Трамец

снимок 087

Машына жвава імчыць нас па аўтамабільнай дарозе на паўночны захад насустрач знаёмству з вёскай Трамец, якая знаходзіцца ў 50 км ад Калінкавіч і праз некалькі дзясяткаў гадоў можа назаўсёды знікнуць з карты нашага раёна.
Абапал шашы раскінуліся лясы, якія змяняюцца палямі з маладой рунню. Прастора засінена восеньскім смуткам, але на душы ўсё роўна радасна — наперадзе сустрэча з новымі людзьмі, новыя ўражанні.
Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, Трамец вядомы з ХІХ стагоддзя як хутар у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
Большасць назваў вёсак нашага краю тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў. Так і ў гэтым выпадку: Трамец відавочна атрымаў сваю назву ад левага прытока Прыпяці — рэчкі Трэмля, якая працякае побач з вёскай.
У 1909 годзе ў вёсцы было 13 двароў і пражывала 97 жыхароў.
У гады грамадзянскай вайны, час усталявання савецкай улады, загінула шмат змагароў за новае жыццё. У іх ліку і жыхар вёскі Яфрэм Гармаш, чырвонаармеец 415-га палка, забіты палякамі 29 лютага 1920 года ў баі пад Трамцом. У памяць аб ім аднавяскоўцы паставілі памятнік з абеліскам на правым беразе Трэмлі.

снимок 012
У 1931 годзе жыхары населенага пункта ўступілі ў калгас імя Кагановіча. У 1935-м пасля аб’яднання калектыўных гаспадарак вёсак Трамец і Міхайлаўскае ў адну, ён быў перайменаваны і стаў насіць імя Калініна. Кіраўніком калгаса быў прызначаны Чарняўскі, якога прыслаў Даманавіцкі райкам партыі. Пасля Чарняўскага гаспадарку ўзначальваў Тозік, але, яго як моцнага кіраўніка, хутка забралі ў Азарычы.
У студзені 1964 года калгас імя Калініна ўвайшоў у склад саўгаса “Трамлянскі” з цэнтрам у вёсцы Савічы.
За год да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы пражывала 288 чалавек, налічвалася 72 двары.
У красавіку 1943 года вёска, якая апынулася на лініі фронту, была поўнасцю знішчана фашысцкімі акупантамі. Ва ўрочышчы Савін Рог ішлі вялікія баі. Частка хат была спалена, астатнія немцы разабралі на пабудову абарончых збудаванняў.
Сустрэць Вялікую Перамогу, вярнуцца дадому і прыняць удзел у аднаўленні зруйнаванага паселішча пашчасціла не ўсім ураджэнцам Трамца. Вядома, што на франтах Вялікай Айчыннай загінулі і прапалі без вестак 25 жыхароў вёскі, якія змагаліся з ворагам у радах Чырвонай Арміі і ў складзе партызанскіх атрадаў.
Напрыклад, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” Сямён Гормаш загінуў у 1944 годзе ў баях пад Віцебскам.
Чырвонаармеец Канстанцін Драпеза атрымаў медаль “За адвагу” і прапаў без вестак. Тэлефаніст Пётр Драпеза ў кастрычніку 1944 года таксама быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ураджэнец хутара Савін Рог Кірыл Драпеза прайшоў усю вайну, быў на фронце поварам і вярнуўся дадому з ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”.
Згодна перапісу насельніцтва, у 1959 годзе ў вёсцы пражывалі 216 чалавек. Працавала пачатковая школа, крама, ферма.
А ў 1999 годзе ў Трамцы налічвалася ўжо 48 жыхароў. У 2004 годзе – 25. Сёння ж іх засталося менш за 10.
…Па дарозе заязджаем у Савіцкі сельвыканкам, дзе да нас далучаецца яго старшыня Іна Блоцкая, якая з вялікай ахвотай згадзілася стаць нашым гідам.
— Заадно людзей лішні раз пабачу. Звычайна пад’язджаю туды падчас прыезду аўталаўкі — паглядзець хто што купляе, ці не трацяць пенсію на непатрэбныя рэчы, — з усмешкай тлумачыць Іна Савельеўна. – Чаго крывіць душой, у кожным савеце ёсць такія таварышы. Што тычыцца Трамца, то там такія нумары рэдка праходзяць. Вёска жыве адной дружнай сям’ёй. Людзі адзін пра аднаго ўсё ведаюць: хто захварэў, хто ў грыбы схадзіў і колькі набраў, хто гарэлку ў аўталаўцы купляе. І хаця афіцыйна ў гэтай вёсцы ў мяне адна памочніца — Юлія Лявонаўна Зіненка, фактычна ж — уся вёска. Дзякуй ім за гэта. Калі, бывае, што здарыцца, я заўсёды ў курсе ўсіх спраў. Летась, напрыклад, шалёная лісіца ў Трамец прыйшла (вёска ж стаіць у лесе), усіх мясцовых сабак знішчыла. Мне адразу жыхары патэлефанавалі.
…Ну вось мы і на месцы. Трамец сапраўды схаваўся ў лесе, як і казала Іна Блоцкая. Каля шашы зелянее маладзенькі сасоннік. Жылыя хаты сустракаюцца дзе-нідзе. Яны нібыта рассыпаліся па вёсцы, пахаваліся за дрэўцамі бэзу, асін ды акацый, што растуць усцяж дарогі.

Старажыл

снимок 051
А вось хата з нумарам 45. Тут жыве Дзмітрый Гормаш, на сённяшні дзень самы старэйшы жыхар Трамца. Вясною Дзмітрыю Якаўлевічу споўнілася 87 гадоў.
На двары гучным брэхам заліваюцца два сабакі.
— Маладыя, — кажа гаспадар. – Узяў іх пасля таго, як майго Рэкса ліса загрызла. Хадземце ж у хату, а то так і будуць брахаць.

снимок 058
Дзмітрый Якаўлевіч мясцовы, трамецкі. Да вайны паспеў скончыць тры класы пачатковай школы.
— Нарадзіўся тут, тут і памру. Яшчэ мой дзед Даніла тут жыў. Кругом былі адны хутары. Дзедаў меў назву Гарадзінка. Побач з ёй былі Цеснікі, Міжылішча. Сёння на іх месцы дзе-нідзе засталіся толькі кволыя дрэўцы грушак і яблыняк-дзічак, — расказвае старажыл. — За навукай мы хадзілі ў Савін Рог, там была школа-сямігодка. У ёй вучыліся дзеці з Трамца, Міхайлаўскага, Чыстай Лужы і іншых навакольных хутароў.
Калі пачалася вайна, Дзмітрыю Гормашу было 11 гадоў.
— Бацьку адразу прызвалі на фронт, у 1943 годзе ён трапіў у палон, там і згінуў. У нашай вёсцы былі немцы. Памятаю, як мы з маці хаваліся ў лесе, потым недзе ў Глускім раёне. Дзед, мая сястрычка і малодшы брацік 1940 года нараджэння трапілі ў Азарыцкі лагер смерці. Дзяўчынка памерла, брацік і дзед дачакаліся нашых. Калі вязняў вызвалілі чырвонаармейцы, дзед вынес на руках амаль нежывое дзіця і аддаў яго ў дзіцячы дом: не ведаў, што здарылася з маці – жывая яна, ці ўжо даўно на тым свеце…

снимок 005
Вярнуліся мы на голае месца. Нашу хату, як і іншыя, разабралі на бліндажы. Ад яе нічога не засталося…Вёску будавалі нанова. А каму яе было будаваць? Палова мужыкоў не прыйшла з вайны. А сярод тых, каму пашанцавала – шмат пакалечаных, кантужаных.
На пытанне ці помніць Дзмітрый Якаўлевіч каго-небудзь з удзельнікаў Вялікай Айчыннай, тых, хто быў у вёсцы паважаным чалавекам, старажыл адказаў:
— Чаму ж не? Быў у нас такі Ўладзімір Гормаш, прыйшоў інвалідам, але з ордэнам Чырвонай Зоркі. Франтавік Пятро Сянько працаваў пасля вайны брыгадзірам паляводчай брыгады. Ананій Траццякоў быў страхавым агентам, хадзіў па людзях і збіраў падаткі, у тым ліку за бяздзетнасць. Ён рабіў сваю работу і быў нядрэнным чалавекам, але ж у госці яго ніхто не чакаў (смяецца). Я ж у маці адзін застаўся, яна плаціла 50 рублёў кожны год. Тыя, у каго не было ніводнага дзіцяці – 150 рублёў.
Пасля вайны Дзмітрый Якаўлевіч скончыў яшчэ чатыры класы Валосавіцкай школы, што зна-ходзілася за 7 км ад роднай вёскі.
У Трамцы ж адразу пасля вызвалення адкрылі пачатковую школу. Яна размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. Першай яе настаўніцай была Яўгенія Байчук з Беразнякоў. Шмат гадоў адпрацавала ў школе Надзея Юдзіцкая з Савіч. Потым яе змяніла Мальвіна Чорная з Казанска. У 50-я гады школу зачынілі.

снимок 169
— На канікулах я разносіў пошту, працаваў у калгасе, — працягвае дзяліцца ўспамінамі Дзмітрый Гормаш. — У Трамцы быў кароўнік, цялятнік, канюшня, у якой стаялі 30 коней. Было і 15 пар валоў. Тады ж усё рабілі ўручную, тэхнікі не было. Адзін трактар на суткі ў гаспадарку дадуць, потым перагоняць на другое поле. А цяглавая сіла – коні, валы яны ж заўсёды пад рукой.
Адразу пасля вайны мясцовай фермай загадваў Фёдар Драпеза. Калі ён пераехаў у Хойнікі, змянілася яшчэ некалькі загадчыкаў. Іх прозвішчы Дзмітрый Якаўлевіч ужо і не памятае. Затое ўспомніў лепшых працаўніц вёскі, тых, на каго раўняліся, каго паважалі – даваенных, якіх называлі “стаханаўкамі” — даярак Алену Юршак і Еўфрасінню Максіменка, палявода Марту Драпезу, і тых, хто шчыраваў у гаспадарцы ўжо пасля вайны – Веру Кормаз, Ніну Крэк, Юлію Зіненка.
У пошуках лепшага жыцця Дзмітрый Якаўлевіч паехаў на Урал, уладкаваўся электрапільшчыкам на лесанарыхтоўку. Пасля пераехаў валіць лес ў Карэлію. Там спаткаў дзяўчыну з Брагіна, ажаніўся і вярнуўся дадому ўжо сямейным чалавекам.
— Жылі, як усе, — распавядае. – Працавалі. Я конюхам, пастухом, потым на трактары. Мая Ірына шчыравала ў калгаснай брыгадзе.
Тады вёска жыла. Дзяцей было шмат. У кожнай хаце не менш трох. У нас, напрыклад, нарадзілася пяцера – два сыны і тры дачкі. Сёння ў мяне 16 унукаў і 26 праўнукаў.
Тут трэба дадаць, што дзве дачкі Дзмітрыя Якаўлевіча закончылі Савіцкую школу з залатымі медалямі. Таццяна наогул стала першай медалісткай у гісторыі школы.

снимок 028
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Дзмітрый Якаўлевіч і сёння не сядзіць без справы. Усё ў хаце і на падворку зроблена яго працавітымі рукамі. А колькі кашалёў, кошыкаў ён наплёў, колькі бочак сабе і суседзям нарабіў, – ён ужо і злічыць не можа.
— А вось грубкі памятаю — сем-восем дзясяткаў за сваё жыццё точна зляпіў, не менш, — кажа. – Канешне, сёння які ўжо з мяне пячнік? А кашалі яшчэ пляту, балуюся. Лазы ж у лесе хапае, далёка хадзіць не трэба…

снимок 066

— Якаўлевіч, жывы? Усё добра? Хто тут у вас? – чуецца голас з вуліцы. Гэта Марыя Забіка, 80-гадовая суседка Дзмітрыя Гормаша зайшла адведаць суседа. — Пабачыла машыну, думаю, зайду пагляджу, хто да вас прыехаў. О! Тут і Савельеўна наша!
Шчырыя адносіны жыхароў вёскі і Іны Блоцкай так і кідаюцца ў вочы. Адразу відаць, што старшыня добра ведае вяскоўцаў, цікавіцца іх справамі.
— Я ж мясцовая, савіцкая, — тлумачыць Іна Блоцкая. – Гэтыя людзі памятаюць мяне яшчэ з тых часоў, калі я пешшу пад стол хадзіла. Яны мне, як родныя.
У лагеры былі нечалавечыя ўмовы

снимок 132
Нетыповае для Трамца прозвішча Марыя Забіка атрымала пасля таго, як пайшла замуж за малдаваніна.
Пасля вайны яна па вярбоўцы працавала ў Смалявічах на торфанарыхтоўцы. А Іван Забіка служыў у Пячах. Там і пазнаёміліся.
— А паехала я на заробкі, бо не было чаго есці, што надзець і што абуць. Пасляваенныя гады былі вельмі цяжкімі. А ваенныя ажно ўспамінаць жудасна, — з боллю ў голасе распавядае жанчына. – Бацьку майму было 26 гадоў, калі пачалася вайна. З фронту ён не вярнуўся. Маці засталася адна з трыма дзецьмі на руках.
Калі вёску занялі немцы, жыцця нам не было. Яны забралі нашу карову, выгналі з хаты. Мы блукалі па лесе, потым перабраліся ў Глуск. Там маці захварэла тыфам.
Аднойчы да нас прыйшоў немец, пыхкаў-пыхкаў сваёй папіросай, доўга паглядаў на хворую маці. Потым кажа: “Збірайся, матка. Дадому паедзеш”.
Як сёння памятаю: стаіць яна на парозе – адно дзіця на руках, другое на плячах, а я моцна трымаюся за матчыну спадніцу…
Але павезлі нас не дадому, а ў Азарыцкі лагер смерці. Кінулі за калючы дрот у халодную стаячую ваду.

снимок 121
У лагеры былі нечалавечыя ўмовы – людзей трымалі ў холадзе на мокрай балоцістай мясцовасці. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам. Вакол не было ніякіх пабудоў, толькі кулямётныя вышкі, усе падыходы да лагера былі замініраваны.
Ціснулі маразы, вязням забаранялася раскладваць вогнішчы, яны былі вымушаны піць сырую балотную ваду. За супраціўленне ці пратэст – расстрэл.
Зняволеных марылі голадам, раз у некалькі дзён праз агароджу маглі кінуць кавалкі хлеба, за якія людзі біліся. Потым пад выглядам барацьбы “з беспарадкамі” немцы адкрывалі агонь…
Пяцігадовы Коля і Валодзя, якому было тры гадкі, там і памерлі. Мы ж з маці дачакаліся вызвалення…
Марыя Васільеўна каля 40 гадоў пражыла ў Малдавіі. Працавала ў тытуневодчай брыгадзе. На сваю малую радзіму вярнулася ў 90-я гады мінулага стагоддзя пасля смерці мужа, каб даглядаць старую маці.

снимок 097
— Час няспынна перагортвае старонкi нашага жыцця, пакiдае на iх свае адмецiны. Здаецца, учора ўсё гэта было. А сёння і я ўжо немаладая, — з горкай усмешкай кажа Марыя Забіка. – Сядзіць жменька людзей у лесе, нават не верыцца, што некалі зусім інакш было. З другога боку: што нам, старым, трэба? Ціш, спакой навокал. Аўталаўка ездзіць, пошту возяць, медычка з Міхайлаўскага адведвае, старшыня сельвыканкама не забываецца пра нас. Ды і дзеці з унукамі тэлефануюць, прыязджаюць. У мяне ўжо 17 праўнукаў, палову з іх я бачыла толькі на фотакартках. Дзеці ж мае хто ў Малдавіі, хто ў Вінніцкай вобласці. Дачка Люда, праўда, жыве недалёка, у Савічах. Сынок Васіль — у Калінкавічах, працуе на мэблевым камбінаце.
Бачыў Сінгапур, Ганконг і Японію

снимок 146
Дзякуем Марыі Васільеўне за яе аповед і рушым далей. Дзесьці побач жыве былы штурман далёкага плавання Уладзімір Гормаш, які прыходзіцца Дзмітрыю Гормашу родзічам. Іх бацькі былі стрыечнымі братамі.
Яго мы засталі на вуліцы з пілой у руках.
— Так. Былі, як кажуць, врэмена, — з настальгіяй уздыхае мужчына. – Чатырнаццаць гадоў аддаў мору. Пабываў у 39 краінах – Сінгапуры, Ганконгу, Японіі, Італіі, Перу, Швецыі, Нарвегіі, на Кубе. Нават у Антаркцідзе быў. Памятаю, хлопцы-адэсіты адтуль пінгвіна ўмудрыліся прывезці, і таможня не знайшла. Потым у заапарк аддалі. А вось Аўстралію з іх кенгуру так і не давялося пабачыць.
Не кожны ў савецкія часы, ды і сёння таксама, мог так пападарожнічаць, як Уладзімір Канстанцінавіч. Пытаюся, як наогул ён трапіў на службу ў Калінінградскі мортрансфлот — адзін з лепшых марскіх флотаў СССР, які ажыццяўляў перагон судоў у Мурманск, Находку, Петрапаўлаўск-Камчацкі, транспарціраваў рыбныя запасы.

— Хадзіць у мора я марыў з дзяцінства. І не я адзін, — расказвае Уладзімір Гормаш. – Гэта была наша агульная мара — мая і майго лепшага сябра Адама Сянько. Мы часта размаўлялі на гэтую тэму, гулялі ў адважных капітанаў, марылі разам паступіць у мараходку. Але ж выйшла так, што нашу мару ажыццявіў я адзін: Адама ў старэйшых класах забіла маланкай на сенажаці. Вось так…
Уладзімір Канстанцінавіч расказаў, што пасля таго, як змяніў марскую працу на сухапутную, яшчэ шмат гадоў яму амаль кожную ноч снілася мора. Нават і зараз, хоць і прайшло ўжо больш за тры дзясяткі гадоў, яно, калі-нікалі, з’яўляецца ў сне.
Суседкі, сяброўкі, родныя сёстры

снимок 253
Рушым далей. У доме з раскладам прыезду аўталаўкі на плоце жыве стараста вёскі Юлія Зіненка – жанчына надзвычайнай дабрыні, шчырая і гасцінная гаспадыня.
— Ведала, што будуць госці, Іна патэлефанавала, таму я катлетак вам насмажыла, бульбянога пюрэ натаўкла, — запрашае за стол Юлія Лявонаўна. – Паспытайце капусту свежасквашаную, добрая атрымалася.
У хаце Юліі Лявонаўны мы засталі яшчэ адну жыхарку Трамца – Кацярыну Дарафееву. Як высветлілася, жанчыны не толькі суседкі і добрыя сяброўкі, яны – родныя сёстры.
Кацярына старэйшая за Юлію на 8 гадоў.

снимок 181

— Самі мы бярозаўскія, — расказвае Юлія Лявонаўна. – Сакун наша дзявочае прозвішча. Наша маці памерла рана, засталося сем дзяцей. Мне тады 11 гадоў было. Наш бацька ўзяў мачыху. Не скажу, што яна вельмі паганая была, але ж родную маці не магла замяніць.
Каця працавала ў Мазыры на цагельным заводзе. Забрала з сабою і мяне — іх нарміроўшчыцы трэба была нянька для дзіцяці. Гады тры я тое дзіцятка глядзела. А потым завербавалася ў Грузію на чайную плантацыю.

снимок 175
Там Юлія Сакун пазнаёмілася з салдатам з Украіны Мікалаем Зіненка, які забраў маладую жонку да сябе ў Крым. Працавалі там у саўгасе, паціху абжываліся, трымалі гаспадарку.
— Але ж на чужыне маё сэрца штодзень шчымела па радзіме, і спякотны клімат мне не падыходзіў. Таму мы кінулі ўсё і прыехалі ў Трамец, — расказала Юлія Лявонаўна. – Потым сюды з сям’ёй з Мазыра пераехала і мая сястра Каця.
Юлія Зіненка шмат гадоў адпрацавала даяркай на мясцовай ферме. Прычым, заўсёды была ў ліку перадавых. Некалькі скліканняў выбіралася дэпутатам раённага і мясцовага саветаў дэпутатаў.
Мікалай Цярэнцьевіч быў брыгадзірам на ферме.
Разам яны выгадавалі чацвярых дзяцей. Сёння у жанчыны сем унукаў і чатыры праўнукі.
Кацярына Дарафеева таксама, як і малодшая сястра, удава. З узростам яе слых пагоршыўся, але калі размаўляць больш гучна, Кацярына Лявонаўна не толькі добра чуе, але і можа стаць цікавай суразмоўцай.

снимок 288

— Ой, донька, маладыя зараз кажуць, што дрэнна жывуць. Не, не так гэта. Пабачылі б яны, як мы жылі. Колькі я на драўлянай тачцы па рэйках гліны папацягала, мо таму так доўга зараз і жыву. А пасля працы чаргу за хлебам трэба было адстаяць. Потым з Драздоў у гору пешшу дадому прыйсці. А зараз красата – аўтобусы ездзяць, аўталаўка прысмакі возіць, толькі грошы з кішэні даставай!
Малодшае пакаленне

снимок 275
Зімаваць абедзьве сястры будуць у горадзе, кожная ў сваёй дачкі. І калі хата Юліі Зіненка будзе чакаць гаспадыню пустая, то ў доме яе сястры і зімой будзе кіпець жыццё.
Там ужо некалькі гадоў жыве сын жанчыны Анатолій.
— Ажаніўся другі раз. Узяў сабе маладую жонку, амаль дачку, — расказвае Кацярына Лявонаўна. – Я спачатку хвалявалася, а потым вырашыла: “Хай жывуць, раз ім так падабаецца”.
Зараз Анатолій у Маскве на заробках. Яго жонка Юлія дома, з дзецьмі. Іх у Дарафеевых трое, усе дзяўчынкі. Малодшай Веранічцы два месяцы. Старэйшай Каці пайшоў шосты год. Дзяўчынцы пара рыхтавацца ў школу.
— Плануем перасяліць іх у Савічы, — нібыта прачытала мае думкі старшыня сельсавета. – Там і падвоз да школы арганізаваны, і сябры ў дзяўчынак будуць.
Усё жыццё на трактары адпрацаваў

снимок 282
Апошняга з жыхароў сёняшняга Трамца Сцяпана Кормаза мы сустрэлі на вуліцы. Дома ён сядзіць рэдка, любіць з людзьмі пра жыццё-быццё паразмаўляць, таму больш па гасцях ходзіць.
Пра сябе Сцяпан Пятровіч расказваць не вельмі ахвочы. А можа быў у дрэнным настроі, хто яго ведае?
Даведаліся толькі, што жыве ён адзін. У верасні яму стукнула 70 гадоў, але ніякіх юбілеяў ён не спраўляў.
Ужо ад людзей пачулі, што пасляваенная даярка-перадавіца Вера Кормаз, якую ўпамінаў старажыл Дзмітрый Гормаш, – маці Сцяпана Пятровіча. Бацька ж яго Пятро быў інвалідам з дзяцінства. Дзеўка пайшла за яго, каб не забралі ў Германію, як шасцярых яе незамужніх аднавясковак.
Але ж нічога, жылі не горш іншых, нарадзілі траіх дзяцей. Брат Сцяпана Пятровіча даўно памёр, а сястра жыве ў Акцябрскім раёне.

снимок 293
— Вы не глядзіце, што я сёння такі няварты. Раней мае справы былі значна лепшымі. Усё жыццё на трактары адпрацаваў, быў добрым работнікам, — неяк задуменна, быццам успомніў штосьці кранаючае душу, сказаў Сцяпан Кормаз і хутка пашыбаваў па мокрай, размочанай дажджом дарозе.
Вось так у адзін пахмурны дажджлівы дзень мы пазнаёміліся з вёскай Трамец і яе сціплымі жыхарамі. Толькі вось, на жаль, іх засталося вельмі мала.

снимок 096
Але ж вёска жыве. Як сям’я. Невялікая, не звязаная кроўнай сувяззю, але ж сям’я. І гэта галоўнае.
Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

4 комментариев для “Трамец

  • 28.11.2017 в 18:00
    Permalink

    І мне спадабаўся матэрыял. Асабліва фотаздымкі. Таксама сумую па бабулі і вёсцы. На жаль, у маладосці гэтага не цэнішь…

  • 27.11.2017 в 16:24
    Permalink

    Я згодна з вамі, NiKLA. Мяне таксама бацькі штогод адпраўлялі ў ссылку да бабулі ў вёску ) Аднак гэта была зусім не ссылка, а лепшыя дні ў маім жыцці. Свежае паветра, сябры-вяскоўцы, вогнішчы вечарамі. А ўдзень я дапамагала бабулі палоць бульбу, збіраць каларадаў. Не ўсе цяперашнія дзеці гэта пабачаць. Жаль… Нізкі паклон тым людзям, што захоўваюць жыццё ў такіх невялічкіх вёсачках. Дзякуй газеце за тое, што пішаце пра простых бабуль і дзядуль. У іх сапраўды было цяжкае жыццё. Нам трэба ў іх павучыцца

  • 27.11.2017 в 13:26
    Permalink

    Ёсць яшчэ жыццё ў Сінявокай без пральных машын і з кнопачнымі мабільнікамі, без ламіната і пластыкавых вокан. Вадой з калодзежа і бабулінымі блінцамі з печы са смятанай і цукрам.
    Малайцы.
    Успомніў сваё дзяцінства, якое прайшло ў такой жа вёсцы. Бацькі адвозілі мяне туды на летнія канікулы. Лес, рэчка, дваюродныя браты. Уранку як збяжым, так толькі к вячэры прыходзілі. Без мабільнікаў, вады і ежы. Есці захацеў – яблыкі, суніцы ці чарніцы ў далонь, і ў рот. Піць – меліярацыйныя каналы, каля якіх тырчаць чарпачкі з берэсты. Эх! Цяперашнія дзеці такога нават у кіно не пабачаць!
    Вялікае дзякуй Навінам за такія нарысы. Не цытаты з інтэрнэта і сухія справаздачы, а жывыя словы тых, хто пражыў Жыццё.Цяжкае жыццё.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.