След Ганны Брэль на роднай зямлі

3
Кожны чалавек пакідае свой след у жыцці. Мінаюць гады, праходзяць вёсны, а людзі помняць пра чалавека і яго справы.

Свой адметны след у жыцці пакінула і Ганна Брэль (на здымку зправа). Нарадзілася яна ў вёсцы Залатуха 19 жніўня 1920 года ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі яе Фядос і Ева вялі аднаасобную гаспадарку, працавалі на зямлі. Калгаса тады яшчэ ў вёсцы не было. Сям’я па тым часе ў іх была невялікая – пасля Ганны на свет з’явілася яе сястра Алена.

А потым здарылася няшчасце – моцна захварэла і ў 27 гадоў пайшла з жыцця маці. Ганне было толькі чатыры годзікі, а Аленцы – годзік. Так што сёстры і не памяталі сваю маці. Бацька па-ранейшаму займаўся гаспадаркай, з раніцы да позняга вечара працаваў, малых дзяўчынак тым часам глядзеў дзед Акім. Але, як у той вядомай казцы, “год прайшоў, як сон пусты”, і бацька прывёў у хату мачыху Пелагею Майсееўну. Неўзабаве ў сям’і з’явілася яшчэ адна дачка Праскоўя.

Мала было шчаслівых імгненняў у дзяцінстве Ганны: вечная нястача і бяднота, цяжкая сялянская праца ў полі і па гаспадарцы. Нават у школу ходзіла яна толькі чатыры класы, навучылася чытаць і пісаць – вось і ўся адукацыя. Трэба было дапамагаць дома, і ў школу мачыха больш не пусціла Ганну.

4

З тае пары дзяўчына пачала працаваць. Хутка сталелі вясковыя дзеці ў той час, рана іх наведвалі сур’ёзныя думкі: як выжыць, як пракарміць сябе і сям’ю? І спадзяваліся, што жыццё зменіцца і стане лягчэй, марылі аб лепшай долі і верылі ў шчаслівую будучыню.

Была такая мара і ў Ганны Фядосаўны. Ёй, зусім маладой дзяўчыне, даручылі ў цяжкія перадваенныя гады ствараць ферму. Калгас “Залатая Дуброва” узнік у 1930 годзе. Калі ён станавіўся на ногі, збіралі па дварах усялякую жыўнасць у тых, хто добраахвотна працягваў уступаць у калгас. Ішоў час. Зрухі ў працы былі відавочныя, пашыралася калгасная ферма ў Залатусе, былі ўжо каровы, цяляты, коні і авечкі. Гэтыя поспехі радавалі вясковую працаўніцу. Людзі ішлі насустрач, працавалі старанна. На досвітку свайго жыцця Ганна ўставала вельмі рана, разам з жаўрукамі, якія спявалі гімн узыходзячаму сонейку, і спяшалася на ферму. Да гэтага часу яе прызначылі загадчыцай. Працы яна аддавалася цалкам, з досвітку да змяркання. Паспяваць трэба было ўсюды: і дома, і на ферме. Яна ж была старэйшай у сям’і, і ўвесь цяжар працы лажыўся на яе плечы. Трэба было дапамагаць прасці кужаль, ткаць кросны, малаціць, касіць, рабіць і жаночую, і мужчынскую работы. Але мірную працу перапыніла фашысцкая навала.

Жудасную вестку аб тым, што пачалася вайна, Ганна пачула ў вёсцы. Разам з даяркамі апоўдні 22 чэрвеня 1941 года яна вярталася з фермы. Падышлі да вёскі, а тут крыкі і плач. Людзі ўстрывожаныя і разгубленыя. Страшная слова “вайна” болем кальнула ў сэрца. У першыя дні вайны пачалася мабілізацыя мужчын у армію. Бацька пайшоў на фронт. Яму пашчасціла вярнуцца жывым, толькі з раненнем рукі. Але лёс наканаваў яму нядоўгае жыццё. Раненая рука не гаілася, а кваліфікаванай медыцынскай дапамогі не было. Пачалася гангрэна, і ён хутка памёр.

 

А тады, у першыя дні вайны, з раёна паступіў загад аб выгнанні калгаснай жывёлы ў Расію. Залатуха тады была ў складзе Васілевіцкага раёна. Было вырашана выганяць коней, кароў і авечак. Разам са старшынёй калгаса Брэлем Мікітам Антонавічам Ганна была адказнай за арганізацыю гэтай работы. З маладых хлопцаў і дзяўчат сфарміравалі групы, якія павінны былі суправаджаць жывёлу, падрыхтавалі неабходны інвентар. Адна группа павінна была гнаць кароў і авечак, а другая – коней. Маршруты руху атрымалі ў райкаме партыі. Яны пралягалі так, каб не перашкаджаць руху часцей савецкай арміі. Да восені 1941 года жывёла калгаса была эвакуіравана ў горад Фацеж Курскай вобласці.

З горыччу ўспамінала тыя гады ваеннага ліхалецця Ганна Фядосаўна. Колькі страху прыйшлося перажыць аднавяскоўцам! Калі ў 1942 годзе пачалі вывозіць хлопцаў і дзяўчат на прымусовыя работы ў Германію, у спісках значылася і імя Ганны. Але мачыха пайшла і з плачам  ўпрасіла не забіраць яе, бо яна трэба была дома як работніца. Замест Ганны па просьбе мачыхі запісалі малодшую сястру Алену, якая да канцы вайны была ў фашысцкай няволі. Бог быў літасцівы да яе, і Алена вярнулася дадому разам з вясковымі дзяўчатамі ў канцы 1945 года.

А Ганна ў час вайны працавала па гаспадарцы. А яшчэ вельмі часта мясцовыя паліцаі прымушалі маладых дзяўчат з Залатухі і навакольных вёсак у непагадзь ахоўваць чыгунку ад станцыі Васілевічы да станцыі Нахаў, каб партызаны не праводзілі дыверсій. Бывала, што Ганна не падпарадкоўвалася такім загадам і ўцякала дамоў. Тады мачыха сілком адпраўляла яе назад, баючыся, што расстраляюць сям’ю. Аднойчы з-за непаслушэнства Ганну і іншых дзяўчат паліцай на суткі закрыў у халодным хляве. Дачка гэтага паліцая сябравала з дзяўчатамі, і ўгаварыла бацьку, каб іх адпусціў… Шмат чаго апавядала пры жыцці Ганна Фядосаўна пра вайну.

Вызваленне прыйшло ў вёску 22 лістапада 1943 года. Адразу пачалося адраджэнне разбуранага калгаса, стварэнне ферм, а па вясне – засяванне палеткаў. За працу ўсе ўзяліся, закасаўшы рукавы. З першых дзён мірнага жыцця Ганна Брэль, не шкадуючы сіл, працавала ў роднай гаспадарцы. Зноў яна стала загадчыцай фермы, якую прыйшлося ствараць занава. Зноў па дварах збіралі жывёлу, у каго што засталося пасля акупацыі. Арганізавалі напачатку невялікую ферму. Разам з Ганнай Фядосаўнай заўсёды побач была яе сяброўка па працы Брэль Ефрасіння Аляксандраўна.

На гэты час ў Ганны ўжо была сям’я. муж Гвоздзь Даніла Сяргеевіч пасля вайны працаваў ў сельсавеце сакратаром, а затым бухгалтарам. Збудавалі сваю хату. Нарадзілі чатырох дзяцей – трох дачок і сына. Усім далі дастойную адукацыю і выправілі ў самастойны жыццёвы шлях.

Звыш 30 гадоў свайго жыцця Ганна Фядосаўна аддала роднаму калгасу. Свой абавязак перад краінай яна выканала спаўна – і як працаўнік, і як маці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 чэрвеня 1945 года Ганну Фядосаўну ў 1946 годзе ўзнагародзілі медалём “За доблесную працу ў Вялікую Айчынную вайну”. Узнагарода натхніла маладога жывёлавода, і яна стала працаваць з яшчэ большым запалам. Хутка яе ферма стала ўзорам для пераймання, а вынікі працы радавалі і захаплялі.

2

Калі ў 1946 годзе пачаліся першыя пасляваенныя выбары ў Вярхоўны Савет СССР, кіраўніцтва раёна і вобласці доўга не вагаліся ў выбары кандыдатуры. 26-гадовая Ганна Брэль адпавяла ўсім патрабаванням, якія неабходны будучаму дэпутату. Аднавяскоўцы падтрымалі маладую загадчыцу фермы, і Ганна Брэль у тым жа годзе стала дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Часта расказвала яна родным і вяскоўцам аб сваіх паездкак у Маскву на сесіі: як слухала прамову Сталіна, як наведвала маўзалей Леніна, была на ВДНГ. Самай незабыўнай была сустрэча ва ўрадавай сталовай з беларускім пісьменнікам Якубам Коласам. Ён сядзеў за адным столікам са сваімі беларусамі з гонарам за іх поспехі, гутарыў, цікавіўся жыццём вяскоўцаў і пераменамі на Палессі. Затым было запрашэнне ў Мінск на юбілейную сесію Вярхоўнага Савета БССР, прысвечаную 10-годдзю ўз’яднання беларускага народа ў адзінай савецкай дзяржаве, якая адбылася 20 кастрычніка 1949 года.

Ганна Фядосаўна неаднаразова выбіралася ў 60-70-я гады дэпутатам Чкалаўскага сельвыканкама. За сваю саадданую шматгадовую працу мела шмат юбілейных медалёў і ганаровых грамат.

Хутка прабягаў за працай час. Ганна Фядосаўна працавала загадчыцай фермы да 1973 года. Па стану здароўя прыйшлося пакінуць працу, вельмі сталі балець рукі. Пасля лячэння пайшла на пенсію. А ў кастрычніку 2005 года яе не стала. Але дзеці і ўнукі ганарацца сваёй маці і бабуляй. Добры след пакінула наша працаўніца на роднай зямлі.

 

Паўліна Дзяціна, гісторык-краязнаўца.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.