Ямнае

Апошні тыдзень жніўня выдаўся нечакана дажджлівым і халодным для летняй пары. Сонца нібыта за штосьці пакрыўдзілася і перастала радаваць людзей сваімі апошнімі развітальнымі ўсмешкамі.

Машына жвава імчала нас па аўтамабільнай дарозе Калінкавічы — Бабруйск насустрач знаёмству яшчэ з адным малым населеным пунктам раёна – вёскай Ямнае, што знаходзіцца на тэрыторыі Капліцкага сельсавета.

Абапал шашы  распрасціраліся лясы, неаглядныя палі, асушаныя землі. Прастора была засінена асеннім смуткам, неба зацягнута шчыльнымі дажджлівымі хмарамі. Але на душы ўсё роўна было радасна: наперадзе сустрэча з новымі людзьмі, новымі краявідамі, новымі ўражаннямі.

Людзі ў маленькіх вёсачках жывуць, нібы ў нейкім своеасаблівым свеце. У іх ужо ўстояны і памяркоўны  ўклад жыцця, свае асабістыя праблемы і клопаты. Яны даўно змірыліся з адсутнасцю вытворчасці і працоўных месцаў, шматлікімі іншымі фактарамі, якія ўплываюць на павялічванне адтоку людзей з вёсак, у тым ліку і моладзі. Але ўсё ж і зараз там жывуць людзі, якія сябе выдатна адчуваюць, знаходзячыся ўдалечыні ад гарадской мітусні, і тым самым захоўваюць жыццё сваёй малой радзімы.

Час няспынна перагортвае старонкi жыцця, пакiдаючы на iх свае адмецiны-запiсы.

…Згодна пісьмовых крыніц, вёска Ямнае яшчэ адносна маладая. Яна была заснавана ў пачатку 20 стагоддзя перасяленцамі з суседніх вёсак. Значэнне назвы населенага пункта зразумела і без тлумачэння: яна звязана з асаблівасцямі рэльефу той мясцовасці.

У 1908 годзе Ямнае ўпамінаецца, як хутар у Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета, у якім пражывала толькі 5 жыхароў.

Вядома, што ў 1931 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас. У тыя гады ў населеным пункце працавала пачатковая школа, у якой у 1935 годзе налічвалася 54 вучні.

З Вялікай Айчыннай вайны дадому не вярнуліся 26 вяскоўцаў. Толькі ў апошнія гады вайны ва Усходняй Прусіі загінулі Сцяпан Алісейка і Ігнат Шпак, у Карэліі – Піліп Варатковіч і Павел Барысенка, Канстанцін Шаблінскі і Павел Крук склалі свае галовы ў Польшчы, Клім Ганчарэнка і Мікалай Шаблінскі загінулі на тэрыторыі Беларусі. Памяць аб іх ушаноўвае стэла, пастаўленая ў 1969 годзе ў цэнтры вёскі.

Паводле перапісу 1959 года,  у Ямным пражывала 114 жыхароў, многія з іх працавалі ў саўгасе “Каплічы”.

Планіроўка вёскі складалася з прамалінейнай, кароткай, мерыдыянальнай вуліцы, забудаванай сялянскімі драўлянымі сядзібамі. Была тут і крама. Цяпер два разы на тыдні сюды прыязджае аўталаўка.

Яшчэ дзевяць гадоў таму ў Ямным пражывала 11 жыхароў. Сёння ж, згодна прапісцы, іх толькі трое. На самой жа справе, як высветлілася ў Капліцкім сельскім савеце, фактычна у вёсцы жывуць шэсць чалавек…

Ну вось мы і ў Ямным. Як і казала часова выконваючая абавязкі старшыні сельсавета Алена Зубарава, Ямнае зусім не падобна на вымершую вёску. Тут не пабачыш старых хат з абваленымі сценамі, выбітымі шыбамі і парушанымі стрэхамі. Яшчэ летась былы старшыня сельвыканкама Генадзь Кавальчук загадаў іх знесці. Частку вызваленай плошчы перадалі лясніцтву, астатнюю ўзаралі  пад кукурузнае поле. Таму жылыя хаты тут сустракаюцца дзе-нідзе. Яны нібыта рассыпаліся па вёсцы, пахаваліся за дрэўцамі бэзу, вольхі, асіны ды арэшніку, што растуць уздоўж дарогі.

Бачым, нарэшце, і першую з іх. Згодна інфармацыі, якой забяспечыла нас Алена Іванаўна, тут пражывае Леанід Мірыеўскі, які не так даўно выйшаў на заслужаны адпачынак.

Насупраць хаты Леаніда Аляксеевіча – прыгожы калодзеж з намаляванай на ім кветачкай. Кветкі ўпрыгожваюць і драўляны плот, за якім вырасла вялізная груша-дзічка.

На жаль, гаспадара дома мы не засталі. На дзвярах вісеў замок, і ніякі гук у двары, акрамя пахрумвання дзічак пад нагамі, не ўказваў на тое, што тут нехта ёсць. Потым мы даведаліся, што Леанід у той дажджлівы дзень накіраваўся ў лес па грыбы. Вядома, што ў такое надвор’е яны добра растуць. Спадзяюся, Леанід Аляксеевіч выхадзіў пад дажджом нездарма.

У доме пад лічбай 3 пражывае ўдава ліквідатара чарнобыльскай аварыі Наталля Дземідовіч, якая аказалася дома не адна. Да жанчыны завіталі яе дочкі з зяцямі, таму ў хаце адчувалася атмасфера вялікай радасці ад доўгачаканай сустрэчы.

— Некалі наша вёска была вялікай і вясёлай. Дзяцей было шмат, на лета ўнукі да бабуль з дзядулямі прыязджалі. А цяпер амаль нікога не засталося, — уздыхнула Наталля Паліфераўна. – Добра, што хоць дзеці не забываюць. А яшчэ, шчыра скажу, ніколі не думала, што дачакаюся праўнукаў…

Жанчына нарадзілася і жыла ў Ямным да замужжа. Замуж пайшла за хлопца з Навасёлак. Яе Аляксей быў мараком і служыў на флоце. Прыйшлося маладзіцы паехаць за ім аж пад Данецк.

Праз шэсць гадоў яны вярнуліся на радзіму, у Ямнае. Наталля Паліфераўна нарадзіла трох дачок і ўсё жыццё сумленна працавала ў саўгаснай брыгадзе, затым вазіла малако.

— А вы ведаеце, што я ў Ямным была самая граматная? – пытаецца яна ў мяне. – Скончыла аж сем класаў. Усе школу пакідалі, бо трэба было 8 кіламетраў праз лес хадзіць. Я адна не кінула. Іду, памятаю, і кожнага пня страшуся: думаю, гэта воўк сядзіць.

Пасля школы я уладкавалася працаваць на Беразнянскі сепаратарны пункт. Вельмі хацела зарабіць грошай на абноўкі. Маладая ж, прыгожая была! Адпрацавала два сезоны, накупіла сабе ўсяго: паліто, касцюм, дзве сукенкі, туфлі на абцасе, хустачак розных…

— А помніш, маці, як вы з бацькам на машыну грошы капілі? – смяеецца адна з дачок Наталлі Паліфераўны.

— Тады было зусім не смешна, — адказвае жанчына. – Гадавалі дзве каровы, вялікая была ў нас гаспадарка – збіралі на машыну. А як радаваліся, калі падыйшла наша чарга ў Даманавічы за дыванком ехаць! Зараз тыя каўры нікому не патрэбны. Ўжо і на сцены іх не хочуць вешаць. А раней марылі пра дыванок пад нагамі… Але ж я пра машыну пачынала казаць… Прапалі тады нашы грошы, абясцэніліся.

Ты пытала, донька, як я тут жыву? Добра жыву. На старасці гадоў дачушкі мне дапамагаюць, даглядаюць. Столькі адзення панавезлі, што не ведаю, калі знашу. Ім то не падыходзіць, то не моднае — усё мне звозяць.

Фельдчарка добрая ў нас у Каплічах на ФАПе. Вельмі ўважлівая, прыязджае, калі трэба, лячэнне добрае прызначае. І кіраўніцтва не крыўдзіць жыхароў нашай вёскі. Былы старшыня Кавальчук, калі да нас у зімовую завею не даходзіла аўталаўка, сам прадукты нам на машыне прывозіў.

Канешне, адной сумна. Тэлевізар глядзець жа заўсёды не будзеш. Падсялілі б у Ямнае некалькі баб, такіх, як я, было б значна весялей!..

Дарэчы, у маі Наталля Дземідовіч адзначыла свае 80-годдзе. У жанчыны пяць унукаў і восем праўнукаў, старэйшаму з якіх ужо 19 гадоў.

Па суседству з Наталляй Паліфераўнай жыве заўзяты рыбалоў Анатоль Паўлоўскі. Ён нават матацыкл пад сябе поўнасцю перарабіў, каб зручна было па рыбу ездзіць.

— Добра што вы мяне засталі. Толькі з канавы прыехаў, дождж прагнаў, — распавядае мужчына. — Хата гэта бацькоўская.

Як маці памерла, так я сюды з Мазыра і перабраўся. Брат з сёстрамі таксама сюды прыязджаюць. Можна сказаць, што гэта наша агульная дача. Але пастаянна жыву я тут адзін. У мяне ІІ група інваліднасці. У горадзе што? Балкон — пад’езд. А тут – свабода, свежае паветра.

— Рыба хоць водзіцца? – запытаўся ў Анатоля наш фотакарэспандэнт.

— А як жа? І ў канаве, і ў Іпе. Карасі, ліноў шмат. Адным словам, “скавароднікаў” хапае. Учора шчупака добрага злавіў.

І агарод у мяне тут. Вось глядзіце, колькі кавуноў нарасціў. У нас яны ого-го, як растуць! — паказвае на кучу паласатых гарбузікаў гаспадар. – Хочаце, частуйцеся. Паспытайце нашых ямніцкіх кавуноў!

Паспыталі. І праўда, смачныя. Потым запыталі Анатоля, дзе знайсці Еву Шпак.

— Крыху далей. Там пабачыце ружовы плот, — адказаў гаспадар цуда-матацыкла.

Еву Іванаўну мы засталі дома.

— А куды тут хадзіць? – здзіўлена спытала яна. – Толькі да аўталаўкі хіба.

У Ямным жанчына жыве з 1958 года. Сама  з Навасёлак.

— Замуж сюды пайшла за ўдаўца, — растлумачыла Ева Іванаўна. – Ужо 11 гадоў мінула, як памёр мой гаспадар.

Канстанцін Іванавіч быў удаўцом з двумя дзецьмі. Працаваў брыгадзірам.

— Тады ў калгасе было два хлявы адных толькі быкоў, людзі па чарзе пасцілі два статкі свойскіх кароў. Людзей было багата, у кожнай хаце – дзеці, — успамінае жыхарка вёскі. – Толькі ў нас было трое: двое Косціных і адзін агульны. Я ніколі не дзяліла дзяцей на сваіх і чужых. Была для ўсіх роднай маці.

Сёння Еве Іванаўне 88 гадоў, зразумела, ніякай гаспадаркі ў жанчыны ўжо няма, толькі невялікі агарод. Апошнія два гады яна зімавала ў сына ў Калінкавічах. Але як толькі сыходзіць снег, едзе дадому.

— Што мне ў тым горадзе рабіць? – пытаецца. – У дзяцей добра, а ў роднай хаце ўсё роўна лепей.

Апошняя хата ў нашым маршруце аказалася на самой справе апошняй. Прычым, у літаральным сэнсе. Мікалай Шаблінскі і Любоў Падвальная жывуць на самым канцы вёскі. Хаця раней за бацькоўскай хатай Мікалая было яшчэ некалькі жылых дамоў.

Гэтая пара ў 90-х гадах пераехала ў Ямнае з Капліч. Жанчына была ўжо на пенсіі. Да гэтага яна доўгі час працавала даяркай. Мікалай дваццаць гадоў адпрацаваў трактарыстам у саўгасе. Да мінулага году яны трымалі добрую гаспадарку, пакуль здароўе руплівай гаспадыні не падкасіў жудасны няшчасны выпадак.

У пачатку кастрычніка Любоў Іванаўна паехала да ўнучкі ў Чачэрскі раён. Пры пераходзе праезжай часткі дарогі жанчыну збіла машына. Шафёр папаўся сумленны: не пакінуў гаротніцу на дарозе, а хутка адвёз яе ў бальніцу.

Але што з таго? За адзін дзень здаровая, поўная жыцця жанчына, ператварылася ў калеку без адной нагі.

— Зараз чакаю пратэз са сталіцы. Бог дасць, буду хадзіць — зноў гаспадарку завяду, агарод засею. Як гэта ў вёсцы, ды без агарода? І памідор трэба каб свой быў, і агурок… Курак развяду. Свае ж яйкі смачнейшыя, чым магазінныя. Я прывыкла з людзьмі быць, — працягвае Любоў Іванаўна. — У мяне ў Каплічах дачка, сяброўкі. Раней параблю работу, сяду на веласіпед, і туды…

Дачакаюся пратэза, куплю новы веласіпед. Спадзяюся, што ўсё будзе, як раней…

Упэўнена, так яно і будзе. Што тычыцца ўмоў жыцця, то калі пра гэта зайшла гаворка, і Любоў Падвальная, і Мікалай Шаблінскі ў адзін голас пачалі выказваць падзяку ў адрас дырэктара гаспадаркі Міхаіла Капінскага.

— Нягледзячы на тое, что нас тут так мала, а пенсіянераў яшчэ менш, кіраўніцтва ўжо два гады запар восенню выдае пенсіянерам па 10 мяшкоў бульбы. У нас няма тэхнікі, хто ж яе нам дапаможа садзіць. Сямян таксама ўжо не засталося. І Міхаіл Анатольевіч гэта разумее. Дзякуй яму за ўсё…

Вось так адным пахмурным і дажджлівым пятнічным днём мы пазнаёміліся з вёскай Ямнае і яе сціплымі і працавітымі жыхарамі, шчырымі на дабрыню і гасціннасць. Толькі вось, на жаль, іх засталося вельмі мала. Але вёска яшчэ жыве. І гэта галоўнае.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.