Да 100-годдзя з дня нараджэння. Пётр Машэраў: Таленавіты кіраўнік і выдатны чалавек

машэров (копия)

У гарадах і вёсках Беларусі ў гэтыя дні праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння знакамітага сына Беларусі, слыннага дзеяча другой паловы ХХ стагоддзя Пятра Машэрава.
Так, напрыклад, у Віцебскім краязнаўчым музеі разгарнулася ўнікальная фотадакументальная выстава “Сын зямлі беларускай”. У склад выставы ўвайшлі ажно дзесяць тэматычных блокаў-стэндаў. Дарэчы, у фондах музея захоўваецца звыш чатырох соцень прадметаў мемарыяльнага фонду гэтага легендарнага чалавека, Героя Савецкага Саюза.
Малая радзіма Пятра Міронавіча – вёсачка Шыркі Сенненскага раёна. Ён нарадзіўся 13 (26 лютага) 1918 г. ў сялянскай сям’і, у якой было пяцёра дзетак. Лёс бацькі і маці будучага беларускага лідара надзвычай трагічны. У 1937 г. быў беспадстаўна арыштаваны бацька, Мірон Васільевіч, які загінуў у лагеры. У верасні 1942 г. фашысты за сувязь з партызанамі арыштавалі маці, Дар’ю Пятроўну, і расстралялі.
У 1939-м Пятро скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава. Працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ. Хацеў жыццё прысвяціць самай гуманнай прафесіі на зямлі, аднак гітлераўцы парушылі планы юнака.
У першыя дні Вялікай Айчыннай у Расонах фарміруецца знішчальны батальён, куды адразу запісваецца юнак. З часцямі Чырвонай Арміі ідзе на ўсход, трапляе ў акружэнне, у палон. Аднак здолеў ўцячы ад гітлераўцаў. Вяртаецца ў Расоны, дзе стварыў і ўзначаліў падпольную камсамольскую арганізацыю. З красавіка 1942 г. ён камандзір партызанскага атрада імя М. А. Шчорса, з сакавіка 1943 г. — камісар партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага, адначасова з лістапада 1943 г. — першы сакратар Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ.
Пётр Міронавіч браў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і правядзенні баявых аперацый. Пад яго кіраўніцтвам партызаны наносілі ўдары па камунікацыях гітлераўцаў у Віцебскай і Калінінскай абласцях, Латвійскай ССР. Быў двойчы паранены. Увайшоў у нацыянальную гісторыю як адзін з актыўных арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на Беларусі.
Асабліва цёплыя адносіны былі ў Пятра Міронавіча да непаўторнай Вілейшчыны: у 1944-45 гг. ён тут жыў і працаваў, зарэгістраваў шлюб з Палінай Галанавай. Тут нарадзілася іх дачка. У Вілейцы, на вуліцы з сімвалічнай для біяграфіі Машэрава назвай — Партызанская — у гонар яго была адкрыта на будынку, дзе працаваў, мемарыяльная дошка.
1 жніўня 1955 г. П. Машэраў узначаліў Брэсцкі абкам КПБ. Асаблівую увагу ён надаваў Брэсту як прыгранічнаму гораду, варотам Беларусі. Менавіта Пётр Міронавіч загадаў як мага больш аператыўна аформіць музей абароны Брэсцкай крэпасці, які, дарэчы, адчыніўся 6 лістапада 1956 г. Дзякуючы яму разгарнулася праца па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», які быў адкрыты 25 верасня 1971 г.
У Брэсце на будынку адміністрацыі, дзе працаваў (вул. Леніна, 13), і на доме, дзе жыў (вул. К. Маркса, 20), устаноўлены мемарыяльныя дошкі (адпаведна ў 1998 і 2006 гг.). У 2005 г. у Брэсце яго імем былі названы праспект і агульнаадукацыйны ліцэй.
Вайна назаўсёды прапісалася ў памяці ўчарашняга салдата Машэрава. І таму вялікая заслуга належыць Пятру Міронавічу і ў стварэнні велiчнага мемарыялу ў Мінску «Курган Славы» (1969): менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944 г. у час аперацыі “Баграціён” трапіла ў акружэнне 150-тысячная групоўка фашыстаў – у “мінскі кацёл”.
Шмат ён робіць і для стварэння мемарыяльных комплексаў «Хатынь» (1969) і «Прарыў» (1974), які быў адкрыты на Віцебшчыне у гонар подзвігу партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.
У перыяд дзейнасці Пятра Машэрава Беларусь дасягнула значных поспехаў у развіцці эканомікі, навукі і культуры, стала адной з высокаразвітых рэспублік СССР. Пётр Машэраў аб’ездзіў амаль усю Беларусь, пабываў на многіх прадпрыемствах, арганізацыях, у калгасах, саўгасах, некалькі разоў ён бываў і на калінкавіцкай зямлі.
У 1978-м, калі ўжо працаваў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі, Пётр Міронавіч быў ушанаваны званнем Героя Сацыялістычнай Працы. Як кіраўнік ён вызначаўся інтэлігентнасцю, прынцыповасцю, высокай культурай, нязменнай павагай да людзей любога рангу. Неабыякавасць, прастата, чалавечнасць – гэтыя яго рысы заўсёды былі стрыжнявымі.
Вельмі любіў сваю жонку Паліну Андрэеўну і дачок Наталлю і Алёну.
Надзвычай настойліва змагаўся за прысваенне Мінску звання горада-героя, якое і было прысвоена сталіцы 26 чэрвеня 1974 г.
Шмат намаганняў зрабіў для будаўніцтва метрапалітэна, якое распачалося ў 1977 г.
Пётр Машэраў трагічна загінуў у аўтакатастрофе непадалёку ад Смалявіч 4 кастрычніка 1980 г. Аўтамабіль «Чайка», у якім ён ехаў, урэзаўся ў грузавік.
Пахаваны слынны сын Беларусі на Усходніх могілках (участак № 18) у Мінску.
У сталіцы імем Машэрава ў 2005 г. быў названы праспект — магістральная вуліца, частка першага гарадскога кальца.
Яго імем названы завод аўтаматычных ліній, СШ № 137. На доме № 13 на вул. Чырвонаармейскай, дзе жыў П. Машэраў, прымацавана мемарыяльная дошка.
У Віцебску у гонар знакамітага земляка устаноўлены бронзавы бюст.
У 1995 г. Віцебскі педінстытут імя С. М. Кірава быў ператвораны ў Віцебскі ўніверсітэт, а ў 1998 г. універсітэту было прысвоена імя яго выпускніка. Сёння тут працуе музей легендарнага сына зямлі сенненскай.
І як добра, што Пятра Машэрава помняць беларусы, лічаць яго таленавітым кіраўніком і выдатным чалавекам.
Яго постаць мае вялікае значэнне ў духоўным жыцці Беларусі. Ён не толькі выйшаў з самай гушчы народа, але і заставаўся з народам да апошніх дзён свайго жыцця.
Канстанцін Карнялюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.