АЛЯКСАНДРАЎКА САБРАЛА НА ПАКРОВЫ

IMG_9322

За дзесяць кіламетраў на паўночны ўсход ад Калінкавічаў знаходзіцца чыгуначная станцыя Галявіцы. Ад яе на паўтара кіламетраў у бок Малых Аўцюкоў няроўнай стужкай выцягнулася вёска Аляксандраўка.
Праўда, станцыя і вёска даўно зліліся ў адно цэлае і сталі непадзельнымі. Гэта цяпер тут, як кажуць, нідзе нічога ніякага. А тры-чатыры дзесяцігоддзі назад і школа была, і дзіцячы сад, і пошта, і тры крамы, і сталовая, і клуб, бо менавіта ў Аляксандраўцы была цэнтральная сядзіба не самай апошняй гаспадаркі ў раёне – племсаўгаса “Галявічы”, якой кіраваў франтавік-ардэнаносец Васіль Іванавіч Табулін.

Цяпер жа, кажучы словамі класіка, сыходзіць вёска з яснай явы. Але жывуць
яшчэ тыя людзі, якія памятаюць залаты час гаспадаркі. Тады яшчэ маладыя і дужыя, спрытныя ў працы і жыццярадасныя, сваімі рукамі яны і стваралі заможнасць і дабрабыт саўгаса. Сёння ўжо ўсе пенсіянеры жывуць уласнымі паўсядзённымі клопатамі, а таксама клопатамі сваіх дзяцей і ўнукаў. Але на Пакровы, якія былі некалі прастольным святам у Аляксандраўцы, нягледзячы на пахмурнае і ветранае халаднаватае надвор’е, сабраліся дружна ў мясцовым клубе, каб разам успомніць даўніну, сваю маладосць, сяброў і таварышаў па рабоце, з якіх шмат каго ўжо няма на гэтым свеце.
Пісьмовая гісторыя вёскі сягае не больш як на два стагоддзі. Хаця назва рачулкі Шыздры, што працякае побач, сведчыць пра тое, што людзі пасяліліся тут у той час, калі сюды яшчэ не прыйшлі славяне. Шыздра (żіĕzdras) – гэта балцкая назва возера з пясчанымі берагамі. Больш як за паўтары тысячы гадоў возера паступова знікла, а вось назва яго захавалася ў мясцовай рачулцы. У 70-я гады 18 стагоддзя, калі Беларусь яшчэ знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, у размежавальных актах згадваецца востраў і ўрочышча Галявіча (“галявіца” з націскам на Я, “гала” азначае “голае месца, чыстая прастора”). Пра Аляксандраўку няма яшчэ ні слова. Але ў 1793 годзе адбыўся раздзел Рэчы Паспалітай, і гэтыя землі адышлі да Расійскай імперыі. Праз некалькі гадоў віцэ-губернатар Мінскай губерні Андрэй Міхайлаў атрымаў у валоданне маёнтак Даманавічы. А разам з тым арандаваў і добры кавалак зямлі каля ўрочышча Галявіца. Каб замацаваць яго за сабой не толькі на паперы, праз губернскую казённую палату пасяліў на гэтай зямлі дзяржаўных сялян і назваў месца Аляксандраўка – у гонар сваёй жонкі Аляксандры, дачкі Іркуцкага губернатара Івана Арсеньева. Краязнаўца Уладзімір Лякін у свой час адшукаў у Нацыянальным гістарычным архіве і апублікаваў у раённай газеце дакумент 1823 года, у якім Міхаіл Рэн, упраўляючы маёнткам Даманавічы, згадвае селяніна вёскі Аляксандраўка Андрэя Аляксеева з першай хаты, якога ў 1812 годзе забралі ў армію пагоншчыкам і не вярнулі. А за два гады перад тым, у 1821-м, былі адзначаны хваляванні сялян у Малых Аўцюках. Адна з прычын – недахоп ворнай зямлі з-за таго, што частка іх адышла пад Аляксандраўку. Праблема цягнулася амаль сорак гадоў, пакуль у 1860 годзе не было задаволена прашэнне некалькіх сямей пра адсяленне з Малых Аўцюкоў ва ўрочышча Сірад.
Пра гэтыя даўнія і трывалыя сувязі паміж суседнімі вёскамі і ўзгадалася падчас свята вёскі, на якое прыйшлі ветэраны працы племсаўгаса “Галявічы”, у склад якога ў якасці аддзяленняў уваходзілі і Малыя Аўцюкі, і Аляксандраўка. А яшчэ – Вялікія Аўцюкі. Якраз адтуль на свята з канцэртам прыехала мастацкая самадзейнасць. Ну, а Сырод – гэта цэнтральная сядзіба СВК “Дружба-Аўцюкі”, у якую пасля рэарганізацыі ўвайшлі ўсе пералічаныя вёскі.

IMG_9280
Пачалося свята ўступным словам старшыні Малааўцюкоўскага сельвыканкама Міхаіла Дулуба. Акрамя даўніны, нагадаў ён і пра шлях, які прайшла Аляксандраўка ў 20 стагоддзі. У 1917-м тут з’явілася школа, у 1930-м арганізаваўся калгас “1 Мая”. Потым Вялікая Айчынная вайна, акупацыя, вызваленне… Якраз у раёне Аляксандраўкі ішлі найбольш жорсткія баі, вёс-ка некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Цана вызвалення – шэсцьсот воінаў Чырвонай Арміі, якія пахаваны ў дзвюх брацкіх магілах, сярод іх – Герой Савецкага Саюза Павел Куманёў, стагоддзе з дня нараджэння якога прыйшлося на бягучы год.
Выступіў перад вяскоўцамі і старшыня райсавета ветэранаў Мікалай Буцэнка, які таксама адказаў на шэраг пытанняў па тых праблемах, што клапоцяць мясцовых жыхароў.
Павіншаваць ветэранаў працы былога племсаўгаса “Галявічы” прыйшлі старшыня СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргей Даўгяла і старшыня прафкама Вікторыя Века. Сяргей Іванавіч нагадаў, што калі выбіралі назву для цяперашняга сельгаскааператыва пасля рэарганізацыі саўгаса, то спыніліся на такой, якая адлюстроўвае ў сабе мінулае і сучаснасць населеных пунктаў. Ён павіншаваў сяльчан з іх святам, а таксама з Днём маці і праваслаўным днём Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У гонар свята і з удзячнасцю за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне гаспадаркі Сяргей Даўгяла і Вікторыя Века ўручылі ветэранам працы, якія выйшлі на пенсію з племсаўгаса “Галявічы”, ганаровыя граматы гаспадаркі і каштоўныя падарункі. Былыя механізатары, жывёлаводы, паляводы, токары, слесары, будаўнікі, спецыялісты… Усяго больш за пяцьдзесят чалавек, у тым ліку і былыя кіраўнікі саўгаса Мікалай Сямёнавіч Рубцоў і Уладзімір Аляксандравіч Есьман. Штодня на працягу дзесяцігоддзяў яны прыходзілі на свае працоўныя месцы, аддавалі свае сілы, прафесійныя здольнасці і здароўе рабоце. У адказ вяскоўцы выказалі шмат добрых, цёплых слоў кіраўніку гаспадаркі за пастаянную ўвагу і той клопат, які ён праяўляе да іх.

IMG_9342
Узнагароды і падарункі на свята вёскі атрымалі таксама мясцовыя жыхары за перамогу ў конкурсах-аглядах сельвыканкама. Так, у намінацыі “Лепшы сельскі падворак” былі адзначаны Зоя Века і Святлана Рубцова, у намінацыі “Лепшы ўмелец мастацкага рукадзелля” – Таццяна Савічна Севярын, Клаўдзія Савельеўна Гладышава і Таццяна Леанідаўна Севярын, у намінацыі “Лепшы самабытны мастак” – Васіль Варабей, у намінацыі “Лепшы агароднінавод” – Ядвіга Дулуб.
Потым адбыўся святочны канцэрт. У выкананні мастацкай самадзейнасці Вялікааўцюкоўскага СДК прагучалі папулярныя песні мінулых гадоў і сучасных аўтараў. У якасці вядучых свята выступілі Людміла Замковіч і Тамара Ульянская.
Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.