Сухавічы і Шыічы

снимок 122Калі рухацца па дарозе Калінкавічы – Каплічы, у 13 кіламетрах на паўночны захад ад Калінкавіч вашу ўвагу засяродзіць вялікі і прыгожы яблыневы сад, які размясціўся паабапал шашы. Адразу ж за садам, з правага боку, прытулілася невялічкая вёсачка Сухавічы ў 26 двароў, у якіх пражывае 61 жыхар.
Праз кіламетр ад Сухавіч, далей на поўнач, паабапал шашы размясціўся аграгарадок Шыічы – цэнтр Шыіцкага сельскага савета, у якім на сёння налічваецца 200 сядзіб і пражывае 517 чалавек.

Цэнтры старостваў
Упершыню пра вёскі Сухавічы і Шыічы ўпамінаецца ў “Літоўскай метрыцы” (книга переписей № 6,А; л. 123. Архив юго-западной России, т. I, ч. VII. Киев, 1886), у “Вопісе Мазырскага замка 1552г.” У гэтай пісьмовай крыніцы названы жыхары вёсак, якія з’яўляліся дзяржаўнай уласнасцю, і пералічаны памеры даніны, якую павінны былі выплочваць іх насельнікі:
“Село Сыховичи: Назаръ Левоновичъ, Андросъ Чернцовичъ, Василий Горковичъ, Ходоръ Василевичъ, Лукашъ братъ его, Иванъ Родкевичъ, Ходко Горковичъ, Романъ Тарасовичь. – Дани з нихъ 2 ведре меду, серебра копа грошей, за бобра 8 грошей, всего: 2 ведре, копа 1, 8 грошей.
Село Шиичи: Бобина Харитоновичъ, Евтухъ братъ его, Иван Панковичъ, Овсей Омельяновичъ, Демко Грициничъ, Лукша братъ его, Пилипъ Ивановичъ, Гринецъ Оликсеевичъ, Михал, братъ его, Евсей братъ его, Михалъ Кузьмичъ, Селимон Кузьмичъ, Бышко Малеевичъ, Гринецъ Ортюховичъ, Манко Полоньковичъ – Дани с нихъ меду 2 кади, сокольничего 2 гроши, выкоту 7 грошей, серебра 30 грошей, за бобра 50 грошей: — 2 кади, полторы копы безъ двухъ грошей».
У Геаграфічным слоўніку Ка-ралеўства Польскага і іншых славянскіх краін (польскай энцы-клапедыі ў 15 тамах) пра Сухавічы і Шыічы сказана наступнае:
“Сухавічы, дзяржаўная вёска ля Абедаўкі Рэчыцкага павета, у Васілевіцкай 3-й паліцэйскай акрузе, Дудзіцкай воласці, налічвае 39 двароў; царква Успенія св. Яна Багаслова мае каля 5 валок зямлі і пляц зямлі ў Мазыры; капліца ў Шыічах з 50 маргамі зямлі; каля 900 парафінян. Вясковая школка. Мясцовасць не ўхвальная, глебы лёгкія. Калісьці тут быў манастыр базіліян, заснаваны ў 1652 г. езуітам Ігнаціем Ельцам, афіцыялам кіеўскім, на сродкі мясцовых земляўладальнікаў Тэрэзы Камароўскай, Міхала Яленскага, Яна Волбека, Корсакава, Гарбатова і інш. Звесткі пра той манастыр падаў архімандрыт Мікалай у Гісторыі Мінскай епархіі (стар. 165). Сухавічы з’яўляліся каралеўскай уласнасцю, якая была перададзена на пэўны час у арэнду Яленскім. Паводле пасямейных спісаў на зямельнае арэнднае ўладанне, з 1766 г. Сухавічы былі ва ўладанні мазырскага падкаморыя Міхала Яленскага”. (Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XI, Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1880-1914. с. 541).
“Шыічы – вёска і фальварак над ракою Ненач, левы прыток Прыпяці, Рэчыцкага павету, у 3 Васілевіцкай паліцэйскай акрузе, Дудзіцкай воласці. Вёска размешчаная правей Сухавіч, у 2 мілях ад ст. Мазыр Пінскай чыгункі.Некалі ўладанні шыіцкія, разам з вёскамі Шыічы і Туравічы, якія ў другой палове XVIII ст. узяў у арэнду Міхал Яленскі, падкаморый мазырскі, які аплаціў кварты 322 злотых 10 грошаў, а гіберны (падатку на зімовае ўтрыманне войска – І.Г.) – 195 злотых; раней паступілі ў казну.
Вёска мае 37 двароў, цэркаўку на насыпе; глебы пясчаныя.
Фальварак, каля 17 ½ валок, набыў у 1872 г. Тэафіл Садоўскі. Шыічы разам з Туравічамі аплацілі ў 1717 г. 165 злотых гіберны”. (Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XII, Warszawa: nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1880-1914. с.102).
А вось што апавядаў пра гісторыю Сухавіцкага мужчынскага манастыра і царквы рэктар Мінскай духоўнай семінарыі Архімандрыт Мікалай:
“Былы Сухавіцкі Св. Духаў мужчынскі манастыр.
Ён знаходзіўся ў сяле Сухавічы Рэчыцкага павета, дзе цяпер Сухавіцкая Іаана-Багуслоўская царква. 1652 г. езуіт Ігнацій Йельц, Кіеўскі афіцыял, прыхільнік уніі і шанавацель Іасафата Кунцэвіча, пабудаваў малую царкву ў былым Мазырскім Яснагорскім праваслаўным манастыры, пасяліў тут уніяцкіх манахаў і падарыў ім хутар Йельцэ (Зумерэнкоўшчызну). 1720 года базыльяне атрымалі ад памешчыцы Тэрэзы Камароўскай, з дазволу караля Польскага Аўгуста II, чатыры службы ў староствах Сухавіцкім і Насавіцкім, пабудавалі ў Сухавічах для сябе новы манастыр і царкву. 1796 года царква, пасля пажару, была адноўлена за кошт суседніх памешчыкаў. Дабрачыннікамі гэтага манастыра былі памешчыкі Міхаіл Яленскі, запісаўшы яму 1740 г. 10,000 злот. польск.; Іван і Багуслаў Вольбекі, — 1747 г. – 300 злот. польск.; Станіслаў і Ганна Корсакі, — 1754 г. – 4000 злот. польск.; Людвіг Корсак, — 1750 г. – 1500 злот. польск.; Фадзей Горват, — 1750 г. – 4,000 злотых польскіх.
Каля 1720 года базыльяне Сухавіцкія займаліся спакушэннем праваслаўных у ўнію ў Мазырскім павеце.
1839 г. ён закрыты, а царкву яго зрабілі прыходскаю.
Вядомыя настаяцелі яго наступныя:
1) 1729 г., іераманах Янневіч.
2) 1774 г., іераманах Стэфан Рылевіч.
3) 1800 г., іераманах Аліній Карэвіцкі.
4) 1805 г., іераманах Іаан Альбіновіч.
5) 1820 г., іераманах Усцін Неслухоўскі.
6) 1830 г., іераманах Лук’ян Ваяводскі.
Заўвага. Архіў гэтага манастыра знаходзіцца ў архіве Мінскай Духоўнай Кансісторыі”.
Што тычыцца царквы, то Архімандрыт Мікалай напісаў яшчэ вось што:
“52) Сяла Сухавіч Іаана-Багуслоўская, 5 класа, драўля-ная царква, пабудавана за кошт былога тут манастыра. Пры царкве знаходзіцца казённае прыходскае вучылішча. Штатнага гадавога жалавання прытчу 236 р. Зямлі сядзібнай, ворыўнай і сенакоснай больш 100 дзесяцін і адзін пляц у г. Мазыры. Прыхажан муж. полу 400 д. і жан. полу 458 душ.
Да яе належыць Шыіцкая лікві-даваная царква з 33 дзесяцінамі зямлі”.
(Историко-статистическое описание Минской епархии. Составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем. Санкт-Петербург. 1864. сс. 165 -166, 305).
Яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага Сухавічы і Шыічы сталі цэнтрамі старостваў: Сухавіцкага і Шыіцкага. Староствы ў ВКЛ знаходзіліся на адным узроўні з валасцямі, якія ўваходзілі ў склад паветаў. Яны з’яўляліся дзяржаўнымі ўладаннямі, якія перадаваліся ў арэнду, звычайна пажыццёвую, прыватным асобам, якіх называлі старастамі. Старасты не выконвалі адміністрацыйна — судовых функцый. Распараджаючыся даходамі з фольварка, яны выплочвалі кварту (пэўную суму, якую прызначаў Сейм — І.Г.)на патрэбы войска ў дзяржаўную казну. Староствы перадаваліся каралём і Сеймам прыватным асобам у знак прызнання іх “заслуг перад грамадствам”. (Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: БелЭн, 2005. — Т. 2.с. 629).
Акрамя езуіцкага манастыра, у Сухавічах размяшчалася і паштовая станцыя.
У 1703 г. кароль Жыгімонт II Аўгуст выдаў мазырскаму земскаму пісару Яну Каляроўскаму прывілей на вёскі Шыічы і Туравічы. Вось што гаварылася ў гэтым дакуменце:
“Аўгуст II з Божай ласкі кароль польскі і князь літоўскі… Надзелім гэтым прывілеем… прыхільнага да нас пісара земскага мазырскага Яна Камароўскага, які паходзіць родам з Жыўца, паводле хадайніцтва паноў рады, якія пры нас засядаюць… вырашылі яму пажалаваць вёскі Шыічы і Туравічы ў Мазырскім павеце, якія вярнуліся да нас пасля смерці мастаўнічага мазырскага Мікалая Гінвіла – Пятроўскага.
Таму цяперашнім нашым прывілеем згаданыя вёскі Шыічы і Туравічы з падданымі і іх чыншамі, павіннасцямі, якія з даўніх часоў належаць, з усялякімі землямі, пушчамі і лясамі, барамі, сенажацямі, рэкамі, азёрамі, затокамі і з усімі прыналежнасцямі, якія здаўна да гэтых вёсак трымаў, нічога адтуль не забіраючы, даём у пажыццёвае карыстанне.
Паводле гэтага нашага прывілея ён мае права згаданыя вёскі трымаць, выкарыстоўваць і на каго захоча права пераводзіць без ніякай ад ні ад каго перашкоды. А для большай веры і пэўнасці гэты наш прывілей, рукой нашай падпісаны, пячатку Вялікага княства Літоўскага прыціснуць загадалі.
Дадзены ў Любліне дня 14 месяца ліпеня 1703 г., гаспадарання нашага сёмага году.
Аўгуст II
Марцыян Валовіч, пісар ВКЛ”.

(Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”.1999.с.54).
У 1795 г. Шыічы належалі ўжо новым гаспадарам — Яленскім. Вёска налічвала 48 двароў, у якіх пражываў 251 жыхар.
У 1832 г. Сухавіцкае староства было перададзена ў дыспаненцыю (ва ўтрыманне – І.Г.) пану Данату Вяржбіцкаму, на што адпаведна быў складзены “Інвентарны вопіс”.
Прывядзем вытрымкі з гэтага дакумента:
“Чэрвеня 10 дня 1832 г. (па інвентару 1800 г.)

Вопіс уніяцкіх цэркваў
1. У вёсцы Сухавічы нова пабудаваная з брусоў…, крытая гонтам з ганкам, на ганку дзверы двайныя сталярнай работы… Царскія вароты адсутнічаюць… Ваконцаў невялікіх шкла празрыстага чатыры, столькі ж і малых. Цвінтар агароджаны па акружнасці, а пры ім новапабудаваны манастыр з усёй трываласцю як то коллем і фальварачнай забудовай для знаходжання базыльян… Паблізу яе званіца з брусоў старых круглых, дзверы з дошак старых на петлях і круках жалезных. У ёй званоў малых пяць…
Вопіс забудовы фальварка
Уязджаючы ад грэблі — вароты новыя двайныя, пры іх веснічкі з трох шул, пакрытыя дранкай новаю. У двары па левую руку адзін жылы панскі дом з бруса, ганкі ж: да старога жылога – адзін круглы, да пабудаванага цяпер новага дома пастаўлены дзверы да сяней невялікія з дошчак з петлямі і крукамі з засаўкай жалезнай, падлога і столя ў сянях з тарціц (драніца- І.Г.).
З сяней дзверы з левага боку з петлямі, крукамі, пасткай і крукам запорным жалезным, увайшоўшы ў правы чысты пакой, вокнаў празрыстага шкла тры, пры ім пакойчык бакавы, дзверы з дошак з петлямі, крукамі і ўнутраным замком, у ім два акенцы, печ зялёная на каменным падмурку па палавіне ў абодвух пакоях, з трубою, паверх страхі выведзенай. Падлогі і столі ў абодвух пакоях з тарціц, прахо-дзячы далей праз дзверы дашчатыя на петлях і круку з засаўкай жалезнай, у якім акенца невялікае шкляное. Падлога з дошак, столя тарцічная, печ шэрага кафлю, выйшаўшы з яго ў сярэдні пакой, дзверы з бегунамі драўлянымі, засаўкай жалезнай, у ім вакон шкляных два, падлога з дошак цёсаных, столя з тарціц, печ зялёная на каменным фундаменце з каміном і трубою, паверх страхі выведзенай, у гэтым пакоі двое дзвярэй… Дом гэты даўжынёю трынаццаці сажняў, а ў шырыню – чатыры сажні дзесяць вяршкоў.
Замест заяўленай па інвентару варыўні паблізу жылога панскага дома ў левым баку пабудавана людская хата з старога круглага дрэва. На ўваходзе ў яе дзверы з дошак…, у сенях падлога земляная, столя адсутнічае. Дзверы ў гэтай хаце старыя на бегунах, ваконцаў маленькіх тры з дробнага шкла, печка для прыгатавання ежы простая з трубою, выведзенай паверх страхі, падлога выбітая з гліны, столя з цёсаных дошак. На выхадзе з гэтай хаты, па левы бок прыбудаваны хлявок, у якім дзверцы з драніцы на бегунах… Далей старая варыўня, якая цяпер выкарыстоўваецца для ўтрымання птушкі, з круглага дрэва са старымі дзверцамі…
(Варыўня (або стопка, сцёпка, істопка) – гаспадарчая пабудова зрубнай канструкцыі, як і хата, з імшанымі сценамі, без акон або з маленькімі шырынёй у адно-два бервяны адтулінамі з засоўкамі замест шкла. Варыўня звычайна стаяла асобна ці далучалася да сенцаў з супрацьлеглага хаце боку, часам у ёй выдзялялася камора. Выкарыстоўвалася для захоўвання бульбы, буракоў, малака, морквы і інш. Разам з прыпасамі ў варыўні трымалі дробны гаспадарчы інвэнтар. У зімовы час варыўня ацяплялася пры дапамозе невялікай курной печкі. Пры неабходнасці магла пераабсталёўвацца пад жылое памяшканне. (Сабаленка Э.Р., Гуркоў У.С., Іваноў У.М., Супрун Дз.Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973).
Дах на людской хаце з новай драніцы, а на варыўне са старых сасновых дошак… Ззаду гэтай людской хаты – чатыры маленькія хляўкі з круг-лага бярвення, зусім згніўшыя і разваліўшыеся…
Супраць панскага дома канюшня часткова з круглага бярвення, а часткова з цёсанага старога, ідучы ў яе вароты з драніц старыя раздвойчатыя… Дах на ёй часткова з драніцы, часткова з камышу…
Па інвентару
Абора для жывёлы ў правым баку вінакурні новапабудаваная з круглага бярвення, дранкаю часткова і саломаю крытая, вароты з бегунамі драўлянымі, хлявоў сем для жывёлы з круглага бярвення і для птушкі хлявок, за варыўняй з круглага бярвення тры, а за імі хлявоў старых, пад адну страху накрытых, дзверы з дранкі з драўлянымі бегунамі. Адсюль далей улева канюшня, на хлеў для жывёлы пераробленая, з круглага бярвення, саломаю накрытая, дзверы з дошак…
Свіран стары з кругляка, двухпавярховы, накрыты новаю дранкай, з ганкам, дзверы з дошак цёсаныя, у ім для ссыпкі рознага хлеба тры засекі. Падлога з бярвення, столя пластовая…
Паблізу азначанага свірна другі, новаперастаўлены, накрыты дранкаю, дзверы з дошак з петлямі, крукамі, засаўкай жалезнаю.
За канюшняй… два свірны з кругляка, пад адну страху накрытыя, з ганкам, дзверы да аднаго з петлямі… да другога – з бегунамі драўлянымі…
Ідучы да гумна, вароты аднолькавыя з веснічкамі з трох шул, дранкай крытыя.
Ідзеш далей, пуня для складу рознага хлеба з новага кругляка, дранкай пакрытая, вароты ў яе з бегунамі драўлянымі.
І другое такое ж пры гэтай пуні гумно з осеццю (сушняй – І.Г.) і токам з гліны ўбітым…
На гумнішчы хлявоў два, саломаю накрытых, адзін пабудаваны для захоўвання хлеба, другі – для сена, варота ў якіх з бегунамі.
Лядоўня невялікая паблізу другой канюшні з кругляка, пакрытая дранкай, дзверы ў яе з бегунамі драўлянымі, з клямкаю і прабоямі жалезнымі.
Варыўня ў левым баку ад панскага дома новапабудаваная з круглага бярвення і печ гліняная ў ёй, пакрыта дранкай.
Сырнік з малочніцай пры першай канюшні з кругляка, дранкай накрытыя, дзвярэй двое з бегунамі драўлянымі, клямкаю і прабоямі жалезнымі.
Вінакурня з круглага бярвення, дранкаю накрытая… Вароты двайныя з драніц з бегунамі… У вінакурні горнаў чатыры, а для свіней у канцы хлявок другі да сцяны вінакурні пабудаваны з кругляка, накрыты дранкаю, дзверы да абоіх з бегунамі драўлянымі, пры вінакурні два калодзежы. Пры іх цэбраў два са сценамі і два латкі, выйшаўшы з аборы ўлева калодзежаў… пры іх карыта.
Увесь двор і гумны абнесены замётам з круглага бярвення, пераплётаў, пастаўленых на гумнішчы, чатыры…
Агароды ворыўныя
1. Агарод наўкол двара парканам, часткова дробнымі жэрд-камі, агароджаны.
2. Да карчмы таксама парканам агароджаны.
3. Не даходзячы ўрочышча Гаткі плотам, г.зн. дробнымі жэрдкамі, абгароджаны.
Карчма
У сяле Сухавічы карчма ўяздная на шляху з Мазыра на Глуск, пабудаваная з круглага бярвення, у ёй вароты двайныя на бегунах драўляных…, а ў шынковай хаце дзверы з дошак з петлямі жалезнымі…, вакон шкла круглага тры, печ шэрага кафлю, гліняны лучнік, столя з дошак, з адной хаты дзверы ў камору… акенца адно са шкла круглага, далей дзверы…
За карчмой свіран невялікі з круглага бярвення, дзверы дашчатыя з бегунамі і замком унутраным, у ім для ссыпкі хлеба дзве засекі з кругляка. Далей канюшня, накрытая саломаю. Супраць канюшні вінакурня з круглага бярвення, на кроквах пад латы дранкай накрытая, вароты з дранкі на бегунах драўляных. Горн з трубою, паверх страхі выведзенаю, і калодзеж з вочапам.
За вінакурняй абора для жывёлы, у ёй вароты з дранкі з бегунамі драўлянымі, а сама саломаю накрытая, пабудаваная з з кругляка.
Атрымліваецца ў год арэнда сорак рублёў і пяцьдзесят капеек.
Млын у Вясновых Водах
Млын Сухавіцкі на рэчцы Абедаўцы, пабудаваны з круглага бярвення, дранкаю накрытая, дзверы з дошак, з бегунамі драўлянымі… аб адным коле, камняў два, адзін сподні, а другі верхні, вал, а на ім чопаў жалезных і абручоў два і два на шэсцерні паўпрыца і верацяно жалезныя, кош і з драні жолаб драўляны, спуск і грэбля да зямлі Туравіцкай староства Шыіцкага адным канцом мяжуе.
З гэтага млына арэнды ў год 18 руб.
Вуллі дворныя
У розных урочышчах калод сем, а без пчол калод 23…
Сельскія запасныя магазіны
… у сяле Сухавічах і вёсцы Зеляночы па рэгістрах і кнігах налічваецца на 1 лістапада 1831 г. азімага жыта 318 чац. ½ гарнца, яравога ячменю 41 чац. 4 ½ гарнца і чрэчкі 73 чац…
Сяло Сухавічы
Колькасць двароў 29, з іх баяр 24, агароднікаў 1, бабылёў 4. У іх коней 6, валоў 46, кароў 48, коз 25, авечак 106, свіней 49, курэй 64, пчол 16 калод. Ва ўтрыманні іх ворыўнай зямлі 14 валок 6 маргоў, сенакоснай – 1 валока 28 маргоў. Колькасць мужчынскіх душ 82, жаночых – 96. Рабочыя дні: гвалтоў мужчынскіх у год 48, жаночых — 48. Рознай даніны: хмелю – 24 асьміны, грыбоў – 24 вянкі, кур — 24 штукі, а на грошы ўсёй даніны 6 руб. 24 кап. Рознай грашовай платы: чыншу – 143 руб. 66 ½ кап., пляцавога – 50 кап. Усяго: 150 руб. 40 ½ кап.
Вёска Заполле
Колькасць двароў 25, з іх баяр 25. У іх коней 6, валоў 75, кароў 48, коз 24, авечак 119, свіней 59, курэй 63, пчол 17 калод. Ва ўтрыманні іх ворыўнай зямлі 7 валок 29 маргоў, сенакоснай 1 валока. Колькасць душ мужчынскіх 80, жаночых 89. Рабочыя дні гвалтоў мужчынскіх у год 50, жаночых 50. Рознай даніны: хмелю 50 асьмін, грыбоў 25 вянкоў, кур 25 штук, а на грошы ўсёй даніны па ацэнцы 6 руб.50 кап. Рознай грашовай платы: чыншу 86 руб. 22 ½ кап. Усяго 92 руб. 72 ½ кап.
Апісанне межаў
Сяло Сухавіч з вёскаю Заполлем ад мяжы Бабровіцкай Мінскай губерні Рэчыцкага павета ўладанні былога багрымавіцкага староства і кавалера Аскерка пачынаюць мяжу ад урочышча Заброддзя да карчмы Гарбавіцкай уладання таго ж Аскеркі, ад карчмы к броду Жараву, адтуль мяжою ўладання памешчыцы Вальсковай вёскі Дудзіч (цяпер уладанне памешчыка Паўла Яленскага) да балота Жарава, тым балотам да вострава Клокаў альбо Клакоўскага па мяжы ўладання былога багрымавіцкага старасты Аскеркі маёнтка Гарбавіч, ад таго Вострава да рэчкі Абедаўкі, рэчкаю Абедаўкаю, якая мяжуецца з Шыіцкім староствам да ўрочышча Задзерозы, даўжыня гэтай мяжы ад рэчкі Абедаўка да балота Жарава на мілю шырыні, ад Задзерозы на тры вярсты, а сяла Насавіч з вёскаю Зеляночаю мае мяжу ад каленковіцкай мяжы багрымовіцкого староства ўрочышча Голевіцы да мяжы ўладання памешчыка Яленскага маёнтка Дудзіч былога старасты Аскеркі, маёнтка Бабровіч і староства Шыіцкага вёскі Туравіч, тою ракою, што мяжуецца са староствам Сялецкім уверх рэчкі сумежнага ўладання п. стацкага саветніка Міхайлава з маёнткам Даманавічамі рэчкаю Рэчыцаю да мяжы Пуцяціцкага мяжою ўладання памешчыка Горвата маёнтка Пуцяціч, адтуль у балота Гогалеў, з Гогалева ў Ярмолінскае балота, якое мяжуецца са староствам Рэчыцкім, з сялом Васілевічамі, ад гэтага балота ў рэчку Клубочку, якая мяжуецца з маёнткам Замосцце, Клубочкаю ўніз у рэчку Неноч, Неначчу, якая мяжуецца са староствам Мазырскім з сялом Аўцюцэвічамі да ўладання п. Міхайлава маёнтка Даманавічамі ўніз да Сялецкага Броду, адтуль па мяжы староства Багрымавіцкага сяла Каленковіч зноў да першаго ўрочышча Галевіцы, даўжыня мяжы ад Галевіцы да Бабровіцкага маста на дзве мілі і да рэчкі Клубочкі на адну мілю…”
(Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі”. ф.142, воп.1, с.441).
Дарэчы, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца мікрафотакопіі інвентароў і люстрацый з фонда Скарбовай камісіі ВКЛ, атрыманыя з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы ў Вільні, у якіх занатаваны Люстрацыі старостваў і дзяржаў ЯКМ Рэчыцкага павета яшчэ больш ранейшага перыяду, за 1765 г.
У прыватнасці, сярод гэтых мікрафотакопій (ДГА Літвы СА-3786 (МФ 1—4) 133 к.) захоўваюцца інвентары: староства Шыіцкага ад 12 мая 1765 г., якое знаходзілася ў пасэсіі Міхала Яленскага, падкаморыя Мазырскага павета ( сс. 4—4адв.); староства Сухавіцкага ад 15 мая 1765 г., у пасэсіі таго ж М. Яленскага (сс.4адв.—5адв.); староства Якімовіцкага ад 16 мая 1765, у пасэсіі таго ж М. Яленскага г. (сс. 5адв.—9); староства Азарыцкага ад 26 чэрвеня 1765 г., якое знаходзілася ў пасэсіі Караля Панцэржынскага, гродскага суддзі Мазырскага павета, і яго жонкі Караліны з Яленскіх Панцэржынскай (сс. 11—12); дзяржаўкі Сялец ад 27 чэрвеня 1765 г., якая знаходзілася ў пасэсіі Багуслава Вольбека, старосты Сялецкага, і яго жонкі Разаліі з Яленскіх Вольбекавай (сс. 12—12 адв.); староства Даманавіцкага ад 10 кастрычніка 1765 г., якое знаходзілася ў пасэсіі Юзафа Вольбека, земскага пісара Мазырскага павета, але з-за яго хваробы 10 жніўня 1765 г. куратарам староства быў прызначаны Гервазы Людвік Аскерка, рэферэндар ВКЛ, староста гродавы Мазырскага павета (сс. 16адв.—17адв.). (Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 6 / Рэд. калегія: У. К. Коршук (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелНДІДАС, 2005. — 364 с.).
Тыя, хто пажадае больш дасканала вывучыць мінулае сваіх паселішч, могуць скарыстаць гэтую падказку. Мы ж пойдзем далей.
У 1839 г. манастыр у Сухавічах спыніў сваё існаванне, але царква захавалася. (Нарис історії Василіянського Чину Святого Йосафата. Рим. 1992.с 193).
З “Описания церквей и приходов Минской губернии” за 1883 г. мы даведваемся, што царква ў імя Св. Апостала Іаана Багаслова ў Сухавічах на той момант была драўлянай і вельмі драхлай. Яе наведвалі 947 прыхажан жаночага полу і 864 — мужчынскага. Царкве належала 1,2 дзесяціны зямлі прысядзібнай, 108 дзесяцін — ворыўнай, 3,4 дзесяціны сена-жацяў і 4,2 дзесяціны лесу.
Свяшчэннікам у той час у Сухавічах быў Міхаіл Колесаў, які служыў тут ужо 9 гадоў, а псаломшчыкам – Фёдар Мігай (праслужыў дагэтуль 7 гадоў).
У 1872 г. пісар Віленскай ваеннай акругі Садоўскі Феафіл Фёдаравіч заснаваў у Шыічах конны млын. Ён жа набыў тут і 348 дзесяцін зямлі.
У 1878-90 гг. меліярацыйная экспедыцыя генерала І. Жылін-скага праклала паміж Сухавічамі і Шыічамі магістральны канал Ненач (працягласць — 62 вярсты).
З “Памятной книжки Виленского учебного округа, 1885/86 уч. год” нам становіцца вядома, што ў 1841 г. адкрылася Сухавіцкае народнае вучылішча. Яно размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце. У 1872 г. для вучылішча ў сяле ўзвялі ўласны будынак. У 1882 г. у ім навучалася 30 хлапчукоў і 1 дзяўчынка, у 1885 г.- 38 хлапчукоў і адна дзяўчынка. Навучалі ў школе ў 1885/86 навучальным годзе: Мігай Васіль Васільевіч, які асвоіў настаўніцкую справу шляхам самаадукацыі, і свяшчэннік Загароўскі Дарэмідонт, які закончыў Мінскую духоўную семінарыю. Фінансавалася вучы-лішча на долевых пачатках. Так, у 1885 г. 148 руб. 85 кап. выдаткавала на ўтрыманне вучылішча дзяржаўная казна, 218 руб. – грамадства, а 45 руб. 15 кап. аплацілі самі сяляне.
Паводле перапісу 1897 г. Сухавічы і Шыічы ўваходзілі ў склад Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У Сухавічах налічвалася 65 двароў і 323 жыхары, царква, народнае вучылішча і хлебазапасны магазін. У Шыічах – 114 двароў, 657 жыхароў, хлебазапасны магазін. Побач размяшчаўся аднайменны фольварк. (Гарады і вёскі Беларусі.Т.1.Мінск.”Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с. 572-573, 581).

Магіканін антычнага класіцызму

4 красавіка 1856 г. у мнага-дзетнай сям’і былога ўніята, а затым псаломшчыка мясцовай праваслаўнай царквы Рыгора Мартынавіча Турцэвіча ў Сухавічах, нарадзіўся другі па ліку сынок Іванка. На той час род Турцэвічаў пазіцыяніраваў сябе як праваслаўны.
Праз 3 гады ў сям’і Турцэвічаў нарадзілася трэцяе дзіцятка – малодшы брат Івана Восіп. Яшчэ праз год – сястра Хіонія. Магчыма былі і іншыя дзеці, але да сталых гадоў дажылі, відаць, толькі тыя, пра каго мы згадалі. (Ніжинська старовина. Ніжинознавчі студії №2: Історико-культурологічний збірник. Випуск 2 (5) / Центр пам’яткознавства НАН України та УТОПІК. − 2006. с. 114-120).
Ніхто ў той час нават меркаваць не мог, што з гэтых хлапцоў у будучым атрымаецца нешта значнае. Бацька іх сам па сабе быў чалавекам не багатага роду. Ды і адкуль было ўзяцца таму багаццю, калі Рыгор Мартынавіч сам паходзіў з сям’і прадстаўніка дробнага сельскага духавенства. А ў яго, як вядома, магчымасці былі больш чым сціплымі. Тым не менш, Рыгор Турцэвіч зрабіў ўсё, каб “вывесці сваіх дзяцей у людзі”: старэйшы Аляксандр стаў настаўнікам, Іван – прафесарам, малодшы Восіп – настаўнікам, мастаком-пейзажыстам.
Украінскі вучоны Сяргей Зазуля, які прысвяціў дзейнасці нашага земляка шмат публікацый, у сваім артыкуле “Роль провінціалізму у долі професора Івана Турцевича” (С. Ю. Зозуля // Література та культура Полісся. – Ніжин, 2002. – с. 226 – 238) напісаў: “Пачатак кар’еры будучага прафесара быў тыповым для правінцыйнага чалавека з добрымі інтэлектуальнымі магчымасцямі ў Расійскай імперыі 2-й паловы XIX стагоддзя: хатняя або прыходская пачатковая адукацыя, навучанне ў павятовым вучылішчы (семінарыі) або прагімназіі, далей – гімназія, як правіла ў пансіёне (дзесьці, за межамі роднай мясцовасці, што вучыла самастойнасці, адказнасці, зносінам з асяроддзем) і затым паступленне ў навучальную ўстанову павышанага тыпу (настаўніцкія, інжынерныя курсы) у адзін з губернскіх цэнтраў імперыі, па заканчэнні якой чалавек працаваў па абранай спецыяльнасці. Другім варыянтам, таксама тыповым для Расійскай імперыі пазначанага часу, але для больш адораных асоб, было паступленне ва ўніверсітэт аднаго з губернскіх гарадоў (у лепшым выпадку – у Маскве), а потым занятак дзяржаўнай службай альбо выкладанне тут жа з перспектывай перабрацца ў сталіцу”.
Іван Турцэвіч да 1872 г. вучыўся ў Мазырскай гімназіі, а з 1872 па 1874 гг. — у Шавельскай гімназіі Ковенскай губерні.
Пасля паступіў у Санкт-Пецярбургскі гісторыка — філа-лагічны інстытут. Аднак фінансае становішча бацькоў ды і фізічнае здароўе самаго студэнта вымусіла Івана пакінуць вільготны клімат расійскай паўночнай сталіцы і праз год перавесціся ў толькі што рэарганізаваны з юрыдычнага ліцэя Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут кн. Безбародка, які ён закончыў у 1879 г. у ліку лепшых студэнтаў першага выпуску.
Летам таго ж года па загаду міністра народнай асветы накіраваўся працаваць настаўнікам старажытных моў у 1-ю Кіеўскую гімназію. Атрымаў ранг калежскага асэсара (калежскі асэсар — грамадзянскі чын 8-га класа ў Табелі аб рангах да 1884 г. адпавядаў ваеннаму званню маёра пяхоты ці капітана 3-га ранга на флоце – І.Г.).
Ледзь толькі Турцэвіча прынялі ў штат навучальнай установы, як прыйшоў новы загад міністра, якім наш зямляк накіроўваўся ў гадавую навуковую камандзіроўку ў Італію і Германію для вывучэння рымскіх старажытнасцяў і антычнай археалогіі.
У 1881 г. Іван Турцэвіч становіцца сапраўдным членам Грамадства класічнай філалогіі і педагогікі.
У 1886 г. за поспехі на ніве педагогікі і навуковай дзейнасці яго ўзнагароджваюць ордэнам Св.Станіслава III ступені.
Сабраныя ў Еўропе матэрыялы дазволілі нашаму земляку апублі-каваць шэраг прац, якія былі прыняты навуковай супольнасцю вельмі станоўча. У іх ліку: «Водоснабжение древнего Рима» (Сборник статей по классической древности, изд. Киев. отд. Общества классич. филологии и педагогики, вып. I, 1884 г. и II, 1885 г.); «Культ Весты в древнем Риме» (там же, вып. III; 1887 г.); «О субструкциях Капитолия и об aedes (templum) Vestae» («Журнал Мин. Нар. Просв.», март 1887 г.); «Новый русский перевод сочинений Тацита» (там же, 1889 г.). А манаграфія «Культ Весты в древнем Риме» выклікала захапленне не толькі ў навукоўцаў Расіі, але і ў Еўропе.
У 1888 г. Іван Турцэвіч атрымаў ранг надворнага саветніка (грамадзянскі чын 7-га класа ў Табелі аб рангах, які адпавядаў званню падпалкоўніка пяхоты ці капітана 2-га ранга на флоце. Асобы, якія даслужыліся да гэтага чына, аўтаматычна атрымлівалі асабістае дваранства — І.Г.).
У 1890 г. яго выбіраюць паўнамоцным членам Імпера-тарскага Гістарычнага Таварыства Нестара-Летапісца. Ён таксама становіцца паўнамоцным членам Маскоўскага таварыства класічнай філалогіі і педагогікі.
У 1891 г. заслугі нашага земляка перад навукай адзначаюць чарговай узнагародай – ордэнам Св.Ганны III ступені .
На наступны год, пасля адстаўкі прафесара Р. А. Фохта і па рэкамендацыі прафесара В. М. Фогеля, Івана Рыгоравіча запрашаюць на пасаду экстраардынарнага прафесара кафедры рымскай славеснасці Нежынскага гісторыка-філалагічнага інстытута кн. Безбародка.
Канешне, правінцыйны Нежын нельга было параўнаць з Кіевам, не кажучы ўжо пра Пецярбург альбо Маскву. Але Іван Турцэвіч здолеў знайсці ўласнае процідзеянне правінцыйнай руціне: ён прысвяціў увесь свой вольны час навуковым аўдыторыям, адмовіўся ад жыццёвых забаў, сямейнага стану, поўнасцю аддаўся навуцы.
З самага пачатку сваёй навуковай дзейнасці, яшчэ ў Кіеве, Іван Рыгоравіч заявіў пра сябе як даследчык з надзвычай крытычным і скрупулезным падыходам да прадмета даследавання. Акрамя таго, заўсёды выбіраў новы шлях або разглядаў новыя, да гэтага непрыкметныя, бакі гістарычнай падзеі або з’явы, кіруючыся жыццёвым прынцыпам прагматызму: не мае сэнсу рабіць тое, што хтосьці ўжо зрабіў да цябе.
У 1893 г. яму прысвойваюць ранг стацкага саветніка (грамадзянскі чын 5-га класа, які адпавядаў вайсковаму званню прамежкаваму паміж палкоўнікам і генерал-маёрам. У сярэдзіне XIX стагоддзя чын стацкага саветніка адносіўся да 1-й групы чыноўнікаў (з 1-га па 5-ы клас), якія аб’ядноўвалі прадстаўнікоў вышэйшай наменклатуры, якія вызначалі курс палітыкі дзяржавы. Носьбіты дадзенага чыну мелі асаблівыя прывілеі і высокія службовыя аклады – І.Г.).
У 1896 г. за педагагічныя і навуковыя заслугі перад Расійскай імперыяй наш земляк удастойваецца ордэна Св.Станіслава II ступені і сярэбранага медаля на Аляксандраўскай стужцы.
У 1902 г. вучоны атрымлівае новую ўзнагароду — ордэн Св.Ганны II ступені.
17 гадоў, з часу прызначэння экстраардзінарным прафесарам у лістападзе 1892 г., Іван Рыгоравіч узначальвае кафедру рымскай славеснасці. На працягу гэтых гадоў у свет выйшлі такія яго вядомыя навуковыя працы, як: «Обращение к императору провинциальных сеймов, городских и других обществ в первые три века Римской империи» (1900 и 1901 гг.); «О важности изучения римской государственности и о главнейших характеристических чертах ее» (1894 г.); «Панегирик Риму Элия Аристида. Греческий текст с рус. переводом, введением, комментарием и приложениями» (1907 г.); «Филологические этюды и заметки» (3 выпуска); «Введение к Оппиану» (1908 г.) и др.
Дзякуючы сваім навуковым працам Іван Турцэвіч у 1907 г. быў удастоены ордэна Св.Уладзіміра IV ступені, а ў 1908 г. — звання ардынарнага прафесара.
У 1909 г. старшыня Нежынскага гісторыка-філалагічнага грамадства Іван Турцэвіч падаў прашэнне аб выхадзе ў адстаўку па выслузе гадоў. З 1 ліпеня 1909 г. яго просьба была задаволена.
Ужо ў адстаўцы, у 1910 г., наш зямляк быў узведзены ў ранг сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядала вайсковаму званню генерал-маёра.
Аспірант Нацыянальнага ўніверсітэта “Кіеўска-Магілянская акадэмія” Тарас Карасцільёў у сваім артыкуле “Соціокультурний портрет провінційного вченого І.Г. Турцевича (1856 – 1938)“ у 2008 г., характарызуючы навуковы і жыццёвы шлях нашага земляка, напісаў наступнае:
“Прафесар Іван Турцэвіч належаў да старэйшага пакалення навукоўцаў – анцічнікаў, пакалення «бацькоў», чые навуковыя дасягненні ў значнай ступені вызначалі шляхі развіцця класічнай навукі ў ХХ стагоддзі. Каб зразумець асаблівасці інтэлектуальнага твару эпохі, якая для еўрапейскай гуманітарнай навукі без перабольшання была эпохай росквіту, дастаткова прывесці кароткі пералік імёнаў навукоўцаў, чыё жыццё прыпадае на другую палову ХІХ – першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя: Эдуард Мейер, Ульрых фон Віламовіц-Мьоллендорф, Поль Гіро, Джэймс Фрэзер, Тадэвуш Зялінскі, Юльян Кулакоўскі і многія іншыя.
<…> «Магіканін антычнага класіцызму», як назваў Турцэвіча акад. Д. І. Багалей, быў, па сутнасці, адным з апошніх прадстаўнікоў старой філалагічнай школы па вывучэнні антычнасці ва Украіне.
Навуковыя інтарэсы І. Р. Турцэвіча тэматычна можна падзяліць на два перыяды: рымскі (1879-1914) і візантыйскі (20-30-я гг. ХХ стагоддзя).
На працягу першага перыяду прафесар-класік падрыхтаваў і апублікаваў шэраг прац, прысвечаных актуальным пытанням гісторыі, археалогіі, літаратуры старажытнага Рыма і Грэцыі.
Другі перыяд характарызуецца значным заняпадам у гуманітарных навуках і навуковым кнігавыданні. Таму ніякіх прац на візантыйскую тэматыку прафесар Турцэвіч апублікаваць не змог. У канцы свайго жыцця ён узначальваў адно з трох украінскіх аддзяленняў Камісіі па даследаванню гісторыі Блізкага Усходу і Візантыі.
Як кіраўнік Нежынскага аддзялення, Турцэвіч даваў кансуль-тацыі адносна візан-ыйскіх старажытнасцяў, зной-дзеных на Дняпры на працягу археалагічных даследаванняў Днепральстаніўскай экспедыцыі пад агульным кіраўніцтвам акадэміка Д.І.Яворніцкага”. (Ви-датні постаті науки, культури і освіти України: Матеріали Всеукраїнської наук.-практ. конф., Київ, 30-31 жовтня 2008 р. – К.: ДАКККіМ, 2008. – 344 с.).
Навуковыя доследы, асабліва праца з кнігамі, для прафесара Івана Турцэвіча былі раўназначныя сэнсу жыцця. У прашэнні да кіраўніцтва Нежынскага інстытута аб дазволе карыстацца фондамі яго Фундаментальнай Бібліятэкі, прафесар Турцэвіч, які знаходзіўся ў адстаўцы, адзначае: «… для мяне vita sine litteris mors est і далейшае знаходжанне ў Нежыне без доступу ў Бібліятэку Інстытута амаль не мае ration d’en êttre». Нават дом сабе ён набыў непадалёк ад будынка інстытута, што тлумачыцца імкненнем за хваравітасцю і старэчым узростам знаходзіцца непадалёк ад кнігасховішча, інакш для яго лепш было б купіць сядзібу ў менш вільготнай мясцовасці або наогул з’ехаць з Нежына.
Дасягнуўшы максімуму як у выкладчыцкай працы, так і ў грамадскім жыцці, Іван Рыгоравіч заваяваў велізарны аўтарытэт і ў інстытуце, і ў горадзе Нежыне. З 1909 г. ён з’яўляўся членам Апякунскага савета Нежынскай жаночай прагімназіі Г. Ф. Крэсцінскай, у 1913-1917 гадах – апекуном І Нежынскага земскага гарадскога народнага вучылішча. У 1909-1914 гадах выбіраўся галосным (дэпутатам па сучасных мерках — І.Г.) Нежынскай гарадской думы.
Усё жыццё, вывучаючы Старажытны Рым і гісторыю Візантыі, Іван Турцэвіч пісаў і выкладаў на рускай мове. Пры гэтым свабодна валодаў украінскай мовай і добра ведаў украінскую культуру. У афіцыйных анкетах сваю нацыянальнасць паказваў як «рускі (беларус)».
Разам з тым Іван і яго браты Аляксандр і Восіп захоўвалі сямейнае паданне пра сербскае паходжанне іх роду.
Іван Рыгоравіч, як чалавек з добрай гістарычнай адукацыяй, цікавіўся гісторыяй роду і адзіны ў сям’і выкарыстоўваў (хоць і вельмі рэдка) другую, сербскую, частку складанага прозвішча Дуліч-Турцэвіч.
1917-1920-я гады прынеслі рэвалюцыю жыццёвых каштоў-насцяў і сацыяльных уяўленняў прафесара. Яго жыццё пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі складвалася не лепшым чынам. Летам 1918 г. бальшавікі прыйшлі ў Нежын і пазбавілі вучонага права на пенсію. Восенню 1919 г. салдаты Добраахвотніцкай арміі рэквізуюць асабістыя рэчы прафесара, пасля чаго ён доўгі час адчуваў недахоп самага неабходнага. У 20-я гады Саветы пастаянна падсялялі ў яго ўласны дом па свайму меркаванню кватарантаў. Гэтыя кватаранты давялі дом да разрухі, а прафесара — да жабрацтва.
У 1922 г. Турцэвіча звальняюць з пасады прафесара. Праўда, у тым жа годзе яго бяруць на іншую працу ў інстытут. У 1924 г. Іван Рыгоравіч становіцца кіраўніком секцыі антычнай культуры Нежынскага інстытута, а ў 1926-м выходзіць на пенсію — адмаўляецца ад працы з аспірантамі, каб не рыхтаваць «пасрэдных» спецыялістаў.
“Іван Рыгоравіч да канца свайго жыцця спадзяваўся на аднаўленне элементарнай справядлівасці, здаровага сэнсу ў жыцці соцыума, верыў, што любая дзяржава павінна мець сацыяльную абумоўленасць свайго існавання, спрабаваў аднавіць хаця б частку гэтай справядлівасці, — напісаў у сваім артыкуле “Іван Григорович Турцевич (1856-1938)” Сяргей Зазуля (Ніжинська старовина. Ніжинознавчі студії №2: Історико-культурологічний збірник. Випуск 2 (5) / Центр пам’яткознавства НАН України та УТОПІК. – 2006. сс. 117-118). — Чатыры гады запар ён праз суд спрабаваў вызваліць сабе для навуковай працы хоць бы адзін дадатковы пакой ва ўласным жа доме ад шматлікіх (а іх у доме і флігелі дома часам пражывала да 15 чалавек) кватарантаў, апошняя з якіх – А. С. Бандарэнка – спачатку ў 1923 г. прымусіла малодшага брата Івана Рыгоравіча Восіпа з’ехаць з Нежына на радзіму ў Мінскую губерню, дзе ён неўзабаве памёр ад паралічу. Гэтая ж кватарантка пасля 13 гадоў пражывання ў кватэры прафесара, спрабавала аформіць фіктыўны шлюб з 82-гадовым І. Г. Турцэвічам, каб пры адсутнасці законных спадчыннікаў завалодаць маёмасцю і домам”.
У апошнія гады жыцця прафесар быў вымушаны прадаваць асабістыя рэчы і кнігі з бібліятэкі. У 1938 г. нашага земляка не стала. Пахаваны ён на Грэцкіх могілках у Нежыне.

Выпускнік Імператарскай Акадэміі мастацтваў

Малодшы брат Івана Турцэвіча Восіп, яшчэ ў дзяцінстве праявіў вялікую зацікаўленасць да мастацкай творчасці. У яго быў ярка акрэслены талент мастака, які Восіп і накіраваўся шліфаваць у 1885 г. у Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт — Пецярбурзе.
Курс навучання для мастакоў усіх спецыяльнасцяў Акадэміі ў час яе адкрыцця ў 1775 г. дзяліўся на пяць разрадаў, або класаў. Ніжэйшай, пятай прыступкай навучання было маляванне арнаментаў і «арыгінальных галоў» (капіраванне «арыгіналаў»), у чацвёртым разрадзе малявалі з «арыгінальных фігур», у двух наступных, гіпсавых, — з гіпсавых галоваў і гіпсавых фігур, пасля чаго вучні дапускаліся ў першы, вышэйшы разрад — натурны клас. Два разрады ніжэйшых складалі Выхаваўчае вучылішча, тры вышэйшых — уласна Акадэмію мастацтваў; з пераходам ва ўласна Акадэмію пачыналася спецыялізацыя па класах жывапісу, скульптуры і гравіравання. У кожным разрадзе вучыліся тры гады, таму і прыём у Акадэмію (дакладней, у Выхаваўчае вучылішча) ажыццяўляўся раз у тры гады. У ніжэйшы, пяты разрад прымаліся хлопчыкі пяці-шасцігадовага ўзросту. Такім чынам, поўны курс навучання складаў пятнаццаць гадоў, але бывалі, вядома, адступленні ад гэтага парадку, абумоўленыя індывідуальнымі асаблівасцямі вучня. Пазней, у пачатку XIX стагоддзя, у вучылішчы паступалі ў восем-дзевяць гадоў, а тэрмін навучання скараціўся да дванаццаці гадоў.
30 жніўня (9 верасня) 1859 г. быў прыняты новы Статут Акадэміі, у адпаведнасці з якім адбыліся і змены ў тэрмінах навучання і выкладанні саміх навук у аддзяленнях Акадэміі. Агульныя навукі, на якія да гэтага звярталася мала ўвагі, занялі бачнае месца ў працэсе навучання. Таксама было устаноўлена тры ступені звання класных мастакоў.
Падчас навучання ў акадэміі вучні выконвалі работы па малюнку, жывапісу і кампазіцыі, за якія атрымлівалі ацэнкі, а па заканчэнні курса — медалі. Вялікі і малы залатыя медалі, а таксама вялікі сярэбраны медаль давалі мастаку класны чын у Табелі аб рангах. Малы сярэбраны медаль даваў званне «някласнага мастака», альбо «вольнага», пры ўмове здачы экзаменаў з агульным балам 3.
Дык вось Турцэвіч Восіп Рыгоравіч у 1885 г. атрымаў малы сярэбраны медаль, у 1887 і 1888 гадах – таксама малыя сярэбраныя медалі, а ў 1889 г. – два вялікія сярэбраныя медалі.
29 мая 1890 г. па выпуску з Акадэміі мастацтваў яму было прысвоена знанне класнага мастака 3-й ступені і грамадзянскі чын 14 –га класа – калежскага рэгістратара, што адпавядала ваеннаму званню прапаршчыка альбо мічмана. Тым не менш, наяўнасць ужо гэтага чына, патрабавала велічаць яго носьбіта “вашим благородием”.
На жаль, нам не ўдалося прасачыць увесь жыццёвы і творчы шлях нашага земляка-мастака, як і знайсці яго фота і фотаіллюстрацыі мастацкіх твораў. Вядома толькі, што Восіп Рыгоравіч быў настаўнікам малявання і чыстапісання ў 2-й Адэскай мужчынскай гімназіі.
Гэтая гімназія не ўваходзіла ў лік прэстыжных навучальных устаноў горада. У яе сценах навучаліся дзеці ўсіх саслоўяў. Тым не менш, з гэтай гімназіі выйшла шмат выдатных людзей. Напрыклад, адным з вучняў Восіпа Рыгоравіча ў 1901 -1907 гадах быў вядомы вучоны, матэматык і даследчык Поўначы, Герой Савецкага Саюза Отта Юльевіч Шмідт.
У 1911 г. ва ўзросце 59 гадоў памерла дырэктар адной з Адэскіх жаночых гімназій Соф’я Іванаўна Відзінская. Пасля яе гімназію ўзначаліла Вера Іванаўна Мельніцкая. З таго часу гімназія пачала называцца Адэскай жаночай гімназіяй імя С.І. Відзінскай, якую ўтрымлівае В.І.Мельніцкая. Гэтая навучальная ўстанова зай-мала больш высокае становішча сярод гімназій Адэсы, чым 2-я мужчынская. Ды і аплата працы яе педагогаў была вышэй. Таму зразумела, што на запрашэнне Мельніцкай выкладаць у яе гімназіі маляванне і чыстапісанне Восіп Рыгоравіч адказаў згодай.
У 1914 г. у гімназіі навучалася 400 вучаніц. (Памятная книжка Одесского учебного округа на 1913-1914 учебный год).
Вядома таксама, што Восіп Рыгоравіч даслужыўся да ранга стацкага саветніка і быў ўзнагароджаны за сваю працу ордэнам св. Уладзіміра 4-й ступені.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Восіп Турцэвіч, пазбаўлены бальша-вікамі ўсіх званняў, рэгалій і пенсіёна, відаць, быў вымушаны пакінуць Адэсу і перабрацца да брата Івана ў Нежын, што выцякае з артыкула Сяргея Зазулі, прыведзенага вышэй. Але і ў Нежыне яму не ўдалося спакойна правесці старасць. Новаяўленая “кухарка” Бандарэнка, паквапіўшаяся на ўласнасць яго брата Івана, выжыла мастака з Нежына. Ён вымушаны быў пакінуць Украіну і вярнуцца ў Беларусь, дзе ў хуткім часе, як ужо было сказана вышэй, сканаў ад паралічу.

На пераломе
Сёння ў грамадстве ідзе многа спрэчак з нагоды 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адны вінавацяць яе ў ненармальным развіцці грамадства і мільёнах крывавых ахвяр, другія – сцвярджаюць, што менавіта рэвалюцыя 1917 г. дала штуршок да далейшага развіцця, зрабіла Беларусь сувярэннай дзяржавай, ліквідавала непісьменнасць, пазбавіла класавага дзялення і г.д.
Як бы хто не спрачаўся сёння, а большасць сялян Дудзіцкай воласці сто гадоў таму не ведалі , што будзе праз век. Яны ўспрынялі пералом ў гісторыі Расіі, неад’емнай часткай якой з’яўлялася тады наша Прыпяцкае Палессе, як добрую змену ўсяго, што не давала чалавеку вольна дыхаць і працаваць.
Людзі чакалі новага, і яно прый-шло Сялянства пазбавілася пан-шчыны і панскіх павіннасцяў. Хлебаробы, нарэшце, атрымалі зямлю. Іх дзеці ды і яны самі атрымалі магчымасць спасцігаць азы навук, стаць адукаванымі.
У 1920 г. былі створаны Шыіцкі і Сухавіцкі сельсаветы, якія з’яўляліся пярвічнымі органамі ўлады ў вёсцы. Старшынёй Сухавіцкага сельсавета быў Отчык Якаў, а сакратаром – Отчык Карп. У Шыіцкім сельсавеце старшынёй быў Купчык Барыс, а сакратаром – Палазнік Архіп. (ЗДАМ, ф.431, воп. 1, спр.94, лл. 3-3 адв.).
У пачатку лютага ў сельсаветах прайшлі чарговыя перавыбары.
У Сухавічах яны адбыліся 11 лютага 1921 г. На сельскім сходзе ў прысутнасці прадстаўніка валаснога рэвалюцыйнага камітэта Міхаіла Селіванава былі выбраны члены Сухавіцкага сельсавета. Імі сталі 28-гадовы Рыгор Салаўянчык, Цярэшка Бандарчук, 40-гадовы Даніла Кужэлка, 38-гадовы Якаў Отчык і Адам Кужэлка. Тут жа на сходзе адбыліся выбары старшыні і сакратара сельсавета. Жыхары Сухавіч даверылі гэтыя пасады ранейшым кіраўнікам – Якаву Отчыку і Адаму Кужэлка.
А 12 лютага 1921 г. на пасяджэнні Шыіцкага сельсавета адбылося размеркаванне абавязкаў паміж яго новавыбранымі членамі. Старшынёй стаў Мажэйка Міхаіл, сакратаром – Палазнік Архіп, намеснікам старшыні – Канавалаў Трафім, членамі – Чарняўскі Іван, Пуд Мануіл і Палазнік Сяргей. (ЗДАМ, ф.431, воп. 1, спр.23, лл. 30-31).
1 ліпеня 1921 г. у Шыічах адбыўся чарговы сельскі сход, на які сабралася 412 жыхароў вёскі (317 мужчын і 95 жанчын). На парадак дня вынеслі два пытанні: “ Перавыбары сельсавета” (яны тады адбываліся кожны квартал – І.Г.) і “Выбары дэлегата на валасны з’езд”.
У выніку галасавання ў склад Шыіцкага сельсавета выбралі: 45-гадовага Чарняўскага Івана Макаравіча, 35-гадовага Мажэйка Міхаіла, Палазніка Сяргея, Садоўскага Нічыпара, Садоўскага Івана і Палазніка Архіпа. Старшынёй выбралі Мажэйка Міхаіла.
Дэлегатам на валасны з’езд, які павінен быў адбыцца 10 ліпеня, накіравалі Палазніка Сака Сцяпанавіча.
Тым часам у Сухавічах на сельскім сходзе 30 чэрвеня, на які сабралася 300 жыхароў, пад час перавыбараў членамі Сухавіцкага сельсавета былі выбраны: Кужэлка Адам Навумавіч, Кужэлка Дзям’ян Еўдакімавіч, Кужэлка Апанас Арцёмавіч, Отчык Іван Апанасавіч і Кужэлка Даніла Яфімавіч. Дэлегатамі на з’езд выбралі Отчыка Нічыпара Фёдаравіча і Бандарчука Цярэшку Трафімавіча. (ЗДАМ, ф.431, воп. 1, спр.29, лл. 14-15).
Новая ўлада імкнулася аператыўна рашаць надзённыя праблемы насельніцтва. Адной з такіх у 1921 г. паўстала праблема паштова-тэлеграфнага забеспячэння. Галіна патрабавала пэўнага рэфармавання. З гэтай нагоды 18 ліпеня 1922 г. адбылося пасяджэнне Дудзіцкага валаснога выканаўчага камітэта, на якім была прынята наступная пастанова:
“Прыняўшы да ўвагі мясцовыя ўмовы ўсяго раёна воласці, прызнаем неабходным размеркаваць усе вёскі, сёлы, хутары і маёнткі ў 3 дапаможных паштовых пунктах, з уключэннем у іх адпаведных заселеных мясцовасцей і адкрыць такія ў другую чаргу ў ніжэйпазначаных сёлах:
1). Пункт у сяле Сухавічы з насельніцтвам у 725 чалавек, размешчаным у 10 вярстах на паўночны ўсход ад Дудзіцкага валвыканкама, уключаючы ў яго наступныя паселішчы: в.Заполле, размешчаную ад пункта ў 0,5 вярсты з насельніцтвам 525 чалавек; с.Шыічы, размешчанае ад пункта ў 1,5 вярсты з насельніцтвам 860 чалавек; с. Туравічы — у 2-х вярстах — 510 чалавек; с.Гарохаў — у 3-х вярстах – 305 чалавек.
Усяго ў Сухавіцкі дапаможны паштовы пункт уваходзіць 2825 чалавек”.
Служачымі Калінкавіцкай паштова-тэлеграфнай канторы ў той час з’яўляліся і выхадцы з сухавіцкай зямлі: Отчык Андрэй Кірэевіч, 1890 г.н., Отчык Філімон Васільевіч, 1894 г.н, і Рудзеня Яфім Канстанцінавіч, 1895 г.н. (ЗДАМ, ф.96, воп. 1, спр.11, лл.35, 161).
У 1922 г. кіраўніцтву Савецкай Расіі стала зразумелым, што ўтрыманне сельсаветаў, як органаў тэрытарыяльна-адміністрацыйнага кіравання, у кожнай вёсцы занадта вялікая раскоша. І ў чэрвені пачалася работа па скарачэнні пярвічных звенняў савецкай улады. У Дудзіцкі валвыканкам з Рэчыцкага павятовага выканаўчага камітэта быў спушчаны наступны цыркуляр :
“На падставе распараджэння Прэзідыума Павятовага выканкама і ўлічвачы пераход дзяржавы на сістэму аплаты старшынь сельсаветаў з мясцовых сродкаў, колькасць сельсаветаў у воласці скарачаецца да мінімуму і для воласці ўстанаўліваецца ў наступнай колькасці: Аўцюцэвіцкі – 11 сельсаветаў, Баршчоўскі – 9, Брагінскі – 20, Васілевіцкі – 12, Горвальскі -13, Дзеражыцкі – 10, Дзёрнавіцкі – 10, Даманавіцкі – 16, Дудзіцкі – 15, Заспенскі – 9, Іалчанскі – 11, Карпавіцкі – 17, Крукавіцкі – 16, Лоеўскі – 8, Маладушскі – 9, Мікуліцкі – 19, Мухаедаўскі – 14, Нараўлянскі – 19, Ровенска-Слабодскі – 16, Ручаеўскі – 14, Савіцкі – 18, Хойніцкі – 18, Холмецкі – 23, Юравіцкі – 21, Якіма-Слабодскі – 20.
Таму прапануецца неадкладна скараціць колькасць існуючых сельсаветаў па валасцях і тэрмінова прыслаць спісы ўсіх сельсаветаў і іх старшыняў пасля праведзенай рэарганізацыі і скарачэння.
За несвоечасовае выкананне гэтага распараджэння старшыні валасных выканаўчых камітэтаў нясуць строгую персанальную адказнасць.
Загпаветкір Муха
Заг. арг. п/а Ждановіч”.
(ЗДАМ, ф.1, воп.1. спр.23, л.17).
На гэты момант у Сухавічах налічвалася 564, у Шыічах 888 жы-хароў. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.26).
У канцы кастрычніка-пачатку лістапада 1922 г. пачалася падрыхтоўка да новых выбараў у сельскія Саветы.
Так, 4 лістапада на сходзе ў Сухавічах былі вылучаны кандыдаты ў члены Сухавіцкага сельсавета. Аднавяскоўцы прагаласавалі за Шэнька Аляксандра, Кужэлка Адама, Кужэлка Дзям’яна, Рыкаўца Адама, Бандарчука Цярэнція, Отчыка Нічыпара, Отчыка Герасіма, Отчыка Канстанціна. Па вёсцы Заполле — за Шэнька Гаўрылу, Шэнька Міхаіла, Шэнька Кузьму, Рудзеню Анісіма. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, с.43, л.57).
Былі таксама састаўлены і зацверджаны спісы асоб, якія пазбаўляліся права выбіраць і быць выбранымі (іх у той час называлі “лішэнцамі”- І.Г.). У такі спіс па Шыіцкаму сельсавету паводле рэкамендацый, дасланых зверху, трапілі: 25-гадовы гандляр Залман Міневіч; 40-гадовы хлебароб Дзмітрый Садоўскі, які да рэвалюцыі быў паліцэйскім; 35-гадовы настаўнік Міхаіл Малыхін, які раней быў старшым унцер-афіцэрам; 19-гадовы кулак Яўген Сямёнаў; 40-гадовы беспрацоўны Тэадор Каліноўскі, які быў настаўнікам, і 45-гадовы Макар Канавалаў, якога ў вёсцы ведалі, як канакрада-рэцыдывіста.
У спіс тых, хто не мог выбіраць і выбірацца ў Сухавіцкі сельсавет, уключылі: 54-гадовага свяшчэнніка Тышко Льва Марцінавіча; 41-гадовага псаломшчыка Загароўскага Фёдара Дармідонтавіча; 65-гадовага гандляра Голада Аўрама Іцхакавіча; 80-гадовага млынара Голада Сроеля Аўрамавіча; 27-гадовага свяшчэнніка Отчыка Якава Іванавіча; 27-гадовага скупшчыка жывёлы Голада Меера Лейбавіча; кулакоў: 39-гадовага Кужэлка Конана Яфімавіча, 35-гадовага Суліму Яўмена Маркавіча, 35-гадовага Таленца Саву Фёдаравіча, 28-гадовага Уласенка Фёдара Гардзеевіча, 50-гадовага Кулыбу Тараса Федасеевіча, 37-гадовага Канаша Кірылу Нічыпаравіча, 36-гадовага Рудзеню Піліпа, 26-гадовага Палазніка Цярэшку, 60-гадовага Отчыка Сідара Мікалаевіча, 45-гадовага Отчыка Макара Мікалаевіча, 30-гадовага Яўсеенка Мікалая, 40-гадовага Шэнька Івана Сакавіча, 65-гадовага млынара Отчыка Васіля Фёдаравіча, 50-гадовага млынара Рудэнка Канстанціна, 45-гадовага старшыню царкоўнага савета Кужэлка Адама Навумавіча і 75-гадовага Кужэлка Навума Яўстратавіча. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.43, лл. 22, 26).
Аднак не ўсе ўнесеныя ў гэты спіс пагадзіліся з такім становішчам спраў. Напрыклад, жыхар і хлебароб з Сухавіч Адам Кужэлка напісаў у выбарчую камісію наступную заяву:
“11 лістапада 1922 г. у час перавыбараў Сухавіцкага сельсавета, я пазбавіўся права голаса, выбіраць і быць выбраным, мяне занеслі ў чорны спіс, за тое, што я быццам бы з’яўляюся папячыцелем царквы. Аднак я не быў і не з’яўляюся папячыцелем царквы, я быў толькі назначаны Дудзіцкім выканкамам старшынёй камісіі па забранню царкоўных каштоўнасцяў, а таму прашу старшыню выбарчай камісіі выкрасліць мяне з чорнага спісу, каб я меў права голаса, выбіраць і быць выбраным. Як рэвалюцыянер сённяшняй рэвалюцыі, выступаўшы на ўсіх барыкадах, удзельнічаўшы ў барацьбе супраць польскіх легіонаў на ст. Калінкавічы ў 1918 г., а таксама супраць немцаў у той жа час на ст. Калінкавічы. Акрамя таго, у час нашэсця банд Балаховіча ў 1920 г. я выратаваў ад смерці двух іудзеяў, вядомых і цяпер, якія служаць Савецкай уладзе, першы – начальнікам Гарочыцкага ўчастка, а другі – у Гомелі. І калі для гэтага патрэбны даведкі, то я магу іх неадкладна прадставіць.У доказ таго, што я не з’яўляюся папячыцелем царквы, перадаю пасведчанне савета № 27.
А.Кужэлка”. (ЗДАМ, ф.431,
воп.1, спр.43, л. 33).

Дарэчы, Кужэлка быў не адзіным “пратэстантам”. Дудзіцкі валвыканкам разгледзеў заявы незадаволеных, і некаторыя вярнулі свае грамадзянскія правы.
Выбары адбыліся. У склад Шыіцкага сельсавета выбралі Кабраля Марка Сцяпанавіча, які стаў старшынёй, Вінакура Арцёма Ерамеевіча (намеснік старшыні), Палазніка Архіпа Савіча (сакратар), Чарняўскага Пятра Аўрамавіча, Кулыбу Рамана Несцеравіча і Загарэя Ануфрыя Сцяпанавіча. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.43, л. 30).
А 10 лістапада адбыўся агульны сход жыхароў вёсак Сухавічы, Заполле і Туравічы, на якім было прынята рашэнне аб аб’яднанні сельсаветаў.
Першым пытаннем яго разгляду стаў даклад пра 5-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, паводле якога сход прыняў наступную рэзалюцыю:
“Заслухаўшы даклад аб 5-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі, мы, грамадзяне вв. Сухавічы, Заполле і Туравічы, поўнасцю падтрымліваем тыя вялікія зрухі і мерапрыемствы, прынятыя на працягу пяці гадоў, і спадзяемся, што і ў дальнейшым таксама будуць праводзіцца, паляпшаючы тым самым быт працоўнага сялянства”.
Затым былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў Сухавіцкага і Туравіцкага сельсаветаў Кужэлка і Говара. У выніку абмеркаванняў, сяляне прыйшлі да высновы – прызнаць работу Сухавіцкага і Туравіцкага сельсаветаў нездавальняючай.
На сходзе выбралі камітэт узаемадапамогі, у які ўвайшлі: ад Сухавіч Салаўянчык Рыгор і Кужэлка Апанас; ад Туравіч Даманчук Тарас і Говар Несцер; ад Заполля – Купчык Макар. Кандыдатамі ў камітэт ад Сухавіч выбралі Отчыка Нічыпара, ад Туравіч — Даманчука Сямёна і ад Заполля – Яўсеенку Мацея.
Тут жа, на сходзе адбыліся выбары членаў аб’яднанага сельсавета. Ад Сухавіч у яго ўвайшлі Отчык Аляксандр, Кужэлка Апанас і Рудзеня Фёдар; ад Туравіч – Говар Несцер і Шуляк Маісей; ад Заполля – Шэнька Кузьма і Шэнька Гаўрыла. Кандыдатамі ад Сухавіч быў абраны 52- гадовы Рыкоўскі Адам, ад Туравіч – 29-гадовы Говар Яфім, ад Заполля 58-гадовы Яўсеенка Міхаіл. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.43, лл. 54-55).
А 17 лістапада 1922 г. адбылася перадача спраў і ўсіх дакументаў Сухавіцкага і Туравіцкага сельсаветаў Запольскаму сельсавету, які цяпер станавіўся адзінай уладнай структурай на тры вёскі: Заполле, Сухавічы і Туравічы. Старшынёй Запольскага сельсавета 11 лістапада гэтага ж года быў выбраны Кузьма Шэнька. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.43, лл.53,85).
24 лістапада адбыўся з’езд сельсаветаў Дудзіцкай воласці, дэлегатамі на якім ад Сухавіч былі абраны Отчык Якаў Іванавіч і Рудзеня Фёдар Архіпавіч, ад Шыіч – Кабраль Марк і Мажэйка Міхаіл. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.43, лл.96-97).
Напярэдадні перадачы тэрыторый Калінкавіцкай воласці з РСФСР у склад БССР у 1924 г. членамі Шыіцкага сельсавета былі Палазнік Сак (старшыня), Купчык Барыс (намеснік старшыні), Палазнік Архіп (сакратар), Палазнік Патап, Пуд Мануіл, Старынскі Міхаіл і кандыдатам у члены сельсавета – Капельян Кузьма.
Старшынёй Запольскага сельсавета з’яўляўся Яўсеенка Міхаіл, яго намеснікам – Говар Хвядос, сакратаром – Шэнька Гаўрыла, членамі: Говар Яўхім, Салаўянчык Рыгор, Отчык Якаў, Отчык Нічыпар, Говар Лукер’я; кандыдатамі: Кужэлка Адам, Бандарчук Цярэшка, Рудзеня Трахім і Говар Даніла. (ЗДАМ, ф.96, воп.1, спр.20).
Пасля перадачы ў склад БССР, Шыіцкі і Запольскі сельсаветы ліквідуюцца, а з 20 жніўня 1924 г. у складзе Калінкавіцкага раёна Мазырскай акругі ствараецца Сухавіцкі сельскі савет, у які уваходзяць населеныя пункты: Сухавічы, Шыічы, Туравічы, Заполле, Гарохаў і хутар Дрынёў. Старшынёй сельсавета быў абраны Рыгор Салаўян, якога апасля змяніў Міхаіл Яўсеенка, затым Антон Пянько.
З цягам часу людзі пачалі ўсведамляць, каго ж яны на самай справе выбіраюць у сельскі Савет.
Вось што пра гэта ў сваіх успамінах апасля напісаў ураджэнец Шыіч, сакратар першай камсамольскай ячэйкі гэтага сяла Хрыстафор Прыбыль:
“Падходзілі чарговыя выбары ў сельскі Савет. І вось тут упершыню прыйшлося сутыкнуцца з моцным і вераломным ворагам – кулацтвам. Да гэтага мы неяк не прыглядаліся ні да Лукі Садоўскага, ні да млынара Івана Канаша, ні да жыўшага на хутары Дрынеўскага. Мужыкі пра іх гаварылі рознае: адны лаялі, называлі кравапіўцамі, другія, наадварот, хвалілі – яны, маўляў, сапраўдныя гаспадары, з розумам справу вядуць.
<…> Становішча ў вёсцы пачало накаляцца задоўга да выбарчага сходу. Сыр-бор разгарэўся з-за Антона Пянько. Мы ведалі, што ён любіць заглянуць у чарку, часцяком бачылі яго п’яным, але, нягледзечы на гэта, моладзі падабаўся былы балтыйскі марак, які ніяк не мог развітацца з паношанай, зацёртай бесказыркай і вылінялай цяльняшкай. Падабаўся ён нам за тое, што быў просты і даступны.
<…> Антон жыў бедна, не было ў яго доме аніводнай жывёліны. Ды ён і не імкнуўся да багацця.
<…> І вось пра Пянько пайшлі па вёсцы размовы:
— За чарку душу сваю прадаў!
Карысці ад яго беднякам ні на грош!
— Багацеям пры пянькоўскай ула-дзе адно раздолле!
<…> Перад самымі выбарамі ў Шыічы прыехаў раённы ўпаўнаважаны – старшыня райвыканкама Касухін. Спыніўся ён у самым вялікім і ўтульным на сяле доме – у Садоўскага. У той жа дзень рабяты вырашылі запрасіць яго на сход ячэйкі. Нам хацелася даведацца, як камсамольская арганізацыя павінна дзейнічаць на выбарах, за каго галасаваць.
Я накіраваўся да дома Садоўскага. Толькі было ўзяўся за дзвярную клямку, як пачуў ліслівы, метадычны голас Лукі:
— Частуйцеся, калі ласка, чым багаты, тым і рады. Ужо мы ад усёй душы вас прывячаем. – Лёгка забрынькаў перасоўваемы посуд. – А наконт Антона Пянько скажу – першай стацці чалавек, нават палюбілі яго ў сяле. Запытайце ў любым двары – кожны тое ж скажа, ратуй мяне божа, калі я схлусіў.
— Пянько – добры чалавек. Ведаю яго, — адказаў Касухін. – Трэба, каб зноў ён у старшыні прайшоў…
<…> Пра ўсё гэта я расказаў старшыні камітэта беднаты Арцёму Вінакуру.
— Давай неадкладна склікай беднякоў і камсамольцаў, — сказаў ён. – Справа неадкладная.
Сход зацягнуўся да другіх пеўняў. Дамовіліся: кандыдатуру Пянько ў сельсавет не вылучаць, а калі хто з мужыкоў і вылучыць, то дружна галасаваць супраць. Павесці шырокую агітацыю за Пятра Спірыдонавіча Новіка. Калі ён узначаліць сельсавет – лепшага і жадаць не трэба.
Пётр Спірыдонавіч быў самым актыўным членам камбеда. Многага яму давялося хапіць ад жыцця. Пятру ледзь стукнула трыццаць пяць, а ўжо скроні засрэбніла сівізной.
Дзяцінства Пётр не бачыў. Яно праляцела як кашмарны сон, — у пакутлівай батрацкай рабоце, у пастаянных клопатах пра кавалак хлеба. Пётр не вытрываў. Калі яму споўнілася пятнаццаць год, збег у горад. Лёс прывёў яго на Тульскі збройны завод, адкуль ён у сямнаццатым годзе і пайшоў у Чырвоную гвардыю. У грамадзянскую вайну Новік быў паранены, доўга ляжаў у лазарэце ў тыфозным трызненні. Але маладосць перамагла, Пётр ачуняў. Ён з цяжкасцю знайшоў сваю парадзелую часць і ў той жа дзень, з вінтоўкай наперавес, пайшоў у атаку.
Пасля вайны Пятра пацягнула ў родныя мясціны…
<…> Вёска падзялілася на два лагеры. Гэта адразу адчулася і на схо-дзе. Садоўскі, Канаш і іх прыхільнікі занялі ўсе пярэднія лаўкі, а бедната начале з Пятром Новікам расселіся за імі.
Ужо перад самым адкрыццём сходу з’явіліся Касухін і Пянько. Абодва яны былі вясёлымі, пра штосьці перагаворваліся адзін з другім, жартавалі.
Сход дружна і хутка выбраў прэзідыум. У яго ўвайшлі Малыхін, Пянько, Касухін, Новік, Вінакур і я.
<…> На край сцэны, бліжэй да народу, выйшаў Касухін.
— Антона Пянько ў рэвалюцыю Балтыка добра ведала, а цяпер мы аб ім даведаліся. Наш ён чалавек, рабочая, сялянская ў яго кроў. Райвыканкам яго падтрымлівае, і я б першым галасаваў за таварыша Пянько.
— Яно, канешне, добра, калі чалавек крыві ў баі не шкадуе, — падняўся ляснік Нічыпар Фёдаравіч. – Але вось пытанне: ці да твару, глядзь-паглядзь, рэвалюцыйнаму мараку скрынкі з віном з піўной Рабіновіча на вашу кватэру цягаць, таварыш Касухін?
— Пра што гэта Вы? – пабялеў той.
— Ды ўсё пра тое ж, глядзь-паглядзь, — спакойна працягваў ляснік. – Лес для моста даўно сельсавету выдзелены. А маста і дагэтуль нямашака, бродам мужыкі цераз рэчку перабіраюцца, пупы і ў коней, і ў сябе мочаць…
— Нічога не разумею, — абурыўся Касухін.
— Паплылі, кажу, народныя грошыкі, — развёў рукамі Нічыпар Фёдаравіч. – Ні даць, ні ўзяць, глядзь-паглядзь, Рабіновіч імі скарыстаўся…
<…> Антона Пянько ўсё ж у спісы для галасавання ўнеслі. Далей вылучэнне пайшло без сучка, без задзірынкі. Запісалі Міхаіла Пятровіча Малыхіна, Пятра Спірыдонавіча Новіка, Арцёма Вінакура, Архіпа Савіча Палазніка і самага старшага з камсамольцаў – Мішу Мажарка.
Калі пачалося галасаванне, у зале зноў ўзнялася бура. За Пянько паднялі рукі крыху меньш паловы выбаршчыкаў.
— Няправільна падлічылі! Давай зноў! – крычалі пярэднія.
Прагаласавалі зноў. І зноў Пянько атрымаў меншасць.
<…> На наступны дзень у клуб зайшоў новы старшыня сельскага Савета Пётр Спірыдонавіч Новік.
<…> У адзін з чэрвеньскіх дзён я пабываў у райкаме камсамола. Там мне расказалі, што райкам партыі разаблачыў Касухіна як былога эсэра, які ў гады Савецкай ўлады спрытна замаскіраваўся і пралез на высокі пост. Касухін быў звязаны з кулакамі і нэпманамі, пеў пад іх дудку. Прахадзімца з трэскам выгналі з партыі”. (Прибыль Х. В поиск уходит разведка… Минск. “Беларусь”. 1967).

Антыхрысты

У пачатку 1923 г. у Сухавічах з ліку найбольш актыўнай моладзі ўтварылася камсамольская ячэйка. У склад яе ўвайшлі Васіль Кужэлка, Цімох, Сяргей і Сідар Отчыкі, Іван Рыкоўскі, Давід Фрэнкель. Сакратаром ячэйкі быў абраны Трахім Отчык.
У маі таго ж года Сухавіцкая камсамольская ячэйка папоўнілася новымі членамі за кошт шыіцкай моладзі. Пра тое, як гэта адбылося, успамінае Хрыстафор Прыбыль:
“Аднойчы ля Макаравай хаты сабралась вялікая гурба хлопцаў і дзяўчат. Моладзь наладзіла свой любімы “Крыжачок”. Дзядзька Макар пад “мухай” іграў з асаблівым уздымам.
<…> У гэтай вясёлай суматосе мала хто прыкмеціў, як да хаты пад’ехала падвода, з якой лёгка саскочыў высокі, стройны хлапец у вышытай касаваротцы, падпярэзаны ўзорчатым каўказскім раменьчыкам. Ён падыйшоў да моладзі і спыніўся ля скрыпача.
<…> — А вы хто будзеце? – асцярожна пацікавіўся ў прыезжага дзядзька Макар. – Спецыяльна танцамі займаецеся ці па якой іншай справе да нас заглянулі?
— Я сакратар Калінкавіцкага райкама камсамола. Прозвішча маё Шнітко.
<…> — Я да вас з важнай справай, таварышы. Вельмі важнай. Ленін і партыя бальшавікоў вядуць нас да новага, светлага жыцця. Каму ж як не моладзі будаваць гэтае жыццё? – пытаюся я ў вас. Відаць, чулі, што па плану Ільіча пачалося будаўніцтва электрастанцый, рабочыя ўзнаўляюць заводы і фабрыкі, наладжваюць транспарт. Ці тое яшчэ будзе праз некалькі гадоў! Камсамольскія ячэйкі ў гарадах пашыраюцца, нават малышня і тая голас падае – усюды ствараюцца піянерскія атрады.
Шнітко памаўчаў крыху і акінуў хлопцаў і дзяўчат іскрыстым, задорным позіркам:
— Бачыце, як вас многа! Калі б усім дружна ўзяцца за працу — гору б маглі звярнуць! Давайце, сябры, перш-наперш, створым камсамольскую ячэйку. У Сухавічах — побач з вамі — ужо паявілася ячэйка, а вы адстаеце!
Моладзь зашумела:
— Жывем — не скардзімся!
— Каціся ты…
— З антыхрыстамі нам не па шляху!
— Пайшлі, хлопцы, а то ён усіх у камсамол запіша, па струнцы хадзіць прымусіць!
Хлопцы і дзяўчаты, узбуджана пасмейваючыся, разышліся. Каля Шнітко засталіся толькі сем чалавек — Міхаіл і Яўстрат Палазнікі, Якаў Вінакур, Якаў Курыла, Фаня Міневіч, Нота Шэрман і я. Старшаму з нас, бадай, не было і шаснаццаці гадоў.
<…> Мы шлі не адчуваючы пад сабой ног. Мы – камсамольцы! Чутка аб гэтым даляцела да вёскі раней, чым мы прыйшлі.
Не паспеў я ўвайсці ў хату, як услед за мной уваліўся тоўсты і тлусты поп Святаслаў.
— Мір гэтаму дому, – пера-хрысціўся ён і павітаўся з маім бацькам.
— Дзень добры, бацюшка. Рады, што не забываеце маю бедную хату, – адказаў бацька, нізка кланяючыся.
— Я па справе да цябе, Сямён Кандрацьевіч, — поп сеў у пярэднім куту, пад іконамі.- Прачуў, што ты ганьбу на Бога ўзводзіш!
— Грэх, бацюшка, напраслінай папракаць. Нічым я яшчэ не прагневаў Бога.
— Не ты, дык сын твой Хрыстафор, — паказаў на мяне тлустым пальцам Святаслаў. – З антыхрыстамі звязаўся, у бязбожны камсамол уступіў…
Мой бацька – чалавек набажны, за веру гарой стаіць. Прадчуваючы горшае, я падаўся, на ўсякі выпадак, бліжэй да акна. Але на маё здзіўленне, бацька павольна развёў рукамі і сказаў у задуменні:
— Не нам, бацюшка, вучыць сённяшнюю моладзь. Няхай самі, як хочуць. Можа ў іх лепш нашага атрымаецца…”
У хуткім часе першыя шыіцкія камсамольцы атрымалі ў Калін-кавічах камсамольскія білеты. Праўда, не ўсе аднавяскоўцы радаваліся гэтай падзеі. Вось што ўспамінае пра гэта Хрыстафор Прыбыль:
“З нізенькай, падслепаватай хацінкі выбегла змучаная, згорбленая жанчына ў палатнянай сукенцы, з мокрым голікам у руках. Гэта была салдацкая ўдава Ірына Пракопаўна, цёмная, прыбітая горам жанчына.
— Ірады, грэхаводнікі! – загаласіла яна, размахваючы венікам. – З’явіліся на наша горанька! Д’яблаў наклікалі! Да прападзіце вы ўсе пропадам!
— Чаго крычыш? Якіх д’яблаў? – падскочыў да яе Міхаіл Палазнік.
— Рагатых ды хвастатых, — акрысілася Ірына. – На возеры яны, ля Жалезнай гары. Нікадзім Макушынскі бачыў іх, ледзь жывы адтуль збег. І ўсё з-за вас ,антыхрыстаў. Прагнявілі Бога.
Жанчына, праклінаючы камса-мольцаў, падалася ў хату.
Мы пераглянуліся і, не згаворваючыся, дружна пакрочылі да Макушынскага. Нікадзім быў скрыпачом з вёскі Гарохава. Яго заўжды запрашалі на святы. Платы ён ніякай не браў, задавольваўся тым, што яго пакормяць і не абмінуць чаркай. Мы ведалі, што на гэты раз Макушынскі спыніўся ў доме лясніка Нічыпара Фёдаравіча.
Нікадзіма засталі на двары, на лаўцы. Ён сядзеў бледны, тросся ад страху, штосьці ўзбуджана апавядаў гаспадару хаты. Мы падыйшлі бліжэй.
— Галава ў яго – во якая! – спуджана развёў рукамі Макушынскі. – Уся нібы ў пер’і. Нырне і вынырне, нырне і вынырне. Сэрца ў мяне так і абарвалася. Я там і вуды, і вядро пакінуў, ледзь Богу душу не аддаў…
— А пры чым тут камсамольцы? – запытаў яго Якаў Вінакур.
— А пры тым, – павярнуў да нас свой бледны твар Нікадзім. – Вас не было, на возеры благадаць стаяла. А цяпер што?.. Нырне і вынырне, нырне і вынырне… Усё ж вы звязаліся з антыхрыстам, на нашу зямлю брыдоту навялі…
— Ты на рабят, таго, не валі, — заступіўся за нас Нічыпар Фёдаравіч. Я сёння, глядзь-паглядзь, праверу, якога д’ябла ты там бачыў.
<…> Вечарам да возера накіравалася “д’яблава” экспедыцыя. Спераду крочыў з асцямі ляснік, ззаду трусілі Міхаіл Палазнік, Якаў Вінакур і я.
<…> Прайшло больш гадзіны ў стамляючым чаканні.
<…> У тое ж імгненне цішыню разарваў жудасны крык Мішкі:
— А-а-а! Д’ябал!
Мы анямелі ад перапуду. Затым прыпусцілі было бегчы ў бок вёскі, але з цяжкасцю прымусілі сябе спыніцца. Павярнулі да возера на Мішкаў голас.
<…> Камыш раздаўся, і лодка мякка тыцнулася тупым носам у бераг. Ляснік сіпла засмяяўся і кінуў да нашых ног нешта чорнае і звілістае.
— Наце, глядзь-паглядзь, вашага д’ябла!
<…> Мы ўбачылі вялізнага шчупака, у спіну якога намертва кіпцюрамі ўчапіўся коршак. Відаць, не пад сілу было курынаму разбойніку справіцца з дабычай, і шчупак пацягнуў яго пад ваду. Гэты ліхі наезнік і перапужаў да смерці набожнага Нікадзіма.
Мы прыцяглі “д’ябла” да школы. Сабралася амаль усё сяло. Прый-шла і Ірына Пракопаўна. Паглядзела, выпучыла вочы ды як загалосіць на ўсю вуліцу:
— Д’ябал, д ’ябал! У коршака нячысты ператварыўся!
Удава, хрысцячыся на хаду, хутка засемяніла да сваёй хаты.
— Т-а-к, глыбока сядзіць рэлігія ў народзе, — пакачаў галавой Міхаіл Пятровіч Малыхін, праважаючы сумным поглядам уцякаўшую жанчыну. Ён павярнуўся да нас і дабавіў:
— Трэба вам, камсамол, дапамагчы людзям пазбавіцца ад царкоўнага дурману.
— А што тут памагаць, — рашуча адрэзаў Міхаіл Палазнік. – Закрыць царкву, выгнаць Святаслава, і песенцы канец.
— Не, брат, тут справа пасур’ёзней, — запярэчыў настаўнік. – Сам учора, гаворыш, “д’ябла” спужаўся, закрычаў благім матам, ледзь з лодкі не вываліўся. Ды і ў рэлігійныя святы на работу не ходзіш, любіш пасмакаваць і чырвоных пасхальных яечак, і ў Каляды пакалядаваць… Вось яна, закавыка якая!
Мы вінавата патупіліся.
-Мястэчка б вам асаблівае для моладзі абуладкаваць, — параіў настаўнік. – Каб збірацца можна было, пагаварыць, кніжку пачытаць, у шашкі згуляць. Я ў Дудзічах быў. Там моладзь за клуб узялася. Вартая справа!”
І шыіцкія камсамольцы ўзяліся за справу. Яны звярнуліся да старшыні сельсавета, былога балтыйскага марака Антона Пянько, які, як ужо вядома, хоць і любіў “закласці за варатнік”, але да просьбаў камсамольцаў прыслухоўваўся.
Старшыня прывёў актывістаў да забітага наўкрыж дошкамі магазіна, які стаяў такім аж з 1917 г., абыйшоў яго, і адарваў дошкі на ўваходных дзвярах:
— Забірай, браточкі!.. Усё ваша… Памятайце балтыйскага марака.
У той жа дзень Пянько абыйшоў па вёсцы мужыкоў і ўгаварыў іх дапамагчы камсамольцам з рамонтам.
Некаторыя пярэчылі, маўляў, пустую справу задумалі, навошта нам тая культура. А многія адгукнуліся. І пацягнуўся народ да будучага клуба хто з чым. Адзін дошку цягнуў, другі – лаўку, трэці ішоў з сякерай, нехта з нажоўкай. І работа закіпела.
У час будаўніцтва клуба камсамольскія рады ў Шыічах папоўніліся новымі камсамольцамі. Да першапраходцаў далучыліся: Іван Канавалаў, Мацей Міневіч, Сідар Вінакур і Кузьма Палазнік.
Калінкавіцкі райкам камсамола параіў шыіцкай моладзі стварыць сваю камсамольскую ячэйку. Тут жа, на будаўніцтве клуба, адбыўся і яе першы арганізацыйны сход, на якім сакратаром сваёй ячэйкі камсамольцы выбралі Хрыстафора Прыбыля.
Клуб адрамантавалі за дзесяць дзён.
У дзень адкрыцця па пара-дзе настаўніка Міхаіла Малыхіна запланавалі паставіць спектакль. Настаўнік павінен быў зрабіць даклад пра Савецкую ўладу. Хрыстафор — выступіць ад імя моладзі. Але ўсё пайшло не па плану.
У дзень адкрыцця ў клуб сабралася ўся вёска. У прэзідыум выбралі настаўніка Міхаіла Малыхіна, старшыню сельсавета Антона Пянько і старшыню камбеда Арцёма Вінакура, запрасілі і важака камсамольскай ячэйкі Хрыстафора Прыбыля. Не паспеў Пянько прадставіць слова для даклада настаўніку, як на сцэну падняўся дзед Андрыян, апрануты ў свежую палатняную рубашку, падпярэзаны чырвоным поясам.
“Гляньце, што для нас Савецкая ўлада робіць, — ён шырока абвёў залу і ўсклікнуў. – Дык абвянчаем жа яе з мужыком на вякі вечныя! – напісаў пра гэты дзень у сваіх успамінах Хрыстафор Прыбыль. – Гэта ж харомы пабудавалі! Цар і той, бадай, пазайздросціў бы, укусі яго за ногу!
Памятаю, карчма тута была. Вось тутачкі, дзе я акурат стаю, гарэлку прадавалі, а дзе вы сядзіце – сталы з лаўкамі стаялі, там людзі пілі і харчаваліся. І колькі, скажу я вам, гора тут людзі пабачылі! Іншы бядак апошні кажушок пакідаў, іншы ад жонкі тайком медны грош сюды цягаў. І морды тут крывянілі і сварыліся… І ўсё, як яго, карчмару ішло на карысць. І добрэ, што цяпер ентаму паганаму месцу самы што ні на ёсць каюк прыйшоў. Спасібачкі нашым маладым хлопчыкам…”
Сяляне клуб у Шыічах назвалі “Новым домам”.

Барацьба з “опіумам народа”

Свяшчэнніку Святаславу ды прасвітару Шыіцкай баптысцкай секты Івану Рудзеню створаны камсамольцамі клуб прыйшоўся не па густу. Яны празвалі яго “Домам антыхрыста”.
Святары пачалі бунтаваць набожных сялян супраць мясцовых камсамольцаў. “Хто не хоча паганіць святую веру – забудзьце пра дарогу ў клуб”, — заклікаў Святаслаў. І ў вёсцы ўсчалося самае сапраўднае супрацьстаянне, у якое было ўцягнута амаль усё дарослае насельніцтва.
Праўда, перамога ў гэтай барацьбе была прадвызначана, паколькі Савецкая ўлада з першых дзён свайго ўладарання павяла актыўную барацьбу з “опіумам народа” — такое вобразнае вызначэнне рэлігіі даў у сваёй працы “Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права” Карл Маркс.
Яшчэ ў 1917 г. на II Усерасійскім з’ездзе Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў быў прыняты Дэкрэт аб зямлі, у адпаведнасці з якім, землі, што належалі раней царкве, пераходзілі ў “распараджэнне валасных зямельных камітэтаў і павятовых саветаў сялянскіх дэпутатаў аж да вырашэння ў дальнейшым Устаноўчым Сходам пытання аб зямлі”.
Згодна з Дэкрэтам «Аб скасаванні шлюбу» (16 снежня 1917 г.) і Дэкрэта «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану» (18 снежня 1917г.) шлюб аб’яўляўся прыватнай справай, а захаванне або невыкананне рэлігійных абрадаў больш не аказвала ўплыў на юрыдычныя адносіны паміж мужам і жонкай, а таксама паміж бацькамі і дзецьмі.
З 1919 года бальшавікі адкрыта аб’явілі ў якасці адной са сваіх задач садзейнічанне «адміранню рэлігійных забабонаў».
Адной з першых пастаноў бальшавіцкага ўрада быў падрыхтаваны наркамам юстыцыі левым эсэрам І. З. Штайнбергам і загадчыкам аддзела заканадаўчых актаў Наркамюста Міхаілам Рэйснерам Дэкрэт СНК Расійскай Рэспублікі, прыняты 20 студзеня (па старым стылі) і афіцыйна апублікаваны 23 студзеня 1918 года «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», якім царква была аддзелена ад дзяржавы і ад дзяржаўнай школы, пазбаўлена правоў юрыдычнай асобы і ўласнасці, а рэлігія абвяшчалася прыватнай справай грамадзян. Дэкрэт узаконьваў распараджэнні і акты, якія прымаліся з снежня 1917 года, ліквідаваў функцыі праваслаўнай царквы як дзяржаўнай установы, якая карыстаецца дзяржаўным заступніцтвам.
Па рашэнні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта ад 20 ліпеня 1921 года Агітпрап і яго аддзяленні павінны былі прыступіць да ўсебаковай антырэлігійнай прапаганды.
Вясной 1922 года бальшавікі, якія да таго часу адбілі знешнія пагрозы, перайшлі да этапу актыўнай барацьбы з праваслаўнай царквой, якая разглядалася імі як найбуйнейшы ачаг унутранай «контррэвалюцыі». 23 лютага 1922 года выйшаў Дэкрэт УЦВК аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, якія знаходзіліся ў карыстанні груп вернікаў.
27 красавіка 1923 года была апублікавана інструкцыя наркамата юстыцыі і ўнутраных спраў, датаваная 15 красавіка таго ж года, «Аб парадку рэгістрацыі рэлігійных таварыстваў і выдачы дазволаў на скліканне такіх з’ездаў».
У адпаведнасці з гэтай інструк-цыяй была заключана дамова і паміж Дудзіцкім валвыканкамам і вернікамі сяла Сухавічы, якую мы прыводзім ніжэй:
“Дамова
Мы, ніжэйпадпісаўшыеся, грамадзяне сяла Сухавічы: Свяшч. Леў Марцінавіч Тышко, Фёдар Загароўскі, Яўхім Уласенка, Адам Кужэлка, Нупрэй Загарэй, Кузьма Мельнік, Аўсей Мельнік, Міхаіл Старынскі, Якаў Отчык, Тарас Кулыба, Арсень Вінакур, Рыгор Малашчанка, Сямён Прыбыль, Павел Даманчук, Сяргей Палазнік, Васіль Харлан падпісалі гэтую дамову з Дудзіцкім валвыканкамам у асобе паўнамоцнага прадстаўніка Андрэя Зубца ў тым, што 31 мая 1922 г. прынялі ад валвыканкама ў доўгатэрміновае бясплатнае карыстанне храм і богаслужбовыя прадметы, якія размешчаны ў с. Сухавічы Дудзіцкай воласці, па асобнаму ніжэйскладзенаму вопісу на наступных умовах:
1. Мы, ніжэйпадпісаў-шыеся грамадзяне, абавязуемся берагчы перададзенае нам народнае дабро і карыстацца ім выключна адпаведна яго прызначэнню, прымаем на сябе ўсю адказнасць за захаванне ўручанай нам маёмасці, а таксама за выкананне ўскладзеных на нас іншых абавязкаў.
2. Храм і богаслужбовыя прадметы ў ім мы абавязуемся выкарыстоўваць і прадстаўляць іх у карыстанне ўсім нашым аднаверцам выключна для задавальнення рэлігійных патрэб.
3. Мы абавязуемся прыняць усе меры да таго, каб даручаная нам маёмасць не была выкарыстана для мэт, якія не адпавядаюць артыкулам 1 і 2 гэтай дамовы. У прыватнасці мы абавязуемся не дапускаць ва ўручаным нам храме правядзення палітычных сходаў варожых Савецкай уладзе; раздачы альбо продажу кніг, брашур, лістовак і пасланняў, накіраваных супраць Савецкай улады і яе прадстаўнікоў; ажыццяўлення прамоў і іншай варожай Савецкай уладзе дзейнасці і яе асобных прадстаўнікоў; і ажыццяўлення набатных трывог для склікання насельніцтва з мэтай узбуджэння яго супраць Савецкай улады. Мы абавязуемся падпарадкавацца ўсім распараджэнням мясцовага валаснога выканаўчага камітэта адносна распарадку карыстання званамі.
4. Мы абавязуемся са сваіх сродкаў ажыццяўляць аплату ўсіх бягучых выдаткаў па ўтрыманні храма і прадметаў, якія ў ім знаходзяцца, як то па рамонце, ацяпленню, страхаванні, ахове, па аплаце пазык, мясцоваму падаткаабкладанні і г.д.
5. Мы абавязуемся мець у сябе інвентарны вопіс усёй богаслужбовай маёмасці, у якой павінны быць адлюстраваны ўсе новапаступіўшыя (шляхам ахвяраванняў і перадачы з іншых храмаў, і т.п.) прадметы рэлігійнага культу, якія не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю асобных грамадзян.
6. Мы абавязуемся бесперашкодна дапускаць у нябогаслужбовы час упаўнаважаных валвыканкамам асоб для перыядычных праверак і агляду маёмасці.
7. За страту альбо порчу перададзеных нам прадметаў мы нясем матэрыяльную адказнасць салідарна, у памерах страт нанесеных маёмасці.
8. Мы абавязуемся ў выпадку перадачы прынятай намі маёмасці вярнуць яе ў тым выглядзе, у якім самі прынялі на карыстанне і захоўванне.
9. У памяшканні храма і на могілках мы абавязуемся суправаджаць сваіх аднаверцаў па жаданні зацікаўленых асоб рэлігійнымі абрадамі адпаведна ўрачыстасці аднолькавымі для ўсіх і за аднолькавую плату, памер якой павінен быць аб’яўлены для ўсеагульнага агляду.
10. За непрыняцце мер па выкананні абавязкаў, якія выцякаюць з гэтай дамовы, альбо за яго прамое парушэнне, мы падвяргаемся крымінальнай адказнасці па ўсёй строгасці рэвалюцыйных законаў, пры гэтым дагавор можа быць разарваны валвыканкамам.
11. У выпадку нашага жадання спыніць дзеянні гэтай дамовы, мы абавязаны аб гэтым давесці да ведама валвыканкама, пры гэтым на працягу тыдня пасля падачы заявы ў валвыканкам мы працягваем заставацца абавязанымі гэтай дамовай і нясем усю адказнасць па яе выканнні, а таксама абавязуемся здаць у гэты перыяд усю прынятую намі маёмасць.
12. Кожны з нас, падпісаўшы дагавор, можа выбыць з ліку удзельнікаў дагавора, падаўшы аб гэтым пісьмовую заяву валвыканкаму, што аднак не пазбаўляе выбыўшую асобу ад адказнасці за ўсе страты, нанесеныя народнаму дабру ў перыяд удзелу таго, хто выбыў, у карыстанні і кіраванні маёмасцю да падачы валвыканкаму адпаведнай заявы.
13. Ніхто з нас і ўсе мы разам не маем права адмовіць ніводнаму грамадзяніну, які належыць да нашага веравызвання і не абмежаваны па суду, падпісаць пазней сённяшняга дня сапраўдную дамову і прымаць удзел у кіраванні ўпамянутай у гэтай дамове маёмасцю на агульных падставах з ўсімі яго падпісаўшымі.
У чым і распісваемся:
(Подпісы)”. (ЗДАМ, ф.431,
воп.1, спр.33, л. 20).
На падставе вышэй надрукаванай дамовы вернікі з Сухавіч склалі вопіс маёмасці Сухавіцкай царквы Рэчыцкага павета Дудзіцкай воласці, у якім падрабязна пералічылі ўсе культавыя прадметы, што знаходзіліся ў Сухавіцкай св. Іаана Багаслова царкве таго часу:
“Вопіс маёмасці Суха-віцкай царквы Рэчыцкага павета Дудзіцкай воласці
I. Алтар
1. Прастол – стол сасновага дрэва, пакрыты парчовым адзеннем і бархатнай тканінай па ім.
Прылады прастола
2. Евангелле ў вялікі ліст з пераплётам, пакрытае мета-лічным вызалачаным лістом з фініфціевымі абразкамі, старое.
3. Евангелле малое ў 1/8 ліста з бархатным пераплётам і металічнымі іконкамі па кутах, старое.
4.Крыжы. 2 металічныя ў 6 вяршкоў вышынёю кожны. (Вяршок — мера даўжыні, роўная 4,4 см – І.Г.).
5. Даразахавальніца металічная пасрэбраная вышынёю ў 10 вяршкоў.
6. Дараносіца металічная пасрэбраная вышынёю ў 4 вяршкі з поўным прыборам да яе.
7. Посуд для міры з белай бляхі вышынёю ў 3 вяршкі з флаконам у ім.
8. Крыж кіпарысавага дрэва, аздоблены ў металічную аправу і ўстаноўлены на Алтары, вышынёю 8 вяршкоў.
9. Два бронзавых падсвечнікі на тры свечкі кожны.
10. Седмісвечнік запрастольны вышынёю каля 3 аршын з белай бляхі на сем лампад. (Аршын — мера даўжыні, роўная 71,12 см, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы – І.Г.).
11. Крыж і ікона вынасныя запрастольныя металічныя з чаканкай і разьбой.
12. Запрастольная ікона Божай Маці жывапісная на ўсю сцяну.
13. Старыя невялікія іконы Зба-віцеля і Божай Маці, вынятыя са старога іканастаса, жывапіс на дошках.
14. Ахвярнік, выкананы ў выглядзе невялічкай шафы з сасновага дрэва, пафарбаваны ў блакітны колер з адлюстраваннем на фасках з унутранага боку Збавіцеля, Божай Маці, Васіля Вялікага і Рыгора Багаслова.
Прыналежнасці ахвярніка
15.Чаша ёмістасцю ў 1 ½ стакана металічная, пазалочаная з адлюстраваннямі на ёй.
16. Дзіскос (свяшчэнны посуд, блюда на падстаўцы для хлеба – Цела Хрыстова – І.Г.).
17. Звяздзіца (свяшчэнны посуд, дзве металічныя дугі, якія ўстанаўліваюцца паверх дзіскаса, каб пакроў не датыкаўся да вынятых з прасфор часціц – І.Г.).
18. Лжыца (свяшчэнны посуд, лыжачка, якую выкарыстоўваюць для прычашчэння – І.Г.).
19. Два сподкі.
20. Дзве сталёвыя дзіды з металічнымі ручкамі.
21. Лампадка невялічкая бронзавая.
II. Іканастас
выраблены з сасновага дрэва і пафарбаваны ў блакітны колер з іконамі на драўляных дошках у тры ярусы, упрыгожаны ўвесь разьбой і пазалотай.
III. Сярэдняя частка храма
22. Пара харугвяў металічных пазалочаных з разьбой і чаканкай на іх.
23. Дзве пары харугвяў стара-даўніх з адлюстраваннямі на парчовай матэрыі.
24. Невялічкая шафа сасновага дрэва на правым клірасе для размяшчэння богаслужэбных кніг.
25. Грабніца са шкляным футлярам, у якім змяшчаецца плашчаніца, адлюстраванні на бархатнай малінавай матэрыі.
26. Вынасная двухбаковая ікона з адлюстраваннем Святой Тройцы на адным баку і Раждзества Божай Маці на другім сасновага дрэва, якое пафарбавана ў блакітны колер, з разьбой і пазалотай.
27. Па сценах размешчаны старыя іконы з іканастаса старой царкы, якая была раней: а). Маленне оча, іконы: б). Уваскрэшанне Збавіцеля, в). Благавешчанне Божай Маці, г). Еванг. Іаана Багуслова, д). Увазнясенне Усявышняга, е). Тайная вячэра, ж). малая ікона Казанскай Божай Маці, з). Дзве паловы старых царскіх варот, і). Кіёт ва ўсю сцяну з невялікаю іконаю Божай Маці ў металічнай рызе, й). Божай Маці 2 малыя на бумазе ў царкоўнай раме, к). І такая ж Святога Міколы, л). Божай Маці каталіцкага тыпу, м). Святога Міколы, н). Пакровы Божай Маці, о). Св. Тройцы малая на бумазе ў драўлянай раме.
28. Аналоі 6 шт. сасновага дрэва, пакрытыя парчовым адзеннем, на трох з іх пакладзены іконы: Збавіцеля, святочная і Св. Ап. Еван. Іаана Багаслова.
29. Панікадзіла з жоўтай бляхі на 24 свечкі.
30. Панікадзіла малое з белай бляхі на 12 свечак.
31. 2 вялікія падсвечнікі на 25 свечак кожны з белай бляхі.
32. Падсвечнік малы вынасны з белай бляхі на 5 свечак.
IV. Рызніца
33. Поўнае адзенне свяшчэнніка з белай парчы.
34. Поўнае адзенне свяшчэнніка з жоўтай парчы з малінавым малюнкам ужо патрапанае і памятае.
35. Поўнае адзенне свяшчэнніка чорнага бархату старое.
36. Чаша для асвячэння вады вялікай ёмістасці, старая.
37. Посуд для асвячэння з пры-борамі з белай бляхі, стары.
38.Вянцы брачныя з жоўтай бляхі, старыя.
39. Кадзільніца з белай бляхі, старая.
40. Шафа сасновага дрэва ў 3 арш. вышынёй, пафарбаваная карычневай фарбай.
V. Званы
41. Звон вялікі медны вагою ля 12 пудоў (пуд – 16, 38 кг – І.Г.).
42. Звон вялікі чугунны вагой ля 10 пудоў.
43. Звон вялікі медны вагой каля 8 пудоў.
44. Звон малы медны вагой ля 3 пудоў.
VI. Кнігі
45. Усе богаслужбовыя кнігі і больш 20 трэбнікаў у патрапаным стане
46. Таксама захоўваюцца больш 50 епархіяльных царкоўных ведамасцей.
Вернасць гэтага вопісу нашымі подпісамі падвярджаем.
1922 года мая 31 дня.
Старшыня валвыканкама
Сухавіцкай Іаана Багаслоўскай царквы Свяшчэннік
Псаломшчык Фёдар Загароўскі
Грамадзяне: Кузьма Шэнька, Яўхім Уласенка, Сяргей Палазнік і інш.” (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр.33, лл. 20-22).
Тым часам камсамольцы ў Шыічах усчалі сваю барацьбу з папом. Вось што расказвае пра гэта Хрыстафор Прыбыль:
“Камсамольцы ўжо даўно прыглядваліся да хаты Сямёна Підуна, якая стаяла на вотшыбе. Магутны, быка кулаком збіваў, Сямён быў супергультаём. Палі ў яго вечна зарасталі травой, ураджай збіраў мізэрны, з работамі спраўляўся пазней усіх, а жыў, між іншым, на шырокую нагу. У хаце ў яго пастаянна сябры-прыяцелі гарэлачку папіваюць. Ці не абрус-самабранку Підун раздабыў?
І вось аднойчы мы з Міхаілам Палазнікам заўважылі, як да Сямёнавай хаты ліха падкаціла лёгкая таратайка. На ёй сядзеў багацей Ясь Маліноўскі з хутара Садкі. Па сваіх гандлёвых замашках і багаццю ён, бадай, мала чым уступаў Луке Садоўскаму.
У той вечар камсамольцы даведаліся пра самагонны гандаль Підуна, якому Маліноўскі і мясцовы бацюшка пастаўлялі гарэлку.”
Хлопцы пусцілі па вёсцы чутку, што ноччу міліцыя прыедзе з вобыскам да папа — самагонныя апараты забіраць, а самі залеглі вакол папоўскай сядзібы. Як толькі сцямнела, ад двара свяшчэнніка ў бок лесу рушылі тры фігуры, несучы ў руках часці самагонных апаратаў. Камсамольцы стрэлі іх дружным крыкам: “Стой! Рукі ўверх!” Самагоншчыкі, а былі гэта поп, пападдзя і Підун, кінуўшы вобзем апараты, кінуліся наўцёкі.
Наступнай раніцай адабраная “маёмасць” была выстаўлена ля клуба. Але камсамольцы хутка атрымалі ”ўтык” ад старшыні сельсавета: “Не лезьце не ў сваю справу!”
Яшчэ больш лютую злобу затаілі святары і самагоншчыкі на камсамольцаў. Але і тыя не драмалі ў шапку. Яны заўважылі, што апошнім часам Святаслаў і Іван Рудзеня сталі часта сустракацца. “Нешта зацяваюць!” – вырашылі камсамольцы, і пачалі сачыць за імі. Хутка ўсё стала вядома.
Аднойчы ў вёсцы з’явілася падарожніца. Яна паходзіла на манашку, хадзіла з дома ў дом і прасіла міластыню. У хатах па-змоўніцку нашоптвала даверлівым мужыкам і бабам, маўляў, ходзяць чуткі, што хутка сын Божы на нашу грэшную зямлю апусціцца.
А нядзельным вечарам Яўстрат Палазнік прабраўся ў сені малітоўнага дома секты і пачуў, як Іван Рудзеня дакараў сваю паству: “Вярні заблудзіўшых на праведны шлях, у паслушанне благачынных айцоў, у павагу да Госпада Бога! Схавай нячыстую сілу за горы Арарацкія, у смалу кіпучую!”
Не паспелі камсамольцы пераварыць гэтыя навіны, як у прыцемках па вёсцы ўсчаўся шум. Жанчыны, перабягаючы ад адной хаты да другой, запрашалі аднавяскоўцаў на раку слухаць глас Сына Божага.
Камсамольцы гурбой кінуліся да рэчкі і схаваліся там у траве. Хутка на беразе паказаліся постаці тоўстага Святаслава і худога Івана Рудзені, якія неслі нейкія дзіўныя рэчы.
Па камандзе юнакі выскачылі з травы і з крыкам”Ура!” рынулі насустрач святарам. Тыя ад перапуду спачатку застылі на месце, а затым, кінуўшы сваю ношу, разбегліся.
Камсамольцы агледзелі свае трафеі. То былі: грамафон з пласцінкай “Слова Сына Божага” і ікона, прыбітая да невялічкага плыта з лампадкай на блясе.
Раніцой поп, якога смехам суправаджала ўся вёска, сам прыйшоў у клуб да камсамольцаў і стаў прасіць вярнуць яму грамафон і ікону.

Ліквідацыя непісьменства
Пасля вызвалення Палесся ад іншаземнай навалачы у 1920 г. практычна ва ўсіх палескіх вёсках адкрыліся пачатковыя школы, альбо, як іх тады іменавалі, школы 1-й ступені. Былі такія школы і ў Шыічах, і ў Сухавічах.
Дык вось, у кастрычніку 1920г., як сведчыць Спіс школьных работнікаў па Дудзіцкай воласці, якія мелі патрэбу ў харчовым пайку, у Сухавіцкай школе працавалі Астроўскі Юльян, у якога на забеспячэнні былі жонка і дачка, Шэнька Аляксандр (жонка і трое дзяцей на забеспячэнні), і Гасенка Леаніла, на забяспячэнні якой знаходзілася трое дзяцей.
Загадваў школай Астроўскі Юльян Васільевіч. Гэты педагог быў не толькі настаўнікам, які навучаў дзяцей грамаце, але і чалавекам, які прывіваў дзецям навыкі гаспадарання на зямлі.
Вялікую ўвагу Юльян Васільевіч ўдзяляў працоўнаму навучанню. Пад яго кіраўніцтвам вучні ў вёсцы Сухавічы высадзілі вялікі яблыневы сад. Гэты сад стаў сапраўдным сімвалам няспыннасці і абнаўлення жыцця. Менавіта дзякуючы гэтаму саду Юльян Астроўскі пакінуў памяць аб сабе сярод жыхароў Сухавіч і навакольных вёсак. І хаця сёння ад таго саду засталіся лічаныя дрэвы, старэйшае пакаленне ўспамінае настаўніка і гаворыць пра яго з вялікай павагай. Памятаюць пра Астроўскага нават тыя, хто не ведаў яго, а толькі чуў аб гэтым цудоўным чалавеку, інтэлігенце вышэйшай пробы ад сваіх бацькоў і дзядоў.
У Шыіцкай школе ў канцы 20-х настаўнічалі Малыхіна (Садоўская ў дзявоцтве) Лідзія, якая мела траіх дзяцей, і Загароўская Ефрасіння, у якой было двое дзетак. У 1921 г. да іх далучыўся муж Лідзіі Садоўскай Міхаіл Малыхін. (ЗДАМ, ф. 431,воп.1,спр.130, л.9; ф. 431,воп.1,спр.110, л.6).
14 мая 1921г. школьны савет Сухавіцкай працоўнай школы 1-й ступені і Сухавіцкі сельсавет разгледзелі пытанне “Аб надзяленні школы зямлёй і іншымі ўгоддзямі”.
Прыняўшы да ўвагі, што пры школе ёсць участак ворыўнай зямлі, саветы пастанавілі ў дадатак да яе надзяліць Сухавіцкую школу і надзелам сенажаці, які меркавалася ўзяць з былой царкоўнай зямлі ва ўрочышчы Поцярэб, якое межавалася з землямі Сухавіцкай грамады. (ЗДАМ, ф. 431, воп.1, спр.130, л.43).
3 лістапада 1921 г. у Сухавіцкай школе адбылася важная падзея: “… экзаменацыйная камісія, якая складалася са старшыні — загадчыка школы Астроўскага Ю.В., членаў школьнага савета А.І.Шэнька, Ф.Я Высоцкага, Міхаіла Кужэлкі і старшыні санітарнай камісіі Дразда, ажыццявіла іспыты асобам, якія паступілі ў школу сёлета і ў адпаведнасці з ведамі прадэманстраванымі падчас іспы-таў падлягаюць:
I. прыёму ў школу
у II групу: Фяўронню Дзям’янаву Кужэлка;
у III групу: Марыю Аляксееву Крычэўскую;
у IV групу Яфіма Захарына Шуляка, Аляксандра Канстанцінава Рудзенка, Уладзіміра Аляксеева Крычэўскага;
II. пераводу ў наступныя групы:
1). у II групу: Яфіма Дзмітрыева Отчыка, Харытона Маісеева Отчыка, Юліяна Іларыёнава Говара, Феадора Дзіанісава Говара, Марка Сямёнава Канаша, Іерамію Маркава Говара, Васілія Максімава Говара, Ціта Феадорава Харланчука, Івана Ваніфацьева Канаша, Міканора Іванава Говара, Дарафея Конанава Кужэлка, Гаўрылу Маркава Яўсеенка, Трафіма Яўхімава Купчыка, Касьму Піліпава Бандарчука, Феадосія Мініна Говара, Мікіту Ігнацьева Купчыка, Івана Маісеева Отчыка, Анісіма Дзмітрыева Отчыка, Іллю Пятрова Отчыка, Лазара Яўсеева Мельніка і Касьму Сяргеева Говара;
2). у III групу: Навума Даніілава Шэнька, Кліма Гортава Уласенку, Цімафея Якава Отчыка, Лявонція Канстанцінава Рудзеню, Хрысанфа Клімава Вітаўца, Германа Косьміна Шэнька, Ісідара Міронава Говара, Аўрама Гаўрылава Говара, Ўльяну Андрэеву Харланчук, Васілія Памфілава Отчыка, Харытона Канстанцінава Рудзеню
3). У IV групу: Аркадзя Мар-цімонава Шэньку, Арсенія Аляксандрава Шэньку, Якава Канстанцінава Рудзенка, Дзіанісія Іванова Харланчука, Якава Ігнатава Купчыка, Якава Мануілава Новіка, Якава Маркава Яўсеенка, Ігнація Максімільянава Говара і Васілія Яфімава Кужэлка;
III. Пакінуты на паўторны курс:
1). у II групе: Гаўрыла Іванаў Говар, Кірыла Максімава Говара, і Касьму Васілёва Отчыка
2). У III групе: Анісіма Пятрова Отчыка, Іллю Конанава Кужэлка і Ямельяна Рыгорава Малашчанку
3). У IV групе: Макарыя Мініна Говара, Саву Анісімава Говара і Іларыёна Дзям’янава Кужэлку”. (ЗДАМ,ф. 431,воп.1,спр.111, л.33).
Школа таго часу займалася не толькі адукацыяй дзяцей і ліквідацыяй непісьменства сярод мясцовага насельніцтва, а і вяла вялікую культурнаасветніцкую і дабрачынную работу. Аб чым яскрава сведчыць наступны зварот у Дудзіцкі валасны камітэт:
“Сухавіцкі гурток культасветы 4-га чэрвеня 1922 г. мае намер наладзіць у сценах Сухавіцкай школы спектакль. Будуць прадэманстраваны наступныя п’есы: “ На вялікай дарозе” Чэхава, “Скандал на станцыі” і “Сродак — не плаціць дактарам”.
Пад час антрактаў будзе гучаць музыка.
Цэны за месцы: 1-я месцы – 2 фунты хлеба, 2-я – 1,5 фунта, 3-я месцы – 1 фунт хлеба, альбо адпаведна грашыма.
Спектаклі наладжваюцца з асветніцкай і дабрачыннай мэтамі. Палова збору пойдзе на пакрыццё выдаткаў па абуладкаванні сцэны, другая палова — у дапамогу галадаючым.
Старшыня гуртка Ю.Астроўскі
Рэжысёр І.Лебедзеў”. (ЗДАМ,ф. 431,воп.1,спр.111, л.32).
У 1922 г. у Сухавіцкай школе навучалася 107 вучняў: 92 хлапчукі і 15 дзяўчынак; у Шыіцкай 50 вучняў: 45 хлапчукоў і 5 дзяўчынкі.
Вясной 1923 г. карціна змянілася: у Сухавіцкую школу хадзілі 69 вучняў: 66 хлапчукоў і 3 дзяўчынкі, у Шыіцкую — 40 вучняў: 34 хлопчыкі і 6 дзяўчынак. (ЗДАМ, ф.431, воп.1, спр. 111,л.42; спр.94, лл.3-3 адв.).
Не змянілася сітуацыя і па восені: большасць дзяцей не наведвала школу, бо ў бацькоў для іх былі свае заданні па хатняй гаспадарцы. Ды і ўвогуле, цёмны селянін, які сам быў непісьменным, не надта цягнуў да навукі і сваіх нашчадкаў, за рэдкім выключэннем. Задача ж Савецкай улады заключалася ва ўсеагульнай ліквідацыі непісьменнасці. Таму ненаведванне дзяцьмі школы стала прычынай асобнага разгляду на агульным сходзе сялян Шыіч і Гарохава, якое адбылося 28 верасня 1923 г. Старшыня Шыіцкага сельсавета далажыў сялянам, што нягле-дзячы на аб’яву, каб дзеці школьнага ўзросту пачалі вучобу ў школе, іх там не відаць. І ў гэтым вінаваты бацькі, якія не клапоцяцца аб тым, каб іх дзеці не засталіся невукамі. Пасля невялікай перапалкі сяляне прынялі рашэнне выправіць дзяцей у школу.
На чарговым пасяджэнні Шыіцкага сельсавета 16 лістапада гэтага ж года члены сельсавета зноў вярнуліся да школьных праблем і пытанняў культурна-асветніцкай работы. Старшыня сельсавета Іосіф Палазнік заявіў: “Шыіцкая школа зараз знаходзіцца ў крытычным становішчы з-за адсутнасці ў ёй падручнікаў і іншых школьных прылад”.
Галава мясцовай улады прапанаваў ажыццявіць: “… разгортку хлеба паміж членамі грамады для набыцця за яго неабходных кніг і пісьмовых прылад для школы”.
Яго прапанову падтрымалі і прынялі адпаведную пастанову: “Сабраць з грамадзян 80 пудоў жыта для набыцця падручнікаў і пісьмовых прылад для школы наступным парадкам: абкласці ўсіх без выключэння грамадзян, акрамя бяднейшага насельніцтва, прыглядаючыся да больш зажытачнага”.
Першае пытанне на пасяджэнні Запольскага сельсавета 17 снежня 1923 г. таксама тычылася школьнай праблемы, толькі на гэты раз па Сухавічах. Справа ў тым, што Сухавіцкая школа мела вострую неабходнасць у капітальным рамонце. Але паколькі кіраўніцтва сельсавета пастаянна змянялася, а тут і ўвогуле ў Сухавічах сельсавет ліквідавалі, то і рамонт школы зацягнуўся надоўга.
Унутры яе крыху падрамантавалі, а трэба было яшчэ адрамантаваць і ўцяпліць дах і столь, патрэбны былі леса- і піламатэрыялы. “Да таго ж, — як паведаміў загадчык школы Юліян Астроўскі, — у школе адсутнічалі дровы, нечым было абаграваць навучальную ўстанову”.
Улічваючы, што ў Сухавіцкай школе навучаліся дзеці з Сухавіч, Туравіч і Заполля, было прынята рашэнне: “… скінуцца ўсім мірам, каб разлічыцца з рабочымі-рамонтнікамі, а таксама нарыхтаваць і даставіць у школу дровы”. (ЗДАМ, ф.96, воп.1, спр. 18,лл. 300-301).
Але навучанне дзяцей было толькі паўмерай у праблеме ліквідацыі непісьменнасці ўсяго насельніцтва. Трэба было навучыць дарослых хаця б чытаць і пісаць, прычым – за невялікі прамежак часу. Для гэтай мэты ў вёсках пачалі ствараць пункты ліквідацыі непісьменнасці (лікбезы – ліквідацыя безграмотности – І.Г.).
Аднойчы ў 1924 г. у Шыічы прыехаў загадчык аддзела народнай адукацыі Калінкавіцкага раёна Андрэй Сяргейчык. Гэтага маладога камуніста добра ведалі ў раёне. Ён адкрываў школы па вёсках, ствараў лікбезы, з’яўляўся членам райкама камсамола, і цесна працаваў з моладдзю.
Сабраўшы шыіцкую камсамольскую ячэйку, ён паставіў перад камсамольцамі задачу па ліквідацыі непісьменнасці ў вёсцы, прапанаваў членам ячэйкі назначыць іх сакратара Хрыстафора Прыбыля загадчыкам вясковага лікбеза.
Загадчык райана растлумачыў, як трэба распачаць працу з непісьменнымі грамадзянамі, як сфарміраваць групы, як весці заняткі. Папярэдзіў, што справа будзе нялёгкай, не ўсе пажадаюць асвоіць пісьменнасць, знойдуць мора прычын, каб адкруціцца ад гэтай важнай справы, але патрэбна ніводнага не пакінуць без увагі. Асабліва трэба навучыць чытаць і пісаць маладых, якім вайна перашкодзіла хадзіць у школу.
Вось што ўспамінаў пра гэта Хрыстафор Прыбыль:
“На наступны ж дзень мы пачалі абход двароў. Многія сяляне ахвотна запісваліся ў групу лікбеза, горача дзякавалі нас, радаваліся, як дзеці. Але з некаторымі, як і прадбачыў Сяргейчык, было вельмі цяжка. Сектанты, напрыклад, катэгарычна адмовіліся вучыцца.
— Адчапіцеся ад мяне, ірады! Крычала на нас салдатка Ірына Пракопаўна. – Ні за вошта не буду чытаць вашы д’ябальскія кнігі.
— А ну яе, — махнуў рукой Сава Мельнік, — хутчэй гусака вывучыш, чым гэту бабу…
<…> На другі дзень я гутарыў паводле лікбеза са Сцяпанам Гарашуком. Сцяпан – мужык магутны, каржакаваты, далоні ў яго памерам з лапату, пальцы тоўстыя, кручкаватыя.
— Лікбезь? Не хачу! Я адукаваны, – нечакана заявіў Сцяпан. – Сахой на полі распісваюся так, што іншаму валасному пісарчуку на заглядзенне. А ваша грамата мне непатрэбна. Без яе дзяды і бацькі пражылі, без яе і я не памру.
<…> Што я ні рабіў, Сцяпан ні ў якую. На шчасце, на выручку прыйшоў Яша Вінакур.
— Ладна, дзядзька Сцяпан, не хочаш вучыцца, і не трэба. Пасля пашкадуеш!
— Чаго гэта я пашкадую?- здзівіўся Сцяпан.
— Чуў, старшыня камбеда ў Мазыр збіраецца ехаць за кніжкамі. У кніжках тых напісана, як на нашых землях ураджай большы збіраць, каб мужыку для сябе хапала і каб на продаж заставалася…
-Брэшаш! – пачасаў патыліцу Гарашук.
— Адукаваныя разбяруць кніжкі, а ты на бабах застанешся, зноў з палоскі сам-насам атрымліваць будзеш.
— Яно так, — згадзіўся Сцяпан. – Дык, гаворыш, разбяруць кніжкі. Ну, запісвай, можа, з вашай граматай з беднасці выб’юся…
Папрацавалі мы нямала. Затое справа з лікбезам пайшла добра. Займаліся ў дзве групы. Адну вёў Міхаіл Пятровіч (Малыхін – І.Г.), другую – па чарзе, камсамольцы. Настаўнік праводзіў з намі праграму за пяты клас і патрабаваў строга, як у школе.
Бацька падсмейваўся нада мной:
— Глядзі, за двума зайцамі пагнаўся – ніводнага не зловіш.
Але я быў малады, энергіі хоць адбаўляй, і паспяхова ганяўся “за двума” зайцамі: вучыўся сам і вучыў іншых. Да сярэдзіны зімы з’явіліся новыя пажадаўшыя займацца ў лікбезе. Прыйшлося ствараць яшчэ адну групу.
Неяк я падслухаў размову мужыкоў, якія сабраліся ў нашай хаце.
— Вось, Кандрацьевіч, якія часы наступілі, — з гордасцю гаварыў Сяргей Палазнік, бацька майго сябрука Міхаіла. – І стары, і малы за грамату ўзяліся. Што ж гэта будзе? Усе вучонымі пастанем – Савецкая ўлада для нас і пасад не набярэцца”.
У 1930 годзе разбурылі суха-віцкую царкву. З яе бярвенняў пачалі будаваць школу ў вёсцы Шыічы. Навучанне дзяцей да гэтага ажыццяўлялася па хатах.
А ў 1932 годзе ў Сухавічах адкрылася сямігодка. Дырэктарам сямігодкі быў Новік Г.В. Яшчэ больш дзяцей было ахоплена вучобай. А пабудова новай школы дала магчымасць вучыцца ўсім жадаючым.
У гэты час у школе быў створаны першы піянерскі атрад. Першымі піянерамі былі Палазнік Трахім Барысавіч і Палазнік Юстыня Патапаўна.
… Напярэдадні святкавання 50-годдзя Савецкай улады журналіст Уладзімір Смоляр апублікаваў на старонках раённай газеты артыкул “Бацькі і дзеці”, у якім расказаў аб зменах, якія адбыліся ў Шыічах за 50 гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі:
“Панфіл Мельнік са стогнам і болем у сэрцы паганяў пахілага каня, налягаў на ручкі плуга і, здавалася, сам хацеў дапамагчы яму вывесці апошнюю баразну на вузкай палосцы. Не цягнуў лядачы, з запалымі бакамі конь.
… Іх тры сыны ў бацькі. Старэйшыя ўжо ажаніліся. Наступіла яго чарга. Сялянскі надзел паменшыўся ўтрая, а вось зараз давядзецца дзяліць бацькоўскую зямлю яшчэ раз папалам. І ведаў бядняк, што не расшырыцца, не выцягнецца гэтая зямліца.
Яго выбранніца – такая ж бедная дзяўчына. 15 у бацькі дзяцей. Ніхто не дасць ёй надзелу. “Прападзеш, Панфіл, — казаў яму бацька. – Больш няма куды дзяліць нашу зямлю…”
Ды ці ж адзін так думаў. Архіпа Муліцу таксама не пакідала такая ж думка. Гэтак жа гаротна разважалі і Міхась Мельнік, і Міхась Палазнік, і многія, многія другія, хто жыў у гэтай палескай вёсачцы Шыічы.
Так яно было б, каб не кастрычнік 1917 года.
Бальшавікі Архіп і Ісак Палазнікі, Арцём Вінакур былі першымі, хто павёў за сабой сялянскую беднату. Спачатку стварылі камітэт беднаты, потым у 1929 годзе – калгас, і назвалі яго «Новыя Шыічы».
Панфіл і Міхаіл Мельнікі, Архіп Муліца не хісталіся: быць ці не быць членамі калгаса. Зруйнаваліся межы на вузкіх сялянскіх палосках, нівы калгасныя апрацоўваў трактар.
Раслі дзеці Панфіла Мельніка і Архіпа Муліцы, Міхаіла Мельніка. І для іх была адна дарога — дарога ў веды.
Мікалай урачом стаў, Пятро — настаўнікам, дачка Ніна — Мінскі народнагаспадарчы інстытут закончыла — інжынерам у Маскве працуе.
Такі лёс і ў дзяцей Архіпа Муліцы. Старэйшы сын Дзяніс — кандыдат эканамічных навук, а дзеці Міхаіла Мельніка — Віктар — афіцэр, Міхаіл — настаўнік.
Такой дарогай пайшлі і дзеці Лаўрэна Мельніка. Сын Валодзя — капітан судна, Міхаіл — заатэхнік, Васіль — дзяжурны на чыгуначнай станцыі, дачка Тамара — медыцынскі тэхнікум закончыла.
Нядаўна старшыня Сухавіцкага сельсавета падлічыў, што толькі за апошнія пасляваенныя гады больш 150 шыічан атрымалі сярэднюю і вышэйшую адукацыю, выйшлі настаўнікамі, урачамі, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, інжынерамі, а ў школе-дзесяцігодцы вучацца ўсе дзеці сельскіх працаўнікоў.
Што хацелася б дадаць — у Шыіцкай школе з 24 настаўнікаў — палавіна выхадцы з гэтай жа вёскі.
Мясцовы летапісец па расказах і ўспамінах старажылаў пісаў пра сваю вёску: «Сціснутая з двух бакоў лясамі і балотамі ў выгля-дзе вузкага перашыйка ляжала яна. Адсюль і назва яе—Шыічы. Названне адпавядала сапраўднасці. Але хто пабываў сёння ў гэтай вёсцы, той, напэўна, заўважыў, што назва ўстарэла. Вёска нібы выпрамілася, вузкі перашыек расшырыўся, адступілі лясы, а на месцы балот шыічане вяршаць стагі духмянага сена, вывозяць адтуль машынамі зерне і бульбу, вырошчваюць буракі, высокія, як лес, каноплі.
Шырокія ў засені садоў вуліцы са светлымі дамамі, клуб і аптэка, бальніца і паштовае аддяленне, магазін…” (“За камунізм”. 17 лютага 1966 г.).

Нараджэнне калгасаў

У 1924 г. Наркамземам РСФСР было распрацавана і зацверджана Тыпавое палажэнне Таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі (ТОЗ на рускай мове – І.Г.). ТОЗ задумвалася як пярвічная, прасцейшая форма калектыўнага гаспадарання на зямлі, калгас, адным словам.
Асноўнае адрозненне таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі ад арцелей і камун, якія ўжо ўзніклі, напрыклад, у Ліпава і Дудзічах, Беразняках і некаторых іншых бліжэйшых да Шыіч паселішчах, заключалася ў ступені абагульнення сродкаў вытворчасці. У ТОЗе прылады і сродкі вытворчасці, якія належалі селяніну, не абагульваліся, а толькі сумесна выкарыстоўваліся. У адзіны масіў аб’ядноўваліся толькі зямельныя надзелы, пакосы, выганы членаў ТОЗа. Апрацоўка вялася сумесна. З валавога даходу таварыства пэўная доля адлічвалася ў непадзельны фонд. У перыяд палявых работ член ТОЗа абавязаны быў прадаставіць для сумеснага выкарыстання свой інвентар, сельскагаспадарчыя машыны, рабочую жывёлу, транспартныя сродкі. У канцы гаспадарчага года, пры размеркаванні даходаў, уладальнік сродкаў вытворчасці атрымліваў за іх выкарыстанне пэўную долю прыбытку. Інакш кажучы, размеркаванне даходаў у ТОЗ у адпаведнасці з Палажэннем павінна было вясціся не толькі па працы, але і па паях, у залежнасці ад велічыні прадастаўленых сродкаў вытворчасці. У ТОЗе, такім чынам, яшчэ заставалася прыватная ўласнасць на асноўныя сродкі вытворчасці.
Аднак сялянства, якое прывыкла за вышэйшую мерку ўсіх каштоўнасцей лічыць уласны кавалак зямлі, сваю саху, каня, не ўдавалася ў гэтыя дэталі. Гэтая навізна яго пужала. Вось, напрыклад, што ўспамінае пра працу па аб’яднанні шыіцкіх сялян у ТОЗ Хрыстафор Прыбыль:
“Камсамольцы павялі агітацыю за таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі па сваіх “Дзесяцідворках”. У нас з Савай Мельнікам першы двор – Васіля Палазніка, таго самага Васіля, які прапіў казённыя грошы.
— І не прасіце, не пайду! – замахаў ён рукамі, як толькі мы пачалі размову пра калектыў. – Спаць пад адной коўдрай, есці з агульнага катла, выходзіць на работу па званку — не -, гэта не для мяне. Там у іх нават бабы калектыўныя. Не-е, не хачу, каб з маёй бабай спаў іншы. Ужо лепш я з ёй сам як-небудзь спраўлюся…
— Гэта выдумкі, — перабіў я. – Сяляне самі вырашаць, як ім жыць.
— Не-е, не угаворвайце…
<…> На другім двары нас сустрэў з усмешкай Сак Сцяпанавіч Палазнік. Ён моўчкі выслухаў нас, разваліў цурку папалам і кінуў:
— Не…
Мы панура апусцілі галовы. Сак Сцяпанавіч разваліў другую цурку папалам і засмяяўся:
— Не… Абавязкова запішуся, і мужыкоў угаворваць буду.
Мы пайшлі ад яго акрыленыя. Але, на жаль, Палазнік быў адзіным з нашай дзесяцідворкі, хто пагадзіўся запісацца ў калектыў. Мужыкі адмаўляліся па розных прычынах.
— Калгас – гэта мышалоўка, — не хаваючы злосці, заявіў Карней Чарняк. – Захлопнеце нас, а потым лаві – бяры – падхоплівай… Лічы, песенка прапета. Дзяржава і кароў, і коней, і інвентар адбярэ. Накась вам! – і паказаў дулю.
Іншая размова адбылася з Іванам Цітавічам Купчыкам, гаспадарлівым, разважлівым мужыком. Перад тым, як зрабіць крок, ён заўжды добра падумае: а якая яму ад гэтага будзе выгода.
— Я не супраць арцелі, — заявіў ён. – Але напачатку пакажыце мне, ці ёсць разлік мужыку быць у вашым калектыве…
<…> Вечарам камсамольцы сабраліся ў клубе. Падвялі вынікі. Яны былі несуцяшальнымі. У калгас згадзіліся запісацца толькі пяць сямей.
— А нашы сем’і? – запытаў я.
<…> На наступны дзень мы пачалі здалёк размову са сваімі бацькамі. З імі было ніколькі не лягчэй, чым з астатнімі мужыкамі.
— Ты наперад бацькі ў пекла не лезь! – асадзіў мяне бацька. – Прымерыць трэба, прыглядзецца…
<…> У Яўстрата Палазніка ў доме разразіўся скандал.
— Выганю цябе разам з тваім калгасам! – бушаваў яго бацька. – Заб’ю!
<…> А ў Мішы Мажарка справа павярнулася зусім крута. Бацькі запатрабавалі ад яго, каб ён неадкладна “выпісаўся” з камсамола. Мажарка не пасмеў пайсці супраць волі бацькі і прынёс у ячэйку камсамольскі білет.
<…> Перад агульным сходам жыхароў вёскі Шыічы мы ўжо ведалі, што сямнаццаць сямей гатовы запісацца ў ТОЗ.
— Гэта нядрэнна. Добры пачатак – паўсправы, — гаварыў наш старшыня сельсавета Новік.
На сход прыйшла амаль уся вёска. У зале – не прабіцца. Ад махорачнага дыму – не прадыхнуць.
— Давайце, аднавяскоўцы, пагаворым, як нам сваё мужыцкае шчасце знайсці, — падняўся на сцэну Пётр Спірыдонавіч Новік. – Няўжо ж будзем век мыкаць на вузкіх палосках?
<…> — Дай мне слова, – падняўся з месца Сак Сцяпанавіч Палазнік. – Тут гаварыць многа няма чаго. Усе бачылі, як клуб будавалі, як на бядняцкіх палосках разам працавалі – здорава атрымліваецца.
<…> — Сак Сцяпанавіч хораша тут пеў, забасіў Лука Садоўскі, — а пра тое не падумаў, як у калгасе працалюбівыя будуць з лайдакамі ўжывацца.
<…> Глыбокай ноччу сяляне разышліся. Запісаліся ў ТОЗ толькі тыя, хто і раней нам гаварыў пра гэта…
<…> На якія толькі хітрыкі не шлі Лука Садоўскі, Канаш і хутаранін Дрынеўскі, каб перашкодзіць развіццю ТОЗа і ўтрымаць сялян у сваім падначаленні. Гэтага ім не ўдавалася зрабіць. Колькасць прыхільнікаў Садоўскага меншала, як вясной снегу”.
З году ў год колькасць членаў у таварыстве павялічвалася, і ў выніку ў 1929 г. яно ператварылася ў калгас. 4 кастрычніка 1929 г. сяляне Шыіч стварылі сельгасарцель “3-ці Інтэрнацыянал”, якая затым ператварылася ў калгас “Бальшавік Палесся”. Старшынёй яе абралі Палазніка Сака Сцяпанавіча.
На год раней, 29 жніўня 1928 г., сяляне в. Заполле Б.Г.Малашчанка, Р.М.Новік, І.Ф.Шэнька, Я.С. Шэнька, С.М.Шэнька і іншыя на вясковым сходзе прынялі рашэнне аб стварэнні машынна-кааператыўнага таварыства “Серп і молат”. Старшынёй таварыства выбралі І.Ф.Шэньку. Крыху пазней на базе гэтага таварыства ўтварыўся калгас імя Кірава.
25 лістапада 1929 г. у Сухавічах быў створаны калгас “Чырвоная Змена”, які ўзначаліў А.Д.Кужэлка.
На наступны год калгас стварылі і жыхары суседніх Туравіч. На чале яго абралі Івана Говара.
А ў Гарохава калгас назвалі “Чырвоны пралетарый”. Старшынёй яго выбралі мясцовага актывіста Мельніка.
Няпроста праходзіў працэс калектывізацыі на тэрыторыі Сухавіцкага сельсавета. У прынцыпе, як і па ўсёй краіне. Улады, каб прымусіць сялян актыўней уступаць ў калгасы, абкладалі тых, хто не спяшаўся гэтага зрабіць, павышанымі падаткамі, ім інкрымінавалі найм рабочай сілы, прыдумвалі іншыя зачэпкі, каб прымусіць адмовіцца ад уласнага кавалка зямлі і потам нажытай маёмасці і цяглавай сілы. У якасці прыклада прывядзем два дакументы, якія захоўваюцца ў Мазырскім архіве:
“Пратакол пасяджэння сельскай падатковай камісіі Сухавіцкага сельсавета ад 5 кастрычніка 1929 г.
Прысутнічалі: старшыня сельскага савета Палазнік Сак, члены сельсавета: Вінакур Арцём, Салаўянчык, Говар Макар, Кулыба, сакратар Говар.
Парадак дня: абмеркаванне гаспадарак да абкладання індывідуальным падаткам.
Слухалі: старшыню сельсавета Палазніка аб гаспадарцы Говара Янкі Ігнатава, якая раней ужо абгаворвалася на пасяджэнні камісіі да абкладання індывідуальна.
Выказаўся Бандарчук Архіп, што ў Говара Янкі наёмнай працы не было, а калі мелася, то толькі з выпадку хваробы, так як апошні часта хварэе.
Пастанавілі: вынесці Говара Янку на абгаворванне групы беднаты…”
“Пратакол пасяджэння Сухавіцкай групы беднаты ад 6 лістапада 1929 г.
Слухалі: абмеркаванне гаспа-даркі Говара Янкі да абкладання індывідуальна.
Выказаліся: старшыня с/с Палазнік Сак, які сказаў, што па звестках, якія ёсць у с/с, неабходна абкласці Говара Янку, так як ён ужывае вялікую колькасць наёмнай працы, больш як дазваляецца, і так Говар Янка заможны селянін.
Малашчанка Базыль казаў, што гаспадарка Говара Янкі вельмі моцная і ён ужывае вялікую колькасць наёмнай сілы і пазычае хлеб пад працэнты.
Пастанавілі: так як гаспадарка Говара Янкі Ігнатава моцная і ўжывае вялікую колькасць наёмнай працы (да 45 дзён), наём рабочых з’яўляецца не ад хваробы, а больш за працэнты хлеба і бульбы, пагэтаму неабходна абкласці гаспадарку індывідуальна пры галасаванні — “за” 10 галасоў, “супраць” ніводнага, устрымаліся – трое…” (ЗДАМ. ф.80, воп.1, с.316, лл. 40-45).
Сельсаветчыкі не вельмі ўнікалі ў становішча земляробаў, у іх было сваё меркаванне наконт таго, хто свой, а хто – чужы. Гэта параджала скаргі сялян у вышэйстаячыя інстанцыі. Вось як, напрыклад, гэтая, што паступіла ад жыхара Шыіч Канаша Язэпа Язэпава 15 студзеня 1930 г. у Калінкавіцкі райвыканкам:
“Пастановаю пленума Сухавіц-кага с/савета з 14.1.30г. я пры-лічаны да індывідуальнага абкладання за прымяненне рабочай наёмнай сілы, у той час як я рабочых у сваю гаспадарку не наймаў, а калі прымяняўся іншы раз чужой труд, то гэта было ўзамен за мой. Такавым людзям я адработаў, напрыклад, калі за няйменнем жаночай працы-сілы ў мяне жала гр-ка Шашко Ева некалькі днёў, але замест таго сваёй сілай я ўбіраў яе сенажаць. Апрач таго, нават і сам, управіўшысь па сваёй гаспадарцы, нанімаўся на работу к другім грамадзянам за плату. Прашу аслабаніць маю гаспадарку ад індывідуальнага абкладання, як сярадняцкую.
Маёмасць мая: зямлі 4 ¼ ворыва і сенажаці 6 дзесяцін, кабыла з лашонкам, кароў 2, авечак 5, свіней 3. Едакоў 8. Самому 42 гады, жонцы 42, стар. сыну 20, сярэдняму 18, сыну 14, дачцэ 10, сыну 8 і сыну 6 гадоў.
Пастройкі: хата, 3 хлявы, варыўня, гумно.
У Шыіцкі калгас уступіў членам, гаспадарку стараюсь падтрымаць для таго, каб у цэласці прынесці ў калгас”.
Невядома, чым закончылася гэтая справа, наўрад, ці станоўча для Язэпа Канаша, улада ў той час паступала жорстка – не прывёў жывёлу ў калгас, значыць кулак. А тых, хто ўдастоіўся такога “звання”, высылалі ў сібірскія землі, а асабліва ўпартых — расстрэльвалі.
Ахвярамі масавых рэпрэсій па в. Шыічы сталі аднаасобнікі: Канавалаў Мацвей Сямёнавіч, 1898 г.н. Палазнік Сямён Фёдаравіч, 1872 г.н., Отчык Іван Паўлавіч, 1877 г.н., калгаснік Рудзеня Павел Пятровіч, 1887 г.н., Рудзеня Анісім Іванавіч, 1890 г.н., якіх расстралялі ў 1937 г.; калгаснік Канаш Іван Іосіфавіч, 1988 г.н, якога расстралялі ў 1938 г. (Памяць.Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”.1999.сс. 174, 189).
Многія сяляне хутара Дрынёў, які ўваходзіў у склад Сухавіцкага сельсавета былі раскулачаны ў 1930 г. і высланы ў Мурманскую вобласць. У іх ліку: Отчык Якаў Паўлавіч, 1900 г.н., Отчык Алена Давыдаўна, 1900 г.н., Отчык Яфрэм Паўлавіч, 1891 г.н., яго дзеці: Павел, 1924 г.н., і Марыя, 1925 г.н., Валянціна, 1933 г.н.
Гэта ўсяго некалькі прозвішчаў ахвяр з Сухавіцкага сельсавета. На самай справе іх было некалькі дзясяткаў.
… Пасля таго, як акругі ў БССР былі скасаваны, з 26 ліпеня 1930 г. Сухавіцкі сельсавет увахо-дзіў у склад Калінкавіцкага раёна. Пасля ліквідацыі Калінкавіцкага раёна, з 27 верасня 1930 г. – у склад Мазырскага раёна.
12 лютага 1935 г. Сухавіцкі сельсавет перадаюць у склад Даманавіцкага раёна.
Пасля аднаўлення Калінкавіцкага раёна ў складзе Палескай вобласці, з 3 ліпеня 1939 г. Сухавіцкі сельсавет вяртаецца пад патранаж Калінкавіч. Адначасова і цэнтр сельсавета пераносіцца з Сухавіч у Шыічы. (Административно-территориальное устройство БССР.Т. 1 (1917-1941гг.).Минск.”Беларусь”.1985. с.353).

Член ЦВК

Ці мог нехта з сухавіцкіх ды шыіцкіх сялян у панскія часы марыць аб тым, што ён стане членам вышэйшага органа дзяржаўнай улады ў сваёй краіне. Не маглі пра гэта марыць нават больш адукаваныя дзеці царкоўнага служкі Турцэвіча. А вось ураджэнец Сухавіч Архіп Палазнік стаў ім. Але аб усім папарадку.
Нарадзіўся Архіп 16 лютага 1882 г. у мнагадзетнай сям’і мясцовага селяніна Савы Палазніка. Закончыў 4 класы Сухавіцкага народнага вучылішча. Пры тым закончыў яго на “выдатна”. Па ўсіх развагах хлапчука трэба было б накіраваць далей для вучобы ў гімназію, але дысцыплінаванага сялянскага сына пакінулі ў школе. Тры гады ён працаваў памочнікам настаўніка, а затым 6 гадоў –настаўнікам. Бацькі ганарыліся сваім Архіпам, не кожнаму земляробу ўдавалася дасягнуць падобнай вышыні ў вёсцы. Настаўнік тады карыстаўся заслужанай пашанай і павагай сярод вясковага люду. Адукаваны чалавек першым даведваўся пра тое, што адбывалася ў свеце, ён умеў пісаць і чытаць, а гэта для вяскоўцаў было падобна ледзь не цуду.
Прыйшоў час і Архіпа прызвалі ў войска. Палешука завезлі аж на Далёкі Усход, дзе залічылі ў артылерыйскую часць. Даведаўшыся пра яго папярэднія поспехі на настаўніцкай ніве, Палазніка перавялі ў штаб на пасаду пісара, а ў хуткім часе прызначылі старшым пісарам штаба.

Служба сухавіцкага хлопца прыпала на 1905 -1907 гг., час першых рэвалюцыйных падзей у Расіі. У арміі і на флоце адбыліся хваляванні і паўстанні, якія выліліся ў масавае выступленне супраць манархіі.
Архіп Палазнік апынуўся ў ліку самых актыўных удзельнікаў гэтых хваляванняў. Аднойчы жандармы даведаліся пра час яго выступлення на батарэі. Але яны не ведалі імя прапагандыста. Салдаты ж дапамаглі Палазніку збегчы. Калі ён прыбыў у штаб і сеў за пішучую машынку, у кабінет уварваліся паліцэйскія шпікі, якія адразу ж прыступілі да допыту, дзе ён быў.
Архіп адказаў, што нікуды не адлучаўся, што ўвесь час друкаваў чарговы загад камандавання. “Калі сумневаецеся, запытайце ў вахценнага”, — адрапартаваў пісар.
Вахценны — свой чалавек — запэўніў, што Палазнік не пакідаў штаба. Тым часам ля салдацкага барака знайшлі забітага палкоўніка, з рукі якога хтосьці зняў залатыя часы.
Усіх салдат перабралі, усе былі на месцы, сумненні ўзніклі паводле старшага пісара. Калі б вахценны не пацвердзіў, што той не пакідаў штаб, яго тут жа расстралялі б, не разбіраючыся, віноўны ён ці не ў забойстве старшага афіцэра.
Тым не менш, жандармы ўсё роўна дабраліся да Палазніка. У 1906 г. 9 салдат з іх часці арыштавалі за рэвалюцыйныя настроі. Архіпу Палазніку далі 3 гады строгага рэжыму. Калі асуджаных выводзілі з залы суда, на вуліцы сабралася шмат рабочых, якія пратэставалі супраць прынятага рашэння. Адбылася бойка. Але асуджаных этапіравалі ў Іркуцк. Там ужо было даволі шмат салдат, якія былі асуджаны за выступленні супраць манархіі.
Пасля 6 месяцаў адсідкі палешука адпусцілі дамоў пад нагляд жандармаў. Вярнуўшыся дамоў, ён стаў працаваць упраўляючым панскай маёмасцю ў маёнтку Ячнае.
У 1912 г. ажаніўся. А на наступны год у маладой сям’і нарадзілася дачушка Надзея.
Як толькі пачалася Першая сусветная вайна, Архіпа Палазніка прызвалі на фронт. Ваяваў на румынскай граніцы.
У арміі ў той час рэвалюцыйнае бражэнне ўсё павялічвалася. Чым усё закончылася, нам ужо вядома з падручнікаў гісторыі. Калі бальшавік Палазнік вярнуўся з франтоў імперыялістычнай і Грамадзянскай вайны, яго выбралі членам і сакратаром Сухавіцкага сельсавета.
Восенню 1920 г. на калінкавіцкую зямлю з тэрыторыі Польшчы раптоўна наляцела банда Булак-Балаховіча. Мясцовы настаўнік В.А.Сяргейчык у 1927 г. надрукаваў свае ўспаміны пра той налёт:
“У мяне была бібліятэка з некалькіх дзясяткаў кніг. Да мяне прыходзілі за літаратурай з вёсак Ячнае, Якімавічы, Шыічы, Каплічы. Аднойчы ў лістападзе, калі я ішоў з Шыіч у Ячнае, убачыў вялікае войска ў англійскім абмундзіраванні. Там была пяхота, кавалерыя, 4 гарматы. Гэта рухалася войска Булак-Булаховіча. Мяне затрымалі, абшукалі і сталі глядзець маю кніжку. Адзін афіцэр убачыў на тытульным аркушы надпіс, усклікнуў: “Вось подпіс знаёмага палкоўніка…”
Балахоўцы рухаліся ў напрамку Капаткевічы — Церэбаў, Якімавічы, Ячнае, Шыічы, Садовічы, Анто-наўка, Калінкавічы, Мазыр, другая калона ішла на Капаткевічы, Клінск, Рудня-Гарбавіцкая, Калін-кавічы. І паўсюдна іх шлях ўсцілалі трупы. У Якімавічах убілі яўрэя, у Сухавічах павесілі двух жыхароў. У Калінкавічах дзясяткі людзей былі павешаны альбо расстраляны…” (Газета “Савецкая вёска”. 16 кастрычніка 1927 г.).
Гэткі ж лёс ледзь не напаткаў і сакратара Сухавіцкага сельсавета. Калі стала вядома пра налёт банды, Архіп Савіч пачаў спешна паліць за хлявом сельсавецкія паперы. Балахоўцы і засталі яго за гэтым заняткам. З крыкам: “Бальшавік. Папаўся!”, яны пацяглі яго па двары, да бярозы, што расла ля плота, каб павесіць.
Але набеглі мясцовыя жыхары і пачалі прасіць балахоўцаў за свайго земляка: “Ён не бальшавік. Ён просты селянін. Працаваў па прымусу!”
Палякі паверылі сялянам і адпусцілі сакратара сельсавета.
9 мая 1923 г. была ліквідавана Дудзіцкая воласць, а на яе месцы ўтворана Калінкавіцкая. Па прапанове бальшавікоў воласці на месца старшыні валаснога камітэта была прапанавана кандыдатура Архіпа Палазніка.
Як успамінала яго дачка Вера, якая жыла ў Таліне (успаміны яе захоўваюцца ў Калінкавіцкім краязнаўчым музеі – І.Г.), за непрацяглы час Архіп Савіч па заданні з верху пабудаваў у Калінкавічах кароўнік на вуліцы Сялянскай, які ў Вялікую Айчынную вайну немцы разбамбілі, драўляны клуб і некалькі іншых будынкаў, якіх , на жаль, ужо няма сёння на карце Калінкавіч.
3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР прыняў пастанову аб узбуйненні БССР і перадачы ёй шэрагу паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, у тым ліку Віцебскі, Полацкі, Калінінскі (цэнтр – Калінкавічы), Магілёўскі.
Узаконенне гэтай гістарычнай з’явы павінен быў ажыццявіць вышэйшы орган дзяржаўнай улады Беларусі — Усебеларускі з’езд Саветаў, што і зрабіў VI Надзвычайны Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся ў сакавіку 1924 г.
Дэлегатам Усебеларускага Надзвычайнага з’езда Саветаў ад Мазырскай акругі выбралі Палазніка Архіпа Савіча. Там жа на з’ездзе наш зямляк быў абраны членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) БССР.

Дэ-юрэ ЦВК з’яўляўся вышэйшым органам дзяржаўнай улады у Беларусі ў 1922-1938 гг., які выбіраўся Усебеларускімі з’ездамі Саветаў і перыядычна, а на практыцы – эпізадычна сабіраўся на сесіі ў прамежках паміж з’ездамі. Дэ-факта кіраўніцтва ажыццяўляў Прэзідыум ЦВК, ці яшчэ дакладней — кіраўніцтва КП(б)Б.
Зразумела, што ў такіх абставінах выхадцу з Сухавіч прыйшлося зноў змяніць месца працы і жыхарства. Архіп Савіч перабраўся з сям’ёй у Мінск, дзе яму прапанавалі працу ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Тры гады адпрацаваў ён у Міністэрстве, а затым яго перавялі на службу ў Белсельтрэст.

У якасці інспектара яму даводзілася часта выязджаць у камандзіроўкі па праверцы розных заводаў і фабрык, саўгасаў і калектыўных гаспадарак.
Аднойчы, правяраючы будаў-ніцтва новага кароўніка ў адным з саўгасаў пад Мінскам, наш зямляк ледзь не ўбіўся. Ён палез на страху кароўніка, каб агледзець, ці ўсё даладу зрабілі будаўнікі, але не паспеў ступіць і два крокі, як паляцеў долу: будаўнікі, каб хутчэй закончыць справу, паклалі вертыкальныя дошкі, а гарызантальныя не паклалі.
Усе перапужаліся, забегалі наўкола, думалі, што зараз нехта накіруецца прама ў турму – час быў такі. А Архіп Палазнік падняўся на ногі, пакрывіўся ад болю, атрахнуў салому з аддзення і прамовіў: “Паправіць! Прыеду праз тыдзень – праверу!”
Архіп Савіч быў чалавекам свайго часу. Ён верыў у перамогу камунізма, але ён цвёрда прытрымліваўся і хрысціянскіх запаведзяў: не абмані, не ўкрадзі і г.д. Працуючы ў Мінску, ён частку сваіх грошай перасылаў у вёску, каб дапамагчы роднаму калгасу. Ён быў сумленным і справядлівым чалавекам, які ўвесь сябе аддаваў дзяржаўнай рабоце. Як і многія яго сучаснікі, гэтак жа памылкова лічыў, што ва ўсім павінны ворагі народа, з якімі трэба весці непрымірымую барацьбу.
У 1933 г. у час прыёму ўнівермага, што быў узведзены на вуліцы К.Маркса ў Мінску, Архіп Савіч зваліўся ў яму і моцна ўдарыўся галавой аб бетонную аснову, надоўга трапіў у бальніцу. Яму ўстанавілі 2-ю групу інваліднасці і выправілі на пенсію.
Сялянскі сын, да каранёў сваёй душы, ён не застаўся ў сталіцы, вярнуўся з сям’ёй назад у вёску. Першая яго жонка памерла. Ажаніўся другі раз. Ад двух жонак у яго было пяцёра дзяцей. Сын Васіль, напрыклад, нарадзіўся нямым, усё жыццё працаваў ў саўгасе “Ненач” у Шыічах на конях і ў паляводчай брыгадзе.
Апошнія свае гады Архіп Савіч жыў у Шыічах, працаваў у мясцовай школе, дапамагаў, чым мог, калгасу.
Памёр 5 сакавіка 1964 г.

Чэкіст

У той час, калі народ быў практычна непісьменным, нованароджаных пры хрэсьбінах называлі па імені святых, імяніны якіх прыпадалі на гэты дзень. Так адбылося і з сынам шыіцкага селяніна-серадняка Сямёна Прыбыля. Калі хлапчук нарадзіўся на свет у 1908 г., і бацькі панеслі яго ў царкву, каб пахрысціць, мясцовы свяшчэннік у час абраду заглянуў у Іменаслоў і нарок нованароджанага раба божага Хрыстафорам – у імя мучаніка Хрыстафора Лікійскага.
Не ведаў тады ні сам нованароджаны — будучы барацьбіт з рэлігіяй, ні яго бацька, што імя Хрыстафор у перакладзе са старажытнагрэчаскай азначае “які нясе Хрыста”.
“Калі мне стукнула дзевяць, — успамінаў Хрыстафор, — неяк вечарам бацька, які вярнуўся з царскай арміі, сказаў:
— Цяпер пара і табе ў школу.
<…> Нягледзячы на цемру, я, ўзрадаваны размове з бацькам, пабег да сваіх сябрукоў расказаць пра гэта. Але многія з іх ужо спалі. Назаўтра Лука Капельян, Дзёма Агароднік, Ларывон Мельнік, Гараська Палазнік і я сабраліся ў доме Лукі.
Выслухаўшы мяне, Ларывон паспяшыў сказаць:
— Сёння і мне бацька гаварыў.
— І мне, — уставіў Гараська.
— А мне няма ў чым у школу ісці, — з горыччу прабасіў Дзёма.
<…> У школе мы сабраліся раніцой. Усе класы размяшчаліся у чатырохсценнай хаце. У адгарожаным пакоі жыла настаўніца Ефрасіння Загароўская, нізка-рослая лагодная жанчына.
Праз два тыдні ў школу прыбыў поп Дармідон для правядзення ўрока “закона божага”. У разгар урока Родзя Курыла, які сядзеў за мной, усчаў бойку са сваім суседам. Я павярнуўся, каб паглядзець на іх. Падслепаваты Дармідон, не разабраўшы, хто вінаваты, хвоснуў мяне па галаве крыжом і на тры гадзіны паставіў у кут на каленцы. Пакуль поп вяршыў правасуддзе, Родзік выбіў акно і выскачыў на вуліцу. У класе пачаўся крык. Разгублены Дармідон падабраў расу і кінуўся да дзвярэй.
<…> Злосць на папа і нявер’е у “святых айцоў” у мяне пасля таго выпадку засталіся на ўсё жыццё. Аднак гэта не замінала мне старанна выводзіць буквы, упарта вучыцца чытаць, рашаць задачы. Мая душа цягнулася да пісьменнасці, як палявая кветка цягнецца да сонца.
Праз тры гады наша школа перасялілася на другі канец вёскі. У мяне ж з’явіліся новыя знаёмыя – Міхась Палазнік і Барыс Сямёнаў. Хутка мы пасябравалі. Да нас далучыўся Акім Капельян, які некалькі зім прасядзеў у адным класе, праўда, праз год мы яго абагналі, і наша сяброўства неяк само сабой спынілася.
Загадчыкам школы пасля Ефрасінні Загароўскай стаў Міхаіл Пятровіч Малыхін. Неяк у нядзелю сабраў ён нас і стаў чытаць газету, у якой паведамлялася, што замест звергнутага цара і Часовага ўрада створаны Савет Народных Камісараў на чале з Леніным. У вёсцы мужыкі гаварылі пра Леніна рознае. Адны сцвярджалі, што гэта граза для буржуазіі, іншыя – што ён заадно з ёю. Мы губляліся ў здагадках. Каму ж верыць? Запытаў у бацькі. Ён доўга маўчаў, пачэсваючы заросшую шчаку, потым задумліва прагаварыў:
— Ленін за каго стаіць? За рабочых ды сялян. А калі так, наш ён. А то як жа!..”
Хрыстафор марыў прадоўжыць вучобу ў Калінкавіцкай сямігодцы, якая была адзінай у Дудзіцкай воласці. Ды бацька не пусціў. На выданні былі сёстры: Параска ды Адарка. Ды і малодшых, Васіліску ды Лізавету, трэба было карміць-апранаць, а Хрыстафор быў адзіным памочнікам у бацькі.
Дапамог Хрыстафору ў яго жаданні настаўнік Міхаіл Малыхін. Ён падрыхтаваў яго і яшчэ некалькіх шыіцкіх хлапцоў да здачы экзаменаў за курс сямігодкі экстэрнам.
А пакуль ішоў час, Хрыстафор дапамагаў бацьку па гаспадарцы, стаў камсамольцам і сакратаром камсамольскай ячэйкі, ліквідоўваў ў Шыічах непісьменства.
У пачатку 1925 г. па накіраванні райкама камсамола яго выправілі на вучобу ў Гомельскую савпарт-школу.
“Дні ў савпартшколе беглі зусім непрыкметна, — успамінаў апасля Хрыстафор. – Я упершыню трапіў у такі дружны, страшна неспакойны, але мэтанакіраваны калектыў. Нават у час прагулак па Гомелі раптам разгортваліся шалёныя спрэчкі. Новае жыццё ўладна ўрывалася ў нашу свядомасць. Многае з таго новага жыцця было нам не зразумела, таму і спрачаліся. Якія толькі дыскусіі мы не ўсчыналі! Спрачаліся пра каханне, пра адносіны краіны Саветаў да капіталізму, пра шляхі пабудовы сацыялізму, прадказвалі непазбежны крах нэпманства. Вучоба, гэтыя гарачыя спрэчкі паглынулі мяне ўсяго”.
Год праляцеў імгненна, і на размеркаванні Прыбылю прапанавалі: “Паедзеш у Тураўскі раён, на граніцу!”
Выпускнік не вагаўся. Яго душа была ў чаканні новых адкрыццяў.Таму не важна было, дзе і кім працаваць. Галоўнае было хутчэй прыступіць да новай работы.
У Тураўскім райкаме камсамола перад ім разгарнулі карту і сказалі: “Выбірай! Загадчыкі хатаў-чытальняў патрэбны ўсю-ды!”
Хрыстафор паехаў у Букчу (цяпер –Лельчыцкага раёна). Работы ў прыгранічнай вёсцы хапала. Акрамя загадвання хатай-чытальняй, яму прыйшлося працаваць сакратаром сельскага Савета, адначасова ўзначальваць мясцовую камсамольскую ячэйку.
З жніўня 1926 г. па красавік 1928 г. наводзіў Хрыстафор парадак у камсамольскіх справах і справаводстве сельсавета ў Букчы, старанна занатоўваў для гісторыі пасяджэнні мясцовай улады, пытанні, якія разглядаліся на сельскіх сходах, рыхтаваў і праводзіў розныя мерапрыемствы, арганізоўваў культурна-масавую работу, займаўся ліквідацыяй непісьменства ў Букчы.
У красавіку 1928 г. кіраўніцтва Мазырскага акружкама камсамола накіравала Хрыстафора Прыбыля ў Мінск на трохмесячныя курсы сакратароў райкамаў камсамола.
Па вяртанні з вучобы яго прызначылі загадчыкам агіта-цыйна-прапагандысцкага аддзела Тураўскага райкама камсамола. Адначасова ён выконваў і абавязкі старшыні раённага бюро піянераў. А ў красавіку 1930 г. камсамольца з Шыіч яго паплечнікі выбралі сакратаром Тураўскага райкама камсамола.
У лістападзе 1930 г. Хрыстафора прызвалі на тэрміновую службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Два гады праслужыў ён малодшым камандзірам у воінскай часці ў Мазыры, затым з лютага 1932 г. па студзень 1934 г. – малодшым камандзірам узвода 18-га асобнага кулямётнга батальёна ў мястэчку Капаткевічы.
У 1932 г. Прыбыль завочна закончыў 1 курс Інстытута палітасветы ў Ленінградзе.
Пасля звальнення з арміі яму прапанавалі службу ў Аб’яднаным дзяржаўным па-літычным упраўленні, якое зай-малася барацьбой з палітычнай і эканамічнай контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам.Так, ў студзені 1934 г. пачалася яго служба ў органах дзяржаўнай бяспекі. Да верасня 1936 г. ён працаваў упаўнаважаным акружнога аддзела народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР (НКУС) у Мазыры; затым да лістапада 1937 г. — памочнікам оперупаўнаважанага ў Мінску.
У 1937 г. маладога чэкіста накіравалі на адказны ўчастак працы — мяжу з панскай Польшчай — начальнікам Лельчыцкага райаддзела НКУС. У Лельчыцкім раёне становішча на той час абвастрылася да крайняга: «пілсудчыкі» вялі сябе больш чым нахабна, на граніцы амаль кожны дзень адбываліся правакацыі, на нашай тэрыторыі пачасціліся забойствы.
Накіроўваючы Прыбыля ў Лельчыцы, нарком НКУС БССР Барыс Берман сказаў яму на дарогу:
“Майце на ўвазе, Лельчыцкі раён – гэта раён пагранічны. Ён густа пераплецены сваяцкімі і іншымі, д’ябал ведае якімі, сувязямі з Польшчай. Вось чаму там так часта парушаецца граніца. Асабліва нахабна вядуць сябе браты Неўмяржыцкія, вядомыя палескія кулакі. Пад час калектывізацыі яны збеглі ў Польшчу, дзе ўстанавілі сувязь з польскай разведкай. Неўмяржыцкія выдатна ведаюць мясцовасць і маюць шырокія сувязі з мясцовым насельніцтвам. Яны займаюцца не толькі зборам шпіёнскіх звестак, але і здзяйсняюць терарыстычныя акты над савецкімі служачымі.
Акрамя Неўмяржыцкіх, у Лельчыцкім раёне дзейнічаюць мацёрыя шпіёны – браты Таргонскія. Яны выдатна ведаюць цяжкапраходныя, балоцістыя мясціны цераз граніцу. У іх на нашай тэрыторыі ёсць сваякі, за якімі трэба ўстанавіць пастаяннае назіранне. Прыедзеце на месца – адразу ж наладзьце добрую сувязь з насельніцтвам. Без гэтага працаваць будзе вельмі цяжка. Памятайце, граніца павінна быць на замку!”
І наркам аказаўся правы.
“Не паспеў я пазнаёміцца з супрацоўнікамі, як па райаддзяленню НКУС прагучаў сігнал трывогі: лявей вёскі Глушкавічы, з боку Польшчы, перакідваецца дыверсійная група, — успамінаў пасля Хрыстафор Прыбыль. — На яе перахоп неадкладна накіраваны старшы оперупаўнаважаны Аляксандр Духанін. Начальнік пагранзаставы выдзяліў яму ў дапамогу пяцерых байцоў”.
Парушальніка граніцы ў перастрэлцы паранілі і за-трымалі. У ходзе следства было ўстаноўлена, што затрыманы Пшэгодскі з’яўляецца грамадзянінам Польшчы. А на тэрыторыю Лельчыцкага раёна прыбыў для таго, каб сустрэцца з жыхаром Таргонскіх хутароў Сасноўскім і папярэдзіць яго аб хуткім прыходзе з Польшчы лейтэнанта “Бронека”.
Праз пяць дзён, ноччу на подступах да хутара быў затрыманы гэты лейтэнант – супрацоўнік 2-га разведупраўлення польскай дэфензівы.
Так у барацьбе з польскімі лазутчыкамі, мясцовымі ворагамі Савецкай улады, звычайнымі бандытамі і падпальшчыкамі хат непрыкметна ляцеў час.
У верасні 1939 г. Хрыстафор Прыбыль прыняў удзел ў пахо-дзе на Заходнюю Беларусь. Чырвоная Армія ўзяла пад сваю абарону мясцовых жыхароў і іх маёмасць, а чэкісты прадоўжылі сваю працу па выяўленні супрацоўнікаў і служак дыфензівы. У Давыд-Гарадку з дапамогай мясцовых батракоў нарэшце былі затрыманы польскія агенты — былыя кулакі Лельчыцкага і Тураўскага раёнаў Таргонскія і Новасялецкія.
У красавіку 1940 г. лейтэнанта Прыбыля за выкананне важных дзяржаўных заданняў ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. А ў кастрычніку гэтага ж года перавялі ў Магілёўскую вобласць на больш высокую пасаду – начальнікам 2-га аддзела ўпраўлення НКУС вобласці.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Хрыстафор Сямёнавіч быў адным з першых, хто ў ліпені 1941 г. на акупіраванай тэрыторыі Магілёўшчыны стварыў групу спецыяльнага прызначэння. Чэкісты збіралі разведданыя, здзяйснялі дыверсіі, знішчалі нямецкіх прыхвастняў.
У кастрычніку 1941 г. яго адклікалі ў распараджэнне НКУС СССР. А ў лістападзе 1941 г. прызначылі начальнікам райаддзела НКУС у пасёлак Качуг Іркуцкай вобласці.
У маі 1943 г. капітан дзяржаўнай бяспекі Хрыстафор Сямёнавіч Прыбыль па заданні НКДБ БССР зноў быў перакінуты на часова акупаваную тэрыторыю Беларусі і стварыў у Бабруйскім раёне партызанскую групу, якая мела непасрэдную радыёсувязь з Масквой.
Атрад «Сямёнава» дзейнічаў у Бабруйскім, Асіповіцкім і Кіраўскім раёнах. Партызаны-разведчыкі, абапіраючыся на дапамогу і падтрымку мясцовага насельніцтва, устанавілі цесную сувязь з бальшавіцкім падполлем Бабруйска. Яны пранікалі ў варожыя воінскія часці і ўстановы, ладзілі засады на дарогах, захоплівалі палонных і каштоўныя дакументы, перацягвалі на свой бок тых гітлераўскіх салдат і афіцэраў, якія былі незадаволены разбойніцкай палітыкай фашызму. Народныя мсціўцы падарвалі 13 варожых эшалонаў з жывой сілай, разбілі 222 вагоны, у тым ліку 60 з авіябомбамі. Знішчылі 18 самалётаў і 9 танкаў «Тыгр».
Аб дзеянні сваіх партызан-разведчыкаў наш зямляк апасля расказаў у дакументальных кнігах “Особое задание. Записки разведчика” (Минск. Беларусь, 1965) і “В поиск уходит разведка…” (Минск. Беларусь 1967), якія ён напісаў пасля вайны.

Барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў тыле ворага Хрыстафор Сямёнавіч працягваў па ліпень 1944 г. Яго ўклад у Перамогу быў ацэнены высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, некалькімі медалямі.
Пасля вызвалення Беларусі маёра дзяржбяспекі Прыбыля прызначаюць намеснікам начальніка ўпраўлення НКДБ Магілёўскай вобласці. А ў кастрычніку 1944 г. яго чакае новае назначэнне – начальнік упраўлення НКДБ Бабруйскай вобласці.
Нягледзячы на мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з захопнікамі, Хрыстафор Ся-мёнавіч заставаўся “прадуктам сваёй эпохі”, праца ў НКУС – НКДБ наклала моцны адбітак на яго паводзіны, характар, меру вымярэння чалавечых каштоўнасцяў. У красавіку 1946 г. яго вызваляюць з пасады начальніка УНКДБ Бабруйскай вобласці “… за дапушчэнне значнай колькасці неабгрунтаваных арыштаў” і … пераводзяць намеснікам начальніка УМДБ Баранавіцкай вобласці. А 22 кастрычніка 1946 г. прызначаюць начальнікам УМДБ Баранавіцкай вобласці. У гэты ж час яму прысвайваюць званне падпалкоўніка.
З прыходам у маі 1946 г. на пасаду міністра дзяржаўнай бяспекі Абакумава пачынаецца паступовае перацяканне функцый міністэрства ўнутраных спраў у распараджэнне міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Пачынаюцца структурныя і кадравыя перастаноўкі.
У чэрвені 1947 г. Хрыстафора Прыбыля камандзіруюць у Паўладарскую вобласць на пасаду намесніка начальніка УМДБ Паўладарскай вобласці. А ў снежні 1948 г. яго чакае новае прызначэнне – начальнік 2-га аддзела УМДБ Краснаярскага краю.
У красавіку 1950 г. падпал-коўнік дзяржаўнай бяспекі Хрыстафор Прыбыль быў звольнены з органаў дзяржаўнай бяспекі па стану здароўя.
Тры гады яшчэ пасля гэтага наш зямляк працаваў на цывільнай пасадзе — начальнікам спецаддзела завода імя Молатава ў г. Мінску. А затым стаў поўным пенсіянерам.
Памёр у Мінску ў 1965 г.

Сухавіцкія ваяры

Слова “ваяры”, на маю думку, утварылася ў выніку трасфармацыі словазлучэння слоў “воіны” і “баяры”. Калі значэнне слова “воін” не патрабуе тлумачэнняў, то адносна “баяраў” прыйдзецца патлумачыць, бо многія ўспрымаюць значэнне гэтага слова толькі ў кантэксце значэнняў “феадальная знаць” альбо “памешчык”. На самай справе ў Вялікім княстве Літоўскім баярамі называлі як частку феадалаў (шляхты), так і сялян-слуг (баяр панцырных, путных і г. д.).
Дык вось, баяры, пра якіх успаміналася вышэй у “Інвентарным вопісе Сухавіцкага староства”, і былі тымі воінамі Вялікага княства Літоўскага, якія ў ліхую гадзіну выступалі на абарону роднай зямлі. Справу сваю яны ведалі добра, бо непрацяглымі былі мірныя часы, у якія спрадвечныя хлебаробы маглі заняцца звычнай для сябе справай: сеяць і ўбіраць хлеб, разводзіць жывёлу, птушку ды пчол.
З пакалення ў пакаленне сухавіцкія ваяры перадавалі вайсковую навуку ад дзядоў бацькам, ад бацькоў дзецям, а калі прыходзіла неабходнасць, вучыліся самі, нярэдка складаючы галовы на палях бітваў з іншаземцам за Айчыну, як гэта было, напрыклад, у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па першай мабілізацыі з Сухавіч былі прызваны на фронт Отчык Нікіфар Фёдаравіч, 1881 г.н., і яго сын Пятро, 1920 г.н. Бацька прапаў без вестак.
Разам пайшлі на фронт і сыны Отчык Хадоссі Савічны, 1882 г.н.: Міхаіл, 1915 г.н., і Мікалай, 1923 г.н., Якаўлевічы. Абодва загінулі. Мікалай — 25 ліпеня 1944 г., а Міхаіл — 3 красавіка 1945 г. Сэрца маці не вытрымала такіх навін, і яна памерла.

Аднаго за другім забралі ў войска і трох сыноў Рудзеня Параскі Пракопаўны, 1881 г.н.: Васіля Паўлавіча, 1924 г.н., Пятра, 1926 г.н. і Міхаіла, 1927 г.н. Старэйшы Васіль прапаў без вестак.
У 1941-м разам пайшлі на фронт Отчык Мацвей Кірэевіч, 1892 г.н., і яго сын Нічыпар, 1922 г.н. Абодва згінулі без вестак.
З сынам у першыя дні вайны накіраваўся біць немца і Отчык Несцер Кірэевіч, 1895 г.н. Толькі яго сыну Якаву, 1921 г.н., не суджана было вярнуцца да роднага ганка: 20 лютага 1943 г. ён загінуў на тэрыторыі Ленінградскай вобласці.
Адважна біў немца на фронце афіцэр разведкі 62-га гвардзейскага кавалерыйскага Чырвонасцяжнага ордэна Кутузава палка 16-й гвардзейскай кавалерыйскай Чарнігаўскай ордэна Леніна Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі гвардыі старшы лейтэнант Кужэлка Антон Конанавіч, 1915 г.н.
Свой лёс з вайсковай службай ён злучыў яшчэ ў 1936 г. Удзельнічаў у баях з японскімі мілітарыстамі ля возера Хасан у 1938 г. Жыў і працаваў у Хабараўску. Адтуль пасля шматлікіх зваротаў у ваенкамат у кастрычніку 1944 г. і быў прызваны ў войска. Трапіў на 1-ы Беларускі фронт, якраз у тую кавалерыйскую дывізію, што ўдзельнічала ў студзені 1944 г. у вызваленні яго роднага Палесся.
8 сакавіка 1945 г. камандзір палка палкоўнік Маркарян прадставіў нашага земляка да ўзнагароджання ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Вось што ён напісаў у сваім прадстаўленні:
“У наступальных баях палка 10, 11. 02.1945 г. на Зільберберг, Ростенбург, Гутэдорфер Мюле, Гуцдорф, г.дв. Клапфуль, фл. Егерскоф, дзе полк бліскуча выканаў сваю задачу па авалоданні вышэйпералічанымі населенымі пунктамі, таму што разведка, якую арганізаваў тав. Кужэлка, своечасова забяспечыла звесткамі пра праціўніка. Выявіла яго адход на Зільберберг, што дазволіла арганізаваць неадкладнае праследаванне праціўніка. Захопам палоннага ў раёне г.дв. Клапфуль своечасова раскрыла групоўку праціўніка і яго агнявыя сістэмы.
15.02.1945 г. 62 гв.к.п. атрымаў задачу перайсці ў наступленне з нас. пункта Петунік, захапіць пераправу цераз раку Йна. Праціўнік з буйнымі сіламі пяхоты і танкаў, самаходнымі гарматамі з-за лесу паўночна – усходней Петуніка рыхтаваў контрнаступленне. Дзякуючы своечасовым звесткам разведкі полк замацаваўся на паўночнай ускраіне Петунік і падрыхтаваўся да абароны. У выніку 15-16. 02.1945 г. полк паспяхова адбіў 6 контратак і нанёс праціўніку істотныя страты”.
Не паспеў яшчэ наш зямляк атрымаць заслужаную ўзнагароду, як 1 мая 1945 г. камандзір палка палкоўнік Маркарян прадставіў яго да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.
”Працуючы на пасадзе афіцэра разведкі палка за перыяд Берлінскага наступлення конным маршам і ў баях тав. Кужэлкі дакладна і своечасова арганізоўваў разведку праціўніка, дзякуючы чаму полк заўсёды своечасова выконваў задачы, якія ставіў перад ім штаб дывізіі.
24.04.1945 г. полк ішоў у авангардзе дывізіі. На подступах да Брандэнбурга ў населеным пункце Метохаў, праціўнік разрозненымі групамі і пры падтрымцы танкаў спрабаваў перайсці да абароны, затрымаць рух палка.
Высланы конны раз’езд пад кіраўніцтвам тав. Кужэлкі своечасова выявіў праціўніка, разгадаў яго намеры і праінфармаваў аб гэтым полк.
Раптоўнымі дзеяннямі палка праціўнік быў збіты з панталыку і ў паніцы адступіў назад, кідаючы тэхніку.
За дакладную і ўмелую арганізацыю разведкі дастойны ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга”, — напісаў кампалка.
Вышэйстаячае камандаванне падтрымала яго хадайніцтва, але ўзнагародзіла разведчыка ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
6 ліпеня 1941 г. па першаму закліку Калінкавіцкага райваенкамата трапіў на фронт і брат Антона Конанавіча – Кужэлка Ілля Конанавіч, 1902 г.н. Біўся з пераўзыходзячымі сіламі ворага, адступаючы ў глыб краіны. У жніўні 1941 г. ля Барыспаля трапіў у палон. Праз два дні збег ад немцаў. Вымушаны быў прабірацца па акупіраванай тэрыторыі да роднай хаты, дзе чакала жонка Арына Фёдараўна і дзеці. Адразу ж пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна зноў пайшоў на фронт.
22-23 ліпеня 1944 г. у баях за станцыю Чаромха праціўнік раз’юшана кідаўся ў контратакі. Чырвонаармеец Кужэлка, які быў наводчыкам кулямёта кулямётнай роты 1185-га стралковага палка 856-й стралковай Калінкавіцкай дывізіі, разам са сваім разлікам адбіваў гэтыя контратакі. Калі асабовы склад разліка быў выведзены са строю, а сам Кужэлка атрымаў раненне ў руку, нягледзячы на гэта, ён адзін адбіваў варожыя атакі, знішчыў 18 нямецкіх салдат і падавіў дзве варожыя агнявыя кропкі, забяспечыў паспяховы рух нашай пяхоты і заняцце станцыі.
За гэты подзвіг сухавіцкі ваяр быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.
З ліпеня 1941 г. вёў бітву з гітлераўцамі і Харланчук Канстанцін Савіч, 1922 г.н. Служыў сяржант Харланчук камандзірам радыёаддзялення 4-й батарэі 150-й армейскай пушачна-артылерыйскай Севастопальскай брыгады. Зведаў баец за вайну ліха — мала не падасца. Ваяваў геройскі, аб чым сведчаць узнагароды: ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, два медалі “За адвагу”, “За абарону Сталінграда”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
Вось што пісаў пра свайго падначаленага камандзір брыгады Ледзянёў у прадстаўленні да ўзнагароды:
“12.03.44 у час контратакі танкаў праціўніка ў раёне Клуссы пад моцным мінамётна-артылерыйскім агнём камсамолец сяржант Харланчук К.С., які замяняў лінейнага тэлефаніста, выбягаў на ўхіленне пашкоджанняў тэлефоннай лініі. На працягу 5 хвілін ён ухіліў 7 парываў. Праз 15 хвілін сувязь зноў была перабіта артылерыйскім агнём праціўніка. Не лічачыся з яўнай пагрозай смерці, пад ураганным агнём контр-атакуючых танкаў т. Харланчук на працягу 3-х хвілін ухіліў яшчэ некалькі парываў. Тым самым сяржант Харланчук забяспечыў сувяззю камандзіра батарэі з агнявой пазіцыяй, у выніку чаго контр-атака танкаў праціўніка была паспяхова адбіта артылерыйскім агнём 4-й батарэі”.
Да пары сяржанту Харланчуку быў і яго зямляк яфрэйтар Отчык Раман Сідаравіч, 1907 г.н. Ваяваць тэлефаніст кіравання 2-га дывізіёна 425-га артылерыйскага ордэна Багдана Хмяльніцкага палка 132-й стралковай дывізіі пачаў з ліпеня 1941 г. на Заходнім фронце. Затым быў Бранскі фронт у 1942 г., Цэнтральны – у 1943 г., 1-ы Беларускі – у 1944-1945 гг.
Сувязісты на фронце былі не проста на пярэднім краі, яны былі сапраўднымі “смертнікамі”, бо забяспечвалі тэлефонную сувязь, як правіла, заўжды пад ураганным артылерыйска-мінамётным агнём. А для гэтага трэба было валодаць не толькі “жалезнымі” нервамі, але і халодным розумам, спрытам і выключнай адвагай. Раман Отчык у поўным сэнсе адпавядаў гэтым якасцям. Больш таго, быў вязунчыкам. Яму пашчасціла прайсці праз палымянае гарніла вайны без адзінай драпіны. А пра выключную мужнасць і адвагу самі за сябе гавораць яго шматлікія ўзнагароды.
Першую баявую ўзнагароду – медаль “За адвагу” — ваяр атрымаў 28 верасня 1943 г. У лютым 1944 г. яго ўзнагародзілі медалём “За баявыя заслугі”, 2 жніўня гэтага ж года на яго гімнасцёрцы зазіхацеў ордэн Чырвонай Зоркі, 11 мая 1945 г. – другі ордэн Чырвонай Зоркі.
Вось скупыя радкі апісання яго баявой работы ў адзін з эпізодаў вайны:
“Пры прарыве варожай абароны 18 ліпеня 1944 г. у раёне вёскі Парыдубы Ковельскага раёна Валынскай вобласці ў час артылерыйскага наступлення забяспечваў бесперабойную сувязь камандзіра дывізіёна з камандзірамі батарэй, пад агнём праціўніка, услед за нашым агнявым валам, цягнуў тэлефонную лінію, тым самым забяспечыў своечасовае адкрыццё агню па падаўленні кулямётных кропак ворага. У гэтым баі ён ухіліў 12 пашкоджанняў тэлефоннай лініі.
Камандзір 425 артпалка гвардыі палкоўнік Прышчапенка”.

З 1941 г. уліўся ў рады Чырвонай Арміі і аднафамілец Рамана Сідаравіча старшы палітрук Отчык Цімафей Сямёнавіч, 1906 г.н. Стары бальшавік, член ВКП(б) з 1929 г., ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. Спачатку палітруком ПЭП-112, затым ваенным камісарам санітарна-эпідэміялагічнага атрада №17 33-й арміі.
Барацьба з тыфам і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі ў вой-ску была першачарговай задачай камісара на той час. І спраўляўся ён на “выдатна” , аб чым сведчыць узнагароджанне яго медалём “За баявыя заслугі” у жніўні 1942 г., што было вялікай рэдкасцю па тым часе.
Вайну Цімафей Сямёнавіч закончыў камандзірам 44-га асобнага трафейнага батальёна ў званні маёра. Па загаду камандавання яго байцы нарыхтоўвалі для войска збожжа і іншы харч, збіралі і рамантавалі воінскія трафеі. У перыяд наступальных аперацый забяспечвалі войскі транспартам і баявой тэхнікай.
Не раз і не два наш зямляк разам са сваімі падначаленымі вымушаны быў прымаць бой з фашысцкімі захопнікамі, браць у палон жывую сілу ворага і шматлікія трафеі. Вось, напрыклад, як пра гэта расказвае ў сваім прадстаўленні да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі нашага земляка начальнік аддзела трафейнага ўзбраення 33-й арміі палкоўнік Аралаў:
“Отчык у баявых умовах, пачынаючы ад р. Вісла, штодзённа папаўняе баявой тэхнікай сваё падраздзяленне і вайсковыя часці арміі. У раёнах Апочна і Тумашоў тав. Отчык на працягу некалькіх гадзін з групай байцоў свайго пад-раздзялення вёў баявыя дзеянні з немцамі, у выніку чаго было забіта шмат варожых салдат і афіцэраў і захоплена ў палон.
За перыяд наступлення тав. Отчык захапіў не адзін дзясятак спраўнай тэхнікі і некалькі складоў з харчаваннем”.
Акрамя вышэйазначаных ўзна-гарод маёр Отчык быў узнагароджаны медалямі ”За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 -1945 гг.” і ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Добра спраўляўся са сваёй вайсковай справай і вылічальнік 3-га дывізіёна 132-га артылерыйскага Чырвонасцяжнага палка 41-й стралковай Чырвонасцяжнай дывізіі яфрэйтар Отчык Сяргей Яфрэмавіч, 1907 г.н.
На фронт Сяргей Яфрэмавіч трапіў у кастрычніку 1942 г. Ваяваў на Бранскім і 1-м Беларускім франтах. Ад яго непасрэдна залежаў разлік нанясення ўдараў па дзеючых агнявых кропках праціўніка. Правільна разлічыў – няма ворага, у жывых застануцца яго баявыя сябры. Яфрэйтар Отчык цудоўна разумеў гэтую арыфметыку вайны, і таму працу сваю выконваў дастойна. За што і быў адзначаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”.
Ордэн Чырвонай Зоркі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў шматлікіх баях, 6 кастрычніка 1943 г. атрымаў камандзір узвода кіравання 284-га мінамётнага палка 13-й асобнай мінамётнай брыгады лейтэнант Отчык Трафім Архіпавіч, 1915 г.н. А ў дзень вызвалення Калінкавіч, 14 студзеня 1944 г., нашага адважнага земляка не стала: ён сканчаўся ад смяротных ран і пахаваны на могілках вёскі Абадонье Вялікалукскага раёна Калінінскай вобласці.
Геройскі ваяваў супраць гітлераўцаў і ваяр з Сухавічаў, сапёр-падрыўнік 54-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 14-й гвардзейскай кавалерыйскай Мазырскай Чырвонасцяжнай дывізіі гвардыі яфрэйтар Бандарчук Уладзімір Маісеевіч, 1923 г.н.
На фронт Бандарчук трапіў прама з партызанскага атрада ў 1943 г. А ўжо 2 студзеня 1944 г. атрымаў цяжкае раненне ў баі за вёску Савічы Даманавіцкага раёна. Пасля вылячэння трапіў у Мазырскую дывізію. Справа сапёра вядомая. Гэта менавіта пра іх склалі прымаўку, што сапёр памыляецца толькі адзін раз у жыцці. Дык вось, калі дасканала вывучыў спецыяльнасць сапера, Уладзімір Маісеевіч увесь час напрошваўся на сумесныя справы з разведчыкамі. Так, у снежні 1944 г., даведаўшыся пра тое, што група разведчыкаў ідзе на левы бераг Віслы, Уладзімір Бандарчук напрасіўся добраахвотнікам, каб ісці ў тыл ворага.
Пад покрывам цемры ў ноч на 9 снежня, пераплыўшы Віслу, ён на працягу адной хвіліны прарэзаў лінію “Бруно”, “Спатыкач” і “Плот”, і адкрыў шлях для разведчыкаў у стан ворага.
За гэты подзвіг наш зямляк удастоіўся ордэна Славы 3-й ступені.
А ў сакавіку 1945 г., у час фарсіравання ракі Іна, ён першы пераправіўся цераз раку, ажыццявіў разведку і садзейнічаў хутчэйшаму навядзенню пераправы. За гэта сапёр быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Мужным і стойкім абаронцам Радзімы з першых дзён вайны праявіў сябе і ўраджэнец Сухавічаў, старшына 72-га артылерыйскага палка 11-й стралковай дывізіі Ленінградскага фронта Отчык Уладзімір Лазаравіч, 1922 г.н. Яшчэ будучы разведчыкам у 1941 г., нягледзячы на моцны мінамётна-артылерыйскі агонь на пярэднім краі, заўсёды знаходзіў агнявыя кропкі ворага і перадаваў аб іх звесткі для падаўлення. Удзельнічаў у абароне і прарыве блакады Ленінграда. У далейшым высокапрафесіянальна ажыццяўляў справаводства штаба палка, дзе быў загадчыкам. За баявыя подзвігі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.
Медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі” у сакавіку і жніўні 1943 г. былі адзначаны мужнасць і гераізм камандзіра тэлефонна-кабельнага ўзвода, старшага лейтэнанта Отчыка Кузьмы Якаўлевіча. Удзельнік савецка-фінскай вайны, ён з першых дзён нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз змагаўся з нямецка-фашысцкімі акупантамі. 26 сакавіка 1944 г. начальніка сувязі 787-га стралковага палка 222-й стралковай Смаленскай дывізіі старшага лейтэнанта Кузьмы Отчыка не стала — ён загінуў на тэрыторыі Віцебскай вобласці пад час яе вызвалення ад немцаў.
Аналагічных узнагарод уда-стоіўся і старшы шафёр 1899-га самаходнага артылерыйскага Вінніцкага палка 2-га Беларускага фронта старшы сяржант Отчык Міхаіл Якаўлевіч, 1914 г.н. Характэрна, што первую сваю баявую ўзнагароду – медаль “За адвагу” – ваяр з Сухавічаў, які пачаў змагацца з фрыцамі яшчэ ў 1941 г., атрымаў толькі ў 1944 г., за тое, “… што ў час баявых дзеянняў з 24 па 27.6.44 г. за населеныя пункты: Хамічы, Літобіч, Падсёлы, Лозкі, праяўляючы мужнасць і адвагу тав. Отчык пад моцным артмінамётным агнём праціўніка і ў цяжкіх умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, умела і рашуча манеўруючы сваёй аўтамашынай, заўжды своечасова дастаўляў боепрыпасы баявым разлікам, тым самым забяспечваў выкананне пастаўленых камандаваннем задач”.
У час вызвалення Польшчы вайсковая ўдача адвярнулася ад ваеннага вадзіцеля. У час чарговай дастаўкі боепрыпасаў да свайго баявога разліка варожы артылерыйскі залп накрыў яго аўтамабіль – 5 сакавіка 1945 г. сяржант Отчык сканчаўся ад смяротных ран.
Медалямі “За адвагу” адзначаны подзвігі: стралка 1223-га стралковага палка 369-й стралковай дывізіі чырвонаармейца Отчыкі Іллі Пятровіча, 1909 г.н., які ў баях за г. Гартаў знішчыў трох нямецкіх салдат, у тым ліку кулямётчыка; старшага кулямётчыка 356-га асобнага кулямётна-артылерыйскага батальёна 33-й арміі чырвонаармейца Кужэлкі Васіля Данілавіча, 1905 г.н. і прачкі 989-га асобнага Чырвонасцяжнага батальёна сувязі 89-га стралковага Варшаўскага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронта чырвонаармейца Отчык Наталлі Лявонаўны, 1924 г.н., якая добраахвотна ўступіла ў рады Чырвонай Арміі 20 снежня 1943 г. і, знаходзячыся на тэрыторыі Прыбалтыкі, у час адной з бамбёжак у г. Вайнодэ, выратавала бялізну батальёна, якая знаходзілася ў адным з будынкаў, што загарэўся ад трапіўшай туды бомбы; тэлефаніста ўзвода кіравання 2-га дывізіёна 118-га артылерыйскага палка 69-й стралковай дывізіі 65-й арміі, чырвонаармейца Отчыка Івана Міхайлавіча,1926 г.н., які быў прызваны на фронт 2 чэрвеня 1944 г.
Медалямі “За баявыя заслугі” і “За ўзяцце Берліна” ўзнагароджаны пісар-капценармус 8-й стралковай роты 270-га гвардзейскага стралковага палка 89-й гвардзейскай стралковай дывізіі чырвонаармеец Харланчук Дзяніс Іванавіч, 1909 г.н., за тое што ў баях на вуліцах Берліна 24 красавіка 1945 г.знішчыў двух нямецкіх салдат.
Медалём “За баявыя заслугі” адзначаны і баявы шлях шафёра 4-й батарэі 1266-га армейскага зенітна- артылерыйска палка 33-й арміі радавога Отчыка Івана Рыгоравіча,1906 г.н. які з ліпеня 1941 г. забяспечваў сваёй палутаркай падвоз гармат і снарадаў на баявыя пазіцыі, а ў крайніх выпадках іх неадкладную эвакуацыю, нярэдка пад смяротным мінамётна-артылерыйскім агнём з боку праціўніка. На жаль, у красавіку 1944 г. адважны шафёр пад час аднаго з кровапралітных баёў прапаў без вестак.
Медалём “За баявыя заслугі” быў узнагароджаны і аўтаматчык 120-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі 65-й арміі чырвонаармеец Отчык Міхаіл Еўдакімавіч, 1926 г.н., які знаходзіўся на фронце з 16 жніўня па 31 кастрычніка 1944 г. У час бою за сталіцу Польшчы Варшаву баец атрымаў цяжкае раненне ў левую нагу, у выніку чаго быў абмежаваны ў былой рухомасці і камісаваны.
Гэткай жа ўзнгароды за сваю стаханаўскую працу ўдастоілася і прачка 989-га асобнага Чырвонасцяжнага батальёна сувязі 89-га стралковага Варшаўскага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронта чырвонаармеец Отчык Таццяна Нікіфараўна, 1926 г.н. Пасля заканчэння вайны Таццяна Отчык вярнулася дамоў, вый-шла замуж, змяніла сваё прозвішча на Шарупа і да 40-годдзя Перамогі была ўзнагароджана яшчэ і ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
У 1985-1987 гг. ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені былі ўзнагароджаны ваяры з Сухавіч: Бандарчук Яўген Рыгоравіч, 1917 г.н., Пангліш Рыгор Уладзіміравіч, 1924 г.н., Рудзеня Васіль Якаўлевіч, 1897 г.н.; ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені: Бандарчук Уладзімір Маісеевіч, 1923 г.н., Бандарчук Іван Максімавіч, 1926 г.н., Бандарчук Пётр Іванавіч, 1917 г.н., Отчык Іван Міхайлавіч, 1926 г.н., Отчык Міхаіл Ільіч, 1927 г.н., Отчык Яўстрат Іванавіч, 1923 г.н., Салаўянчык Якаў Сцяпанавіч, 1923 г.н. і Харланчук Канстанцін Савіч, 1922 г.н. і інш.
Медалём “За перамогу над Японіяй” быў узнагароджаны старшына батарэі 742-га зенітна-артылерыйскага палка супрацьпаветранай абароны старшына Отчык Якаў Фёдаравіч, 1916 г.н.
77 ураджэнцаў Сухавічаў аддалі свае жыцці ў барацьбе з агрэсарам дзеля мірнага неба над галовамі сваіх нашчадкаў і землякоў. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”. 1999. сс.674-675).

Шыіцкія героі

Не горш сваіх суседзяў ваявалі з немцам і ўраджэнцы Шыіч.
Узяць, напрыклад, сяржанта Палазніка Яфіма Савіча, 1918 г.н., які з 1939 г. знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, а з 1941г. змагаўся з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў баявых падраздзяленнях Заходняга і Паўночна – Каўказскага франтоў.
6-я гвардзейская мінамётная батарэя знакамітых “Кацюш” 11-га гвардзейскага стралковага корпуса, у якой служыў Яфім Палазнік, восенню 1942 г. вымушана была трымаць абарону па паўднёвым беразе Церака ля Маздока, на ўчастку Бена-Юрт (цяпер Гвардзейск) да Сухоцкай.
Гітлераўцы, сцягнуўшы асноў-ныя сілы ў раён Маздока, якім яны авалодалі, мелі намер у далейшым наступаць на станіцу Вазнясенскую, каб захапіць тут перавал праз Церскі хрыбет. Гэты перавал адкрываў шлях у шырокую Алхан-Чуртцкую даліну, да Грознага, Махачкалы і Баку. Корпус перакрываў напрамак галоўнага ўдару праціўніка.
На досвітку 2 верасня немцы, рухаючыся з Маздока на Прэдмостны (цяпер хутар імя Калініна), пачалі фарсіраваць Церак.
Пачаліся зацяжныя абарончыя баі. 27 кастрычніка 1942 года корпус атрымаў загад здзейсніць шасцідзесяцікіламетровы марш і да раніцы наступнага дня заняць абарону на рубяжы Тулатава — Архонская — Фіагдон — Дзуарыкаў, інакш кажучы, на блізкіх подступах да горада Арджанікідзэ.
Рэзерв корпуса ў складзе 47-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна, 6-га асобнага мінамётнага батальёна, у якім ваяваў Яфім Палазнік, і 54-га кулямётнага батальёна павінен быў заняць пазіцыі ў раёне паселішча Ніжняя Саніба; штаб корпуса з 54-й асобнай зенітна-артылерыйскай батарэі перадыслакаваўся ў сяленне Гізэль, якое знаходзілася прыкладна ў дзесяці кіламетрах на захад ад Арджанікідзе.
Праз суткі корпус пасля стамляючага фарсіраванага маршу прыбыў на адведзеную яму мяжу. Гвардзейцы зноў апынуліся на напрамку галоўнага ўдару 1-й танкавай арміі гітлераўцаў.
А 2 лістапада праціўнік пераходзіць у наступ і пачынае лютыя атакі. Сілы былі яўна не роўнымі: ужо вельмі шмат войскаў вораг кінуў на штурм Арджанікідзе. Пасля ўзяцця Гізэлі нямецкія танкі да вечара апынуліся на заходняй ўскраіне горада Арджанікідзе.
Менавіта ў гэты дзень у спісах 6-га асобнага мінамётнага батальёна аб панесеных стратах сяржант Яфім Палазнік быў пазначаны прапаўшым без вестак. Шмат чырвонаармейцаў і іх камандзіраў палягло ў тых баях за Арджанікідзе.
У ноч на 8 лістапада фашыстам удалося прабіць уздоўж шашы калідор шырынёй да двух кіламетраў. Праціўнік спрабаваў праз шчыліну, якая ўтварылася, вырвацца з акружэння. Аднак гарлавіна прастрэльвалася з абодвух бакоў шматслаёвым агнём артылерыі корпуса.
Пасля завяршэння разгрому гізэльскай групоўкі праціўніка баі прыціхлі. А 22 снежня вораг, спалохаўшыся, што з выхадам савецкіх войскаў Паўднёва-Заходняга фронту да Растова захлынецца ўся яго каўказская групоўка, пабег.
Цудам удалося выжыць у той страшнай калатнечы нашаму земляку, але ваяваць ён прадоўжыў ужо ў новай часці.
28 жніўня 1943 г. сяржант Палазнік быў цяжка паранены ў баях ля Тумані, але пасля вылячэння вярнуўся ў строй.
У час прарыву абароны праціўніка на подступах да г. Севастопаля, у баі за вышыню “Цукровая”, камандзір аддзялення 1-й стралковай роты 691-га стралковага палка 383-й стралковай дывізіі Асобнай Прыморскай арміі сяржант Палазнік замяніў выбыўшага камандзіра роты і да канца аперацыі на мысе Херсанес смела і адважна вадзіў роту на разгром ворага.
У баі за крэпасць Каябаш на працягу аднаго дня ён са сваёй ротай адбіў чатыры варожыя контратакі і знішчыў каля 50 нямецкіх салдат і афіцэраў.
За гэты подзвіг шыіцкі герой быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У баях за плацдарм на р. Вісла Яфім Палазнік вызначыўся ў чарговы раз. Калі са строю выбыў камандзір роты, наш зямляк смела прыняў на сябе камандаванне, падняў роту ў атаку, рашуча ўварваўся ў варожыя траншэі, выбіў ворага і выканаў пастаўленую камандаваннем баявую задачу.
У час штурму населенага пункта, знаходзячыся наперадзе падраздзялення, ён граміў ворага, і сам быў паранены. Тым не менш, поле бою не пакінуў. За гэта памкамузвода старшы сяржант Яфім Палазнік быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
Пасля Перамогі Палазнік вярнуўся на радзіму і ў родных Шыічах у 1985 г. да яго баявых узнагарод прыбавіўся яшчэ адзін ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.
Умела і адважна ваяваў і начальнік радыёстанцыі 442-й асобнай роты сувязі 323-й стралковай Бранскай дывізіі старшы сяржант Канавалаў Аляксей Трафімавіч, 1922 г.н. На фронт ён трапіў па першай мабілізацыі, у ліпені 1941 г. У сваёй 442-й роце ваяваў з сакавіка 1942 г. За забяспячэнне бесперабойнай сувяззю НП камдзіва з палкамі і корпусам пад час усіх баявых дзеянняў 323-й дывізіі 16 снежня 1943 г. Аляксей Канавалаў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
З 23 па 27 чэрвеня 1944 г. старшы сяржант забяспечваў сувязь дывізіённых разведчыкаў, якія праводзілі свае аперацыі на пярэднім краі і ў тыле ворага, са сваім камандаваннем. Іх агульная работа стала вынікам паспяховага наступлення нашых войскаў на разведанным участку, за што наш зямляк быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
У студзені 1945 г. пачалося наступленне савецкіх войск на абарончыя ўмацаванні на р.Вісла. Наш зямляк у гэты час забяспечваў радыёсувяззю камандзіра 1088-га палка заходней сяла Гняздкоў. Ва ўмовах ураганных артналётаў і варожага агню стралковай зброі ворага на плацдарме, узорна выканаў баявую задачу, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У красавіку пры прарыве варожай абароны на р.Одэр у раёне в. Гросаў немцы нечакана павялі наступленне ў напрамку штаба 1088-га стралковага палка, з НП якога старшы сяржант Канавалаў забяспечваў радыёсувязь кампалка з камандаваннем дывізіі. Часу на роздум не заставалася, і старшы сяржант, падхапіўшы свой аўтамат, кінуўся ў бок немцаў. Атака была адбіта. Пад час бою некалькі фашыстаў палеглі ад трапных чэргаў начальніка радыёстанцыі, а ён быў узнагароджаны за сваю мужнасць другім ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Вось што напісаў сам герой аб тых днях у артыкуле “Перамога была выкавана ў цяжкіх баях”, які быў апублікаваны ў абласной газеце Палескай вобласці “Бальшавік Палесся” 9 мая 1946 г.:
“… Сакавік 1945 года. Войскі 1-га Беларускага фронту, у які ўваходзіла наша дывізія, па ўсяму фронту дасягнулі ракі Одэр, а ў радзе пунктаў перашагнулі яе. Пасля цяжкіх баёў і маршаў па Польшчы на рацэ Одэр пачаў кожны з байцоў падрыхтоўвацца да рашаючага ўдару па Берліну. Да Берліна засталося ўсяго 75 кіламетраў. Гэта лічба была напісана салдатамі на кожным слупе, на многіх сценах і машынах. У гэты час часць, у якой я знаходзіўся, утрымлівала плацдарм на заходнім беразе Одэра, на поўдзень ад Франкфурта. Гэты кавалачак зямлі не больш футбольнага поля. Нягледзячы на тое, што на ім не было магчымасці разгарнуць дастатковую колькасць агнявых сродкаў, мы стойка ўтрымлівалі яго.
Вораг прадпрымаў у дзень па некалькі контраатак, ён хацеў саштурхнуць гэту жменьку храбрацоў у Одэр. Але мы не адступілі.
<…> У ноч з 15 на 16 красавіка ўсе былі на сваіх месцах. Вакол стаяла цішыня.
<…> У 4 гадзіны раніцы раздаўся гром нашай арты-лерыі, сатрасаючы ўсю зямлю і азараючы полымем агню ад успышак. Грукат гармат усё нарастаў. І толькі на чацвёртай гадзіне артпадрыхтоўкі, пасля залпаў “Кацюш”, усе ірвануліся ўперад, абганяючы адзін аднаго, скідваючы з плеч на хаду ўсю лішнюю вопратку, каб аблегчыць сябе. Гэта была сапраўды нястрымная сіла, якая несла помсту ворагу. Але вораг разлютавана агрызаўся ў асобных апорных пунктах. Тады іх пакідалі, абходзілі, білі з тылу. 23 красавіка асноўныя сілы праціўніка былі адрэзаны ад Берліна і акружаны ў раёне Вандзе – Бушхальц.
Гэта былі цяжкія баі, бо вораг, адчуваючы свой крах, злосна супраціўляўся. Нашы байцы аддавалі ўсе сілы на разгром ворага. З кожным днём кальцо звужалася. Да 26 красавіка была ўжо чутна кананада з супрацьлеглага боку 1-га Украінскага фронту, які дапамагаў знішчаць акружаную групоўку немцаў. І 28 красавіка хвалёная Гітлерам нямецкая армія ў раёне Вандзе – Бушхальц была разбіта, дзясяткамі тысяч узята ў палон.
Ад Одэра да Берліна ўсе дарогі, лясы і палі былі ўсеяны трупамі немцаў і іх разбітай тэхнікай.
Знішчыўшы групоўку, мы на-кіраваліся на Захад, да Эльбы.
<…> 4 мая 1945 года нашы войскі сустрэліся з амерыканскімі войскамі. Гэта быў дзень урачыстасці і радасці”.
З першага і да апошняга дня прайшоў вайну і ўраджэнец Шыіч — начальнік аўтамайстэрні 161-й асобнай аўта-санітарнай роты старшына Цішкавец Нічыпар Каленікавіч, 1918 г.н. Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За адвагу”, “За абарону Масквы”, “За абарону Сталінграда” адзначана яго ратная праца ў 1941 – 1945 гг.
Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені быў узнагароджаны і аўтаматчык 46-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 13-й кавалерыйскай дывізіі 1-га Украінскага фронту чырвонаармеец Мельнік Панкрат Раманавіч, 1902 г.н., які прайшоў праз вогненныя фіхуры вайны з 1941 г., а 31 снежня 1944г. у баях пад г. Сумы Ковельскай вобласці атрымаў цяжкае раненне левай нагі, у выніку чаго яе прый-шлося ампутаваць.
Не проста складваўся вайсковы лёс у Дарошкіна Давіда Пятровіча, які нарадзіўся ў Шыічах у 1905 г. Мабілізаваны на фронт у першыя тыдні вайны, ён у кастрычніку 1941 трапляе пад Бранскам у акружэнне і палон. Збег ад немцаў і вымушаны быў па акупіраванай тэрыторыі дабірацца да роднай хаты. Пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна зноў быў прызваны на фронт.
Стралок 1-й роты 1107-га стралковага палка 328-й Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі чырвонаармеец Давід Дарошкін у наступальных баях 18 студзеня 1945 г. у раёне г. Сахачоў, дзейнічаючы выключна смела і адважна, з уласнай вінтоўкі знішчыў 10 нямецкіх салдат і афіцэраў, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
25 красавіка ў раёне н.п. Борнін ён першым па камандзе падняўся ў атаку, першым уварваўся ў траншэі праціўніка, дзе агнём сваёй вінтоўкі знішчыў некалькіх гітлераўцаў. За гэта адважны салдат быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені.
Смела хадзіў у атакі шыіцкі ваяр і ў маі ў прыгарадзе Берліна, за што быў адзначаны яшчэ адным медалём “За адвагу”.
Адважна біўся з гітлераўцамі і стралок 295-га гвардзейскага Чырвонасцяжнага стралковага палка 96-й гвардзейскай ордэна Леніна Чырвонасцяжнай жывізіі гвардыі чырвонаармеец Чарняўскі Архіп Рыгоравіч, 1908 г.н., які ваяваў з 1941 г.
15 сакавіка 1945 г. у час бою за вышыню 77,1 і шашу паўднёвей 400 м Владзіаў — Усходняя Прусія, удзельнічаючы ў танкавым дэсанце ён у ліку першых уварваўся ў варожыя траншэі. Там жа выратаваў ад вернай смерці свайго камандзіра ўзвода, застрэліўшы са свайго аўтамата немца, які цэліўся ў лейтэнанта. У гэтым баі сам Чарняўскі быў паранены. За гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Апасля да гэтай узнагароды прыбавіўся яшчэ і медаль “За адвагу”.
З кастрычніка 1939 г. свой лёс са службай у Чырвонай Арміі звязаў Канаш Рыгор Мінавіч, 1917 г.н. Барацьбу з немцам пачаў у чэрвені 1941 г. Служыў лейтэнант медыцынскай службы фельчарам 1-га дывізіёна 248-га артылерыйскага палка 86-й стралковай дывізіі. Абараняў Ленінград, за што ў 1943 г. быў узнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда”. У час баёў за горад Тарту наш зямляк вынес с поля бою 35 параненых байцоў, за што быў ушанаваны ордэнам Чырвонай Зоркі.
3 красавіка 1945 г. на тэрыторыі Польшчы, аказваючы дапамогу на полі бою сваім баявым таварышам, лейтэнант Канаш быў забіты варожай куляй. Пахаваны на новых вайсковых могілках воінаў савецкай арміі (пляцоўка 300 м паўночней Рускага помніка ў падножжы вышыні Штэрнэнтраум) на тэрыторыі Гданьскага ваяводства.
Выратаваннем савецкіх байцоў і аказаннем ім медыцынскай дапамогі на фронце займалася і санітарны інструктар 48-га кавалерыйскага палка 13-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 2-га Украінскага фронта радавая Сазонік Фядора Фёдараўна, 1915 г.н.
На фронце яна знаходзілася з 14 лістапада 1942 г. У верасні 1944г. адвага і гераізм пры выратаванні салдат і афіцэраў на полі бою санінструктара Сазонік была адзначана медалём “За адвагу”, а ў кастрычніку гэтага ж года – медалём “За баявыя заслугі”.
Каб уявіць сапраўдную мужнасць і гераізм гэтай “медсястрычкі”, як яе звалі на фронце байцы, учытаемся ў дакументальныя радкі, напісаныя яе камандзірам палка гвардыі падпалкоўнікам у чарговым прадстаўленні Фядоры Сазонік да ўзнагароджання яе ордэнам Славы 3-й ступені:
“У баі за горад Новыя Замкі 28-29.3.45 г. вынесла з поля бою 10 параненых байцоў з іх зброяй і пераправіла іх праз р. Нітра на плытах.
У баі за сяло Бродске 7.4.45 г. вынесла з поля бою 4-х байцоў і аднаго параненага афіцэра з іх зброяй.
10-11.4.45 г. у баі за важны апорны пункт ворага – в. Лангот – вынесла з поля бою 8 параненых байцоў з іх зброяй.
Усім параненым байцам была аказана своечасовая медыцынская дапамога, і яны своечасова былі эвакуіраваны ў тыл”.
Не ведаю, ці атрымала наша зямлячка тады заслужаны ордэн Славы. Бо ў загадзе па 13-й гвардзейскай кавалерыйскай Ровенскай Чырвонасцяжнай дывізіі 6-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса ад 16 мая 1945 г., відаць, з-за памылкі нейкага падслепаватага пісарчука, яна прайшла як Сазонік Фёдар Фёдаравіч. Упэўнены ў адным, не адзін дзясятак байцоў, вынесеных з поля бою санінструктарам, да канца сваіх дзён застаўся ўдзячны ёй за выратаванае жыццё.
Вялікая Айчынная вайна прынесла ўраджэнцу Шыіч Скібару Кузьме Пятровічу, 1917 г.н., шмат выпрабаванняў.
У Чырвонай Арміі ён служыў яшчэ з 1940 г. Пасля нападу немцаў разам з баявымі сябрамі прайшоў праз смяротныя баі першых месяцаў вайны. Зведаў горыч адступлення і акружэння. Раздаўлены і спустошаны псіхалагічна пасля ўсіх выпрабаванняў і разгрому сваёй часці вымушаны быў вярнуцца дамоў на акупіраваную ворагам тэрыторыю.Тут у студзені 1943 г. уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева. Прымаў актыўны ўдзел у дыверсіях супраць акупантаў і разгроме нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. А ў лістападзе гэтага ж года іх брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй і прыняла ўдзел у вызваленні роднага раёна. Тады шмат ураджэнцаў Калінкавіцкага і Даманавіцкага раёнаў былі прызваны ў рады савецкіх войск.
12 снежня 1943 г. чырвонаармеец Кузьма Скібар быў залічаны стралком роты асобнага лыжнага батальёна 193-й Чырвонасцяжнай Дняпроўскай стралковай дывізіі. А праз некалькі дзён здзейсніў подзвіг, за які быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. А адбылося гэта вось як. 26 снежня ў час наступлення немцаў на пярэдні край абароны ўзвода, у якім служыў Скібар, ён ва ўпор расстрэльваў гітлераўцаў, якія лезлі напралом. Фашысты акружылі байца, але ён стаяў на смерць, біўся да апошняга патрона. У выніку знішчыў 9 варожых салдат, а астатніх прымусіў адступіць.
Праз два месяцы, а дакладней 23 лютага 1944 г., у час бою за вёс-ку Савічы Даманавіцкага раёна Кузьма Скібар зноў вызначыўся, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. На жаль, у гэтым баі адважны ваяр з Шыіч атрымаў цяжкае раненне левай нагі, у выніку чаго яе прыйшлося ампутаваць у далейшым.
Амаль аналагічна складваўся лёс і аднафамільца Кузьмы Пятровіча, яго аднавяскоўца Скібара Уладзіміра Навумавіча, 1924 г.н. У лістападзе 1943 г. паўторны заклік на фронт. І аўтаматчык 193-й дывізіі малодшы сяржант Уладзімір Скібар разам з землякамі працягвае вызваляць паўночную частку Калінкавіцкага раёна. У баі ў лютым 1944 г. за Савічы салдат знішчыў 8 фрыцаў, за што быў узнанагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. 23 лютага быў люты бой за гэтую вёску, дзе гітлераўцы стварылі шматрадовую ўмацаваную абарону, у якім Уладзімір Скібар таксама атрымаў раненне, але, слава Богу, не цяжкае.
6 верасня 1944 гэтага ж года кулямётчык станкавага кулямёта 1-й кулямётнай роты 605-га стралковага палка 132-й Бахмачскай двойчы Чырвонасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі малодшы сяржант Уладзімір Скібар ў баі за вёску Н.-Кашары Валынскай вобласці ў час прыкрыцця наступлення нашых рот знішчыў 15 нямецкіх салдат, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А 7 чэрвеня ў баі за Ковель атрымаў новае раненне.
Ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу” адзначаны і баявы шлях камандзіра ўзвода 82-й асобнай разведроты 45-й мехбрыгады 5-га механізіраванага корпуса лейтэнанта Говара Дзяніса Міхайлавіча, 1918 г.н.
Аналагічных ўзнагарод удас-тоіўся і кулямётчык 1-га стралковага батальёна 117-га стралковага палка 23-й стралковай дывізіі чырвонаармеец Чарняўскі Гаўрыла Архіпавіч, 1909 г.н., які, напрыклад, толькі пры ўзяцці горада Эбэрс-Вальдэ са свайго ручнога кулямёта знішчыў два разлікі варожых станкавых кулямётаў, першы уварваўся ў варожую траншэю, дзе знішчыў 8 гітлераўцаў, а 11 узяў у палон.
Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны і ўраджэнцы Шыіч: фельчар 3-га асобнага армейскага трафейнага батальёна 6-й арміі лейтэнант медыцынскай службы Пуд Васіль Эмануілавіч, які знаходзіўся на фронце з мая 1942 г.; камандзір узвода 727-й асобнай аўтароты падвоза 301-й стралковай Сцяпной ордэна Суворава дывізіі лейтэнант Мажэйка Міхаіл Міхайлавіч, 1905 г.н., які з 1941 г. прайшоў франтавымі дарогамі Паўднёва-Заходняга і 1-га Беларускага франтоў; чырвонаармеец Курыла Радзівон Пятровіч, 1907 г.н., які служыў у 676-м стралковым палку 15-й стралковай дывізіі 61-й арміі.

Ордэнам Чырвонай Зоркі і 2 медалямі “За баявыя заслугі” быў адзначаны баявы шлях камандзіра аддзялення супрацьтанкавых ружжаў, затым каменданцкага ўзвода 622-га стралковага палка 124-й стралковай дывізіі старшага сяржанта Вінакура Лаўрэнція Арцёмавіча. Пасля вайны ён працаваў настаўнікам, потым быў абраны старшынёй калгаса ў Якімавічах. З цягам часу пераехаў з сям’ёй у в. Прудок Мазырскага раёна, дзе і пражыў астатак жыцця.
З 1941 г. шматлікімі франтавымі дарогамі прайшоў, а дакладней, праехаў, аж да самага Берліна старшы шафёр 809-й асобнай аўтароты падвозу 1-га гвардзейскага ордэна Леніна мехкорпуса, гвардыі чырвонаармеец Скібар Рыгор Ісакавіч, 1917 г.н.
Як ваяваў наш гераічны зямляк, расказваюць яго ўзнагародныя лісты.
“Таварыш Скібар удзельнічае ў Айчыннай вайне з 22.6.41 г. Працуючы шафёрам па падвозу боепрыпасаў, тав. Скібар праявіў сябе смелым і рашучым вадзіцелем. За перыяд ваенных дзеянняў перавёз на сваёй машыне сотні тон боепрыпасаў. Толькі за перыяд ліпеня-жніўня Скібар перавёз 300 тон боепрыпасаў, большасць з іх на перадавую лінію фронта.
Так, 3 жніўня 1943 г. у час перавозкі боепрыпасаў на станцыю Радзькоўскія пяскі, у момант выгрузкі машыны варожая авіяцыя падвергла станцыю бамбёжцы. Асколкам бомбы была прабіта бочка з бензінам на машыне тав. Скібара. Машына загарэлася разам з боепрыпасамі. Пад не спыняючайся бамбардзіроўкай варожай авіяцыі тав. Скібар патушыў сваю машыну і вывез боепрыпасы са станцыі.
Затым вярнуўся на станцыю і паблізу вагона з боепрыпасамі, што гарэў, зноў загрузіў сваю машыну і вывез яе.
Тав. Скібар – вопытны і ініцыятыўны вадзіцель. Яго машына прайшла без рамонту 29500 кіламетраў”, — так напісаў у прадстаўленні шафёра да ўзнагароджання медалём “За адвагу” яго камандзір роты маёр Масквіцін.
Акрамя гэтай узнагароды ваяр з Шыіч атрымаў медалі “За абарону Масквы” і “За баявыя заслугі”.
Да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені 30 ліпеня 1944 г. быў прадстаўлены тэлефаніст 2-га батальёна 1326-га стралковага палка 415-й стралковай дывізіі 61-й арміі малодшы сяржант Палазнік Сідар Іванавіч, 1910 г. н. У баях за населены пункт Ясінь наш зямляк атрымаў раненне, але не пакінуў поле бою. Пад бесперапыннымі разрывамі мін і снарадаў працягваў аднаўляць парваны тэлефонны провад і забяспечваць сувязь камандавання палка з батальёнамі. За мужнасць і гераізм малодшы сяржант быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Двума медалямі “За адвагу” і медалём “За баявыя заслугі” быў узнагароджаны сувязны 27-га гвардзейскага стралковага палка 11 гвардзейскай стралковай дывізіі чырвонаармеец Муліца Дзмітрый Міронавіч, 1904 г.н. 6 ліпеня 1941 г. ён быў прызваны Калінкавіцкім райваенкаматам на фронт. Двойчы быў лёгка паранены ў 1943 г.: у правую нагу ля в. Сялянская гара 27 лютага і ў паясніцу ля в. Пыранка 11 сакавіка, адзін раз кантужаны.
Выконваючы абавязкі сувязнога, ён не звяртаючы ўвагі на раненне пад варожым агнём у тэрмін даставіў важны пакет у штаб дывізіі, за што і атрымаў першую ўзнагароду.
Бясстрашны сувязны гэтак жа адважна, пад мінамётным і артылерыйскім агнём праціўніка, выконваў свае абавязкі па дастаўцы баявых данясенняў і пакетаў у штабы і ў іншых баях. І, мусіць, верыў, што нарадзіўся “ў рубашцы”. Толькі лёс, нягледзячы на гэтую веру, вырашыў інакш: у лютым 1944 г. чырвонаармеец прапаў без вестак.
Медалём “За адвагу” узнагароджаны кулямётчык 303-га стралковага палка чырвонаармеец Вінакур Сідар Арцёмавіч, 1907 г. н., які на тэрыторыі Варшаўскага ваяводства агнём свайго ручнога кулямёта знішчыў варожую кулямётную кропку і яе разлік; мінамётчык 866-га стралковага палка 287-й стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронта яфрэйтар Палазнік Цярэнцій Максімавіч, які вызначыўся ў баях за г. Ноўгарад-Валынск у лютым 1944 г., а 22 сакавіка гэтага ж года ў чарговых баях прапаў без вестак; стралок 5-й стралковай роты 487-га стралковага палка 143-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронта чырвонаармеец Палазнік Кузьма Дзянісавіч, 1905 г.н., які 15 студзеня 1945 г. закідаў гранатамі кулямётную кропку праціўніка і адкрыў шлях да наступлення нашых байцоў на тэрыторыі Варшаўскага ваяводства, а 7 сакавіка наш зямляк загінуў на нямецкай зямлі.
Медалямі “За баявыя заслугі” і “За ўзяцце Берліна” адзначана ратная праца стралка авіяўзбраення 32-га авіяпалка знішчальнікаў 256-й авіядывізіі 1-га Украінскага фронта чырвонаармейца Скібара Васіля Прохаравіча, 1922 г.н., які яшчэ ў 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, і за час Вялікай Айчыннай вайны забяспечыў 817 баявых вылетаў самалётаў на аперацыі супраць немцаў без адзінага збою і паломкі авіяўзбраення.
Медалём “За баявыя заслугі” былі ўзнагароджаны і сапёр 3-й роты 173-га батальёна 8-й асобнай інжынернай брыгады чырвонаармеец Чарняўскі Максім Акімавіч, 1903 г.н., які толькі ў жніўні-верасні 1943 г. зняў і абяшкодзіў на пярэднім краі 260 мін праціўніка, і аўтаматчык 34-й гвардзейскай танкавай брыгады 12-га танкавага корпуса 2-й гвар-дзейскай арміі чырвонаармеец Палазнік Міхаіл Патапавіч, 1944 г.н., які 8 сакавіка 1945 г. у чарговым баі атрымаў цяжкае раненне левай рукі і стаў інвалідам.

Гэтай жа ўзнагародай адзначаны баявы шлях і нястомная праца санітара хірургічнага палявога рухомага шпіталя 4317 60-й арміі чырвонаармеейца Муліцы Ціта Міронавіча, 1902 г.н.На фронт гэты ўраджэнец Шыіч быў мабілізаваны 25 ліпеня 1941 г. Ваяваў у складзе 565-га стралковага палка. 6 верасня 1942 г. у баях пад Варонежам атрымаў цяжкае раненне галавы. Пасля вылячэння з 1 снежня 1942 г. пачаў працаваць санітарам рухомага шпіталя. Вось як ахарактарызаваў нашага земляка начальнік гэтага шпіталя, які прадстаўляў яго ў верасні 1943 г. да баявой узнагароды:
“За час сваёй работы санітарам у чарапным аддзяленні з самымі цяжкімі хворымі Муліца Ц.М. праявіў сябе нястомным, выключна чулым работнікам, які быў гатовы ў любую хвіліну адгукнуцца на просьбу хворага. З бацькоўскім клопатам ён даглядаў цяжкіх параненых, аддаючы сябе цалкам гэтай рабоце. Не было ніводнага байца альбо камандзіра, якія б не дзякавалі яго за бацькоўскі клопат, пакідаючы шпіталь. Дагэтуль ён атрымлівае з фронта сотні пісем ад байцоў і камандзіраў, у якіх яны называюць яго родным бацькам і дарагім сябрам.
У апошнюю баявую аперацыю Муліца працаваў у аддзяленні сартыроўкі, перанёс на сваіх руках тысячы байцоў, клапатліва выконваў просьбы кожнага параненага. Калі ж у сартыроўцы не бывае параненых, ён дзяжурыць у палатах, дзе ляжаць найцяжэйшыя хворыя.
Калі санітар Муліца адпачывае – ніхто не ведае. Ён узнікае то тут, то там, дзе патрабуецца неадкладная дапамога”.
Медалём “За баявыя заслугі” узнагароджаны і сувязіст 103-га стралковага палка 85-й стралковай дывізіі чырвонаармеец Мельнік Навум Іванавіч, 1914 г.н., які на Ленінградскім фронце ў лістападзе 1942 г. атрымаў цяжкае раненне кісці рукі, у выніку чаго застаўся інвалідам.
Інвалідам стаў на вайне і памочнік камандзіра ўзвода 117-га стралковага палка 23-й стралковай дывізіі 61-й арміі сяржант Забойка Міхаіл Маркавіч, 1912 г.н., які быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У час бою за мястэчка Вайнаводы на тэрыторыі Латвіі ён атрымаў цяжкае раненне правай рукі, якую прыйшлося ампутаваць вышэй локця.
У гонар 40-годдзя Перамогі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі ўзнагароджаны наступныя жыхары Шыіч, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай і ў партызанскіх атрадах супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені: Кабраль Яфім Макаравіч, 1909 г.н., Кулыба Цярэнцій Рыгоравіч, 1919 г.н., Мельнікаў Пётр Назаравіч, 1917 г.н., Палазнік Міхаіл Патапавіч, 1923 г.н., Палазнік Міхаіл Сямёнавіч, 1924 г.н., Палазнік Уладзімір Яфімавіч, 1920 г.н.; ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені: Антоненка Праскоўя Парфіраўна, 1921 г.н., Апаначык Лявонцій Сцяпанавіч, 1907 г.н., Вінакур Лаўрэнцій Арцёмавіч, 1922 г.н., Вінакур Тарас Іванавіч, 1912 г.н., Вітавец Цярэнцій Несцеравіч, 1909 г.н., Говар Кірыла Максімавіч, 1911 г.н., Говар Раман Сяргеевіч, 1915 г.н., Жураўскі Аляксандр Аляксандравіч, 1918 г.н., Канаш Васіль Баніфацьевіч, 1907 г.н., Канаш Мікалай Іванавіч, 1921 г.н., Канаш Міхаіл Іванавіч, 1926 г.н., Капельян Лук’ян Кузьміч, 1909 г.н., Клімава Кацярына Пятроўна, 1923 г.н., Купчык Усцін Іванавіч, 1914 г.н., Кучвальскі Адам Кузьміч, 1923 г.н., Палазнік Уладзімір Васільевіч, 1924 г.н., Палознікаў Сідар Сцяпанавіч, 1914 г.н., Рудзеня Кірэй Ільіч, 1903 г.н., Скібар Васіль Архіпавіч, 1921 г.н., Скібар Уладзімір Навумавіч, 1923 г.н., Смыкалаў Уладзімір Сцяпанавіч, 1920 г.н., Фёдараў Іван Нікітавіч, 1924 г.н., Чарняўскі Віктар Цярэнцьевіч, 1921 г.н., Чарняўскі Міхаіл Карпавіч, 1914 г.н., Шашко Фёдар Дзям’янавіч, 1914 г.н., Шуляк Еўдакім Захаравіч, 1905 г.н.

115 жыхароў Шыіч не вярнуліся з палёў баёў да родных хат. Яны да канца споўнілі свой сыноўні абавязак перад Айчынай. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”. 1999. сс.676-678).

Як Гастэла

13 студзеня 1944 г. Савін-фармбюро ў чарговай зводцы паведаміла, што “13 студзеня на Мазырскім напрамку войскі Беларускага фронта пад камандаваннем генерала арміі Ракасоўскага працягвалі развіваць наступленне і з баямі занялі больш 40 населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Шыічы, Туравічы, Сухавічы, Дудзічы, Буда, Гулевічы, Пеніца…”
Як гэта адбывалася канкрэтна, расказаў у сваіх успамінах “У баях за Калінкавічы” Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант, камандуючы 1-м гвардзейскім Данскім танкавым корпусам Міхаіл Паноў, які вызваляў гэтыя населеныя пункты:
“Ноччу (з 11 на 12 студзеня – І.Г.) часці гвардзейскай танкавай брыгады зрабілі спробу захапіць вёску Туравічы, але яна закончылася няўдачай. Поспех спадарожнічаў толькі разведвальнай танкавай роце старшага лейтэнанта В.А.Мартыненкі. Пад покрывам ночы яна ўварвалася ў Гарохава з тылу. Смелы, раптоўны напад выклікаў паніку ў размяшчэнні ворага. А з падаспеўшымі мотастралкамі гэтая вёска была ачышчана ад фашысцкіх захопнікаў.
1-я гвардзейская мотастралковая і 15-я гвардзейская танкавая брыгады, працягваючы наступленне, да раніцы 12 студзеня вызвалілі населеныя пункты Шыічы і Сухавічы, што стварыла пагрозу акружэння акупантаў, якія знаходзіліся ў Туравічах.
Шмат гітлераўцаў было таксама блакі-равана ў лясах у раёне Туравіч і Дрынёва. Праціўнік спрабаваў затрымаць рух танкавага корпуса на поўдзень, каб накіраваць свае галоўныя сілы на Калінкавічы. Яму ўдалося часткова прарвацца да пераправы на поўнач ад Дрынёва і авалодаць дарогай у нашым тыле. Аднак сіламі корпуснага рэзерву пры падтрымцы 455-га мінамётнага палка ён быў знішчаны. Гэта дало магчымасць пераправіцца праз мост часцям 75-й гвардзейскай і 69-й стралковым дывізіям, якія выходзілі на свае напрамкі. У прыватнасці, 69-я стралковая дывізія, як і 18-ы стралковы корпус, разгортваліся фронтам на захад да ракі Іпы.
12 студзеня ў другой палове дня 17-я гвардзейская танкавая брыгада ва ўзаемадзеянні з 15-й гвардзейскай танкавай брыгадай пасля кароткага, вельмі моцнага агнявога налёту, атакавала ворага ў Туравічах, ахапіўшы яго з абодвух бакоў. Гітлераўцы не маглі стрымаць наступальнага парыву нашых танкістаў. Першымі ўварваліся ў вёску танкі лейтэнанта Ф.І.Яшчанкі. Агнём і гусеніцамі гвардзейцы смела знішчалі акупантаў. Адначасова з імі на бронетранспарцёрах наступалі і аўтаматчыкі капітана Ю.К.Таканякі. Вылазячы з машын, яны завязвалі кароткія рукапашныя схваткі. У гэтым баі ўмела дзейнічаў камсамолец радавы В.Ф.Ташкёнтаў. Ён непрыметна прабраўся па агародах, выйшаў да дамоў з тылу і знішчыў засеўшых там гітлераўцаў гранатамі і агнём аўтамата. Парторг матарызаванага батальёна 15-й гвардзейскай танкавай брыгады лейтэнант В.Н.Рудакоў з камсоргам сяржантам А.Д.Аўчыннікавым, праследуючы праціўніка, заха-пілі варожую палявую гармату і, накіраваўшы яе на ворага, выпусцілі сто снарадаў па адступаючых акупантах. Тым самым яны нанеслі вялікія страты ворагу ў жывой сіле і тэхніцы.
Да зыходу дня Туравічы былі поўнасцю вызвалены. Уцалелыя гітлераўцы, якіх праследавалі танкісты, адступілі ў паўднёвым напрамку. Да 22 гадзін нашы часці вызвалілі і вёску Заполле”. (Вялікая Айчынная: супраціўленне і вызваленне Калінкавіцкай зямлі: зборнік публікацый і ўспамінаў. Мазыр. КПУП “Калор”.2005. с. 114).
У баях за Сухавічы і Шыічы загінула 166 савецкіх воінаў 81-й і 356-й стралковых дывізій 61-й арміі і 2 партызаны, якіх пахавалі ў брацкай магіле на паўднёвай ускраіне Шыіч. У 1965г. на магіле ўстанавілі помнік – скульптуру воіна.
Тут жа, у Шыічах, пахаваны і варонежскі хлопец, камсамолец, лётчык Юрый Шлыкаў, які на калінкавіцкай зямлі паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы.
Журналіст Юліян Поляк так і назваў свой нарыс пра героя “Як Гастэла”, які надрукаваў у калінкавіцкай раёнцы 4 мая 1967 г. :
“Герой Савецкага Саюза Яўген Мікалаевіч Сялянін, які жыве цяпер у Маскве, пісаў сястры Юрыя Калерыі Пятроўне ў Варонеж: “…Нават ворагі не маглі не схіліцца перад бясстрашшам вашага брата. Па загаду нямецкага генерала Юрыя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі, з палкавым аркестрам. Калі танкісты выцягнулі Юрыя з разбітага самалёта, яны знялі галаўныя ўборы. Потым немцы хвасталі, што ім удалося збіць славутага рус-кага лётчыка-аса, за якім яны доўга палявалі.
Памятаю, калі мы вызвалілі тую вёску, я, камандзір палка Плохаў, Гурвіч – сябар дзяцінства Юрыя, хутка пабывалі там. Хацелася самім даведацца ад жыхароў вёскі, паблізу якой ён зрабіў свой бессмяротны подзвіг. Марыя Лянічка добра памятае Юрыя. Ён жыў разам са сваімі сябрамі ў доме яе бацькоў. Зараз яна працуе медсястрой у вёсцы Шыічы. Многае нам расказалі аб іх жыхары вёскі Марфа Фёдараўна Кніга, Дзмітрый Віктаравіч Рагалевіч, Нічыпар Рыгоравіч Макушынскі. Гэта ў яго саду немцы пахавалі Юрыя”.
<…>Сябар дзяцінства, сябар па авіяцыйнаму вучылішчу, Герой Савецкага Саюза Сямён Ісакавіч Гурвіч, які зараз пражывае ў Свярдлоўску, успамінае: “Мы амаль заўсёды ляталі з Юрыем у пары на штурмоўкі. Часта камандзір палка Павел Герасімавіч Плохаў напамінаў нам:
— Глядзіце, арлы, у оба. Не забывайце аб загадзе.
Ведаеце, што за загад аддаў нямецкі генерал сваім асам? Што б там ні было узяць Юрыя жывым, прымусіць яго сесці на іх аэрадроме. Аб гэтым загадзе ведалі ўсе лётчыкі эскадрыллі.
<…> Сапраўды, варта было нам паявіцца ў паветры, як у эфіры раздаваліся трывожныя галасы немцаў:
— Ахтунг, ахтунг, Шлыкаў, Шлыкаў!”

Выпускнік Варонежскага аэраклуба Юрый Пятровіч Шлыкаў быў накіраваны ў Балашоўскае лётнае ваеннае вучылішча. На фронт малодшы лейтэнант трапіў у верасні 1942 г. Служыў у 431-ым штурмавым авіяцыйным палку 299-й Нежынскай штурмавой авіяцыйнай дывізіі.
За час баявых дзеянняў палка з 5.07.1943 г. па 1. 11.1943г. здзейсніў 72 паспяховых баявых вылетаў на самалёце ІЛ-2, у выніку чаго знішчыў 23 танкі, 47 аўтамашын, 9 гармат палявой артылерыі, 2 пантонныя лодкі, 4 кропкі загароджвальнага агню, адну мінамётную батарэю, два чыгуначных вагоны, адну самаходную пушку, 2 склады боепрыпасаў, звыш 300 чалавек жывой сілы праціўніка, у паветраных баях збіў адзін самалёт праціўніка самастойна і адзін у групавых баях.
За гэты перыяд Шлыкаў удзельнічаў у сямі паветраных баях. Двойчы быў падбіты. Сем разоў прыводзіў свой самалёт на аэрадром з вялікімі пашкоджаннямі.
У час Арлоўска-Курскай бітвы у раёне Паныроў, Крамы і ў баявых аперацыях па фарсіраваннірэк Дзясна, Днепр, Сож, Шлыкаў ажыццяўляў па 3-4 вылеты на дзень.
Не менш выдатна выконваў баявыя заданні герой і ў далейшым, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і двума ардэнамі Чырвонага Сцяга.
Апошні свой баявы вылет малодшы лейтэнант Шлыкаў здзейсніў 8 лютага 1944 г. Ішлі жаркія баі на Палессі. На адным з участкаў фронта трэба было вызначыць канцэнтрацыю нямецкіх танкаў. У раёне Кротава-Гарохава па дарозе рухалася вялізная калона варожых машын і бензавозаў. На яе і абрушыў свой удар лётчык-снайпер. Адзін, другі заход. І вось ужо некалькі варожых машын гарыць. Аднак і снарад праціўніка трапляе ў самалёт савецкага сокала. Машыну ахінае полымя. Часу на роздум няма. Юрый упэўненай рукой разварочвае палаючую машыну і накіроўвае яе ў скопішча варожай тэхнікі. Так варонежскі хлопец, вызваляючы калінкавіцкую зямлю, шагнуў у бессмяротнасць.
У памяць героя яго імем названы вуліцы ў Калінкавічах і Шыічах, яго імя носяць піянерскія дружыны і атрады, пярвічкі БРСМ.
… На некалькі месяцаў у 1944 г. пасля вызвалення вёскі Сухавіцкага сельсавета апынуліся ў прыфрантавой паласе. Іх жыхароў у адпаведнасці з Пастановай Калінкавіцкага раённага выканаўчага камітэта дэпутатаў працоўных і бюро Калінкавіцкага РК КП(б)Б ад 9 мая 1944 г. у мэтах бяспекі перасялілі ў аддаленыя ад фронта вёскі раёна. Так, жыхароў Сухавіч перасялілі ў Антонаўку, Шыіч — ў Смаглаў, Заполля – у Батракі (Дудзіцкага сельсавета), Туравіч – у Булаўкі, Гарохава – у Смалянку, дзе яны размяшчаліся да пачатку ваеннай аперацыі “Баграціён”.
А калі баявыя дзеянні рушылі далей ад Калінкавіцкага раёна, адсяленцы вярнуліся ў родныя хаты.

Узняцце з руін

Пасля вызвалення Калін-кавіцкага раёна ад акупантаў улада ад ваенных на вызваленай тэрыторыі ў хуткім часе перайшла да аднавіўшых паўсюдна органаў мясцовай партыйнай і савецкай улады, якія заняліся арганізацыяй узняцця з руін разбураных сельгасарцеляў і ўстаноў, наладжваннем мірнага жыцця і забеспячэннем патрэб фронта.
10 красавіка 1944 г. адбылося першае пасяджэнне сельвыканкама Сухавіцкага сельсавета, на якім акрамя яго старшыні Лянічкі і ўпаўнаважанага ЦК партыі Дунічава, прадстаўніка раённых улад Рудзені, прысутнічала 20 чалавек мясцовага актыву.
На парадак дня вынеслі два пытанні: “Падрыхтоўка да веснавой сяўбы і збор насення” і “Аб шпіталізацыі”.
Старшыня калгаса “Бальшавік Палесся” (в. Шыічы) Адам Палазнік праінфармаваў, што для веснавой сяўбы па вёсцы сабралі 77 цэнтнераў збожжа. Бульба яшчэ не засыпана. На палі, якія размеркаваны між брыгадамі, вывезена 750 вазоў гною.
Яго калега з калгаса “Чырвоная Дуброва” (в. Туравічы) Яўхім Говар паведаміў, што ў калгасе з цяглавай сілы ёсць 15 коней, спраўны інвентар, сабрана 39 цэнтнераў насення збожжа, бульбу яшчэ не сабіралі.
Старшыня калгаса імя Кірава (в. Заполле) Рыгор Дзегалевіч далажыў, што ў іх сабрана 50 цэнтнераў насення збожжа, інвентар да сяўбы адрамантаваны, цяглавая сіла і бульба яшчэ не сабраны.
А галава калгаса “Чырвоная Змена” (в. Сухавічы) Дзяніс Отчык паведаміў, што яны сабралі 27,7 цэнтнера насення збожжа. На палі вывезена 60 вазоў гною, інвентар падрыхтаваны. У наяўнасці ёсць 13 коней.
Старшыня калгаса “Чырвоны пралетарый” (в.Гарохаў) Панфіл Мельнік у сваю чаргу праінфармаваў, што ў іх гаспадарцы таксама сабралі 16 цэнтнераў насення яравых, а на палі вывезена 150 вазоў гною.
Абмяркоўваючы склаўшуюся сітуацыю, старшыня сельсавета Лянічка адзначыў, што насення ў калгасах сабрана недастаткова, цяглавая сіла не абагулена, корм для коней не падрыхтаваны, гной на палі вывозіцца слаба, ды і інвентар да веснавых работ падрыхтаваны не ўвесь.
Прадстаўнік раёна пад-трымаў старшыню сельсавета і дадаў, што працоўная дысцыпліна калгаснікаў жадае шмат лепшага.
Па другім пытанні слухалі паведамленне ўрача Быкавай, якая зазначыла, што па вёс-ках сельсавета шмат хворых з сыпным тыфам, але яны ў Сухавіцкую бальніцу звозяцца слаба. Ізалятары ў калгасах не працуюць.
Сельвыканкам прыняў па-станову, якой абавязаў мабі-лізаваць усе сілы для збору насення і засыпкі яго ў калгасныя свірны да 15 красавіка. Да гэтай жа даты ўсе коні павінны былі быць пастаўлены ў калгасныя канюшні і для іх падрыхтаваны корм. Кожная гаспадарка павінна была аднавіць работу лазняў і ізалятараў для хворых. Медработнікі павінны былі рабіць штодзённыя падворныя абходы па хатах вёсак з мэтай выяўлення захварэўшых на тыф. (ЗДАМ, ф.1084, воп.1, спр.5, л.1).
Аднак, нягледзячы на прынятую пастанову, разварушыць людзей пасля вайны на строгую дысцыпліну было не так проста. Ужо на чарговым пасяджэнні сельвыканкама Сухавіцкага сельсавета, якое адбылося 4 мая, яго члены канстатавалі, што ў калгасе “Бальшавік Палесся” пасеяна ўсяго 21,25 га ранніх яравых, у “Чырвонай Змене” – 16,6 га, у “Чырвонай Дуброве”-15 га, у калгасе імя Кірава -18,25 га, у “Чырвоным пралетарыі” – 8,36 га.
Як адзначыў на гэтым пасяджэнні ўпаўнаважаны ЦК Рамашэнка, “… сяўба ў калгасах сельсавета ідзе вельмі марудна. Праўленні калгасаў, а таксама брыгадзіры дрэнна арганізавалі ход пасяўных работ. Працаваць так, як зараз працуюць кіраўнікі калгасаў, – немагчыма”.
Размова на пасяджэнні пай-шла аб неабходнасці падтрымаць ударнай працай баявыя намаганні чырвоных байцоў на франтах Вялікай Айчыннай вайны і завяршыць сяўбу да 10 мая.
Тут жа было разгледжана пытанне аб добраахвотнай падпісцы на 3-ці дзяржаўны Ваенны займ для хутчэйшай перамогі над нямецка-фашысцкімі акупантамі. На Сухавіцкі сельскі савет было даведзена заданне аб 100-працэнтнай падпісцы ўсіх яго працаўнікоў на агульную суму 65 000 рублёў. Падпіску трэба было завяршыць да 6 мая. (ЗДАМ, ф.1084, воп.1, спр.5, л.2).
Глыбокай восенню 1944 г., а дакладней, у адпаведнасці з Пастановай райвыканкама савета дэпутатаў працоўных і РК КП(б)Б ад 28 лістапада, Сухавіцкаму сельсавету было даведзена заданне аб рассяленні беларускага насельніцтва, эвакуіраванага з Польшчы. Трэба было прыняць 60 сямей: пасяліць, абагрэць, накарміць, забяспечыць працай.
У 1944-45 гг. аднаўленнем разбураных гаспадарак, сяўбой ды ўборкай збажыны і іншых сельскагаспадарчых культур, нарыхтоўкай кармоў прый-шлося займацца ў асноўным жанчынам ды падлеткам. З мужчын – толькі старыя ды інваліды, вызваленыя ад вайсковай службы з-за цяжкіх раненняў і калецтва. Вось, напрыклад, якім было становішча спраў у перыяд сенакосу ў калгасе “Бальшавік Палесся” у ліпені 1944 г. “ План сенакашэння – 315 га, скошана 27 га, убрана 17 га, — дакладваў 16 ліпеня на пасяджэнні Сухавіцкага сельвыканкама старшыня калгаса Адам Палазнік. – Рабочых мужчын і падлеткаў – 20 чалавек. У калгасе ёсць 10 звенняў. Даведзены план уборкі на кожную жанчыну. Працаздольных жанчын — 150, сярпоў — 100. Цяглавая сіла слабая, усяго 12 рабочых коней. Інвентар дрэнны. Ёсць 7 спраўных вазоў. Ёсць адна малацілка. Ёсць адно спраўнае гумно і два, якія патрабуюць рамонту”.
Не лепш выглядалі справы і ў “Чырвонай Змене”. Як паведаміў на тым жа пасяджэнні сельвыканкама старшыня гэтага калгаса Дзяніс Отчык: “План сенакашэння ў гаспадарцы складаў 189 га. Касіць пачалі 7 ліпеня. Скасілі ўсяго 17 га, убралі толькі 7. Рабочых мужчын і падлеткаў – 27 чалавек. Ёсць 116 працаздольных жанчын. З цяглавай сілы толькі 10 коней. І гумно, і свіран патрабуюць рамонту. Малацілкі ў гаспадарцы няма”. (ЗДАМ, ф.1084, воп.1, спр.5, лл.3-8).
І хаця калгаснікаў і іх кіраўніцтва розныя ўпаўна-важаныя абзывалі ледзь не гультаямі, якія не ведаюць, што такое працоўная дысцыпліна, сяляне, сцяўшы зубы, працавалі на калгасных палетках і сенажацях, цёмначы – на сваіх агародах, а яшчэ выкрайвалі час, каб талакой рамантаваць Сухавіцкую школу, выконваць план лесанарыхтовак, даваць сваіх людзей на работы ў гарады па разнарадцы, якую спускалі што ні дзень зверху, выконваць заданні па хлебаздачы. І не проста выконваць, а ў ліку першых.
Напрыклад, 13 верасня 1945 г. раённая газета “За большэвіцкія тэмпы” паведамляла:
“9 верасня па ўсяму раёну прайшоў нядзельнік па здачы хлеба дзяржаве. У большасьці калгасаў раёна былі арганізаваны “чырвоныя абозы”, якія ўпрыгожаныя сцягамі, партрэтамі і лозун-гамі прывозілі збожжа на нарыхтоўчыя пункты.
Першымі прыехалі “чырвоныя” абозы калгасаў Анто-наўскага сельсавета, якія прывязлі 420 пудоў добраякаснага хлеба, 456 пудоў збожжа прывезлі калгасы Сухавіцкага сельсавета”.
Крыху лягчэй у пасляваенных калгасных вёсках стала праз два гады, калі з франтоў, эвакуацыі і з Нямеччыны, куды былі ўгнаны на нявольніцкую працу, вярнуліся да родных хат іх гаспадары.
У 1946 г. па Шыіцкаму сельсавету налічвалася 595 двароў і 2181 жыхар. У разрэзе вёсак гэта выглядала наступным чынам: у Шыічах было 186 двароў, на якіх пражывалі 709 чалавек (272 мужчыны і 437 жанчын); у Сухавічах – 109 двароў і 384 жыхары (135 мужчын і 249 жанчын); у Заполлі – 96 двароў і 365 жыхароў (141 мужчына і 224 жанчыны); у Туравічах – 137 двароў і 485 жыхароў ( 186 мужчын і і 299 жанчын); у Гарохаве – 67 двароў і 238 жыхароў 96 мужчын і 142 жанчыны). (ЗДАМ, ф.1084, воп.1, спр.12, л.24).
Восенню 1944 г. у Сухавіцкім сельсавеце змяніўся старшыня. Ім стаў А. Змушка, а членамі сельвыканкама: Іван Шэнька, Адам Рыкоўскі, Раман Бандарчук, Бойка і Кужэлка Л.Т. (ЗДАМ, ф.1084, воп.1, спр.5, лл.12). Яны займаліся рашэннем тых жа насутных спраў, што і іх папярэднікі: арганізацыяй сельскагаспадарчых работ; рамонту Туравіцкага паравога млына; школ, якія былі ў Шыічах, Сухавічах і Туравічах; кругласутачнай аховы калгаснага дабра; святаў, прысвечаных чарговым гадавінам Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першамая; масавага навучання насельніцтва супрацьпаветранай і супрацьхімічнай абароне і г.д.
30 лістапада 1944г. на сходзе актыву Сухавіцкага сельвыканкама ў прысутнасці ўпаўнаважанага Калінкавіцкага РК КПБ(б) Дзядка былі створаны камісіі па ўстанаўленні шкоды, якую прычынілі гітлераўцы на тэрыторыі Сухавіцкага сельсавета пад час акупацыі. Так, па Шыічах у склад камісіі ўвайшлі: Палазнік Ульяна Б., Палазнік Насця, Чарняўская Марыя, Купчык Марыя, Кулыба, Вінакур Ганна С., Палазнік Адам І. Па Сухавічах: Рыкоўскі А.І., Рудзеня Марыя Вас., Кужэлка Кузьма Ад., дырэктар Сухавіцкай НСШ Кажамякін Іван Дзмітравіч, Отчык Дзяніс, Отчык Карп Пятровіч. (ЗДАМ, ф.1084, воп.1,спр.5,л. 31).
У першыя пасляваенныя гады кіраўніцтва Сухавіцкага сельскага Савета змянялася даволі часта. Так, у студзені 1945 г. саветам камандаваў Змушка Аляксандр М., а з лютага гэтага ж года – ужо Маскаленка Пётр Данілавіч. У першай палове 1946 г. яго ўзначальваў Саланін Герасім, а ў другой – ужо Скібар У.А. У 1947 г. сельсавет узначаліў Бубін Ф.В.
Незмяняемым заставаўся сакратар сельсавета Канаш Уладзімір Раманавіч.
Часта змяняліся і рахункаводы. На гэтай пасадзе сілы свае спрабавалі: Палазнік Юзя, затым Палазнік Алена і Кужэлка Кузьма Ад.
У 1948 г. старшынёй Суха-віцкага сельсавета стаў працаваць Рудзеня Еўдакім Сідаравіч, сакратаром – Канаш Уладзімір, рахункаводам –Мельнік Васіль Карпавіч.
Загадчыкам Сухавіцкай хатні-чытальні ў гэты час з’яўляўся Канавалаў Аляксей Трахімавіч.
У 1949 г. у Сухавічах адбыліся некаторыя кадравыя змены. Сакратар сельсавета Канаш Уладзімір стаў старшынёй сельсавета. Канавалаў Аляксей – сакратаром, а Рудзеня Еўдакім пачаў загадваць хатай-чытальняй. Рахункаводам у сельсавеце стала працаваць Палазнік Наталля П.
У Сухавіцкай школе ў пасляваенны час было шмат бескватэрных настаўнікаў. І сельскі савет выплочваў ім так званыя кватэрныя. У ліку атрымальнікаў кватэрных былі Салуян Іван Раманавіч, Говар Параска Адамаўна, Аверчанка Марыя Фамінічна, Садольскі Франц, Садольская Вольга Я., Змушка Цярэнцій, Кірыленка Аляксандр Антонавіч, Данчанка Алена, Дзенісенка В. Штомесячна настаўнікам плацілі па 20 руб. кватэрных.
Загадчыцай Сухавіцкага медпункта была Старавойтава К.А., якую прыслалі на змену Чарняўскай Марыі. Пад іх кіраўніцтвам працавалі акушэрка Панфіловіч А.А. і санітарка Мельнік Параска. Старавойтава таксама, як і многія настаўнікі, здымала кут у кагосьці з жыхароў Шыіч.
У 1950 г. па ўсёй Беларусі пачалося узбуйненне сельскагас-падарчых прадпрыемстваў. Не мінуў гэты працэс і Сухавіцкага сельсавета. Калінкавіцкі райвыканкам 17 чэрвеня 1950 г. прымае рашэнне № 385, згодна якому адбываецца аб’яднанне двух сельгасарцеляў (“Чырвоная змена” і імя Кірава), што знаходзіліся ў Сухавічах і Заполлі, у адзін калгас пад назвай імя Кірава з цэнтрам у в.Сухавічы.
У гэты ж дзень райвыканкам прымае і рашэнне № 387 аб аб’яднанні сельгасарцеляў “Чырвоны пралетарый” і “Чырвоная Дуброва” у адзін калгас пад назвай “Чырвоная дуброва” з цэнтрам у Туравічах.
А ўжо 31 жніўня 1950 г. Калінкавіцкі райвыканкам, улічваючы пажаданні калгаснікаў і з мэтай далейшага росту грамадскай калгаснай вытворчасці і шырокага ўкаранення буйной машыннай тэхнікі, прымае рашэнне № 531, у адпаведнасці з якім калгасы “Чырвоная Дуброва” , “Бальшавік Палесся” і імя Кірава аб’ядноўваюцца ў адзін узбуйнёны калгас пад назвай імя Кірава з цэнтрам у в. Сухавічы. Старшынёй аб’яднанага калгаса быў выбраны Рыгор Дзегілевіч, якога затым змянялі М.П. Купчык, М.В. Штэфан.
У 50-я гады на Палессі пачалася актыўная работа па паляпшэнні зямель. Вось што паведамляла на гэты конт калінкавіцкая раёнка:
“Калгаснікі раёна горача адгукнуліся на пастанову ЦК КП(б)Б і рашуча ўзяліся за паляпшэнне зямель, замацаваных за калгасамі навечна. У калгасе імя Молатава ачышчана ад хмызняку і каменняў сенакосных угоддзяў 80 га, у калгасах “Перамога”, “Чырвоны кастрычнік”, імя Кірава Сухавіцкага сельсавета па 30-40 га”. (Газета “За большэвіцкія тэмпы”, 4 студзеня 1951 г.).
Праўда, праз пяць гадоў калгаснікі аб’яднанай гаспадаркі імя Кірава вырашылі, што меншым гуртам жыць лепш, і 12 лютага 1955 г. на агульным калгасным сходзе прынялі рашэнне аб раздзеле калгаса імя Кірава на дзве гаспадаркі: імя Хрушчова ( з 1958 г. “Бальшавік”), у які ўвайшлі населеныя пункты: Сухавічы, Заполле і Туравічы, і імя Булганіна (з 1957 г. “Звязда”), у які ўвайшлі вёскі: Шыічы і Гарохава. Калгас імя Хрушчова ўзначаліў М.В.Штэфан, а калгас імя Булганіна – Шчэрбін.
Раённы выканаўчы камітэт падтрымаў калгаснікаў і 22 лютага 1955 г. прыняў адпаведнае рашэнне райвыканкама № 68: цэнтр калгаса імя Хрушчова размясціўся ў Сухавічах, імя Булганіна – у Шыічах.(ЗДАМ, ф.1078, воп.1, спр.1, лл.9-10).
Вось што пісаў аб стане спраў у гаспадарцы ў пачатку 1960 г. на старонках калінкавіцкай раёнкі старшыня калгаса “Звязда” М.Палазнік:
“У мінулым годзе наш калгас не ажыццявіў свае абавязацельствы па павелічэнні вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі. Асаблівае адставанне мела месца ў вытворчасці малака і мяса. Дастаткова сказаць, што на 100 гектараў сельгасугоддзяў было атрымана ўсяго па 67, 7 цэнтнераў малака і па 12,1 цэнтнера мяса.
<…> Трэба адзначыць, што зімоўку мы праводзім больш арганізавана, чым летась. На стойлавы перыяд у нас нарыхтавана куды больш кукурузнага сіласу, грубых кармоў. У суткі кожнай карове скармліваем па 4-6 кілаграмаў сена, 7 кілаграмаў саломы і не менш 20 кілаграмаў кукурузнага сіласу. Паляпшэнне догляду дойнага статку дае свае вынікі. Так, напрыклад, калі ў студзені мінулага года было атрымана 2517 кілаграмаў малака, то сёлета ад такой жа колькасці кароў надоена 3860 кілаграмаў малака.
<…> Для далейшага паляпшэння ўтрымання растучага пагалоўя калгас сёлета ўзводзіць новыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Неўзабаве пачнем будаўніцтва тыповага кароўніка, свінарніка.
<…> З кожным днём узмацняюцца тэмпы нарыхтоўкі і вывазкі гною і торфу. Толькі пад кукурузу вывезена больш 200 тон гною і да 1000 тон торфу”.
Зусім іншую карціну заў-важыла рэйдавая брыгада, якая наведала суседнюю гаспадарку – калгас “Бальшавік”:
“Аб якіх надоях можна весці размову ў калгасе “Бальшавік” Сухавіцкага сельсавета, калі дойныя каровы атрымоўваюць у суткі толькі па 4 кілаграмы сена і столькі ж саломы. У першай комплекснай брыгадзе, якую ўзначальвае Фёдар Даманчук, раней скармлівалі па 8 кілаграмаў сіласу на галаву, а зараз і гэтага не даюць. Сіласу ў брыгадзе ёсць яшчэ 90 тон, але дзіўна, — няма каму адкрыць траншэі…
Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што ад каровы ў суткі атрымліваюць усяго па паўлітра малака. Так, ад 115 дойных кароў надойваюць 50-60 кілаграмаў малака.
<…> Рэйдавая брыгада пабывала на ўсіх жывёлагадоўчых фермах. Трэба адзначыць, што ні ў адной комплекснай брыгадзе няма добрага жывёлагадоўчага памяшкання. Усе яны старыя, дрэнна прыстасаваныя для ўтрымання жывёлы. Большасць памяшканняў стаіць на падпорках…
<…> Сельгасарцель мае ўсе магчымасці ўзвесці дабротныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Тут ёсць свой лес, піларама, цыркулярка. Трэба толькі старшыні калгаса тав. Козінцаву па-сур’ёзнаму ўзяцца за гэтую справу”. (Газета “Сцяг камунізма”. 2 лютага 1960 г.).
У хуткім часе пасля гэтага калгасы “Звязда” і “Бальшавік” зноў аб’ядналіся ў адзіны калгас “Бальшавік” з цэнтрам у в. Сухавічы. А 7 сакавіка 1960 г. калгас “Бальшавік” быў уключаны ў склад толькі што створанага саўгаса “Азарычы”. Праз год — 12 сакавіка 1961 г.- яго перадалі саўгасу “Дудзічы”.
3 лютага 1966 г. у выніку разузбуйнення саўгаса “Дудзічы”, утварыўся саўгас “Ненач”. У яго ўвайшлі ўсе вёскі Сухавіцкага сельсавета: Гарохава, Заполле, Сухавічы, Туравічы і Шыічы. Цэнтр саўгаса размясціўся ў в. Шыічы. Дырэктарам саўгаса “Ненач” прызначылі нядаўняга галоўнага агранома саўгаса “Дудзічы” Пятра Рыгоравіча Мацвеенка. Жыхары вёсак дагэтуль з удзячнасцю успамінаюць імя гэтага кіраўніка. Менавіта пры ім у саўгасе адбыліся маштабныя пабудовы, пачалі зай-мацца агародніцтвам. Менавіта ў час яго кіравання шэраг рабочых саўгаса атрымалі высокія ўрадавыя ўзнагароды.

Напрыклад, у 1971 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга быў узнагароджан брыгадзір саўгаса Яўсеенка Навум Мацвеевіч.
У 1973 г. — ордэнам “Знак Пашаны” – рабочая саўгаса Шуляк Надзея Пятроўна і медалём “За працоўную адзнаку” – даярка Палазнік Таццяна Гаўрылаўна.
У 1975 г. ордэна “Знак Пашаны” удастоіўся трактарыст Мельнік Аляксандр Карпавіч.
У 1977 г. былі ўзна-гароджаны: ордэнам Працоў-нага Чырвонага Сцяга даглядчык жывёлы Новік Антон Паўлавіч, ордэнам “Знак Пашаны” каваль Отчык Міхаіл Дзянісавіч, медалём “За працоўную адзнаку” даярка Агароднік Надзея Сяргееўна.
Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга была адзначана плённая праца саўгаснага шафёра Отчыка Уладзіміра Цімафеевіча, медалём “За працоўную доблесць” – Скібар Аляксандры Рыгораўны.
У 1986 г. ордэна “Знак Пашаны” удастоілася даярка Бандарэнка Тамара Сяргееўна, медаля “За працоўную доблесць” — цялятніца Палазнік Вольга Аляксееўна.
Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў 1988 г. быў узнагароджаны трактарыст саўгаса Отчык Іван Васільевіч.
Пасля Мацвеенкі гаспадаркай кіравалі: з 1980 па 1997 гг. — Мікалай Міхайлавіч Банчук, з 1997 па 2000 — Іван Васільевіч Яртыкоў, з 2000 па 2002 — Павел Уладзіміравіч Пархуціч, з 2002 г. — Кацярына Сямёнаўна Яртыкова.
У 1986 г. саўгас “Ненач” і вёска Шыічы прынялі да сябе 110 сямей перасяленцаў з Хойніцкага раёна пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Сёння ААТ “Неначскае” з’яўляецца правапераемнікам Аграгандлёвай фірмы “Ненач”, міжгаспадарчага прадпрыемства па вытворчасці кармоў “Рудня”, якое было створана ў 1980 г. на базе блізляжачых зямель калгаса “Шлях Леніна” (в. Гарбавічы) і Палескага саўгаса-тэхнікума.
Аграгандлёвая фірма “Ненач” утварылася ў 1988г. на базе саўгаса “Ненач” і Калінкавіцкага рознічна-аптовага плода-агародніннага прадпрыемства (агародніннай базы).
У 1993 г. рашэннем Ка-лінкавіцкага райвыканкама кормапрадпрыемства “Рудня” было ператворана ў саўгас “Беларусь”. А ў красавіку 2000 г. да гэтага саўгаса была далучана падсобная гаспадарка раённага аб’яднання “Райсельгасхімія”, у маі 2001 г. – брыгада № 2 калгаса “Ленінская іскра” (в.Якімавічы).
У чэрвені 2000 г. па рашэнні Калінкавіцкага райвыканкама ад 23.06.2000 г. № 504 на базе аграфірмы “Ненач” ствараецца камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства (КСУП) “Ненач”.
З мэтай павелічэння вытворчасці валавай прадукцыі, павышэння рэнтабельнасці сельскагаспадарчай дзейнасці, удасканалення арганізацыйнай структуры прадпрыемства рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама № 217 ад 5 сакавіка 2009 г. КСУП “Ненач” было далучана да КСУП “Саўгас “Беларусь”, а аддзяленне Міх-навічы было перададзена сельгасфіліялу Калінкавіцкага рамонтна-механічнага завода (сёння – ПСУП “Якімавічы-агра”).
Сельгаспрадпрыемства ад гэтага часу значна пашырыла свае межы. Агульная зямельная плошча ААТ “Неначскае” складае 7152 га. За прадпрыемствам замацавана 6210 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 5119 га ворнай зямлі. Бал сельскагаспадарчых угоддзяў 27,1, ворыва – 25,0.
Вытворчы напрамак ААТ “Неначскае” – мяса-малочны. Аснову вытворчага патэнцыяла складаюць жывёлагадоўчы комплекс на 600 галоў, пабудаваны па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 6 малочна-таварных ферм, на якіх утрымліваецца 2226 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 824 каровы.

Настаўнікі

У 1944 г. заняткі ў Сухавіцкай сямігодцы аднавіліся. Дырэктарам школы спачатку быў упамянуты вышэй Кажамякін, а з 1945 г. — Цурко Іван Андрэеевіч, які працаваў на гэтай пасадзе да 1950 года. Настаўнікамі былі Палазнік Міхаіл Сяргеевіч, Кужэлка Аляксандр Антонавіч, Харланчук Вера Аляксееўна, Бандарчук Яфім Рыгоравіч і інш.

У 1950 г. Сухавіцкая сямігодка была рэарганізавана ў сярэднюю школу. Дырэктарам яе быў Казакевіч Сцяпан Францавіч. Так як Сухавіцкая школа была адзінай сярэдняй школай у акрузе, то сюды за атрыманнем атэстата сталасці хадзілі вучні з Каплічаў, Варатына і іншых вёсак аж да 1959 г.
Школьнікі займаліся ў дзве змены. Электрычнасці не было, асвятлялі школу газніцамі, ацяпленне было пячным. Але ў навучальнай установе заўжды было людна, шумна і весела, праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў.
І гэта ўсё дзякуючы энтузіязму настаўнікаў, асабліва тых, хто выйшаў са сцен роднай школы, набыў патрэбныя веды, атрымаў дыплом настаўніка, вярнуўся ў родную вёску. Такіх як, напрыклад, Дарошкіна Вольга Давыдаўна, Купчык Аляксей Іванавіч, Купчык Надзея Рыгораўна, Кужэлка Надзея Рыгораўна, Вінакур Васіль Арцёмавіч, Палазнік Міхаіл Сяргеевіч, Мельнік Пётр Назаравіч, Мельнікаў Іван Карпавіч, а за імі і больш маладое пакаленне: Мельнікаў Пётр Панфілавіч, Каляда Васіль Якаўлевіч, Андрачык Любоў Сцяпанаўна, Чарняўскі Міхаіл Рыгоравіч, Чарняўская Ніна Васільеўна.

У 1951 г. Сухавіцкую сярэднюю школу перавялі ў Шыічы, а ў 1958 г. яна была перайменавана з Сухавіцкай у Шыіцкую.
Шмат выдатных педагогаў працавала ў Сухавіцкай — Шыіцкай школе. Адным з такіх яркіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, як кажуць, старой гвардыі, быў настаўнік фізікі, шматгадовы завуч школы Мельнік Міхаіл Міхайлавіч, які нарадзіўся ў 1929 г. Закончыў Гомельскі педінстытут. З 1953 па 1979 гг. працаваў у Сухавіцкай школе. У 1969 г. рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ён за актыўную вытворчую і грамадскую работу і ў сувязі з 50-годдзем Беларускай ССР і Камуністычнай партыі Беларусі быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай Беларусі таго часу – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

“Міхаіл Міхайлавіч вучыў мяне, калі я яшчэ была вучаніцай школы, ён жа працаваў заву-чам, калі я прыйшла ў школу ў якасці настаўніцы”, — успамінае сёння жыхарка Шыіч, адна са старэйшых педагогаў Сухавіцка-Шыіцкай школы Чарняўская Ніна Васільеўна.
Пра жыццё гэтай настаўніцы можна напісаць асобны раман. Бацьку яе Палазніка Васіля Фаміча ў 30-я гады рэпрэсіравалі як кулака і выслалі разам з сям’ёй у Усць-Усінск Комі ССР. Яго жонка ад першага шлюбу няўдала ўпала з высокай печы і, ударыўшыся галавой, памерла. Трое сыноў ужо былі дарослымі і жылі асобна. Бацька ў ссылку накіраваўся з аднавяскоўкай Палазнік Аксінняй Іванаўнай. Сыны маглі не ехаць з бацькам. Так ім сказалі прадстаўнікі органаў. Але яны паехалі за ім. Там, на Поўначы, у 1942 г. і нарадзілася Ніна Васільеўна, а праз нейкі час і яе малодшы брат Міхаіл. Старэйшага брата Валодзю ў 1943 г. прызвалі на фронт. Служыў шыіцкі хлопец у 282-ім мінамётным палку 32-й мінамётнай Чырвонасцяжнай ардэна Кутузава брыгады 22-й артылерыйскай Гомельскай Чырвонасцяжнай ардэноў Сувораву і Кутузава дывізіі прарыву рэзерву Вярхоўнага камандавання. Ваяваў чырвонаармеец Уладзімір Палазнік не на страх, а на сумленне, аб чым сведчаць ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”, што ўпрыгожылі яго грудзі да дня Перамогі.
Калі пасля вайны бацьку рэабілітавалі, Палазнікі адразу ж намерыліся вярнуцца ў родныя Шыічы, але мясцовыя ўлады не хацелі аддаваць іх хату і маёмасць. Тады франтавік Уладзімір Палазнік напісаў у Маскву на імя Сталіна пісьмо аб гэтым. Не ведае Ніна Васільеўна, ці дайшло тое пісьмо да “правадыра ўсіх народаў”, але хату і маёмасць яе бацькам хутка вярнулі.
“Бацька, знявечаны цяжкімі выпрабаваннямі, што выпалі на яго лёс, не тое што працаваць, хадзіць без валідолу не мог, — расказвае далей Ніна Васільеўна. — Маці працавала ў калгасе. Мы з братам пайшлі ў мясцовую школу. Было вельмі цяжка жыць. Але ж, закончыла школу і паступіла ў Мазырскі дзяржпедінстытут на фізіка-матэматычны факультэт.
Брат пасля 7 класаў паехаў у Кіеўскі геолага-разведачны тэхнікум. Пасля яго заканчэння абаснаваўся ў Сібіры, стварыў сям’ю і назаўжды застаўся там. Вось ужо колькі гадоў як ён пайшоў з жыцця, — успамінае Ніна Чарняўская. — Год я адпрацавала ў Гарочычах. А мой Чарняўскі Міхаіл Рыгоравіч (ён ураджэнец Шыіч і таксама выпускнік Мазырскага педінстытута, дзе закончыў факультэт фізікі і агульна-тэхнічных дысцыплін) ужо 5 гадоў выкладаў фізіку ў Шылавічах.
У 1964 г. мы пажаніліся і пачалі працаваць у Сухавіцкай дзесяцігодцы.

Памятаю, яшчэ як была школьніцай, дырэктарам школы быў ураджэнец Сухавіч Загарэй А.В. Пасля школай кіравалі гісторыкі Гарэлік Фелікс Захаравіч і Мельнік Пётр Панфілавіч. Мельнік быў з шыіцкіх хлопцаў. А яго жонка Леакадзія выкладала геаграфію. Затым школай кіравалі: Каляда Васіль Якаўлевіч, Бартохаў Павел Яфімавіч, Лобач Эдуард Баляслававіч, Мазейка Валянціна Васільеўна, Бяляўскі Уладзімір Іванавіч, Іванін Канстанцін Іванавіч, Хабічаў Алег Анатольевіч, Бандарэнка Васіліна Пятроўна, Шпак Вольга Максімаўна.
Па-майму меркаванні, Вольга Максімаўна па свайму прафесіяналізму, дасведчанасці і творчаму патэнцыялу была адным з лепшых кіраўнікоў і педагогаў Сухавіцка-Шыіцкай школы.
Да скону дзён не забуду сваю першую настаўніцу Купчык Надзею Рыгораўну. Яна была з шыіцкіх, як і яе муж Купчык Аляксей Іванавіч, які таксама быў педагогам і загадваў Сухавіцкай пачатковай школай. Іх дзядька, Купчык Васіль Піліпавіч, таксама быў педагогам. У 70-80-я гады ён быў старшынёй Калінкавіцкага райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі. А яго брат Мікалай таксама быў педагогам, ён выкладаў фізіку ў СШ № 3 г. Калінкавічы.
Ураджэнка Сухавіч Кужэлка Надзея Рыгораўна ў Сухавіцкай дзесяцігодцы вяла рус-кую мову і літаратуру. Ураджэнец Шыіч Мельнік Пётр Назаравіч выкладаў геаграфію, прыродазнаўства, асновы дар-вінізму. Матэматыку ў нас выкладаў Шчэрбін Валянцін Сямёнавіч. Ён вучыў мяне матэматыцы школьніцай, затым вучыў выкладаць матэматыку, калі я стала настаўніцай.

Мой сын Аляксандр закончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, працуе ветурачом на Калінкавіцкім мясакамбінаце. Сярэдні сын закончыў Ленінградскі рачны тэхнікум, але затым змяніў прафесію, працуе вадзіцелем у Мазыры. Малодшы Сяргей закончыў фізмат Мазырскага педінстытута, зараз працуе ў ААТ “Неначскае”. Мужа ўжо няма на гэтым свеце”.
Калектыў Сухавіцкай школы не толькі імкнуўся навучыць дзяцей грамаце, выхаваць сапраўднымі людзьмі, здольнымі сумленна жыць, але і выхоўваў іх у працы, здольнымі ствараць прыгажосць. На тэрыторыі школьнага двара былі высаджаны кляновыя і ліпавыя алеі, пасаджаны цудоўны сад, які рос, цягнуўся ўвысь за сваімі садоўнікамі, доўгі час радаваў кожную вясну сваім уборам у час цвіцення, а ўлетку і восенню румянымі, смачнымі яблыкамі, грушамі, чарэшнямі, слівамі і вішнямі. Сёння няма ўжо таго будынка школы, але сад яшчэ захаваўся і дорыць плады людзям, што жывуць па суседству з ім.
Час ішоў, вёска развівалася, нараджалася і падрастала многа дзяцей, і будынак старой школы ўжо не мог задаволіць патрэбы вёсак у колькасці вучнёўскіх месцаў. Паўстала пытанне аб узвядзенні новага будынка школы.
У 1970 г. у школу дырэктарам быў прызначаны Бартохаў Павел Яфімавіч. Дзякуючы яго намаганням, пры падтрымцы былога загадчыка Калінкавіцкага раённага аддзела адукацыі Цеслюка Мікалая Сямёнавіча, пытанне аб будаўніцтве школы было вырашана станоўча.
Месцам для будаўніцтва новай школы абралі былую панскую сядзібу, якраз на гэтым месцы, дзе стаіць зараз школа, быў панскі сад.
У кастрычніку 1971 года адбылося перасяленне ў новую школу: радасці і шчасцю не было канца.
Прасторная, светлая школа, каналізацыя, вадаправод, ва-дзяное ацяпленне, электрычнае асвятленне — чаго лепшага маглі жадаць вучні і настаўнікі. Сведкі той урачыстасці, што праходзіла з нагоды перасялення ў новую школу, памятаюць, з якім радасным настроем пераступілі парог новай школы і пачалі ладзіць свой быт па-новаму.
Заняткі ў школе былі ўжо ў адну змену. Усю сваю душу, вопыт, мудрасць аддаў на ўладкаванне быту тагачасны дырэктар Павел Бартохаў. Ён жыў школай, яна была для яго ўсім: месцам яго працы, яго сям’ёй, яго шчасцем і горыччу. Многае было зроблена ў школе пад яго кіраўніцтвам і самае значнае на той час — афармленне і адкрыццё музея імя У.І.Леніна.

На жаль, у 1976-77 гг. музей быў ліквідаваны і праца многіх людзей была знішчана дашчэнту.
У 1988 г. у Шыічах быў узведзены будынак сучаснага дзіцячага сада.
У 1993 г. пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара школы Шпак Вольгі Максімаўны ў навучальнай установе быў адкрыты музей народнага мастацтва. А ў 1999 г. па яе ж ініцыятыве пры школе пасаджаны яблыневы сад і кусты айвы.
Вольга Шпак нарадзілася ў Ямным. А 10 лістапада 1971 г. прыйшла на працу ў Шыіцкую сярэднюю школу. У Шыічах нарадзілася яе маці, тут жылі яе продкі. Да Шыічаў яна паспела папрацаваць у Ямнаўскай пачатковай, Савіцкай сярэдняй і Якімавіцкай васьмігадовай школах. Закончыла філалагічнае аддзяленне Мазырскага педінстытута. У Шыіцкай школе прайшла шлях ад піянерважатай да дырэктара школы. Выкладала беларускую мову і літаратуру.
Вось што паведаміла мне пра Шыіцкую школу яна сама:

“Яшчэ да вайны ў Шыічах працаваў настаўнікам Мельнік Іван Карпавіч. На фронце ён быў цяжка паранены, вярнуўся з вайны інвалідам.
Яго сын Міхаіл скончыў Харкаўскі авіяцыйны інстытут, працуе на Мінскім авіязаводзе.

Сын Віктар, 1952 года нараджэння, таксама жыве і працуе ў Мінску. Ён – начальнік службы навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічнага і радыяцыйна-экалагічнага ма-ніторынга і фондаў дадзеных Бел-гідрамета.
У даваенны час настаўнічаў у Шыіцкай школе і Палазнік Міхаіл Сяргеевіч, 1911 г. н. Ён выкладаў гісторыю. А ў ліхую гадзіну ваяваў з фашыстамі ў партызанскім атрадзе ў Жыткавіцкім раёне, быў паранены.
Пасля вайны скончыў педвучылішча, потым завочна істытут, гістарычны факультэт, працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў роднай школе.

Быў, праўда, невялікі перапынак у яго настаўніцкай дзейнасці — яго выбралі старшынёй мясцовага калгаса — але праз нейкі час ён зноў вярнуўся ў школу. На пенсію пайшоў ужо са сцен новай школы.
Да вайны скончыў мясцовую сямігодку і ўраджэнец Шыічаў Мельнік Пётр Назаравіч. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён змагаўся на фронце з фашыстамі, быў цяжка паранены і камісаваны. Скончыў педінстытут і прыйшоў назад у сваю школу, каб вучыць дзяцей біялогіі і геаграфіі. Цяжка яму было рухацца, параненая нага засталася маладзейснай на ўсё жыццё, але ён цярпліва хадзіў на працу, бо старая школа была на самым канцы вёскі.
Пётр Назаравіч быў вельмі стрыманы, добры настаўнік. Разумеў дзяцей, дараваў ім іх дзіцячыя свавольствы.
У Шыічах ён стварыў сям’ю з прыгажуняй Ксеніяй, якую прывёз у родную вёску пасля Перамогі. Яна ваявала разам з ім на фронце. Была медсястрой. У час вайны страціла свайго першага мужа.
Ксенія працавала фельчарам на мясцовым ФАПе. У іх сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей: дачка і трое сыноў, якія даўно выраслі і пасталелі, кожны з іх знайшоў сваю дарогу і нічым ніколі не пасароміў сваю сям’ю. Усе тры сыны адслужылі ў Савецкай Арміі.
Пасля выхаду на пенсію, Мельнікі пераехалі жыць у Мазыр. Там абаснаваліся і іх ужо дарослыя дзеці. Адзін з сыноў, Віктар, адкрыў фірму, там з ім працаваў і яго брат-блізнец Мікалай, яны доўгі час дапамагалі школе, асабліва будаўнічымі матэрыяламі. На жаль, Мікалай раптоўна памёр у маладым узросце.
Дачка Ларыса — настаўніца, жыве таксама ў Мазыры.
Самым цесным чынам звязана з Шыіцкай школай і ўсё працоўнае жыццё настаўніцы пачатковых класаў Дарошкінай Вольгі Давыдаўны. Яна вельмі любіла дзяцей. Там, дзе была Вольга Давыдаўна, там заўсёды гучаў дзіцячы смех, было весела і радасна, звінелі песні і музыка. Яна сама любіла добры жарт, тым і прыцягвала ўсіх да сябе. У школе доўгі час выбіралася старшынёй прафсаюзнага камітэта. Вырасціла дачку і сына, якія зараз жывуць у Мінску.
Яшчэ да вайны скончыў педвучылішча выпускнік школы Вінакураў Васіль Арцёмавіч. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1918 года ў сялянскай сям’і.

Напярэдадні вайны яго прызвалі ў Чырвоную Армію, якая запасцігла яго ў Прыбалтыцы. Там ён быў паранены, трапіў у палон, але ра-зам з сябрам Жукавым Анатоліем сумеў збегчы.
Са студзеня 1943 года і да вызвалення Калінкавіцкага раёна ад захопнікаў удзельнічаў у партызанскім руху ў якасці камандзіра аддзялення.
Пасля вызвалення па стану здароўя быў камісаваны. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з акупантамі, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Працаваў начальнікам аддзела рабочага забеспячэння чыгуначнікаў у Калінкавічах.
У 1951 годзе скончыў настаўніцкі інстытут па спецыяльнасці руская мова і літаратура, потым Гомельскі педінстытут па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура з правам выкладання ў старэйшых класах. Усё жыццё выкладаў беларускую мову і літаратуру.
Памёр 2 верасня 1971 года.
Яго дачка Тамара, 1950 г.н., скончыла ў 1966 годзе Сухавіцкую сярэднюю школу і паступіла ў Мазырскі педінстытут імя Н.К.Крупскай па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў, які закончыла ў 1971 годзе. У 1971/72 навучальным годзе працавала настаўніцай пачатковых класаў Кротаўскай няпоўнай сярэдняй школы. З 1972 года была пераве-дзена ў Шыіцкую сярэднюю школу выхавальніцай групы падоўжанага дня, а з 1975 і да выхаду на пенсію ў 2005 годзе працавала настаўніцай пачатковых класаў у роднай школе. Працавала старанна з дабром і вялікай любоўю да дзецей, прадоўжыла справу бацькі.
У 1954 годзе, пасля заканчэння Мазырскага педвучылішча, настаўніцай пачатковых класаў у Туравіцкую пачатковую школу была накіравана Ганчарэнка Любоў Васільеўна (да яе там працаваў Кажамякін Іван Дзям’янавіч).
У Туравічах Любоў Васільеўна працавала і жыла ўвесь час, жыве і зараз. Ёй на сёння споўнілася 86 гадоў. З ёю пачынаў і Купчык Аляксей Іванавіч. Потым ён быў пераведзены ў Сухавіцкую пачатковую школу. А да Любові Васільеўны накіроўвалі іншых маладых настаўніц: Федзькоўскую, Тозік Тамару Еўдакімаўну, Кацуба Святлану Пятроўну, Лашук Таццяну Іванаўну, Валянціну Іванаўну і выхавальніцу групы падоўжанага дня Лідзію Яфімаўну (няхай мяне прабачаць – забыла іх прозвішчы).

Любоў Васільеўна працавала старанна, вялікую ўвагу ўдзяляла чыстапісанню і грамаце, правільнаму афармленню сшыткаў, тэхніцы чытання. Яе дзеці, калі прыходзілі ў 5 клас у Шыіцкую СШ, выдзяляліся такімі навыкамі, атрыманымі ад настаўніцы, як акуратнасць і пісьменнасць, правільнае і беглае чытанне, уменне абслугоўваць сябе. У школе заўсёды было ўтульна, дзеці адчувалі сябе як дома, настаўніца змагла акружыць іх цяплом і клопатам. Яны адказвалі ёй такой жа павагай і любоўю.
Так адносіліся да школы і дзяцей і іншыя настаўнікі, хто быў побач з Любоўю Васільеўнай. Будынак Туравіцкай школы быў невялікі, але дагледжаны, разам з дзецьмі настаўніца высадзіла алею, якая вяла ад вуліцы да самага ганка школы.
Што дзіўна, школы той ужо даўно няма, у 1990 годзе пачатковыя класы перавялі ў Шыіцкую сярэднюю школу, быў арганізаваны падвоз дзяцей з усіх навакольных вёсак, а алея захавалася да гэтага часу. Толькі дрэвы ўжо вялікія.
У 1951 годзе з сярэбраным медалём скончыла Шыіцкую школу Андрачык Любоў Сцяпанаўна, 1935 г.н.
Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага інстытута імя Н.К.Крупскай, увесь час працавала у роднай школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Заўсёды адказна ставілася да сваёй працы, імкнулася прывіць вучням любоў да рускага слова, навучыць іх правільна гаварыць на рускай мове, а таксама раскрыць багацце рускай літаратуры.
Свой лёс Любоў Сцяпанаўна звязала з Калядой Васілём Якаўлевічам, 1934 г.н., які вучыўся з ёй у адным класе, у адным інстытуце, толькі на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры. Ён таксама вярнуўся працаваць у родную школу, дзе доўгі час быў яе дырэктарам.
Чарняўскі Міхаіл Рыгоравіч, 1936 г.н., скончыў Шыіцкую школу ў 1951 годзе.

Вярнуўся ў родную школу настаўнікам фізікі пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута. Цяжка ўявіць сабе школу, у якой магло б не быць такога адказнага, адукаванага настаўніка, як Міхаіл Рыгоравіч, чалавека, які захапляўся не толькі сваёй работай, але і рознымі відамі дзейнасці, якія хацеў развіць у сваіх вучняў.
Колькі ім праведзена паходаў са школьнікамі па родным краі, наведана гарадоў! Сваё захапленне фатаграфіяй ён прывіваў дзецям праз гурток фатаграфіі. Навучанне школьнікаў кінадэманстрацыі, пасадцы дрэў і кустарнікаў, навядзенню парадку на роднай зямлі, дапамога саўгасу ва ўборцы ўраджаю – усё гэта ім перадавалася праз уласныя веды і вопыт.
Лепшага грыбніка за Чарняўскага ў вёсцы цяжка знайсці, у лесе ён ведаў кожны кусцік і дрэўца, кожную сцяжынку.
А ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы (а іх праведзена безліч) — гэта непарыўная сувязь з жыццём. Прымяненне фізікі ў жыцці лягчэй засвойвалася праз выкладанне на жыццёвым вопыце. Выкладаючы астраномію, не абмяжоўваўся падручнікам і картамі, практычныя заняткі мог правесці і ў вячэрні час, дзе ў рэальнасці мог паказаць дзецям розныя зоркі, знакі задыяка, Млечны Шлях – усё тое, што было магчыма ўбачыць.
І гэта ўсё пасля працоўнага дня, пасля хатніх клопатаў, калі пасля стомы проста неабходны адпачынак, ён ішоў праводзіць урокі, і гэта ўжо былі не простыя ўрокі, а ўрокі жыцця, незвычайныя, загадкавыя, таямнічыя. З якім задавальненнем вучні ішлі на такія цудоўныя ўрокі!
За што б ні браўся Міхаіл Рыгоравіч, усё рабіў па вышэйшаму класу і заўсёды даводзіў да канца.Таму так любілі яго, хаця, магчыма, не заўсёды ў дзіцячым узросце ўсе гэта разумелі, а пасля школы, праз гады ўспамінаюць яго і яго навуку з вялікай удзячнасцю і пашанай.
Свой лёс Міхаіл Рыгоравіч звязаў з выпускніцай Шыіцкай школы, 1955 года, настаўніцай матэматыкі Палазнік (Чарняў-скай) Нінай Васільеўнай. Яны далі жыццё траім сынам, ужо ёсць дарослыя ўнукі.
Міхаіл Рыгоравіч і Ніна Васіль-еўна – настаўнікі вышэйшай катэгорыі, яны ўмелі спалучаць у сваёй дзейнасці патрабавальнасць і павагу, любоў і дысцыпліну. Хаця матэматыка цяжкая навука, але Ніна Васільеўна была здольна навучыць ёй нават вучняў не вельмі схільных да гэтага прадмета. Яе рабочы дзень ніколі не заканчваўся па раскладу, бо пад кабінетам ужо стаялі вучні, якія прыходзілі на дадатковыя заняткі. І так з дня ў дзень, з года ў год.
Гэта быў залаты век школы, пакуль у ім працавалі такія адказныя, таленавітыя, высокаадукаваныя настаўнікі.
Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1974 годзе прыйшла ў Шыіцкую школу ў якасці настаўніка рускай мовы і літаратуры Отчык (Кончыц) Надзея Віктараўна. Маючы за плячыма добры багаж ведаў, любоў да свайго прадмета і немалы талент ва ўменні гаварыць цікава і паэтычна, хутка прыцягнула ўвагу дзіцячых сэрцаў да сябе і свайго прадмета.
А з дзецьмі яна заўсёды размаўляла на роўных, любую ўзнікшую сітуацыю магла растлумачыць шчыра і даходліва.
Яе ўрокі літаратуры – заўсёды былі мастацкім экскурсам у гісторыю той эпохі, у якой дзейнічалі героі літаратурных твораў, якія вывучалі. Абыякавых на яе ўроках не было.
Надзея Віктараўна заходзіла ў клас да дзяцей з усмешкай, такой і выходзіла з класа.
За гады працы заслужыла вялікую павагу сярод вучняў, калег, аднавяскоўцаў. Пэўны час была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Выйшла замуж за мясцовага хлопца, стварыла сям’ю. Вырасцілі і выхавалі з мужам траіх працавітых дзяцей: сын Яўген – будаўнік, Юрый – механізатар у родным саўгасе, дачка Валянціна скончыла медвучылішча і працуе медсястрой у Гомельскім кожна-венералагічным дыспансеры. Надзея Віктараўна – багатая бабуля, мае пяцерых унукаў. Даўно ўжо стала сапраўднай шыічанкай, сваёй у вёсцы і ў школе. Зараз на пенсіі.
Пасля закрыцця Ямнаўскай пачатковай школы, у якой працаваў доўгі час, у Сухавіцкую пачатковую школу перайшоў Рудзеня Лявон Фёдаравіч. У Сухавічах ён жыў, тут жа жылі яго дзеці. Працаваў у Сухавіцкай пачатковай школе аж да яе пераводу ў Шыіцкую сярэднюю ў 1990 г.
Яго справу прадоўжыла дачка Алена.
… Сувязь пакаленняў не перапыняецца. Ужо ўнукі і праўнукі тых, хто даўно вучыўся або жыў у вёсцы Шыічы, прыходзяць працаваць у сваю родную школу, і дораць часцінку сваіх сэрцаў яе выхаванцам, сеюць зерне навукі, любові, павагі, дабра і чысціні. Да педагогаў навейшага пакалення адносяцца: настаўніца рускай мовы і літаратуры Сігай (Корзун) Алена Сяргееўна і настаўнік фізічнай культуры Бакавец Аляксандр Сяргеевіч.
Алена Сяргееўна, напрыклад, прыйшла працаваць у Шыіцкую школу ў 1999 годзе. Калі ў аддзеле адукацыі ёй прапанавалі на выбар работу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў СШ №2 г. Калінкавічы ці Шыіцкай СШ, яна, не сумняваючыся, выбрала апошнюю. І гэта невыпадкова: адсюль ідуць яе карані, тут з дзяцінства знаёмыя ёй усе мясціны. Алена Сяргееўна лёгка ўлілася ў калектыў школы.

Вельмі хутка Алена Сяргееўна заваявала любоў вучняў і прызнанне калег. Дасканалае веданне свайго прадмета, метадычнае майстэрства і прафесіяналізм, патрабавальнасць да сябе і адказнасць у рабоце не маглі быць незаўважанымі.
У 2003 годзе я прапанавала маладой настаўніцы заняць пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Алена Сяргееўна год за годам спасцігала азы метадычнай работы, набывала канкрэтныя практычныя навыкі, так неабходныя завучу школы: уменне праводзіць аналіз, весці школьнае справаводства, складаць графікі, рабіць расклад заняткаў, састаўляць розныя планы, якія неабходны для функцыянавання школы. Выконвала ўсё старанна, заўвагі прымала разумна і прыстойна. Працавала сумленна і адказна, збіраючы па крупіцах каштоўны вопыт старэйшых калег, вывучала навейшыя дасягненні педагагічнай навукі. З яе атрымаўся талковы па ўсіх пытаннях завуч школы.
Сёння Алена Сяргееўна – настаўніца першай катэгорыі, сваімі метадычнымі знаходкамі дзеліцца з маладымі калегамі. 19 гадоў яна навучае вучняў не толькі рускай мове і літаратуры, яна асабістым прыкладам вучыць іх жыццю, рыхтуе да будучай самастойнасці.
Да ўсяго іншага, Алена Сяргееўна – творчая натура. Яна любіць вязаць, вышывае бісерам прыгожыя карціны, стварае з лент розныя ўпрыгожванні для валасоў. А яшчэ яна добрая гаспадыня і вельмі гасцінная, клапатлівая дачка і жонка, цудоўная мама для маленькай дачкі Веры”.
У 1991 г. мне давялося пісаць на старонках калінкавіцкай раёнкі пра настаўніка фізкультуры з Шыіцкай школы Вараб’я Пятра Мікалаевіча, імя якога грымела тады ў педагагічным і фізкультурна-спартыўным асяродку на ўсю акругу. З 1974 г. пачаў ён працаваць у Шыічах, настаўнічаць жа пачаў значна раней.

”Яшчэ ў 1968 годзе закончыў Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры. Год працаваў у адной са школ Верхнедзвінскага раёна. Затым была служба ў арміі. І, нарэшце, вяртанне да хаты, у Калінкавіцкі раён.
Тагачасны загадчык рай-ана М.С.Цяслюк нейкім толькі яму падуладным пачуццём распазнаў у юнаку вялікія педагагічныя здольнасці. На раёне было не так ужо і шмат спецыялістаў фізічнай культуры, ды і спартыўныя залы былі лічанымі пры школах. Тым не менш Мікалай Сямёнавіч накіраваў П.М.Вараб’я у Савіцкую сярэднюю школу, дзе была пэўная спартыўная база і магчымасць паказаць, раскрыць сябе. Пры гэтым растлумачыў Пятру Мікалаевічу: “У Шыічах распачата будаўніцтва школы са спартыўнай залай. Закончым – пярэйдзеш туды, уладкоўвай усё, як таго патрабуе справа”. І П.М. Варабей пагадзіўся на прапанову вопытнага кіраўніка.
Так усё і адбылося. Праўда, за год да пераходу ў Шыічы, Пётр Мікалаевіч паступіў у Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут фізічнай культуры. Такі ўжо ён чалавек — пастаянна ў імкненні да ўласнага ўдасканалення.
Педагог П. М. Варабей заўсёды памятае, што даць узорны ўрок па ўсіх правілах не галоўнае ў педагагічнай працы. Самае важнае – абудзіць цікавасць дзяцей да свайго прадмета. Зрабіць жа гэта можа толькі той настаўнік, які сам закаханы ў свой прадмет і ўласную зацікаўленасць здольны перадаць школьнікам. Для дасягнення гэтай мэты існуе шмат сродкаў. Адным з іх Пётр Мікалаевіч лічыць планаванне. Без плана працаваць нельга. Бо як можна ўсюды паспець настаўніку фізкультуры, каб не заблытацца і не пакінуць без увагі дзяцей, калі ў яго на тыдні працуюць па некалькі разоў секцыі розных спартыўных профіляў: баскетболу, валейболу, турызму і г. д. Акрамя іх яшчэ і заняткі з юнымі спартсменамі на лыжах ад дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Галоўнае, што план гэты рэальны, жыццёвы, не выдуманы дзеля самога плана. Ён канкрэтна абапіраецца на фізічныя здольнасці, падрыхтоўку дзяцей, якія займаюцца ў секцыях.
Шыіцкая сярэдняя школа — невялікая па сваіх памерах, тут вучыцца крыху больш 120 вучняў. Тым не менш у спартыўным плане можа пацягацца з такімі школамі, як Азарыцкая або Малааўцюкоўская. I ў гэтым, безумоўна, заслуга настаўніка фізічнай культуры П. М. Вараб’я.
У 1988 годзе па выніках атэстацыі Пятру Мікалаевічу прысвоена званне старшага настаўніка. Ён – адзін з вопытных грамадскіх метадыстаў, які пастаянна аказвае рай-метадкабінету актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні таго ці іншага мерапрыемства, вучобы, абмену вопытам”, — вось так я напісаў тады пра гэтага педагога. (“За камунізм”. 15 студзеня 1991 г.).
Зараз Пётр Мікалаевіч на пенсіі. Знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Вучні і цяпер ідуць да яго за той ці іншай дапамогай або парадай. А ў школе і па сённяшні дзень з раніцы праводзіцца фіззарадка, якую ў 1974 г. увёў Пётр Мікалаевіч.

Вучні

Сухавіцка-Шыіцкая школа за многія дзесяцігоддзі свайго існавання выпус-ціла са сваіх сцен у дарослае жыццё шмат выпускнікоў.
У 1950 г., напрыклад, Сухавіцкую сямігодку закончылі:
Баброва Вера Максімаўна, 1932 г.н.,
Говар Антаніна Савічна, 1933 г.н.,
Гайко Васіль Ульянавіч, 1931 г.н.,
Канаш Сяргей Сяргеевіч, 1932 г.н.,
Купчык Ганна Фамінічна, 1932 г.н.,
Мельнік Марыя Мікалаеўна, 1932 г.н.,
Мельнік Алена Лаўрэнцьеўна,1932 г.н.,
Отчык Ніна Цімафееўна, 1932 г.н.,
Отчык Марыя Іванаўна, 1933 г.н.,
Отчык Аляксандр Майсеевіч, 1932 г.н.,
Палазнік Аляксандр Патапавіч, 1931 г.н.,
Палазнік Віктар Мінавіч, 1932 г.н.,
Палазнік Галіна Архіпаўна, 1931 г.н.,
Рудзеня Зінаіда Піліпаўна, 193 г.н.,
Уласенка Вольга Фёдараўна, 1932 г.н.,
Уласенка Раман Міхайлавіч, 1931 г.н.,
Шэнька Васіліса Мінаўна, 1931 г.н.,
Яўсеенка Міхаіл Іванавіч, 1931 г.н.,
Яўсеенка Уладзімір Сцяпанавіч, 1931 г.н.,
Яўсеенка Вольга Паўлаўна, 1932 г.н.
У 1953 г. выпускнікамі Сухавіц-кай дзесяцігодкі сталі:
Говар Антаніна Савічна,
Канаш Васіль Іванавіч,
Купчык Ганна Фамінічна,
Мельнік Марыя Мікалаеўна,
Отчык Ніна Цімафееўна,
Отчык Марыя Іванаўна,
Отчык Леаніда М. ,
Палазнік Галіна Архіпаўна,
Рудзеня Зінаіда Ф. ,
Старавойтава Ірына А.,
Стаяноўская Марыя А.,
Уласенка Вольга Фёдараўна,
Уласенка Раман Міхайлавіч,
Яўсеенка Уладзімір Сцяпанавіч,
Яўсеенка Вольга Паўлаўна.
Многія з выпускнікоў школы сумелі дабіцца выдатных поспехаў у той ці іншай галіне народнай гаспадаркі.
Узяць, напрыклад, дачок Палазніка Ігната Марыю і Надзею. Надзея закончыла Сухавіцкую сямігодку яшчэ да вайны. Марыя – у 1949 г. Абедзьве сталі настаўніцамі.
Марыя працавала настаўніцай пачатковых класаў у СШ №5 г. Калінкавічы. А Надзея – адна з першых пасляваенных выпускніц філалагічнага факультэта Мазырскага педінстытута — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і завучам Якімавіцкай васьмігадовай школы.
Надзея Ігнатаўна падарыла свету выдатнага вучонага сучаснасці. Яе сын Красачка Пётр Альбінавіч, які, дарэчы, нарадзіўся ў Шыічах 26 студзеня 1958 г., з’яўляецца доктарам ветэрынарных і доктарам біялагічных навук, акадэмікам Міжнароднай акадэміі экалогіі, акадэмікам Міжнароднай акадэміі ветэрынарных навук, акадэмікам Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук.
Настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў роднай школе стала Кужэлка Надзея Рыгораўна. А яе сын, Кужэлка Уладзімір Васільевіч, які закончыў Шыіцкую СШ у 1967 г., пасля заканчэння Мінскага палітэхнікума і тэрміновай службы ў арміі працаваў асістэнтам кінааператара. У 1982 г. ён за-кончыў Ленінградскі інстытут кінематаграфіі. Працаваў аператарам на кінастудыі “Беларусьфільм”. Здымаў фільмы: “Рамантык”, “Белае возера”, “Палёт начной бабачкі”, “Дзяржаўная граніца” (фільмы 5,7,8), “Мама, я жывы”, “Белае адзенне”, “Хам” і іншыя. У якасці дырэктара фільма працаваў над дакументальным фільмам “Віцебская школа”. Здымаў “Славянскі базар”.

Некалькі дзясяткаў вучняў закончылі Сухавіцка-Шыіцкую школу з залатым ці сярэбраным медалём. Пералічым іх пайменна:
1954 год
Андрачык Любоў Сцяпанаўна (сярэб.),
Мельнік Віктар Міхайлавіч (сярэб.),
Уласенка Антаніна Клімаўна (сярэб.)
1955 год
Купчык Мікалай Піліпавіч (зал.),
Лянічка Марыя В. (зал.),
Салавянчык Аляксандр Р. (зал.),
Мельнік Ніна Панфілаўна (сярэб.)
1956 год
Палазнік Святлана Міхайлаўна (сярэб.),
Макушынскі Міхаіл Міхайлавіч (сярэб.)
1957 год
Стрэльчанка Валерый Васільевіч (зал.),
Змушка Леанід Пятровіч (сярэб.),
Нягрэй Любоў (сярэб.)
1962 год
Отчык Кацярына Сяргееўна (сярэб.),
Отчык Нэля Пятроўна
1965 год
Говар Уладзімір Васільевіч (сярэб.),
Садоўскі Валерый Іванавіч (сярэб.)
1966 год
Ком Валянціна Рыгораўна (зал.),
Палазнік Валянціна Трахімаўна (зал.),
Вітавец Надзея Цярэнцьеўна (сярэб.),
Купчык Ларыса Аляксееўна (сярэб.)
1967 год
Паўлючэнка Аляксандр Фёдаравіч (сярэб.),
Вінакур Любоў Тарасаўна (сярэб.),
Скібар Мікалай Кузьміч (сярэб.)
1968 год
Рудзеня Вера Лявонцьеўна (сярэб.)
1969 год
Мельнік Таццяна Міхайлаўна (зал.)
1972 год
Мельнік Людміла Міхайлаўна (зал.)
1976 год
Талянец Лідзія Васільеўна (зал.)
1977 год
Шыцік Таццяна Міхайлаўна (зал.)
1983 год
Вітавец Святлана Арсенцьеўна (сярэб.)
1989 год
Алесіч Наталля Адамаўна (сярэб.)
1990 год
Банчук Алена Мікалаеўна (сярэб.)
1994 год
Банчук Аляксандр Мікалаевіч (сярэб.)
1996 год
Гаўрук Наталля Іванаўна (сярэб.)
2001 год
Вінакур Алеся Віктараўна (зал.),
Шпак Віктар Віктаравіч (зал.)
2002 год
Отчык Віктар Віктаравіч (сярэб.)
2003 год
Дарошкін Аляксандр Пятровіч (сярэб.),
Філіпаў Раман Юр’евіч (сярэб.)
2005 год
Банчук Вольга Віктараўна (сярэб.),
Самойленка Дар’я Васільеўна (сярэб.).

Сярэбраны выпускнік школы Садоўскі Валерый Іванавіч скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці оталарынголаг. 30 гадоў загадваў оталарынгалагічным аддзяленнем Гомельскай абласной бальніцы, быў галоўным оталарынголагам вобласці.

Абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.
Валерый Іванавіч — выдатнік аховы здароўя. Зараз на заслужаным адпачынку. Ён з жонкай – заснавальнікі медыцынскай дынастыі. Дзве яго дачкі па прыкладу бацькоў таксама пайшлі ў медыцыну.
Старэйшая, Чарных Вольга Валер’еўна – дацэнт Мінскага медыцынскага ўніверсітэта, эндакрынолаг. Сын Вольгі, Чарных Дзмітрый Аляксандравіч – студэнт 5-га курса Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.
Малодшая дачка, Сухарава Людміла Валер’еўна – урач-тэрапеўт Гомельскай абласной бальніцы. Мужы дочак таксама ўрачы.
Урачом стала і залатая медалістка, дачка завуча школы Міхаіла Мельніка Таццяна, якая пасля замужжа набыла прозвішча Бадэнка. Яна ў 1975 г. закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працавала спачатку ў Калінкавіцкім раддоме, а зараз жыве і працуе ў гарадскім пасёлку Азарычы.

А вось сястра Таццяны Людміла, таксама залатая медалістка, у 1977 г. закончыла юрыдычны факультэт БДУ. Працавала ў Гродна юрысконсультам. З 2001 г. выкладае юрыспрудэнцыю ў політэхнічным каледжы бізнесу і права.
Медыцынскую прафесію для сябе выбрала і Самойленка Дар’я Васільеўна, якая скончыла школу з сярэбраным медалём. Яна закончыла Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Зараз працуе ўрачом Урыцкай участковай бальніцы ля Гомеля.
Прысвяціць сваё жыццё медыцыне вырашыла і Бяляўская Наталля Уладзіміраўна, бацька якой, Бяляўскі Уладзімір Іванавіч, у першай палове 80-х гг. працаваў дырэктарам Шыіцкай сярэдняй школы, выкладаў геаграфію, апасля быў старшынёй Шыіцкага сельсавета. Маці, Бяляўская Ніна Аляксандраўна, выкладала ў школе хімію і біялогію.

Наталля ж закончыла Віцеб-скі медыцынскі інстытут. Працуе ўчастковым тэрапеўтам Калінкавіцкай раённай паліклінікі.
У 1960 г. Сухавіцкую школу скончыў Булаўка Уладзімір Германавіч, які нарадзіўся ў 1944 г. у суседнім Заполлі.
Уладзімір паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, які закончыў у 1964 г. У 1972 г. ён закончыў Беларускі інстытут чыгуначнага транспарту ў Гомелі. Студэнты гэтай навучальнай установы выбралі шыіцкага хлопца сваім камсамольскім важаком – ён стаў вызваленым сакратаром камітэта камсамола інстытута.

Калі ў 1970 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка Шыіцкай сярэдняй школы, на будаўніцтва школы прыбыў студэнцкі будаўнічы атрад з Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту. І так склалася, што выпускнік школы Булаўка Уладзімір прымаў непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні сённяшняга будынка Шыіцкай школы.
Апасля Уладзімір Германавіч працаваў інжынерам будаўнічага ўпраўлення, у партыйных органах. У 1984 г. закончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу, апасля – аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Працаваў выкладчыкам Мінскай вышэйшай партыйнай школы, у прыватных структурах будаўнічага профілю, прарэктарам, дэканам факультэта кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўнівер-сітэта, прафесарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэс-публікі Беларусь, начальнікам упраўлення навукова-інавацыйнай дзейнасці НАН Беларусі, загадчыкам аддзела Інстытута эканомікі НАН Беларусі, прафесарам кафедры кіравання нерухомасцю Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Доктар эканамічных навук.
На год раней Уладзіміра Германавіча, у 1959 г., Сухавіцкую сярэднюю школу закончыў Курыла Аляксадр Яўстратавіч. Лёс занёс яго ў Магадан, дзе ён атрымаў тры вышэйшых адукацыі, у тым ліку –юрыдычную. Там жа стварыў сям’ю. Там у яго нарадзіліся сын і дачка. Пасля завяршэння працоўнай дзейнасці пераехаў і жыве ў Балашысе (Падмаскоўі).
Сярэбраная медалістка Банчук Вольга Віктараўна паступіла на механіка-матэматычны факультэт БДУ па спецыяльнасці матэматык навукова-вытворчай дзейнасці. У Белдзяржуніверсітэце яна атрымала яшчэ аддзін дыплом – эканаміста-фінансіста. Жыве ў Мінску, працуе ў фірме ООО “Стыльнае рашэнне”, займаецца аказаннем бухгалтарскіх паслуг.
Сярэбраны медаліст Банчук Аляксандр Мікалаевіч, маці якога Банчук (Кохан) Марыя Фёдараўна працавала настаўніцай матэматыкі ў Шыічах, а бацька, Банчук Мікалай Міхайлавіч, дырэктарам саўгаса “Ненач”, закончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя В.В. Сухога па спецыяльнасці эканоміка кіравання сістэмай АПК. Нейкі час працаваў у Калінкавіцкім райспажыўтаварыстве. Зараз у Калінкавічах займаецца прад-прымальніцтвам.
З сярэбраным медалём скончыла школу і Зыкава (Іваненка) Алена Іванаўна. Яна паступіла і закончыла факультэт прыборабудавання “Медыцынская тэхніка і абсталяванне” БНТУ. Жыве ў Мінску і працуе ў ААТ “Медіндустрыя сервіс” інжынерам-канструктарам 2-й катэгорыі.
Выпускнік школы 2001 года Шпак Віктар Віктаравіч пасля заканчэння школы паступіў у Мінскую Акадэмію ўнутраных спраў на следча-экспертны факультэт, якую скончыў у 2006 годзе і быў накіраваны ў Жлобінскі РАУС. Пасля двух гадоў працы перайшоў у следчы камітэт горада Калінкавічы, дзе займаў пасаду старшага следчага да кастрычніка 2017 года. З 2 кастрычніка 2017 г. працуе намеснікам начальніка аддзялення Жлобінскага раённага аддзела следчага камітэта. Падпалкоўнік юстыцыі.

У праваахоўных органах працуе і яго брат Сяргей, 1973 г. н., які скончыў школу ў 1990 г. Воін-пагранічнік пасля таго, як адслужыў тэрміновую, пайшоў на службу ў міліцыю. Служыць у патрульна-паставой службе Калінкавіцкага РАУС. Выдатнік міліцыі. Яго сын пайшоў па бацькавай сцяжынцы – вучыцца ў Магілёўскім інстытуце МУС.
А ўраджэнец Шыіч Палазнік Сяргей Міхайлавіч закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Танка. Працаваў настаўнікам геаграфіі ў СШ № 1 г. Калінкавічы, у аддзеле па справах моладзі Калінкавіцкага райвыканкама. Закончыў завочна Гомельскі кааператыўны ўніверсітэт. Стаў эканамістам. Працаваў у філіяле Белдзяржстраху па Калінкавіцкім раёне. Зараз працуе ў закрытым акцыянерным страхавым таварыстве «ТАСК» у Калінкавічах.
Выпускніца школы Суглоб (Мельнік) Вольга Аляксандраўна скончыла ў 2010 г. эканамічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны. Працуе эканамістам у Веткаўскай раённай бальніцы.
Яе сястра, Новік (Мельнік) Юлія Аляксандраўна, пасля школы скончыла ў 2013 годзе механічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Жыве ў Гомелі, працуе на Гомсельмашы інжынерам-механікам.
Пасля заканчэння школы на фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці настаўнік матэматыкі Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта паступіла Макоўская (Тамілка) Таццяна Мікалаеўна. Працавала ў сваёй роднай школе настаўніцай матэматыкі. Пасля выйшла замуж і пераехала на радзіму мужа ў Іўе Гродненскай вобласці. Зараз працуе ў ПУ “Смаргоньгаз” Іўеўскага РГС аператарам ЭВМ.
… У 2017 г. у Шыіцкай школе праз паўстагоддзе пасля яе заканчэння адбылася сустрэча выпускнікоў 1967 г. Аляксандр Паўлючэнка, адзін з арганізатараў гэтай сустрэчы напісаў у раёнцы рэпартаж аб гэтай падзеі:
“Прайшло 50 гадоў, як мы скончылі сваю Сухавіцкую сярэднюю школу (так яна тады называлася, а сёння гэта Шыіцкая СШ).
<…>У кожнага з нас быў свой шлях у жыцці, свае жыццёвыя поспехі і праблемы.
Напрыклад, Вінакур Любоў Тарасаўна пасля заканчэння школы паступіла ў педагагічны інстытут ім. М. Танка ў г. Мінску і ўсё сваё жыццё прысвяціла школе. Яна і цяпер вядзе любімыя прадметы — хімію і біялогію. Пражывае ў горадзе-спадарожніку Мінска Смалявічах.
Біруля Людміла Уладзіміраўна пасля школы амаль чвэрць стагоддзя адпрацавала на ваенным заводзе радыёдэталяў у г. Віцебску. Пасля развалу Саюза больш за 10 гадоў працавала на кандытарскай фабрыцы «Віцьба». І цяпер ёй дома не сядзіцца, працягвае працоўную дзейнасць у дзіцячым садку выхавальнікам.
Кужэлка Любоў Максімаўна ўсё працоўнае жыццё аддала трыкатажнай фабрыцы ім. Крупскай у г. Мазыры, дзе працавала інжынерам-тэхнолагам. Скончыла Ленінградскі інстытут лёгкай прамысловасці. У цяперашні час дапамагае гадаваць унукаў, а іх у яе 10!
Рудзеня Тамара Васільеўна пасля заканчэння Мазырскага педінстытута адпрацавала 3 гады настаўнікам у Жлобінскім раёне, а потым выйшла замуж і з’ехала ў г. Гродна, дзе пражывае і зараз. Працу ў школе завяршыла і сёння — на заслужаным адпачынку.
Шэнька Леанід Цімафеевіч пасля службы ў Савецкай Арміі ўсё жыццё адпрацаваў у аўтабазе Калінкавіцкага раённага вузла паштовай сувязі вадзіцелем. Жыве ў Калінкавічах, на пенсіі.
Яўсеенка Ніна Яўтухаўна пачала свой працоўны шлях на Калінкавіцкім млынкамбінаце, дзе адпрацавала 9 гадоў. Ну а потым усё жыццё (27 гадоў) працавала поварам у раённай бальніцы г. Калінкавічы. Зараз на пенсіі.
Палазнік Надзея Міхайлаўна — работнік культуры, доўгі час працавала загадчыцай клуба, а потым заг. бібліятэкі в. Бабровічы, дзе і цяпер жыве. На пенсіі.
Ну і, нарэшце, некалькі слоў аб сабе. Паўлючэнка Аляксандр Фёдаравіч. Пасля школы вучыўся ў Днепрапятроўску па самай у той перыяд моднай спецыяльнасці — аўтаматыка і тэлемеханіка. Пасля заканчэння вучобы ў 1972 годзе прыбыў у г. Мінск, дзе і цяпер жыву.
Быў накіраваны на працу ў НДІ саюзнага падпарадкавання і за 29 гадоў працы ў гэтым НДІ прайшоў шлях ад інжынера да намесніка генеральнага дырэктара.
Без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці радыёэлектронік-матэматык і аспірантуру політэхнічнага інстытута. Але пасля развалу СССР для такога вялізнага навукова-вытворчага комплексу (колькасць людзей, якія працуюць толькі ў Мінску, была 4570 работнікаў) заказаў не стала, і, як гэта было ў той перыяд, усё паступова развалілася.
Стварыў сваю прыватную фірму па распрацоўцы праграмных прадуктаў, але ў прыватным бізнесе сябе не знайшоў. Працаваў у Кіеве генеральным дырэктарам прадстаўніцтва Канцэрна «Белнафтахім» па Украіне. Па завяршэнні кантракту ў Кіеве працаваў генеральным дырэктарам РУП «Фірмавы гандаль Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь» і ўзначальваў гандлёвыя арганізацыі Мінпрама па Беларусі і за яе межамі: «Атлант», «Гарызонт», «Віцязь», «Электроніка» і г. д.
<…> А гісторыя нашай школы дастаткова цікавая. Нам калісьці распавядалі старэйшыя жыхары нашых вёсак, нашы былыя настаўнікі (асабліва настаўнік гісторыі Мельнік Міхаіл Сяргеевіч), што наша школа была пабудавана з бярвення царквы, якая стаяла ў Сухавічах.
Школа была старой, у вокнах гуляў вецер, у падлозе шчыліны ў палец, ацяпленне было пячное. Да нашага прыходу на заняткі работнікі школы тапілі печкі і у больш-менш цёплых класах праходзілі заняткі. Часта, па прыходзе ў класы на заняткі, адчуваўся чад.
У першыя гады вучобы ў нашым сельскім савеце электрычнасці не было. Лямпачкі Ільіча з’явіліся дзесьці ў 1961-62 гг. Для нас гэта было свята. Памятаю, у першыя дні пасля з’яўлення электрычнасці, мы спецыяльна хатнія заданні днём не рыхтавалі, а чакалі вечара.
<…> Мы наведалі адзіную застаўшуюся ў жывых нашу настаўніцу – Чарняўскую Ніну Васільеўну. І хоць яна адчувала сябе ў той дзень не надта, ад радасці сустрэчы з намі ў яе заіскрыліся вочы!
<…> Памянулі хвілінай маўчання сваіх былых настаўнікаў: Пятра Панфілавіча Мельніка і яго жонку Леакадзію Іосіфаўну, Пятра Назаравіча Мельніка, Міхаіла Міхайлавіча Мельніка, Марыю Уласаўну Фешчанка, Васіля Якаўлевіча Вінакура, Васіля Якаўлевіча Каляду і яго жонку Любоў Сцяпанаўну Андрачык, Міхаіла Рыгоравіча Чарняўскага, Надзею Рыгораўну Салавянчык…” (Калінкавіцкія навіны. 2 верасня 2017 г.).

Генерал міліцыі

Пасля заканчэння беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржпедінстытута ўраджэнка в. Вяпры Нараўлянскага раёна Фешчанка Марыя Уласаўна трапіла па размеркаванні ў Калінкавіцкі раён, дзе яе накіравалі на працу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сухавіцкую сярэднюю школу. Тут нараўлянка пазнаёмілася з карэнным шыічуком Канавалавым Міхаілам Мацеявічам, які працаваў у Сухавіцкім лясніцтве. А ў хуткім маладыя, як кажуць, пабраліся і згулялі вяселле.
6 красавіка 1957 г. у сям’і Канавалавых нарадзіўся сынок, якога назвалі Сашкам.
Разам з вясковымі хлапчукамі, гойсаў па вакольных балотах і лясах падросшы хлапчук, разам з аднавяскоўцамі хадзіў у школу. Але заўжды вылучалі Аляксандра з агульнага натоўпу аднагодкаў яго ўпэўненасць ва ўласных сілах, завадатарскі характар і непамерная самастойнасць, як расказваюць сёння яго школьныя паплечнікі.
Мусіць, гэтыя рысы характару і сталі прычынай таго, што ў 1971 г., пасля заканчэння васьмі класаў, Аляксандр накіроўваецца ў самастойнае жыццё – паступае ў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум і вучыцца на дарожніка.
У 1974 г. у сям’і Канавалавых здарылася вялікае гора: раптоўна, на 45 годзе, пайшоў з жыцця бацька Аляксандра, які ўжо на той час перайшоў з лясніцтва ў мясцовую школу і працаваў там загадчыкам гаспадаркі.
Аднак, жыццё спыніць немагчыма, ніякія чорныя сілы не могуць спыніць чалавечы рух далей. Аляксандр прадоўжыў вучобу і ў наступным годзе закончыў свой тэхнікум. Накіравалі яго ў Петрыкаў, у гаспадарча-разліковы прарабскі ўчастак трэста “Гомельрэмбуд” на пасаду майстра.
Да лістапада 1975 г. папрацаваў шыіцкі хлопец у Петрыкаве. І накіраваўся па закліку ваенкамата выконваць салдацкі абавязак.
Служыць давялося ў Калінін-градскай вобласці, на граніцы.
Служыў Аляксандр гэтак жа, як і вучыўся: самааддана і на “выдатна”. Да таго ж хлопец сябраваў са спортам. Быў не толькі выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, але і бясспрэчным лідарам сярод баявых сяброў. Закончыў тэрміновую службу ў званні старшыны на пасадзе старшыны пагран-атрада.
Пасля дэмабілізацыі перад нядаўнім пагранічнікам паўстала пытанне пры працаўладкаванні: застацца дарожным майстрам і прысвяціць сваё жыццё рамонту і будаўніцтву дарог, ці прадоўжыць службу ў праваахоўных органах, як рэкамендавалі пры дэмабілізацыі з войска яго бацькі-камандзіры.
Аляксандр выбраў апошняе. Ён звярнуўся ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага абл-выканкама, дзе яго накіравалі на службу ў асобны дывізіён міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў, што ахоўваў Гомельскі завод “Крышталь”, на якім, як вядома, вырошчваюць і апрацоўваюць штучныя дыяманты.
Да 1981 г. служыў старшына ў асобным дывізіёне. Не раз і не два заахвочваўся начальствам за ўзорную службу. У ліку лепшых супрацоўнікаў унутраных спраў Беларусі накіроўваўся на нясенне аховы правапарадку ў Маскву ў 1980 г., пад час Маскоўскай алімпіяды, і ў 1981 г., пад час правядзення XXVI з’езда КПСС.
У маі 1981 г. Аляксандра пераводзяць у Гомельскі РАУС на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі.
У гэтым аддзеле Аляксандр Міхайлавіч адслужыў без малога 20 гадоў. За гэты час закончыў Мінскую вышэйшую школу міліцыі. Вырас ад участковага да намесніка начальніка аддзела міліцыі.
З 2000 па 2003 гг. працаваў начальнікам Савецкага раённага аддзела ўнутраных спраў г. Гомеля.
У 2003 г. Канавалаву пра-паноўваюць новае месца працы — пасаду намесніка начальніка ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама. Прывыкшы за дзесяцігоддзі ніколі не пасаваць ні перад якімі цяжкасцямі, Аляксанд Міхайлавіч пагаджаецца, і ў чорговы раз сваёй высокапрафесіянальнай працай даказвае, што ён здатны і на большы давер.
20 студзеня 2005 г. кандыдатура нашага зямляка была ўзгоднена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка на зацверджанне начальнікам упраўлення Магілёўскага аблвыканкама.
20 лютага 2008 г. Указам Прэ-зідэнта Рэспублікі Беларусь палкоўніку Канавалаву было прысвоена чарговае спецыяльнае званне генерал-маёра міліцыі.
А ў жніўні 2008 г. Аляксандр Канавалаў прыўзняўся на яшчэ больш высокую прыступку па службовай лесвіцы: Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 473 ад 29 жніўня 2008 г. ён быў прызначаны намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь.
У верасні 2014 г. наш зямляк выйшаў у запас па ўзросту.
За шматгадовую і добрасумленную працу ў праваахоўных органах Аляксандр Міхайлавіч узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме” 3-й ступені, медалямі “За бездакорную службу” 3-й, 2-й і 1-й ступеняў, іншымі медалямі.
Яшчэ ў час службы ў асобным дывізіёне міліцыі Аляксандр Канавалаў пазнаёміўся з зямлячкай – ураджэнкай в. Альбінск Акцябрскага раёна Анастасіяй Міхайлаўнай, якая працавала ў Гомелі на ваенным заводзе “Модуль”. А ў хуткім яны стварылі сям’ю, у якой на свет з’віліся сыны Слава і Вова.
Дарэчы, абодва сыны ў жыцці пайшлі бацькоўскай сцежкай. Абодва маёры міліцыі. Вячаслаў ўзначальвае аддзел упраўлення камітэта судовых экспертыз у Гомелі, а Уладзімір працуе экспертам, у гэтым жа аддзеле.
Маці Аляксандра Міхайлавіча ўсё жыццё працавала настаўніцай у школе ў Шыічах, нават пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
У 1995 г. іх зноў напаткала вялікае гора: памерла ад цяжкай хваробы малодшая сястра Аляксандра Міхайлавіча. Яна была на два з паловай гады маладзей за яго.
А на 73-м годзе жыцця не стала і маці.
Нягледзячы на адстаўку, генерал Канавалаў не стаў спачываць на лаўрах, ён працягвае працоўную дзейнасць. Зараз наш зямляк працуе ў Гомельскім аблвыканкаме начальнікам упраўлення справамі аблвыканкама.

Член Саюза мастакоў

Восіп Турцэвіч быў не адзіным чалавекам з сухавіцка-шыіцкай ста-ронкі, якога Усявышні надзяліў талентам мастака. У Шыічах 7 ліпеня 1949 г. у сям’і механізатара мясцовай гаспадаркі, кавалера ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалёў “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна” у Уладзіміра Цімафеевіча і Надзеі Эмануілаўны (дамашняя гаспадыня – І.Г.) Отчыкаў нарадзіўся першынец –сынок Анатоль.

У дзяцінстве будучы мастак нічым асаблівым не вылучаўся сярод сваіх аднакашнікаў. Маляванне ў Шыіцкай школе хто толькі ні вёў: фізрукі і ваенрукі, настаўнікі працы і геаграфіі. Адным словам, урокі малявання аддаваліся школьным педагогам у якасці дадатковай нагрузкі да настаўніцкай стаўкі. Анатоль Уладзіміравіч і сам прызнаецца, што сярод яго аднакласнікаў былі такія, хто меў куды больш здольнасцяў за яго да малявання. Ён жа пры дапамозе алоўка адлюстроўваў тое, што яму падабалася. Аднойчы некалькі сваіх малюнкаў хлапчук паслаў у дзіцячыя газеты: “Зорку” і “Піянер Беларусі”. А іх узялі дый надрукавалі. Гэта настолькі натхніла хлапчука, што ён з таго часу ўжо не выпускаў алоўка з рук. А калі пайшоў у 9 клас, пачаў раз на тыдзень ездзіць у Мазыр да мастака Мазырскага народнага тэатра Пятра Захарава, які пачаў вучыць падлетка азам мастацкага майстэрства.

Няпроста гэта было ў той час, ды і ў такім узросце, самастойна штотыднёва дабірацца з Шыіч да Мазыра, але Анатоль упарта ішоў да сваёй мэты.
Адразу ж пасля заканчэння школы ён паступае ў Пензенскае мастацкае вучылішча. Праўда, вучобу ў вучылішчы прыйшлося на пэў-ны час спыніць, каб адслужыць тэрміновую службу ў арміі. Пасля дэмабілізацыі – зноў вучоба. У мастацкім вучылішчы шыіцкі хлопец знаёміцца са сваёй будучай жонкай Таццянай, якая таксама вывучылася на мастака.
У 1972 г., пасля заканчэння вучылішча, Анатоль паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская акадэмія мастацтваў), дзе і адбываецца яго прафесійнае станаўленне. Сама атмасфера інстытута зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне яго асобы і прафесійных якасцяў. Значны ўплыў на фарміраванне мастака аказалі і яго выкладчыкі Віктар Нямцоў і Васіль Пастушкоў. Менавіта ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў яго завязаліся сяброўскія стасункі з аднакурснікамі Леанідам Асеннім, Уладзімірам Васюком, Сяргеем Кірушчанкам, Соф’яй Ліўшыц, Леанідам Хобатавым, з якімі і сёння ён падтрымлівае сяброўскія і прафесійныя сувязі.
На размеркаванні, у 1977 г., дыпламіраваны мастак Анатоль Отчык, які мог застацца на працы і ў сталіцы Беларусі, папрасіўся ў Гомель, каб быць бліжэй да бацькоў. Там Анатоль Уладзіміравіч трапіў на работу ў мастацкі фонд Беларускага саюза мастакоў, з якім звязана амаль уся яго працоўная біяграфія.
Жонка яго уладкавалася на “Гомсельмаш”. У маладой сям’і ўжо была дачка Алеся, апасля нарадзіўся і сын Глеб, таму, каб хутчэй атрымаць кватэру, трэба было аднаму пайсці працаваць на вытворчасць.
У 1978 г. адбылася першая прафесійная выстава нашага земляка. Паколькі мастак працаваў у жанры плаката і алейнага жывапісу, то і творы яго былі адпаведнага накірунку.
Увогуле, Анатоль Уладзіміравіч — аўтар шматлікіх палітычных і бытавых плакатаў (“Планета Зямля – у небяспецы” (1984), “Не допустим!” (1986), “Алкоголь – враг семейного бюджета” (1986). Усе яны вылучаюцца высокім прафесійным узроўнем выканання, вострым сацыяльным гучаннем і тэматычнай актуальнасцю. Напрыклад, плакат “Дорога не для игры” на рэспубліканскім конкурсе ў 1983 г. быў адзначаны 2-й прэміяй.
На рахунку члена Беларускага саюза мастакоў Анатоля Отчыка, які працуе ў галіне плакатнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ужо 9 персанальных выстаў і ўдзел у мностве абласных, рэспубліканскіх і міжнародных.
Ёсць сярод яго твораў і прысвечаныя нацыянальнай гісторыі і культуры, вядомым імёнам і помнікам Беларусі. Гэта плакаты “Людзі на балоце” (па трылогіі Івана Мележа), “Максім Багдановіч. 1891-1991”, “Францыск Скарына”, “Всем! Гомельскому парку требуется помощь”.
У сваіх працах Анатоль Уладзіміравіч звяртаецца да блізкай і далёкай гісторыі роднага краю. Асаблівае месца ў яго творчасці зай-мае чарнобыльская праблематыка. Болем у сэрцы адклікаюцца яго карціны «Ці прыляцяць буслы на Палессе?», «Пакiнутыя», «У забытай хаце», «Корч-выварацень». У сваіх пейзажах ён імкнецца больш поўна і ярчэй перадаць прыгажосць палес-кай прыроды.
“Отдохнувшее солнце страстно с речкой встречалось”, — менавіта так хочацца заспяваць, перафразуючы вядомыя радкі “Утомленное солнце нежно с морем прощалось”, калі глядзіш на яго карціну «Раніцай на Ясельдзе».
Анатоль Отчык напісаў яе за тры світальныя сеансы падчас аднаго з пленэраў паблізу вёскі Моталь Брэсцкай вобласці.
Здавалася б, ну што ў ёй асаблівага? Світанак, ружовыя аблокі, белы пар над Ясельдай, самотнае дрэва і чатыры лодкі, веерам што стаяць у залатой вадзе затокі. Але колеравая гама, кампазіцыя і знойдзены ракурс кранальна супалі з пяшчотай настрою і таленавітым выкананнем аўтара”, — напісала у сваім артыкуле “Три счастливых дня” 5 жніўня 2016 г. у газеце “СБ. Беларусь сегодня” журналістка Алена Парфіяновіч.
І Алена ў сваім меркаванні не адзіная. Творы нашага земляка сапраўды выклікаюць роздум, уражваюць мастацкім выкананнем, арыгінальнай кампазіцыяй і колеравай гамай.
Анатолю Отчыку належаць роспісы ў Гомельскім анкалагічным дыспансеры, санаторыі-прафілак-торыі вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”, вітражы ў інтэр’ерах асобных прадпрыемстваў Гомеля.
Наш зямляк быў старшынёй праўлення абласной арганізацыі саюза мастакоў. Яго карціны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Брэсцкім, Кіеўскім, Белгарадскім і Бранскім мастацкіх музеях, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Светлагорскай, Буда-Кашалёўскай і Унечскай карцінных галерэях, краязнаўчых музеях Мазыра, Турава, Рэчыцы і іншых гарадоў.

З гадамі мастацкі патэнцыял нашага земляка пашырыўся, ён стаў яшчэ і іканапісцам.
Прыход да Бога ў кожнага адбываецца па-свойму. У Анатоля Уладзіміравіча адбылося гэта ў 2000 годзе, калі праходзіў пленэр, прысвечаны Кірыле Тураўскаму. Пазней Отчыку прапанавалі ўдзел у рэстаўрацыйных работах у адным з храмаў. А ў 2006-м па благаславенні япіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана ён упершыню напісаў ікону. І потым ужо Анатоль Уладзіміравіч не пакідаў напісання ікон. Гэта стала новым этапам і ў яго жыцці, і ў творчасці.
“Кожны мастак імкнецца да таго, каб яго твор дайшоў да гледача, да чытача, крануў душу, прымусіў задумацца, – гаворыць мастак. – А ікона дапамагае дакрануцца да веры, заглянуць унутр сябе, нешта пераасэнсаваць і паправіць – у сваіх паводзінах, учынках. Карацей, у сваім жыцці”. (“Калінкавіцкія навіны”. 2015 г.)
Сёння Анатоль Отчык жыве і працуе ў Мінску, у яго свая мастацкая майстэрня.
Побач з ім яго сын Глеб, які працуе старшым выкладчыкам кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры на факультэце дызайна Беларускай акадэміі мастацтваў і з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага саюза мастакаў.
Дарэчы, мастаком-дызайнерам стала і дачка Анатоля Уладзіміравіча Алеся, якая працуе ў Маскве.
Радуюцца дзядуля з бабуляй і поспехам свайго ўнука Апанаса, які зараз вучыцца ў мастацкай школе і, напэўна, стане прадаўжальнікам справы таты і дзядулі.

Дзеці старшыні сельсавета

З другой паловы 60-х гадоў мінулага стагоддзя да 1972 г. старшынёй Шыіцкага сельскага Савета працаваў ураджэнец Шыіч Палазнік Уладзімір Міхайлавіч — заатэхнік па адукацыі, які пазней закончыў Севастопальскую вышэйшую партыйную школу. Жанаты ён быў на гарохаўскай дзяўчыне, якая паходзіла з роду перасяленцаў з Чэхіі па прозвішчы Смейкаль, якое з часам перамянілі на беларускі капыл, у выніку чаго атрымалася вядомае сёння Смыкал. Жонка Уладзіміра Міхайлавіча ўсё жыццё працавала санітаркай у мясцовай бальніцы-амбулаторыі-ФАПе.
У 1949 г. у сям’і Уладзіміра Палазніка нарадзіўся сынок, якога назвалі ў гонар Міколы-цудатворцы Мікалаем. Хлопец закончыў 8 класаў Сухавіцкай школы і паступіў па бацькавых слядах у Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум, які закончыў з адзнакай. Пасля гэтага маладога спецыяліста накіравалі і ён ля двух гадоў адпрацаваў галоўным ветурачом у калінкавіцкім калгасе “Шлях Леніна” у Гарбавічах.
Здольны хлопец вырашыў не спыняцца на дасягнутым і паступіў на стацыянар у Віцебскі ветэрынарны інстытут. Там жа закончыў аспірантуру. І ў 1985 г..абараніў дысертацыю па тэме “Ферментаціўная функцыя сычуга, кішэчніка, падстраўнікавай залозы цялят у антэнатальны і ранні постнатальны перыяды” на ступень кандыдата біялагічных навук. Выкладаў у сваёй альма-матэр, стаў дацэнтам. Шкада толькі, што заўчасна, у 45 гадоў, пайшоў з жыцця.
У 1953 г. у сям’і Палазнікаў нарадзіўся другі хлапчук, якога назвалі Уладзімірам. Пасля школы Валодзя вывучыўся на шафёра, вазіў пракурора Калінкавіцкага раёна Аноку. Затым падаўся на службу ў міліцыю. Жыў і служыў у Оршы. Хлопец гераічнага складу характару. Пабываў у складзе абмежаванага кантынгента савецкіх войск на вайне ў Сірыі і Егіпце. На жаль, таксама заўчасна, два гады назад, пайшоў з жыцця.
У 1958 г. у сям’і нарадзіўся трэці хлапчук, якога назвалі Віктарам. У Шыічах ён закончыў дзесяцігодку. Затым служыў тэрміновую ў Групе савецкіх войск у Германіі.
Пасля дэмабілізацыі яфрэйтар-танкіст, па прыездзе да дому, сустрэўся з земляком Аляксандрам Канавалавым, які і прывёў яго на службу ў асобны дывізіён міліцыі, які ў Гомелі ахоўваў завод “Крышталь”.
Праз тры гады службы Віктар паступіў завочна ў Магілёўскую школу міліцыі, пасля чаго перайшоў на службу ўчастковым інспектарам Навабеліцкага райаддзела ўнутра-ных спраў. Даслужыўся да маёра міліцыі і яму прапанавалі пасаду намесніка начальніка Навабеліцкага аддзела “Ахова”. А праз нейкі час ён быў прызначаны начальнікам Савецкага аддзела “Ахова”, дзе і адпрацаваў 5 гадоў. Яшчэ 5 гадоў апасля Віктар Уладзіміравіч працаваў першым намеснікам упраўлення Дэпартамента “Ахова” Гомельскай вобласці.
У 1911 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктару Палазніку было прысвоена спецыяльнае званне палкоўніка міліцыі.
Калі ў рэспубліцы быў створаны Следчы камітэт Віктара Уладзіміравіча запрасілі на новае месца працы – ён стаў намеснікам начальніка упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці. Два гады палкоўнік юстыцыі адпрацаваў на гэтай пасадзе і выйшаў у адстаўку.
Зараз Віктар Палазнік працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы у КПУП “Гомельводаканал”. Ён жанаты. Яго выбранніца – Надзея Канстанцінаўна, ураджэнка в. Ручное Лельчыцкага раёна. Мае двух сыноў і двух унукаў. Старэйшы сын Канстанцін, які нарадзіўся ў 1983 г., закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, працуе начальнікам юрыдычнага аддзела РУП “Гомельэнерга”. Малодшы Уладзімір, які нарадзіўся ў 1987 г., закончыў Гомельскі кааператыўны ўніверсітэт і атрымаў другую вышэйшую адукацыю па нафта-газавай спецыяльнасці, працуе вядучым спецыялістам базы абслугоўвання ААТ “Гомельтранснафта Дружба”.
Самы малодшы сын старшыні сельсавета Генадзь нарадзіўся ў 1960 г. Як і старэйшы Мікалай, выбраў у жыцці бацькоўскую сцежку. Гадоў 15 працаваў галоўным заатэхнікам у родным саўгасе “Ненач”. Затым перабраўся ў Гомельскі раён, дзе працаваў кіраўніком шэрагу сельскіх гаспадарак. А зараз працуе дырэктарам вучэбна-курсавога камбіната ў аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна.

Сыны настаўніка

Іншым людзям лёс часам пасылае такія выпрабаванні, што нават уявіць немагчыма, як такое можна вынесці. Узяць, напрыклад, Аляксандра Антонавіча Кужэлку, які нарадзіўся 27 лютага 1918 г. у Сухавічах.
На пачатку яго жыцця ўсё складвалася звычайна, як і ў многіх яго аднакашнікаў: дзіцячыя гульні, праца, спачатку на бацькоўскай палосцы, а затым — на калгасным полі, вучоба ў школе.
Пасля школы дасціпны хлопец выбірае сваёй жыццёвай сцяжынай педагогіку. Вучоба ў педвучылішчы. І вось ужо дзеці велічаюць яго Аляксандрам Антонавічам. Ён іхні настаўнік.
Аднак, усё светлае і добрае, што давала яму жыццё, у адзін міг перакрэсліла вайна.
Па першаму закліку, у ліпені 1941 г. Аляксандр Кужэлка трапляе на фронт. Смяротныя, бесперапынныя баі з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка ў першыя месяцы вайны. Гібель баявых сяброў, адступленне, палон і лагер смяротнікаў. Вось што наканаваў лёс сухавіцкаму хлапцу.
У палоне здольны да навук паляшук хутка асвоіў нямецкую мову. Разам з савецкімі ваеннапалоннымі ў лагеры смяротнікаў знаходзіліся і нямецкія камуністы. Аляксандр уступіў у лагерную падпольную групу, якая павяла антыфашыскую барацьбу, дапамагала ваеннапалонным выжыць у нацысцкім пекле.
Нягледзячы на ўсе перанесеныя пакуты, лёс аказаўся больш літасцівым да Аляксандра Кужэлкі, чым да многіх яго сулагернікаў, ён застаўся жывы, хаця і страціў часткова слых, і пасля вызвалення вярнуўся на родную зямлю.
Тут ён стрэў такую ж гаротніцу з вёскі Заполле, Аляксандру Трахімаўну, якая прайшла праз нямецкую няволю і прымусовую працу ў Нямеччыне. І маладыя, Аляксандра была на чатыры гады маладзей за мужа, пабраліся шлюбам.
Аляксандр Антонавіч з 1946 г. працаваў настаўнікам пачатковых класаў Сухавіцкай сямігодкі.
З 1951 па 1957 гг. ён настаўнічаў у Даманавіцкай, Крукавіцкай і Капліцкай школах. А з 1957 па 1975 гг. загадваў Сухавіцкай пачатковай школай.
Яго спадарожніца па жыцці Аляксандра Трахімаўна з 1961 па 1969 гг. працавала прадаўцом нарыхтоўчага ларка ў Заполлі, загадчыцай магазіна №22 у Сухавічах, з 1970 па 1972 гг. – поварам у сталоўцы вёскі Шыічы.
У 1949 г. у сям’і сухавіцкага настаўніка нарадзіўся сын Ігар. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1967 г. ён паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якую закончыў у 1972 г. Атрымаў спецыяльнасць эканаміста.
Працаваў у аграфірме “Ненач” нарміроўшчыкам, галоўным эканамістам у калгасах “Ленінская іскра” у Калінкавіцкім раёне, Мышанка – у Петрыкаўскім раёне, КСУП “Ненач” – у Шыічах.
Памёр у 2005 г.
У 1951 г. у Аляксандра Антонавіча і Аляксандры Трахімаўны нарадзіўся Валодзька. Закончыўшы мясцовую дзесяцігодку хлопец паступіў у Саратаўскае вышэйшае ваенна-хімічнае каманднае вучылішча.Служыў у Германіі, Польшчы, Беларускай і Забайкальскай ваенных акругах. Выкладаў у Тамбоўскім вышэйшым ваенна-камандным вучылішчы хімічнай абароны імя Падвойскага. Падпалкоўнік запаса. Жыве ў Тамбове.
У 1955 г. у сям’і настаўніка паявіўся сын Аляксандр. Закончыўшы школу, пайшоў па братавай сцяжынцы – паступіў у Саратаўскае вышэйшае ваенна-хімічнае каманднае вучылішча. Служыў у Германіі, Прыбалтыйскай ваеннай акрузе. З 1984 па 2001 год выкладаў у сваім родным ваенным вучылішчы. Падпалкоўнік у адстаўцы. Жыве ў Саратаве. Займаецца бізнесам. Акрамя таго, узначальвае Саратаўскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларускае зямляцтва Паволжжа”.
У 1958 г. на свет з’явіўся малодшы сын Леанід. Ён працаваў фатографам у ракетнай дывізіі, якая стаяла ў свой час у Мазыры. Зараз жыве ў Калінкавічах. Інвалід 2-й групы.
Кужэлка Аляксандр Анто-навіч доўгі час працаваў у Сухавіцкай пачатковай школе, потым быў пераведзены ў Шыіцкую сярэднюю школу. Быў настаўнікам пачатковых класаў, нямецкай мовы.
У 1978 г. пайшоў на пенсію.
Памёр 4 сакавіка 1994 г.

Яблыневы сад

У 1972 г. восем класаў Шыіцкай сярэдняй школы закончыў Бандарчук Аляксандр Аляксандравіч, які нарадзіўся ў Сухавічах у 1956 г. Хлопец паступіў у Гомельскае чыгуначнае вучылішча № 35, якое рыхтавала памочнікаў машыністаў цеплавозаў і паравозаў. Год адпрацаваў памочнікам машыніста паравоза ў Жлобінскім паравозным дэпо. І пайшоў служыць тэрміновую службу. Пасля завяршэння службы ў СШ № 7 г. Калінкавічы здаў экстэрнам экзамены за курс сярэдняй школы і паспрабаваў паступіць у Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. На жаль, спроба правалілася. Таму ўладкаваўся на працу ў Калінкавіцкае лакаматыўнае дэпо памочнікам машыніста. У гэты ж час у жыцці Аляксандра адбылася і значная падзея асабістага кшталту – ён ажаніўся.
У дэпо кіраўніцтва хутка вызначыла для сябе Бандарчука як перспектыўнага работніка і накіравала яго на вучобу машыністам. Год вучобы ў Гомелі і Аляксандр пачынае вадзіць цягнікі па сталёвых магістралях Беларусі. Адначасова паступае ў Гомельскі чыгуначны тэхнікум. Пасля яго заканчэння амаль адразу сухавіцкага хлопца прызначаюць намеснікам начальніка Калінкавіцкага лакаматыўнага дэпо па эксплуатацыі.
“Няпросты то быў час, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. – Распад Савецкага Саюза. Рух быў агромністы. Вазілі: пясок туда, пясок сюда, лес туды, лес сюды. Адным словам, планавая эканоміка. Каб усё гэта перавезці, патрабаваліся машыністы, а дзе іх набрацца. Каб падрыхтаваць машыніста, трэба было пяць гадоў. Цеплавозы стаялі. Станцыі былі забіты цягнікамі, як у час вайны. Вось і выкручваліся, як маглі. Мы вучылі на машыністаў за тры месяцы. Я быў старшынёй прыёмнай камісіі. Пытаюся ў экзаменуемага: “Чырвонае святло значыць?” “Стаім”, — адказвае той. “Правільна”, — хвалю. “ А зялёнае? Маладзец – едзем”. “А масла куды заліваем?”
Вось так працавалі ў тыя гады. А адказнасці ж ніхто не адмяняў, крый Божа што. Вось і я стаў ахвярай такой працы. Падпісаўся за машыніста, які да гэтага ўжо сатварыў аварыю на чыгунцы. Даручыўся перад начальнікам аддзялення Аляксандрам Удодавым, як за сябе. А ён новае ЧП утварыў. Вось мяне і вызвалілі ад займаемай пасады.
Напачатку, канешне, настрой сапсаваўся. Але на тое, відаць, быў перст Божы ці рок. Не ведаю, не маю гэтаму тлумачэння, але так сталася: быў чыгуначнікам і перакваліфікаўся ў садаводы, стаў бізнесменам у першым пакаленні.
Так склалася, што нашы Сухавічы, колькі памятаю сябе, патаналі ў садах. Мой бацька пасяліўся на тым месцы, дзе калісьці жыў выдатны настаўнік Юліян Астроўскі. Гэты чалавек быў не проста заўзятым, а апантаным садаводам. У яго быў вялікі пітомнік, саджанцамі з якога ён засадзіў Сухавічы садамі. Кожны пустыр вёскі, ля могілак, нават па лесе былі высаджаны яблыні. Асобныя дрэвы з таго часу захаваліся дагэтуль. Ім ужо больш сотні гадоў.
Я ў 90-я мінулага стагоддзя, як і многія мае землякі, ужо паездзіў па Еўропе: быў у Польшчы і Германіі. Бачыў, як грунтоўна займаюцца садаводствам нашы суседзі-палякі. І вырашыў сам заняцца гэтай справай. Колькі тады літаратуры перачытаў, колькі знаёмстваў завёў, каб асвоіць новую справу. Колькі было радасці і расчараванняў – уявіць сёння цяжка”.
Значную ролю ў выбары будучага напрамку ў жыццядзейнасці Аляксандра Бандарчука, па яго словах, адыгралі і яго бацькі і дзяды – спрадвечныя земляробы, якія ведалі не на словах, а на справе народную мудрасць: “Хто не працуе – той не есь”.
“Мой бацька, Аляксей Архіпавіч, нарадзіўся ў 1928 г. у Сухавічах. Усё жыццё працаваў у калгасе. Спачатку радавым калгаснікам, у полі і на ферме, апасля загадчыкам склада гаруча-змазачных матэрыялаў. Дарэчы, яго брат Міхаіл Архіпавіч усю вайну партызаніў, быў паранены ў нагу, а пасля прыходу Чырвонай Арміі быў прызваны на фронт і дайшоў да Будапешта, затым яшчэ прыняў удзел і ў вайне з японскімі мілітарыстамі. Усе дваюрадныя браты бацькі (Бандарчук Аляксей Іванавіч, Бандарчук Іван Іванавіч, Бандарчук Аляксей Елісеевіч) ваявалі ў партызанскіх атрадах.
Маці, Отчык Ніна Цімафееўна, нарадзілася ў 1931 г. таксама ў сялянскай сям’і ў Заполлі. Бацькі ўсё жыццё працавалі на зямлі і нас траіх сыноў вучылі гэтаму. Напрыклад, брат Віктар дагэтуль працуе трактарыстам у мяне, а Міхаіл з цягам часу перабраўся ў Жодзіна, дзе працуе рабочым на заводзе.
А дзяды былі рознымі. Адзін быў па ідэалогіі. А другі – гаспадар.
Дзед Архіп Бандарчук на пачатку станаўлення Савецкай улады быў у ліку сельскіх актывістаў, з’яўляўся членам Сухавіцкага камітэта беднаты, адным з арганізатараў сухавіцкага калгаса, у якім да вайны працаваў брыгадзірам.
Калі пачалася вайна, ён у ліку першых прызыўнікоў быў прызваны ў Чырвоную Армію. Часць іх трапіла ў акружэнне і была разбіта.Тыя, хто застаўся ў жывых, у тым ліку і мой дзед, трапілі ў лагер ваеннапалонных. У тыя першыя месяцы вайны немцы дазвалялі выкупляць ваеннапалонных родзічам, вярнуліся і ў нашу вёску некаторыя, а дзеду не пашчасціла. Ён вырваўся з няволі пазней, але да роднай хаты не дайшоў, памёр ад голаду.
Дзед Цімох Отчык быў селянінам — серадняком у Заполлі. Колькі ён жыў, столькі і ўспамінаў: “Чаму яны забралі майго жарабца?”
Калі мы, маладыя, выхваляючыся адзін перад другім, у размове ўспаміналі: “Вось ў мяне была машына”. Дзед заўсёды перабіваў: “Унучак, машына — гэта што! Вось у мяне быў жарабец: вогненна рыжы, што той трактар”. І расказваў, колькі коп жыта аддаў за таго жарабца. Тады ж не было грашова-таварных адносін, як сёння, абменьвалі тавар на тавар. Дзед купіў жарабца на хутары Дрынёва, які стаяў сярод балот, дзе жылі і гаспадарылі сапраўдныя земляробы. Большасць з іх у гады калектывізацыі была раскулачана і выслана за межы Беларусі, а некаторыя і ўвогуле расквіталіся жыццём за свае “дробна- уласніцкія погляды”, як гаварылася тады ў афіцыяльных дакументах.
Дзед Цімох меў адметны прыродны розум. Таму неблага арыентаваўся ў тым, што адбывалася ў краіне. Ён быў працавітым і сумленным чалавекам. Слова яго было што крэмень, ён заўжды імкнуўся да справядлівасці. Пры гэтым умеў ладзіць з людзьмі, умеў знайсці выхад з любога, здаецца, нават безвыходнага становішча. І за гэта ён карыстаўся заслужанай павагай сярод аднавяскоўцаў.
Калі немцы акупіравалі Палессе і пачалі ўстанаўліваць сваю ўладу, аднавяскоўцы на агульным сходзе выбралі Цімоха старастай вёскі. Не аднаго чалавека выратаваў ён ад немінучай смерці ў тое ліхалецце. Запольскага старасту ведалі і партызаны. Ведалі яго людскасць і сумленнасць і не чапалі. А пасля вызвалення СМЕРШ арыштаваў дзеда, і колькі аднавяскоўцы не даказвалі ваенным, што ён стаў старастай па іх выбару, і што шкоды за вайну нікому не зрабіў, асудзілі яго на 10 гадоў “за пасобніцтва акупантам”.
Дзед адсядзеў, вярнуўся ў сваю вёску і пражыў з аднавяскоўцамі ў добрасуседстве да скону сваіх дзён.
Цімох быў чалавекам выключнай фізічнай сілы. Ужо ў 74 гады ён дапамог мне ў Калінкавічах узвесці дом. Уявіце сабе, якой энергіяй і жыццялюбствам валодаў мой дзед”.
У 90-я гады мінулага стагоддзя Аляксандр Бандарчук стварыў у Сухавічах фермерскую гаспадарку, якую назваў “Яблыневы сад”. У планах пачынаючага садавода было не толькі стварэнне яблыневага сада, але і стварэнне пітомніка па вытворчасці саджанцаў для пальметных садоў.
То быў залаты час для садаводаў. Кіраўніцтва Беларусі разумела, што старыя сады, якія існавалі ў калектыўных гаспадарках рэспублікі, і так не забяспечвалі патрэбы насельніцтва рэспублікі ў фруктах. Таму Мінсельгас Беларусі прыняло Праграму развіцця садаводства ў рэспубліцы. Для стварэння новых садоў патрабаваліся саджанцы, пры тым новых райаніраваных гатункаў.
І Аляксандр Бандарчук апантана ўзяўся за справу. Суткамі ён прападаў у сваім пітомніку, матаўся па былому Савецкаму Саюзу і дальняму замежжу ў пошуках лепшых гатункаў яблынь. Шляхам проб і памылак ішоў наперад.
А ўжо праз невялікі час некалькі тысяч саджанцаў з пітомніка “Яблыневага сада” накіраваліся ў калгас “50 гадоў БССР” , дзе пачалі закладку новага калгаснага 100-гектарнага сада ля Юравіч.
З таго часу і пачалі свой крок саджанцы Аляксандра Бандарчука ўсёй Беларусі. Пашыраўся і яго сад. Выкупіў сухавіцкі садавод у Калінкавічах і збанкрутаваны прамкамбінат аблспажыўтаварыства ці, як называлі раней, грыбную базу.
На базе прадпрыемства, якое прыйшло ў заняпад, Аляксандр Аляксандравіч стварыў плодасховішчы па апошняму слову навукі і тэхнікі для захоўвання ў зімовы час яблыкаў са свайго саду.
“У мяне сёння 112 гектараў саду, 86 гектараў ягаднікаў (ароніі чорнаплоднай) і 73 гектары агародніны, — расказвае гаспадар “Яблыневага саду”. — Я чалавек далёкі ад ідэалогіі. Я займаюся бізнесам. Працую для сябе і дзеля сваёй сям’і. Пры гэтым, я – патрыёт сваёй Радзімы, люблю родную Беларусь і лічу яе найлепшай краінай, у якой ёсць усё для развіцця, жыцця і заняткаў любімай справай. Гэтай жа думкі прытрымліваюцца і мае дзеці. Мы нікуды не збіраемся з’язджаць адсюль, бо няма нічога лепш у свеце, чым родны кут.
Сёння мяне ёсць каму замяніць. Першыя памочнікі па саду – сын Аляксей, які спецыяльна закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці садаводства, і яго жонка Вольга. Яны з задавальненнем працуюць у садзе па 14 гадзін у суткі. Ведаюць, што працуюць на сябе і для сябе, для сваіх дзетак. Думаю, што гэта ўсё гены, якія яны атрымалі ад мяне, ад сваіх дзядоў і прадзедаў”.
Пытаюся ў Аляксандра Аляксандравіча: “А колькі чалавек працуе ў фермерскай гаспадарцы? Як ідзе рэканструкцыя камбіната ў Калінкавічах?”
“У калектыве “Яблыневага сада” працуе 45 чалавек, — адказвае ён. — Тры сям’і з Сухавіч. Яны працуюць ужо на працягу 15 гадоў. Астатнія ездзяць на працу з Калінкавіч. У перыяд уборкі ўраджаю наймаем сезонных рабочых.
Што датычыцца рэкан-струкцыі, то на камбінаце, як ужо паведамлялася, створаны плодасховішчы магутнасцю 3 тысячы тон, пабудаваны цэх для квашання і засолкі агародніны. Там жа пабудаваны вялікі магазін, які зараз у нас арэндуе пад продаж мэблі ААТ “Пінскдрэў”. Працягваем рэканструкцыю цэха прамога адціскання сокаў. Будуем цэх па вытворчасці сухафруктаў. У дальніх планах наладжванне вытворчасці кетчупаў”.
Аляксандр Бандарчук расказвае пра свае планы з такой упэўненасцю, што верыцца, так яно і будзе. Як ужо ёсць вялікі яблыневы сад, які па вясне сутракае сваёй кветкавай кіпенню любога, хто рухаецца па дарозе міма Сухавічаў і Шыічаў, і забяспечвае сваёй прадукцыяй амаль на працягу ўсяго года дашкольныя і школьныя ўстановы, установы аховы здароўя Гомельшчыны.

Жыццё ідзе сваім чарадом

Больш паловы насельніцтва свету сёння пражывае ў гарадах. Па прагнозах вучоных, да 2030 года колькасць гарадскіх жыхароў дасягне 60%. У нашым Калінкавіцкім раёне колькасць гарадскіх жыхароў ужо сёння складае больш 66%. Сельская моладзь з неймавернай хуткасцю пакідае бацькоўскія вясковыя сядзібы і перабіраецца ў гарады.
Не мінуў гэты працэс і вёскі Шыіцкага сельсавета. На 1 студзеня 2018 г. па сельсавету налічвалася 278 двароў, у якіх пражывала 692 жыхары.
Што датычыцца канкрэтна вёсак, то гэта выглядала наступным чынам: у Шыічах на 200 падворках жыло 517 грамадзян (272 праца-здольнага ўзросту, 136 пенсіянераў і 109 дзяцей);
у Сухавічах на 26 падворках пражываў 61 чалавек (33 праца-здольнага ўзросту, 20 пенсіянераў і 8 дзяцей); у Туравічах на 24 падворках жыло 54 чалавекі (22 працаздольнага ўзросту, 28 пенсіянераў і 4 дзяцей); у Заполлі на 16 падворках пражывала 33 жыхары (14 працаздольных, 14 пенсіянераў і 5 дзяцей); у Гарохава на 12 селішчах жыло 27 грамадзян (14 працаздольнага ўзросту і 13 пенсіянераў”.

Штогод колькасць насельніцтва ў вёсках сельсавета памяншаецца.
Разам з тым, жыццё працягвае ісці сваім чарадом.
Шыічы ў 2006 г. сталі аграгарадком. Яны з’яўляюцца цэнтрам Шыіцкага сельсавета, старшынёй якога з 2006 г. працуе ўраджэнка Акцябрскага раёна Тужык Святлана Васільеўна, якая ў 2000 г. прыбыла ў саўгас “Ненач” на працу эканамістам.
Да яе, пачынаючы з пасляваеннага перыяду, кіраўнікамі сельсавета (спачатку Сухавіцкага, а з 1973 г. — Шыіцкага) працавалі: Канаш Уладзімір Раманавіч, Палазнік Уладзімір Міхайлавіч, Яртык Васіль Якаўлевіч (па 1986 г.), Бяляўскі Уладзімір Іванавіч (1986 — 1993), Прыходзька Ларыса Уладзіміраўна (1994 — 1995), Банчук Марыя Фёдараўна (1995 — 1999), Пархуціч Павел Васільевіч (1999-2000), Бельскі Мікалай Пятровіч (2000-2003), Быхан Надзея Аляксандраўна (2003 – 2006).
Упраўляючай справамі сельвыканкама зараз з’яўляецца Коўгар Кацярына Карпаўна, якая нарадзілася на Брэстчыне, а ў Шыічы прыбыла па размеркаванні на працу бухгалтарам у саўгас “Ненач”. У 1999 г. яна ў сельвыканкаме змяніла сакратара сельсавета Мельнік Ніну Піліпаўну, якая на гэтай пасадзе праслужыла роўна 30 гадоў, з 1969 па 1999 год.
У аграгарадку працуе дзяржаўная ўстанова адукацыі «Шыіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа», якую з 2007 года ўзначальвае гісторык па адукацыі Пархоменка Ігар Іванавіч.
Ва ўстанове на сёння працуе 30 педагогаў і 18 чалавек тэхнічнага персаналу, выхоўваецца і навучаецца 153 дзіцяці, 17 з іх – у дзіцячым садку.
Яшчэ год назад тут навучалася зусім мала дзетак. Але з-за аварыйнага стану будынка Капліцкай школы і часовага спынення яго эксплуатацыі з 15 верасня 2016 г. у Шыічах пачалі навучаць і 89 школьнікаў Капліцкай школы.
Умовы навучання і выхавання ў «Шыіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе» пасля правядзення тут капітальнага рамонту летам 2017 г. і аснашчэння ўстановы новым кухонным тэхналагічным абсталяваннем адпавядаюць усім сучасным вучэбна-выхаваўчым стандартам. Аблвыканкам выдзя-ліў установе новы школьны аўтобус для арганізацыі падвозу школьнікаў. І дзеці Капліцкага і Шыіцкага сельсаветаў маюць магчымасць атрымліваць паўнавартасную сярэднюю адукацыю. Накормленыя і дагледжаныя, развіваюць свае творчыя пачаткі ў шматлікіх гуртках і спартыўных секцыях. Ва ўстанове ёсць свая кухня і сталоўка, спартыўная зала і спартыўныя пляцоўкі з абсталяваннем, школьная бібліятэка і кабінет інфарматыкі, іншыя вучэбныя кабінеты з нагляднымі дапаможнікамі і тэхнічнымі сродкамі навучання.
Вопытнаму кіраўніку ўстановы Ігару Пархоменка дапамагаюць кіраваць навучальна- выхаваўчым працэсам у школе і дзіцячым садку высокакваліфікаваныя педагогі, яго намеснікі: Русакова Таццяна Мікалаеўна і Стрэльчанка Паліна Іванаўна.
Яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў Шыічах працаваў медыцынскі пункт, які пасля Вялікай Айчыннай вайны ператварыўся ў бальніцу, якая, дарэчы, называлася Сухавіцкай.
Бальніца была разлічана спачатку на 10, затым на 15 бальнічных коек.
Пад кіраўніцтвам урача Г.М.Кадзетыдзе тут працаваў добра ведаўшы сваю справу калектыў. У бальніцы функцыянавала некалькі профільных кабінетаў.
З-за скарачэння колькасці мясцовага насельніцтва ў 70-я гады бальніцу ператварылі спачатку ва ўрачэбную амбулаторыю, а затым у фельчарска-акушэрскі пункт.

Сёння яго ўзначальвае выпускніца Мазырскага дзяржаў-нага медыцынскага каледжа, калінкавічанка Ленкевіч Валянціна Юр’еўна, якая прыбыла ў Шыічы пасля размеркавання 1 жніўня 2017 г. Дапамагае ёй санітарка Каляда Святлана Віктараўна, якая працуе на ФАПе ўжо 7 гадоў.
Да Ленкевіч Шыіцкім ФАПам з 1988 г. загадвала ўраджэнка Сухавіч Отчык (Чарняўская па мужу) Ала Уладзіміраўна, якая ў 1984 г. закончыла Мазырскае медвучылішча, затым чатыры гады працавала загадчыцай ФАПа ў Беразняках. Разам з ёй дапамогу аднавяскоўцам і жыхарам навакольных вёсак аказвала медыцынская сястра Отчык Таццяна Анатольеўна, якая нарадзілася ў Шыічах і прыйшла на Шыіцкі ФАП на тры гады раней Алы Уладзіміраўны.
У Шыічах ёсць сельскі клуб і бібліятэка. Клубам ужо больш 15 гадоў загадвае перасяленка з Кажушак Лягун Надзея Міхайлаўна. А ў бібліятэцы дзявяты год працуе ўраджэнка Туравіч, якая выйшла замуж за перасяленца з Кажушак, Лягун Таццяна Віктараўна.
Ёсць тут і комплексны прыёмны пункт па аказанні бытавых паслуг мясцоваму насельніцтву. З 2006 г. загадвае ім, а дакладней з’яўляецца прыёмшчыцай ураджэнка Туравіч Коўгар Ніна Мікалаеўна, якая да гэтага працавала тут швачкай.
Ёсць у аграгарадку і магазін райспажыўтаварыства, і “Бутэрбродная”.
А яшчэ Шыічы з 2016 г. зноў сталі цэнтрам сельскагаспадарчага прадпрыемства – ААТ “Неначскае”.
У Шыічах размяшчаюцца жывёлагадоўчыя і складскія памяшканні, зернесушылка і зернеток, мехмайстэрні, іншыя будынкі сельскагаспадарчага прызначэння.
Тут жа размяшчаюцца і тры фермерскія гаспадаркі: “Капінскі Л.А.”, “Муха П.В.” і “Легун Г.Н.”.
У Сухавічах на сёння няма ўжо ніякіх суб’ектаў сацыяльнай і гаспадарчай інфраструктуры, акрамя, зразумела, фермерскай гаспадаркі “Яблыневы сад” і фермерскай гаспадаркі “Глостэр”.
І хто яго ведае, як будзе ў далей-шым. Як кажуць: “человек предполагает, а Господь располагает”.
Можа з цягам часу дзеці Аляксандра Бандарчука, а можа і ён сам, ці яшчэ нехта, задумаюць стварыць на сваёй Бацькаўшчыне – малой радзіме, нешта іншае ў дадатак да ўжо высаджанага саду.
Жыццё пакажа! А пакуль яно працягвае ісці сваім чарадом.
Іван Гарыст.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.