Сцежкамі Сяргея Палуяна

У дзяцінстве часта наведвала Крышычы разам з бацькам, які ў той час працаваў шафёрам у калгасе. Там нават жылі нашы сваякі – Міцуля Павел Мікалаевіч з жонкай Аксінняй, да якіх мы часта прыязджалі ў госці.
У Крышычах, асабліва ўлетку, дзед Павел частаваў мяне мядком і расказваў розныя гісторыі. Вось тады я ўпершыню і пачула пра Палуянаву лужу. Але што было мне тады да тае лужы? Гэта сёння я ведаю, што з вёскай звязана імя Сяргея Палуяна – беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і палымянага публіцыста.
Не памылюся, калі скажу, што для цяперашняга пакалення беларусаў ён даўно – светлая легенда беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя. Гэта быў чалавек, які выношваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, адраджэння нацыянальнай мовы, чалавек, які першым заўважыў незвычайны талент Максіма Багдановіча і, па сутнасці, даў яму пуцёўку ў літаратуру.
Сяргей Палуян сябраваў і падтрымліваў творчыя сувязі з Купалам і Коласам, Цішкам Гартным і Ядвігіным Ш., іншымі беларускімі пісьменнікамі “нашаніўскай” пары. Ён і сам быў аўтарам вершаў, п’ес, празаічных твораў, публіцыстычных артыкулаў, сярод якіх артыкул «Аб нацыянальнай школе ў Беларусі», рэцэнзія на кнігу «Другое чытанне для дзетак беларусаў» Якуба Коласа, апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа) і яшчэ каля двух дзясяткаў артыкулаў і рэцэнзій. Зборнік твораў Сяргея Палуяна пад назвай «Лісты ў будучыню» выйшаў толькі ў 1986 годзе.
На жаль, жыццё яго не было доўгім. Усяго дзевятнаццаць гадоў споўнілася Палуяну, як ён пайшоў з жыцця. Звычайна ў такім узросце ўсё і пачынаецца, чалавек толькі выходзіць на старт жыццёвай дарогі. Але… так вырашыў ён сам. У перадсмяротным лісце Сяргей перадаў прывітанне беларусам. Калі стала вядома пра яго смерць, Максім Багдановіч напісаў у «Нашай ніве»: «Якая любоў да роднай зямлі, да Беларусі таілася ў яго сэрцы, які шырокі шматбаковы талент загінуў з яго заўчаснай смерцю!..»
Пра ўсё гэта я даведалася многа пазней, ужо падчас вучобы ва ўніверсітэце. А потым стала цікава наведацца ў Крышычы, якія і мне асабіста неабыякавыя, і даведацца, а што ж там цяпер? І ці памятаюць там Палуяна?
Прыехала ў Крышычы – і не пазнала вёску. Гадоў пятнаццаць назад тут яшчэ кіпела жыццё. А цяпер навакольная прырода з кожным днём забірае сабе ўсё новыя прасторы. Міжволі прыгадала радкі, некалі напісаныя Палуянам пра Крышычы: «Парахня сыплецца са сцен, мох паўсыхаў на стрэхах. Гніе вёска ў гразі і брудзе, а хоча яшчэ аджыць на сонцы».
Так, час не стаіць на месцы. Даўно ўжо няма на гэтым свеце Паўла Мікалаевіча – дзеда Паўла. Ён бы мог шмат чаго расказаць… Адразу ўспомнілася, як ён вадзіў мяне ў садок па яблыкі. Але на ранейшым месцы няма больш тых дрэўцаў. І ад таго раптам стала цяжка на душы…

На вуліцы мне пашчасціла сустрэць Ніну Карнееўну Барысенка. Усё жыццё пражыла яна ў Крышычах. Пэўна ж шмат ведае. Але я для яе чалавек новы, незнаёмы. І толькі падчас гутаркі і бліжэйшага знаёмства (А хто ты? Чыя ты?) яе насцярожанасць паціху знікла. Ад яе і даведалася, што таго сада ўжо гады тры, як няма. Няма і былога фальварка Палуянаў, але на тым месцы ляжаць вялікія камяні. І Ніна Карнееўна праз двор правяла мяне на агарод, адкуль добра відаць Палуянаву лужу. Праз некалькі хвілін я ўжо была на месцы былой сядзібы.
Пра тое, што тут некалі быў фальварак, нагадваюць толькі камяні і невялікая сажалка, якая больш нагадвае балота. Вось адкуль мясцовая назва – Палуянава лужа!? Да мяне раптам даходзіць: менавіта тут і быў той самы сад, куды мяне вадзіў дзед Павел і дзе, магчыма, у свой час Сяргей Палуян зладзіў лялечны тэатр для сваіх малодшых братоў і сястрычак!

Працягваючы пошукі і азіраючы наваколле, пайшла ў супрацьлеглы бок вуліцы. Па дарозе сустрэла жанчын сталага веку, якія ў чаканні аўталаўкі нешта жыва і гучна абмяркоўвалі. Тут і пазнаёмілася з Любоўю Васільеўнай Барысенка.
Лайкі΄ – так называецца селішча, дзе і сёння жыве Любоў Васільеўна. Усё жыццё працавала яна настаўніцай у Крышыцкай школе, якую таксама ўжо даўно раскідалі, нават месца тое парасло хмызняком.
—За школай колісь была мельніца, якая належала пану Палуяну, – расказала яна.
Любоў Васільеўна аказалася адкрытым і гаваркім чалавекам, з выдатнай памяццю. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост (Любові Васільеўне споўнілася дзевяноста гадоў), трымаецца яна яшчэ даволі бадзёра. Яе бацькі яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя дапамагалі Епіфану Палуяну, бацьку Сяргея, па гаспадарцы.
—Пан браў на работу толькі тых, хто добра есць, – ці жартам, ці ўсур’ёз гаворыць яна. – Казалі, што Аляксандра Дзмітрыеўна, маці Сяргея Палуяна, славілася сваімі кулінарнымі здольнасцямі. У Епіфана Іванавіча быў добры, спраўны сельскагаспадарчы інвентар: плугі, бароны, касілкі, жняяркі, граблі… Пан сачыў за сваімі прыладамі, але і сваім суседзям даваў карыстацца, не шкадаваў. Рабіў ён гэта заўсёды бясплатна i безадмоўна. Таму мясцовыя сяляне добра адносіліся да яго, паважалі, у цяжкія моманты дапамагалі.
Любоў Васільеўна ажыўляецца, пачынае апісваць фальварак Палуянаў. Дом быў не вельмі вялікі, і Епіфан Іванавіч прыбудаваў трысцен, у якім размясціліся кухня, сталовая i два невялікія пакойчыкі – для свайго бацькі Івана Рыгоравіча i сына Сяргея.
Пакойчык Сяргея быў квадратны, у адно акно. У ім нічога лішняга: ложак, пісьмовы стол i невялікая этажэрка з кніжкамі. У кухні стаялі вялікая печ i пліта, на сцяне вісела шафка з дзверцамі. Пад акном сталовай расла бяроза павіслая, якая нагадвала сабой ніцую вярбу, а пад акном Сяргеевага пакоя – вішня. Страха над сталовай i пакойчыкам Сяргея была плоская, дзеці часта ўзбіраліся на яе i ладзілі там розныя забавы. У доме было многа розных вазонаў, а ў палісадніку раслі кветкі. Веранду з каляровым шклом абвіваў дзікі вінаград. Каля хаты быў сад, у якім раслі яблыні, многа груш i жоўтых сліў. За садам пачынаўся агарод, а далей – поплаў. На лузе блішчэла на сонцы невялікая сажалка, у якой вечна плавалі гусі.
На жаль, да цяперашняга часу не захавалася ніякіх фотаздымкаў сядзібы. Прадаўшы ў свой час дом і зямлю, Епіфан Іванавіч пераехаў жыць у Мазыр. У Вялікую Айчынную вайну вёска часткова згарэла, у тым ліку пацярпеў і фальварак.

Ужо ў самым канцы размовы Любоў Васільеўна ўспомніла, што ёсць у яе цікавая сямейная рэліквія – прадметы чайнага сервіза, якія яе бацька прынёс некалі з дома Палуяна. І неўзабаве вынесла з хаты малочніцу і заварнік. Прадметы ўразілі сваёй захаванасцю – малюнкі на фарфоры зусім не сцёрліся. Цяпер імі ніхто не карыстаецца, але сто гадоў назад яны стаялі на стале ў сям’і Палуянаў. У дадатак Любоў Васільеўна расказала, што былі яшчэ стул і стол, але яны, на жаль, не захаваліся.
З супярэчлівымі пачуццямі вярталася я з Крышычаў. Быццам бы і падарожжа ў дзяцінства зрабіла, а быццам і ў зусім іншым месцы пабыла. Адзіная карысць, што дзякуючы мясцовым жанчынам Ніне Карнееўне і Любові Васільеўне знайшла сцежку, якая вывела мяне ў часы і месцы Сяргея Палуяна – аднаго з выдатных і таленавітых сыноў Беларусі… Вельмі хочацца, каб тая сцежка не страцілася, стала шырокім шляхам у роднае мінулае, а Крышычы – адной са знакавых мясцін, куды будуць прыязджаць і праводзіць цікавыя мерапрыемствы маладыя беларускія літаратары. Напрыклад, на “Палуянаўскія чытанні”. Магчыма, тады памяць аб ім і аб вёсцы будзе жыць.
Любоў Стома.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.