Выжыў салдат усім смярцям назло

Палазнік К.Е. у цэнтры з сябрамі. Даваеннае  фота

Палазнік К.Е. у цэнтры з сябрамі. Даваеннае фота

У гістарычным нарысе “Сухавічы і Шыічы”, які толькі што быў надрукаваны на старонках “КН”, у главе “Шыіцкія героі” я размясціў фотаздымак ураджэнца вёскі Шыічы Палазніка Кірылы Емяльянавіча, 1913 г.н., які быў знойдзены на сайце “ОБД Мемориал”.

Здымак, як сведчыў фотадакумент, змешчаны на гэтым сайце, быў зроблены ў 1942 г., калі небарака знаходзіўся ў аўстрыйскім канцлагеры г. Бадэн. На гэтым жа сайце значыцца, што Палазнік Кірыла Емяльянавіч, 1913 г.н., які нарадзіўся ў Шыічах Калінкавіцкага раёна Палескай вобласці, і маці якога з’яўляецца Варвара Палазнік, 29 чэрвеня 1942 года быў унесены ў Пайменны спіс незваротных страт асабовага складу ваеннапалонных, што знаходзіліся ў лагеры ў г. Бадэне (Аўстрыя).

У 2003 г. у свет выйшла кніга Xуберта Шпекнера «Ва ўладзе ворага. Ваеннапалонныя ў «Остмарку» з 1939 па 1945 г.» (“In der Gewalt des Feindes: Kriegsgefangenenlager in der «Ostmark» 1939 bis 1945”), які працаваў на той час у ваенна-гістарычным музеі ў Вене. Гэта было першае буйное даследаванне аб савецкіх, французскіх, бельгійскіх, польскіх, англійскіх, амерыканскіх і італьянскіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў лагерах Аўстрыі («Остмарка»).
Вывучыўшы шматлікія архіўныя матэрыялы, Шпекнер устанавіў не толькі агульную колькасць ваеннапалонных у кожным шталазе і офлазе (шталаг (ад ням. Stammlager — асноўны лагер) — лагер германскіх узброеных сіл для ваеннапалонных радавога складу падчас Другой сусветнай вайны; оflag — лагер ваеннапалонных афіцэраў – І.Г.), але і паказаў памеры страт, колькасць загінуўшых у лагерах «Остмарка».

Архіўны дакумент

Архіўны дакумент

Па падліках Шпекнера, у Аўстрыі, якая была падзелена на дзве ваенныя акругі, у лагерах XVII ваеннай акругі на 1 снежня 1944 г. знаходзілася 29 134, у лагерах XVIII ваеннай акругі — 15 582 савецкіх палонных, а іх агульная колькасць дасягала 44 716 чалавек, 22 121 — загінулі. Калі ўлічыць ахвяры канцлагера Маўтхаўзен, дзе было забіта, па меншай меры, 10 657 савецкіх палонных, то колькасць загінуўшых савецкіх ваеннапалонных у лагерах «Остмарка» ўзрасце да 33 696 чалавек. Усяго ж, па сцвярджэнні Шпекнера, у лагерах «Остмарка» загінула 23 039 ваеннапалонных усіх нацыянальнасцяў, 96% з іх — савецкія ваеннапалонныя.
Не дзіва, што пасля такой інфармацыі ў мяне нават думкі не магло ўзнікнуць паводле далейшага лёсу Кірылы Палазніка. Раз запісана, што “унесены ў Пайменны спіс незваротных страт”, значыць загінуў.
У саміх Шыічах пра лёс Кірылы Палазніка даведацца таксама нічога не ўдалося: ні ў сельскім савеце, ні ў школе, ні сярод старажылаў, з якімі я гутарыў, пра яго ніхто нічога не ведаў.
З дакументаў жа, якія знайшоў на сайтах “Память народа” і “ОБД Мемориал”, вынікала, што Палазнік К.Е. па першаму закліку ў 1941 г. быў накіраваны на фронт. Трапіў у 605-ы стралковы полк 132-й стралковай дывізіі. Дывізія, у якой служыў шыіцкі хлопец, апынулася на самым вастрыі варожых атак. Так, 12 ліпеня 1941 года тыя часткі 132-й дывізіі, якія засяродзіліся ў раёне Чавусаў, былі кінуты ў бой на мяжы Быхаўскага плацдарма на паўднёвы захад ад Чавусаў у раёне Капані і Усушак, а 13 ліпеня раніцай сумесна са 137-й стралковай дывізіяй прынялі першы і жорсткі бой з танкавай групай Гудэрыяна, у якім дывізія панесла першыя страты.
Неўзабаве часці дывізіі трапілі ў акружэнне, выходзячы з якога пры фарсіраванні ракі Сож панеслі вялікія страты. На ўсходнім беразе ракі 21 ліпеня занялі пазіцыі. А 24 ліпеня перадалі частку асабістага складу суседняй 137-й стралковай дывізіі. Ядро ж 132-й дывізіі было адведзена для фарміравання ў раён Гомеля.
У першыя дні жніўня, калі камплектаванне дывізіі ўжо скончылася, камандуючы абвясціў, што праціўнік фарсіраваў Сож і разгортвае наступленне на Рослаўль. Дывізіі ставілася задача выйсці ў раён Крычава напярэймы гэтай варожай групоўкі.
Дывізія зноў улілася ў склад 13-й арміі. 45-му стралковаму корпусу ставілася задача — забяспечыць прарыў 21-й горна-кавалерыйскай дывізіі ў раёне паміж Кісялёвай Будай і Сяльцом. Тры дні, з 7 жніўня, супраць наступаючай 132-й стралковай дывізіі, 137-й стралковай дывізіі і 21-й горнакавалерыйскай дывізіі працаваў амаль увесь 2-гі паветраны флот люфтваффе пад камандаваннем Кессельрынга. Авіяцыя нанесла войскам сур’ёзныя страты і фактычна сарвала ўвод у прарыў 21-й горнакавалерыйскай дывізіі палкоўніка Куліева. 132-я стралковая дывізія панесла вялікія страты.

Марыя Якаўлеўна, госця Палазнікаў  (імя невядома), Кірыла Емяльянавіч і іх дачка Тамара

Марыя Якаўлеўна, госця Палазнікаў
(імя невядома), Кірыла Емяльянавіч і іх дачка Тамара

Рэшткі дывізіі, асобнымі групамі выходзячы з акружэння, сталі адыходзіць на поўдзень у раён Трубчэвска. У гэтыя жнівеньскія дні загінуў амаль увесь 45-ы стралковы корпус разам са сваім камандзірам Магонам Э. Я.
У час гэтых кровапралітных баёў, 8 жніўня, трапіў у палон і радавы 605-га палка Кірыла Палазнік. Спачатку бядак апынуўся ў Бабруйскім лагеры ваеннапалонных, а ў хуткім яго разам з іншымі савецкімі ваеннапалоннымі пераправілі ў Еўропу. У 1942 г., як сведчаць архіўныя дакументы, ён знаходзіўся ўжо ў канцлагеры ў Аўстрыі.
Мы прывыклі, што праўдзівую інфармацыю можна знайсці толькі ў архіўных дакументах. Як аказалася на справе, не заўсёды варта верыць нават архіўным дакументам. Чалавечыя жыцці часам падвяргаюцца такім выпрабаванням лёсу, што і ўявіць немагчыма.
Праз некалькі дзён пасля публікацыі ў “КН” аповяду пра шыіцкіх герояў у рэдакцыю газеты прыйшла калінкавічанка і прадставілася Віслаух Тамарай Кірылаўнай.
“Вы надрукавалі, што мой бацька загінуў у палоне. Гэта не так. Ён выжыў. Вярнуўся дамоў ў 1945 годзе. Ажаніўся на сваёй аднавяскоўцы Кабраль Марыі Якаўлеўне, 1922 г.н. Перавёз у Калінкавічы сваю хату, у якой у 1946 г. нарадзілася мая старэйшая сястра Ганна”.

Тамара Кірылаўна, якая доўгія гады працавала майстрам ЖЭУ-1 КУП “Камунальнік Калінкавіцкі” прынесла з сабой шматлікія фотаздымкі і бацькавы дакументы. На жаль, яна нічога не ведае пра тое, што давялося перанесці яе бацьку ў гады ваеннага ліхалецця, акрамя таго, што ён быў у палоне.
“Бацька, колькі жыў, ніколі не расказваў пра той страшны час. Ды і мы, калі былі малымі, ды нават і калі пасталелі, ніколі не задумваліся пра тое, што давялося перанесці нашым бацькам. Не пыталіся ў іх . А яны і не ўспаміналі пры нас пра вайну. А сёння і запытаць ужо няма ў каго”, — з горыччу прамовіла дачка салдата.
Застаецца толькі здагадвацца, як шыіцкаму хлопцу пашчасціла выжыць у тым месцы, дзе Смерць штодня правіла свой баль. А яшчэ дзякуючы імкліваму наступленню савецкіх войскаў на Вену, ваеннапалонныя, хто яшчэ ўцалеў у лагерным пекле, засталіся ў жывых, немцы не паспелі ліквідаваць іх.
У інтэрнэце я натрапіў на ўспаміны ветэрана вайны Леаніда Бутарава (https://71.мвд.рф/news/item/3418598/), які ўспамінаў пра выключную мужнасць савецкіх воінаў, якія выратавалі тады ваеннапалонных, у ліку якіх, магчыма, знаходзіўся і Кірыла Палазнік:
«Фашысты адыходзілі да аўстрыйскай мяжы, трэба было фарсіраваць раку Раба. Мясцовасць на шмат метраў добра праглядалася (прыбярэжныя зоны ўяўлялі сабой адкрытыя паляны), што давала велізарную перавагу ворагу.
Над палянай і ракой бесперапынна рваліся варожыя снарады і міны. Спачатку трэба было пераадолець адлегласць да ракі – усе як адзін і вокамгненна.
Вораг быў ашаломлены шквалам агню і напорам.
Фарсіравалі днём, на скрынях з-пад снарадаў, на плытах з галля, на дошках, а большасць ўплаў, трымаючы зброю над галавой.
Міны і снарады рваліся па абодва бакі ракі. Раба была другой мяжой абароны ворага на шляху да Вены.
На подступах да сталіцы Аўстрыі асабліва ўмацаванымі былі буйныя прамысловыя цэнтры – Вінер-Нейштадт і Бадэн.
Удар па немцах у раёне Бадэна быў настолькі імклівым, што яны не паспелі знішчыць прамысловыя прадпрыемствы. Тут жа нашы войскі ў прамым сэнсе адкрылі вароты на свабоду сотням вязняў нямецкага канцлагера».
… З Працоўнай кніжні Кірылы Палазніка стала вядома, што 1 сакавіка 1946 г. ён быў залічаны адказным прыёмшчыкам раённага нарыхтоўчага прадпрыемства “Заготсена”, якое знаходзілася ў Калінкавічах. А 10 сакавіка 1948 г. уладкаваўся вартаўніком Палескай абласной гандлёвай базы “Глаўтэкстыльзбыт”.
У гэты ж год у яго сям’і адбылося прыбаўленне – нарадзіўся сын, якога назвалі Мікалаем.
У 1949 г. Кірыла Емяльянавіч перайшоў працаваць у Калінкавіцкі нарыхтоўчы пункт “Глаўтытуньсыравіна” загадчыкам склада.
У красавіку 1950 г. ён зноў мяняе месца працы — уладкоўваецца на чыгунку, у Жлобінскую дыстанцыю будынкаў і збудаванняў. Спачатку працаваў рабочым, а праз пяць месяцаў яго прызначылі кладаўшчыком Калінкавіцкага прарабскага пункта.
З 1951 па 1957 год ён працуе плотнікам на гэтым жа ўчастку.
Калі вывучаеш працоўную кніжку былога вязня нямецкіх канцлагераў, адразу ж кідаецца ў вочы частая перамена месца работы.”Лятун”, чалавек з характарам, няўжыў-чывы – такія асацыяцыі маглі б узнікаць па мерках сённяшняга часу. Ды толькі справа была ў іншым. Савецкія ваеннапалонныя, з нечай высокай падачы чамусьці лічыліся здраднікамі яшчэ ў часы вайны. Такое ж стаўленне да іх было і ў пасляваенны час.
Толькі ў красавіку 1956 года на вышэйшым узроўні ў СССР была створана спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава. Яна за параўнальна невялікі перыяд часу правяла велізарную працу, звязаную з вывучэннем фактычнага становішча, у якім апынуліся сотні тысяч асоб, якія вярнуліся з варожага палону.
На аснове аналізу дадзеных, прадстаўленых органамі рэпатрыяцыі, асабістых сустрэч і гутарак з былымі ваеннапалоннымі, звестак з лістоў і зваротаў, якія паступалі ў Міністэрства абароны ад вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў палоне ў гады вайны, а таксама вывучэння айчыннага і замежнага заканадаўства аб ваеннапалонных і практыкі яго прымянення камісіяй былі падрыхтаваны неабходныя матэрыялы для разгляду пытання аб ваеннапалонных на пасяджэнні Прэзідыума ЦК КПСС.
Камісія прыйшла да высновы, што ў СССР паўсюдна маюць месца грубае парушэнне і скажэнне заканадаўства ў дачыненні да былых ваеннапалонных і іх сем’яў, масавае самавольства з боку дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія наносяць вялікі маральна-палітычны ўрон савецкім людзям і дзяржаве.
На падставе шматлікіх і неаднаразовых шматгадовых зваротаў у розныя інстанцыі былыя ваеннапалонныя пачалі аднаўляцца ў правах, і дзяржава пакрысе пачала паварочвацца да іх тварам. Так, і радавы Кірыла Палазнік нарэшце дачакаўся станоўчага рашэння ў адносінах да сваёй асобы.
4 студзеня 1958 г. ваенны камісар Калінкавіцкага раёна ўручыў Кірылу Емяльянавічу медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, якой ён, як і астатнія абаронцы Радзімы, быў узнагароджаны ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 г.
У 1959 г. Палазнік перайшоў працаваць лінейным наглядчыкам у Калінкавіцкі лінейна-тэхнічны вузел сувязі. У 1963 г. гэтую арганізацыю пераіменавалі ў Калінкавіцкі эксплуатацыйна-тэхнічны вузел, дзе Кірыла Емяльянавіч стаў працаваць брыгадзірам па будаўніцтву.
На гэты час прыпадае і кардынальны перагляд палітыкі ў СССР у дачыненні да былых ваеннапалонных. Ён пачаўся пасля выхаду 29 чэрвеня 1965 года пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб ліквідацыі наступстваў грубых парушэнняў у дачыненні да былых ваеннапалонных і членаў іх сем’яў». Кірылу Палазніка нараўне з іншымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджваюць медалём “Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

5 ліпеня 1973 г. Кірыла Емяльянавіч дасягнуў пенсійнага ўзросту і звольніўся ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак.
Салдат, якому ў гады вайны давялося прайсці праз пекла нацысцкіх канцлагераў, выжыў усім смярцям назло. Ён атрымаў статус і льготы паўнапраўнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Яго неаднаразова ўзнагароджвалі юбілейнымі медалямі з нагоды чарговых гадавін Узброеных Сіл СССР, 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Нейкі час Кірыла Емяльянавіч працаваў яшчэ ў розных установах: то качагарам, то даглядчыкам жывёлы, то рабочым і пасля выхаду на пенсію.
Не стала ветэрана вайны ў 1991 годзе.
Яшчэ раней не стала яго дачкі Ганны, якая доўгі час працавала інжынерам лабараторыі па кіраванні якасцю будаўніцтва ў трэсце “Калінкавічыводбуд”. Яна раптоўна памерла ў 1979 годзе. Праз два гады, у 1981 г. памерла і верная сяброўка Кірылы Емяльянавіча — жонка Марыя Якаўлеўна. Няма на свеце ўжо і яго сына Мікалая, які доўгі час працаваў у Калінкавічах вадзіцелем на падстанцыі па вуліцы 50 гадоў Кастрычніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.