Вось так і жывём там, дзе продкі жылі

IMG_5266

У вёсках нашага раёна жыве шмат цікавых людзей, асабліва старажылаў. На першы погляд, здаюцца звычайнымі і кажуць: “А што пра мяне можна напісаць? Жыў, як і ўсе, працаваў, гараваў…” А як пачнуць расказваць – толькі паспявай запісваць!
Ёсць такія людзі і ў вёсцы Лукі. Адзін з іх – Віктар Клімчук, які ў кастрычніку адзначыць свой восемдзесят сёмы дзень нараджэння.
Віктар Ульянавіч 45 гадоў адпрацаваў у калгасе, быў адным з лепшых механізатараў гаспадаркі. Ёсць у яго і стужка “Лепшы трактарыст раёна”, якую перадавік атрымаў у 60-х гадах мінулага стагоддзя і захоўвае сёння, як сямейную каштоўнасць, напамін пра маладосць і працоўны час.
Большасць жыцця Віктара Клімчука прайшла ў Падлуках – вёсцы, дзе ён нарадзіўся, адкуль і пакрочыў у самастойнае жыццё. Пра гэты населены пункт ён можа расказваць доўга і цікава.
— Падлукі – трэцяя ці нават чацвёртая назва вёскі. Да яе былі іншыя — Банкова і Уюнішчы. Пасля вызвалення ад немцаў чырвонаармейцы назвалі іх Прылукамі. А ў 1955 годзе яны сталі Падлукамі.
У 19 стагоддзі землі, на якіх сёння знаходзіцца вёска, належалі шляхецкаму роду Горватаў. На ўскрайку сённяшніх Падлукаў сваю хату паставіў панскі ўпраўляючы Васіль. На жаль, яго прозвішча ніхто не памятае. Казалі, што землі ў яго былі вельмі ўрадлівымі, там ён вырошчваў гародніну і садавіну для патрэб Горватаў. А жыхары з усіх навакольных вёсак хадзілі да яго на заробкі, бо плаціў упраўляючы добра, грошай не шкадаваў, разлічваўся за працу кожны дзень. У Васіля быў прыгожы вялікі дом, копанка і сад. У тую копанку мы, хлапчукі, у дзяцінстве бегалі купацца. Ну а мы, Клімчукі, пераехалі сюды з Украіны. Было гэта ў пачатку мінулага стагоддзя. Заснавальнік майго роду – дзед, Малаха Клімчук. Усё жыццё ён марыў стаць незалежным гаспадаром, збіраў грошы на надзел зямлі. Аднойчы пачуў ад знаёмых, што Алена Кунцэвіч, жонка Антона Горвата, пасля яго смерці прадае частку сваіх зямель недзе ў Рэчыцкім павеце і пераязджае жыць да пляменніка Аляксандра. Паехаў тады дзед Малаха на беларускую зямлю, там пазнаёміўся з упраўляючым Васілём. Яму спадабаўся ціхі палескі куточак, і ў хуткім часе ён перавёз сюды ўсю сям’ю.
Дзед, а пасля і бацька, расказвалі, што за вочы ўпраўляючага называлі Банкірам, бо ён вельмі ўдала банкаваў панскай зямлёй. Адсюль і першая назва вёскі – Банкова.
Але ж Маласе Клімчуку не давялося доўга пажыць у Банкова, сённяшніх Падлуках. Ён не падтрымаў калектывізацыю, і разам з жонкай і малодшым сынам падаўся ў свет шукаць лепшай долі. З таго часу больш пра яго не чулі. Старэйшыя дзеці – дзве дачкі і сын Ульян – засталіся ў Банкове. У іх ужо былі свае сем’і.
— Бацька мой, Ульян Клімчук, ваяваў у Польшчы, прайшоў фінскую вайну, а вось з Вялікай Айчыннай не вярнуўся. Спачатку трапіў у палон у Бабруйску, адтуль яму пашанцавала вызваліцца. Амаль два гады быў дома, — працягвае Віктар Ульянавіч. — Немцаў за ўсю вайну ў вёсцы бачылі ўсяго некалькі разоў. Баяліся яны сунуць свой нос у нашыя балоцістыя мясціны. Добрай дарогі ў той час да Падлук не было. З боку Косетава трэба было ісці праз шматлікія канавы і балоты, з боку Лук – праз лес, а там — партызаны.
Савецкія салдаты вызвалілі вёску ў снежні 1943 года. Хутка Ульяна Малахавіча прызвалі на фронт. Ён паспеў даслаць дадому адно пісьмо, а потым прапаў без вестак недзе пад Асташкавічамі. Яго жонка засталася адна з дзесяццю дзецьмі. Віктар быў чацвёртым.
— Не ведаю, як яна падняла нас усіх, — дадае Віктар Ульянавіч. — Ніколі не чуў, каб маці скардзілася на сваю жаночую долю.
Пасля вызвалення пачалося аднаўленне гаспадаркі. На калгасных палетках працавалі ў асноўным жанчыны, дзеці і старыя, бо мужчын пакасілі нямецкія кулі.
Віктар Клімчук скончыў толькі тры класы. Потым яму было ўжо не да навукі. З трынаццаці гадоў працаваў у калгасе: касіў, пахаў, сеяў. У 1949 годзе вывучыўся за трактарыста і атрымаў свой першы керасінавы гусенічны трактар. Потым была армія. Там ён засвоіў спецыяльнасць шафёра. Пасля звальнення з войска год пакруціў руль ў калгасе імя Фрунзе, а потым зноў перасеў на трактар.
— Як перасеў, дык да самай пенсіі, — смяецца Віктар Ульянавіч. – І яшчэ пяць гадоў працаваў пасля яе.
— З дзяцінства захаваўся успамін: прыехаў бацька з поля зацемна – толькі зубы і вочы блішчаць, а сам увесь чорны, — з усмешкай дадае малодшая дачка ветэрана працы Святлана, якая прыехала адведаць бацькоў з Мінску, дапамагчы Віктару Ульянавічу даглядаць хворую маці. Святлана працуе ткачыхай на тэкстыльнай фабрыцы. — У бацькоў добры сацыяльны работнік Анатоль Чырык, клапоціцца пра іх, дапамагае па гаспадарцы. Але ж і самой, як кажуць, трэба дома бываць часцей, вось і прыязджаю, як атрымліваецца. Канешне, мая сястра Валянціна, што жыве ў Мазыры, наведвае маці з бацькам часцей, яна ўжо на пенсіі, але ж на асноўныя сельскагаспадарчыя работы – пасяўную і ўборачную, а таксама вялікія святы я заўсёды тут.
Жонка Віктара Клімчука, Лідзія Пракопаўна, усё жыццё шчыравала ў паляводчай брыгадзе калгаса. Яе Віктар Ульянавіч спаткаў тут, у Луках, — прыйшоў з хлопцамі гуляць у клуб. Пасля сціплага вяселля забраў да сябе ў Падлукі. А ў 1980 годзе, калі захварэла цешча, сям’я Клімчукоў перабралася ў Лукі.

IMG_5281
— Так і жывём у цесцевай хаце. Мясціны ціхія, прыгожыя, побач – копанка, ужо некалькі гадоў запар на яе прылятае белая чапля. Сёлета іх ужо дзве. Жыццё працягваецца…
І сапраўды, ад’язджаючы ад хаты Віктара Ульянавіча, мы пабачылі і копанку, і белую чаплю, якая, пачуўшы рокат машыны, узнялася над вадою і, зрабіўшы некалькі кругоў, схавалася ў высокай траве на другім беразе вадаёма.
Таццяна КАПІТАН.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.