Кожны дзень – у гаспадарчых клопатах

н3

Мікалай Цімашэнка хутка адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Рыхтуецца загадзя – адрамантаваў альтанку, вызваліў у двары месца для танцаў, бо святкаваць плануе з размахам: дзеці, унукі, сваякі абяцалі быць, суседзі, з якімі даўно сябруе, абавязкова зазірнуць.
Дзяцей у Мікалая Захаравіча пяцёра. Старэйшы Мікалай жыве ў Магадане, з-за чаго бачацца рэдка, а вось астатнія – Валянціна, Ігар, Алена і Наталля — аселі ў Мазыры і Калінкавічах, таму па чарзе на выхадныя ў родных Насавічах. Хлопцы следам за бацькам выбралі прафесію вадзіцеля.
— У мясцовым калгасе я працаваў амаль сорак гадоў. У маі 86-га вывозіў скаціну з вёсак, што апынуліся ў 20 кілометрах ад Чарнобыля, — успамінае Мікалай Захаравіч. – Страшна не было, бо ніхто і нічога не тлумачыў, а я чалавек такі: загад начальства ёсць – раблю. А вось людзей было шкада, асабліва старых: яны вельмі ўбіваліся за хатай, якую трэба было пакінуць, за кароўкай, якую трэба было здаць… Начаваў я ў тую камандзіроўку прама ў машыне, кармілі ж нас, вадзіцеляў, у Брагінскай сталоўцы. Да абеду давалі 100 грам гарэлкі або спірту. Вып’еш — і за руль. Мы здзіўляліся: з чаго такая распуста? Вядома, цікаваліся, а ў адказ чулі:“Прафілактыка”. Што за прафілактыка, ад чаго яна – ніхто не тлумачыў. Яшчэ здзіўлялі ваенныя, якія мылі хаты, вуліцы, машыны нейкай пенай.
За тую камандзіроўку Мікалай Захаравіч адзначаны медалём “Удзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”. Узнагароду дастае рэдка, бо не лічыць сябе героем.
— Выконваў свой грамадзянскі абавязак, любы нармальны мужчына на маім месцы зрабіў бы тое ж самае, — кажа ён. — Ды і, паўтаруся, страшна не было, пра аварыю, радыяцыю тады амаль нічога не гаварылі. Пазней мы ўжо даведаліся, што небяспечна было нават абмывацца вадой з забруджаных калодзежаў, не тое што піць. А мы ж пілі…
От, хопіць, не хачу больш пра Чарнобыль успамінаць, раскажу вам лепш пра бацьку Захара Акімавіча, ветэрана вайны. Ён з Саланіка быў родам, там і жонку знайшоў. Як на фронт забіралі, маці цяжарная засталася малодшым Хведзькай, а нас – пяцёра па лавах: Маня, Валодзя, Вольга, Зіна і я. Бацька ж вельмі бедаваў, як мы без яго застанемся, наказаў старэйшай Мані ісці ў балота з кароўкай – так мы збераглі нашу карміцельку, пасля на ёй яшчэ і аралі. Немцаў, маніць не буду, не памятаю, малы шчэ быў. Але ж назаўсёды ўрэзалася ў памяць, як плакала маці, калі хавала малую Вольку і калі Валодзю нашага забралі ў Германію.
Дарэчы, Валодзі, як і Захару Акімавічу пашчасціла вярнуцца дадому. Перш за ўсё бацька адправіў дзевяцігадовага Мікалая ў Насавіцкую школу: вучыліся па хатах, пісалі бурачным сокам на старых газетах і папяровых мяшках, адзін падручнік – на 20-30 вучняў. Аднак жа хлопец быў здольны, добра скончыў сем класаў. Яму б паступаць далей, але ж неяк не выйшла… Працаваў у калгасе “Пралетарый”, затым прызвалі ў армію.
Служыць давялося ў Казахстане і Грузіі.
— Во тады я — хлопец з глухой, беднай вёскі хаця пабачыў, як людзі жывуць, — расказвае Мікалай Захаравіч. – Нас жа немец і агнём нішчыў, і голадам марыў, і адзёжу апошнюю здымаў, хаты, калі і засталіся якія, то ў большасці развалюхі. Я ў школу ў лапцях ды валёнках бегаў, урокі вучыў пры свечцы. А там ужо была электрычнасць, дзяўчаты – у туфельках на абцасіках… Я вачам сваім не мог паверыць. Надумаўся нават застацца і, як адслужыў, уладкаваўся на працу ў калгас на станцыі Семіазёрная – гэта ўжо Чыцінская вобласць Расіі. А бацька тэлеграмы ўсё шле і шле – дадому заве. Папрасіўся я ў водпуск, каб родных адведаць. Ехаў на месяц, а аказалася – назаўсёды.
У Саланіку Мікалай сустрэў сваё шчасце – прыгажуню Яўгенію. Тая адразу папярэдзіла: “На чужыну не паеду”. Скарыўся хлопец: чаго не зробіш дзеля каханай? Хутка запісаліся, працавалі абое ў Насавіцкім калгасе імя Калініна: ён – шафёрам, яна – даяркай. Хату таксама вырашылі ставіць у Насавічах: усё ж вёска значна большая, школа акурат новая будавалася, хадзілі ў яе ўсе дзеці Цімашэнак.
— Не думаў, што пры мне яна і зачыніцца, — з сумам кажа Мікалай Захаравіч і тут жа дадае: — Не звяртайце ўвагі: стары стаў, скардзіцца палюбіў, усё не так і не гэтак. А па сутнасці, скардзіцца мне няма на што: здароўе не падводзіць, таму дзецям, унукам не замінаю. Хачу – тэлевізар гляджу, хачу – песні спяваю. Во нядаўна дровы мне прывезлі, ужо злажыў. Расада памідорная ў гэтым годзе ўдалая – на грады просіцца. Так што клопатаў – поўны рот.
Таццяна ЗУБЕЦ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.