На добры ўраджай: Свята першай баразны прайшло ў «Залатой Дуброве»
У раёне распачалася вясновая пасяўная кампанія, пачатак якой быў пакладзены ў мінулы чацвер на полі АСП “Залатая Дуброва”. Там прайшло абрадавае свята першай баразны — дзейства, гісторыя якога каранямі сыходзіць у глыбіню часоў.
Дарэчы, трэба адзначыць, што яно дало старт І-му раённаму фестывалю-конкурсу сельскіх святаў «АграФэст-2018», прысвечанаму Году малой радзімы.
Свята першай баразны, або, як яго яшчэ называюць, заворванне, – традыцыйны земляробчы абрад пачатку веснавых палявых работ. Першы выхад у поле ў нашых продкаў заўсёды суправаджаўся комплексам сімвалічна значных абрадавых дзеянняў, звычаяў і павер’яў.
Яны гаварылі: «Калі з любоўю пакласці зерне ў зямлю, то і колас вырасце з любоўю да цябе, вялікі і наліўны». Таму лічылася вельмі важным стварыць той асаблівы настрой, які будзе суправаджаць і дапамагаць земляробам у іх нялёгкай працы.
Прыгожы старадаўні абрад захаваўся ў Залатусе і сёння. Яго там праводзяць штогод. І год бягучы не стаў выключэннем.
Удзельнікамі свята сталі механізатары і кіраўніцтва гаспадаркі, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Сяргей Сінькевіч, супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Усіх прысутных абрадавымі песнямі вітаў калектыў мастацкай самадзейнасці Залатушскага СДК пад кіраўніцтвам Эдуарда Кавальчука.
«У сяўбе хлеба – веліч сіл зямлі і неба. Тут і сяўба, і ўсходаў рост, і блаславенне шчодрай глебы, якой не шкодзіць і мароз…», — гэтымі словамі распачалося свята першай баразны, сутнасць якога ў тым, каб папрасіць благаславення ў Бога і Зямлі на спрыяльныя ўмовы надвор’я, плённую працу і добры ўраджай.
Асобна трэба сказаць пра сімволіку абрада. Дзяўчына Вясна ў вянку з кветак – сімвал цяпла. Вывернуты кажух на аратым сімвалізуе густыя ўсходы збожжа. Стужкі, якімі прыбраны конь — вясновыя кветкі.
Пад час выканання абрадавых песень дзяўчына-Вясна запаліла свечку ў дзяжы з зернем і папрасіла ў Зямлі, каб яна дала сілу і моц маладым расткам, каб сонца іх не паліла, вецер не сушыў і дождж не заліваў.
Потым на землю высыпалі гарачыя вуглі і залілі іх вадой. Гэтае дзеянне сімвалізуе сонечнае цяпло і дажджы, так неабходныя для добрага ўраджаю.
Шырока крочачы за плугам, араты праклаў першую баразну.
Конік за зіму добра адпачыў і набраўся сіл, таму пайшоў лёгка і шпарка па вялізным полі, на якім праз некалькі хвілін загудуць магутныя трактары і працягнуць распачатую ім справу.
Пад абрадавыя песні залатушскіх артыстаў у зямлю легла першае зерне.
З пажаданнямі добрага ўраджаю хлебаробаў гаспадаркі пачаставалі духмяным караваем.
…Свята скончылася, тэхніка пайшла працаваць на палеткі, адлічваючы першыя гектары, засеяныя яравым клінам. Што ж, Бог у дапамогу табе, чалавек-хлебароб. Бо нездарма кажуць у народзе, веснавы дзень год корміць.
Будзем спадзявацца, што і прыродныя сілы, і старанні чалавека прынясуць па восені нам шчодры ўраджай, а адсюль — і дабрабыт. Няхай земляробам раёна ў гэтым годзе ўсё спрыяе!
Таццяна КАПІТАН.
Фота аўтара.
Ждем небывалых урожаев в Золотой Дуброве. Готовим закрома. Где же Вы раньше то были?
Фермеры Германии и Польши нервно курят в сторонке.
Раньше команду не давали.
Забава, не понимаю зачем ёрничать? Вы что-то имеете против сохранения народных традиций? Если бы вы потрудились прочесть статью, а не просмотреть фотографии и заголовок, то знали бы, что этот обряд в Золотухе проводится ежегодно и не является чьей-то прихотью