БАБРОВІЧЫ

Калі ў Калінкавіцкім раёне з нейкай нагоды ўспамінаецца населены пункт Бабровічы, то ён, як правіла, у першую чаргу атаесамляецца з такімі паняццямі, як аэрадром і ваенны гарадок.

АЭРАДРОМ І ВАЕННЫ ГАРАДОК

Ужо ў 1939 годзе стала зразумела, што Савецкаму Саюзу вайны з Германіяй не пазбегнуць. У краіне пачалі актыўна рыхтавацца да будучай вайны. Працягвалася будаўніцтва Лініі Сталіна, нарошчваўся выпуск узбраенняў. Неад’емнай часткай такой падрыхтоўкі стала і будаўніцтва аэрадромаў.
Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 24 сакавіка 1941 г. іх будаўніцтва было ўскладзена на Народны камісарыят Унутраных Спраў (НКУС) СССР. А ўжо 27 сакавіка загадам наркама ўнутраных спраў №00328 было створана Галоўнае ўпраўленне аэрадромнага будаўніцтва (ГУАС) НКУС, якое ўзначаліў ваенны інжынер 1-га рангу В. Г. Фёдараў.
У складзе НКУС-УНКУС рэспублік, краёў і абласцей, у раёнах будаўніцтва аэрадромаў, былі створаны ўпраўленні (групы) аэрадромнага будаўніцтва (УАБ НКУС). Іх начальнікамі аўтаматычна станавіліся начальнікі НКУС-УНКУС.
Работы ў асноўным вяліся сіламі зняволеных папраўча-працоўных лагераў, а таксама асоб, асуджаных да папраўчых работ (без утрымання пад вартай), вайскоўцаў будаўнічых батальёнаў і мясцовым насельніцтвам на ўмовах падраду.
На 15 чэрвеня 1941 г. на тэрыторыі Савецкага Саюза будаўнічыя работы вяліся на 254 аэрадромах. У Беларусі будаваўся 61 аэрадром. На тэрыторыі Палескай вобласці – 4, адзін з якіх узводзіўся ля в. Бабровічы Даманавіцкага раёна.
Выдадзены ў красавіку 1941 г. тыпавы план будаўніцтва аэрадромаў прадугледжваў тэрмін заканчэння работ у верасні 1941 г. Падрыхтоўчыя мерапрыемствы (разметка на мясцовасці, разлік неабходных матэрыялаў, вызначэнне кар’ераў і т. п.) праходзілі да канца мая. Падсобныя работы — падрыхтоўка кар’ераў і праводка энергетычных ліній – абмяжоўваліся красавіком. Асноўныя працы, ад рыхлення зямлі і здымкі расліннага пласту да засеву падрыхтаваных да здачы плошчаў вызначаліся межамі: май — канец верасня. Земляныя работы на ўсёй тэрыторыі Беларусі планавалася правесці з 25 чэрвеня па 15 верасня.
Трэба адзначыць, што ні адзін з рэканструемых аэрадромаў на тэрыторыі Заходняй аператыўнай Ваеннай Акругі да пачатку вайны так і не быў падрыхтаваны да баявой працы. (Дмитрий Киенко. «На передовом рубеже. Аэродромное строительство в Западной Белоруссии накануне Великой Отечественной войны». АвиаМастер. 2007-04).
Тым не менш, старажылы Бабровіч і навакольных вёсак расказваюць, як у першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны немцы бамбілі Бабровіцкі аэрадром, упэўненыя, што ён з’яўляецца дзеючым.
…Адразу ж пасля вызвалення калінкавіцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў будаўніцтва ваеннага аэрадрома ў Бабровічах прадоўжылі. Вось, напрыклад, што ўспамінала паводле гэтага жыхарка Ліпава Камарова Н.А.:
“Вёску нашу вызвалілі ў снежні 1943 г. І адразу ж, г. зн. у студзені 1944 г., аднавіў працу саўгас «Ліпаў», дырэктарам яго быў нехта Курчанка.
Але ўжо ў лютым 1944 года сюды прыбыла ваенная часць.
У саўгасе працавалі толькі адны жанчыны і падлеткі, мы сталі рабочымі гэтай вайсковай часці. Чым мы займаліся? Будавалі дарогі, аэрадром. Так, я працавала на будаўніцтве дарогі ад Косетава да Садавітага (да Острава). Гэта дарога была пабудавана праз непраходнае балота. Другую дарогу мы будавалі ад Буды да Камуны (Авангард).
Будавалі мы аэрадром у Бабровічах. Часта нямецкія самалёты бамбілі аэрадром, падчас адной такой бамбёжкі была паранена Пікун Матрона з в. Ператок”. (“Калінкавіцкія навіны”. Ліпаў. 6.06.2016 г.)
… З пасляваеннага часу ў Бабровічах размясціўся ваенны гарнізон.
(АВИАЦИОННЫЙ ФОРУМ → БОБРОВИЧИ — ОТЗОВИТЕСЬ!) ветэран грамадзянскай авіяцыі (на жаль, ён не прадставіўся – І.Г.) успамінае:
“У гарнізоне Бабровічы працаваў у 1953 г. загадчыкам склада навучальных дапаможнікаў. Тады там праводзілася падрыхтоўка афіцэраў запасу. Прызыўнікоў з сярэдняй адукацыяй навучалі эксплуатацыі бартавых і наземных РТС, накіроўвалі на практыку і прысвойвалі званне малодшага лейтэнанта.
Пасля заканчэння дзясятага класа на Кубані, перад паступленнем у лётнае вучылішча ў мяне быў прагульны год, які я і выкарыстаў для пачатку авіяцыйнай дзейнасці, з якой не расстаюся па сённяшні дзень.
Гарнізон тады нічым характэрным не адрозніваўся: звычайныя казармы, ДОСы (дамы афіцэрскага складу — І.Г.). Вакол – лес. На станцыю (па-мойму, гэта Гарочычы) — пешшу па лесе некалькі кіламетраў. Далей – цягніком – у Калінкавічы. Многія афіцэры жылі там.

Папрацаваў там няшмат. Ад звання малодшы лейтэнант і завочнай інтэнданцкай вучобы, якія мне прапаноўваліся, адмовіўся, так як думкі былі пра больш высокае, звязанае з мастацкімі здольнасцямі. Але жыццё падштурхнула да іншых вышынь.
Апынуўся я пасля Бабровіч у Бугурусланскім лётным вучылішчы Грамадзянскага Паветранага Флота, потым на лётнай і камандна-лётнай працы, кіруючай, лётна-метадычнай і выкладчыцкай працы.
Але пачатак у авіяцыі ў Бабровічах быў закладкай нараджэння лётнай кар’еры ад пілота-курсанта да Заслужанага пілота СССР. І гэты час, і гэты гарнізон я заўсёды ўспамінаю з цеплынёй”.
Выпускнік Барнаульскага вышэйшага ваенна-авіяцыйнага вучылішча 1977 г., палкоўнік Жыбраў Аляксандр Уладзіміравіч, які зараз пражывае ў Кіраваградзе ва Украіне, а з 1986 па 1990 гг. служыў у Бабровічах камандзірам звяна ( http://bvvaul-barnaul.narod.ru (Короткие рассказы воспоминания » БОБРОВИЧИ. 1986-1990 гг.») успамінае, як аднойчы сабралі з дваццатак іх новапрыбыўшых лётчыкаў, пагрузілі ў АН-12 і паляцелі ў Стара-Канстанцінаў праходзіць баракамеру:
“Вяртаемся вечарам, ляцім у аблоках. Пачынаем зніжацца і тут, у прасвеце воблачнасці, у ілюмінатары нейкі аэрадром ва ўсёй прыгажосці – паласа белая, стаянкі, лес вакол! А па плане павінны былі яшчэ дзесьці рабіць пасадку. Мімаволі вырвалася:
— Ты глядзі, які аэрадром, проста прыгажосць!
Хтосьці з абарыгенаў з насмешкай прамовіў:
— Гэта ж Бабровічы!”

Узлётная паласа ваеннага аэрадрома ў Бабровічах і сапраўды доўгі час лічылася самай лепшай у Беларусі. Вельмі якасны дарагі дрэнаж рабіў «узлётку» прыдатнай для палётаў пасля любых ападкаў. Ды і ў многім іншым Бабровічы былі лепшымі.
Удалае геаграфічнае размяшчэнне і сукупнасць іншых спрыяльных фактараў зрабілі Бабровіцкі аэрадром важным аб’ектам у сістэме далёкай авіяцыі СССР.
Маёр запасу Астапенка Уладзімір Рыгоравіч, які пачынаў службу ў Бабровічах ў 1969 годзе, успамінае, што, нягледзячы на аддаленасць ад вялікіх гарадоў, часць ніяк нельга было назваць «правінцыйнай». Тут і тады ўжо выкарыстоўваліся перадавыя арганізацыйныя метады, якіх не было ў многіх іншых часцях, напрыклад, цэнтралізаванае забеспячэнне запраўкі палётаў. Праводзіліся выпрабаванні новых відаў паліва, дзякуючы якому павялічвалася працягласць палётаў, эканамічнасць расходавання паліва. Авіяцыйных тэхнікаў палка адпраўлялі на навучанне калег у развіваючыеся краіны — Сірыю, Егіпет і іншыя.

Вайсковая часць, якая размясцілася ў Бабровічах, была пераемніцай 953–га штурмавога авіяцыйнага палка імя ЛКСМБ, ушанаванага ордэнамі Суворава і Кутузава 3-й ступені, і за ўдзел у вызваленні Віцебска, атрымаўшага назву «Віцебскі». Гэты полк, прайшоўшы доблесны баявы шлях і змяніўшы дзясятак пунктаў базіравання, абгрунтаваўся ў Бабровічах.
У 1942 годзе 953–і полк сфарміравалі як штурмавы на базе Іл–2. У пасляваенны перыяд ён ажыццяўляў вылеты на Міг–17, а з канца 60–х да 1978 года першая і другая эскадрыллі палка лёталі на Су–7БКЛ, трэцяя на Су–7БМК.
У 1976 годзе ў Бабровічах сфарміравалі яшчэ адзін – новы 306–ы асобны полк знішчальных бамбардзіроўшчыкаў.
Вось што ўспамінае аб тым часе выпускнік Барысаглебскага вышэйшага ваенна-авія-цыйнага вучылішча лётчыкаў (БВВАВЛ) Ушакоў Юрый Мікалаевіч, які даслужыўся да гвардыі падпалкоўніка і зараз жыве ў Кіеве:

“Пасля выпуску з вучылішча я быў накіраваны служыць у страявы полк у Беларусь (Бабровічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці).
Усяго нас было 24 лейтэнанты – выпускнікі БВВАВЛ 1976 года, якіх накіравалі ў толькі што сфарміраваны 306-ы авіяцыйны полк знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў.
З 24-х лётчыкаў жанатых было толькі двое — Тарасаў і Прозараў.
Вестка пра маладых халасцякоў –лётчыкаў хутка распаўсюдзілася па акрузе. Вы можаце ўявіць, што рабілася па суботах і нядзелях на танцах у гарнізонным Доме афіцэраў!
У Бабровічы спецыяльна на танцы прыязджалі дзяўчаты не толькі з Калінкавіч, але нават з Гомеля і Мінска! І некаторыя з іх прыязджалі не дарма …
У такі ж новы полк, але толькі ў 305-ы, у Паставы, таксама накіравалі 24 нашых выпускнікоў. У Паставах было лепш з жыллём, таму туды накіравалі, пераважна, жанатых.
Вось спіс бабровіцкіх лейтэнантаў — выпускнікоў Барысаглебскага ВВВУЛ 1976 года:
1. Барысаў Яўген
2. Увядзенскі Сяргей
3. Вярыжнікаў Анатоль
4. Галаванаў Яўген
5. Гуськов Юрый Аляксеевіч
6. Дудаладаў Аляксандр Мікалаевіч
7. Кокараў Мікалай
8. Краснастаўскі Сяргей Ільіч
9. Кузін Уладзімір Мікалаевіч
10. Плохаў Сяргей
11. Прозараў Сяргей
12. Саўкін Аляксандр
13. Садоўнікаў Сяргей
14. Салаеў Уладзімір Пятровіч
15. Сібялеў Валерый Мацвеевіч
16. Сургучоў Уладзімір Аляксеевіч
17. Тарасаў Віктар Васільевіч
18. Цітоў Ігар Віктаравіч
19. Трубнікаў Віктар Васільевіч
20. Ушакоў Юрый Мікалаевіч
21. Удалоў Юрый
22. Халадкоў Васіль Канстанцінавіч
23. Чарноў Сяргей Уладзіслававіч
24. Шароў Аляксандр Юр’евіч
Спачатку мы лёталі на МіГ-17, потым на Су-7, потым полк перавучыўся на Су-24”.

А вось што ўспамінае пра тую ж пару капітан запасу ваенны тэхнік Сцяпанаў Аляксандр Аляксеевіч, які таксама прыбыў сюды на службу менавіта ў той перыяд, і ўжо не пакінуў Бабровічы, назаўжды стаўшыя для яго роднымі:
“Пачыналі з нуля: будавалі стаянкі, уладкоўвалі тэрыторыю. Насельніцтва ваеннага гарадка тады разам павялічылася больш чым на 300 чалавек. Пасялілі нас у будынку прафілакторыя, жылі па 12 чалавек у пакоі. Першы год нашы лётчыкі ляталі на Міг–17 і на Су7БМ, на другі — усе пераселі на Су7БМ. У 1982 годзе «сямёркі» перагналі ў Бірафельд і ўсе асвоілі Су–24…
Дарэчы, Су–24 — тэхніку чацвёртага пакалення — у Бабровічах атрымалі першымі ў Беларусі. Лётны састаў праходзіў перанавучанне ў Ліпецку, тэхнікі — у Маскве і Навасібірску. У сваю часць самалёты перагналі толькі калі тыя выканалі па 25 гадзін налёту ў Варонежы.
Атрыманню новай тэхнікі папярэднічаў ўдзел бабровіцкіх авіятараў у маштабных вучэннях «Захад–81», якія кантраляваліся Міністэрствам абароны СССР. За высокі ўзровень баявой падрыхтоўкі многія вайскоўцы часці атрымалі тады ўрадавыя ўзнагароды і былі прадстаўлены да пазачарговых званняў.
Наогул, у розных вучэннях тут удзельнічалі часта, шмат лёталі — у Прыбалтыку, Украіну, Сібір, падрыхтоўка лётнага складу і тэхнікі была вельмі сур’ёзнай”.
“Я пачынаў служыць у Германіі, потым 10 гадоў служыў у Бабровічах, пасля чаго былі Польшча, Украіна , — успамінае другі ваенны тэхнік маёр запасу Уладзілен Анатольевіч Сурмін, сярод узнагарод якога — медаль «За баявыя заслугі», атрыманая за асваенне новай тэхнікі. — Хачу сказаць, што ўзровень боегатоўнасці тэхнікі ў Бабровічах не саступаў кантынгенту савецкіх войскаў за мяжой у перыяд абвастрэння адносін з НАТА. Гатоўнасць самалётнага парка, як правіла, была не менш 85 працэнтаў. Нярэдка днём і ноччу даводзілася прападаць на працы, рыхтавацца да чарговых палётаў, вучэнняў. Часць была на асобным кантролі, і мы заўсёды павінны былі быць на ўзроўні”. (Газета СБ “Беларусь сегодня” (№158 (24295) 2013 г.).
306-ы бамбардзіровачны авіяполк быў расфарміраваны ў 1987 г.

У 1993 г. на аэрадроме Бабровічы была сфарміравана 123-я авіяцыйная камендатура ( з 2004 г. – 123-ы асобны батальён аховы і абслугоўвання (аэрадрома).
А ў маі 1994 г. 953–і бамбардзіровачны авіяполк быў перадыслакаваны на аэрадром «Каменка» у Расійскую Федэрацыю.
Ваенны гарадок Бабровічы (бадай, адзін з самых вялікіх у Беларусі— плошчай каля 1000 га), які звыкся з пастаянным маторным гулам магутных матораў, тады нібы замёр.
Авіятары былі сапраўднай душой Бабровічаў. Ніхто з іх ніколі не пашкадаваў, што служыў тут, за 20 кіламетраў ад невялікіх Калінкавіч, а не дзесьці ў вялікім горадзе. Жылі авіятары вельмі дружна і пасля цяжкай службы ўмелі ладзіць святы для ўсіх. Здаралася, накіроўвалі ва Украіну грузавікі за садавіной і гароднінай, а потым бясплатна накрывалі сталы для ўсіх жыхароў Бабровіч!
30 кастрычніка 2014 г. па Загаду Міністра абароны Рэспублікі Беларусь і 123-ы асобны батальён аховы і абслугоўвання (аэрадрома) спыніў сваё існаванне. Ваенныя пакінулі Бабровічы поўнасцю.
Пліты з аэрадрома разабралі і вывезлі. У былых казармах і іншых пабудовах, дзе знаходзіліся ваенныя, размясціліся цывільныя службы, а нешта ўвогуле разабралі і знеслі з твару зямлі.
Адным словам, як напісала журналістка Ірына Трыпузава ў артыкуле “Бобровичи: здесь летали в любую погоду” :
“… Некалі не верылася: няўжо ў Бабровічах не будзе самалётаў? Але ў кожнай вайсковай часці, як і ў чалавека, свой лёс”.

ТРАГЕДЫІ Ў НЕБЕ

У 1975 г. па замене з Гроссенхайне (ГСВГ) у 953-ы авіяцыйны полк знішчальных бамбардзіроўшчыкаў (в/ч 15550) у Бабровічы прыбыў выпускнік Ейскага ВВАВЛ 1970 года Карагодзін Аляксандр Пятровіч, які быў прызначаны камандзірам звяна ў 2 — ю эскадрыллю.

Нарадзіўся Аляксандр 23 красавіка 1949 года. Выхоўвалі яго бабуля з дзядуляй.
У 1977 г. з пасады камандзіра звяна, мінуючы ступеньку намесніка камандзіра эскадрыллі яго назначаюць камандзірам эскадрыллі ў “новы” 306-ы авіяцыйны полк знішчальных бамбардзіроўшчыкаў (в/ч 47019). У падпарадкаванне яму трапілі 24 выпускнікі Барысаглебскага вышэйшага ваенна-авія-цыйнага вучылішча лётчыкаў 1976 г.н.
Аляксандр Пятровіч не быў жанаты, жыў у гарнізоне ў доме № 142 у «халасцяцкай» кватэры.
У другой палове 70-х гадоў у гарнізоне Бабровічы, у якім тады налічвалася 7 (!) воінскіх часцей, цяжка было знайсці чалавека, якому не было б знаёмым прозвішча Карагодзін. Перайшоўшы з «старога» палка ў «новы», ён адразу ж стаў сваім у новым палку, пры гэтым не перастаў заставацца сваім у старым, па-ранейшаму пражываючы ў халасцяцкай кватэры з лётчыкамі старога палка. У гарнізоне яго ведалі і любілі ўсе: лётчыкі, тэхнікі, камандаванне, салдаты, сябры і жанчыны.
Аляксандра пастаянна спрабавалі сасватаць (адбою ад патэнцыйных нявест не было), але ён быў непахісны. «Сваталі» яго і ў Акадэмію, але і тут ён быў цвёрды, рабіць кар’еру не імкнуўся і паступаць туды не спяшаўся.
Капітан, а пазней маёр, Карагодзін быў моцным лётчыкам, выдатным камандзірам і цудоўным чалавекам. Не адзін з барысаглебскіх выпускнікоў 1976 года (ды і не толькі іх) можа з гонарам назваць яго сваім першым сапраўдным настаўнікам у страявым палку. Ён валодаў уменнем даступна тлумачыць моладзі тэорыю выканання любога палётнага задання, і затым умела ператварыць тэарэтычныя веды навучаемага лётчыка ў цвёрдыя практычныя навыкі. Ва ўсім адчувалася, што Карагодзін любіў сваіх лётчыкаў, зразумела, што і лётчыкі адказвалі яму ўзаемнасцю.

Сваіх лётчыкаў Аляксандр Пятровіч навучаў не толькі лётным прамудрасцям, але і прамудрасцям жыцця, асабістым прыкладам паказваў, якім павінен быць сапраўдны афіцэр. Як камандзір, Карагодзін быў даступны для падначаленых усіх катэгорый ад салдата да свайго намесніка, але ў той жа час ніколі не дапускаў на службе фамільярнасці.
17 жніўня 1979 года ў палку ішлі планавыя палёты. Камандзіру эскадрыллі маёру Карагодзіну трэба было выканаць палёт у якасці інструктара на самалёце Су-7У на навучанні лётчыка, старшага лейтэнанта Барысава стральбе па наземнай цэлі з пушак.
Пазней калегі ўспаміналі, што Аляксандр Пятровіч, заўсёды з радасцю выконваў любыя палёты, у гэты раз не вельмі хацеў ляцець. Як быццам нешта прадчуваў.
Палётамі на палігоне ў той дзень кіраваў камандзір палка палкоўнік Касьянаў Н.З.
У працэсе выканання задання пасля чарговага заходу на цэль у момант стральбы ў ствале левай пушкі ўзарваўся снарад. На вывадзе з пікіравання самалёт самаадвольна выканаў бочку. Экіпаж не зразумеў, па якой прычыне гэта адбылося.
Кіраўнік палётаў на палігоне (РПП):
— Тры паўсотні другі, што вы выконваеце?
— 352-і. Штосьці круціць нас…
— 352-і, назіраў у вас выкід полымя. Спыняйце заданне і ідзіце на кропку.
— Зразумеў, выконваю.
Адразу пасля гэтых слоў самалёт пачаў зноў міжвольна круціцца вакол падоўжанай восі. РПП адразу зразумеў, што самалёт страціў кіраванне, і імгненна падаў каманду:
— 352-і, катапульціруйцеся!
— 352-і. Катапульціруюсь. Жэня, скачы! Жэня, скачы! Жэня скачы!» (паўторана было тройчы прама ў эфір…)
Адначасова з падачай каманды лётчыку на катапульціраванне Карагодзін спрабаваў парыраваць кручэнне самалёта дачай процілеглага кірунку кручэння нагі, тым самым забяспечваючы навучаемаму лётчыку ўмовы для катапульціравання. І гэта яму ўдалося: Барысаў Жэня адносна благапрыемна катапульціраваўся на вышыні каля 200 м пад вуглом 90 градусаў да гарызонту. Катапульціраванне маёра Карагодзіна адбылося на вышыні менш за 200 м, калі самалёт знаходзіўся ў перавёрнутым становішчы. Сістэма катапульціравання спрацавала штатна, але для напаўнення купала парашута не хапіла вышыні…
Камісіяй было ўстаноўлена, што ў пушцы ўзарваўся снарад, у выніку чаго асколкамі была перабіта цяга кіравання элеронамі, што паслужыла прычынай страты кіравання самалётам. Шанец на паспяховае катапульціраванне быў толькі ў аднаго лётчыка, і камандзір аддаў гэты шанц свайму падначаленаму…
У апошні шлях Карагодзіна Аляксандра Пятровіча праводзіў увесь гарнізон. Было шмат кветак і шмат слёз.
Труну з целам да месца пахавання суправаджалі лепшыя сябры Сашы – Коля Нідзій і Юра Захараў.
Пахавалі Карагодзіна А. П. у горадзе Львове, дзе ў той час жыла бабуля, якая яго выхавала. (http://www.bvvaul.ru)
… Гэта была не адзіная трагедыя ў небе над Бабровічамі. Летам 1981 г. загінуў выпускнік Барысаглебскага вышэйшага ваенна-авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў 1976 г., камандзір звяна капітан Гуськоў Юрый Аляксеевіч.

Нарадзіўся Юрый Аляксеевіч 13 мая 1955 г. у Расіі. Авіявучылішча закончыў з чырвоным дыпломам і адразу быў размеркаваны ў Бабровічы. У выдатнага лётчыка былі бліскучыя перспектывы. Усё перакрэсліў трагічны зыход абставін.
У той дзень капітан Гуськоў на самалёце Су-7БМ у якасці вядучага звяна выконваў палёт на атакі наземных цэляў. Узлёт выконваў вядучым першай пары. У працэсе разбегу ў яго стала падаць цяга рухавіка, з-за чаго яшчэ ў час разбегу яго абагнаў самалёт вядомага.
Пасля адрыву ад зямлі самалёт Гуськова спадзіста пачаў набіраць вышыню, але рухавік адмовіў канчаткова. Малая вышыня не забяспечвала бяспечнага катапульціравання, і лётчык зрабіў спробу выканаць пасадку перад сабой. Гэтаму памяшала вёска Гарочычы, якая знаходзілася на курсе. Каб не дапусціць гібелі мірных жыхароў, капітан адчайна кіраваў баявой машынай да апошняга. Самалёт з поўнымі бакамі паліва і бомбавым боекамплектам упаў у лес і ўзарваўся.

… 22 снежня 1993 г. адбылася яшчэ адна трагедыя. У час выканання кантрольнага палёта, за 300 метраў ад узлётна-пасадачнай паласы, самалёт Су-24М сутыкнуўся з зямлёй. Экіпаж у складзе старшага лётчыка 1-га класа маёра Матвеева Юрыя Мікалаевіча і намесніка камандзіра палка лётчыка-снайпера падпалкоўніка Кірычэнкі Уладзіміра Кандрацьевіча загінуў.

КУЛЫБЫ-МУХІ

Гісторыя Бабровіцкага аэрадрома і ваеннага гарадка, як узгадвалася ўжо вышэй, пачалася ў XX стагоддзі. А вось гісторыя вёскі Бабровічы, якая сёння ўваходзіць у склад Калінкавіцкага раёна, пачалася намнога раней.
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Бабровічы ўзгадваюцца ў XVI стагоддзі, як сяленне Мазырскай воласці Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Так, у “Літоўскай метрыцы” (книга переписей № 6,А; л. 123. Архив юго-западной России, т. I, ч. VII. Киев, 1886) у “Вопісе Мазырскага замка 1552 г.” былі пазначаны жыхары Бабровіч, якія з’яўляліся дзяржаўнай уласнасцю, і памеры даніны, якую яны павінны былі выплочваць;
“Село Бобровичи: Пашко Зеленевичь, Мацута Киселевичь, Харитонъ брат его, Ермола брат его, Богданъ Кондратовичь, Сенько братъ его, Левъ Матъфеевичь, Михайло Жусовичь, Марко Пудневичь же, Иванъ Поповичь, Иванъ Андросовичь, Карпъ Пудневичь, Иван Павловичъ. – Дани съ нихъ кади 8,3 ведра меду, тивунщины великое и малое два ведра меду, за 8 вощинъ 7 грошей, еще малое тивунщины 8 безменов меду, три кузни поклонныхъ каменъ меду, за 4 хльбовъ 2 гроши, за курицу по грошъ, выкоту пол 5 грошей, ведро овса, серебра даютъ полторы копы, за полъ бобра 25 грошей, воловництва полъ 7 грошей, сокольничого два гроши; всего: кадь 1,5 ведеръ, камень 1, безменъ 8,2 копе грошей, 17 грошей и полъ гроша”.
Асновай сялянскай гаспадаркі ў Вялікім княстве Літоўскім быў дым, гэта значыць — хата з дваром, якія складалі адно хатнюю гаспадарку. У асноўным пераважалі аднасямейныя дымы, але часам гаспадарку вялі некалькі роднасных сем’яў, памерам да дзесяці, у залежнасці ад колькасьці спадчыннікаў.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (ф.1728,воп. 1, с.19, лл.435-436) захоўваецца і другі пісьмовы дакумент, у якім успамінаюцца Бабровічы. Ён датаваны 1560 г. і напісаны на польскай мове. Гэты дакумент паведамляе аб абмежаванні каралеўскіх сёлаў Мазырскай воласці, якое здзейснілі паны Валовіч і Нарушовіч:
“Мяжа сёлаў Гулевічы і Каленкавічаў
Ад ракі Прыпяць рэчкай Ненач уверх да броду Коўні, ад яго да балота Лазковага, гэтым балотам і борам у рэчку Ненач, уверх да ўрочышча Закавоня, адтуль лесам у Ператок, ад таго Ператоку праз рэчку Сытніцу да селішча пуцілаўскае, адтуль рэчкай Лабуць уніз у раку Прыпяць, Прыпяццю ўверх да рэчкі Ненач, адкуль мяжа пачыналася.
Плошча гэтага грунта ад урочышча таго сяла паведамілі, што ў гэтым абрубе Воўчай асокі да рэчкі Ненач ўздоўж на 8 вёрст, а ў поперак Старога Селінга да брода Каўкі на 8 вёрст. Падданыя гэтага сяла паведамілі, што ў гэтым іх абрубе ў астраўку Сіцінскім падданыя той жа воласці Мазырскай сяла Гарбовічы маюць здаўна асобныя ўваходы да дрэва бортнага.
Падданыя таго ж сяла маюць уваход сваё дрэва бортнае на востраве Неначы сумесна з Гарбовічамі і Дудзічамі. Плошча таго вострава ад Перавіты да вострава Пячэрскага ўздоўж на вярсту, а ўпоперак на тры палёты стралы.
Другі востраў Загалле супольны з Гарбовічамі. Плошча гэтага вострава ад Нівы Старой да Неначы ўздоўж на вярсту, а ўпоперак на палову вярсты.
Трэці востраў Гулевічы супольны з Бабровічамі ды Дудзічамі. Плошча гэтага вострава ўздоўж напалову вярсты, а ўпоперак на два палёты стралы…”
У Актыкацыі размежавання с. Колкава і Ператрутавіч ад 16 мая 1774 г. пры апісанні межаў вёскі Насавічы зноў успамінаюцца Бабровічы:
От границы Каленковской урочища Галевича к реке Дреневой, от сей реки вверх к речке Речица, от реки Речицы вверх к рубежу Путялынскому, оттуда к болоту гоголевому, оттуда к болоту Ермолинскому, от Ермолинского к реке Клубочек, от Клубочек вниз к реке Неночь, от Неночи вниз к броду Селецкому, от сего брода к урочищу галевичи,откуда граница началась.
Объем сего грунта от урочища Галевичи к мосту Бобровицкому в длину две мили, а в ширину от Клубочек к границе Везовицкой миля.
Крестьяне сего села сказывали, что крестьяне сей же Мозырской волости села Домановичи и Бобровичи имеют вступ к пашне и к дереву, на островках а суднице…” (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”. 1999. С.59).
У 1778 г. Бабровічы складаліся з 10 ды-моў. Вёска ўваходзіла ў склад Калінкавіцкай царкоўнай парафіі. У саміх Бабровічах мелася капліца Святой Троіцы.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Бабровічы, як і іншыя населеныя пункты Палесся, увайшлі ў склад Расійскай імперыі.
У пісьмовых крыніцах за 1795 г. успамінаюцца: вёска Бабровічы, якая складалася з 16 двароў, і вёска Старыя Бабровічы, якая размяшчалася побач, і мела 20 двароў.
З 1801 г., як і ўся тэрыторыя сучаснага Калінкавіцкага раёна, Бабровічы ўвайшлі ў склад Рэчыцкага павета Мінскай губерні, і ў пісьмовых крыніцах былі ўжо пазначаны як уласнасць былога багрымавіцкага старосты і кавалера Аскеркі.
У архіўных дакументах за 1850 г. вёска ізноў успамінаецца як уласнасць казны.
Паводле Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. было дзве вёскі Бабровічы, якія мелі двайное названне, відаць, па большасьці насельнікаў-носьбітаў аднаго прозвішча. Так, Бабровічы-Кулыбы налічвалі 32 двары і іх насялялі 189 жыхароў. А ў Бабровічах-Мухах быў 31 двор. І іх насялялі 208 жыхароў. У Бабровічах-Мухах да таго ж была яшчэ і сядзіба з конным млыном.
У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў Бабровічы хутка развіваліся і раслі. Так, ужо ў 1908 г. у Кулыбах налічвалася 52 двары, у якіх пражывала 294 жыхары. А Мухі мелі 45 двароў, якія насялялі 285 жыхароў. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 1. Кніга 1. Гомельская вобласць. Мінск. “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. С. 533-534).
Ужо ў канцы XIX cтагоддзя ў вёсках Беларусі востра паўстала пытанне недахопу зямлі. Беззямелле падштурхоўвала сялян шукаць пракорм далёка па-за межамі малой радзімы. Яны ехалі ў Сібір, Амерыку і Канаду, у іншыя куткі ў пошуках лепшай долі.
У 2013 г., я, напрыклад, натыкнуўся ў інтэрнэце на такі запіс. Нейкая сібірачка Наталля Т. пісала:
“Складаю сваё радавое дрэва. Па ходу даведваюся вельмі шмат цікавых фактаў.
Але вось ніяк не магу зразумець прычыну, па якой мае продкі па мацярынскай лініі практычна ўсёй раднёй пераехалі з Магілёўскай губерні ў Нованікалаеўскую (Новасібірскую вобл.).
На жаль, нікога з старэйшых ужо не засталося, а ў дзяцінстве гэтым не цікавілася.
Памятаю, знайшла ў сямейных архівах нешта накшталт пашпарта дзеда — рукапісны лісточак, з якога вынікала, што ён з сям’ёй прыбыў у 1923 (ці 21) годзе з Магілёўскай губерні, сяло Баравічы (ці Бабровічы), з-пад Бабруйска, напэўна. Прычым, прыехалі ўсе браты і сёстры дзеда, і браты, і сёстры бабулі. Памятаю, старэйшыя расказвалі, што спачатку прыехаў адзін брат, уладкаваўся тут, а потым праз год пераехалі ўсе астатнія. А так як у кожнай сям’і было па многу дзяцей (мая бабка нараджала 12 разоў), то ўяўляю гэты натоўп беларусаў у сібірскай вёсцы).
Якія працэсы адбываліся ў 20-я гады ў Беларусі? Калектывізацыя яшчэ не пачалася, значыць аб дэпартацыі і раскулачванні гаворка не ідзе. Тады што падштурхнула іх на перасяленне? Голад? Вайна? Беззямелле? Ці проста авантурызм?
Знайшла цікавы артыкул аб беларускіх бежанцах. (http://evolutio.info). Як я зразумела, гэта пачалося ў Першую сусветную. Уцекачы з месцаў ваенных дзеянняў апанавалі Беларусь. Хутчэй за ўсё, мае таксама ўцекачы з Літвы альбо Польшчы. Прычым, у Сібір прыбылі ўжо ў даволі сталым узросце, у 36-38 гадоў. Бабуля казала, што народжаныя ў Беларусі дзеці там памёрлі ў маленстве ад голаду.
Хоць таксама вось цікава. Аказваецца, у Сібіры ёсць паселішчы, утвораныя выключна беларусамі. Цяпер амаль у кожным раёне Томскай вобласці можна знайсці вёскі з беларускім насельніцтвам. Заснаваны яны, як правіла, у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст., калі назіралася масавае перасяленне беларускіх сялян у Сібір. Больш за ўсё беларускага насельніцтва ў Шагарскім раёне. Вёскі Міхайловку, Нікалаеўку, Пакровку можна назваць чыста беларускімі, тут амаль няма прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Гутаркі з мясцовымі жыхарамі, архіўныя матэрыялы дазволілі ў нейкай меры аднавіць гісторыю ўзнікнення гэтых населеных пунктаў, а таксама прасачыць лёс іх найменняў.
Прычынай перасялення з Беларусі з’явілася страшнае малазямелле. Эканамічнае становішча сялян было настолькі цяжкім, што яны гатовы былі ехаць не толькі ў Сібір, але і на край свету. У адным з сялянскіх прашэнняў, якіх вельмі шмат у дакументах па перасяленцах, чытаю: «… я жыў беззямельна, так што нават не было дзе і хаты паставіць, а таму, Ваша правасхадзіцельства, зрабіце ласку і не пакіньце маёй просьбы…. Жадаю жыць у Томскай губерні».
Першы магутны наплыў перасяленцаў з Беларусі ў Томскую губерню быў у 1898 го-дзе. Тады прыбыло 4597 беларусаў.
1898 год стаў годам «нараджэння» некалькіх населеных пунктаў у Томскай губерні. Напрыклад, у гэтым годзе ў Нікалаеўскай воласці было створана 13 перасяленчых участкаў, частку якіх засялілі перасяленцы з Беларусі: Юкарынскі, Качубажскі, Южарынскі.
У 1898 годзе ў Багародскай воласці на перасяленчым участку Кандрашынскім з’явілася новая вёска Тацьянава (цяпер вёска Тацьянаўка Шагарскага раёна).
Не прыпынялася перасяленне беларускіх сялян і ў наступныя некалькі гадоў. У архіве захавалася «Ведамасць аб поспехах пасялення перасяленцаў на перасяленчыя ўчасткі» за 1900 год, наглядна паказвае, што перасяленцы з Беларусі ўяўляюць вялікі працэнт ад агульнай колькасці сялян, якія перасяліліся ў гэтым годзе ў Томскую губерню — больш за 50%. У 1907 годзе перасяленцы з Беларусі далі 31% ад усіх прыбылых. Загадчык перасяленчага аддзела Міхайлаў у сваёй справаздачы аб дзейнасці перасяленчых арганізацый ў 1907 годзе пісаў: «Рух перасяленцаў у бягучым годзе ў Сібір і Томскую губерню, у прыватнасці, адзначаўся стыхійнасцю і сваімі памерамі, якія выходзяць далёка за рамкі папярэдніх гадоў». У справаздачы прыводзяцца такія лічбы: з 1 студзеня па 1 кастрычніка 1907 года праз Чэлябінск прайшло 530 000 душ, з іх амаль палова адпраўлена ў Томскую губерню”.
На жаль, Наталля не прывяла больш ніякіх канкрэтных звестак. Нават, не указала прозвішчаў сваіх дзядоў і бабуль, па якіх можна было б вызначыць, паходзяць яе продкі з вёсак Кулыбы ці Мухі, якія апасля аб’ядналіся пад сваёй старажытнай назвай Бабровічы, ці размова ідзе пра выхадцаў з нейкага іншага паселішча Беларусі. Хаця гэта і не вельмі важна, бо лёс амаль усіх сялян – паляшукоў быў ідэнтычным таму, пра што ішла гаворка вышэй.

ЗАВАДАТАРЫ

Змену ўлады пасля падзення сама-дзержца і перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў пачатку мінулага стагоддзя сяляне Бабровіч успрынялі спрыяльна, з надзеяй на лепшае жыццё.
Завадатараў ва ўсіх новых пера-ўтварэннях у вёсцы было дастаткова. Узяць хоць бы бальшавіка Харлана Саву Каленікавіча, які з 1918 г. уваходзіў у склад Даманавіцкага рэвалюцыйнага камітэта, а з 10 студзеня 1919 г. узначаліў яго; альбо Кулыбу Арсеня, які ў Даманавіцкім валасным савеце працаваў сакратаром зямельнага аддзела. І Тозік Міна быў членам Даманавіцкага валаснога савета. А Харлана Саву Антонавіча землякі яшчэ ў 1918 г. выбралі першым старшынёй Бабровіцкага сельсавета.
Да канца снежня 1918 г. бальшавікі на Палессі ў асноўным завяршылі стварэнне органаў Савецкай улады, ліквідаваўшы стары апарат – управы, земства і іншыя. Іх функцыі ўзялі на сябе спачатку рэвалюцыйныя камітэты, а затым – Саветы і камітэты сялянскай беднаты (камбеды).
17 снежня 1918 г. у Даманавічах адбылося пасяджэнне Даманавіцкага рэвалюцыйнага камітэта, які прыняў рашэнне “… аб неадкладнай арганізацыі камітэтаў сялянскай беднаты, дзе яны яшчэ не створаны”. (ЗДАМ. ф. 167, воп. 1, с.2, лл.1-4). А ўжо 22 снежня ў Бабровічах адбыліся выбары гэтага камітэта. Сяляне выбралі ў яго Муху Гурына, Муху Антона, Тозіка Міну і Кулыбу Трафіма. Старшынёй камбеда абралі Муху Гурына.
Але ўжо 29 снежня Муха Гурын сабраў сельскі сход і ўнёс прапанову здзейсніць перавыбары камбеда. Пад кіраўніцтвам старшыні сельсавета Харлана Савы сяляне правялі тайнае галасаванне, у выніку якога за Муху Антона прагаласавалі 24 чалавекі, за Кулыбу Апанаса -21, за Кулыбу Мацвея -10, за Кулыбу Рамана– 6, за Харлана Саву -4. Такім чынам, большасцю галасоў старшынёй Бабровіцкага камітэта беднаты быў выбраны Муха Антон. (ЗДАМ. ф. 167, воп. 1, с.4, лл.131-132). Членамі камбеда былі выбраны: Кулыба Трафім, Тозік Міна і Дронік Нікіфар (ЗДАМ. ф. 167, воп. 1, с.2, лл.7-8).
Толькі нешта не заладзілася ў галоўнага бабровіцкага камбедаўца: ці то ўлада ўскружыла галаву, ці не ўцяміў добра, што гэта за ўлада.Ужо ў студзені 1919 г. старшыня камбеда Муха Антон Іванавіч трапляе ў непрыемную гісторыю, якая стала прадметам разгляду не толькі на вясковым сходзе 21 студзеня ў Бабровічах, але і на пасяджэнні Даманавіцкага валаснога Савета 30 студзеня.
А справа была вось у чым. У казённы лес ля Бабровіч павадзіліся жыхары Туравіч, Сухавіч і Дрынёва, якія самавольна ажыццяўлялі парубкі сырарастучага лесу. Прадпісаннем валаснога зямельнага аддзела ад 20 студзеня Бабровіцкаму камітэту беднаты было даручана затрымаць парубшчыкаў-самаволаў. Што, дарэчы, і было аператыўна выканана. Але па нейкіх прычынах Муха Антон па ўласнай ініцыятыве адпусціў іх.
Бабровіцкія сяляне не маглі дараваць такога самаўпраўства прадстаўніку народнай ўлады. У вёсцы тэрмінова сабраўся сельскі сход. Выбраны вяскоўцамі старшыня схода Дронік Нікіфар вынес на парадак дня пытанне аб перавыбарах камітэта беднаты.
Сход пастанавіў: ”За невыкананне загада валаснога зямельнага аддзела ад 20 студзеня 1919 г. за № 12, а таксама за непрызнанне савецкай улады і непадпарадкаванне ёй – перавыбраць усіх членаў камітэта і старшыню”.
У спіс для выбараў ўнеслі наступныя кандыдатуры: Маісея Казака, Марка Харлана, Мацвея Кулыбу, Рамана Кулыбу, Барыса Харлана, Нікіфара Дроніка і Фёдара Кулыбу.
Большасцю галасоў старшынёй камбеда быў абраны Кулыба Фёдар. Але паколькі ён адмовіўся, то па большасці галасоў старшынёй Бабровіцкага камбеда быў выбраны Кулыба Мацвей, сакратаром – Кулыба Трафім, членамі – Казак Маісей і Кулыба Фёдар.
За непадпарадкаванне савецкай уладзе і невыкананне загада валаснога зямельнага аддзела новаму старшыні камбеда даручылі 22 студзеня арыштаваць Муху Антона. (ЗДАМ. ф.167, воп.1, с.4, лл.106-108).
29 студзеня Мацвей Кулыба дакладваў на сходзе камітэтаў беднаты Даманавіцкай воласці, што сяляне Бабровіч “… маюць крайнюю патрэбу ў хлебе, неабходна таксама пабудова будынка для вучылішча, і сам настаўнік, які адсутнічае”. (ЗДАМ. ф.167, воп.1, с.2, л.10).
Разгледзеўшы 30 студзеня ў валасным савеце рашэнне сельскага сходу ў Бабровічах, заслухаўшы тлумачэнні старшыні Бабровіцкага сельсавета Савы Харлана, сакратара зямельнага аддзела Арсеня Кулыбы і Антона Мухі, Даманавіцкі валасны савет прызнаў апошняга вінаватым у яго дзеяннях і падвергнуў яго для навукі іншым да штрафу ў памеры 300 рублёў. Пры гэтым валасны савет вырашыў не перадаваць справу Антона Мухі ў Надзвычайную камісію для прыняцця больш строгіх мер.( ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.3, лл. 31-32).
Днём раней, на сходзе камітэтаў беднаты Даманавіцкай воласці,разгляду быў падвергнуты і другі прадстаўнік Бабровіч – член Даманавіцкага валаснога Савета Тозік Міхаіл. Яго абвінавацілі ў прысваенні грамадскіх грошай, якія былі выручаны ім ад продажу лесу. Як выявілася, Тозік самастойна ўстанавіў сабе жалаванне і забраў гэтыя грошы ў якасці зарплаты. Сход камітэтаў беднаты, заслухаўшы тлумачэнні Тозіка, пастанавіў: “пакінуць Тозіку ў выглядзе ўзнагароджання па службе 200 руб., астатнія ён павінен неадкладна здаць”. ( ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.2, л.12).
Новая ўлада па магчымасці імкнулася задаволіць сацыяльныя інтарэсы працоўных мас. Усталёўваўся працоўны кантроль за дзейнасцю ўсіх прадпрыемстваў. На аснове Дэкрэта аб зямлі былі канфіскаваны панскія маёнткі і зямля раздадзена сялянам, што дало ім магчымасць на 33% павялічыць сваё землекарыстанне. Размеркаваннем зямель займаліся зямельныя аддзелы Саветаў. У краіне ўводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень, страхаванне рабочых, наладжвалася бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Было ўведзена бясплатнае навучанне, ліквідоўвалася непісьменнасць.
Надзённым пытаннем для новай улады ва ўмовах Грамадзянскай вайны і пачаўшайся ваеннай інтэрвенцыі супроць Расіі, у склад якой уваходзіў і Рэчацкі павет, было забеспячэнне харчаваннем Чырвонай Арміі, якая змагалася з ворагамі Савецкай улады на шматлікіх франтах.
Так, 20 мая 1919 г. Даманавіцкі валасны выканаўчы камітэт на сваім пасяджэнні разгледзеў прадпісанне Рэчыцкага павятовага харчовага камітэта ад 5 мая № 3031 аб пастаўках для Чырвонай Арміі буйной рагатай жывёлы (БРЖ), свіней і авечак. Воласць павінна была паставіць 48 галоў БРЖ і 69 свіней альбо авечак.
Валвыканкам, узважыўшы наяўныя магчымасці, пастанавіў ажыццявіць харчовую разгортку наступным чынам: Убалаць і Мікулінск – 4 галавы БРЖ і 4 свінні ці авечкі, Зеляночы – 3 БРЖ і 4 свінні, Насавічы – 4 БРЖ і 5 свіней, Карма – 3 БРЖ і 4 свінні, Гарочычы – 4 БРЖ і 5 свіней, Навасёлкі – 5 БРЖ і 6 свіней, Кошчыцы – 4 БРЖ і 5 свіней, Сельцы – 2 БРЖ і 2 свінні, Бабровічы – 2 БРЖ і 3 свінні, Тарканы — 2 галавы БРЖ і 3 свінні, і г.д.
Выканаўчы камітэт адзначыў, што свінні могуць быць заменены авечкамі. Буйная рагатая жывёла павінна быць вагой ад 8 пудоў і вышэй, свінні і авечкі – па меркаванні прыёмачнай камісіі. Аплату за прынятую жывёлу ажыццявіць па цэнах, якія вызначаны інструкцыяй. Акрамя таго, згодна харчразвёрсткі, рэквізаваць у сялян для воінскіх часцей Чырвонай Арміі 500 пудоў хлеба. (Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры (ЗДАМ. ф. 167, воп. 1, с.3, л. 56).
Аналагічнае пытанне па просьбе прадстаўнікоў 8-й стралковай дывізіі і харчовай камісіі павятовага выканкама Даманавіцкі валвыканкам разгледзеў 23 мая. Для забеспячэння Чырвонай Арміі па харчразвёрстцы было вырашана сабраць 6000 пудоў бульбы, 500 пудоў жыта, 30 пудоў сала і 150 пудоў розных круп. Сяляне Навасёлак, напрыклад, абавязаны былі здаць 1000 пудоў бульбы і 100 пудоў жыта, Насавічы, адпаведна, па 600 і 100 пудоў, Бабровічы – 100 і 20. Што тычылася круп, то іх у рахунак харчразвёрсткі павінны былі паставіць тыя сем’і, якія іх мелі. Прапанову аб пастаўках сала валвыканкам увогуле адхіліў з-за адсутнасці жывёлы ў насельніцтва. (ЗДАМ. ф. 167, воп. 1, с.3, л. 58).
Харчразвёрстка начыста выграбала ўсе сялянскія прыпасы і невыносным цяжарам лажылася на сялянскія двары, у многіх з якіх самім не было чаго есці. Сяляне пачыналі бунтаваць. А члены Саветаў, у ліку якіх былі і заможныя гаспадары, пачалі не выконваць распараджэнні вышэйстаячага кіраўніцтва.
20 лютага 1919 г. у Бабровічах адбыўся чарговы сельскі сход. Напачатку была выбрана выбарчая камісія, у якую ўвайшлі: Отчык Яфім — старшыня, Кулыба Мацвей — намеснік старшыні і Казак Маісей — сакратар.
На падставе пастановы агульнага валаснога сходу ад 16 студзеня 1919 г. Яфім Отчык у прысутнасці сакратара Даманавіцкага валаснога зямельнага аддзела Кулыбы Арсеня ўнёс прапанову аб перавыбарах Бабровіцкага сельскага камітэта, які праслужыў трохмесячны тэрмін.
У якасьці кандыдатаў у члены селькама былі ўнесены кандыдатуры: Міны Тозіка, Савы Харлана, Андрэя Канаша, Мацвея Кулыбы, Трафіма Кулыбы і Нікіфара Дроніка. Большасцю галасоў старшынёй сельсавета быў абраны Тозік Міна, але паколькі ён з’яўляўся членам Даманавіцкага валаснога савета, то зняў сваю кандыдатуру. Па другой па велечыні колькасьці галасоў перамогу атрымліваў Харлан Сава, які і быў зноў абраны на гэтую пасаду. Сакратаром сельсавета выбралі Мацвея Кулыбу. (ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.4, лл. 126-127).
4 мая адбыліся новыя перавыбары ў сельсавеце. На гэты раз старшынёй сельсавета выбралі Канаша Міхаіла, сакратаром – Кулыбу Мацвея Сямёнавіча, а членам – Дроніка Нікіфара. (ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.4, л. 120).
Як сведчаць архіўныя дакументы, у якіх занатаваны перыяд станаўлення Савецкай улады ў Бабровічах, бабровіцкія сяляне таксама “ўзбунтаваліся”. 6 ліпеня 1919 г. у вёсцы адбыўся чарговы сельскі сход, на які былі вынесены наступныя пытанні: “Аб зямлі”, “Вылучэнне кандыдатаў у народныя засядацелі”, “Аб дапамозе сем’ям чырвонаармейцаў” і “Аб перавыбарах сельсавета”.
Па пытанні аб зямлі сход прыняў рашэнне карыстацца ёй як і раней, г.зн. атрубамі. Толькі дабавілі: “ Надзяліць зямлёй малазямельных з зямельнага валаснога фонду”.
У народныя засядацелі выбралі адукаваных Аляксея Пархімавіча Харлана і Фёдара Уласавіча Кулыбу.
Паводле дапамогі чырвонаармейскім сем’ям афіцыйны пратакол зафіксаваў наступнае:
“Помоч семьям красноармейцев как их очень много, и в обществе нет никаких запасов как все голодают то и постановить единогласно что мы не всостоянии их потдержать!..»
У гэтым жа пратаколе гаварылася, што сельсавет перавыбран адзінагалосна. Старшынёй сельсавета прызначаны Харлан Васіль, сакратаром – Кулыба Раман, членам – Кулыба Трафім.
Кіраўніцтва Даманавіцкага валаснога савета, атрымаўшы з Бабровіч гэты пратакол, прыйшло ў абурэнне. “Вяртаю дадзены пратакол Бабровіцкаму сельсавету і прызнаю, што Савет выбраны несправядліва, а па-другое ўсе рашэнні і пастановы незаконны, а тыя асобы, якія адмаўляюць у дапамозе сем’ям чырвонаармейцаў будуць аддадзены пад суд”, — вось такую рэзалюцыю наклаў старшыня Даманавіцкага валаснога савета Сава Харлан, адначасова ўсклаўшы выкананне абавязкаў старшыні Бабровіцкага сельсавета ізноў на Міхаіла Канаша да агульных перавыбараў. (ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.4, лл. 124-125).
Праўда, нягледзячы на такую рэакцыю валвыканкама, усё засталося так, як вырашылі сяляне, бо, як сведчыць другі архіўны дакумент, 14 жніўня ў адпаведнасці з загадам валаснога выканаўчага камітэта ў Бабровічах адбыўся сельскі сход, на які сабраліся 62 жыхары вёскі. Старшыня сельсавета Васіль Харлан аб’явіў аб перавыбарах членаў Бабровіцкага сельсавета. Была выбрана выбарчая камісія, якую ўзначаліў Канаш Міхаіл. І ў выніку тайнага галасавання старшынёй сельсавета быў выбраны Харлан Васіль Кузьміч, сакратаром- Кулыба Раман Несцеравіч, членам — Кулыба Трафім Маісеевіч. (ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.4, л. 33).
У канцы першай дэкады лістапада жыхары Бабровіч сабраліся сумесна, каб вырашыць шэраг важных для вёскі пытанняў. На агульным сходзе яны спачатку стварылі камісію для вызначэння і збору натуральнага падатка за 1918 год і падаходнага падатку за 1919 год. У склад камісіі ўвайшлі Яфім Отчык, Аляксей Харлан і Сава Харлан. Першы і ўзначаліў дадзеную камісію.
Затым было абмеркана школьнае пытанне. Вось што, паводле гэтага, занатавана ў пратаколе:
“… у нашым таварыстве адкрыта школа першай ступені, для чаго грамадствам адведзена адна дзесяціна зямлі пад нежылы будынак для школы. І прыходзіцца тапіцца школьнаму работніку ў хаце непрыгоднай для школы. А таму нам неабходна хадатайнічаць пра водпуск бясплатнага лесу і неадкладны яго вываз для пабудовы школы”.
Сход жыхароў накіраваў хадатайніцтва ў валасны Савет, каб той папрасіў зямельны аддзел Рэчыцкага павятовага Савета аб бясплатным выдзяленнні для будаўніцтва Бабровіцкай школы ”…300 сосен па 8-12 вяршкоў, 20 дубоў па 8-12 вяршкоў, 70 асін па 10 вяршкоў і сасновых латоў (дошак, жэрдак, якія кладуцца на кроквы – І.Г.) 100 штук па 3-4 вяршкі з Зеляноцкага лясніцтва Шыіцкай дачы кв. № 27 і 32 ва урочышчах Камарын і Застарынне”.
Сяляне вырашылі пасля атрымання лесаматэрыялу прыступіць да будаўніцтва вясковай школы і ўсіх гаспадарчых пабудоў да яе з 1920 года.
Сход таксама прыняў рашэнне: “ Адвесці пад школу дом Аўрама Куінбо на 1919/20 навучальны год, а кватаранту Лейбе Ляльчуку неадкладна перайсці ў дом Элькі Голада ў трохдзённы тэрмін”. (ЗДАМ.ф.167, воп.1, с.4, лл. 51-52).
Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, лесаматэрыял на пабудову жыхары Бабровіч не атрымалі ні ў 1920 годзе, ні ў наступныя чатыры гады, бо 19 лістапада 1924 г. Калінкавіцкі райвыканкам на сваім пасяджэнні прыняў пастанову: “пратакол агульнага сходу грамадзян Бабровіч і Тарканоў Даманавіцкага райсельсавета (так называлі сельсаветы пасля ўзбуйнення ў 1924 г. – І.Г.) ад 11.11. 1924 г. зацвердзіць, а што датычыцца пункта 4 паводле пабудовы будынка школы і водпуску леса для яго, то сельсавету неабходна спачатку даслаць каштарыс, а што датычыцца адкрыцця школы ў в. Бабровічы, то сёлета даручыць сельсавету адкрыць у вёсцы дагаварную школу на сродкі грамадства”. (ЗДАМ.ф.60, воп.1, с.22, л. 13).
Да гэтага часу ў Бабровічах у строй ўвялі будынак новай грамадскай лазні, аб чым на пасяджэнні Калінкавіцкага райвыканкама 10 кастрычніка 1924 г. далажыў старшыня Даманавіцкага сельсавета Зайцаў. Ён жа тады далажыў, “… што ва ўсіх вёсках сельсавета арганізованы пажарныя дружыны, а для барацьбы з крыміналітэтам уведзена начная ахова. Толькі ў Бабровічах жыхары дагэтуль ігнаруюць гэтую норму”. (ЗДАМ.ф.60, воп.1, с.22, лл. 23-24).

ГЕРОІ АЙЧЫННАЙ

Па першаму прызыву з Бабровіч на абарону Радзімы былі прызваны дзясяткі мужчын прызыўнога ўзросту. На фронт пайшлі бацькі і сыны. Напрыклад, Кулыба Маісей Антонавіч, 1900 г.н., быў прызваны ў чэрвені 1941 г., даслужыўся да старшага сяржанта, камандзіра аддзялення, загінуў на тэрыторыі Чэхаславакіі 18 красавіка 1945 г. Яго сын Мікалай, 1921 г., прызваны ў Чырвоную Армію яшчэ ў 1939 г., прапаў без вестак у красавіку 1944 г.
Іх аднавясковец Дронік Максім Іванавіч, 1891 г., прапаў без вестак. Яго сын Нікіфар, 1923 г.н., 21 ліпеня 1944 г. сканчаўся ад смяротных ран у час вызвалення Брэстчыны. Другі яго сын Уладзімір, 1922 г.н., 28 кастрычніка 1944 г. загадам па 1881 зенітнаму артпалку РГК 3-га Беларускага фронта быў узнагароджаны медалём “За адвагу” за тое, што збіў варожы самалёт. У 1985 г. ён быў ўзнагароджаны і ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Прапалі без вестак у першыя месяцы вайны і сыны Сямёна Кулыбы: Нікіфар, 1915 г.н., і Аляксандр, 1922 г.н.
Па трое сваіх сыноў праводзілі на бітву з ворагам Кулыба Трафім, Кулыба Максім, Кулыба Таццяна, Тозік Міна, Харлан Міхаіл.
Так, у Кулыбы Трафіма прызвалі: Навума, 1909 г.н., Яўстрата,1914 г.н. і Лявона, 1917 г.н. У Кулыбы Максіма Іванавіча: Мікалая, 1920 г.н., Уладзіміра, 1923 г.н., і Аляксея, 1925 г.н. У Кулыба Таццяны Карпаўны: Нікіфара, 1915 г.н., Алеся, 1922 г.н., і Арсеня, 1924 г.н., Двое з іх: Нікіфар і Алесь прапалі без вестак.
У Тозіка Міны Сцяпанавіча ваяваць пайшлі сыны: Яўдак, 1915 г.н., Хрысан, 1920 г.н., і Іван, 1924 г.н. 8 жніўня 1944 г. чырвонаармеец наводчык 45-міліметровай гарматы 849-га стралковага палка Іван Тозік загінуў смерцю храбрых.
У Харлана Міхаіла Васільевіча і Варвары Арцёмаўны на бітву з ворагам пайшлі: Павел, 1915 г.н., Васіль, 1921 г.н. і Пятро, 1922 г.н. Лёс быў нелітасцівым да братоў: Павел загінуў 15 верасня 1942 г. пад Варонежам; Васіль 29 мая 1942 г. трапіў у палон; Пятро прапаў без вестак.
Склалі свае галовы ў крывапралітнай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і сыны Івана Васільева: Дзяніс, 1908 г.н., прапаў без вестак у першы год вайны, а Назар, 1913 г.н., загінуў 18 кастрычніка 1944 г. Вясной таго ж года ён вызначыўся ў час наступлення ў раёне заходней г. Ковеля. У час контраатакі праціўніка Назар знішчыў агнём са свайго станкавага кулямёта больш 20 фашыстаў. 12 красавіка 1944 г. за гэта адважны кулямётчык быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Трэба адзначыць, што бабровіцкія хлопцы не пасаромілі гонар сваіх бацькоў і дзядоў, роднай вёскі, мужна змагаючыся на франтах і ў партызанскіх атрадах Вялікай Айчыннай вайны.
Узяць, напрыклад, Харлана Дзмітрыя Еўдакімавіча, 1920 г.н. Кадравы ваенны. У Чырвонай Арміі з 1939 г. З першага дня вайны ў баях. 24-я танкавая брыгада, у якой ён служыў намеснікам камандзіра 1-й стралковай роты стралкова-кулямётнага батальёна, была перакінута на Падольскі напрамак, які з канца кастрычніка прыкрывала 9-я танкавая брыгада, трымаючы абарону на рубяжы ракі Ісц’я, і забяспечваючы асноўным сілам 43-й арміі трывалую супрацьтанкавую абарону на рацэ Нара. Усе танкі брыгады былі пастаўленыя ў засады групамі па 2-3 машыны, паміж імі ўстаноўлена тэлефонная сувязь. Наперадзе танкавых засад танкісты абсталявалі паласу процітанкавых перашкод, якія знаходзяцца пад агнём танкаў. Такім чынам, усе верагодныя напрамкі з’яўлення нямецкіх танкаў кантраляваліся агнём танкаў і супрацьтанкавай артылерыі брыгады.
На гэтым напрамку супраць частак 43-й арміі дзейнічаў нямецкі 57-ы танкавы корпус.
У канцы лістапада 1941 года на солнечнагорскім напрамку ў сувязі з вылучэннем нямецкай 2-й танкавай дывізіі ў раён Пагоркі, Льялова і Клушына паўстала пагроза далейшага прасоўвання праціўніка з гэтых раёнаў у напрамку Хімкі і Чырвоная Паляна. Для яе ліквідацыі камандаванне Заходняга фронту стварыла зводную групу войскаў пад камандаваннем генерал-маёра танкавых войскаў Ф. Г. Рэмізава.
Увечары 28 лістапада частка групы перайшла ў наступ з мяжы Азярэцкае, Паяркава, Льялава ў напрамку на Пагоркі. Аднак з-за моцнага агню праціўніка з паўночнага берага ракі Клязьма наступленне поспеху не мела, і савецкія часці былі вымушаны адысці на зыходныя пазіцыі.
29 лістапада 24-я танкавая брыгада вяла бой на Рагачоўскай шашы з прарваўшыміся танкамі праціўніка ў раёне Раждзествена-Дзмітраўка. Пры гэтым праціўнік прарваў абарону і выйшаў на штаб брыгады, які ўдалося выратаваць ад разгрому. На наступны дзень праціўнік распачаў камбінаваны ўдар авіяцыяй і танкамі па часцях брыгады, якія адышлі ў вёску Глазава. У цяжкіх абарончых баях 28-30 лістапада больш за сотню салдат і афіцэраў брыгады былі забіты ці прапалі без вестак.
У гэтыя страшныя дні, 28-29 лістапада 1941 г., у час наступлення пад вёскай Старадальная лейтэнант Харлан умела арганізаваў агонь сваёй роты, чым садзейнічаў знішчэнню варожай пяхоты, якая прадпрыняла псіхічную атаку. Пад ураганным агнём праціўніка наш зямляк вынес з поля бою з падбітага танка параненага камісара танкавага батальёна.
За гэтыя подзвігі Дзмітрый Харлан быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. Праўда, у той час узнагароды былі яшчэ рэдкай з’явай, і таму камандаванне вышэйшае палічыла, што з маладога афіцэра хопіць і медаля “За адвагу”.
Праваяваўшы 1,5 гады на Заходнім фронце, капітан Дзмітрый Харлан, пасля вяртання у строй пасля чарговага ранення, апынуўся у складзе 239-й стралковай дывізіі, якая прыбыла з Сібіры, і з 1 студзеня 1943 г. ўвайшла ў склад Волхаўскага фронту. У студзені 1943 года войскі гэтага фронту адыгралі найважнейшую ролю ў прарыве блакады Ленінграда, а ў 1944 годзе — у поўным вызваленні горада ад варожай блакады. Камандзір батальёна капітан Харлан 18 ліпеня 1943 г. быў узнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда”.
У пачатку 1944 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час вызвалення паўночнай сталіцы, камандзір 1-га стралковага батальёна 817 стралковага палка 239-й стралковай дывізіі маёр Харлан двойчы прадстаўляўся да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.
Вось што напісаў у сваім першым прадстаўленні яго камандзір палка падпалкоўнік Галавін 23 студзеня 1944 г.:
“Тав. Харлан у баях з нямецкімі акупантамі ў раёне населеных пунктаў Цюціцы, Андрыханава, Вязішча камандуючы стралковым батальёнам, які наносіў галоўны ўдар па найбольш умацаваных месцах абароны фрыцаў, паказаў майстарскія веды сваёй справы, выдатную згуртаванасць асабовага саставу і высокае баявое майстэрства. Так, у баях у раёне населенага пункта Цюціцы маёр Харлан асабіста ўзначаліў асабовы састаў батальёна ў якасці танкавага дэсанта, праявіў выключную мэтанакіраванасць і адвагу, ведучы бой у глыбіні абароны немцаў.
Нягледзячы на моцны артылерыйскі, мінамётны і кулямётны агонь праціўніка, тав. Харлан асабістым прыкладам натхніў байцоў і камандзіраў і штурмам авалодаў моцна ўмацаваным сектарам абароны немцаў – н.п. Цюціцы.
Нямецкія войскі пакінулі вялікую колькасць забітых салдат і афіцэраў і вялізныя ваенныя трафеі”.
2 лютага 1944 г. па гэтым прадстаўленні маёр Харлан быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У гэты ж дзень, скрупулёзна разведаўшы становішча праціўніка, камбат Харлан раптоўным штурмам з флангаў і фронту выбіў немцаў з моцна ўмацаванага населенага пункта Пабароўе, знішчыўшы пры гэтым да паўроты варожай пяхоты, асабіста захапіўшы ў баю ў палон нямецкага салдата.
11 лютага маёр Харлан, імкліва праследуючы праціўніка на чале свайго батальёна, умела спалучаючы агонь і рух, перарэзаў чыгунку Бацецкая-Ноўгарад у раёне пасёлка Гусіная Горка, і, замацаваўшыся, адбіў усе спробы праціўніка аднавіць былое становішча, нанёсшы яму вялікія страты, і захапіўшы ў палон нямецкага салдата.
На наступны дзень батальён нашага земляка авалодаў яшчэ адным апорным пунктам фашыстаў, які размяшчаўся ў в. Лужа Бацецкага раёна Ленінградскай вобласці.
Кампалка Галавін прадставіў у чарговы раз свайго камбата да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга. Аднак вышэйшае камандаванне вырашыла адзначыць ратныя подзвігі нашага земляка ордэнам Кутузава 3-й ступені.
Маладога і таленавітага камандзіра вырашылі накіраваць на выкладчыцкую работу і свой вялікі франтавы вопыт падпалкоўнік Дзмітрый Харлан перадаваў многія гады ў Маскоўскім Вышэйшым пяхотным вучылішчы імя ВС РСФСР.
У 1985 г. да шматлікіх баявых узнагарод нашага земляка прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.
Адважна ваяваў і старэйшы брат Дзмітрыя, Арцём, 1915 г.н. У арміі ён служыў з кастрычніка 1937 г. У Айчыннай вайне прымаў удзел са жніўня 1941 г. Ваяваў на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Каўказскім франтах. 26 чэрвеня камандзір мінамётнага ўзвода 1-га стралковага батальёна 1339 стралковага палка малодшы лейтэнант Арцём Харлан быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, а ў 1944 г. прапаў без вестак.
Двойчы да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга прадстаўляўся і Міхаіл Харлан.
Нарадзіўся Міхаіл Емяльянавіч таксама ў 1920 г. У Чырвонай Арміі – з 1940 г. Удзел у Вялікай Айчыннай вайне прымаў з 22 чэрвеня 1941 г. У сакавіку 1943 г. стралок-радыст 804-га бамбардзіровачнага авіяпалка 293-й бамбардзіровачнай авіядывізіі малодшы сяржант Міхаіл Харлан атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду. Яго камандзір авіяпалка маёр Гаўрылаў напісаў у наградным лісце:
“Стралок-радыст малодшы сяржант Харлан у баях з германскім фашызмам праявіў доблесць і геройства. За час баявой работы ў Айчыннай вайне на Заходнім фронце ў якасьці флагманскага радыста здзейсніў 17 паспяховых баявых вылетаў. У час выканання баявога задання быў паранены. Лятае флагманскім радыстам вядучага групы.
У паветры смелы і пільны. У час атак варожых знішчальнікаў не губляе моцы духу, адбівае іх атакі кулямётным агнём. У палётах забяспечвае надзейную радыёсувязь групы з зямлёй і ўнутры строя. Дзякуючы выдатнаму забеспячэнню радыёсувязі ў палёце, група неаднаразова перанакіроўвалася на бамбёжкі важнейшых варожых аб’ектаў, чым праціўніку наносілася вялікая матэрыяльная шкода”.
17 ліпеня 1943 г. старшы сяржант Харлан быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. Да гэтага часу на Ленінградскім, Волхаўскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім і Варонежскім франтах ён у якасці стралка-радыста флагманскай машыны здзейсніў 56 паспяховых баявых вылетаў. Асабіста са свайго кулямёта знішчыў больш 15 агнявых кропак праціўніка і вялікую колькасць жывой сілы. У групавым баі збіў два МЕ-109.

Далей воінскі лёс занёс нашага земляка на Сцяпны, 2-гі і 1-ы Украінскі франты. На самалёцё ПЕ-2 гвардыі старшына флагманскі паветраны стралок-радыст 161-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага Чаркаскага палка 8-й гвардзейскай БАЧД Міхаіл Харлан да чэрвеня 1944 г. здзейсніў 72 паспяховых баявых вылетаў. 6 чэрвеня ў час нанясення групай нашых самалётаў бомбавага ўдара па варожых аб’ектах у глыбіні яго абароны ў раёне Тыргу-ФРУМас першым заўважыў знішчальнікаў праціўніка і перадаў каманду: “Увага! У паветры варожыя знішчальнікі!” Шквальным агнём сваіх кулямётаў адбіў атаку дваіх ФВ-190, якія накінуліся на самалёт камандзіра палка. Адбіўшы ўсе атакі фашысцкіх сцярвятнікаў, група выдатна выканала баявое заданне. Пасля бомбавага ўдару па варожых аб’ектах на іх месцы ўзнікла 6 ачагоў пажару і моцны ўзрыў, за што экіпажам была аб’яўлена падзяка камандзіра 2-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага корпуса. За паспяховае выкананне задання, праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм, камандзір авіяпалка маёр Сямёнаў прадставіў Міхаіла Харлана да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.
Аднак вышэйшае камандаванне вырашыла, што дастаткова ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені.
За вайну наш зямляк здзейсніў 113 паспяховых баявых вылетаў. Не аднойчы быў на валасок ад смерці, але лёс быў літасцівым да яго. 12 мая 1945 г. кампалка Сямёнаў у чарговы раз за жаркія баі на тэрыторыі Германіі прадставіў Міхаіла Харлана да ордэна Чырвонага Сцяга. Замест гэтай высокай узнагароды герой атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.
Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені быў узнагароджаны і начальнік сувязі 3 дывізіёна 66 ГМККП гвардыі старшы лейтэнант Кулыба Даніла Ігнатавіч, які 20 жніўня 1944г. у час прарыву варожай абароны пад моцным артылерыйскім агнём арганізаваў бесперабойную правадную і радыёсувязь. З рызыкай для жыцця лейтэнант перабраўся з апорнага пункта на НП палка і адрамантаваў рацыю, якую пашкодзіла асколкам. Двойчы пад артабстрэлам начальнік сувязі асабіста аднаўляў перабітую тэлефонную сувязь.
А 23 жніўня ў раёне в. Рэдуешці Кулыба, з’яўляючыся дзяжурным па дывізіёну, заўважыў групу аўтаматчыкаў праціўніка, якія спрабавалі пранікнуць у месца размяшчэння дывізіёна. Не вагаючыся, старшы лейтэнант адкрыў агонь са свайго аўтамата, пры гэтым знішчыў 6 варожых салдат, а астатніх, 8 чалавек, узялі ў палон падаспеўшыя гвардзейцы.
З першых дзён на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі знаходзіўся і ўраджэнец Бабровіч Муха Мікалай Апанасавіч, 1920 г.н., які быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1940 г. Ваяваў наш зямляк на Волхаўскім, Ленінградскім і 3-м Беларускіх франтах. На яго лёс выпалі складанейшыя гады барацьбы супраць ворага ў блакадным Ленінградзе.
Сцвярджаюць, што, па статыстыцы, камандзіры пяхотных узвадоў жылі на фронце ў Вялікую Айчынную вайну не больш трох дзён. Хто яго ведае, нешта ў гэтай выснове ўсё такі ёсць. Камандзір стралковага ўзвода 1-й стралковай роты 576-га стралковага Мінскага Чырвонасцяжнага ордэна Суворава палка 220-й Аршанскай Чырвонасцяжнай дывізіі лейтэнант Мікалай Муха пяць раз быў паранены: лёгка 15.09 41 г. у раёне г. Малавішара, лёгка 15.01.42 г. у раёне Сінявіна, лёгка ў 1943 г. у раёне Дзіменка, цяжка 10.04 44 г. у раёне Пскова, лёгка 13.01.45 г. у раёне Гольдап. 7 сакавіка 1945 г. лейтэнант Муха быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Аднак заслужаную ўзнагароду атрымаць не паспеў, 22 сакавіка ў час чарговага бою ва Усходняй Прусіі наш зямляк загінуў смерцю героя.
Добра ваяваў з першых дзён вайны і бабравічанін Кулыба Уладзімір Максімавіч, 1922 г.н. У сакавіку 1945 г. вылічальнік 7-й батарэі 150-й пушачнай артылерыйскай Севастопальскай ордэна Кутузава 2- ступені брыгады быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Разлікі артылерыста заўсёды былі дакладнымі і сакрушальнымі для варожых агнявых кропак. Аб чым сведчаць і іншыя яго баявыя ўзнагароды: медалі “За абарону Сталінграда”, “За баявыя заслугі”, “За адвагу” і г.д.
Адважна граміў ворага і Дронік Ігнат Захаравіч, 1918 г.н. Заражаючы мінамётнага разліка ў баю пад Магілёвам 28 чэрвеня 1944 г. захапіў у палон 7 нямецкіх салдат. За што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. А 14 лютага 1945 г. у час адбіцця контраатакі праціўніка замяніў параненага наводчыка і агнём свайго мінамёта знішчыў 8 нямецкіх салдат і падавіў агонь станкавага кулямёта праціўніка. У баі пад горадам Чэрск 21 лютага агнём свайго мінамёта падавіў тры агнявыя кропкі праціўніка, чым садзейнічаў руху свайго батальёна наперад. За гэтыя подзвігі чырвонаармеец Ігнат Дронік быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Такой жа узнагароды ўдастоіўся і яго аднафамілец Дронік Іван Іовіч, 1917 г.н., які з 1938 г. знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі, а непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях прымаў з ліпеня 1942 г. на Заходнім, Сталінградскім, Цэнтральным і Беларускім франтах. 8 снежня 1943 г. тэхнік звяна 44-га гвардзейскага Доўскага бамбардзіровачнага авіяпалка гвардыі старшына Іван Дронік быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Дагэтуль авіятэхнік абслужыў 620 баявых самалётавыпускаў на баявыя заданні ноччу. Асабіста адрамантаваў 3 самалёты і 5 рухавікоў, якія атрымалі пашкоджанні ад агню варожых зенітак. У суровыя зімовыя ночы пад Сталінградам у час моцных маразоў Дронік адначасова абслугоўваў па 2-3 самалёты і забяспечваў іх бесперабойную работу. Звяно Дроніка было лепшым у палку. У 1945 г. грудзі беларускага авіятэхніка ўпрыгожылі яшчэ і медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.
Кулыбу Яўстрата Трафімавіча, 1914 г.н., прызвалі ў армію 18 кастрычніка 1944 г. А ужо праз тры месяцы навабранец — курсант асобнай вучэбнай стралковай роты 97-й стралковай Віцебскай Чырвонасцяжнай дывізіі вызначыўся ў час наступлення ў раёне вёскі Вольшэдорф, якое адбылося 10-11 лютага 1945 г. Трапнай стральбой з асабістай зброі ён знішчыў 10 нямецкіх салдат і аднаго афіцэра. Камандаванне ўзнагародзіла яго за гэта ордэнам Славы 3-й ступені.
Такой жа ўзнагароды ўдастоіўся і яго зямляк Харлан Нестар Сямёнавіч, 1908 г.н., якога таксама прызвалі ў армію ўжо пасля вызвалення Калінкавіччыны, у 1944 г. ваяваў салдат у 112-м гвардзейскім стралковым Люблінскім Чырвонасцяжным ордэна Кутузава палку наводчыкам 45-міліметровай гарматы. 19 красавіка 1945 г. у баі за вышыню 55.0 трапным агнём са сваёй гарматы Харлан знішчыў 4 агнявыя кропкі праціўніка і да 20 нямецкіх салдат. У момант фарсіравання р. Шпрэе адзін з першых пераправіўся на заходні бераг і забяспечыў пераправу нашых стралковых падраздзяленняў.
Многія ўраджэнцы Бабровіч у час вайны, змагаючыся з акупантамі, праявілі асабістыя прыклады адвагі і былі ўзнагароджаны медалём “За адвагу”.
Напрыклад, чырвонаармеец Харлан Мікалай Барысавіч, 1925 г.н., які быў прызваны ў армію 11 снежня 1943 г., атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду за бой, які адбыўся непадалёку ад яго роднай хаты. 24 жніўня 1944 г., у час прарыву абароны праціўніка ў раёне в. Чэрнін Парыцкага раёна, ён з асабістай зброі знішчыў чатырох нямецкіх салдат. Камандаванне за гэта адзначыла маладога байца медалём “За адвагу”.
А 18 ліпеня, у час бою за чыгуначную станцыю Гайнаўка Беластоцкай вобласці, у момант знаходжання батальёна ў акружэнні, Мікалай пад моцным кулямётным агнём праціўніка хутка і своечасова дастаўляў баявыя распараджэнні камандзіра батальёна. Тым самым забяспечыў магчымасць кіравання стралковымі падраздзяленнямі. З асабістай зброі знішчыў чатырох салдат праціўніка. За гэты бой Муха быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. У выніку атрымаў яшчэ адзін медаль “За адвагу”.
Такой жа ўзнагароды, а таксама двух медалёў “За баявыя заслугі” ўдастоіўся і чырвонаармеец Харлан Іван Сямёнавіч, 1903 г.н. У баі за в. Цішы 4 лютага 1945 г. ён першым уварваўся ў нямецкія траншэі і ў рукапашнай забіў двух нямецкіх салдат. А 23 сакавіка гэтага ж года ён знішчыў 6 варожых салдат, якія спрабавалі кантратакаваць нашы баявыя парадкі. У адным з баёў пехацінец атрымаў раненне.
Жыхар Бабровіч, зенітчык радавы Кавалёў Васіль Клімавіч, 1919 г.н., напрыклад, атрымаў медаль “За адвагу” за тое, што збіў два варожых самалёты.
Стралок 895-га стралковага палка радавы Кулыба Іван Антонавіч, 1907 г.н., 11 ліпеня 1944 г. у час бою ля в. Горбічы зайшоў на левы фланг праціўніка і са свайго аўтамата забіў двух фрыцаў, а траіх узяў у палон.

Чырвонаармеец Кулыба Цярэнцій Ігнатавіч, 1920 г.н. у баі за в. Роннункюля падпоўз да варожага дзота і падавіў кулямёт, закідаўшы яго гранатамі. У час контратакі 16 чэрвеня 1944 г. асабіста знішчыў трох фінскіх салдат.
Медалём “За адвагу” былі ўзнагароджаны: наводчык супрацьтанкавага ружжа яфрэйтар Кулыба Аляксандр Апанасавіч, 1926 г.н.; кулямётчык чырвонаармеец Кулыба Аляксандр Арцёмавіч, 1926 г.н.; камандзір кулямётнага ўзвода старшы сяржант Кулыба Васіль Арцёмавіч, 1923 г.н.; пехацінец малодшы сяржант Муха Мікалай Раманавіч, 1925 г.н.; артылерыст-вылічальнік гвардыі старшы сяржант Муха Цімафей Андрэевіч, 1896 г.н.
Гэтай жа ўзнагароды ўдастоіліся: санінструктар гвардыі сяржант Козел Іосіф Цімафеевіч, 1914 г.н.; разведчык чырвонаармеец Муха Трафім Цімафеевіч; артылерыст чырвонаармеец Тозік Іван Мінавіч, 1924 г.н.; мінамётчык чырвонаармеец Харлан Мікалай Мацвеевіч, 1908 г.н.
Толькі не давялося ім красавацца з баявымі ўзнагародамі на грудзях перад роднымі Бабровічамі. Іван Тозік загінуў 8 жніўня 1944 г. Астатнія ў 1945 годзе: Іосіф Козел – 21 студзеня, Мікалай Харлан – 7 мая, Трафім Муха – 12 чэрвеня.
Кавалерамі медаля “За баявыя заслугі” на фронце сталі: повар 267-га батальёна аэрадромнага абслугоўвання вольнанаёмная Дронік Ганна Архіпаўна, 1920 г.н., яна ж была ўзнагароджана і медалём “За абарону Масквы”; стралок батальёна аэрадромнага абслугоўвання яфрэйтар Прыходзька Навум Ільіч, 1907 г.н.; артылерыст чырвонаармеец Латоцін Іван Сцяпанавіч, 1923 г.н.; артылерыст чырвонаармеец Муха Аркадзь Апанасавіч, 1926 г.н.
125 жыхароў Бабровіч не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны.
Многіх сваіх абаронцаў Радзіма адзначыла баявымі ўзнагародамі ў 1985 – 1987 гг. з нагоды 40-годдзя Перамогі. Так, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені былі ўзнагарожданы: Алісейка Мікалай Кузьміч, 1923 г.н.; Дронік Акім Нічыпаравіч, 1909 г.н.; Дронік Фёдар Іовіч, 1927 г.н.; Кулыба Міхаіл Мацвеевіч, 1920 г.н.; Латоцін Іван Сцяпанавіч, 1923 г.н.; Муха Васіль Паўлавіч, 1903 г.н.; Мухін Міхаіл Уладзіміравіч, 1924 г.н.; Мухін Сцяпан Кузьміч, 1906 г.н.; Харлан Яўген Савельевіч, 1925 г.н. Ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені ўручылі: Кулыбе Міхаілу Фёдаравічу, 1910 г.н.; Муха Аляксандру Іванавічу, 1926 г.н.; Муха Аркадзю Апанасавічу, 1924 г.н.; Муха Уладзіміру Сцяпанавічу, 1923 г.н.; Мікалаенку Мікалаю Іванавічу, 1918 г.н.

ЗЛАЧЫНСТВЫ НАЦЫСТАЎ

Ва ўстанове “Занальны дзяр-жаўны архіў у г. Мазыры” (ЗДАМ) захоўваюцца Акты раследаванняў фашысцкіх злачынстваў, якія здзейснілі нямецка-фашыскія захопнікі супраць савецкіх грамадзян на акупіраванай тэрыторыі Даманавіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Дык вось, па сведчанні жыхароў Бабровіч, Дронік Хрысціны Захараўны, Дронік Усціны Маркаўны, Яўсеенка Алены Паўлаўны, якія яны далі ў снежні 1944 г. Надзвычайнай камісіі па раследаванні фашысцкіх злачынстваў, у лістападзе 1943 г. у вёсцы Бабровічы па распараджэнні азарыцкага ваеннага каменданта
Расстраляны:
Зінковіч Вольга Маркаўна, 1922 г.н.
Гарлеўскі Аляксей Маркавіч, 1926 г.н.
Яўсеенка Гаўрыла Міхайлавіч, 1888 г.н.
Муха Васіль Апанасавіч, 1893 г.н.
Дронік Піліп Максімавіч, 1918 г.н.
Зажыва спалены:
Харлан Васіліна Сямёнаўна, 1900 г.н.
Кулыба Матруна Антонаўна, 1896 г.н.
Загінулі пад час бамбёжкі:
Тозік Улляна Несцераўна, 1884 г.н.
Харлан Максім Барысавіч, 1890 г.н.
28 лістапада 1943 г. пры адступленні нямецкіх войск з Бабровіч салдатамі 33-й нямецкай пяхотнай дывізіі былі насільна ўгнаны ў Нямеччыну бабравічане:
Муха Мацвей Сідаравіч, 1927 г.н.
Дронік Якаў Антонавіч, 1905 г.н.
Кулыба Цыліх Іванавіч, 1888 г.н.
Латоцін Нікіта Ісакавіч, 1902 г.н.
Муха Архіп Пятровіч, 1901 г.н.
Канаш Якаў Якімавіч, 1900 г.н.
Канаш Міхаіл Якаўлевіч, 1926 г.н.
Муха Купрыян Васільевіч, 1909 г.н.
Муха Назар Савіч, 1905 г.н.
Казак Якаў Каленікавіч, 1889 г.н.
Харлан Іосіф Еўдакімавіч, 1927 г.н.
Харлан Уладзімір М., 1927 г.н.
Муха Аляксандр Цітавіч, 1927 г.н.
Дронік Іван Нікадзімавіч, 1893 г.н.
Дронік Захар Нікадзімавіч, 1876 г.н.
Пасюк Сава Прохаравіч, 1916 г.н.
Кулыба Трыфан Маісеевіч, 1889 г.н.
Харлан Ануфрый Ів., 1904 г.н.
Кулыба Іван Фаміч, 1927 г.н.
Кулыба Іван Пятровіч, 1900 г.н.
Жыхаркі вёскі Дронік Хрысціна Захараўна і Дронік Лісавета Антонаўна расказалі Надзвычайнай камісіі, што 8 лістапада 1943 г. нямецкія акупанты, якія прыйшлі забраць карову, курэй і іншую жыўнасць і рэчы, захапілі ў хаце Кулыба Матруну Рыгораўну і Дроніка Піліпа Антонавіча, закрылі іх і падпалілі дом і хлявы. Пасля чаго трупы абгарэлых былі пахаваны там жа на папялішчы.
Жыхар Бабровіч Харлан Еўдакім Каленікавіч паведаміў, што 21 жніўня 1941 г., калі нашы войскі адступалі з вёскі, усе жыхары вёскі сядзелі ў падполлі і склепах, бо ішоў бой. Як толькі страляніна сціхла, людзі пачалі вылазіць са сваіх хованак. Немцы заўважылі рух і пачалі страляць з кулямёта, у выніку чаго забілі Муху Васіля Апанасавіча.
А сведкі Кулыба Аўроння Пятроўна і Харлан Вера Ігнатаўна паведамілі, што 26 кастрычніка 1941 г. мясцовы паліцай Кулыба Акула паведаміў немцам, якія міма праязджалі на машыне па шашы, што недалёка прайшлі двое нашых ваенных, якія вярталіся з палону. Немцы затрымалі іх па падазрэнні ў партызанстве, расстралялі побач з ветраным млыном, дзе яны і былі пахаваны.
Жыхаркі Бабровіч Харлан Уліта М. і Муха Пяклуша С. засведчылі Надзвычайнай камісіі, што 29 верасня 1943 г. з вёскі пайшла іх аднавяскоўка Харлан Васюта Сямёнаўна, каб паглядзець, ці не пакраў хто яе бульбу ў полі. Назад у вёску яна больш не вярнулася. Бацькі знайшлі яе забітую толькі праз два месяцы пад мостам у кустах.
А бабравічанкі Яўсеенка Алена Паўлаўна і Дронік Усціння Якаўлеўна паведамілі, што напярэдадні наступлення Чырвонай Арміі на Бабровічы, немцы вылавілі ў лесе хаваўшыхся там мясцовых жыхароў. Мужа першай Яўсеенка Гаўрылу Міхайлавіча яны аддзялілі асобна, як меўшага сувязь з партызанамі, тры дні пратрымалі ў хляве, а пасля допыту, 27 лістапада 1943 г., расстралялі на канцы Бабровіч за хлявом дома № 8. Пахаваны ён на мясцовых могілках. (ЗДАМ. Ф.310. воп.1.с.7).
Усяго ж у Вялікую Айчынную вайну нямецкія карнікі расстралялі 70 жыхароў Бабровіч. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 1. Кніга 1. Гомельская вобласць. Мінск. “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с.534).

УСПАМІНАЮЦЬ СТАРАЖЫЛЫ
Савіцкая (Харлан у дзявоцтве) Ксенія Несцераўна, в. Бабровічы, 91 год:

— З майго роду, сыночак, ні па бацькавай лініі, ні па матчынай ужо няма нікога. Я засталася адна. Родзілась я ў 1926 году, 28 аўгуста. У майго бацькі було трое дзецей. Я — самая старшая. Я осталася, а молодшые ужэ померлі. Мой бацька работаў у военізірованой пожарной охрані ў военном городку. Городок ужэ буў до войны. А як почалася война, бацьку забралі на фронт. Апасля нам прышла похоронка, што вон погіб у 1943 г.

Колхоз наш называўся “Культура”. До войны его прэдседацелем буў нейкі прыезжы Чэпік.
До войны ж началі строіць радом з Бобровічамі і аэродром. Потом его засеялі клевером. Косілі, ставілі стогі на берэгу аэродрома, што б вон буў чысты.
До войны построілі і военны городок. Там і казармы булі, магазін. Праўда, мало було: і домоў, і казарм. Вот етые двухэтажные домікі, што стояць у военном городку цепер, усе довоенные, а пяціэтажкі — строілі ўжэ после войны.

У нас у Бабровічах була своя школа. Сначала ў хаці ў одных людзей. А потым построілі дзерэвяную. Я тут кончыла чотыры класы. А потым у пяты пошла ў Домановічы. Бобкоў буў дзірэктор там. А жонку его звалі Зінаіда Адамоўна. А тут не помню. Помню бобровіцкіх учыцелей: Скурэнок і Цягуноў.
Цягуноў буў родом з гомельской Кормы. Вон узяў замуж мою цётку – бацькову сестру Дуню, дочку Ульяны Харлан. У іх було трое дзецей: Каця, 1933 г.н., Валенціна, 1938 г.н., і Васіль, 1943 г.н. Ніколай Цягуноў погіб на фронці. А Дуню потым забралі дзеці ў Москву. Там вона і померла. Ее сын буў послом у Лівіі. Дуня мне ішчэ расказвала, як летала к ему ў Лівію, а потым вон вернуўса ў Москву.
А Скурэнок тожэ ўзяў собе жонку з нашых Бобровіч. У іх була большая сем’я – пяцеро дзецей. Як почалася война, дак Скурэнок пошоў у парцізаны. А колі немцы сталі подціскаць, дак одзін наш мужык завез конем его семью ноччу ў Хойнікі. Мусіць, Скурэнок буў одтуль родом. После войны вон работаў прэдседацелём сельсовета ў Домановічах.
Дзерэўні нашы называліся: Кулыбы і Мухі. Дак вот тая часць, што начыналась от тракту, які ідзе на Мінск, называлась Мухі, а ета — ўправо — Кулыбы.

Як кончылася война, а нашу дзерэўню освободзілі 14 январа), я з одной дзевочкой (Кулыба Анюта, вона ужэ померла) 18 марта пойшлі ў Блудзім, поступаць у комсомол. Там ужэ організовалі раён (маецца на ўвазе раённы цэнтр – І.Г.), бо тут ішчэ ўсе занятэ було. Уступілі ў комсомол. Вона кончыла до войны восем класоў, а я – сем. Му попросілі, штоб нам далі работу, бо дома есці не було чого, да і матцы трудно – усе ж – голые, голодные. Анюці прэдложылі работу ў банку, а мне — у судзе, секрэтаром.
Усе хаты ў Блудзіме булі заняты: у одной – суд, у другой – прокуратура, у трэцёй – міліцыя, а там — райзо і т. д.
Чэрэз некоторы час переехалі ў Домановічы. Доўго-доўго там работалі. Але ж і там места ўсім не хватало. Переехалі ў Азарычы после іх освобождзенія.
Первым судзьёй буў Мезенцоў, а потом Гурыновіч. Але вон буў ранены ў голову і ему плохо стало. Прокурор быў Перэводчыкоў Міхаіл Івановіч, следовацелём – Бурыкін Пракофій Романовіч. І я работала ўсе ўрэме ў судзе. І так звукла, што й куды.
Работала там, покуль не прыйшоў з войны мой дзед (маецца на ўвазе муж –І.Г.) Савіцкі Павел Сцепановіч. Вон буў з 1922г., родом з Козловіч. До войны кончыў скороспело на вучыцеля і работаў у школі ў Замосці. На фронт попаў по першому прызыву. А як закончылася война, дак его у першых отправілі до хаты, бо учыцелей отпраўлялі раней. Але ж вон дома не захоцеў зразу іці ў школу, а пойшоў заведуюшчым обшчого оддзела ў райісполком. Тут му і познакомілісь. Тут у Азарычах і пожэнілісь. А ек мужа направілі з райісполкома ў школу, му переехалі ў Бобровічы. Ему, як фронтовіку, выдзелілі бесплатно лес, і му поставілі свою хату. А работаў мой дзед вучыцелем у Сельцах. Му з ім прожылі ўмесці 64 годы. Народзілі сына і двух дочок.
Сынок Толік — подпалкоўнік. У Кіеві кончыў танковое военное учылішчэ і окончыў акадземію імені Маліноўского. Буў командзіром танкового батальёна. Служыў і ў Германіі, і ў Манголіі, потым іх перэвелі ў Забайкалле.

Там і памёр мой сыночак. У его буў другі прыступ інфаркта.
Валя замужом на Украіне. А другая була ў Краснополлі, а после Чарнобыля іх перэселілі ў Віцебскую вобласць. Муж ее работаў шафёром, а вона бухгалцером. А потым як заболела, дак так і не вулечылі. Нема ўжэ маёй донькі.
І я ўжэ нічога не бачу. Зробілі мне операцыю, але вона не помогла. Бачу ледзь-ледзь на одно воко і то боковым зрэніем.
Ек перэбралісь му ў Бобровічы, я пошла ра роботу уборшчыцой у школу. Дзірэктором буў тоды Анатолій Булаўко – очень хорошы чоловек.
Помню ешчэ до войны ў нас построілі ў Бобровічах клуб. Зданіе було построено буквой “Г”, дак у одном крыле буў клуб, а ў другом — медпункт. Там жэ була і пошта.
Людзей було ў дзерэўні много, і хат тожэ. Короў людзі много дзержалі, аж тры стады було. А пасцілі по лесу. І колхозных короў тожэ пасцілі по лесу.
Дронік Мікалай Міхайлавіч (82 гады) і Марыя Маркаўна (78 гадоў):

— Я родзіўся ў 1935 г. тут, у Бобровічах. Посля вайны пойшоў у школу. Вучылі нас Вольга Мацвееўна Кулыба. Потым, із Тарканоў Ксенія, забыў яе фамілію. І наша Вольга Рыгороўна Майсюкова.
8 февраля 1952 г. я пойшоў на стройку ў воінскую часць, як началі возобноўляць военны городок. А городок началі строіць у 1938 г. І аэродром тоды началі строіць. Потом это ўсе прэкрацілось. Буў сначала грунтовы аэродром. Самолёты садзілісь дажэ во врэмя войны, як немца погналі. Була тут наша воінская часць. А дома, которые заселялі нашы военные до войны, когда сем’і эвакуіровалі, парцізаны сожглі, штоб немцы ў іх не размесцілісь. Шэсць штук іх було, оны і зарэз стояць по — над асфальтом, как от школы к міліцыі. Водокачка довоенная, колбасны цэх – довоенны, баня, рядом возле башні була, пекарня до войны.
У 1954 г. прызвалі ў армію, служыў ў морфлоці водолазом. Вернуўся з флота і опяць пошоў шафёром у воінскую часць. Усю жызнь там проробіў.
У нашу размову ўключаецца гаспадыня:
— Я родам з Аўцюкоў. Дзевочая фамілія Есьман. Работала ў брыгадзі, на строіцельстві, а потом -дояркой. У меня іе – “Вецеран труда” ( маецца на ўвазе медаль – І.Г.), і награды, і заслужана. Сільно доіла, так чэсно горэвала, як дома, каждый год була перэдовой. Ну і на пенсію пошла ў 50 годоў, бо ў нас пяцеро дзецей. Двое сыноў — военные, служылі прапоршчыкамі: Сергей і Саша. Усе дзеці жывуць у гарнізоні, одзін Ніколай — у Домановічах, вон там участковым буў. Дочка Ліда замужом за лётчыком Большаковым Віктором Валенціновічом (сейчас вон работае масцером у ЖКХ у Бобровічах после выхода на пенсію). Муж ее окончыў Бобровіцкую школу – родзіцелі служылі тут (бацько его буў маёр, рано помёр), а потом поступіў на лётчыка. Віця хорошо учыўся, его направілі на службу у Германію. Люба зарэз работае поваром у школьной столовой. А Валя — у Бобровічах у магазіні, 30 годоў у торгоўлі.
Задаю гаспадарам пытанне: “Ці не паменшала ў вёсцы дамоў з пасляваеннага часу?”
— А як жа, — адгукаюцца абое. — Було 187 дворов, а сейчас!? С послевоенного ўрэмені ўжэ половіну домоў у дзерэўні закопалі. Осталісь хутора. З войны к нам не вернулось 107 чоловек, што ўшлі по первому прызыву. У мого дзеда Дроніка Нікіфора Анісімовіча ўшло пяць — прышоў одзін: Фома, Архіп, Іоў, Якім і Моісей. Вернуўся толькі Якім.
Пытаю ў старажылаў:”А ці многа самалётаў разбілася ў Бабровічах?”
— За ўсё сушчэствованіе часці — 17 самолётоў. Не ўсе лётчыкі, конешно, погіблі, некоторые ўспелі катапульціровацца.
Звяртаюся да Марыі Маркаўны: “А хто з аднавясковак працаваў ра-зам з вамі на ферме?”
— Як я работала, нас було дзесяць доярок: Кулыба Ксіння Макароўна, Маша Федосеенко, Несцерова – нема ужэ іх, Таня Сідорова, она ішчэ жывая, Тамара –паралізовало ее, Кулыба Вольга. Остальных почці ўсіх ужэ нема.
На маё пытанне: “Хто быў старшынёй калгаса ў пасляваенны час ў Бабровічах?”, Мікалай Міхайлавіч адказаў: “Нехта з нашых, здаецца, Прыходзько”.
Ад аўтара: На жаль, у Мазырскім архіве захавалася вельмі мала дакументаў, якія расказваюць пра гісторыю бабровіцкага калгаса “Культура”. З іх, напрыклад, вынікае, што да восені 1946 г. калгас узначальваў франтавік Харлан Дзяніс Аляксеевіч. (ЗДАМ. ф.241. воп.1.с.12.л.8).

Харлан Д.А. нарадзіўся ў 1913 г. у Гарочычах. Вызваляў Мінск. Дайшоў да Берліна. Узнагароджаны медалём “За адвагу” і ў 1987 г. — ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
У кастрычніку 1946 г. старшынёй калгаса працаваў ужо Прыходзька Наум Ільіч. (ЗДАМ. ф.241. воп.1.с.12.лл.44-48).
Нарадзіўся Наум Ільіч у в. Бабровічы ў 1907 г. Па першаму прызыву ў 1941 г. трапіў на фронт. Служыў стралком 267-га батальёна аэрадромнай аховы 71-га раёна базіравання 15-й паветранай арміі 2-га Прыбалтыйскага фронта. Франтавы шлях ефрэйтара Прыходзька адзначаны медалямі: “За абарону Масквы”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”
Як сведчаць архіўныя дакументы, на 1 студзеня 1948 г. у калгасе “Культура” налічваўся 151 двор, у якім пражывала 630 жыхароў. З працаздольных былі: 51 мужчына і 152 жанчыны.
У калгасе было тры брыгады, сад у 5 га. У полі было пасеяна: 100 га жыта, 15 га яравой пшаніцы, 20 га яравога ячменю, 30 га аўсу, 10 га проса, 35 га грэчкі, 1 га вікі, 2 га лубіну, 5 га ільну, 0,5 га канюшыны, 0,5 га тытуню, 35 га бульбы, 1 га капусты, 0,25 га агуркоў, 0,07 га памідораў, 0,20 га морквы і 0,30 га буракоў.
З жывёлы ў гаспадарцы мелася: 41 буйная рагатая галава, 10 коней, 18 цялят, 17 авечак і 6 ягнят, 42 курыцы.
Рахункаводам у калгасе працаваў Харлан Якаў Маркавіч. Старшынёй рэвізійнай камісіі быў Кулыба Цярэнцій Ігнатавіч. (ЗДАМ. ф.1211. воп.1.с.27.л. 10).
У 1950 г. бабровіцкі калгас ужо узначальваў нехта Говар.

ГАСПАДАРКА ДАМАНЧУКА

Не аднойчы даводзілася бываць у Бабровіцкай сярэдняй школе. Гэта самая буйная па сваіх памерах сельская школа раёна. У мінулыя часы яна была і самай буйной па колькасці навучэнцаў.
Будынак школы размясціўся паміж вёскай Бабровічы і ваенным гарадком.
З 1990 г. і па сённяшні дзень Бабровіцкую школу ўзначальвае Даманчук Уладзімір Фёдаравіч, настаўнік гісторыі па спецыяльнасці, які нямала ўласных сіл і здароўя паклаў, каб установа адукацыі, на чале якой ён пастаўлены, заўжды была на вышыні. Вось і гэтым летам застаў дырэктара разам са сваімі мужчынамі-падначаленымі на школьным даху. “Пацёк. Рамантуем, — патлумачыў Уладзімір Фёдаравіч. – Трэба 900 м2 рубероіду ўладаваць”.
Ад’язжаючы ад школы, што стаіць за прыгожым бярозавым гаем, які пасадзілі ў свой час вучні толькі што ўзведзенай школы-новабудоўлі, і ўспамінаючы ўвішную працу педагогаў, якія ў адзін момант перакваліфікаваліся ў будаўнікоў, у галаве міжволі нарадзілася паралель па аналогіі з убачаным у часы свайго дзяцінства ў фільме “Турботная гаспадарка” – гаспадарка Даманчука. Менавіта так, у тым ваенным фільме апавядалася пра гаспадарку старшыны Сямібабы, якая на самой справе з’яўлялася “ліпавым” аэрадромам. А тут і аэрадром быў сапраўдны, і клопатаў не меней.
… Першы школьны будынак у Бабровічах паявіўся ў 1934 г. Узводзіць яго пачалі за два гады да гэтага з перавезеных з Халоднікаў хат тамашніх сялян, якіх раскулачылі і выслалі за межы Беларусі.

У той жа год вучні разам з настаўнікамі заклалі ў Бабровічах школьны сад.
Да гэтага ж навучанне дзяцей і дарослых у вёсцы ажыццяўлялася ў наёмных вясковых хатах.
У 1937 г. Бабровіцкая пачатковая школа ператварылася ў сямігодку.
Па ўспамінах старажылаў, настаўнікамі ў тую пару ў вёсцы працавалі: Жукоўскі, Бардзяўская, Мікалай Васільевіч Цягуноў. Аляксандр Андрэевіч Скуранок быў загадчыкам школы. Цягуноў і Скуранок у гады вайны сталі партызанамі 101-й Даманавіцкай партызанскай брыгады.
Аляксандр Скуранок, напрыклад, быў намеснікам начальніка разведкі брыгады, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Пасля вайны працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Даманавіцкага РК КПБ, старшынёй калгаса імя Кутузава ў Даманавічах, а з 1960 г. узначаліў Даманавіцкі сельскі Савет.
Мікалай Цягуноў, 1912 г.н., па ўсёй верагоднасці, нарадзіўся ў расійскіх краях. Апынуўся ў Бабровічах у 30-я гг. Настаўнічаў. Ажаніўся на аднагодцы, мясцовай дзяўчыне – Харлан Еўдакіі. У 1933 г. у іх нарадзілася дачка Кацярына, у 1938 – Валянціна, у 1943 – сын Васіль.
Партызана 101-й Дамана-віцкай партызанскай брыгады Цягунова пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна прама з партызанскага атрада залічылі ў рады Чырвонай Арміі.
Ваяваў бабровіцкі настаўнік адважна. 18 жніўня 1944г. камандзір 883-га стралковага палка 193-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронта палкоўнік Смірноў прадставіў сяржанта Мікалая Цягунова, які з’яўляўся старшыной стралковай роты 2-га батальёна да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вось што напісаў кампалка ў сваім прадстаўленні: “За тое, што 2.08.1944 г. у раёне в. Асноўка ў час фарсіравання ракі Заходні Буг у момант, калі баявыя парадкі стралковых батальёнаў пераправіліся на левы бераг раку і завязалі моцны бой за пашырэнне плацдарма, нягледзячы на моцны абстрэл з боку праціўніка, тройчы перапраўляўся цераз раку з боепрыпасамі і гарачай ежай, чым поўнасцю забяспечыў байцоў пярэдняга краю і здольнасць у поспеху баявых аперацый.
У момант, калі праціўнік перайшоў у контратаку, т. Цягуноў прыняў асабісты ўдзел у адбіцці атакі немцаў і ў баі паказаў сябе адважным і рашучым байцом, прадэманстраваў прыклад геройства астатнім байцам”.
На жаль, адважнаму педагогу не суджана было вярнуцца да роднай сям’і – 30 студзеня 1945 г., у час вызвалення Польшчы, варожая куля спыніла жыццёвы шлях бабровіцкага настаўніка. Сяржанта пахавалі ў в. Малы Руднік Грудзендзскага павета Быдгошчскага ваяводства.
…Восенню 1944 г. Бабровіцкая школа аднавіла сваю работу. Загадчыкам школы працаваў нехта Беленькі. У хуткасці яго змяніла Кулыба Вольга Мацвееўна, 1918 г.н. Дарэчы яе брат Міхаіл, 1922 г. н., у гэты час працаваў у Мазырскім РК ЛКСМБ.
У 1946 г. для школы ўзвялі новы драўляны будынак. Заняткі ў ім праводзіліся ў дзве змены, бо ў школе адначасова вучыліся і дзеці ваеннаслужачых з ваеннага гарадка, які размяшчаўся побач з вёскай. Кіраваў у гэты час школай Паўлаў Іван Аляксандравіч.
Яго затым змяніў нехта Эстрын.

Класы былі перапоўненымі. Па дамоўленасці з камандаваннем ваеннага гарнізона вучні пачатковых класаў пачалі займацца ў адным з будынкаў вайсковай часці. У малодшых класах тады працавалі педагогі: Косар Ганна Харытонаўна, Майсюкова Вольга Рыгораўна, Наўгародава Вера Аляксандраўна, Тозік Анастасія Панкратаўна.
У 1960 г. з-за аварыйнага стану школьнага будынка навучальную ўстанову часова перамясцілі ў адну з вайсковых казарм, а паміж Бабровічамі і ваенным гарадком пачалі ўзводзіць новы двухпавярховы каменны будынак пад школу, які ўвялі ў 1964 г.
Заняткі праводзілі ў дзве змены. У класах вучылася па 40—42 вучні.

У пачатку 2012 г. журналістка Таццяна Капітан на старонках “Калінкавіцкіх навін” надрукавала артыкул “Бабровіцкая школа – пераможца абласнога спаборніцтва”. Вось што яна напісала тады ў сваім артыкуле пра школу і яе калектыў:
“Па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па павышэнні якасці адукацыі Бабровіцкая сярэдняя школа заняла першае месца сярод сельскіх школ, за што была ўзнагароджана Ганаровай граматай і грашовай прэміяй у памеры 60 млн. рублёў.
Перамога ў конкурсе проста так не даецца. Для гэтага калектыў школы павінен быў шмат папрацаваць. На абласным конкурсе праца школы ацэньвалася па 21 паказчыку. Гэта і набраныя ўдзельнікамі балы ў цэнтралізаваным тэсціраванні, і адсутнасць правапарушэнняў з боку вучняў, і выступленне школы на алімпіядах, і катэгарыйнасць настаўнікаў, і ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, і г.д.
Вось па выніках гэтых сумарных паказчыкаў Бабровіцкая сярэдняя школа і стала абсалютным лідарам у Гомельскай вобласці.
Як калектыў дасягнуў такога выніку і на што робіцца ўпор у працы, мы спыталі дырэктара ўстановы адукацыі Уладзіміра Даманчука.
— У нашай школе навучаецца 186 вучняў.
Адукацыйны працэс ажыц-цяўляюць 33 педагогі, з іх вышэйшую і першую катэгорыю маюць 65% настаўнікаў, вышэйшую адукацыю — 93%.
Праца педагагічнага калектыву нацэлена на ўдасканаленне эфектыўнасці развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў з улікам іх індывідуальных асаблівасцяў. Таму асноўнай задачай нашай школы з’яўляецца стварэнне камфортнай адукацыйнай прасторы для навучэнцаў і педагогаў.
Пры ўсім гэтым калектыў школы не забывае і аб стварэнні годных умоў для паспяховай працы і адпачынку навучэнцаў. Наладжаны цесныя сяброўскія адносіны з дабрачынным фондам «Дапамога дзецям Чарнобыля». Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву за апошнія тры гады ў школе змаглі цалкам замяніць абсталяванне ў сталовай, зрабіць рамонт туалетаў, набыць канцтавары, гаспадарчы і спартыўны інвентар.
Для малазабяспечаных сем’яў са сродкаў фонду выдзяляюцца прадуктовыя наборы і грашовая дапамога. Штогод у час летніх канікул каля 50 навучэнцаў аздараўляюцца ў Вялікабрытаніі.
Вось ужо 16 гадоў вучні школы летам ездзяць на адпачынак у Малдавію.
А ў вольны ад вучобы час бабровіцкія хлопцы актыўна прысвячаюць сябе творчасці. У творчым калектыве яны вырастаюць, не прыстасоўваючыся да жыцця, а пераўтвараючы яго вакол сябе. Таму пазакласная праца з’яўляецца састаўной часткай адукацыйнага працэсу, адной з формаў арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, што стварае шырокія магчымасці для развіцця здольнасцяў асобы і падрыхтоўкі яе да актыўнай дзейнасці ў жыцці.
Усе навучэнцы школы наведваюць гурткі, факультатывы, спартыўныя секцыі. Кожны выбірае тое, што яму па душы. А выбіраць ёсць з чаго. У самой школе працуе 10 гурткоў рознай накіраванасці, 6 спартыўных секцый. Пасля школы навучэнцы наведваюць Бабровіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А на базе СДК працуе школа мастацтваў (філіял Ліпоўскай школы мастацтваў), якая ўключае ў сябе 4 аддзяленні. Таксама ў самым СДК працуе некалькі гурткоў. Ды і сельская бібліятэка працуе да 21.00 і прымае кнігалюбаў усіх узростаў.
Навучэнцы школы – пастаянныя пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па тэхнічнай працы, уладальнікі прызавых месцаў у спартыўных спаборніцтвах.Каманда школы «Бабраня» шостая ў вобласці і дзявятая ў рэспубліцы ў гульні «цімураўскія справы», па выніках мінулага года пярвічная арганізацыя ГА «БРСМ» стала лепшай у раёне і г.д.
Вядома, усяго гэтага магло б і не быць без старанняў дружнага калектыву аднадумцаў.Многія з педагогаў цалкам аддаюць сябе любімай прафесіі. У першую чаргу гэта Віктар Савіцкі, які падрыхтаваў 45 дыпламантаў прадметных алімпіяд, Алег Балоба, намеснікі дырэктара Таццяна Іканаска і Святлана Чакранёва, Вольга Тухтаназарава, Таццяна Крупіна, Таццяна Кабраль, Жанна Сівец, Таццяна Балоба, Алена Новік, Таццяна Азбука і іншыя.
Калі настаўнікі і кіраўніцтва школы па-сапраўднаму хварэюць за сваю ўстанову адукацыі, тады і вучоба, і праца спорацца. І доказам гэтаму з’яўляюцца дыпломы пераможцы раённага спаборніцтва 2005, 2008, 2011 гадоў, І месца ў раёне на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі ў 2012 годзе”.

ЗАСЛУЖАНЫ НАСТАЎНІК АНАТОЛЬ БУЛАЎКА

Да 1963 г. школу ўзначальваў фран-тавік, ураджэнец в. Рылавічы (цяпер –Ніканава Калінкавіцкага раёна) Цяслюк Мікалай Сямёнавіч. Гэта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва новай школы ў Бабровічах. А вось заканчваў яго ўжо новы дырэктар школы Булаўка Анатоль Арцёмавіч, бо Мікалая Цяслюка прызначылі загадчыкам Калінкавіцкага раённага аддзела народнай адукацыі.

— Анатоль Арцёмавіч, — як расказала мне яго жонка Булаўка Валянціна Канстанцінаўна, якая зараз жыве ў Калінкавічах, — нарадзіўся ў 1936 г. у в. Гарочычы. Яго бацька, Булаўка Арцём Паўлавіч, 1910 г.н., быў родам з суседніх Булавак. З 1931 г. служыў у Чырвонай Арміі. Быў кадравым ваенным. З першага дня вайны яму прыйшлося ўступіць у крывавы бой з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў складзе войск Паўночна-Заходняга фронту. Абараняў паўночную сталіцу краіны – горад Ленінград.
Яго жонку і дваіх малалетніх сыноў у пачатку вайны эвакуіравалі ў глыбіню краіны. Але па дарозе ў тыл, цягнік з эвакуіруемымі разбамбілі фашысцкія сцярвятнікі.
На франтавых шляхах Арцём Булаўка выпадкова сустрэўся з былой суседкай, якая паведаміла яму страшную навіну — яго сям’я пад час бамбёжкі загінула.
Не думаў і не ведаў камандзір 494-га стралковага палка 174-й стралковай дывізіі, падпалкоўнік Арцём Булаўка, кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга і ордэна Аляксандра Неўскага, што жонка і яго дзеці жывыя. Ён завёў новую сям’ю. А калі даведаўся, што яго родныя жывыя, парваць ужо новыя сувязі не змог.
Маці адна выхоўвала Анатоля і яго брата Піліпа. А іх бацька тым часам служыў у Літве. Ад перажыванняў за сваю няшчасную жаночую долю, здароўе маці моцна пахіснулася. Анатоль, як мог, дапамагаў ёй. І не забываў пра вучобу. Вучыўся Анатоль толькі на “добра” і “выдатна”.
Пасля заканчэння дзесяці-годкі паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Вучыўся на стыпендыю, частку якой аддаваў маці. Зразумела, не даядаў, так зарабіў сабе язву страўніка. Не ўзіраючы на жыццё ўпрогаладзь, увесь час клапаціўся пра маці. Увогуле, яна для яго была цэнтрам Сусвету, усе яго думкі былі пра яе і ўсё, што ён рабіў – дзеля яе. Ён даглядаў яе і дапамагаў да апошніх дзён.
У 1958 г. пасля заканчэння інстытута Анатоля па яго просьбе накіравалі ў Бабровіцкую школу. Ён хацеў быць бліжэй да маці.
А пазнаёміліся мы з ім цераз майго брата, з якім Анатоль вучыўся і сябраваў у Гарочыцкай школе. Я нарадзілася ў Булаўках. У пяты і наступныя класы хадзілі ў Гарочычы. Дарога вясной і восенню – ні прайсці, ні праехаць. Хадзілі ў гумавых ботах. Ранняй вясной і позняй восенню ногі адмярзалі. Памятаю, прыбяжыш у школу, боты здымеш і хутчэй пятамі да печкі, каб крыху сагрэцца.
Пасля школы я таксама паступіла ў Мазырскі педінстытут на спецыяльнасць “Біялогія”. З мужам мы пазнаёміліся на кастрычніцкія святы, а 29 студзеня 1961 г. пажаніліся. У кастрычніку гэтага ж года ў нас нарадзілася дачка Ала.

У 1963 г. Анатоля прызначылі дырэктарам школы. Бабровіцкая школа ў той час была самай буйной у Калінкавіцкім раёне. У ёй займалася каля 1000 вучняў: дзеці жыхароў навакольных вёсак, а таксама ваеннаслужачых з Бабровіцкага ваеннага гарадка.
У школе працавалі некалькі дзясяткаў педагогаў.
Патрабаванні да педагогаў і арганізацыя навучальна-выхаваўчага працэсу былі самымі высокімі, асабліва з боку бацькоў-ваеннаслужачых, дзеці якіх ужо паспелі павучыцца ў школах буйных і, нават, сталічных гарадоў.
— Бабровіцкія педагогі не толькі імкнуліся адпавядаць павышаным патрабаванням, але многія пераўзыходзілі іх, — успамінае Марыя Аляк-сандраўна Пархоменка, — якая ў 1971 годзе пачала працаваць інспектарам раённнага аддзела народнай адукацыі і курыравала Бабровіцкую школу. – У раёне Бабровіцкая школа была не толькі апорнай, а школай перадавога вопыту, у практыцы якой рэалізоўваліся апошнія навінкі педагагічнай навукі і знаходкі педагогаў-наватараў Савецкага Саюза. На базе школы праходзілі семінары і метадычныя пасяджэнні настаўнікаў-прадметнікаў не толькі раёна, а вобласці і рэспублікі.
Якіх толькі мерапрыемстваў тут не прыдумвалі педагогі, каб зрабіць вучобу і выхаванне сваіх школьнікаў больш цікавым і выніковым. Напрыклад, у 60-х гадах яны запрасілі на выпускны вечар да сябе знакамітага ў Савецкім Саюзе лётчыка-зніш-чальніка, тройчы Героя Савецкага Саюза Івана Кажадуба. І Іван Мікітавіч адгукнуўся на гэтую просьбу, прыехаў у Бабровічы, і на выпускным вечары ўручыў выпускнікам школы атэстаты аб заканчэнні сярэдняй школы. Тыя шчасліўцы, што атрымалі іх з рук легендарнага аса, дагэтуль расказваюць аб гэтым сваім унукам і праўнукам.
Зразумела, што першую скрыпку ва ўсіх такіх пачынаннях іграў кіраўнік школы Анатоль Булаўка. Адносна яшчэ малады чалавек, ён быў не проста выдатным прафесіяналам, а апантаным у сваёй справе чалавекам.

Як вядома, кіраваць любым калектывам складана, а тут вучнёўска-педагагічны. Анатоль Арцёмавіч валодаў асаблівым талентам аб’ядноўваць людзей на добрыя справы. Яму ўдалося аб’яднаць у адзіны калектыў і вучняў, і іх бацькоў, і педагогаў, і шэфаў (ваенных і аграрыяў), якія заўжды, па першаму яго закліку, спяшалі на дапамогу школе.
Плён працы дырэктара навучальнай установы не застаўся незаўважаным. У верасні 1968 г. 32-гадовы Анатоль Булаўка быў узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”, 6 кастрычніка 1975 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”, а ў 1978 г. ён быў выбраны дэлегатам VI з’езда настаўнікаў Беларускай ССР ад Гомельскай вобласці.
— Мы пастаянна спаборнічалі паміж сабой: Азарыцкая і Бабровіцкая школы, — успамінае былы дырэктар Азарыцкай школы Уладзімір Макатроў. – Гэта былі самыя буйныя школы ў раёне па тым часе. Бабровіцкай школе пашчасціла на кіраўніка. Анатоль Арцёмавіч быў высокаадукаваным і інтэлігентнейшым чалавекам. Нягледзячы на маладосць, у яго адсутнічаў дух авантурызму, так часта прысутны маладым. Дырэктару Булаўка былі характэрны ўзважанасць і прадуманасць ва ўсіх яго дзеяннях і ўчынках. Ён быў чалавекам, які ведаў, чаго ён хоча, і, як дасягнуць гэтага.
Анатоль Арцёмавіч не губляў дарма часу, ён не разменьваўся на дробязі, на нейкія непатрэбныя справы, ён увесь час знаходзіўся ў працы: наведваў і аналізаваў урокі сваіх настаўнікаў; рыхтаваўся і выступаў на розных пасяджэннях і нарадах; праводзіў бацькоўскія сходы; разам з намеснікамі і калегамі распрацоўваў новыя мерапрыемствы. І ўсё гэта не дзеля “галачкі”, а грунтоўна і з высокай адказнасцю. Скажу па сакрэту, мы з ім за няпоўныя два дзесяцігоддзі сумеснай працы ні разу, нават, не перакулілі па чарцы. Булаўка проста не дазваляў сабе падобнага. Ён заўжды памятаў, што ён асоба публічная, настаўнік настаўнікаў. І таму паводзіў сябе бездакорна ў любы час і ў любым месцы.

— Анатоль Булаўка – адзін з аўтарытэтнейшых дырэктараў школ нашага раёна. Яго імя стаіць у адной шарэнзе з такімі кіраўнікамі, як Бірылаў Павел Пятровіч – дырэктар Малааўцюкоўскай школы, Кудасаў Фёдар Фаміч — Заслужаны настаўнік школ БССР, дырэктар Убалацкай школы, Лук’янаў Мікалай Анто-навіч – дырэктар Даманавіцкай школы, Гаруля і іншыя. Ён быў прыкладам для ўсіх дырэктараў. — гаворыць ветэран педагагічнай працы, былы загадчык Калінкавіцкага гарана і райана Пятрушэнка Віктар Іванавіч.
– Ён быў прыкладам для нас, моладзі. Сама Бабровіцкая школа была элітнай у раёне. Педагагічны калектыў быў вельмі моцным, высокапрафесійным. Большая частка педагогаў – былі жонкі афіцэраў. Ва ўсіх адносінах Бабровіцкая школа была лідарам: і па афармленні, і па якасці работы, і па перадачы перадавога вопыту.
Булаўка асабіста прымаў удзел ва ўсіх семінарах і метадычных аб’яднаннях: знаходзіў час, каб падзяліцца вопытам, расказаць пра нешта новае. Трымаўся са ўсімі, як роўны. З ім было лёгка і цікава. У яго можна было заўсёды атрымаць дзелавую параду. Ён карыстаўся вялікай павагай сярод настаўнікаў раёна.
— Анатоль Арцёмавіч быў на-дзейным таварышам і сябрам, — гаворыць яго жонка Валянціна Канстанцінаўна. – З ім сябравалі многія выдатныя людзі. Напрыклад, мы вельмі пасябравалі з сям’ёй Кабяковых. Уладзімір Кабякоў служыў у той час намеснікам камандзіра авіяпалка, а яго жонка Вера Мікалаеўна была намеснікам майго мужа, выкладала матэматыку і была вельмі моцным спецыялістам у сваёй галіне. Іх старэйшы сын Сяргей, калі яны ў 1963 г. прыбылі з Масквы, вучыўся ў 6-м класе, а малодшаму Андрэю было толькі тры гады.
Калі Кабякова перавялі ў Мінск, ён прапанаваў майму мужу папрацаваць за мяжой. Гэта адбылося ў 1978 г. Планавалі спачатку Германію, але ў апошні момант нешта змянілася і нас накіравалі ў Польшчу. Там і здарылася непапраўнае. У мужа аднойчы адкрылася язва і яго за 150 кіламетраў павезлі ў шпіталь. У час аперацыі ў яго рэзка падскочыў артэрыяльны ціск, а ў шпіталі не знайшлося адпаведных лекаў, каб яго знізіць.
У 43 гады Анатоля Булаўкі не стала. Валянціна Канстанцінаўна засталася адна з дзяцьмі на руках. Яна дастойна перанесла ўсе нягоды, за што асабліва ўдзячна Паліне Аляксандраўне Цэйка.
…Пасля ад’езду Булаўкі ў Польшчу, у 1978 г. Бабровіцкую школу ўзначаліла Цэйка Паліна Аляксандраўна, якая нарадзілася ў 1937 г. у Карэльскай АССР. У 1955 г. яна закончыла Петразаводскае педагагічнае вучылішча і 9 гадоў працавала настаўнікам англійскай мовы ў школах Карэліі. У Бабровічы трапіла ў 1964 г. пасля заканчэння Пермскага ўніверсітэта. Тут яна працавала з 1964 па 1985 г. Выкладала рускую мову і літаратуру.

У 1983 г. на пасадзе дырэктара школы яе змяніла Малашчанка Марына Іванаўна. Яна кіравала навучальнай установай да 1989 г.
Паколькі школа ўсе гэтыя гады была перапоўненай, нягледзячы на двухзменную яе работу, у 1984 г. дэлегацыя настаўнікаў школы наведала Міністэрства адукацыі БССР і выказала сваю і бацькоўскую просьбу аб прыбудове да школы. Іх пачулі. І ў 1988г. прыбудову ўвялі ў эксплуатацыю.

У выніку напаўняльнасць школьнага будынка была даведзена да 880 вучняў. Дарэчы, значную дапамогу ў фінансаванні гэтай прыбудовы аказала Міністэрства абароны.
Побач з ім настаўніцай рус-кай мовы і літаратуры працуе яго дачка – выпускніца Бабровіцкай школы.
Варта адзначыць, што Бабровіцкая школа заўжды славілася моцнымі педагагічным і вучнёўскім калектывамі. У свой час тут працавалі такія выдатныя педагогі, як Нікалаенка Мікалай Іванавіч, Бондар Вольга Сцяпанаўна і Мільта Дамініка Мікалаеўна, якія, дарэчы, былі і намеснікамі дырэктара школы.
Напрыклад, Мікалай Нікалаенка нарадзіўся 24 сакавіка, 1918 г., у в. Пірэвічы Жлобінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў настаўнікам матэматыкі ў адной са школ Кармянскага раёна. Яшчэ да вайны паступіў у БДУ.

З першых дзён барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў на 1- м Беларускім, 1-м і 4-м Украінскіх франтах, вызваляў родную Беларусь. Быў цяжка паранены, вельмі доўга лячыўся. У ваенным шпіталі і пазнаёміўся з Галінай Зябкінай, якая апасля стала яго жонкай. Баявы шлях старшыны Нікалаенка адзначаны медалём “За адвагу” і ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў.
У Бабровіцкай школе выдатны педагог адпрацаваў роўна тры дзесяцігоддзі.
Значны ўклад у развіццё і станаўленне навучальнай установы ўнеслі настаўнікі: Бесчастная Тамара Сцяпанаўна, Булаўка Валянціна Канстанцінаўна, Васільева Надзея Аляксандраўна, Корж Антаніна Дзмітрыеўна,Крыцкая Ніна Міхайлаўна, Ражнянкова Святлана Андрэеўна, Сурміна Зоя Сцяпанаўна, Талмачова Ніна Міхайлаўна, Тозік Раіса Сямёнаўна і інш.
Асобна варта сказаць пра выдатніка адукацыі Вячыну Нэлі Канстанцінаўну – настаўніцу пачатковых класаў, неаднаразовага пераможцу шматлікіх спаборніцтваў, у іх ліку і самых прэстыжных – “Настаўнік года”.
У 1979 г. Нэлі Канстанцінаўна разам з мужам Анатолем Іва-навічам прыбылі ў Бабровічы. Больш 30 гадоў яны аддалі працы ў галіне адукацыі.

ЭЛІТА ШКОЛЫ
На сайце Бабровіцкай сярэдняй школы (https://bobrovichi.schools.by/pages/imi-gorditsya-shkola) ёсць старонка “Імі ганарыцца школа”, на якой прыведзены спіс вучняў школы, якія закончылі навучальную ўстанову з залатым і срэбным медалём. Праўда, пачынаецца ён толькі з 1981 г.
Думаю, варта яго прывесці поўнасцю.
1980/1981 г.
Басаў Ігар Міхайлавіч,
Беекадараў Валерый Юр’евіч,
Гевак Аляксандр Уладзіміравіч,
Папова Людміла Анатольеўна,
Саламонава Галіна Мікалаеўна,
Страковіч Любоў Андрэеўна,
Сурміна Святлана Уладзіміраўна.
1981/1982 г.
Кірэеў Уладзімір Львовіч,
Маісеева Марына Яўгенаўна,
Мандрык Святлана Іванаўна,
Мельнікаў Алег Сяргеевіч,
Нітко Ала Віктараўна,
Сабчук Алена Паўлаўна,
Сувораў Сяргей Генадзьевіч.
1982/1983 г.
Анішчык Ала Міхайлаўна,
Вараніцкая Алена Пятроўна,
Крупнова Віталія Валянцінаўна,
Разганяева Марына Анатольеўна.
1983/1984 г.
Бабкіна Алена Аляксандраўна,
Гарбачова Святлана Іванаўна,
1984/1985 г.
Баравік Ірына Анатольеўна,
Колчына Людміла Аляксандраўна,
Колчына Галіна Аляксандраўна,
Крыжаноўская Алена Маркаўна,
Нітко Святлана Віктараўна.
1985/1986 г.
Бакіноўская Ірына Яўгенаўна (срэбраны),
Булаўка Анатоль Анатольевіч,
Белавусава Вольга Вітальеўна (срэбраны),
Гарбачова Людміла Іванаўна,
Горлава Аксана Аляксееўна,
Кабенка Эдуард Алегавіч
(срэбраны),
Капытава Ірына Аляксандраўна.
1986/1987 г.
Бабкіна Наталля Аляксееўна,
Бандэра Аксана Барысаўна (срэбраны),
Копцаў Вячаслаў Анатольевіч (срэбраны).
1987/1988 г.
Зяленскі Віталь Васільевіч
(срэбраны),
Прыходзька Эліна Вітальеўна (срэбраны),
Хісматуліна Гузель Фаятаўна (срэбраны),
Парэйка Аляфціна Ігараўна (срэбраны).
1988/1989 г.
Аленніко Е. А. (срэбраны),
Зіміна Юлія Аляксееўна (срэбраны),
Чарнышэўскі Андрэй Міхайлавіч (срэбраны),
Шэставец Іна Міфодзьеўна (срэбраны),
Яшчанка Ю. Н. (срэбраны).
1989/1990 г.
Вартанян Ігар Алегавіч (срэбраны),
Пудова Людміла Леанідаўна (срэбраны),
СамІла Алена Віктараўна (срэбраны),
Танц Ларыса Карлаўна (срэбраны).
1990/1991 г.
Аўсяннікаў Дзмітрый Юр’евіч (срэбраны),
Барэйка Дзмітрый Пятровіч (срэбраны),
Харлан Таццяна Мікалаеўна (срэбраны),
Шыхаў Андрэй Алегавіч (срэбраны).
1991/1992 г.
Балабанава Сняжана Міхайлаўна,
Троцкі Уладзімір Валер’евіч (срэбраны).
1992/1993 г.
Булаўка Вікторыя Васільеўна,
Емельянінкава Вольга Мікалаеўна (срэбраны),
Зяленская Наталля Васільеўна,
Сяргеенка Дзмітрый Рыгоравіч
Талсталычанка Таццяна Яўгенаўна (срэбраны).
1993/1994 г.
Брусьніцына Ганна Леанідаўна (срэбраны),
Кумароў Уладзіслаў Валер’евіч (срэбраны),
Курыкалава Наталля Рыгораўна (срэбраны),
Наскова Зоя Уладзіміраўна (срэбраны),
Парфёнава Марына Аляксандраўна (срэбраны),
Шаміна Алена Паўлаўна.
1994/1995 г.
Леоцкая Марына Уладзіміраўна (срэбраны),
Піскунова Марына Міхайлаўна,
Сяліцкі Сяргей Францавіч (срэбраны).
1995/1996 г.
Кабраль Віталь Віктаравіч (срэбраны).
1996/1997 г.
Лабанава Алена Іванаўна (срэбраны),
Пікун Аксана Мікалаеўна (срэбраны).
1997/1998 г.
Новік Таццяна Леанідаўна,
Стральчэня Марына Максімаўна (срэбраны),
ЧАрнякова Вераніка Валер’еўна.
1998/1999 г.
Кузьміна Ганна Юр’еўна (срэбраны).
2000/2001 г.
Даманчук Ірына Уладзіміраўна (срэбраны),
Казакова Юлія Мікалаеўна (срэбраны),
Крук Вікторыя Аляксандраўна (срэбраны),
Тарасюк Вольга Мікалаеўна (срэбраны).
2001/2002 г.
Колесава Марта Валер’еўна,
Сцяпанава Ірына Віктараўна.
2007/2008 г.
Тозік Наталля Уладзіміраўна.
2008/2009 г.
Федарэнка Вольга Юр’еўна (срэбраны).
2009/2010 г.
Мятлушка Анастасія Аляксандраўна.
2010/2011 г.
Белазуб-Бестурботная
Лізавета Вячаславаўна,
ГардЗЯйчук Аксана Мікалаеўна,
СтроганАва Валянціна Мікалаеўна.
2013/2014 г.
Муха Яўген Дзмітрыевіч (срэбраны).
2016/2017 г.
Васільеў Ігар Генадзьевіч.
Многія з вучняў і выпускнікоў Бабровіцкай школы апасля дасягнулі значных вышынь у працы і службовай дзейнасці.

Варта прыпомніць,напрыклад, што першакласнікам Бабровіцкай школы ў 1967 г. стаў сённяшні Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Кабякоў Андрэй Уладзіміравіч, маці якога была завучам і настаўнікам матэматыкі Бабровіцкай школы, а бацька – намеснікам камандзіра авіяпалка.
А выпускнік школы Лаеўскі Віталь Аркадзьевіч стаў суддзёй Вышэйшага Суда Рэспублікі Беларуь. Яго маці ў Бабровічах таксама працавала настаўнікам, вяла абслугоўваючую працу.
У 1992 г. Віталь Лаеўскі быў выбраны суддзёй Мінскага абласнога суда. А ў 1999 г. Указам Прзідэнта назначаны суддзёй Вярхоўнага Суда, дзе працуе ў складзе судзебнай калегіі па крымінальных справах.
Выпускнік 1991 г., срэбраны медаліст Дзмітрый Юр’евіч Аўсяннікаў стаў доктарам медыцынскіх навук і прафесарам.
Пасля заканчэння школы ён паступіў на педыятрычны факультэт Расійскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. А затым працягнуў спецыялізацыю па дзіцячых хваробах у ардынатуры і аспірантуры на кафедры педыятрыі Расійскага ўніверсітэта Дружбы народаў (РУДН).

У 2002 г. Дзмітрый Юр’евіч абараніў дысертацыю, прысвечаную бронхіабструкцыйнаму сіндрому ў дзяцей з мікаплазменай, хламідзійнай і пнеўмацыстнай інфекцыяй.
Прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры педыятрыі РУДН.
У 2005 г. з поспехам скончыў курс прафесійнай перападрыхтоўкі па пульманалогіі на базе Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ім. акадэміка І. П. Паўлава. Праз два гады атрымаў сертыфікат аб павышэнні кваліфікацыі па педыятрыі і па алергалогіі-імуналогіі.
У 2010 г. абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук па бронхілёгачных дысплазіях у дзяцей.
Прафесар Аўсянікаў праводзіць кансультацыі дзяцей з алергічнымі парушэннямі і захворваннямі рэспіраторнай сістэмы на базе Дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы №6 горада Масквы.

Акрамя клінічнай працы вядзе актыўную навукова-даследчую дзейнасць, з’яўляецца аўтарам больш 140 друкаваных прац, кіраўніцтваў для лекараў, адным з аўтараў падручніка «Дзіцячыя інфекцыйныя хваробы», вучэбна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і лекараў.
Дзмітрый Юр’евіч — эксперт Расійскага рэспіраторнага таварыства, удзельнічаў у стварэнні класіфікацыі бронхілёгачных захворванняў.
Дачка і сын Анатоля Арцёмавіча і Валянціны Канстанцінаўны Булаўка закончылі школу з залатымі медалямі. Ала закончыла гістарычны факультэт БДУ.

А Анатоль – Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайскавое вучылішча, дарэчы, таксама з адзнакай. Службу праходзіў на пасадах: намесніка камандзіра мотастралковай роты па палітычнай частцы, афіцэра па арганізацыі адпачынку – начальніка клуба брыгады.

Вось што напісаў пазней пра службу Анатоля Булаўкі журналіст Віктар Гаўрыш:
“У 1994 годзе служба прывяла афіцэра Анатоля Булаўку ў войскі супрацьпаветранай абароны. Ён стаў намеснікам камандзіра асобнага зенітнага ракетнага дывізіёна 56-й зенітнай ракетнай брыгады ў Слуцку. На тую пару за дывізіёнам налічвалася каля 40 грубых дысцыплінарных правін. Пры колькасці асабістага складу каля 50 чалавек! Гэта значыць практычна за кожным быў нейкі «грашок».
Служба ў Слуцку пачалася з таго, што Анатоль Булаўка адразу пасля дакладу начальству аб прыёме-здачы пасады паехаў шукаць салдата, які самавольна пакінуў месца службы…
З часам стан воінскай дысцыпліны ў дывізіёне палепшыўся. Падраздзяленне стала адным з лепшых у брыгадзе.
Але не ўсё было проста, бо войскі СПА – асаблівыя. Тут афіцэр, які адказвае за маральна-псіхалагічнае забеспячэнне, павінен напярэдадні баявых стрэльбаў здаць нароўні з усімі тэхнічную і спецыяльную падрыхтоўку. Тым, хто не вучыўся ў профільным для СПА ваенным вучылішчы, зрабіць гэта складана. Дык вось, Анатоль Булаўка да гэтага часу ганарыцца тым, што кантроль функцыянавання самаходнай агнявой устаноўкі здаў тады з першага разу. Ацэнка невысокая, але спецыялісты-«букаўцы» зразумеюць цану той «троечкі».

У 1999 годзе быў аб’яўлены першы набор афіцэраў-выхавальнікаў на камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Іх спецыялізацыяй стала маральна-псіхалагічнае забеспячэнне. У ліку тых першых слухачоў факультэта па новай спецыяльнасці праз два гады выпусціўся з ваеннага вуза і Анатоль Булаўка. Пасля невялікага перыяду знаходжання на пасадзе начальніка аддзялення выхаваўчай работы 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах ён быў прызначаны намеснікам камандзіра 120-й зенітнай ракетнай брыгады па ідэалагічнай рабоце.
Ці ёсць адрозненне ў ідэалагічнай працы «на грама-дзянцы» і ў войсках? Безумоўна. Па словах падпалкоўніка Анатоля Булаўкі, у арміі дыяпазон такой працы звужаецца – да выканання задач па прызначэнні. Спецыфіка ваеннай службы ў тым, што гэта і нясенне баявога дзяжурства, і падмятанне пляца. А паміж гэтымі двума полюсамі знаходзяцца канкрэтныя людзі. І трэба знайсці дарожку да розуму і сэрца кожнага, растлумачыць, чаму абавязкова трэба добрасумленна і ў тэрмін выконваць тое ці іншае ўказанне.
Асвойваць сумленна ратнае майстэрства, напрыклад, трэба для таго, каб не загінуць гераічна ў першыя ж імгненні бою, а да канца выканаць баявую задачу і з вялікай верагоднасцю застацца жывым. Вось такую ідэалогію ваенных людзей з вельмі практычным сэнсам прапагандуе афіцэр Анатоль Булаўка. «Салдат павінен выразна ўсведамляць, што ён абараняе свой дом, сваю сям’ю, свой горад. У адрозненне ад савецкага перыяду, калі абаранялі даволі абстрактныя паняцці «савецкі народ» і «камуністычныя ідэалы», мы адштурхоўваемся ад канкрэтных жыццёвых сэнсаў», – кажа ён”.
Пасля заканчэння ў 2002 г. камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Булаўка служыў: начальнікам аддзялення выхаваўчай работы — афіцэрам па маральна-псіхалагічнай падрыхтоўцы знішчальнай авіяцыйнай базы, намеснікам камандзіра па ідэалагічнай рабоце – начальнікам аддзялення ідэалагічнай работы зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўнага тактычнага камандавання, намеснікам камандуючага войскамі па ідэалагічнай рабоце Паўночна-заходняга аператыўна тактычнага камандавання.
Пасля заканчэння ў 2014г. факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўнік Анатоль Булаўка назначаны на пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання па ідэалагічнай рабоце.

Выпускнік Бабровіцкай школы Ненасцьеў Павел Мікалаевіч зараз працуе генеральным дырэктарам Маскоўскага рамонтна-авіяцыйнага завода ДАСААФ.

Ён закончыў Калінінградскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча і Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя Н.Е Жукоўскага. Служыў у страявых часцях Ваенна-Паветраных Сіл і НДІ Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Мае пасведчанне пілота верталёта.
А шлях у авіацыю для Паўла Мікалаевіча пачаўся з Бабровіч, дзе яго бацька служыў камандзірам сакрэтнай часці (у якой захоўваліся ядзерныя бомбы – І.Г.), а маці працавала ў мясцовай школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

 

Кулыба Васіль Аляксандравіч у 90-я працаваў загадчыкам фінансавага аддзела Калінкавіцкага райвыканкама.

Пасля яго запрасілі на пасаду намесніка начальніка падатковай інспекцыі Гомельскай вобласці. Зараз бабровіцкі хлопец узначальвае УП «Гомельаблсаюздрук».
Выпускніца школы Муха Галіна Аркадзьеўна доўгія гады працавала галоўным бухгалтарам Калінкавіцкай зверагаспадаркі.
А Харлан Аляксандр Карпавіч узначальваў экспертна-крыміналістычны аддзел Мазырскага ГРАУС.
Многія выпускнікі Бабровіцкай школы сталі педагогамі. Напрыклад, Кулыба Анатоль Аляксандравіч пасля заканчэння Мазырскага педінстытута кіраваў Якімавіцкай васьмігодкай. Апасля працаваў дырэктарам вячэрняй школы ў Мазыры. На жаль, рана пайшоў з жыцця.
І сёння ў Бабровіцкай школе працуюць педагогамі яе былыя вучні. Намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце з’яўляецца выпускніца 1997г. Іканаска (Кабраль) Таццяна Юр’еўна. Настаўніцай геаграфіі працуе выпускніца 1980 г. Кабраль Таццяна Міхайлаўна. Біялогію выкладае выпускніца 1995 г. Макаранка Марына Уладзіміраўна. Працоўнае навучанне з 80-х гадоў вядзе выдатнік адукацыі Беларусі, выпускнік 1976 г. Савіцкі Віктар Мікалаевіч. Настаўнікам гісторыі працуе выпускніца 1985 г. Савіцкая Людміла Мікалаеўна. Уводзіць у свет навукі юных жыхароў Бабровіч выпускніца 2002 г., настаўніца пачатковых класаў Пікун (Кісялёва) Вольга Анатольеўна. Педагогам-псіхолагам працуе выпускніца 2013г. Карафізі Марыя Канстанцінаўна.
Цяжка, відаць, назваць тую галіну народнай гаспадаркі Беларусі, у якой нельга было б знайсці выпускніка Бабровіцкай школы. А яны ж раз’ехаліся па ўсім былым Савецкім Саюзе, і, нават, за яго межы.

ВОІНЫ — ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТЫ

У 1979 г. па просьбе ўрада Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан у гэтую горную краіну быў уведзены Абмежаваны кантынгент савецкіх войск. Пачаўся ваенны канфлікт паміж урадавымі сіламі Афганістана пры падтрымцы Абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з аднаго боку і шматлікімі ўзброенымі фарміраваннямі афганскіх маджахедаў (“душманаў”), якія карысталіся палітычнай, фінансавай, матэрыяльнай і ваеннай падтрымкай вядучых дзяржаў НАТА і кансерватыўнага ісламскага свету з другога боку.
Савецкім, воінам, якіх накіроўвалі ў Афганістан, гаварылі, што яны ляцяць у Афганістан, каб дапамагчы брацкаму афганскаму народу пабудаваць мірную краіну. На справе ж нашы воіны аказаліся на сапраўднай вайне. Іх падрывалі на мінах, стралялі з засад са стралковай зброі, убівалі з мінамётаў, гранатамётаў, артылерыйскіх і ракетных комплексаў.
У гады той вайны існавала правіла: больш аднаго чалавека з сям’і з Саюза ў Афганістан не пасылаць. Але гэта было ў тэорыі. На практыцы ж пасылалі і дваіх, і, нават, траіх.

Прыкладам таму з’яўляюцца выпускнікі Бабровіцкай школы, браты Булаўкі: Мікалай і Васіль Уладзіміравічы.

Булаўка Мікалай Уладзіміравіч зараз ваенны пенсіянер, працуе вартаўніком Бабровіцкай школы. Вось што ён паведаў мне пад час нашай сустрэчы:
“Нарадзіўся я ў 1957 г. У 1972 г. закончыў Бабровіцкую школу. Тры гады вучыўся ў Акцябрскім СПТВ-41. У 1976 г. быў прызваны на тэрміновую службу. Служыў у Германіі ў асобным інжынерна-сапёрным батальёне.
Па вяртанні дамоў вырашыў працягнуць службу звыштэрмінова ў Бабровічах механікам па самалёту і рукавіках.
Затым мяне накіравалі на вучобу ў Чарняхоўск. Паўгода адвучыўся. Прысвоілі званне прапаршчыка і назначылі ў полк 15550 старшым механікам авіяцыйнага абсталявання.
Апасля, у 1981 г., скарачэнне. І мяне перавялі ў батальён сувязі механікам радыёмаяка бліжняй навігацыі. Тут я служыў па 1986 г.
А ў 1986 г. камандзір выклікаў да сябе і гаворыць:”Табе разнарадка – у Афганістан”. Так я трапіў “за рэчку”.
Годам раней туды трапіў мой малодшы брат Васіль. Ён служыў таксама ў Бабровічах. Тут было два авіяцыйныя палкі, ён служыў у новым палку авіяцыйным радыстам. Таму ў Афганістан яго паслалі на год раней. Мы і служылі ў адным і тым жа месцы, у Кандагары. Ён там быў авіяцыйным радыстам.
А я быў на пасадзе тэхніка радыёмаяка бліжняй навігацыі. Нас было пяць чалавек: лейтэнант, тры байцы і я. Размяшчаліся за тры-чатыры кіламетры ад асноўнай часці ў пустыні. Якія задачы выконвалі? Мы забяспечвалі дакладнасць выканання баявой задачы шляхам навігацыі баявой тэхнікі, якая вылятала на заданне па знішчэнні бандфарміраванняў, на 100 працэнтаў. Наша станцыя забяспечвала вывад нашых самалётаў у любы час сутак на баявую кропку ў аўтаматычным рэжыме”.
Два гады адслужыў Мікалай Уладзіміравіч на адной кропцы ў пустыні, забяспечваючы са сваімі баявымі сябрамі выкананне баявой задачы. У час аднаго ракетнага ўдару з боку душманаў па іх станцыі жыццё для ўсіх іх пяцерых ледзь не закончылася. Толькі, відаць, дзякуючы Усявышняму ўсё абышлося.
Мікалай Уладзіміравіч і сёння лічыць, што галоўная яго заслуга з лейтэнантам, нават, не ў тым, што яны на “выдатна” выконвалі пастаўленую перад імі баявую задачу на працягу двух гадоў у экстрэмальных умовах афганскай пустыні, а ў тым, што яны ўратавалі траіх салдат, якія ўвесь гэты час былі разам з імі. Зразумела, што байцы на ўсё жыццё засталіся добрымі сябрамі сваіх камандзіраў.
Пасля “камандзіроўкі” ў Аф-ганістан, Мікалай Булаўка да 1994г. служыў у Бабровічах. У 1994 г. выйшаў на пенсію.
Жанаты. Мае сыноў Сяргея і Аляксандра.

Яго брат Булаўка Васіль Уладзіміравіч нарадзіўся 28 лютага 1959 г. у в. Булаўкі. Закончыў Бабровіцкую сярэднюю школу.

27 красавіка 1977 г. быў прызваны на тэрміновую службу, якую два гады нёс у складзе Групы савецкіх войск у Германіі. Пасля пайшоў служыць звыштэрмінова. Закончыў 118-ю школу прапаршчыкаў у г. Канску Краснаярскага края. Служыў у ваеннай часці 47019 у н.п. Бабровічы. З лістапада 1981г. па ліпень 1982 г. нёс службу ў Афганістане, у Кандагары і Шындандзе.
Пасля Афганістана служыў у Венгрыі, Бабровічах, на Смаленшчыне ў розных часцях. Зараз на пенсіі.
Мае сына Яўгена і дачок Марыну і Валерыю.
У Кандагары служыў і выпускнік Бабровіцкай школы Іван Мікалаевіч Кулыба.

14 лютага 2004 г. журналіст “Калінкавіцкіх навін” Віктар Галайда апублікаваў на старонках калінкавіцкай раёнкі свой артыкул пра гэтага бабровіцкага хлопца.
“Іван Кулыба пасля заканчэння сярэдняй школы ў родных Бабровічах у 1980 годзе адразу быў прызваны ў армію. Праўда, вучэбка яму трапілася амаль каля роднага дома — у Печах, што пад Барысавам. Ужо ў пачатку 1981 года іх пасадзілі ў ваенна — транспартны самалёт і адправілі ў Джэлалабад. Гэта на мяжы Афганістана з Пакістанам, з тэрыторыі якога і ішлі, як полчышчы саранчы, шматлікія атрады не толькі выгнаных Красавіцкай рэвалюцыяй абарыгенаў, але і ўсякай іншай, наёмнай поскудзі з многіх краін Азіі, Блізкага і Сярэдняга Усходу.
У складзе дэсантна-штурмавога батальёна Іван і стрымліваў націск гэтых азвярэлых бандфарміраванняў.
— Асноўная наша задача была, — расказваў Іван Мікалаевіч, — не дапусціць пранікнення, знішчаць такія банды яшчэ паблізу мяжы.
Вядома, савецкія воіны суправаджалі таксама калоны з гуманітарнай дапамогай, з палівам, боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай, аказвалі дапамогу мясцовым уладам.
Адным словам, кожны божы дзень — баявыя дзеянні. І так больш за паўтары гады.
— А ўзнагароды? — асцярожна пытаюся ў яго.
— Аб узнагародах хіба можна было думаць? Дзякуй Богу, што жывы застаўся!..
Так, Іван Кулыба застаўся жывы, нават без адзінай драпіны вырваўся з той мясарубкі. Але затое і сёння яго бяруць дрыжыкі ад убачанага там, дзе над нашымі салдатамі, нават мёртвымі, здзекаваліся страшна.
— І каму гэта ўсе было трэба? — пытаецца ён, хутчэй, сам сябе. Але адказу не знаходзіць.
Калі ж прыйшоў жаданы дэмбель, Іван Кулыба… застаўся ваенным. Толькі розніца ў службе была вялікая — тут, на роднай Палескай зямлі, над галавой было блакітнае неба. Праўда, падчас палётаў самалётаў Бобровіцкага гарнізона, куды ён прыйшоў служыць, яно таксама чымсьці нагадвала неба далёкага Афгана. Але гэта неба было нашым, там лёталі, шліфуючы сваё баявое майстэрства, нашы самалёты.
Дзесяць гадоў адслужыў Іван у гарнізоне авіяцыйным механікам. Ажаніўся, завёў дзяцей. А тут вазьмі, ды і разваліся Саюз. Самалёты паляцелі ў Расію, а Івану прыйшлося шукаць працу. Вось у 1992 годзе ён і прыйшоў у патрульна-паставую службу аддзела ўнутраных спраў.
За час службы прапаршчык Іван Кулыба неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам аддзела ўнутраных спраў”.

Праз вогненнае гарніла Афгана прайшлі і выпускнікі Бабровіцкай школы Саліванчук Аляксандр Міхайлавіч, Харлан Мікалай Васільевіч, Мірановіч Уладзімір Рыгоравіч, Клімаў Фёдар Іванавіч.
Саліванчук Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся 27 лістапада 1963 г. у г. Калінкавічы. У 1981 г. закончыў Бабровіцкую школу. Да прызыву ў армію скончыў Жлобінскую школу ДТСААФ па накіраванні Калінкавіцкага райваенкамата, дзе атрымаў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля МТЛБУ. Так называлася браніраваная машына, якая на той час з’яўлялася найноўшай распрацоўкай савецкай «абаронкі». А таму для яе абслугоўвання рыхтавалі спецыялістаў з асаблівай стараннасцю.
Вось, што расказвае пра службу ў Афганістане сам Аляксандр Мікалаевіч:
«У сакавіку 1982 года мяне прызвалі ў рады Узброеных сіл. Вучэбна-баявую падрыхтоўку мы праходзілі ва ўзбекскім горадзе Тэрмезе — на палігоне, які размяшчаўся ўсяго ў трох кіламетрах ад граніцы з Афганістанам. Тут мы прынялі Прысягу.
А праз нейкі час на размеркавальным пункце, дзе нас разбіралі па ваенных часцях спецыяльна прыбыўшыя для гэтага «пакупнікі», мы ўбачылі афіцэра ў суправаджэнні двух салдат – яны былі вельмі смуглявыя і загарэлыя.
«Што за надвор’е ў вас у Афганістане?» — сталі мы дапытвацца ў нецярпенні. Аднак вайскоўцы былі нешматслоўнымі і нічога, акрамя: «Прыедзеце – убачыце» нам даведацца не ўдалося. Праз месяц з невялікім наша падраз-дзяленне перакінулі ў Афганістан. Запомнілася, што тады, было халаднавата і вельмі хацелася цяпла. У Афганістан нас прывезлі ўначы. Але ля 9 гадзін раніцы, калі неміласэрна пякучае сонца ўзышло ў зеніт, мы зразумелі, што такое сапраўдная спякота: не было чым дыхаць, не хапала паветра, пастаянна хацелася піць.
У Афганістане нас размеркавалі па часцях. Я апынуўся ў арты-лерыйскім палку механікам-вадзі-целем баявой гусенічнай машыны МТЛБУ. Экіпаж яе складаўся з 5 чалавек, задачай яго з’яўлялася карэкціроўка артылерыйскіх удараў па знішчэнні бандфарміраванняў. Служба была вельмі рызыкоўнай, таму што мы пастаянна знаходзіліся ў франтавой паласе, падбіраліся да «духаў» ушчыльную. Непасрэдна з намі працавала батарэя з шасці 152-мм гаўбіц, але артылерысты знаходзіліся бліжэй да тылу, на значнай адлегласці – у межах 15 кіламетраў. Заўважыўшы кулямётную кропку «духаў» або нейкую іншую перашкоду, мы паведамлялі па рацыі каардынаты. І тут жа ішоў масіраваны артылерыйскі ўдар. Дакладнасць стральбы здзіўляла – былі сітуацыі, калі праціўнік змаўкаў адразу ж пасля першага залпу. Вядома ж, духі баяліся такіх машын, адсочвалі іх і палявалі з мэтай знішчэння, таму што ведалі: калі з’явілася МТЛБУ – неўзабаве чакай удару артылерыі.
Літаральна праз тыдзень пасля прыбыцця ў Афганістан, не паспеўшы яшчэ як след адаптавацца, мы ўжо вымушаны былі прымаць удзел у баявых дзеяннях.
Вучэбнай падрыхтоўкі, вопыту і навыкаў, вядома, не хапала – да ўсяго даводзілася даходзіць сваім розумам, гледзячы на камандзіраў і слухаючы іх парады”.
У правінцыі Шынданд у Афганістане Аляксандр Саліванчук праслужыў з 21 чэрвеня 1982 г. па 10 жніўня 1984 г. Удзельнічаў у баявых аперацыях у Шындандзе, Фарахе, Чаггаране, Гераце, суправаджаў калоны. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Пасля дэмабілізацыі вырашыў застацца ў арміі на звыштэрміновую службу. Некаторы час праслужыў у авіяцыйным палку. Але пасля пацягнула дадому, захацелася мірнага жыцця. Уладкаваўся ў Калінкавіцкую дыстанцыю пуці (ПЧ-18) наладчыкам пуцявых машын і механізмаў. Зараз працуе там жа брыгадзірам. Жанаты. Мае сына Дзмітрыя і дачку Анастасію.
Мірановіч Уладзімір Рыгоравіч нарадзіўся 29 верасня 1948 г. у в. Булаўкі. Пасля заканчэння Бабровіцкай школы і Буда-Кашалёўскага тэхнікума працаваў інжынерам-электрыкам у саўгасе “Друць” Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. На тэрміновую ваенную службу яго прызвалі 2 лістапада 1968 г. Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў службу звыштэрмінова ў вайсковай часці 15550 у н.п. Бабровічы.
З чэрвеня 1988 па студзень
1989 г. выконваў інтэрна-цыянальны абавязак у Афганістане.
Пасля зноў, да выхаду на пенсію ў сакавіку 1994 г., служыў у Бабровічах.
Мае сына Аляксандра і дачку Марыну.

Харлан Мікалай Васільевіч нарадзіўся 24 лістапада 1951 г. у в. Бабровічы. Пасля заканчэння мясцовай школы працаваў слесарам на Мінскай ТЭЦ-3. Тэрміновую служыў механікам-вадзіцелем у вайсковай часці 01332. З 1974 г. на звыштэрміновай службе ў вайсковай часці 15550 у н.п. Бабровічы.

З лютага па кастрычнік 1980 г. у складзе Абмежаванага кантынгента войск у Афганістане ў г. Шындандзе забяспечваў вылет савецкіх самалётаў на баявыя заданні.
Пасля вяртання дамоў, да выхаду на пенсію ў 1994 г., працягваў службу ў Бабровічах.
Жанаты. Мае сына Мікалая.
І сёння ў Бабровічах пражываюць воіны – інтэрнацыяналісты: Акуліч Юрый Аляксеевіч, Грышчанкоў Аляксандр Іванавіч, Дораш Ігар Рыгоравіч, Ішчышын Уладзімір Паўлавіч, Літвінаў Уладзімір Паўлавіч, Сухіна Анатоль Васільевіч. Кожны з іх – чалавек з асабістым лёсам, але агульнае, што іх аб’ядноўвае – гэта Афганістан.

Напрыклад, Грышчанкоў Аляксандр Іванавіч нарадзіўся 18 ліпеня 1954 г. у г. Орша. Бацька яго быў гарняк. І яны пераехалі ў Данбас. Адтуль Аляксандр трапіў у Чымкент Казахскай ССР, дзе паступіў у ПТУ-31.Пасля заканчэння вучылішча працаваў у Чымкенце токарам на заводзе прэсаў і аўтаматаў.

24 лістапада 1972 г. яго прызвалі на тэрміновую вайсковую службу. Служыў у Самаркандзе.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Чымкент і працаваў два гады слесарам. У 1976 г. пераехаў у Мазыр, дзе пражывала яго цёця. Выбіраючы свой далейшы жыццёвы шлях, спыніўся на Арміі. Вырашыў вучыцца на прапаршчыка. Накіраванне атрымаў з Бабровіцкай часці. З таго часу яго лёс назаўжды звязаўся з Бабровічамі
У Афганістан прапаршчык Грышчанкоў трапіў у 1985 г. Праслужыў там два гады (са студзеня 1985 г. па студзень 1987г.) тэхнікам – начальнікам змены радыёстанцыі бліжняй навігацыі.
Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Мае сыноў Паўла і Максіма.

2 кастрычніка 1957 г.быў прызваны на тэрміновую ваенную службу.
У 1969 г. экстэрнам здаў экзамены ў Яраслаўскае ваеннае вучылішча.
У складзе Абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане служыў з 30 чэрвеня 1981 г. Па 27 сакавіка 1982г. з’яўляўся начальнікам фінансавай службы в/ч п/п79942 у Кундузе, з 28 сакавіка 1982 па 26 снежня 1982 г. – у в/ч п/п 94164 у Кабуле.
Яго задачай з’яўлялася дастаўка грашовага забеспячэння наземным і паветраным транспартам на аб’екты Баглан, Файзабад, Маймоне і іншыя.
Пасля афганскай “камандзіроўкі” са снежня 1982 па 15 кастрычніка 1988 г. Маёр Дораш працягваў службу ў якасці начальніка фінансавай службы в/ч 73548 у Бабровічах.
Жанаты. Мае дачок Юлію і Вольгу.

Літвінаў Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся 4 снежня 1948 г. у г. Дубно Ровенскай вобласці Украінскай ССР. Там жа закончыў сярэднюю школу № 2, працаваў на гарадскім мясакамбінаце.
7мая 1969 яго прызвалі на тэрміновую службу. Служыў у н.п. Брукавічы Львоўскай вобласці.
У Афганістан трапіў у 1985 г. у якасці тэхніка групы ўзбраення. З 1985 па 1986 г. служыў у Кундузе, з 1987 па 1988 г. – у Файзабадзе.
Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Пасля Афганістана служыў у Бабровічах, у в/ч 15550 і 01264.
Жанаты. Мае сыноў Уладзіміра і Яўгена.
У 2000-я гады газета “Калінкавіцкія навіны” апублікавала артыкул Сяргея Саковіча “Узнагарода знайшла героя”, у якім аўтар расказваў яшчэ пра аднаго жыхара Бабровіч, які прайшоў вогненнымі шляхамі Афгана:

“Нядаўна ў Калінкавіцкі райваенкамат прыйшло паведамленне з аддзела па ўзнагароджанні Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, у якім гаворыцца аб тым, што ў дадзеным аддзеле захоўваюцца ўзнагароды за ўдзел у «афганскай» вайне, якія па розных прычынах не былі ўручаны. На запыт з ваенкамата прыйшло пацвярджэнне, што адным з вайскоўцаў, якога ўзнагарода не знайшла, з’яўляецца жыхар н. п. Бабровічы маёр запасу Анатоль Васільевіч Сухіна. Загад аб узнагароджанні яго медалём «За баявыя заслугі» быў падпісаны Міністрам абароны СССР Дзмітрыем Язавым у 1989 годзе. 25 чэрвеня б. г. у пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь узнагарода герою была ўручана.

Медаль «За баявыя заслугі» ўручаецца вайскоўцам з ліку радавога, сяржанцкага і афіцэрскага складу за ўдзел у баявых дзеяннях і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм.
…Анатоль Сухіна нарадзіўся ў 1960 годзе на Чаркашчыне. Скончыў ва Украіне вышэйшае авіяцыйнае вучылішча. Спраўдзілася, як ён прызнаўся, мара дзяцінства, бо ў сям’і франтавіка Васіля Сухіны ўсе з вялікай павагай ставіліся да прафесіі вайскоўца.
З 1987 па 1989 год Анатоль Васільевіч праходзіў службу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, займаючыся рамонтам і аднаўленнем самалётаў.
У ходзе нашай размовы прыйшоў да высновы, што ўспаміны аб тым часе ляглі нялёгкім грузам на душу і лішні раз у думках вяртацца ў далёкую і мяцежную горную краіну майму суразмоўцу зусім не проста.
На вайну ляцеў у званні капітана. Спачатку службу праходзіў у Кабуле, а затым на лётных базах, размешчаных на поўначы краіны.
— Калі трапіў туды, нібы апынуўся ў іншым жыцці, на іншай планеце,— прызнаўся Анатоль Васільевіч.— У плане развіцця цывілізацыі і ўзроўню жыцця настолькі краіна была адсталай, што не мог нават сабе такога і ўявіць. Дзе-нідзе людзі нават у пячорах жылі. Што да баявых дзеянняў, то даводзілася вытрымліваць рэгулярныя абстрэлы душманаў. Праўда, да іх хутка прывыкаеш. У мяне, як начальніка падраздзялення, у падпарадкаванні знаходзілася пяць чалавек і, слава Богу, што ўсе жывыя вярнуліся з вайны.
За час службы ў Афганістане А. В. Сухіна быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР», медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа». Пасля Афганістана яго далейшая служба нейкі час праходзіла ў Туркестанскай ваеннай акрузе.
Тут чытач цалкам слушна можа спытаць, а як жа ўраджэнец суседняй Украіны апынуўся ў нашай рэспубліцы? На гэтае пытанне адказвае сам Анатоль Васільевіч:
— Пасля заканчэння вучылішча быў накіраваны ў вайсковую часць ў Бабровічах, дзе праслужыў з 1980 па 1987 гг. Прыехаў сюды маладым лейтэнантам і сустрэў сваю другую палавінку. Жонка Святлана Якаўлеўна — дачка кадравага ваеннага і ёй да суровага воінскага побыту і пастаянных пераездаў прывыкаць не прыйшлося. У нас двое цудоўных сыноў. Старэйшы Сяргей працягвае сямейную традыцыю. Скончыўшы Стаўрапольскі ваенна-авіяцыйны інстытут, праходзіць службу ў радах Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Малодшы Якаў сёлета скончыў сярэднюю школу.
У 1998 г. я праходзіў службу ў арміі Расійскай Федэрацыі. Наш полк быў расфарміраваны, і паўстала пытанне аб далейшай занятасці. Вырашылі з сям’ёй вяртацца ў Беларусь, таму што ў Расіі адчувалі сябе чужымі. Я, ураджэнец Украіны, па-сапраўднаму шчаслівы, што лёс мяне прывёў на беларускую зямлю, дзе здабыў асабістае шчасце, сям’ю і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. За што буду заўсёды ўдзячны гэтай краіне і яе выдатным людзям”.

Жыве ў Бабровічах і воін-інтэрнацыяналіст Паўлаў Міхаіл Іосіфавіч. Праўда, служыў ён не ў Афганістане, а ў Алжыры і Анголе.
Нарадзіўся Міхаіл Іосіфавіч у 1952 годзе ў в. Тарканы Даманавіцкага сельсавета. Закончыў Бабровіцкую школу. І пайшоў выконваць свой вайсковы абавязак. Тэрміновую службу праходзіў у брыгадзе спецпрызначэння ВДВ у Групе савецкіх войск у Германіі.
Служыў хлопец спраўна, аб чым сведчыць званне старшыны, у якім ён дэмабілізаваўся.
Дома дэсантніку прапанавалі пасаду вызваленага сакратара камсамольскай арганізацыі ў родным саўгасе “Калінкавіцкім”. Ля трох гадоў Мікалай Іосіфавіч быў важаком саўгаснай моладзі. Але неба прыцягвала да сябе няўмольна. І былы дэсантнік вырашыў вярнуцца да вайсковай службы. У в/ч 15550 у Бабровічах ён прыступіў да парашутна-дэсантнай службы. Па-майстэрску авалодаў парашутна-дэсантнай справай. Стаў кандыдатам у майстры па парашутнаму спорту.
— У лістападзе 1977 г. мяне накіравалі ў спецкамандзіроўку ў Алжыр, — расказвае Міхаіл Паўлаў. – Нашых войск там не было, але па дамоўленасці паміж кіраўніцтвам краін, мы выступалі ў якасці ваенных саветнікаў. Я быў інструктарам пры начальніку парашутна-дэсантнай службы.
Размаўляюць у Алжыры на партугальскай мове, так што за два гады знаходжання там, я ўжо мог вольна весці перамовы з мясцовым насельніцтвам па-партугальску.
Роўна праз дзесяць гадоў, а я ў гэты час працягваў служыць у Бабровічах, мяне накіроўваюць у спецкамандзіроўку у той жа якасці ў Анголу. Служба на афрыканскім кантыненце доўжылася да кастрычніка 1990 г.
Адтуль зноў у Бабровічы, дзе ў 1994 г. выйшаў у адстаўку.
За гады сваёй службы Міхаіл Іосіфавіч ажыццявіў больш за 1250 прыжкоў з парашутам.
Усё яго вайсковае жыццё яго суправаджае ўраджэнка Гарочыч Надзея Васільеўна Цішкевіч, якая з 1980 па 2011 г. працавала метадыстам Дома пазашкольнай работы ў Бабровічах.
Міхаіл Іосіфавіч і Надзея Васільеўна нарадзілі і выхавалі двух сыноў: Уладзіміра і Міхаіла.
Міша пайшоў у сваім жыцці па бацькавых сцежках. Нарадзіўся ён 30 верасня 1976 г. З ранняга дзяцінства, яго, як і бацьку, таксама вабіла неба. Пасля заканчэння Бабровіцкай школы, паступіў у Кіраўскае ваеннае вучылішча. Пасля заканчэння яго накіравалі на службу ў авіяцыйную часць г. Троіцк Чалябінскай вобласці.

жніўні 2006 г. маладога авіятэхніка верталёта каман-дзіравалі ў Чачню. А 11 верасня гэтага ж года Міхаіл загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Паўлаў Міхаіл Міхайлавіч пасмяротна ўзнагароджаны за мужнасць, адвагу і самаахвярнасць, праяўленыя пры выкананні вайсковага абавязку ў Паўночна-Каўказскім рэгіёне медалём “За адвагу”.
Бацька Міхаіла ў размове са мной сказаў: “Многія дзеці ваеннаслужачых у Бабровічах пайшлі па бацькоўскім шляху – выбралі ваенную службу. Тое ж Кіраўскае ваеннае вучылішча, напрыклад, закончылі равеснікі майго Валодзі – Табулін Яўген Вячаслававіч, Анішчанка Сяргей Паўлавіч і многія іншыя. І гэта правільна: няма нічога важней, як Радзіму абараняць!”
У Бабровічах сёння жыве і яшчэ адзін воін-інтэрнацыяналіст Саўлук Анатоль Мікалаевіч. Толькі яму вайсковы лёс наканаваў пабываць у спецкамандзіроўцы ў Егіпце.

Нарадзіўся Анатоль Мікалаевіч 19 студзеня 1946 г. у в. Вяснянка Стараканстанцінаўскага раёна Камянец-Падольскай вобласці (зараз – Хмяльніцкай, што ва Украіне. Закончыў мясцовую школу. І паступіў у сельскагас-падарчы тэхнікум. Правучыўся нядоўга. Перайшоў у вучылішча сельскай механізацыі.

З 1965 па 1968 г. служыў тэрміновую ў ракетных войсках. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дамоў і ў 1970 г. пайшоў служыць у баявы полк авіяцыі, што стаяў у Стараканстанцінаве, звыштэрмінова.
Спачатку служыў на пасадзе старшага механіка па ўзбраенні, а затым – тэхнікам па ўзбраенні.
Па сакрэтнаму загаду ваеннага камандавання ў 1971 г. Саўлук у ліку тысяч іншых савецкіх ваенных быў “камандзіраваны” ў Егіпет.
Каб уяўляць, што адбывалася ў той час у Егіпце, зробім невялічкі экскурс у гісторыю.
Пасля татальнага разгрому Ізраілем арабскіх краін у Шасцідзённай вайне 1967 года СССР ліхаманкава спрабаваў аднавіць ваенны патэнцыял сваіх арабскіх саюзнікаў – да іх ішоў паток савецкіх узбраенняў на мільярды даляраў. Аднак баі, што разгарнуліся ў 1968 годзе на лініі падзелу ізраільскіх і егіпецкіх войскаў, паказалі поўную няздольнасць арабскага саюзніка СССР – ізраільская авіяцыя панавала ў паветры і, бесперапынна наносячы ўдары па важнейшых ваенных, прамысловых і энергетычных цэнтрах Егіпта, падвяла гэтага найважнейшага саюзніка СССР да новай катастрофы.
Страціўшы надзею стрымаць ізраільскі націск, прэзідэнт Егіпта Насер неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва СССР з просьбамі накіраваць савецкія войскі для выратавання яго краіны. У снежні 1969 года Насер здзейсніў тайны візіт у Маскву для асабістай сустрэчы з Генеральным сакратаром ЦК КПССС Леанідам Брэжневым.
Насер маліў Брэжнева накіраваць у Егіпет рэгулярныя савецкія войскі супрацьпаветранай абароны і авіяцыю. Рашэнне задаволіць просьбу было прынята на пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС разам з камандаваннем Узброеных Сіл. Так, воляй сваіх палітычных і ваенных лідараў СССР было ўцягнута ў відавочную авантуру з непрадказальным вынікам.
Аперацыя па стварэнні групоўкі савецкіх войск у Егіпце ў скла-дзе 32 тысяч ваенных атрымала назву «Каўказ». Узначаліў яе галоўнакамандуючы войскамі СПА краіны маршал П. Ф. Баціцкі. Адпраўка войск і баявой тэхнікі марскім шляхам ажыццяўлялася з порта Нікалаеў у першых чыслах сакавіка 1970 года ў атмасферы поўнай сакрэтнасці. Савецкія воіны былі пераапрануты ў грамадзянскае адзенне і не мелі з сабой аніякіх дакументаў. Існаваў найстражэйшы загад страляць без ваганняў па тых, хто «паспрабуе выскачыць за борт».
Прыбыўшы на месца, савецкія ваенныя адразу ж пераапраналіся ў егіпецкую ваенную форму без знакаў адрознення і пагонаў. Гэта адразу ператварала іх з вайскоўцаў у «асоб нявызначанага грамадзянства і статусу», прасцей кажучы – у замежных наймітаў, пазбаўленых абароны міжнароднага права. Нездарма міністр абароны СССР Грэчка на провадах у Егіпет недвухсэнсоўна папярэдзіў сваіх пілотаў:
«Майце на ўвазе, таварышы, калі вас саб’юць за Суэцкім каналам і вы трапіце ў палон – мы вас не ведаем, разлічвайце толькі на саміх сябе».
Вось на такую вайну трапіў тэхнік па ўзбраенні Анатоль Салук.
Ізраільская разведка старанна адсочвала аператыўную актыўнасць савецкіх войск у Егіпце – праслухоўваліся ўсе перамовы савецкіх лётчыкаў і тэхнічных служб у паветры і на зямлі, шматлікая ізраільская агентура была ўкаранёна на аэрадромах, на якіх размяшчаліся савецкія авіячасці. Так што служба савецкіх воінаў у гэтай арабскай краіне пастаянна падвяргалася смяротнай рызыцы.
Савецкія ваенныя спецыялісты на працягу 5 гадоў ігралі ключавую ролю ў ваенным канфлікце 60-х – пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя паміж Егіптам і Ізраілем. Да пачатку 70-х гадоў стала ясна, што знаходжанне абмежаванага савецкага кантынгенту ў Егіпце больш немэтазгодна. На той момант у гэтай краіне знаходзіліся каля 20 тысяч савецкіх ваенных дарадцаў, СССР паўнаўладна распараджаўся егіпецкімі партамі і аэрадромамі. Але закулісныя перамовы новага егіпецкага лідара Анвара Садата з ЗША зводзілі на не знаходжанне гэтага кантынгенту ў гэтай краіне. А увогуле, Суэцкі крызіс на самой справе стаў папярэднікам Афганістана: СССР тады ўпершыню паспрабаваў даказаць, што ёсць у свеце сіла магутней ЗША: за абодвума бакамі ваеннага канфлікту стаялі дзяржавы, якія прэтэндавалі на сусветнае панаванне.
З Егіпту Анатоль Мікалаевіч вярнуўся з медалём “За баявыя заслугі” і падпіскай аб нераспаўсюджанні ваеннай тайны.
Вярнуўся дамоў, у свой полк у Стараканстанцінаў. Затым ваенны лёс у 1974 г. закінуў яго ў Германію, а ў 1979 г . – у Бабровічы. Тут і служыў ён у авіячасці да 1992 г. , пакуль не выйшаў на пенсію.
Анатоль Мікалаевіч жанаты. Мае дачок Таццяну і Наталлю.

ДЗІЦЯЧАМУ САДКУ ПАЎВЕКА
Да 1968 г. у ваенным гарнізоне існавала сур’ёзная праблема для многіх маладых бацькоў. З-за спецыфікі частых пераездаў з гарнізона ў гарнізон ваеннаслужачыя, зразумела, не мелі побач з сабой бабуль і дзядуль, якія маглі б у выпадку неабходнасці панаглядаць за іх малымі ў той час, як яны займаліся сваімі службовымі справамі. Большасць жонак ваеннаслужачых вымушана была не працаваць, а займацца дзецьмі. А што было рабіць, калі і жанчына не магла сядзець дома без працы? Выкручваўся кожны самастойна, як у каго атрымлівалася. Нехта пакідаў сваіх нашчадкаў на сяброў і знаёмых, хтосьці наймаў нянечку. Але ўсё гэта былі часовыя меры.

І вось у 1968 г. камандаванне нарэшце пры дапамозе Міністэрства абароны вырашыла гэтую праблему. Пры вайсковай часці 15496 для юных жыхароў Бабровіч гасцінна адчыніла дзверы дашкольная ўстанова – яслі-сад.
На працягу больш 20 гадоў узначальвала яго Кабенка Ніна Аляксееўна.
Пасля таго, як ваенныя пакінулі Бабровічы, у 1994 г. дзіцячы сад быў перададзены на баланс Гарочыцкага сельсавета, а 1 ліпеня 1998 г. – аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама. 9 верасня 2008г. райвыканкам зарэгістраваў як самастойную юрыдычную асобу Дзяржаўную ўстанову адукацыі “Бабровіцкія яслі –сад”.
За паўвека праз дашкольную ўстанову, якая па выніках розных конкурсаў і аглядаў, не раз сярод дзіцячых яслей-садоў раёна выходзіла ў шэраг пераможцаў і прызёраў, прайшлі сотні дзяцей ваенных і сялян, рабочых і інтэлігенцыі, што насялялі гарнізон і вёску.
Многія супрацоўнікі дашкольнай установы аддалі выхаванню і навучанню юных жыхароў Бабровіч не адзін дзясятак гадоў. Напрыклад, з 1989 г. працуе тут выхавальнікам Строева Алена Аляксандраўна. З 1994г. — памочнікам выхавальніка Кулыба Наталля Мікалаеўна. З 1994г. — выхавальнікамі Алексяйчук Аксана Яфімаўна, Яраш Лілія Раманаўна, памочнікам выхавальніка Тугбаева Лілія Васільеўна, вартаўніком Колчына Галіна Аляксандраўна.
У 1995 г. прыйшла на работу ў сад памочнікам выхавальніка Ціткова Ірына Мікалаеўна. У 1998 г. – выхавальнікам Улады-коўская Ірына Анатольеўна.

У 2004 г., пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ніны Кабенка, дзіцячы сад узначаліла Жыгар Галіна Іванаўна, якая прыйшла з Бабровіцкай школы, дзе працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. А яшчэ Галіна Іванаўна да гэтага была першым кіраўніком раённай маладзёжнай арганізацыі Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (БПСМ).
У 2008 г. Галіну Жыгар, якая перайшла на працу ў КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”, змяніла на пасадзе загадчыцы сада Лапшына Ірына Рыгораўна, якая да гэтага працавала ў Даманавіцкай сярэдняй школе выхавальнікам групы падоўжанага дня.
Ірына Рыгораўна – ураджэнка Калінкавіч. Выйшла замуж за лётчыка і з 1990 г. з’яўляецца жыхаркай Бабровіч.
З 2012 г. Бабровіцкім дзіцячым садам кіравала Гецман Таццяна Леанідаўна, якая летам нарадзіла другое дзіцятка і зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.
У дашкольнай установе сёння функцыяніруюць 4 групы, у якіх выхоўваецца 57 дзетак: 13 – у яслях і 44 – у садзе.

Выхаваўчы працэс ажыццяўляюць 8 прафесіянальных педагогаў, 4 з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Выхавальнікі Аксана Алексяйчук, Ірына Уладыкоўская, Алена Строева і Лілія Яраш маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Вопытныя педагогі на занятках з дзецьмі забяспечваюць паўнацэннае іх развіццё і падрыхтоўку да навучання ў школе. У дашкольнай установе створана неабходнае асяроддзе для развіцця юнага пакалення.
Побач з майстрамі педагагічнай справы працуе моладзь – выхавальнікі Чвей Анастасія Ігараўна і Цалка Ірына Вячаславаўна. Яны добрасумленна пераймаюць вопыт старэйшых, выкарыстоўваюць у сваёй працы апошнія сучасныя методыкі і напрацоўкі дашкольнага выхавання.
Якасць выхаваўчага працэса штодня старанна кантралюе намеснік загадчыцы сада Бягун Валянціна Паўлаўна, якая працуе ва ўстанове з 2010 г., а раней была выхавальнікам.
Калектыў дзіцячага садка, а працуе тут 24 спецыялісты розных накірункаў, пастаянна працуе над умацаваннем здароўя сваіх выхаванцаў і фарміраваннем у іх здаровага ладу жыцця, выхаваннем патрыятызму і дабрыні, чалавечай годнасці.
У практыцы дзейнасці садка актыўна выкарыстоўваюцца розныя фізкультурныя святы і гульні, мерапрыемствы па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці.
Заняткі па музыцы і харэаграфіі, якія ў садку праводзіць Ляшчэўская Вольга Уладзіміраўна, даюць магчымасць юным выхаванцам самарэалізавацца, адкрыць свае таленты і здольнасці. Уменні і навыкі, якія атрымліваюць на занятках, дзеці з задавальненнем дэманструюць на розных святах.
Паколькі для росту і ўмацавання выхаванцам садка патрабуецца шмат энергіі, то гэтаму пытанню ў дашкольнай установе надаецца шмат увагі. Тут арганізавана трохразовае харчаванне, за якое адказваюць майстры сваёй справы Бальшакова Лідзія Мікалаеўна і Ганчарук Надзея Васільеўна, і повар Надзея Ганчарук, якая, напрыклад, ужо 9 гадоў, як аформілася на пенсію, але без яе дыетычных, смачных і разнастайных страў у садку ніхто не ўяўляе далейшага існавання. Увогуле ж, Надзея Васільеўна корміць юных жыхароў Бабровіч у садку ўжо больш чвэрці стагоддзя, з 1993 г.
Пра здароўе маленькіх выхаванцаў з 2006 г. клапоціцца медыцынскі работнік Якавенка Галіна Васільеўна, якая пачынала працаваць яшчэ ў санчасці ваеннага гарнізона. У яе абавязкі ўваходзіць: назіранне на працягу дня за станам здароўя дзетак і правядзенне комплексных аздараўленчых і прафілактычных мерапрыемстаў па прафілактыцы захворванняў.
Камфорт і ўтульнасць у садку ствараюць: памочнікі выхавальнікаў Тугбаева Лілія Васільеўна, Кулыба Наталля Міколаеўна, Ціткова Ірына Мікалаеўна, Ільчанка Марына Аляксандраўна, Яфімовіч Таццяна Мікалаеўна, рабочы па сцірцы і рамонту спецадзення Банчук Алла Барысаўна, рабочы па рамонту і абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Бабовіч Уладзімір Іванавіч, загадчык гаспадаркі Красюк Анастасія Іванаўна, кладаўшчык Мельнікава Аксана Уладзіміраўна, вартаўнікі Колчына Галіна Аляксандраўна і Балацун Уладзімір Аляксеевіч.
Усё жывое мае прыцяжэнне да добрага, светлага, прыгожага і ласкавага. Так і выхаванцы Бабровіцкага яслей-садка. Яны ільнуць да тых, хто іх любіць, аберагае, лашчыць, сагравае сваім цяплом. Менавіта гэта і прымушае іх штодня спяшаць на сваю “працу” – дзіцячы сад.
З 15 жніўня 2017 г., на час замены дэкрэтнага, абавязкі загадчыцы дзіцячага яслей-сада выконвае Ірына Лапшына.
ЛЮДЗІ Ў БЕЛЫХ ХАЛАТАХ
Медыцынскую дапамогу жыхары Бабровіч атрымлівалі з даваеннага часу на вясковым медпункце. Пасля вайны тут пачаў функцыяніраваць фельчарска-акушэрскі пункт, які размяшчаўся разам з поштай у будынку сельскага клуба.
Хто і ў якія гады пасля вайны працаваў на ім, прасачыць дакладна не ўдалося. Вядома, напрыклад, што да 1961 г. яго загадчыкам быў Паўлаў, а акушэркамі: Шчарбенка Марыя Канстанцінаўна і Цесавец Г.І.

Загадам галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна ад 26 жніўня 1961 г. загадчык Бабровіцкага ФАПа пры ваеннай часці Пазнякоў Барыс Уладзіміравіч з 1 верасня вызвалены ад зай-маемай пасады ў сувязі з паступленнем у медінстытут. На яго месца прызначана Алёхіна Ніна Васільеўна, якая закончыла Выбаргскае медвучылішча ў 1955 г. па спецыяльнасці фельчар-акушэр. 15 лістапада гэтага ж года пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску прыступіла да працы акушэрка ФАПа Анікеева Анастасія Васільеўна.
У пачатку 70-х у Бабровічах быў пабудаваны новы драўляны будынак ФАПа. Больш 40 гадоў ім загадвала Мамонава Надзея Паўлаўна, якая і зараз жыве ў Тарканах.
З 2000 г. на ФАПе гаспадарыць Мятлушка Жанна Фёдараўна. Нарадзілася яна ў Калінкавічах, а жыве побач — у гарнізоне.
У зоне абслугоўвання Бабровіцкага ФАПа сёння 171 чалавек. Гэта жыхары трох неселеных пунктаў: Бабровіч, Тарканоў і Сельцаў. Асноўная частка мясцовага насельніцтва — пажылыя людзі, для якіх Жанна Фёдараўна – сапраўдны выратавальнік. Шмат інвалідаў 1-й і 2-й груп. Ёсць яны і сярод маладых. Так што праца загадчыцы ФАПа сёння – гэта не толькі прыём на месцы, у асноўным – праца па выкліках. У любое надвор’е, па першаму выкліку спяшаецца “сельскі доктар” да сваіх пацыентаў.
“У дачны сезон у вёсцы шмат дачнікаў. Яны таксама звяртаюцца на ФАП за дапамогай. Нехта упаў, нехта параніў руку ці нагу, атрымаў іншую траўму. Адным словам, працы хапае”, — дадае Жанна Фёдараўна.

Пры неабходнасці стацыянарнага лячэння ці атрымання больш кваліфікаванай медыцынскай дапамогі жыхары Бабровіч маюць магчымасць звярнуцца ў Бабровіцкую ўчастковую бальніцу, дзе сёння ёсць магчымасць пралячыць стацыянарна, аказаць пацыентам шэраг фізіятэрапеўтычных працэдур.
У штаце бальніцы сёння працуе 24 чалавекі абслугоўваючага персаналу. Акрамя паліклінічнага прыёму ёсць стацыянар на 20 коек: 10 –бальнічных і 10 –сацыяльных, г.зн. сястрынскага ўходу.
Зона абслугоўвання ўчастковай бальніцы – радыус 25 кіламетраў.
З 2004 г. участковай бальніцай загадвае выпускніца Гарочыцкай школы Ірына Сцепановіч.
Вось што расказала пра сябе і свой калектыў Ірына Пятроўна:
— Гомельскі медінстытут я закончыла ў 1998 г. Размеркавалася ў Калінкавічы, у чыгуначную бальніцу. Выйшла замуж. Пераехала ў Гомель, дзе два гады працавала ўчастковым тэрапеўтам у Гомельскай паліклініцы. Затым па сямейных абставінах перавялася ў Бабровіцкую ўчастковую бальніцу. І вось тут працую ўжо 13 гадоў.
Калектыў у нас падабраўся дружны і працавіты. Дзяўчаты імкнуцца так выканаць сваю справу, каб не выклікаць нараканняў нашых пацыентаў. А зрабіць гэта, працуючы з хворымі, ох як не проста.
Многія супрацоўнікі бальніцы працуюць тут з часу ўтварэння ўчастковай бальніцы, якая пачала свой крок у гісторыю з вывадам авіяпалка ў Расію, у 1995г. Ёсць і тыя, хто пачынаў яшчэ ў медпункце вайсковай часці, на базе якога і размяшчаецца зараз участковая бальніца.
Так, з 1994 г. працуе тут медсястра фізкабінета Харланчук Алена Дзмітрыеўна.
Яшчэ большы стаж у лабаранткі Дронік Тамары Данілаўны.
З 1995 г. працуе ў бальніцы медсястра ўрачэбнага кабінета Мельнікава Ларыса Мікалаеўна.
З 1997 г. – урач – стаматолаг Ісаева Ларыса Карлаўна.
Да таго часу, як я прыступіла да кіраўніцтва медустановай, яе ўзначальвала Галкоўская Людміла Аляксандраўна. Яна таксама больш дзесяці гадоў тут адпрацавала. Пачынала яшчэ пры вайсковай часці.
Тое, што калектыў Бабровіцкай участковай бальніцы дружны, працавіты і высокапрафесіянальны, сведчыць яго перамога ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод участковых бальніц Беларусі ў 2006 г. Бабровіцкая бальніца тады стала другой у рэспубліцы.
Многія медработнікі з Бабровіч даўно ўжо на заслужаным адпачынку, а іншыя – ужо далёка. Добрым словам заўсёды памінаюць жыхары населенага пункта імя Галіны Зябкінай, якая некалькі дзесяцігоддзяў адпрацавала ў Бабровічах урачом-стаматолагам.
Нарадзілася Галіна Ісаеўна 25 снежня 1917 г. ў г. Орша Віцебскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і. У яе было пяцёра сясцёр і два браты. Бацька працаваў галоўным бухгалтарам на спіртзаводзе, а мама займалася малымі і хатняй гаспадаркай. Пасля школы Галіна паступіла ў медыцынскае вучылішча. Размеркавалі яе ў Лоеўскі раён, дзе даручылі загадваць аховай здароўя. Да пачатку вайны ў яе нарадзіўся сын, з якім яна і была эвакуіравана ў Новасібірск. Там у шпіталі яна ўзначаліла прыём і сартыроўку цяжкахворых. Дні і ночы працавала без адпачынку. Не хапала нават часу на сон. Побач знаходзіўся маленькі сынок, якога даглядалі ўсім персаналам.
“Цяжкі быў час, — успамінала Галіна Ісаеўна. – Шмат людзей памірала. Штодня бачыла боль, пакуты і страту надзеі ў людзей”.
У Новасібірску Галіна Зябкіна сустрэла і перамогу. Яе мужная праца ў тыле ў гады вайны была адзначана ўрадавай узнагародай – медалём “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 -1945 гг.”
Добра ведаюць у Бабровічах і суседніх вёсках і імя Мамонавай Надзеі Паўлаўны, якая 28 гадоў загадвала Бабровіцкім ФАПам.

Сама Надзея Паўлаўна Іванова (гэта яе дзявочае прозвішча – І.Г.) родам з Тарканоў. Нарадзілася 18 лістапада 1935 г., праўда, па пашпарту запісана з 15 мая 1936 г. Дзесяцігодку закончыла ў Даманавічах у 1954 г. А праз два гады закончыла і Мазырскае медвучылішча. Размеркавалі яе пасля вучылішча на працу ў Навасёлкаўскую ўчастковую бальніцу, што на Брэстчыне. Працавала там фельчарам. А 13 лютага 1957 г., як расказвае сама, выскачыла замуж за салдаціка. Калі яе благаверны закончыў тэрмін службы ў лістападзе гэтага ж года, маладыя падалі на малую радзіму Надзі ў Тарканы.
— У студзені 1958 г. мы накіраваліся ў Данбас, — расказвае Надзея Паўлаўна. – Уладкаваліся, працавалі. А ў 1962 г. цяжка захварэла мая маці. Вярнуліся ў Тарканы. Думала, што я яе выратую. Але цяжкая хвароба ў 1964 г. забрала маю матульку.
З сакавіка 1963 г. Надзея Мамонава пачала працаваць загадчыцай Бабровіцкага ФАПа. Як і цяпер, абслугоўвала жыхароў Тарканоў, Бабровіч і Сельцаў.
— Не было тады ў нас ні веласіпедаў, ні машын, усё пехам. Ад Тарканоў да Бабровіч – тры кіламетры, ад Бабровіч да Сельцаў – пяць, улетку, праўда, цераз балота – тры. Адным словам зона абслугоўвання ў радыусе дзесяці кіламетраў.
Работы было шмат тады. Насельніцтва ж было ў вёсках каля паўтары тысячы чалавек. Дзяцей штогод нараджалі больш трыццаці. Гэта ж не адно – два, як сёння.
Добра што са мной працавала акушэркай Харлан Любоў Іванаўна – добрая і надзейная памочніца. Яна была родам з Рэчыцкага раёна, вышла ў нас замуж за мясцовага хлопца. Гэта ўжо апасля яна перайшла працаваць у ваенную санчасць, а ў канцы канцоў і ўвогуле перабралася на радзіму ў Рэчыцкі раён.
Пытаюся Надзею Паўлаўну, хто да яе працаваў загадчыкам Бабровіцкага ФАПа.
Адказвае: “Паўлаў Фёдар Аляксандравіч. Ён затым пераехаў у Светлагорскі раён”.
На пенсію Надзея Мамонава выйшла 1 лістапада 1991 г. Трое яе дзетак пайшлі кожны па свайму шляху ў жыцці. Сын Уладзімір пасля вучобы ў Ленінградзе стаў працаваць у аэрапарту “Дамадзедава”, жыве ў Маскве. Дачка Наталля працавала снабжэнцам на Салігорскім камбінаце, зараз ужо на пенсіі. Малодшая Інна жыве ў Калінкавічах.
На пасадзе загадчыцы ФАПа Мамонаву змяніла, па яе словах, Балоціна Раіса, потым невялікі час працавала яе дачка.
А з 2000 г., як ужо ўпаміналася раней, тут гаспадарыць Жанна Мятлушка (Ігнаценка ў дзявоцтве).

СТВАРАЛЬНІКІ СВЯТА

Расказваць пра гісторыю Бабровіч і не ўспомніць мясцовых культработнікаў было б не зусім правільным. А таму пачнем нашу размову з чалавекам, ад якога не ў малой ступені залежыць у якім стане знаходзіцца развіццё бабровіцкай культуры – мастацкім кіраўніком Бабровіцкага Дома культуры Сяргеем Ярашам.
— У Бабровічы я трапіў у канцы 1994 г. , 25 снежня. Да гэтага, у 1989 г., я закончыў Мазырскае музыкальнае вучылішча па класу баяна. Адслужыў тэрміновую службу на Украіне. Служыў у г. Хмяльніцкім па 1991 г. Затым пачаў працаваць ў Палескім сельгастэхнікуме акампаніятарам у студэнцкім клубе. Адначасова акампані-раваў ансамблю “Закаванка” пры раённым Доме культуры. А ў канцы 1994 г. Валянціна Альбінаўна Тугай, якая працавала тады загадчыкам раённага аддзела культуры, прапанавала мне Бабровічы. Прыйшоў я ў Бабровіцкі дом культуры, які ўтварылі на базе гарнізоннага Дома афіцэраў на пасаду мастацкага кіраўніка. Дырэктарам тады працавала Аляксееўна, якая праз два гады пераехала ў Расію.
Паціху пачаў ствараць калектыў мастацкай самадзейнаці. Спачатку хадзілі мясцовыя жанчыны, школьныя работніцы. Затым у нас утварыўся вакальны ансамбль “Вечарынка”. У яго на сёння ўваходзяць: Таццяна Харлан – хармайстар Дома культуры, гадоў дзесяць ужо працуе на гэтай пасадзе; Уладзімір Даманчук – дырэктар Бабровіцкай школы; мая жонка Лідзія – дырэктар Бабровіцкага СДК, і я (на здымку), — расказаў Сяргей.
З Таццянай і Лідзіяй Сяргей Яраш пазнаёміўся яшчэ, калі працаваў у сельгастэхнікуме. Дзяўчаты вучыліся на заатэхнікаў і прымалі актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці і студэнцкім жыцці навучальнай установы. Так склалася, што Лідзія стала жонкай, а Таццяна вышла замуж за Дзмітрыя Харлана, якога накіравалі ўчастковым міліцыянерам у Бабровічы. Так і пайшлі яны далей разам дарыць людзям радасць сваёй творчасцю.
Увогуле, што тычыцца ансамбля “Вечарынка”, то для дасведчаных людзей ён асаблівых характарыстык не патрабуе. “Вакальны ансамбль “Вечарынка” адносіцца да тых мастацкіх калектываў, якія смела можна назваць візітнай карткай нашага раёна. Таленавітых артыстаў з Бабровіч добра ведаюць не толькі жыхары калінкавіцкай зямлі, але і за яе межамі.
<…>За гады існавання калектыву, а гэта больш чым дзесяцігоддзе, змяніўся яго склад, але нязменным засталося галоўнае: вернасць народнаму мастацтву, традыцыям беларускага народа, апантанасць сваёй справай, уласцівая ўсім удзельнікам гэтага ансамбля.
<…> Дзякуючы гэтаму таленавітаму квартэту, кожнае свята ў Бабровічах непаўторнае і самабытнае. А іх на працягу года ладзіцца нямала: юбілейныя і прафесійныя даты, усе каляндарныя святы, Дні вёскі, Зажынкі, Дажынкі, — гэты пералік можна працягваць доўга.
Артысты “Вечарынкі” спяваюць не толькі для сваіх аднавяскоўцаў, але і для жыхароў суседніх маланаселеных вёсак, у якіх няма клубных устаноў, выступаюць на фермах і палях, Днях працаўнікоў аграпрамысловага комплексу па ўсёй тэрыторыі раёна, на выязных пасяджэннях сельсавета.
Двойчы “Вечарынку” запрашалі ў Ляскавічы на “Кліч Палесся”, выступалі і ў Хойніцкім раёне, Навазыбкаве, даехалі са сваім канцэртам нават да Краснадарскага краю. Что ж тады казаць пра раённыя Дажынкі, святы горада і іншыя культурныя мерапрыемствы, што праходзяць штогод у Калінкавічах? Без “Вечарынкі” з яе народнымі песнямі ў сучаснай апрацоўцы іх нават уявіць цяжка.
“Дубочкі”, “Красна дзевіца”, “Купальскі вяночак”, “Ой, рана на Івана” даўно заваявалі трывалую любоў сярод слухачоў, якія не маглі не заўважыць, колькі карпатлівай працы і таленту ўклалі ўдзельнікі ансамбля, каб іх песні так выдатна гучалі, заварожвалі і краналі да глыбіні душы», — напісала пра гэты калектыў журналістка “Калінкавіцкіх навін” Таццяна Капітан летась да Дня работнікаў культуры.
І, бадай, што дабавіць тут болей нечага. Працаўнікі Бабровіцкага СДК не проста знаходзяцца, як кажуць, на сваім месцы, а з’яўляюцца прыкладам, як беражліва трэба адносіцца да захавання культуры свайго народа.

Ёсць у Бабровічах і сельская бібліятэка, якая размясцілася на другім паверсе Бабровіцкага СДК. Сёння загадвае “храмам кнігі” Мельнік Наталля Валер’еўна. Родам яна з Рэчыцкага раёна.Калі дзяўчыне было 14 гадоў, бацькі вырашылі пераехаць на радзіму таты ў Тураў. Там Наталля закончыла школу, пасля чаго паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Першае месца яе працы – бібліятэка ў аграгарадку Верасніца Жыткавіцкага раёна.
— Выйшла замуж і пераехала ў Бабровічы. Спачатку працавала ў бібліятэцы ў Калінкавічах. Затым, калі Валянціна Пурахоўская пайшла на пенсію, у 2015 г., мяне назначылі загадчыцай Бабровіцкай сельскай бібліятэкі, — расказвае Наталля.
Акрамя тэхнікума Наталля закончыла завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацваў.
— У нашай бібліятэцы 511 чытачоў, — расказвае загадчыца бібліятэкі. — Канешне, свет мяняецца. Цікавасць да кнігі ў сённяшні час жадае многа лепшага. Але ж ёсць у нашым населеным пункце людзі, па-ранейшаму апантаныя кнігай. Менавіта яны рэгулярныя наведвальнікі бібліятэкі і актыўныя ўдзельнікі ўсіх нашых мерапрыемстваў. Гэта: сямейныя пары Вятчыных – Неаніла Канстанцінаўна і Анатоль Іванавіч, Крыцкіх – Лідзія Пятроўна і Анатоль Мікалаевіч, Ганько Таццяна Іванаўна і яе маці Нінэль Іванаўна, Левая Ларыса Васільеўна, Бяроза Якаў Пятровіч.
Добрыя мае памочнікі: настаўнікі Бабровіцкай школы Цітова Таццяна Іванаўна і Чвей Анастасія Ігараўна, выхавальнік Бабровіцкага дзіцячага сада Уладыкоўская Ірына Анатольеўна. І самы галоўны мой памочнік і дарадца – мая папярэдніца Валянціна Пурахоўская.

Валянціна Фёдараўна Дронік – гэта яе дзявочае прозвішча – І.Г.) нарадзілася ў в. Бабровічы. Закончыла мясцовую школу ў 1976 г. і год адпрацавала на Мазырскай ТЭЦ. А на наступны год пайшла служыць. Так- так, менавіта служыць ва Узброеныя Сілы СССР.
Службу сваю пачала ў мясцовым гарнізоне ў сакрэтнай часці. Тут жа пазнаёмілася са сваім мужам прапаршчыкам Уладзімірам Пурахоўскім, які быў родам з Калінкавіч. 13 гадоў свайго жыцця яна аддала арміі, следуючы па службе за мужам. Служыла ў Бабровічах, Венгрыі, зноў у Бабровічах.
Завочна закончыла Мазырскі дзяржаўны педінстытут, 12 гадоў адпрацавала сакратаром у Бабровіцкай школе. А ў 2007г. стала загадваць Бабровіцкай бібліятэкай.
Валянціна Фёдараўна – чалавек добра вядомы не толькі ў Бабровічах, але і за іх межамі. Няўрымслівая асоба, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, грамадскі дзеяч, — вось якімі тэрмінамі можна ахарактарызаваць гэтую жыццярадасную жанчыну. Вось ужо чацвёртае скліканне запар жыхары Бабровіч выбіраюць яе дэпутатам Гарочыцкага сельскага Савета. А яшчэ з 90-х гадоў яна выбіралася старшынёй Бабровіцкага дамавога камітэта, апасля – памочнікам старшыні сельсавета па Бабровічах.
“Сціплая, добрая, прыветлівая, яна ўмее быць карыснай усім, — гавораць пра яе аднавяскоўцы. – Міма чужога гора не пройдзе і заўсёды дапаможа, нічога не патрабуючы ўзамен”, — так напісала пра Валянціну Пурахоўскую Калінкавіцкая раёнка (“Калінкавіцкія навіны”, 19 мая 2009 г.).
Трэці год ужо Валянціна Фёдараўна не працуе ў бібліятэцы – выйшла на заслужаны адпачынак. А вось грамадскімі справамі па-ранейшаму працягвае займацца. Яна і дэпутат, і памочнік старшыні сельсавета, з дапамогай якога жыхары Бабровіч вырашаюць многія насутныя для іх пытанні.

Жыве ў Бабровічах і ветэран культуры Кулыба Надзея Міхайлаўна. Роўна трыццаць гадоў свайго жыцця аддала яна служэнню гэтай цудоўнай галіны сацыяльнай сферы.
Нарадзілася Надзея Міхайлаўна ў 1950 г. на Сахаліне, куды яе бацькі пераехалі з Шыіч ў пошуках добрага заробку. Але тамашні клімат не прыйшоўся яе маці да спадобы, і сям’я мусіла праз восем гадоў вярнуцца назад, на бацькаву радзіму, у Шыічы.
Надзея закончыла Шыіцкую школу, планавала паступіць у педінстытут, але не прайшла па балах, і, каб не прападаў год, паступіла ў сельскагаспадарчае вучылішча. Калі настаў час працаўладкоўвацца, прыехала да родзічаў у Бабровічы. І тут лёс звёў яе з першым мужам Кулыбай. Выйшла замуж, працавала рахункаводам у Бабровіцкім аддзяленні саўгаса “Гарочычы”. Паступіла завочна на вучобу ў Шанталаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум у Расіі.
— Нарадзіліся хлапчукі. Першы ў 1971-м, другі – у 1974-м, — успамінае Надзея Міхайлаўна, – тады ж такіх дэкрэтных адпускоў не было, як сёння, два тыдні, ды ізноў на працу. А як тут з малымі. А тут даведваюся, што вызвалілася месца загадчыка Бабровіцкага сельскага клуба. Працавала тады на гэтай пасадзе афіцэрская жонка. Яе мужа перавялі на новае месца службы, і яна паехала за ім. Так з 1975 г. я стала загадчыцай клуба. Гэта быў вялікі драўляны будынак, пабудаваны буквай “Г”, які стаяў на павароце, як ехаць на Даманавічы, насупраць магазіна. Размяшчаліся ў будынку клуба і пошта, і ФАП, і бібліятэка. 10 гадоў я ўзначальвала Бабровіцкі клуб: ладавала са сваімі добраахвотнымі памочніцамі святы для людзей, дарылі ім радасць і ўсмешкі.
Раптоўна памёр муж. Зразумела, такі ўдар лёсу выклікаў шок. Жыццё быццам спынілася. Стала неяк не да святочных мерапрыемстваў, песень і гульняў. А тут вызвалілася месца загадчыцы бібліятэкі, я папрасіла начальства і мяне перавялі ў Бабровіцкую сельскую бібліятэку.
Нездарма кажуць, што час самы лепшы доктар: з цягам часу ўсё наладзілася, я выйшла замуж за Валерыя Аляксандравіча Лапцева. У нас нарадзілася дачушка Вольга, якая пасля заканчэння 9 класаў Бабровіцкай школы паступіла ў Мазырскую школу алімпійскага рэзерву, дзе стала займацца грэб-ляй на байдарках. Стала майстрам спорту. Закончыла факультэт фізкультуры БДУ. Працуе інструктарам –метадыстам у МНС г. Гомеля.
У бібліятэцы я працавала яшчэ 20 гадоў. У 1994 г., калі бібліятэку з вёскі перавялі ў Дом афіцэраў у гарнізон, я перайшла туды.

ВУЛІЦА ЛЯСНАЯ
Пасля таго, як у 1993г. авіяполк пакінуў Бабровічы, жыццё ў былым ваенным гарадку (а на той момант тут пражывала больш 2,5 тыс. чалавек) перайшло, як кажуць, на мірныя рэйкі.
Аднак вывад ваенных завязаў тугі вузел няпростых сацыяльна-бытавых праблем, развязваць які на працягу 90-х гадоў прыйшлося раённаму выканаўчаму камітэту начале з Мікалаем Пранкевічам, які быў старшынёй райвыканкама ў той час, а затым Віктару Піліпцу, які змяніў яго на гэтай пасадзе вясной 1998 г.
Трэба адзначыць, што раённым уладам пры падтрымцы абласных і рэспубліканскіх кіраўнічых структур усяго за некалькі гадоў удалося зрабіць нямала для нармалізацыі ўмоў жыцця мясцовага насельніцтва.
— Аператыўна былі вырашаны пытанні засялення кватэр,якія вызвалілі лётчыкі і тэхперсанал часці, захаванасці асноўных сацыяльных аб’ектаў, — успамінае Леанід Бірылаў, які ў той час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама і курыраваў сацыяльныя пытанні.— Гэта прадухіліла раскраданне маёмасці жылфонду, дало магчымасць многім людзям палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Ды і сам былы гарнізон намаганнямі райвыканкама, камунальнікаў і насельніцтва на вачах змяніўся.
Канешне, калі дэталёва ўсё аналізаваць, то можна знайсці не толькі плюсы, але і мінусы, якія прынёс вывад ваенных з Бабровіч. Многія напачатку засталіся без працы. Шмат ваеннаслужачых вымушаны былі падаць у адстаўку. Перасталі сатрасацца ад гулу баявых самалётаў ваколіцы Бабровіч. У гарнізоне і вёсцы пацішэла ў разы. Бабровічы (а сёння так называюць вёску і былы ваенны гарадок, як адзіны населены пункт, у якім вуліца Лясная аб’ядноўвае ўсіх жыхароў былога гарнізона) сталі не такімі шматлюднымі, як былі, калі па іх хадзілі ваенныя і іх сем’і.
Але тут паявіліся: станцыя водаачысткі, у дзеянне ўступіла новая тэлефонная станцыя, было здзейснена ўцяпленне сцен шэрагу дамоў. Ды і з пункту гледжання добраўпарадкавання былы ваенны гарадок расквітнеў і папрыгажэў.
Адразу ж пасля зыходу ваенных клопат пра водазабеспячэнне і ацяпленне жылля, яго ўтрыманне ў належным парадку ўзяло на сябе новастворанае прадпрыемства «Калінкавіцкі райжылкамгас», які меў у Бабровічах свой участак.
Сёння ў Бабровіцкім участку КУП “Камунальнік Калінкавіцкі” пад кіраўніцтвам Заранка Віталія Віктаравіча працуе 107 работнікаў, якія забяспечваюць усе камунальныя паслугі ў населеным пункце.
А ў 2006 г. у Бабровічы прыйшоў прыродны газ. Літаральна за сем месяцаў спецыялісты газавай гаспадаркі вобласці працягнулі сюды з Калінкавіч 17-кіламятровую нітку газапровада. І што характэрна, за ўвесь газавы камфорт жыхары Бабровіч не заплацілі ніводнай капейкі з уласных сродкаў. Газавікі выкарысталі для падвода газу ў кватэры раней створаныя газавыя камунікацыі. Бабровічы сталі трэцім населеным пунктам у Калінкавіцкім раёне, куды прыйшоў прыродны газ. Да гэтага ён паступіў у вёску Антонаўка і аграгарадок Сырод.
З цягам часу адбыліся і іншыя змяненні ў былым ваенным гарадку. Як ўжо было сказана вышэй, будынак ваеннай медсанчасці пераабсталявалі пад Бабровіцкую ўчастковую бальніцу.
Дом афіцэраў перадалі пад сельскі Дом культуры і бібліятэку.
У гасцініцы-шматпавярхоўцы размясцілася аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых “Клопат”.
На базе ваеннай пральні ў канцы 90-х Даманавіцкі свінакомплекс, якім кіраваў Мікалай Хвацік, рэалізаваў ідэю дырэктара Калінкавіцкага камбіната хлебапрадуктаў Івана Новака – адкрыў уласны каўбасны цэх, у якім і сёння працуе 17 чалавек.

Сёння ў Бабровічах акрамя гандлёвых кропак райспажыўтаварыства працуюць прыватныя магазіны: магазін “Прадукты” ПГУП “ІвалінаТорг” і магазін “Дзіоніс” ПГУП “НігараТорг”. У сферы бабровіцкага гандлю занята 23 чалавекі.
На вытворчай базе ААТ “АлефКарго” працуе 14 чалавек, У ТАА “Сонечны лес” – 27 чалавек.
Ёсць на вуліцы Лясной аддзяленне паштовай сувязі і аддзяленне АСБ “Беларусбанк”.
Увогуле ж, па звестках на 1 студзеня 2017 г., у Бабровічах пражывае 2059 чалавек, з іх – на вуліцы Лясной (у былым ваенным гарадку) 1945 чалавек.
Вяртанне ў маладосць
У сацыяльных сетках сусветнай павуціны сёння можна знайсці шмат настальгічных успамінаў тых, хто нарадзіўся ў Бабровічах ці прыехаў разам з бацькамі да іх новага месца службы, і правёў у гэтым ваенным гарадку сваё дзяцінства і юнацтва.
Праз гады людзі вяртаюцца ў “свае родныя Бабровічы”, як яны лічаць, каб хоць на хвілінку датыкнуцца да гадоў свайго дзяцінства. Вось як, напрыклад, зрабіў гэта сённяшні жыхар Кіева Найчук Сяргей. Пасля наведання Бабровіч ён размясціў свой аповяд пра вяртанне ў дзяцінства ў сваім блогу. Прывядзем некаторыя ўрыўкі з яго:
“Гэтая паездка планавалася даўно. Беларусь для мяне — маленькая Радзіма, дзе я пайшоў у 1-ы клас, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе я набыў першых сяброў і пачаў разумець гэты свет.
Мой бацька ваенны. Жыццё ваеннага ў часы Савецкага Саюза — гэта частыя пераводы з аднаго месца службы на іншае.
У 1982 годзе бацьку перавялі ў гарнізон Бабровічы. Гэта Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці. Прыехаўшы туды, мы вымушана пражылі некаторы час у суседняй вёсцы, пакуль дабудоўвалі нашу дзевяціпавярхоўку, пасля чаго пераехалі ў «новабуд».
Гарнізон — месца незвычайнае. На тэрыторыі ў папярочніку максімум 1 кіламетр знаходзяцца 2 дзевяціпавярховых, некалькі пяціпавярховых і двухпавярховых дамоў, тут жа — крамы, пошта, домакіраўніцтва, санчастка, побач — казармы з салдатамі, плацы, спартыўныя збудаванні, сталовыя, штабы і ўсё, што звязана з ваенным жыццём.
На ўскраіне ўсяго гэтага — аэрадром, на якім круглыя суткі, за выключэннем выхадных, адбываліся палёты ваенных знішчальнікаў СУ-24.
У гарнізоне былі 2 авіяцыйных палкі, якія лёталі па чарзе — адзін днём, другі — ноччу. І наадварот. Усё гэта знаходзілася ў лесе, і было абнесена калючым дротам, ахоўвалася паставымі салдатамі.
У гарнізоне было 3 кантрольна — прапускныя пункты. Рэйсавыя аўтобусы (праз гарнізон хадзіў аўтобус «Калінкавічы-Гарочычы»), спыняліся за тэрыторыяй гарнізона і калі, да прыкладу, да нас у госці вырашыла прыехаць бабуля — так проста яна да нас не трапіць, трэба ісці сустракаць яе на КПП і даказваць, што яна наша сваячка, а не шпіён.
Увогуле, у тыя часы жыццё ў гарнізоне кіпела — самалёты грымелі з раніцы і да раніцы, пры іх узлётах шыбы ў вокнах дамоў звінелі.
У першы час нашы сваякі, якія прыязджалі да нас, не маглі заснуць. Але потым гэта становіцца звычкай і ўжо без самалётнага рову заснуць было складана.
Салдаты ўсіх нацыянальнасцяў 15 саюзных рэспублік хадзілі строем, спявалі песні, займаліся ў спартыўным гарадку, зімой хадзілі на лыжах па лесе, стаялі на пастах, на аэрадроме, бегалі пасыльнымі па дамах афіцэраў.
Ваенныя цягачы і іншыя машыны ездзілі, афіцэры і прапаршчыкі раз — пораз спяшаліся па справах.
І мы паміж імі хадзілі ў школу і са школы (яна была, можна сказаць, у суседнім сяле, каля кіламетра ад дому), пераймалі іх, спрабуючы маршыраваць, бегалі ў спартыўным гарадку, круціліся на «каруселях» і «арэлях» (для нас яны так называліся, для салдат — трэнажоры), а пасля школы ў лесе, у 100 метрах ад дому пяклі бульбу і смажылі сала, гулялі ў «вайнушку» у акопах і танках, шухерылі на аэрадроме, рабілі ўзрыўпакеты і кідалі ў агонь патроны, якія выменьвалі ў салдат на розныя значкі, якія можна было папрасіць у таты «прынесці з працы», купаліся на мясцовым возеры, лавілі там рыбку.
Увогуле, успамінаў не на адну старонку, усяго так не апісаць.
У нашым класе пастаянна хтосьці з’язджаў і на змену ім прыходзілі новенькія. Я з Бабровіч паехаў у 1989 годзе, тады я пераходзіў у 8-ы клас.
Лёс раскідаў усіх. Ад Украіны да Уладзівастока і Кіргізіі.
З развалам Саюза гарнізон, як і многія іншыя воінскія часткі такога напрамку (ваенная авіяцыя), сталі непатрэбнымі альбо абузай. Беларусь стала незалежнай дзяржавай і, як у нас ва Украіне, большасць ваенных гарадкоў страцілі сваё прызначэнне.
Мяркуючы па тэлевізійных сюжэтах, у падобных ваенных гарадкоў Украіны справы жудасныя. Дамы і камунікацыі, пабудаваныя яшчэ «тады», ніхто не абслугоўвае. Вады няма, газу няма, святла няма, дамы разбураюцца і праблемы людзей, якія засталіся там, усім да лямпачкі. Але гэта я бачыў у нас. А як там у «іх»? Паехалі, паглядзім!!!
Мы з жонкай вырашылі адзін тыдзень адпачынку прысвяціць гэтай паездцы.
Ехаць у Бабровічы мы вырашылі па самай кароткай дарозе, якую намаляваў нам навігатар, праз Вільчу (пункт пропуску на беларускім баку — Аляксандраўка).
Прыехалі ў гарадок майго дзяцінства каля апоўдні. Тут нас сустрэлі два маіх аднакласнікі: Юрый Алісейка (прыехаў з Гомеля) і Лілія Вольская (жыве ў Бабровічах).
Не губляючы часу, вырашылі пайсці па родных мясцінах, пагля-дзець, як усё змянілася за 24 гады. Гарадок усяго некалькі кіламетраў па перыметры, яго не тое што аб’ехаць, а абыйсці за некалькі гадзін можна. У першую чаргу паехалі да школы, у якую я пайшоў у 1-ы клас.
На першы погляд, як быццам нічога не змянілася. Усё той жа бярозавы гай перад школай.
А вось такіх хатак на курыных ножках у школьным двары раней не было. Якая прыгажосць!
А вось унутраны двор школы. Сама школа зроблена кальцом, дабудоўвалі яе ў 80-х гадах, калі з-за мноства дзяцей ваенных усе вымушаны былі вучыцца ў дзве змены. Пасля дабудоўкі стала вельмі ўтульна, у калідорах былі тэнісныя сталы і ўсе вучыліся толькі ў першую змену.

А гэта гай за школай, далей – вёска Бабровічы, ад імя якой і атрымаў назву гарнізон.

Школьны сад – усё, як раней. Фатаграфуем школу напаследак і пайшлі далей.
Далей мы рушылі да Камсамольскага возера, якое знаходзіцца ў самым гарадку. На гэтым возеры мы адпачывалі, купаліся, лавілі рыбу. У нейкі момант, напярэдадні Новага года, якісьці ідыёт спусціў у возера тоны авіяцыйнай газы са склада паліва-змазачных матэрыялаў, які знаходзіўся побач. А другі ідыёт, а можа і той самы, кінуў запалку. Гарэла ярка…
Самае крыўднае, што па вясне ўсе берагі былі пакрытыя мёртвай рыбай. Мы вельмі засмуціліся. Хоць побач з мястэчкам і былі іншыя азёры, гэтае было самым любімым, так як знаходзілася побач, і рыбка лавілася ў ім заўсёды.

Пасля вайскоўцы вырашылі выправіць сітуацыю. Возе-ра падзялілі на дзве часткі, перасыпалі напалову дамбай з пяску. Левую палову пакінулі без зменаў, а правую вычысцілі, засыпалі прывезеным пяском і напоўнілі чыстай вадой, збудавалі пляжык. Радасці не было канца — мы зноў там купаліся, а праз год і карасёў лавілі.
Пад’ехаўшы да гэтага возера, мы моцна здзівіліся. Вось дзе змены ў наяўнасці… Ад пляжу з пясчанымі берагамі нічога не засталося, возера моцна зарасло.
А вось дамбачка, якая перагарадзіла возера на дзве часткі, яна ж была цалкам з пяску, а цяпер на ёй растуць дрэвы! Не верыцца, што такое можа быць!
Левая частка возера — некранутая і нячышчаная — менш заросшая, чым правая!
Вось як прырода змяняецца…
Ну што ж, пара рухаць да самага роднага, што тут было, а менавіта да дома,у якім я пражыў 7 гадоў. Вось ён, такі ж, як і быў.
Вуліц тады не было, дамы называліся ДОСамі (дом афіцэрскага складу). Лічбы на сінім фоне — яшчэ тыя ж, з моманту пабудовы. Мой адрас быў: Гомельская вобласць, Калінкавіцкі р-н, п/аб Бабровічы, ДОС 155, кв. 102. Цяпер, калі вайскоўцы выехалі, з’явілася вуліца Лясная. Адна адзіная.
Мы ўсяліліся ў гэты дом адны з першых, калі будаўнічы батальён яшчэ заканчваў будаўнічыя работы і апрабоўваў ліфты.
Цікава ўспамінаць, як пах новы дом (карбід пераважае) і як акрамя нас у гэтым доме жыло спачатку некалькі сем’яў, як у яго пачалі масава заязджаць…
Але тады не было перфаратараў і рамонтаў — кватэры здаваліся «пад ключ». Ды і каму трэба рабіць рамонт, калі праз гады 3-4 ты можаш адсюль з’ехаць некуды ў Забайкалле ці Казахстан? Пра Украіну тады многія марылі, гэта быў асаблівы блат. Пра Германію, Чэхаславакію і інш. — асобная размова.
Гляжу далей — газавая гаспадарка каля дома. А раней быў прывазны газ. Пасля распаду СССР і вывядзення воінскіх часцей, беларусы правялі да пасёлка газапровад.
Увогуле, Бабровічы і, у прыватнасці, Беларусь — яскравы прыклад таго, што ў краіне ёсць гаспадар. Хто б такое зрабіў ва Украіне? Нашы закінутыя ваенныя гарадкі — гэта памыйныя ямы. На людзей, якія пакінуты на волю лёсу, у нас напляваць. Я вельмі ўражаны.
Камунальная сфера ў Бабровічах працуе дакладна. Гарачая вада ёсць. Натуральна, і халодная. Чысціня і парадак — дворнікі працуюць! І ўсё гэта ў пасёлку ў лесе, удалечыні ад трасы, з насельніцтвам у некалькі сотняў людзей. Праца ёсць у акрузе — розныя дзяржаўныя прадпрыемствы, камбінаты, фермы, малочныя заводы, калгасы. Некаторыя працуюць у Калінкавічах — 15 км ад пасёлка, для іх гэта спальны раён. Мне ў Кіеве да працы 20 км. А тут без пробак, па добрай дарозе…
Ідзём далей… Вось лясны гарадок, тыпу дач, 100 метраў ад майго дома.

А тут раней быў цір, у якім я настраляў шмат значкоў «Меткий стрелок» и «Юный стрелок», зразумела, з дакументамі. Зараз тут магазін.

А тут лазня. Была тады, працуе і зараз.
А вось будынак былой медсанчасці. Зараз тут – мясцовая бальніца. Размаўляў з мясцовымі, медыцына ў іх бясплатная, толькі не такая, як у нас ва Украіне, а па-сапраўднаму бясплатная.
А гэтая горка за Домам афіцэраў была самым папулярным месцам для дзяцей зімой. Яе залівалі вадой і гэта быў мясцовы каток, па вечарах тут тусілі ўсе дзеці. І я ў тым ліку. Якая яна тады здавалася вялікая!!!
А тут была чайная са смачнейшымі піражкамі за 9 капеек.
У спартыўным гарадку насупраць былых казармаў займаліся салдаты, ды і мы песціліся.
А вось будынак былога камутатара.
Побач — апошняя з уцалелых казармаў. Яна таксама ў плане на разборку. Астатнія казармы знеслі так, што і цаглінкі не засталося.
А ў гэтых будынках былі два магазіны — харчовы і прамтаварны. У Прамтаварах я купляў кручкі для рыбалкі і гумку для авіямадэляў. Яна потым таксама для рыбалкі спатрэбілася — выдатная штука была. Цяпер тут бар. Вось тут да канца дня мы і завіснем…
Аднакласніцы накрылі нам вельмі добры стол і былі вельмі гасціннымі”. (Путешествие в Беларусь 21-27.07.2013 г. http://guardian.rybalka.com ).
З настальгіяй успамінаюць пра Бабровічы і былыя ваеннаслужачыя, што служылі тут у свой час.
Вось, як напрыклад, ужо вядомы вам Ушакоў Юрый Мікалаевіч, які зараз жыве ў Кіеве, у сваім аўтабіяграфічным апавяданні “Простае жыццё звычайнага савецкага лётчыка” (http://www.bvvaul.ru/forum/viewtopic.php?p) :
“Ажаніўся я ў 1978-м годзе. Незадоўга да выпуску на чацвёртым курсе пазнаёміўся ў Барысаглебску з дзяўчынай, якая мне вельмі спадабалася. Пасля выпуску год перапісваўся, а потым, будучы ў адпачынку, прыехаў у Барысаглебск і ажаніўся на ёй. З Барысаглебска ўжо з’ехалі разам, і з тых часоў больш не раставаліся. Выхавалі траіх дзяцей. Зрэшты, усё па парадку.
Ізноў прыбыўшых халастых лётчыкаў камандаванне пасяліла ў спецыяльна выдзеленай для гэтай мэты халасцяцкай кватэры, другая частка жыла ў інтэрнаце. Пасля вяселля я меркаваў вярнуцца ў полк адзін, а Ніну выклікаць да сябе пасля прадастаўлення камандаваннем якога-небудзь жылля. Але непасрэдна перад маім ад’ездам у Бабровічы маладая жонка катэгарычна заявіла: еду з табой! Вось я і прыбыў у полк па заканчэнні водпуску ўжо не адзін. Спачатку нам хлопцы вызвалілі пакой у халасцяцкай кватэры, а праз два дні мы знайшлі сабе жыллё: знялі пакой у бабкі Марыі ў бліжэйшай ад гарнізона вёсцы – у Бабровічах.
Быў канец сакавіка. Баба Марыя даўно жыла адна, домік у яе быў хліпенькі, вада з калодзежа, печ палілася дровамі, а паміж дошкамі ў падлозе зеўралі велізарныя шчыліны. У доме нават не было рукамыйніка (гаспадыня ўмывалася над тазікам), а туалет за адрынай быў збіты з пяці дошак.
З мэблі ў нас былі канапа-ложак і халадзільнік. Тэлевізара не было.
Але гэтыя чатыры месяцы, якія мы пражылі ў вёсцы, пакуль я не атрымаў кватэру ў гарнізоне, былі проста выдатныя! Кожны дзень пасля службы я, нават не затрымліваючыся на вячэру, стрымгалоў ляцеў дадому. І нам удваіх не было сумна. Мы гулялі па бліжэйшых палях і лясах, лавілі для кошкі карасікаў у маленькім стаўку за агародам, дрэсіравалі гаспадарскую дваровую сабаку, хадзілі ў гарнізон у кіно, сустракаліся з сябрамі, а па вечарах, лежачы ў ложку, слухалі, як за акном бабулькі, прыняўшы для весялосці самагоначкі, спявалі народныя беларускія песні. О-О-О, як яны спявалі!
Цяпер, калі ў мяне ёсць усё, я востра зайздрошчу тым часам, і канчаткова зразумеў, наколькі мы былі тады шчаслівыя! Нягледзячы на тое, што з матэрыяльных каштоўнасцяў у нас не было практычна нічога…
У жніўні мне далі кватэру. А 13-га лютага 1979 года ў нас нарадзіўся сын Сяргей (цяпер яму 28).
У гарнізоне жыццё працякала гэтак жа, як і ў сотнях іншых ваенных гарнізонаў Саюза. Да раённага цэнтра – 25 км, працы для жонак практычна няма, з малаком, мясам, маслам – перабоі, ды і яны адпускаліся па талонах, дзіцячага харчавання практычна наогул не было, медыцынскае абслугоўванне сем’яў агіднае. Гарачай вады, натуральна, не было. У кватэрах зімой холадна, бывалі перабоі са святлом, з газам. Каштавала немалых намаганняў, каб уладкаваць дзіця ў дзіцячы сад: для ўсіх месцаў не хапала.
На аэрадроме базіраваліся два палкі. Аэрадром гудзеў практычна кругласутачна. Роў самалётаў заглушаў гук тэлевізара, але дзеці ціхамірна спалі пад гэты грукат, а жонкі спакойна чакалі мужоў з палётаў. Ніна ніколі не клалася спаць, пакуль не дачакаецца мяне з палётаў, хай палёты заканчваліся нават у 3 гадзіны ночы. Але варта было ў разгар лётнай змены аэрадрому заціхнуць, як усе жонкі лётчыкаў у трывозе выбягалі з хаты, і спяшаліся ў бок штаба палка. Маўчанне аэрадрома часцей за ўсё азначала бяду… І нашы жонкі ведалі пра гэта не па чутках.
Вольны час па выхадных быў не асабліва разнастайным: валейбол, паходы ў лес за грыбамі, ягадамі, на шашлыкі, паездкі ў райцэнтр па крамах, кіно ў гарнізонным Доме афіцэраў, мастацкая сама-дзейнасць, па суботах танцы, па святах ўрачыстыя сходы, часам канцэрты заезджых артыстаў (калі дастанеш білет), часам арганізаваныя вечары адпачынку, часам калектыўныя выезды з сем’ямі на рыбалку.
Вось так, усё гэта было. І як я казаў, менавіта гэты перыяд нашага жыцця быў самым шчаслівым. Любімая прафесія, любімая жонка, цудоўная беларуская прырода, выдатны беларускі народ, упэўненасць у заўтрашнім дні, а самае галоўнае – маладосць!”
А вось што напісаў на https://www.forumavia.ru (АВИАЦИОННЫЙ ФОРУМ → БОБРОВИЧИ — ОТЗОВИТЕСЬ!) Андрэй Бунтоў:
“Я ў Бабрах (так называлі між сабой Бабровічы многія ваеннаслужачыя – І.Г.) праслужыў з 1982 па 1990 год. З вялізным задавальненнем успамінаю тыя гады службы і жыцця. Было цудоўна. Пачынаў у новым палку, а ў 1987-м полк расфарміравалі. Да 1990 года служыў у старым палку. Шмат таварышаў. Многія засталіся ў Бабровічах. Ведаю дакладна, што Саня Тукбаев, Коля Вольскі,Саня Кінякін засталіся там.
Прывітанне ім ад Бунтова Андрэя”.
А Машанцаў Георгій Юр’евіч на гэтым жа форуме піша:
“З 1976 па 1979 г. мой бацька быў намеснікам камандзіра палка ў Бабровічах (самалёты Су-7 розных мадыфікацый). Хто там даўно жыве, павінны яго памятаць. Сястра скончыла Бабровіцкую СШ у 1978 г. Сам я вучыўся ў гэтай жа школе і скончыў у ёй 8 класаў.
Выдатна памятаю завуча школы Талмачову, дырэктарам школы ў той час быў Булаўка,свайго класнага кіраўніка — выкладчыцу англійскай мовы Аду Андрэеўну.
Сам я цяпер ваенны пенсіянер, былы лётчык (лётаў на самалётах Л-29, Ту-134, Ту-22М3), пражываю ў г. Тамбове”.
А былы салдат тэрміновай службу Алег Паповіч тут жа ўспамінае:
“Служыў я ў Бабровічах пасля вучэбкі тэрміновую з чэрвеня 1989 па лістапад 1990 года ў в/ч 15496, у батальёне сувязі пад камандаваннем камандзіра батальёна падпалкоўніка Кабенка Алега Мікалаевіча.
Служыў я на тэлефоннай станцыі, што адразу за нашай казармай (3-я па ліку), лазіў усюды па гарнізону, рамантаваў тэлефонныя лініі.
Месцы там сапраўды прыгожыя, і людзі добрыя.
Успаміны засталіся самыя цёплыя, асабліва аб маім непасрэдным начальніку — старшым прапаршчыку Шчобаве Генадзю Міхайлавічу.
Дарэчы на odnoklassniki.ru ёсць цэлая група «Нашы Бабровічы», дзе ёсць шмат фатаграфій”.
І сапраўды, калі хто з былых бабравічан настальгуе па гэтым цудоўным куточку беларускай зямлі, можна зайсці ў гэтую групу на odnoklassniki.ru, і там знайсці сваіх баявых сяброў, знаёмых, азнаёміцца па фотаздымках з былым і сённяшнім Бабровіч.

Замест эпілога
Што чакае гэты адзін з буйнейшых населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна ў будучым?
Адзін з былых жыхароў Бабровіч напісаў на сваёй старонцы ў Інтэрнэце:
“На жаль, на сённяшні дзень можна сказаць з упэўненасцю, што на ваенным лёсе гарнізона можна паставіць кропку!..
Аэрадром разабраны!..
Пліты знятыя…
Асобны батальён аховы і абароны аэрадрома спыніў сваё існаванне…
Сам гарадок жыве ціхім санаторным жыццём…
Пошта… Аддзяленне ашчаднага банка… Лазня, крамы і бар — усе славутасці…
Ціха! Чыста і ўтульна па — хатняму…”
У нечым, канешне, аўтар правы. Але я не падзяляю яго агульнага песімізму. Да Бабровіч дарожнікі зараз ладуюць новую бетонную дарогу з Булавак, каб палепшыць пасажырскі рух з Калінкавіч. Сёлета на эканамічным інвестыцыйным форуме заявіўся інвестар, які выказаў жаданне ўзвесці ля Бабровіч дзве птушкафермы. Адну — колькасцю на 600 тыс. галоў, другую – недзе на 400 тыс. галоў.
Калі гэтыя праекты ажыццяўляцца, то будзе ў жыхароў былога ваеннага гарадка і праца, і развіццё.
Хачу адзначыць, што не надта ўжо гібее і вёска Бабровічы. Многія жыхары вуліцы Лясной і Калінкавіч выкупілі тут жыллё і пераабсталёўваюць яго пад дачы.
А гэта сведчанне таго, што паселішча жыве і далей збіраецца жыць, нягледзячы ні на якія дэмаграфічныя праблемы.
Іван Гарыст.
( Працяг будзе)

 

Please follow and like us:

Один комментарий для “БАБРОВІЧЫ

  • 18.09.2017 в 00:11
    Permalink

    Маленькие неточности
    На групповом фото подпись З-я авіяэскадрылля: (у верхнім радзе) Пратасаў, Расоха,…1988 год.
    На самом деле Расоха с 1983 был комеской в 1 АЭ, а Протасов в той же АЭ замполитом.
    В 1991г. Расоха в чине зам командира 953 бап погиб в ходе учений на полигоне Павурский.
    С уважением Леонид.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.