Кротаў — для кожнага з нас свой надзейны прычал

Свята сёскі Кротаў

“На Беларусі ёсць такая вёска, якую я люблю мацней за ўсё! Мне тут спакойна і мне тут прыемна, бо Кротаў – гэта сонейка маё!”

Менавіта з такіх слоў пачалося свята вёскі Кротаў, якая ўпершыню згадваецца ў “Вопісе Мазырскага замка 1552 года”. Прынамсі, на сёння гэта самае ранняе пісьмовае ўпамінанне населенага пункта.

З таго часу ляцелі гады, праходзілі стагоддзі… Што мы ведаем пра тых людзей, якія тут жылі і працавалі, ваявалі, нараджалі дзяцей і паміралі?.. Ва ўрочышчы Гарадзінка,  недалёка ад вёскі, было круглае балотнае гарадзішча. І мы пра гэта мала што ведаем. У 19 стагоддзі Кротаў належаў Навакоўскім. Вёска тады ўваходзіла ў Крукавіцкую воласць Рэчыцкага павета, у ёй было 66 двароў, у якім пражывала амаль пяцьсот чалавек. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак тых самых Навакоўскіх, дзе пражывала дзесяць чалавек. Тыя сяляне, якія былі больш заможнымі, вучылі сваіх дзяцей у царкоўна-прыходскай школцы, што была прыпісана да Капліцкай Георгіеўскай царквы. І толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў вёсцы адкрылася працоўная школа 1-й ступені, у якой за парты села больш за 60 сялянскіх дзяцей.

У 1921 годзе быў створаны Кротаўскі сельсавет.  Але праз тры гады ў выніку ўзбуйнення ён увайшоў у склад Капліцкага сельсавета. Калі ў 1920-х гадах пачалі ўзнікаць першыя сельскагаспадарчыя кааператыўныя таварыствы, у Кротаве было створана сельскагаспадарчае машыннае кааператыўнае таварыства “Згода” на чале са старшынёй Пятрусём Зайцавым. А ўжо 12 красавіка 1930 года ў вёсцы з’явіўся калгас “Чырвоны Кротаў”, арганізатарамі якога выступілі С. Тарчынскі, А. Лужкоў, М. Пазняк, Т. Цімашэнка і Г. Загелевіч. Шмат пазней, у верасні 1950 года, гэты калгас аб’яднаўся з капліцкім калгасам “Камінтэрн”. Яшчэ праз дзесяцігоддзе вёска ўвайшла ў склад саўгаса “Азарычы”, але ўжо праз год была ў складзе саўгаса “Каплічы”, які ў 1978 годзе стаў эксперыментальнай базай з падпарадкаваннем Рэспубліканскаму сортанасеннаму аб’яднанню Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Праўда, праз пяць гадоў эксбаза зноў стала саўгасам.

Ваявалі многія кратаўчане на франтах Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчаннай войн. Бабакі, Баранчукі, Брыжэўскія, Канашы, Лісевічы, Макушынскія, Нягрэі, Пазнякі, Рагаўцы, Стрэльчанкі, Цімохавы, Цімашэнкі, Шэўчыкі ляжаць у брацкіх магілах Расіі, Беларусі, Польшчы і Германіі. Былі ахвяры і сярод мірных жыхароў, расстраляныя фашыстамі ў 1942 годзе. У памяць ахвяр была аб’яўлена хвіліна маўчання.

Але якія б выпрабаванні не выпадалі на долю кратаўчан, яны дастойна прайшлі праз іх. Віншаваннем і найлепшымі пажаданнямі адкрыў свята старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук. Выступіла таксама намеснік старшыні райсавета ветэранаў Марыя Арцюшэнка.

Здаецца, шмат часу мінула з тых пор. Але жывуць яшчэ ў Кротаве людзі – равеснікі апісаных падзей. Усё сваё жыццё яны прысвяцілі вёсцы і працы ў мясцовай гаспадарцы. Найперш гэта Яўгенія Аляксандраўна Пазняк, Вольга Рыгораўна Цімашэнка і Марыя Іванаўна Канаш, узрост якіх перасягнуў 90 гадоў.

Ушанавалі на свяце і тых землякоў, якія за сваю працу былі ўзнагароджаны. Гэта Андрэй Іванавіч Пазняк, Васіль Яўгеньевіч Пазняк, Ніна Леанідаўна Корзун, Аляксей Іванавіч Цімохаў, Марыя Фёдараўна Брыжэўская, Яўгенія Рыгораўна Стрэльчанка.

Асобнай старонкай свята сталі віншаванні аднавяскоўцаў, якія многія гады пражылі разам. Вось ужо 55 гадоў разам па жыцці крочаць Васіль Мыртынавіч і Вольга Фёдараўна Цімашэнкі. Залатое вяселле адзначылі Аляксандр Іванавіч і Валянціна Сяргееўна Цімохавы і Васіль Яўгеньевіч і Алена Сцяпанаўна Пазнякі, сярэбранае – Аляксей Васільевіч і Валянціна Васільеўна Шэўчыкі. Дарэчы, апошнія прама на свяце вёскі абмяняліся сярэбранымі кольцамі.

Віншаванне і падарунак атрымаў таксама самы маленькі жыхар Кротава Вячаслаў Гарай, якому споўнілася толькі 10 месяцаў.

З 60-годдзем на свяце павіншавалі Галіну Максімаўну Шынкарчук, з 55-годдзем – Марыю Ільінічну Маркоўскую і Анатоля Аляксандравіча Генералава.

Сям’я – гэта шчасце, любоў і поспех для кожнага чалавека. Самыя шчырыя і цёплыя словы прагучалі ў адрас штмадзетных сямей Сяргея і Марыны Мартынавых, Мікалая і Наталлі Шашолка, Сяргея і Ніны Шаблінскіх.

Не забылі кротаўцы і пра сваіх землякоў, якія ў мірны час аказаліся на вайне. Свой інтэрнацыянальны доўг у Афганістане сумленна і дастойна выконвалі Ігар Гардзіенка і Ігар Смыкал. Словы падзякі прагучалі на свяце ў адрас іх бацькоў – Леаніда Яўгеньевіча і Лідзіі Кандрацьеўны і Рыгора Дзянісавіча і Надзеі Цімафееўны.

На свяце вёскі ў гонар сяльчан гучалі песні і вершы, былі падарункі і сувеніры. І была невымоўная радасць ад таго, што вось так, па-сямейнаму, сышліся і з’ехаліся ў родныя мясціны людзі розных узростаў, для якіх вёска Кротаў не пусты гук, а назаўсёды родны парог і надзейны прычал.

А падрыхтавала свята вёскі загадчык Навасёлкаўскай сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Раманішка. З роллю вядучых выдатна справіліся дзве Кацярыны – Бельская і Раманішка. Шчырую ўдзячнасць выказваем землякам – Аляксандры Макушынскай і Аляксандру Пазняку: дзякуючы першай на свяце ўвесь дзень працаваў выязны гандаль, а другі стаў сузаснавальнікам падарункаў. Наша шчырая падзяка удзельнікам мастацкай самадзейнасці Капліцкага цэнтра культуры і спорта і Крукавіцкага СДК.

Надзея Стрэльчанка па даручэнні жыхароў вёскі Кротаў.

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.