Аляксандра Лапушка: старэйшая жыхарка Казанска

снимок 053

Аляксандры Лапушка ў сакавіку споўнілася 99 гадоў. Пры сустрэчы адразу ж папярэджвае, што некалькі месяцаў назад часткова страціла слых, а таму запрашае сесці бліжэй. Спачатку пытанні задае сама: “Адкуль вы? Чаго да бабы старой завіталі? Каго яшчэ ў Казанску бачылі?” — усё ёй цікава, усё трэба ведаць, бо ў хаце, з якой амаль не выходзіць, сумна, маркотна. Хаця адна ніколі не застаецца: па чарзе наведваюць дочкі, на зіму ўвогуле забіраюць маці да сябе. Едзе заўсёды з вялікай неахвотай: далёка ад дому атакуюць балячкі, а ў роднай хаце ж, вядома, і дыхаць лягчэй, таму кожную вясну рвецца ў сваю вёску.
Аляксандра Дарафееўна падзяліла сваё жыццё на дзве часткі: нешчаслівае – гэта да 1946 года, пасля “ўжо добра было за добрым мужыком”.
— А як сватаўся Сяргей да мяне, я ж ісці не хацела, — успамінае яна. — Чаго? Баялася, што людзі асудзяць: мой першы мужык – Максім Кабзар – загінуў на фронце, а дачушка наша, Надзька, памерла ад тыфу ў Азарыцкім лагеры. Маці таксама забрала гэта хвароба. Ляжала і я ў тыфознай гарачцы, але ж неяк адратавалі-выхадзілі ў палявым шпіталі. Дадому вярнулася – Божа ж мой Божа, хата наша згарэла, уцалела адна сцяна. Тулялася па чужых людзях, пакуль з Сяргеем не пабраліся.
Сяргей Андрэевіч быў старэйшы за жонку на адзінаццаць гадоў. Жылі непадалёку, хлопцам ён часта дражніў задавастую і гаманкую Аляксандру Тозік. Дзяўчынка па слова ў кішэнь не лезла, ён папярэджваў: “Станеш маёй жонкай, спуску не дам”. Яна ў адказ: “Знайшоў дурніцу за дзеда замуж ісці”. Смешкі смешкамі, але ж лёсам ім наканавана было быць разам. Але ж пазней, значна пазней…
…А пакуль яны надоўга згубілі адзін аднаго з вачэй. Сяргей пасля арміі ў Казанск не вярнуўся, жыў і працаваў у Калінкавічах. Аляксандра тым часам запісалася з сусёдам, які быў закаханы ў яе са школы, нарадзіла дачку, бегала ў калгас.
У іх мірнае жыццё нечакана ўварвалася вайна. Многія мужчыны адправіліся добраахвотнікамі на фронт, у іх ліку – Сяргей. Праўда, біць ворага давялось нядоўга – чакаў яго лагер для ваеннапалонных недзе ў Польшчы. Дзве спробы ўцёкаў аказаліся няўдалымі, на трэці раз пашанцавала. Як дабраўся да сваіх – пра гэта жонка не ведае, але ўжо восенню 1943 года санітар 1031-га стралковага палка 280-й стралковай дывізіі 70-й арміі Цэнтральнага фронту быў адзначаны медалём “За адвагу”. На сайце “Подзвіг народа” чытаем: “Красноармеец Лопушко во время боя с 7 по 23 июля 1943 года, находясь в районе высоты 257 Троснянского района Курской области, оказал медицинскую помощь и вынес из-под огня противника 20 тяжело раненых бойцов и командиров с их личным оружием. Достоин медали “За отвагу”. І далей: “9-10 февраля 1944 года во время боевых действий за город Шепетовка Каменец-Подольской области вынес с поля боя 17 раненых бойцов с их личным оружием”. За гэты подзвіг Сяргей Андрэевіч атрымаў свой другі медаль “За адвагу”. А вось ордэнам Славы 3-й ступені яго ўзнагародзілі за наступны гераічны ўчынак: “19 апреля 1945 года в бою на плацдарме австрийской реки Штайр товарищ Лопушко умело организовал работу по оказанию помощи раненым. Под ураганным огнем противника, презирая опасность и смерть, спас шестерых тяжело раненых бойцов и оказал медицинскую помощь 12 лежачим краснооармейцам, после чего эвакуировал их в безопасное место».
На жаль, Аляксандра Дарафееўна не зберагла ўзнагарод мужа. Ды і ён ніколі не ставіўся да іх, як да нейкага багацця, любіў паўтараць: “Ваяваў не дзеля ўзнагарод, а дзеля мірнага жыцця і незалежнасці роднай зямлі”. Таму медалі і ордэн сталі цацкамі дзецям – чатыром дачушкам і сыну.
— Бацька ён быў харошы, дзяцей любіў і шкадаваў, — расказвае жанчына. – Я ж мінуткі пасядзець ім не давала. Устаём з Сяргеем раненька і іх буджу. Ён просіць: “Не чапай, хай шчэ паляжаць”. А я ў адказ: “Паны знайшліся”. У агарод іду – іх цягну, у лес, калгас – яны следам… Перападала і за вучобу. Помню, скардзіліся: “Мама, мы увесь час працуем, калі ж вучыць?” – “Ноччу, даражэнькія, ноччу”. Адным словам, не маці, а мачыха. Сёння бядую, што была такая ўрэдная, што цяпла і ласкі дзеці ад мяне не бачылі. У дачушак – яны добра мяне даглядаюць – часта прашу прабачэння. Дзякуй богу, злосці дзяўчаты не трымаюць, кажуць: “Мамачка, каб не тваё выхаванне, то ў дарослым жыцці нам было б цяжка”. Так-то яно так, але ж бацьку любілі больш, убіваліся вельмі, калі яго неспадзявана не стала.
Сяргей Андрэевіч памёр у 1983. Да гэтага года ён шмат чаго паспеў зрабіць: паставіў для сям’і вялікую прасторную хату, вывучыў дзяцей, выдаў замуж дачок, жаніў сына, дачакаўся ўнукаў. А вось праўнукі – іх ужо дзевяць – ведаюць дзядулю толькі па некалькіх фотапартрэтах, якія ўдалося захаваць.
У пасляваенныя гады ветэран працаваў дарожным майстрам, жонка – даяркай. У калгас і з калгаса Аляксандра Дарафееўна заўсёды спяшалася з песнямі. Па большасці, вясёлымі. А вечарам выкраівала хвілінку, каб збегаць на рэпетыцыю ў клуб: жанчына шмат гадоў з’яўлялася актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, аб’ездзіла з канцэртамі не толькі Калінкавіцкі раён, але і суседнія. Дзяцей і гаспадарку спакойна пакідала на мужа. Ведала: усе будуць дагледжаны. Суседкі за спіной пляткарылі: “Надоўга не хопіць Андрэевіча, яму трэба спакайнейшая жонка”. Але языкамі малолі дарма, жылі Лапушкі душа ў душу.
— Сяргей на мяне слова дрэннага ніколі не сказаў, не ўпікнуў, што ў клуб цягаюся, — успамінае Аляксандра Дарафееўна. – Дочкі, як гаворка заходзіць пра бацьку, дзіву даюцца: ваяваў, бачыў смерць, а быў такі добры. Як ён памёр, я доўга не спявала – не хацелася. А пасля сасніла свайго Сяргея, ён сварыўся: “Чаго маўчыш? Я сумую па тваіх спевах”. Я хутка выправілася. З таго часу з песняй прачынаюся і спаць кладуся: так жыць весялей.

Таццяна ЎЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.