Дзевяносты верасень Любові Барысенкі

IMG_0023

Крышычы – невялічкая вёска нашага раёна, уваходзіць у склад Юравіцкага сельсавета. Некалі тут кіпела жыццё, нараджаліся дзеці, працаваў калгас “Камінтэрн”, была свая кузня, вятрак, стальмашня, крама, школа-сямігодка…

Сёння нічога гэтага няма. Па ўсёй вёсцы ледзь дваццаць жыхароў набярэцца. Палова хат пустуюць, другія даўно зраўнялі з зямлёй. Прыгожая прырода з кожным годам адваёўвае сабе ўсё новыя і новыя прасторы.

Затое ў вёсцы ціха і спакойна: амаль не ездзяць машыны, за выключэннем тых дзён, калі прыязджае аўталаўка, пошта ці дзеці адведаць бацькоў, звонка шчабечуць птушкі, шуміць вецер у кронах дрэў.

У сераду, 27 верасня, калі праваслаўныя вернікі адзначалі вялікае царкоўнае свята Уздвіжанне Крыжа Гасподняга, Крышычы абудзілі чароўныя гукі гармоніка і звонкія галасы артыстаў. Народныя і сучасныя мілагучныя песні разліваліся далёка па наваколлі.

Нешматлікія жыхары Крышычаў, якія па даўняй традыцыі ў святочны дзень не займаліся гаспадарчымі справамі, высыпалі на прызбы — бліжэй да апошняга ласкавага восеньскага сонейка, а заадно паглядзець: хто ж так прыгожа спявае?

Гэта самадзейныя артысты з суседняга Прудокскага клуба прыйшлі павіншаваць з юбілейнай датай Любоў Барысенку — даўнюю ўдзельніцу іх гурта мастацкай самадзейнасці і сваю добрую сяброўку. У той дзень Любоў Васільеўна адзначала сваё 90-годдзе.

— Самі пабачыце, якая наша Васільеўна малайчынка, — расказала па дарозе акампаніятар гуртка Зінаіда Касабуцкая, якая ўзначальвала Прудокскі СДК амаль 35 гадоў.

Летась установу культуры рэарганізавалі ў бібліятэку-клуб, і Зінаіда Васільеўна змяніла пасаду дырэктара на акампаніятара калектыву. Дарэчы, апошні існуе амаль столькі ж, колькі і сам клуб.

— Канешне, раней нас было значна больш. Мы былі нязменнымі ўдзельнікамі ўсіх святочных канцэртаў раённага і абласнога маштабаў. Нас нават паказвалі па беларускім тэлебачанні, там мы прадстаўлялі гледачам народны абрад «Крошкі» альбо «Трэці дзень вяселля». Любоў Васільеўна ездзіла з намі. Зараз ад таго калектыву застаўся касцяк — Валерый Кудласевіч, таленавіты мастацкі кіраўнік, працуе ў нас больш за чвэрць стагоддзя, Таццяна Юркова, Любоў Крук, Надзея Гаркуша, Галіна Буцэнка. Вось у такім складзе, ушасцяром, мы і выступаем ў апошні час. А сёння ўсе сабраліся, каб павіншаваць нашу дарагую Любоў Васільеўну. Яна шмат гадоў была з намі, прыходзіла з Крышычаў на рэпетыцыі ў любую пару года і ў любое надвор’е, — працягвае Зінаіда Касабуцкая. – Любоў Васільеўна добра спявала, барабаніла, а яшчэ яна ў нас – спецыяліст па байках. Так эмацыянальна іх расказваць, як яна, не ўмее ніхто.

— Можаце ўявіць: яна і сёння ўсе свае байкі ведае напамяць, можа расказать без замінкі! І гэта ў 90 гадоў! – уключаецца ў размову мастацкі кіраўнік Валерый Кудласевіч. – Урэшце, спадзяюся, у вас сёння будзе магчымасць ў гэтым пераканацца.…

Любоў Барысенка сустрэла гасцей каля хаты. Кажа, што пачула гармонік і знаёмыя галасы, калі тыя яшчэ гучалі ў пачатку вёскі.

Артысты падрыхтавалі для яе цудоўны міні-канцэрт з віншаваннямі, кветкамі і падарункамі.

Я таксама павіншавала юбіляршу, якая зусім не выглядае на свой узрост. А калі ўсміхнецца, дык навогул, становіцца яшчэ гадоў на дваццаць маладзей.

— Гэта ўсё праца ды песні, — дзеліцца сакрэтам прыгажосці вясковая жанчына і дадае, — Адна знаёмая калісьці ў мяне спытала “Чаго ты такая харошая? Я хоць і маладзейшая за цябе, але выглядаю горш…” Я ёй на гэта адказала: “Я ж па дзве гадзіны ў суткі седзячы за сталом сплю, а ты, бадай, цэлую ноч”. Няпростае ў мяне было жыццё… А каму ж тады лёгка было? Песня нам жыць і працаваць дапамагала.

Любоў Васільеўна тутэйшая, крышыцкая. Нарадзілася ў простай сялянскай сям’і. Яе бацька Васіль Барысенка сем гадоў служыў яшчэ ў царскай арміі. І калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён быў ужо немалады, таму на фронт яго не прызвалі. Затое прызвалі ён правёў двух старэйшых сыноў – Івана і Мікалая. З вайны яны не вярнуліся,  згінулі.

Любоў Васільеўна з боллю ўспамінае гады акупацыі: як хаваліся ў лесе, каб не забралі ў Германію, як падлеткам стаяла дзве гадзіны пад нямецкімі кулямётамі, як гарэў Ужынец…

У 1943 годзе Любоў Барысенка запісалася на курсы трактарыстаў. Год працавала на калгасных палетках на ХТЗ і У2, у якім не было нават кабіны, і 16-гадовая трактарыстка была адкрытая для ўсіх капрызаў надвор’я.

Калі ў 1944 годзе ў вызваленых Юравічах аднавіла сваю дзейнасць школа, Люба кінула працу ў калгасе і пайшла ў шосты клас: пяць яна паспела скончыць да вайны.

— Вучыцца мне вельмі падабалася, — расказвае жанчына. – Але ж трэба было і на кусок хлеба зарабляць. Таму пасля шасці класаў я паступіла ў Мазырскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння больш за трыццаць гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у нашай Крышыцкай школе. А калі яе ў 1980 годзе зачынілі, пайшла загадчыцай на ферму. Пашчыравала і ў калгасе. Тады ж усім давалі “латкі” з буракамі, каноплямі, ільном. Добра памятаю, як восенню калгасныя капоплі на печы сушыла, а дзецям не было, дзе пагрэцца.

У 42 гады Любоў Барысенка засталася ўдавою. Франтавік Рыгор Барысенка быў таксама настаўнікам, выкладаў рускую мову і літаратуру. Разам яны нарадзілі і ўзнялі на ногі чацвярых дзяцей. А вось унукаў, праўнукаў і тым больш прапраўнукаў Рыгору Мікалаевічу не наканавана было пабачыць.

А вось Любові Васільеўне пашанцавала. Сёння ў яе 9 унукаў, 14 праўнукаў і 2 прапраўнукі, якія не забываюць сваю бабулю, ганарацца ёю.

Але ж вернемся да баек і ўдзелу Любові Барысенкі ў мастацкай самадзейнасці.

— Апошнія гады я пачала прапускаць рэпетыцыі. Ужо не бегаю праз канаўку з Крышыч у Прудок, — з усмешкай канстатуе юбілярша. – Але ж калі-нікалі і завядзём з маёй сяброўкай-суседкай Надзеяй Баравік добрую песню. Яна таксама ў наш гурток хадзіла, разам на рэпетыцыі бегалі. А байкі свае я памятаю і сёння.

І ў доказ сваім словам Любоў Васільеўна расказала некалькі — самых смешных і жартаўлівых. Тых, з якімі не раз перамагала ў раённых конкурсах – пра зяця, які месца на могілках для цешчы выбіраў і пра жонку-недарэку, што свайго мужыка за дзесяць мяшкоў бульбы куме прадала.

Таццяна КАПІТАН.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)