Уборка збожжа ў гаспадарках Калінкавіцкага раёна набліжаецца да экватара

снимок 143

Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Табулін

Уборка збожжа ў гаспадарках раёна паступова набліжаецца да свайго экватара. Прынамсі, у СУП “Э/б Ліпава”, якое мы наведалі ў канцы мінулага тыдня, зерневыя былі ўбраны на 50% запланаванай да ўборкі плошчы.
Але нават такія тэмпы пакуль што нельга назваць высокімі. Збожжа сёлета ўрадзілася добрае, і абавязак хлебаробаў сабраць яго без страт. І ў аптымальны тэрмін. Бо калі ўлічыць, што яго вільготнасць у коласе 14-16%, то страты стануць рэальнасцю. Застаецца літаральна два тыдні на тое, каб убраць хлеб з палёў. Ды і надвор’е апошнім часам усталявалася ва ўсіх адносінах спрыяльнае.
Праўда, бываюць і сюрпрызы. Вось як у мінулую пятніцу, калі з самай раніцы раптам набеглі хмары і сыпануў спорны дождж. Прычым, захапіў увесь раён. Вымушаным перапынкам камбайнеры былі незадаволены. Для іх гэта ўсё роўна што падножка спартсмену, які набраў хуткасць.
Нягледзячы на дождж, камбайнеры прыкладна ў сем гадзін раніцы ўжо былі на мехдвары СУП “Э/б Ліпава”. Сярод іх і чатыры экіпажы, якія праходзяць у раённай зводцы як перадавікі ўборкі. Абмеркавалі сітуацыю, разважылі, і, не марнуючы часу, узяліся аглядаць камбайны. Дзе пачысціць трэба, дзе падкруціць, дзе нешта змазаць, даліць, замяніць… Гаспадарлівы механізатар загляне ва ўсе шчылінкі і праверыць усе агрэгаты. Затое ў полі не будзе мець клопату, а працаваць будзе з поўным даверам да тэхнікі.

снимок 078

Экіпаж у складзе Віктара Горбача і Сяргея Харлана

Першымі мы заўважылі экіпаж у складзе Віктара Горбача і Сяргея Харлана. З гаечнымі ключамі і спрынцоўкай яны завіхаліся каля свайго “Акраса”. Віктар Анатольевіч як старэйшы камбайнер падказвае маладому напарніку, дзе і што яшчэ трэба праверыць. Ён ужо пяты сезон па дагавору працуе на ўборцы збожжа ў гаспадарцы. А для Сяргея Харлана гэта першае жніво. Учарашні выпускнік аграрна-тэхнічнага ліцэя, ён атрымаў правы трактарыста-машыніста і прыйшоў на работу ў гаспадарку. Сам родам з вёскі Хамічы, так што працуе, лічы, дома. Цікавімся, ці не цяжка вось так, пад спякотным сонцам дзень у дзень на камбайне. Хлопец са сціплай усмешкай адказвае: “Прывыкаю”.
Упэўнены, такая загартоўка Сяргею не пашкодзіць – у бліжэйшы час ён чакае павестку з ваенкамата на сапраўдную вайсковую службу. А пакуль спасцігае сакрэты хлебаробскай працы. Таксама спатрэбіцца, асабліва ў тым выпадку, калі хлопец захоча звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай.

снимок 100

Віктар Брухацкі

А вось Віктара Брухацкага засталі побач з камбайнам аднаго: Аляксандра Байчурына, які сёлета працуе з ім у якасці памочніка, якраз у той дзень вызвалі ў ваенкамат. На момант нашай гутаркі экіпаж у складзе Віктара Брухацкага і Аляксандра Байчурына займаў дзясяты радок у раённым спаборніцтве сярод экіпажаў камбайнаў. Па словах Віктара Мікалаевіча, асаблівых праблем на жніве няма. Усё, як заўсёды. Галоўнае – каб тэхніка не падводзіла, то, магчыма, зноў у тысячнікі выйдуць.

снимок 087

Экіпаж у складзе Аляксандра Жука і Дзмітрыя Зайчанкі

Дарэчы, такую ж упэўненасць выказвалі і іншыя камбайнерскія экіпажы, і не толькі ў Ліпаве, але і ў другіх гаспадарках. Асабліва тыя, хто складае механізатарскі касцяк гаспадаркі і штогод дабіваецца высокіх паказчыкаў не толькі на ўборцы збожжа, але і на ворыве, і на сяўбе. Вось як камбайнерскі экіпаж у складзе Аляксандра Жука і Дзмітрыя Зайчанкі ў тым жа Ліпаве: чацвёрты сезон яны разам працуюць на ўборцы, і чацвёрты раз – у лідарах раённага спаборніцтва.

На пляцоўцы каля майстэрні рамантавалі камбайн Алег Брухацкі і Віктар Сапоненка (фота 3). Як і брат Віктар, Алег Мікалаевіч – ветэран уборачнай кампаніі. Сёлета на сваім КЗС-7 ён ужо ў дванаццаты раз удзельнічае ў жніве.
—Як атрымаў гэты камбайн, так на ім і працую, – гаворыць камбайнер. – Канешне, па прадукцыйнасці ён саступае “дванаццатцы”, але таксама прыносіць карысць. Думаю, пры добрым доглядзе яшчэ пабегае некалькі гадоў.
Віктар Сапоненка другі год запар працуе ў пары з Алегам Брухацкім. У мінулым годзе збожжа не ўрадзілася, і экіпаж не здолеў выйсці нават у прызёры раённага спаборніцтва. А ў бягучым годзе яны пакуль што пятыя – намалацілі звыш паўтары сотні тон збожжа.
Пакуль мы размаўлялі з хлебаробамі, пераходзячы ад аднаго камбайна да другога, сонца выбегла з-за хмар і пачало прыпякаць. Камбайнеры заспяшаліся – у любы момант можа быць каманда ехаць у поле. І сапраўды, неўзабаве прыехаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Табулін (фота 5), папярэдзіў, каб запраўлялі камбайны і былі на гатове. На наша пытанне пра ход уборачнай, адказвае:
—Як заўсёды. Ураджайнасць пакуль што 28 ц/га. Але гэта ў сярэднім, кожнае поле мае свае асаблівасці. Вільготнасць – ад 15% да 18%. Так што стараемся ўбіраць, не зніжаючы тэмпаў.
Па дзяржзаказу СУП “Э/б Ліпава” павінна здаць: жыта – 400 тон, пшаніцы – 150 тон, аўса – 100 тон. Гаспадарка ўжо здала 240 тон жыта на КХП у Калінкавічы і 45 тон аўса на КХП у Навабеліцу.
Дарэчы, і з нарыхтоўкай кармоў у гаспадарцы справы ідуць на цвёрдае “добра”. Прынамсі, з першым укосам тут нарыхтавалі 1267 тон сена і звыш 7480 тон сенажу. На сёння ў гаспадарцы на адну ўмоўную галаву налічваецца больш за 9 ц к.адз.
Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)