У Год малой радзімы: «Родная зямля грэе і аберагае»

 

беларусь

Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь?

Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець:

яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава,

гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…

Францішак Багушэвіч

Сёлетняе вызначэнне —  Год малой радзімы – бадай, самае цёпла-эмацыянальнае, трапяткое і роднаснае, сапраўды сімвалічна-беларускае. Бо менавіта патрыятызм заўсёды яднаў нашых продкаў, любоўю да Бацькаўшчыны, Айчыны, бацькоўскай зямлі напоўнены і сэрцы сучаснікаў.

Рыцар беларускай нацыі Уладзімір Караткевіч так трапна вызначыў: “Жывы, разумны, працавіты і вольналюбівы беларускі народ! Беларус адрозніваецца шчодрасцю, гатоўнасцю заўсёды прыйсці на дапамогу ў бядзе”. І вялікі сын легендарнай зямлі аршанскай  даў нам запавет: “Ёсць адзіна годны шлях: служыць Айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга”.

 А яшчэ наш народ даў кожнаму з нас і ўсяму цывілізаванаму свету безліч паэтаў, празаікаў, якія красамоўнымі літарамі ўпісалі споведзі сваіх душ і сэрцаў пра родныя старонкі ў духоўны летапіс нацыі.

Вельмі сімвалічна, што  беларусы любілі  ставіць хаты  на высокіх берагах рэчак, на ўзгорках, пад купалам неба. Дарэчы, на гэтых жа берагах нярэдка складалі і свае радкі.

 Вось так і вялося: жылі на зямлі, але не пераставалі штодзённа любавацца небам Бацькаўшчыны. І чаго толькі ні вытвараў за стагоддзі бязлітасны лёс з маім народам, а ён усё роўна заставаўся бессмяротным,    адраджаў мову,  спадчыну, не апаганьваў душу.  Нёс у сэрцы  любоў да Бацькаўшчыны.  Спяваў песні пра  запаветную бацькоўскую зямлю.

Прарокі нацыі, канешне,  па-рознаму ўвасаблялі родную старонку. Пятро Глебка, напрыклад,  Беларусь бачыў убранай у шчодрыя каласы:

Цяпер убрана ты квяціста,

Пад колер слуцкіх паясоў,

У строі нівы залацістай,

У шаты грэчак і аўсоў…

Уладзімір Караткевіч “Каласамі пад сярпом тваім” назаве адзін са сваіх эпахальных раманаў пра Беларусь і яе народ.

Пімен Панчанка бачыў Бацькаўшчыну як ніву ў лясным вянку:

Краіна мая, радасць мая,

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае…

У вершы “Веды” Рыгор Барадулін захапляецца ўнікальнасцю ведаў сваёй маці:

Ведала, што да чаго

На небе,

У лузе,

У хаце…

 А ўсім недругам беларускасці,  тым, хто прыніжаў нашых продкаў,  Міхась Арочка адказаў вершам “Спрэчка наконт духоўнасці”:

Дзе ж падгледзеў, дружа, тую тупасць,

Тую беднасць духу пад страхой?

Там жылі – гасціннасць, мужнасць, мудрасць,

Ды такія, каб – і нам з табой!..

На шчасце, наша мастацтва паспела занатаваць тое, што, здавалася, ужо загінула канчаткова. У паэта Алеся Пісьмянкова знайшоў такія радочкі: “Мы апошнія з нашага роду, Каму сняцца вясковыя сны”).

Не сакрэт, што звычайныя рэчы – хата, рэчка і лес маленства, бацькоўскае поле – сталі для многіх беларусаў самымі святымі і пачэснымі. Яны клічуць  нас да сябе ўсё жыццё.  А, бадай, напрыпачатку зямной існасці  –  святло геніяльнай паэмы  “Новая зямля” Якуба Коласа, сэнс якой мы будзем працягваць разгадваць усё  ХХІ стагоддзе.  Чаму? Бо:

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля – аснова ўсёй айчыне…

У гэтай Паэме Зямлі ўсё  ўбачана, ацэнена вачыма, розумам і светаадчуваннем беларускага селяніна, які заўсёды аднолькава любіў і Зямлю, і Неба.

Цётка марыла: “Хацела б быць я рэчкай быстрай, Абегчы родны край!”

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч гаварыў: “Кожнае Божае стварэнне прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдала першыя гукі, у якім, падтрыманае чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў ставіла першыя крокі”.

Максім Багдановіч быў перакананы: “У родным краю ёсць крыніца Жывой вады”.

А Якуб Колас ведаў:  “Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы — бедны чалавек”.  

Іван Мележ быў упэўнены: “Родная зямля грэе і аберагае”.

Аляксандр Ельскі казаў: “Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, усё гэта адно добра аб ім сведчыць”.

Ніл Гілевіч таксама быў перакананы: “У глыбінях зямлі Нашых душ карані…”

Янка Купала раіў нам: “Не шукай ты шчасця, долі. На чужым, далёкім полі”.

А Янка Сіпакоў прыйшоў да такой высновы:  “Можа таму і памірае ад настальгіі (самай чорнай і самай светлай хваробы) чалавек, які пры жывой радзіме топча чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову ад сваіх дзяцей” .

Янка Брыль казаў: “Будучы далёка ад дому, вельмі хораша бачыцца на планеце сваё роднае”.

“Будзем сеяць, беларусы!”

Канстанцін Карнялюк.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.