У Калінкавічах пачалася масавая ўборка ўраджая

снимок 079

Блаславі, Божа, жыта зжаці і надвор’е добрае даці!

Менавіта так прымаўлялі ў даўнія часы нашы продкі перад тым, як прыступіць да ўборкі збожжа. Яны праводзілі абрад зажынак – свята ў гонар збору новага ўраджая.

Вось і ў гаспадарках нашага раёна перад пачаткам масавай уборкі правялі гэты абрад. Мы наведалі СВК “Дружба-Аўцюкі”, дзе на ўскрайку ячменнай нівы каля вёскі Вялікія Аўцюкі радком выстраіліся экіпажы хлебаробаў са сваімі камбайнамі, гатовыя да чарговай бітвы за ўраджай. І каб уборка прайшла на належным узроўні, без затрымак і страт, у аптымальны тэрмін у гаспадарцы вырашылі аддаць належнае даўняму звычаю.

снимок 122

Традыцыя святкаваць зажынкі дайшла да нас са старажытнасці. Дзень і час выбралі невыпадкова. Нашы продкі, якія шанавалі ўсе земляробчыя святы, праводзілі іх 21 ліпеня ў дзень Пракопа Жатвеніка (Пракопа Жняца). Лічылі, што “Пракоп летні – жней і жатвенік, жніво пачынае”. Яшчэ абавязковая ўмова для зажынак – дзень тыдня. Звычайна праводзілі іх у суботу, аўторак або чацвер. І паколькі сёлета дзень Пракопа Жатвеніка выпадае на пятніцу, зажынкі зладзілі напярэдадні.

Першы сноп у сям’і пад зажынкавыя песні зжынала маці – захавальніца роду (пры яе адсутнасці – старэйшая дачка). На зажынках у гаспадарцы гэта права аддалі Ганне Барысаўне Шынкарэнцы – старэйшай з вясковых ветэранаў працы. Разам з удзельніцамі мастацкай самадзейнасці Вялікааўцюкоўскага сельскага дома культуры яна выйшла на ніву. Як таго патрабуе звычай, Ганна Барысаўна сярпом нажала першы сноп, які называецца снапом раллі. У ранейшыя часы гэты сноп неслі дадому і ставілі ў куце хаты пад абразамі, дзе ён стаяў да канца малацьбы, а потым абмалочвалі асобна, зерне свяцілі ў царкве і мяшалі з насеннем на новы ўраджай.

снимок 152

Урачыста зажыначны сноп перадалі галоўнаму аграному Юрыю Пунтусу, а духмяны каравай – кіраўніку гаспадаркі Сяргею Даўгялу, а той, у сваю чаргу, перадаў каравай старэйшаму хлебаробу і нязменнаму перадавіку жніва Мікалаю Есьману. Удзельніцы мастацкай самадзейнасці ўручылі механізатарам кветкі і выканалі ў іх гонар некалькі святочных песень, пажадалі хлебаробам моцнага здароўя, добрага настрою, багатага ўмалоту і прыбытковай працы.

На зажынкі нашы продкі прыкмячалі: “Калі гэты дзень з цяплом ды са святлом –  прыбярэшся загадзя са жнівом, а калі будзе дажджлівым – хлеб у снапе прарасце”. На жаль, сёлета на вясну і лета ў хлебаробаў шмат нараканняў. Здаецца, вось-вось настануць сапраўдныя летнія дзянькі. Аднак лета ўжо перасягнула экватар, а ночы па-ранейшаму стаяць халодныя. І таму сяльчане спадзяюцца на сябе і на тэхніку. Каб яна працавала спраўна, і хлебаробаў не падводзілі ні яна, ні надвор’е, малітву на пачатак усякай добрай справы прачытаў настаяцель Сыродскага храма ў імя Свяшчэннапакутніка Алексія Лельчыцкага айцец Кірыл, акрапіў святой вадой зернеўборачныя камбайны і экіпажы.

снимок 171

Жніво падводзіць вынік усёй папярэдняй працы сялян. І ад таго, наколькі зладжанай будзе работа ўсяго працоўнага калектыва, залежыць канчатковы вынік уборкі. Як адзначыў на зажынках Сяргей Даўгяла, для паспяховага правядзення жніва ў гаспадарцы праведзены неабходныя падрыхтоўчыя работы, праца арганізавана так, каб на кожным участку не было ніякіх затрымак. Даючы наказ на старт уборачнай кампаніі, кіраўнік гаспадаркі заклікаў механізатараў памятаць, што ад іх цяперашняй добрасумленнай і якаснай работы залежыць працоўны працэс усяго сельгаскааператыва на бягучы год. Сяргей Даўгяла нагадаў, што ў цяперашнім жніве механізатарам давядзецца ўбраць збожжа на плошчы каля 2850 гектараў. Гэта прыкладна па 320 гектараў на камбайн. Ён пажадаў ім стараннасці і руплівасці ў пачэснай працы, а таксама спрыяльнага надвор’я.

Пасля ўрачыстага абрада загулі рухавікі камбайнаў. У наступныя два тыдні механізатараў раёна чакае самая напружаная пара – “Жніво-2017”. Пажадаем ім працоўных поспехаў і багатага ўраджаю!

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.