Стараселле

снимок 361

Чарговая наша вандроўка адбылася напрыканцы восені ў вёску Стараселле, што знаходзіцца на самым ускрайку раёна за 47 км на паўночны захад ад Калінкавіч. Па пісьмовых крыніцах яна вядома з XIX стагоддзя як паселішча ў складзе Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета.
У 1816 годзе Стараселле было шляхецкай уласнасцю і складалася з чатырох двароў. У 1850 годзе згодна рэвізійным матэрыялам там ужо пражывала 100 жыхароў.
Пад 1879 годам Стараселле пазначана як сяленне ў Колкаўскім царкоўным прыходзе. Паводле перапісу 1897 года там было 16 двароў і 182 жыхары.
У 1908 годзе – 37 двароў і 248 жыхароў. У 1925 годзе – 65 двароў і каля 500 жыхароў.
У 1930 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас пад назвай “За ўраджай”. У вёсцы дзейнічала пачатковая школа, у якой у 1935 годзе навучалася 46 вучняў.
У гады масавых рэпрэсій, калі ішло выкараненне селяніна, сапраўднага гаспадара зямлі, ахвярамі сталінскага генацыду сталі два жыхары Стараселля – браты Ботка Андрэй Дзям’янавіч і Ботка Іван Дзям’янавіч, якіх расстралялі ў сакавіку 1938 года.
Адзінаццаць не вярнуліся з вайны
Бадай, не было ў Стараселлі сям’і, у якой не пакінула б свой крывавы след Вялікая Айчынная вайна. Ахвярамі фашысцкага тэрору сталі 11 воінаў Чырвонай Арміі, ураджэнцаў вёскі: Тарас Арэшка (загінуў у 1943 г.), Мяфодзій Ботка (загінуў у 1941 г.), Міхаіл Бохан (загінуў у 1944 г. у Літве), Павел Бохан (прапаў без вестак), другі Павел Бохан загінуў у 1944 г. у Васілевіцкім раёне, Яўхім Бохан (загінуў у 1944 г.), Рыгор Валавод (прапаў без вестак), Юрый Валавод (загінуў у маі 1944 г.), Яўсей Касьянчык (прапаў без вестак), Якаў Макарэвіч (загінуў у 1944 г.), Максім Отчык (загінуў у 1942 г. у Ленінградскай вобласці).
Верагодна, многія чулі пра знакаміты комплекс «лінія Сталіна» пад Мінскам. Але тое, што і ў нашых Палескіх мясцінах захаваліся аналагічныя збудаванні, ды яшчэ і ў нядрэнным для наведванняў і экскурсій стане, ведаюць не ўсе.
У Беларусі акрамя Мінскага, былі яшчэ Слуцкі, Полацкі і Мазырскі ўмацаваныя раёны. Самы паўднёвы з іх — Мазырскі. Ён размяшчаўся на тэрыторыі Калінкавіцкага, Мазырскага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага і Ельскага раёнаў.
Абарончая паласа складалася з 13 асобных абарончых раёнаў — сямі батальённых і шасці асобных ротных.

снимок 358
Перпендыкулярна фронту Мазырскага ўмацаванага раёна працякала рака Прыпяць — водная перашкода, якая фактычна падзяліла адзін раён на два асобных. У 1939 годзе яны афіцыйна сталі называцца Паўночным і Паўднёвым сектарамі.
Паўночны сектар умацаванага раёна знаходзіўся на тэрыторыі Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў. Яны ствараліся па плане, зацверджаным маршалам Шапашнікавым ў 1930 годзе. Абарончая паласа Паўночнага сектара з пярэднім краем па левым беразе ракі Пціч уключала ўмацаванні 4-х асобных абарончых раёнаў. На тэрыторыі Калінкавіцкага раёна грунтаваўся 33-ы асобны кулямётны батальён са штабам у вёсцы Слабодка-1 (сёння Петрыкаўскі раён).
Будаўніцтва абарончай мяжы «лініі Сталіна» у нашай мясцовасці пачалося ў 1928-м і працягвалася да 1939 года. Уздоўж ракі Трэмля каля вёскі Стараселле было ўзведзена 9 дотаў. На адлегласці 1,5 кіламетраў ад вёскі знаходзіўся ваенны гарадок.
Нямецкія войскі занялі мясцовасць у жніўні 1941-га. Байцы Чырвонай Арміі змагаліся стойка. Толькі ў апошнія дні жніўня чырвонаармейцы пакінулі доты і адступілі, а частку ўмацаванняў узарвалі.
Тады пад Савічамі ішлі жорсткія баі і, як успамінаюць жыхары, танкі стаялі прама ў хатах. Стараселле ж апынулася на пярэднім краі абароны.
Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы жылі 123 жыхары.
Калгас “За ўраджай” увайшоў у склад саўгаса “Трамлянскі” з цэнтрам у вёсцы Савічы. Жыхары Стараселля працягвалі працаваць на мясцовай ферме, шчыравалі на палетках.
Тыя ж, хто імкнуўся да навукі, паз’язджалі ў гарады, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Дэпутат Дзярждумы
Сярод знакамітых выхадцаў вёскі трэба адзначыць Мікалая Ботку, які стаў заснавальнікам і прэзідэнтам прамыслова-будаўнічай кампаніі “БіК” у Ленінградзе, а потым дэпутатам Дзяржаўнай думы РФ.
Нарадзіўся Мікалай Пятровіч 12 лютага 1949 года ў Стараселлі. Скончыў Ленін-градскі тэхнікум прамысловай цеплатэхнікі і Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў намеснікам начальніка Ленін-градскага аддзялення ААПП «Пулкава», начальнікам участка на Байкала-Амурскай магістралі ў Паўночна-Байкальску, намеснікам дырэктара Гатчынскага мэблевага камбіната. У 1988 г. арганізаваў кааператыў «Оредеж», які паклаў пачатак развіццю прамыслова-будаўнічай групы «Бік», прэзідэнтам якой ён быў да 1999 года. Мікалай Ботка вядомы ў Расіі як мецэнат, спонсар школ, дзіцячых садоў, музеяў, бібліятэк, арганізатар фонда сацыяльнай і дабрачыннай дапамогі «Надзея».
У снежні 1997 г. ён быў выбраны дэпутатам Заканадаўчага сходу Ленінградскай вобласці. З 1999 г. — дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ. Узнагароджаны ганаровым знакам «Заслужаны дарожнік Расіі». Член прэзідыума Федэрацыі веласпорту Расіі. Калекцыяніруе зброю. Жанаты, мае трох сыноў.
Малодшы брат Мікалая Боткі – Канстанцін таксама жыве ў Расіі. Кажуць, што ён стаў добрым перакладчыкам, аб’ездзіў шмат краін.
У 1999 годзе ў Стараселлі налічвалася 13 двароў і 24 жыхары. У 2004 годзе — 11 гаспадарак і 18 жыхароў.
Каб пералічыць сённяшніх вяскоўцаў, хопіць пальцаў на адной руцэ. Фактычна там жывуць тры чалавекі.
Толькі плугам не навучылася араць

У Стараселле мы накіраваліся разам са старшынёй сельвыканкама Інай Блоцкай. Па дарозе Іна Савельеўна прапаноўвае крыху затрымацца ў Савічах, каб пазнаёміць нас з Надзеяй Пятровіч, якая ўсё жыццё пражыла ў Стараселлі, шмат гадоў была старастай вёскі.
— Я б і сёння там жыла, каб хвароба не напала, — адразу падкрэсліла 82-гадовая жанчына. – Пасля таго, як стала інвалідам, ужо шосты год жыву ў дачкі ў Савічах.
Так здарылася, што з чатырох дзяцей у Хадоссі і Барыса Якушаў засталася адна Надзейка. Двое старэйшых памерлі яшчэ да вайны. А малодшы хлопчык нарадзіўся ў 1941 годзе ўжо ў акупіраванай вёсцы.
— Мы з маці доўга хаваліся ў халодным сырым пограбе. Яна толькі нарадзіла, сядзела там з немаўляткам на руках. Брацік пражыў два тыдні.
Бацьку нашага прызвалі толькі ў 1945 годзе, пасля вызвалення. Служыў у абозе. Памятаю, як ён прыйшоў у Перадзельнае, куды нас часова вывезлі, развітвацца. Не ведалі, ці пабачымся яшчэ: мы з маці хварэлі тыфам. Але ж неяк ачунялі, — расказвае Надзея Барысаўна.
Яшчэ да вайны Надзея Якуш скончыла Старасельскую чатырохгодку, дырэктарам і настаўнікам у якой у пасляваенны час шмат гадоў быў франтавік Ігнат Данілавіч Падбярозкін з суседніх Савіч. Потым яшчэ чатыры класы вучылася ў Савічах.
— Там была сямігодка. А каб скончыць васьмігодку, трэба было хадзіць у Колкі. Я спачатку і пайшла. Два дні пахадзіла і кінула. Са Стараселля я была адна, усе мае аднагодкі працаваць пайшлі. А я што? – тлумачыць жанчына. – Так усё жыццё і адпрацавала ў саўгасе. На ўсякіх работах была: і касіла, і жала, і свіней з каровамі пасвіла, і даіла, і даглядала. Толькі плугам не навучылася араць, а так усякай працы паспытала.
Старшынёй калгаса быў Мікалай Маркавіч Верас. Яго жонка Марыя Іосіфаўна працавала брыгадзірам.
— А што яшчэ было ў вёсцы, Надзея Барысаўна? Клуб, крама?
— Клуб, донька мая, быў у нашай хаце. Яна была вялікая, а бацькі мае вельмі добрыя і гасцінныя. Адразу пасля вайны ў нашай хаце былі яслі. Маці варыла дзеткам есці, была ў нейкім родзе загадчыцай садка. А няньчылася з малымі Надзея Еўтух, сёння яна Яцко. Вы з ёю абавязкова пазнаёміцеся, жыве яна, як і раней, у Стараселлі. Ну а потым у хаце быў клуб. На выхадных былі танцы, прывозілі з Савіч кіно.
А крама спачатку была ў хаце Дар’і Касьянчык, яна ж і прадаўцом там была. Потым краму перанеслі ў драўляны будынак старой школы.
Пытаюся, ці былі ў Стараселлі ветэраны вайны і працы.
— Былі такія, — працягвае ўспаміны Надзея Пятровіч. – Самай лепшай, перадавой даяркай лічылася Вольга Касьянчык. Мікалай Гіль быў добрым трактарыстам. А франтавік Павел Якуш, які з вайны прыйшоў без адной нагі, працаваў у аддзеле кадраў саўгаса.
Замуж Надзея Барысаўна пайшла за аднавяскоўца Леаніда Пятровіча. Разам з ім выгадавала чацвярых дзяцей.
Леаніда Пятровіча няма ўжо сямнаццаць гадоў, але засталіся яго нашчадкі. Сёння ў жанчыны восем унукаў і пятнаццаць праўнукаў.
Дзякуем Надзеі Пятровіч за цікавы расказ і накіроўваемся да машыны. Пара ехаць у Стараселле – знаёміцца з трыма апошнімі жыхарамі вёскі.
…З першага позірку кідаецца ў вочы, што вёска ў хуткім часе, на жаль, знікне. Хат тут засталося мала, і толькі з некалькіх комінаў цягнецца дымок.
Працавала ў брыгадзе

Першай жывой душой, што мы сустрэлі, стала Любоў Пятровіч, якая 15 снежня адзначыла 70-гадовы юбілей.
Жанчына завіхалася на падворку, а калі пабачыла нечаканых гасцей, крыху збянтэжылася. Села на лаву. Але пры старшыні сельвыканкама супакоілася.
Любоў Пятроўна – інвалід з дзяцінства, 16 гадоў пражыла ў інвалідным доме. Да гэтага, як кажа, скончыла пяць класаў і пайшла жаць лён у калгас. Потым працавала ў брыгадзе. Сёння яна на пенсіі.
Не было чаго есці, дзе жыць

Другой жыхарцы Стараселля Надзеі Яцко па пашпарце 84 гады. На самой жа справе на два больш.
— Укралі два гады, — з усмешкай кажа жанчына. – Маці мая і класа не скончыла, у гадах не разбіралася. Пасля вайны, калі метрыкі рабілі, не змагла назваць год, у які я нарадзілася. А я ж была маленькая, худзенькая. На колькі выглядала, столькі ў сельсавеце і запісалі.
Нарадзілася Надзея Паўлаўна ў Стараселлі, дакладней на Дарафеевым хутары. Калі пачалася вайна, яе бацьку Паўла Еўтуха адразу прызвалі на фронт. Жонка і дзеці так яго і не дачакаліся.
— Тыя гады ажно ўспамінаць жудасна, — кажа жанчына. – Мы хаваліся ў лесе, а ў гэты час у нашым селішчы абжываліся немцы. Машын у агародзе наставілі. Вуллі перавярнулі, рамкі з медам забралі, а пчол у снег вытрусілі… У мяне і сёння гэта перад вачыма: замерзлыя пчолы на бялюткім снезе… Калі мы вярнуліся дадому, крышы над нашай хатай не было – немцы знялі на акопы. Ой! Як успомню, плакаць хочацца. Не было, што есці, дзе жыць. Сучаснай моладзі гэтага не зразумець. Некаторыя нават пад акном не хочуць маленькую градачку ўскапаць, каб свой агурок быў. Кураць, п’юць, не робяць, пры гэтым не галодныя і надзетыя – дзіву даюся: на што яны толькі жывуць?!
На пытанне, кім працавала, Надзея Паўлаўна паказала напрацаваныя рукі.
— Паглядзіце на іх, і ўсё адразу зразумееце. Стагі кідала, лес валіла, кароў-свіней карміла, і пахала, і касіла.
Муж Надзеі Яцко таксама быў мясцовы, нарадзіўся на хутары Яцкаў мост. Васіль Максімавіч, якога няма ўжо больш за 20 гадоў, працаваў на трактары ў саўгасе.
Разам яны выгадавалі чацвярых дзяцей. Вольга і Людміла сёння жывуць у Светлагорску, Жанна на Смаленшчыне, сын Міхаіл у Рэчыцы.
— Наведваюць часта. Асабліва Міша. Гэта ж яго вуллі на двары стаяць, — расказвае жанчына, і са шчаслівай усмешкай на твары дадае: — Сёння наша сям’я складаецца з 29 чалавек. У мяне восем унукаў і ўжо шэсць праўнукаў.
Трымае Надзея Паўлаўна і невялічкую гаспадарку: ката, сабачку і некалькі курачак.
Да працы прывучаны з дзяцінства

Апошні жыхар Стараселля і адзіны на сёння мужчына ў вёсцы – 82-гадовы Іван Канапля.
— Івана Мікалаевіча я стаўлю ў прыклад некаторым нашым маладым сем’ям, — кажа Іна Савельеўна. – Калі робім падворныя абыходы, і бачу, што ў маладой гаспадыні дома бруд, кажу: “Трэба вас да Мікалаевіча ў Стараселле на экскурсію звазіць. У яго падлога не фарбаваная, а такая чыстая, ажно зіхаціць”.
— А як інакш? – здзіўляецца вясковец. – Да працы я прывучаны з дзяцінства.
Яго бацька Мікалай Мартынавіч пасля вайны не пражыў і года: асколак з грудзей у шпіталі не вынялі.
Іван, як старэйшы, у 14 гадоў пайшоў працаваць ў калгас. Быў прыцэпшчыкам у трактарыста, ездавым на конях. Потым вывучыўся ў Савічах на трактырыста і перасеў на Т-25, на якім працаваў да самай пенсіі.
Разам з жонкай Евай Юр’еўнай, якая ўсё жыццё шчыравала ў саўгаснай брыгадзе, Іван Канапля выгадаваў дачку Валянціну. Духмяныя розы, што квітнеюць на яго падворку ўлетку, яе рук справа. Часта наведвае дзядулю і ўнук Юра, дапамагае па гаспадарцы, на агародзе.
А вось з хатнімі справамі Іван Мікалаевіч яшчэ ўпраўляецца паціху сам. Увечары любіць палістаць свежыя газеты, паглядзець апошнія навіны.
…З дарогі яшчэ раз акідваем позіркам вёску, а ў галаве круціцца думка: як добра, што мы сюды з’ездзілі. Праз нейкі дзясятак гадоў Стараселле можа назаўсёды знікнуць з карты нашага раёна, і ад вёскі застануцца толькі ўспаміны. У тым ліку і ўспаміны яе апошніх жыхароў.
Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.