі мужчыну (ён быццам бы быў настаўнікам і жаніўся на нашай дзяўчыне, жыў у Савічах).

Пасля гэтага бою паліцэйскі  гарнізон зноў папоўніўся. Мабілізоўвалі ўсіх падрад, і набралася больш паўсотні.

Наступнае наступленне партызан на Савічы адбылося  ў канцы мая 1943 года, але без бою. Партызаны арганізавалі наступленне ў адзін дзень  адразу на некалькі гарнізонаў адначасова. Напярэдадні наступлення паліцаі  выявілі ў лесе  іх месца стаянкі і паслалі ў Азарычы пасыльнага з дакладам немцам. К вечару з Бабруйска прыляцелі два самалёты і пакідалі бомбы на тое месца. Але паліцаі былі ўсяроўна насцярожаны. На ноч яны зышлі з казармы на могілкі. Калі раніцой партызаны прыйшлі ў вёску, то паліцаяў не знайшлі, тыя сышлі ў лес, а затым у Азарычы. У вёсцы пачаўся дзікі шабаш – пачалі паліць хаты паліцаяў, і зусім безпадстаўна спалілі грамадскія будынкі: школу, клуб, канцылярыю калгаса, сельмаг, у які кінулі паліцая,  і сельсавет. Гэта была помста за бой 1942 года.

Партызаны стаялі ў вёсцы тыдзень, а пасля прыляцелі два  самалёты і пачалі бамбіць вёску. Адна бомба трапіла ў дом Касьянчыка Андрэя  і ад яго засталася толькі глыбокая варонка. Параніла Шэсцялёву дзяўчынку гадоў 10-11. Адзін самалёт скінуў запальную бомбу на хату Беразоўскіх, і яна загарэлася. Насельніцтва падалося ў лес, у Беразнякі. Потым і партызаны пайшлі з вёскі. Назаўтра з боку Колак прыйшлі немцы і спецатрад. У Савічах зноў аднавілі паліцэйскі гарнізон, які праіснаваў да канца кастрычніка“.

у нямеччыне

Калі савецкія войскі наблізіліся да Савіч, немцы пачалі хапаць маладых людзей і прымусова вывозіць  іх на работы ў Германію. Вязнямі нацыстаў сталі савіцкія дзяўчаты і хлопцы, якія не паспелі збегчы ў лес. Што ім прыйшлося вынесці,  расказвае ў  сваім пісьме  свайму дзядзьку – Уладзіміру Шкабару, яго пляменнік, сын сястры Марыі Якуш Рыгор Міхайлавіч. Напісаў ён яго  пасля вайны, у 1949 годзе. Копія гэтага пісьма захоў-ваецца  і зараз  у музеі Савіцкай школы.

“Дзядзька! Калі вы пайшлі ў партызаны (пачатак лістапада 1943 года – І.Г.), у хуткасці і мы падаліся ў лес, а бабуля засталася дома, таму што ў нас у хляве  ў снапах была захавана карова. Мы былі ў лесе ў Заглушычах. Савіцкіх людзей з намі было шмат. Цераз нейкі час на нас пайшоў нямецкі фронт. Адна лінія фронту была папераду нас, і дзьве – ззаду. Нас нікуды не пускалі. Шмат людзей было пабіта, але да  нас Бог быў літасцівы. Калі немцы адступалі, нас пагналі ў тыл, у в. Сякерычы, дзе мы пад снарадамі ляжалі два тыдні. Хто застаўся жывы, таго пагналі ў Глускі раён. Народу было шмат. Гналі нас калонай па тры чалавекі, а немцы на нас гналі свае танкі і чалавечая кроў мяшалася з граззю. Так працягвалася 100 кіламетраў. Хто адставаў хоць на два – тры крокі ад калоны – таго прыстрэльвалі на дарозе. Мне тады было ўсяго 7 гадкоў і мамка несла мяне на сваіх плячах. Гэты страшэнны здзек я буду памятаць усё жыццё.

Затым нас прыгналі  ў в.Харомцы, дзе мы пражылі тры месяцы. Перад адступленнем немцы перад раніцой акружылі вёску і ўзялі ўсіх, хто трапіў пад руку. Пакінулі толькі старых ды крывых. Дарослых пагналі на работу, а дзяцей ад 7 да 14 гадоў забралі для пералівання крыві сваім параненым. Дзяцей было шмат, у тым ліку і я з Валяй (сястра – І.Г.). Мацярок да нас не пускалі. Але наша мамка не адставала ад нас. Нас павезлі пад Мінск у Мар’іну горку, яна і там нас знайшла. Там былі дзеці не толькі з Беларусі, але і з іншых краёў. Усяго 1700 дзяцей. Дзяцей адрывалі ад сям’і гадоў да 9. Так што мне давялося разлучыцца з Валяй. Мамка мяне адкрала, і  мы схаваліся ў лазні, праляжалі ўвесь дзень у вадзе. Калі павезлі меншых  дзяцей, то мы прыйшлі ў лагер і знайшлі сваю Вальку. У гэты час немцы моцна пабілі мамку. А ў 10 гадзін вечара нас пагрузілі ў цягнік і павезлі ў Германію. У гэты час нашы ўзялі Бабруйск  і немцы былі ў паніцы. Сем жанчын разам з нашай мамай ехалі з намі разам да Варшавы, а ў Варшаве немцы выгналі нашых маток. Да Усходняй Прусіі мы ехалі без маці.

Нас памясцілі ў лагер у г.Фількенбург. Там нас і знайшла наша мама, а з ёю яшчэ 6 жанчын. Яны сядзелі тры тыдні ў падвалах, дзе іх збівалі да смерці. Праз тры тыдні іх выпусцілі да нас і нас разам з імі адвезлі ў Аўстрыю, у Альпійскія горы. Там мы прабылі 10 месяцаў. Мы былі ў нейкай шчыліне, з якой неба было відаць, як люстэрка. Гэта было за 35 кіламетраў ад італьянскай граніцы. Есці давалі вараную крапіву і хлеб – адзін кілаграм на 16 чалавек. Шмат народу памёрла, на іх магілах сеялі авёс. Нас вызвалілі амерыканцы і англічане.”

У час акупацыі многія жыхары Савіч сталі вязнямі Азарыцкага лагера смерці. Не ўсе вярнуліся з яго жывымі.  Для тых жа, хто застаўся ў жывых, нацысцкая няволя не прайшла  бясследна. Напрыклад, сястра Грышы Якуша Валя  ўсё жыццё хварэла і памёрла ў 50-гадовым узросце  ў  1981 годзе ў Чарнобылі, дзе жыла. Сам Рыгор  захварэў на сухоты. Двойчы яму рабілі аперацыі на лёгкіх, але гэта не дапамагло. Памёр у 2006 годзе ў в. Мілая пад Кіевам.

іван ГАРЫСТ.

 

 

 

Please follow and like us:

2 комментариев для “Савічы

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.