Казловіцкая бібліятэка – у ліку лепшых у рэспубліцы

DSCN2522

25 год запар Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, дзякуючы якому выяўляюцца цікавыя формы работы, наватарскі падыход да бібліятэчнай справы, крэатыўныя ідэі і праекты. На днях стала вядома, што Дыплом І ступені і грашовая прэмія памерам 50 базавых велічынь у намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” прысуджана Казловіцкай сельскай бібліятэцы.
На суд журы бібліятэкар Тамара Манько прадставіла праект “Казловіцкая сельская бібліятэка — захавальніца гістарычнай і культурнай спадчыны малой радзімы”. Дарэчы, на абласным конкурсе “Бібліятэка, патрэбная грамадству” ён быў адзначаны Дыпломам ІІІ ступені.

DSCN2532
Тамара Міхайлаўна працуе ў бібліятэчнай сферы раёна 20 гадоў. Доўгі час збірала звесткі пра гісторыю і культурныя традыцыі вёскі: сустракалася са старажыламі, запісвала іх успаміны, звярталася да архіўных дакументаў. Калі матэрыялаў сабралася дастаткова, сумесна з Казловіцкім выканаўчым камітэтам распрацавала краязнаўчую праграму “Тут радзімы маёй пачатак”. У яе рамках адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў: свята вёскі “И нет в целом мире прекрасней…”, якое стала традыцыйным, дзень фальклору “У глыбі зямлі – нашых душ карані”, круглы стол “Слава загінуўшым і слава жывым”, урок-падарожжа “Прыродныя помнікі Калінкавіцкага раёна”, краязнаўчая гадзіна “Край бацькоў і дзядоў” і многія іншыя.
Затым Тамары Міхайлаўне прыйшла ідэя стварыць міні-музей “Этнахатка сялянскага побыту”. Пачаліся пошукі экспанатаў і памяшкання, да якіх падключыліся мясцовыя энтузіясты. Яны дапамаглі і з рамонтам. І ў канцы мінулага года этнахатка, у фондзе якой налічваецца звыш 300 экспанатаў, гасцінна расчыніла свае дзверы для першых наведвальнікаў. Сёння на базе міні-музея праходзяць краязнаўчыя ўрокі, этнаграфічныя гадзіны, экскурсіі, як для дзяцей, так і для дарослых.
Таццяна ЎЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)