Хатыні

Ясны летні дзень. Ад спякоты ў машыне, якую падкідвае на прасёлачнай дарозе, становіцца нясцерпна душна. Мы пільна ўглядаемся наперад і пачынаем сумнявацца: “Можа, не туды заехалі? Можа, прамінулі патрэбны паварот? Дзе ж тыя Хатыні?”.  І калі ўжо вырашаем вярнуцца назад, з-за лесу паказваецца хатка. Вось, нарэшце, і вёска, якая знаходзіцца ў пяцідзесяці кіламетрах на паўночны-усход ад Калінкавіч у адным з самых аддалёных куткоў нашага раёна, можна сказаць, у глыбінцы. Зіхацела сонейка, заглядаючы ў вокны хат, многія з якіх сёння, на жаль, пустуюць, шумеў навакольны лес, спявалі птушкі, ветрык паволі гуляў паміж высокіх дрэў – у горадзе такой прыгажосці неўбачыш. Вёска сустракала цішынёй, спакоем, адзінай бязлюднай вуліцай…

Сёння ў Хатынях жыве ўсяго тры жанчыны, з якімі мы і пазнаёміліся падчас нашай паездкі. Нечаканым гасцям гаспадыні былі вельмі рады. Запрашалі ў хату, частавалі дамашнімі прысмакамі і расказвалі пра сваё адзінокае жыццё амаль што ў лесе. Да іх людзі заходзяць вельмі рэдка, бо вёска знаходзіцца ў трох кіламетрах ад трасы і яе дастаткова складана знайсці.

Старыя паміраюць, а моладзь пакінула гэты прыгожы куток нашага раёна.

А ў 40-50-я гады мінулага стагоддзя тут ішло актыўнае жыццё, і, згодна перапісу насельніцтва 1940 года, пражывала 612 жыхароў. Сёння пра гэтыя часы засталіся толькі ўспаміны. А што яшчэ вядома з гісторыі населенага пункта?

У энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” чытаем: “Хатыні заснаваны ў пачатку 20 ст. перасяленцамі з суседніх вёсак. У 1908 —  хутар у Якімава-Слабодскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі, 3 двары, 16 жыхароў. У 1930 г. вяскоўцы ўступілі ў калгас.

У Вялікую Айчынную вайну ў чэрвені 1943 года акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі  6 жыхароў. 55 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. —  255 жыхароў. У складзе калгаса імя М.В. Фрунзе(цэнтр – Лукі). У 1998 г. – 22 двары, 35 жыхароў. Планіровачна складаецца з дугападобнай вуліцы. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная сядзібнага тыпу”.

Удава-гаротніца

У 20-я гады мінулага стагоддзя ў Хатыні ў пошуках лепшай долі прыехалі Ганна і Уладзімір Збароўскія. Маладыя толькі пажаніліся. Уладкавацца на працу ў роднай Украіне ў іх не атрымалася. Шукаючы, дзе можна зарабіць капейку, апынуліся на невялікім хутары ЯкімаваСлабодскай воласці Рэчыцкага павета. Маляўнічыя мясціны і ўрадлівая глеба прыйшліся даспадобы, таму менавіта тут маладыя людзі вырашылі віць сямейнае гняздо, будаваць хату і абзаводзіцца дзяцьмі.

— Прыехалі мама і тата ў Хатыні за шчасцем і лепшай доляй, бо тады на Украіне зусім цяжка было жыць, — расказвае іх дачка Рузалія Уладзіміраўна. – Але маці мая, Ганна, у хуткім часе знайшла тут сваю заўчасную смерць, пакінуўшы пяцёра малых дзяцей сірацінамі. Бацька ўмомант счарнеў, бо ўвесь клопат за чатырох братоў і мяне лёг на яго плечы.

Цяжка перажыла шасцігадовая Рузалія смерць маці, якая вельмі любіла і шкадавала адзіную дачку. Часта раніцай, ахоўваючы сон малой, забараняла сынам шумець, не загружала яе хатнімі справамі, дазваляла дапазна гуляць на вуліцы з аднагодкамі. Для любімай дачушкі Ганна з апошняга адрэзу тканіны пашыла прыгожую квяцістую сукенку, у якой Рузалія пайшла ў школу. А перад гэтым у яе з бацькам была цэлая вайна, бо ён лічыў вучобу глупствам, забіваннем галавы непатрэбнымі рэчамі. Але маці настаяла на сваім: Рузалія пайшла вучыцца. “Можа, стане паважаным чалавекам у вёсцы, настаўнікам”, –  думала маці. Але мара Ганны не здзейснілася, бо калі яна цяжка захварэла і памерла, бацька забараніў дачцы хадзіць у школу. А хто ж скаціну даглядаць будзе? А есці гатаваць? І шасцігадовая дзяўчынка стала гаспадыняй у хаце. Прачыналася ў чатыры-пяць гадзін раніцы, а клалася спаць позняй ноччу. Каля лучыны шыла, ткала, прала і часта плакала, успамінаючы пяшчотныя рукі маці, што гладзілі яе па галаве. Браты і бацька шкадавалі Рузалію па-свойму: прыносілі дровы і ваду, дапамагалі распаліць у печы і пакарміць скаціну… А ёй так хацелася зноў стаць малой, залезці да маці на калені, прытуліцца да яе шчакі…

Рузаліі было 13 гадоў, калі пачалася вайна.

— У тое лета  41- га нічога не прадказвала бяды, — успамінае яна. — Вёска жыла сваім звычайным жыццём, сялянскімі клопатамі. І тут чутка – вайна. Старэйшых братоў Яна і Адама ў хуткім часе забралі на фронт, а мы з бацькам і малодшымі Віцяй і Бронікам засталіся дома. Вёска наша знаходзіцца ў глухім месцы, сярод лесу, таму немцы ў нас не стаялі, а бывалі наездамі, падчас якіх адбіралі ежу, хатнюю жывёлу, адзенне, іншыя рэчы. Мы жылі ў пастаянным страху, баяліся іх прыездаў. Бывалі ў нас і партызаны, з якімі жыхары вёскі дзяліліся апошнім, дапамагалі, чым маглі. З-за гэтага летам 1943 г.  немцы асабліва лютавалі, спалілі ўсе хаты ў Хатынях, расстралялі людзей, якіх падазравалі ў сувязі з партызанамі.

Застаўшыся без даху над галавой, сям’я Рузаліі перабралася ў лес, дзе на хуткую руку браты і бацька пабудавалі невялікі курэнь. У ім давялося жыць доўгі час і пасля вайны, бо ніяк не атрымлівалася набыць лес на новае жыллё. Сюды і вярнуўся з вайны Адам, а вось старэйшы Ян прапаў на фронце без вестак. У пачатку 50-х Збароўскія пабудавалі новую хату, у якой Рузалія жыве і сёння.  Браты раз’ехаліся з роднай вёскі, а яна пайшла тут замуж за Адольфа Алейнікава, таму і засталася разам з бацькам у Хатынях. Але шчаслівай у замужжы яна не была: Адольф быў гаспадар ніякі, любіў выпіць і паскандаліць. Памёр трагічна і нечакана, іх малодшаму сыну Толі тады споўніўся толькі годзік. З таго часу больш за пяцьдзесят гадоў жыве яна адна, удавой. Адна гадавала сыноў Алега, Юрку і Анатоля, адна з ранку да вечара працавала ў калгасе і на сваёй гаспадарцы, каб пракарміць сябе і дзяцей.

— Палучка ў калгасе тады, самі ведаеце, якая была, курам на смех, — расказвае Рузалія Ула-дзіміраўна. — Дадуць крыху бульбы ці яшчэ чаго — ды і жыві, як хочаш. Зямлі пасля бацькі мне застаўся вялікі надзел. А як я адна, удава-гаротніца з трыма малымі дзецьмі адолею яго? Позна пасею, а тады і ўраджай дрэнны. Упрагуся ў плуг ці барану і цягаю іх па полі, ці сена кашу кароўцы, ці жыта жну, а то бульбу да ночы капаю. І ўсё адна. Хто ж мне дапаможа? Хапіць мне прый-шлося гора. Нядарам кажуць, што лёс удавы горкі, як палын. Не дай Бог каму яго паспытаць.

Няма ў Рузаліі Уладзіміраўны ў хаце ні тэлефона, ні вады, нават тэлевізар даўно не працуе, зламаўся, а новы яна купляць не хоча. Навіны паслухае па радыё, а цікавы фільм збегае паглядзець да суседак, з якімі за размовай любіць бавіць вольны час. Сыны падарылі ёй мабільны тэлефон, але карыстацца ім гаспадыня не ўмее, таму ляжыць ён без патрэбы.

— Сённяшняе пакаленне без умоў жыць не можа, ім падавай гарачую ваду, камп’ютары ды мабільнікі, — кажа яна. —  А мне гэтая раскоша не патрэбна. Для мяне галоўнае — страха над галавой, кавалак хлеба і мірнае жыццё ў нашай краіне.

У Рузаліі Уладзіміраўны 7 унукаў і 5 праўнукаў, якія часта прыязджаюць да бабулі ў вёску. Сыны завуць яе да сябе, але яна адмаўляецца.

— Да гэтых мясцін прыкіпела мая душа, — уздыхнуўшы, кажа яна, праводзячы нас на вуліцу. – Як жа я без роднай зямелькі, маёй хаткі? Тут сэрца маё спакойна… Нікуды я ўжо не паеду, тут свой век дажыву-дагарую. Пакуль ёсць сілы, буду садзіць агарод. Гляньце вось, якія цудоўныя памідоры вырасціла я ў гэтым годзе, а во які ў мяне перац. Хутка добры ўраджай бульбы збяру. Хапае работы…

Мы выходзім ад гасціннай гаспадыні і аказваемся на дарозе сярод лесу. Разгублена пытаемся ў Рузаліі Уладзіміраўны:

—  А дзе ж жывуць астатнія жанчыны?

—  Ідзіце далей, а лепей, едзьце на машыне. Раней вуліца была вялікая і доўгая, а як пачалі паміраць і раз’язджацца людзі, то двары пазарасталі травой, лес шчыльна абкружыў нашы тры сядзібы. Таму і не бачна маіх суседак.

Накіроўваемся ўглыб вёскі. Размаўляем пра тое, як старыя жанчыны не баяцца жыць утрох сярод лесу? А што яны робяць тут зімой, калі снег замятае ўсе дарогі? Добра, калі тэхніка прачысціць вуліцу, а вось свой двор і каля яго патрэбна разграбаць самім.

— Прывыклі мы ўжо, — кажа гаспадыня яшчэ адной жылой хаты Цэзія Мікалаеўна Збароўская. – Напэўна, цяжкая паўся-дзённая праца закаляе нас, прымушае ўставаць у пяць-шэсць гадзін раніцы, варушыцца і корпацца па гаспадарцы, садзіць агарод. А калі б паехала я да дзяцей у горад і ўпала на канапу, то ўжо больш бы з яе і не паднялася. Адурэла б там без работы.

Яшчэ ў мінулым годзе гаспадыня трымала кароўку ды парсючка, але дзеці, шкадуючы маці, угаварылі адказацца ад скаціны, якой патрэбна сена і бульбы нагатаваць, камбікорм купіць і прывезці. Засталіся ў Цэзіі Мікалаеўны адны курачкі, сабака ды кот.

— Канешне, ёсць і агародзік, як жа без яго? – кажа гаспадыня і праводзіць мяне за плот, паказвае рукой:

— Вось невялікі акраец мой.

— Які ж то акраец, бабуля? – дзіўлюся я. – Тут жа сотак 30, не меней.

— А што гэта 30 сотак: крыху бульбы, морквы, буракоў, цыбулькі ды яшчэ чаго. Як жа без гэтага? Я раней, калі дужэйшая была, садзіла значна больш.

Цэзія Мікалаеўна ў вёсцы самая маладая – ёй 74 гады. Нарадзілася перад самай вайной, якую амаль не памятае. Затое шмат расказвае пра пачатковую школу, што некалі была ў Хатынях:

— Калі мне споўнілася восем гадоў, бацькі вырашылі: дачцэ патрэбна вучыцца. І прывялі ў школу, дзе працавала тады маладая і вельмі добрая настаўніца. Сёння, нават, і не ўспомню, як яе звалі. Умела яна зацікавіць дзяцей, таму і вучоба давалася мне лёгка, я з радасцю рабіла дома ўрокі, чытала і пісала. Праўда, школьныя заняткі даводзілася часта прапускаць: зімой няма чаго абуць, а восенню пачыналася ўборка ўраджаю, дык патрэбна было дапамагаць бацькам. Чатыры класы скончыла ў Хатынях, а тады некалькі гадоў хадзіла пешшу ў суседнія Лукі. Калі стапталіся апошнія туфлі і сукенку новую не было за што купіць, маці пакінула мяне дома. Я вельмі плакала і прасілася ў школу, але ніхто мяне не пусціў.

А ў хуткім часе пайшла Цэзія Мікалаеўна замуж за Віктара Данілавіча Еўланава, які быў родам з Рэчыцкага раёна. У Хатынях жыла яго стрыечная сястра, да якой хлопец часта прыходзіў у госці. Тут на вячорках і прымеціў ён галасістую дзяўчыну, мясцовую спявачку, на якую заглядаліся многія хлопцы. Віктару вельмі спадабаўся маляўнічы куток, у якім жыла яго каханая, таму маладыя засталіся ў вёсцы Цэзіі. Іх сямейны саюз з годнасцю прайшоў выпрабаванне, даўжыня якога амаль 40 гадоў. У Хатынях пабудавалі ўласную вялікую хату, разам вырасцілі трох сыноў: Славу, Мікалая і Ігара.

-Мы раней весялей жылі, нягледзячы на многія цяжкасці, — адзначае Цэзія Мікалаеўна. -Танцавалі, гулялі да рання, а пасля ішлі на працу. І не пілі амаль ніколі, а якімі вясёлымі былі. А на сённяшнюю моладзь пабач – ні адна гулянка без пляшкі не абыходзіцца. Ды часта і меры не знаюць яны, упіваюцца, як свінні, брыдка глядзець. Ці ж мой дзед, бацька, мужыкі маглі сабе дазволіць так напіцца? Мой Віця гаспадарлівы быў, ніякай працы не баяўся. Шмат чаго ўмеў рабіць, ні хвіліны на месцы не мог пасядзець.

З 1996 года Цэзія Мікалаеўна жыве адна, бо Віктар Данілавіч, яшчэ моцны і здаровы мужчына, аднойчы раніцай не прачнуўся. Дзеці і ўнукі часта наведваюць старую, дапамагаюць на агародзе, ды і проста прыязджаюць у вёску адпачыць ад гарадской мітусні. А тут вельмі спакойна. Адразу за хатай Цэзіі Мікалаеўны шуміць лес, у які яна яшчэ часта ходзіць па грыбы ды ягады. А то закручвае на зіму сваю агародніну, варыць варэнне з яблык, сліў ды груш. Часам прысядзе на лавачцы пад дрэвам і крыху засумуе, што так хутка праляцелі годы. Каб не нудзіцца, заспявае вясёлую песню, якіх ведае шмат. Прыгадае, як была маладзейшая ды працавала на мясцовай ферме даяркай, з’яўлялася актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці вёскі. Ні адно свята, мерапрыемства без яе не праходзіла. А сёння і паслухаць спевы няма каму, хіба толькі сыны калі папросяць: “Праспявай, мама, што-небудзь”.

«Пецярбуржанка»

Менавіта так у Хатынях называюць яшчэ адну жыхарку – Яўгенію Пятроўну Казлову, у якой усе дзеці жывуць у горадзе на Няве. Не адзін раз была там і Яўгенія Пятроўна, на некаторы час нават пераязджала да дачкі Галі. Але ў шумным горадзе вытрымала нядоўга – зашчымела сэрца, засумавала душа і вярнулася яна дадому. А мянушка пасля таго пераезду так і засталася.

Заходзім у двор Яўгеніі Пятроўны. Брэша сабака, але на наш стук ніхто не адгукаецца. Крычым мацней:

-Ці ёсць хто дома?

З хаты чуецца:

-Тут, я тут. Заходзьце ў сенцы.

На парозе нас сустракае, абапіраючыся на палачкі, гаспадыня. Даведаўшыся, адкуль мы і чаго прыехалі, пачынае расказваць:

— Во, бачыце, як лёс дажываць прыходзіцца, інвалідам. У апошнія гады перасталі слухацца мяне мае ногі, а бачылі б вы, якая я хуткая была ў маладосці. Работы не баялася, хапалася за любую, каб зарабіць капейку. Па вярбоўцы сямнаццацігадовай дзяўчынай паехала ў Комі, там і пазнаёмілася з будучым мужам Іванам Сцяпанавічам. Ён быў таксама беларус, з Магілёўскай вобласці. Там, у Комі, мы і запісаліся. Праз некалькі гадоў, зарабіўшы крыху грошай, вырашылі вяртацца на радзіму. На зваротнай дарозе заехалі да яго бацькоў, пасля – да маіх. І вы ведаеце, мужу так спадабалася наша прыгожая вёсачка і яе добрыя людзі, што ён мне прапанаваў: “Давай тут і застанемся. Хату пабудуем”. Тут і дзеці нашы з’явіліся: Слава, Валодзя, Мікалай, Ігар і Галя. Я вельмі шчаслівая тады была. Не баялася ніякіх цяжкасцей, бо заўсёды адчувала падтрымку мужа, з якім мы ніколі надоўга не сварыліся. Бывала, пакрычым з-за чаго-небудзь, а праз гадзіну супакоімся, памірымся. Добра мы з Іванам маім жылі.

Як вядома, жыццё не можа быць заўсёды толькі шчаслівым, без перашкод. Сустрэліся яны і на шляху сям’і Казловых: зусім нечакана, адзін за адным памерлі два іх сыны Мікалай і Ігар. На некалькі гадоў пастарэлі тады Яўгенія Пятроўна і Іван Сцяпанавіч, але вытрымалі, бо былі разам у цяжкія хвіліны.

А нарадзілася мая субяседніца ў 1935 годзе у сям’і Ганны і Пятра Коваль. Добра памятае цяжкі ваенны час, калі кожную хвіліну прыходзілася баяцца за сваё жыццё.

— Амаль усю вайну пражыла наша сям’я ў лесе ў невялікай зямлянцы, — расказвае яна. — У страшны 1943 год мы амаль не бывалі ў роднай хаце, бо да нас даходзілі чуткі, што фашысты асабліва лютуюць, паляць вёскі, забіваюць людзей. Мы чакалі і спадзяваліся, што наша вёска застанецца стаяць. Але ў адзін летні дзень пранеслася чутка –  гараць Хатыні. Мы ж зусім дзеці былі, што разумелі? Пабеглі паглядзець, што робіцца ў вёсцы. Дабеглі да пачатку вуліцы, пачулі крык, гвалт, стрэлы і кінуліся назад. Пасля ўжо дарослыя казалі, што амаль усе хаты згарэлі і некалькі чалавек, што не паспелі схавацца ў лесе,  немцы расстралялі.

Пасля вайны вёска паціху зноў стала будавацца. Тут скончыла Яўгенія Пятроўна пачатковую школу і паехала насустрач свайму лёсу ў Комі. Пра тое, што было далей, вы, паважаныя чытачы, ужо ведаеце. Трэба толькі дадаць, што ў 2000 годзе Іван Сцяпанавіч пайшоў з жыцця. Пасля яго смерці гаспадыня рэзка аслабела, пачала часта хварэць. Кожны рух даецца ёй вельмі цяжка і балюча, але яна працягвае паціху хадзіць, застаўляе сябе варушыцца. Як-небудзь зварыць сабе паесці, пакорміць ката ды сабаку, выйдзе пасядзець на лавачцы.

Калі пытаемся, чаму не пераязджае да дачкі, якая ў кожны свой прыезд ўгаворвае маці ехаць з ёй, махае рукой і кажа:

-Не пацягнуся я ўжо на старасці нікуды. Хатыні – мая радзіма, тут нарадзілася, тут і памерці хачу. Вы пабачце, як ў нас прыгожа, прыродай нашай я магу любавацца гадзінамі. І нічога мне больш не патрэбна. Нават мае дзеці і ўнукі, якія часта з Піцера прыязджаюць да мяне ў госці, кажуць, што па-сапраўднаму адпачываюць менавіта тут.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.