«Каб мы не рабілі, то нічога б нашы дзеці-ўнукі не мелі…»

н2Вёска Саланік, якая ўваходзіць у склад Зеляноцкага сельсавета, была ўтворана напачатку мінулага стагоддзя перасяленцамі з суседніх населеных пунктаў. Так трапіў сюды і бацька 92-гадовай Вольгі Пунтус Даніла Апанасавіч, ураджэнец Насавіч. Заняў добры надзел зямлі, збудаваў хату, затым адным з першых уступіў у мясцовы калгас “Пралетарый”. Усё гэта адбывалася ў даваенныя гады, на якія прыйшоўся росквіт вёскі. На жаль, сёння яна вымірае, з-за чаго Вольга Данілаўна вельмі бядуе.
— У войну гарэлі, але ж пасля нанава пастроіліся. Багата мужыкоў не вярнулася з фронту, кожная другая баба стала ўдавой, але ж неяк магліся, выкручваліся. Моладзі, дзяцей хапала, таму і жыла вёска, — уздыхае яна. – А сення што? Палову хат закапалі, яшчэ палова пустуе. Усім тую цывілізацу падавай, а ў нас жа тут прырода, цішыня, паветра свежае. Я, напэўна, з-за іх так доўга па зямлі тупаю.
Да вайны Вольга Данілаўна скончыла тры класы Насавіцкай школы. Яшчэ і дзесяці гадоў не было, як пачала бегаць у калгасную брыгаду, дапамагаць маці. Бацька тым часам пайшоў працаваць на будоўлю. Далёка заехаў, у вёску Сянькова – гэта на Магілёўшчыне, там будаваўся торфазавод. Летам 1941-га трапіў на фронт. Больш жонка і трое дзяцей яго не бачылі, а ў 1945-м атрымалі паведамленне, у якім значылася, што Даніла Пунтус прапаў без вестак.
— Убівацца і плакаць маці не было як: спалілі фашысты нашу хату, нічагусенькі ад яе не засталося. Лішняй трапкі, посцілкі не мелі, каб на што легчы ды чым накрыцца, — расказвае Вольга Данілаўна. – Некалькі месяцаў туляліся па родзічах. Тады зляпалі курэнь – маленькі-маленькі, з адным вакенцам – і, пакуль я замуж не пайшла, учатырох у ім таўкліся.
Адразу ж пасля вызвалення Саланіка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў жыхары дружна ўзяліся за аднаўленне калгаса. Шчыра, добра працавала Вольга Данілаўна: калі трэба, і ў плуг ўпрагалася, і касіла, і хлеб малаціла.
— Так натамлюся бывала, што ледзьве ногі цягну. А дзеўкі прыдумаюць вячоркі і ідзеш, бо хочацца на людзях пабыць, пажартаваць, паспяваць, з хлопцам якім пагаварыць – замуж жа маці выпраўляе, пара прыспела. Спадабалася я Рыгору свайму, стаў праводзіць. Я спачатку смяялася: знайшоўся мне жаніх — на пяць гадоў маладзейшы, — усміхаецца бабуля. – Тады прыгледзелася – нядрэнны, тут яшчэ маці шэпча: “Не дуры, дзеўка, будзеш носам вадзіць, другія схопяць, а ты адна застанешся”. Хлопцаў жа, мужчын у вёсцы тады было мала, вайна іх добра выкасіла.
Сышліся ў 1948 годзе. Хутка дзеці пайшлі – Ганна, Дзмітрый, Іван, Андрэй, Пётр. Падымаць іх дапамагала маці Вольгі. Яны ж тым часам прападалі або ў калгасе, або на ўласнай будоўлі – хату ставілі, каб аддзяліцца ад Рыгоравай радні.
— Мы з мужыком (я яго пахавала чатыры гады назад) дурныя былі да работы. Зараз разумею, што не трэба было так гараваць, з дзецьмі лепей бы лішнію хвіліну пасядзелі, пагаварылі. А то – устаём, яны яшчэ спяць, тое самае і вечарам – пакуль з гаспадаркай управімся – ноч прыспела. Але скардзіцца не буду, выраслі дзеткі харошымі людзьмі, унукаў маю дзесяць, праўнукаў пяцёра. Бываюць нячаста, затое тэлефануюць кожны дзень. Са мной жыве малодшы сын, даглядае, есці варыць, нічога не дазваляе рабіць, а рукі ж свярбяць. Я, як ён не бачыць, пайду і ў агародзе яшчэ пакорпаюся, травіну якую вырву – яму ж усё лягчэй, — расказвае Вольга Данілаўна і тут жа, успомніўшы нешта важнае, кліча: – Пеця, Пеця, пакажы гасцям мае граматы і медалі, каб не думалі, што пра работу збрахала.
Пётр Рыгоравіч прыносіць узнагароды. Сярод іх — медалі “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” і “Ветэран труда”. Першую атрымалі ў вёсцы пяцёра чалавек. Уручаў старшыня Зеляноцкага сельсавета Фёдар Салук.
— Каго яшчэ ўзнагародзілі? Дай бог памяці, здаецца, Алену Алісейка, Васіля Варажуна, Сідара Пунтуса. А хто ж пяты быў? От, ужо і не прыгадаю, — гаворыць бабуля. – Але што тыя імёны? Мы ўсе старанна працавалі, кожнаму жыхару Саланіка ў пасляваенныя гады смела можна было медаль вешаць. Сёння ўжо так не робяць. А каб мы не рабілі, то нічога б нашы дзеці-ўнукі не мелі.

н1

Таццяна Зубец.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.