Ніна Пырко выхоўвае вучняў на песнях і казках продкаў

Пырко

Ніну Пырко, у дзявоцтве Гаркушу, настаўніцай бачылі бацькі Рыгор Мітрафанавіч і Надзея Сяргееўна. Пярэчыць ім дзяўчына не стала і пасля заканчэння Вялікааўцюкоўскай дзесяцігодкі паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут. Праўда, з-за факультэта крыху паспрачаліся: родныя хацелі, каб дачка выкладала матэматыку і фізіку, Ніна ж заўпарцілася – толькі пачатковыя класы. “Паслухала сэрца, — прызнаецца яна. – Дзякуй Богу, яно мяне не падманула, а таму ад працы, нягледзячы на трыццацігадовы стаж, і сёння атрымліваю задавальненне”.

Успамінаючы дзяцінства, Ніна Рыгораўна расказвае:

—  Жылі мы небагата, але дружна, шчасліва. Бацьку я ніколі не бачыла сярдзітым або п’яным. Мяне, сваю адзіную дачушку, ён аберагаў, любіў здзіўляць нечаканымі падарункамі. Апекавалі мяне і старэйшыя браты Аляксандр і Міхаіл. А маці ў мяне ўвогуле было ажно чатыры: родная, хросная – Марыя Судас і дзве цёткі – Вольга Стома і Вольга Барысенка – звычайныя сялянскія жанчыны, прыгожыя сваёй мудрасцю, працавітасцю. Аднакласніцы з зайздрасцю казалі: “Шчаслівая ты, Нінка. Столькі ўвагі кожны дзень”.

Падчас вучобы ў інстытуце Ніна выскачыла замуж і нарадзіла дваіх дзяцей. Вельмі цяжка было сумяшчаць вучобу і мацярынства, але дзякуючы дапамозе родных, якія з лёгкасцю адпускалі маці-студэнтку на вучобу, у яе ўсё атрымалася.

 — Да прыходу ў СШ №1 мне давялося папрацаваць ў Кротаўскай васьмігодцы і Борускай пачатковай школе. І ўсюды мне шанцавала і на вучняў, і на калег, — з цеплынёй у голасе адзначае Ніна Рыгораўна. – На ўласным вопыце ведаю, што маладому настаўніку вельмі важна адчуваць падтрымку калектыву, адміністрацыі. Калі гэта ёсць, адаптацыя на новым месцы работы ідзе значна лягчэй.       

Яна ўдзячная лёсу за сустрэчу з такімі прафесіяналамі педагагічнай справы, як Аляксандра Іванаўна Радута, Ніна Іванаўна Захарэвіч, Крысціна Браніславаўна Вежнавец, Валянціна Пятроўна Цішкавец, Святлана Яўгеньеўна Карпуніна. Побач з імі было сорамна працаваць напаўсілы, без энтузіязму, цікавых ідэй. І Ніна Рыгораўна старалася, цягнулася за вопытнымі і таленавітымі настаўнікамі. Па яе ініцыятыве ў 2005 годзе ў СШ №1 з’явіўся кабінет этанаграфіі, у якім сабраны прылады працы, прадметы культуры і побыту, адзенне і абутак беларусаў. Але ж найбольшую цікавасць ў наведвальнікаў міні-музея выклікаюць ткацкія станкі. Іх тры і ўсе рабочыя, а таму можна паспрабаваць сябе ў ролі рукадзельніцы мінулага стагоддзя.

 — Збірала экспанаты па родных і знаёмых. Шмат чаго прынеслі калегі, дзеці і іх бацькі, якіх я “заразіла”сваёй ідэяй, — расказвае Ніна Рыгораўна. – Пачыналася ўсё з невялічкага этнакутка ў класе, які паступова шырыўся, рос і стаў патрабаваць асобнага кабінета. Хутка зразумела, што экспазіцыі не хапае цэнтральнага экспаната, які б зрабіў яе запамінальнай. Падзялілася думкамі з мужам Аляксандрам, а той кажа: “А ткацкі станок? Чаго ён ляжыць без патрэбы на гарышчы ў бацькоўскай хаце?” 

Ткаць яе яшчэ ў дзяцінстве навучылі маці і бабуля Васіліна Фамінічна – знатныя ў Боруску рукадзельніцы. Але ж з таго часу шмат вады ўцякло, а таму Ніна Рыгораўна, каб асвяжыць веды і навыкі, звярнулася да ўмеліцы з Вялікіх Аўцюкоў Таццяны Максімаўны Баравік. Пасля месяца заняткаў тая падаравала сваёй стараннай вучаніцы ткацкі станок, які, праўда, патрабаваў рэстаўрацыі. І тут на дапамогу зноў прыйшоў муж Аляксандр – майстар на ўсё рукі.

-Станкі мы ўстанавілі якраз перад традыцыйнай прыёмкай школы, — успамінае Ніна Рыгораўна. – Віктар Піліпец – былы кіраўнік раёна – калі іх пабачыў, звярнуўся да мяне са словамі: “Чуў, вы ўмееце ткаць. А дзяцей здолееце навучыць?” – “Канешне, толькі для гэтага спатрэбіцца шмат нітак”. – “Будуць вам ніткі. Толькі вучыце, каб продкаў і іх спадчыну не забывалі”.

Так на базе этнакутка ўзнікла аб’яднанне па інтарэсам “Народная творчасць”. Сёння яго наведваюць 15 вучняў трэціх і чацвертых класаў. На занятках дзеці вучацца шыць, вышываць, вязаць пруткамі і кручком і, зразумела, ткаць. Лепш за ўсё ў іх атрымліваюцца сурвэткі і рушнікі. Нядаўна работы юных умельцаў былі адзначаны Дыпломам ІІІ ступені рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд”  у намінацыі “Захаванне беларускіх нацыянальных традыцый” і Дыпломам ІІ ступені абластнога этапу рэспубліканскага конкурсу па мастацткаму тэкстылю ў намінацыі “Ткацтва”.    

Шмат ўзнагарод і ў Ніны Рыгораўны. Ёсць ў скарбоцы і Падзякі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, і Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і Дыплом пераможцы ХV рэспубліканскай выставы педагагічнага вопыту “Я – грамадзянін Беларусі”…

На працягу многіх гадоў маім педагагічным крэда з’яўляюцца словы Змітрака Бядулі: “Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця”. Я вырасла на бабуліных казках, на матчыных песнях… На іх жа выхоўваю сваіх вучняў. І я не буду плакаць, калі яны не стануць знакамітымі вучонымі, спартсменамі, музыкантамі… Але ж калі даведаюся, што нехта з іх забіў, украў, здрадзіў, абхітрыў, то, напэўна, звольнюся са школы, бо грош цана мне, як настаўніку.

Разам са сваімі вучнямі Ніна Рыгораўна шмат падарожнічае па Беларусі. Напрыклад, на гэтых зімовых канікулах яны правялі некалькі цудоўных дзён у старадаўнім Полацку. А ўвогуле са сваім 3 “В” яна ўжо пабывала ў Тураве, Юравічах, Гомелі, Козенках, Акцябрскім.

 — Не люблю, калі настаўнікі кажуць: “У цябе вучні паслухмяныя, таму ты з імі ўсюды і раз’язджаеш”, — адзначае Ніна Рыгораўна. – Паверце, у кожным класе хапае і парушальнікаў дысцыпліны, і непасед, і капрызуль… Задача настаўніка – да кожнага знайсці падыход. Для гэтага трэба ўмець ставіць сябе на месца вучня, сябраваць з бацькамі. І ніякіях любімчыкаў у класе – гэта прамы шлях да праблем з дысцыплінай.

На маё пытанне, якая Ніна Рыгораўна настаўніца, дзеці ў адзін голас адказваюць, што справядлівая, патрабавальная і вельмі-вельмі добрая. Яна не дазваляе карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў, не разумее, як можна не падрыхтаваць дамашняе заданне, не любіць дрэнных адзнак, а таму заўсёды дае магчымасць іх выправіць.

— Галоўнае – не адзнака, а веды, — упэўнена Ніна Рыгораўна. — Трывалыя, глыбокія, якія ў будучым дапамогуць атрымаць прафесію, зрабіць кар’еру. Таксама важна мець хобі, лепш – творчае ці спартыўнае. Хобі – гэта радасць, пазітыўныя эмоцыі. Я і бацькам будучых першакласнікаў, што прыходзяць да мяне на падрыхтоўчыя заняткі, заўсёды кажу: “Мне не трэба, каб вашы дзеці чыталі, пісалі, лічылі. Я іх гэтаму сама навучу. Няхай яны спяваюць, малююць, танцуюць, плаваюць, вышываюць, займаюцца футболам ці каратэ… Карацей кажучы, усебакова развіваюцца”.     

Таццяна ЗУБЕЦ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.