Чарговая тысяча Анатолія Цімашэнкі

VLUU L100, M100  / Samsung L100, M100

VLUU L100, M100 / Samsung L100, M100

Прозвішча вадзіцеля АСП філіяла “Залатая Дуброва” Анатолія Цімашэнкі амаль штогод з’яўляецца на старонках нашай газеты. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: ён удзельнічае ў кожнай уборачнай і ўжо не ў першы раз лідзіруе на адвозцы зерня.
Вось і на мінулым тыдні Анатолій Мікалаевіч прымаў віншаванні і чарговую падзяку за тое, што адным з першых у раёне перавёз тысячу тон збожжа.
Вадзіцель крыху бянтэжыцца, калі яго ўрачыста віншуюць. Ён хоць ужо і вядомая персона, але да ўвагі і гучных слоў так і не прывык. Цікава, што свой працоўны вынік выключным не лічыць. Кажа: “Працую, як і ўсе, ад раніцы да позняга вечара”.
У сельскай гаспадарцы Анатолій Цімашэнка з 1976 года. Першы запіс у яго працоўнай кніжцы з’явіўся тады, калі ён васемнаццацігадовым юнаком прыйшоў у калгас імя Фрунзе ў самую гарачую для хлебаробаў пару. Быў памочнікам у свайго бацькі на “Коласе”. Тым летам яны сталі лідарамі жніва. А праз некалькі месяцаў юнака прызвалі ў армію.
Пасля службы ў войску Анатолій Цімашэнка ўжо не працаваў на камбайне: змяніў яго штурвал на баранку аўтамабіля. Вадзіў малакавоз, потым калгасны аўтобус, быў вадзіцелем службовага аўтамабіля. Пасля рэарганізацыі калгаса і яго далучэння да АСП “Залатая Дуброва” працягваў добрасумленна працаваць у гаспадарцы.
Восем гадоў таму вадзіцелю даверылі МАЗ-555142. На ім Анатолій Мікалаевіч удзельнічае ва ўсіх палявых работах, ажыццяўляе грузаперавозкі. Зараз вось шчыруе на адвозцы збожжа.
— Пабольш бы такіх работнікаў, як наш Мікалаевіч, — кажа інспектар па кадрах гаспадаркі Наталля Іванешка. – Гора б не ведалі, глядзіш, сталі б лепшай гаспадаркай раёна.
Падзячны ліст і Грамату абкама прафсаюзаў, а таксама падарункі за шчырую працу лепшаму вадзіцелю АСП філіяла “Залатая Дуброва” уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Сінькевіч.
Паліна СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.