Гарохаў – Чэхі

Вёска Гарохаў у Калінкавіцкім раёне мае пэўную адметнасць між іншых населеных пунктаў. Справа ў тым, што яе заснавальнікамі былі не беларусы -палешукі, а ўраджэнцы Прагі — чэхі. А здарылася гэтаў мінулым стагоддзі. Нажаль, дакументальнага падцверджання канкрэтнай даты перасялення пражскіх ткачоў на палескую зямлю знайсці пакуль не ўдалося, але, як лічаць старажылы — гарохаўцы, продкі іх пераехалі на Беларусь дзесьці ў 1850-1864 годзе. Час гэты быў няпростым для тадышняй Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі, народы якой цярпелі страшэнны ўціск з боку правіцеляў дынастыі Габсбургаў, якія вызначаліся сваёй асаблівай жорсткасцю ў адносінах да славянскага насельніцтва. Больш таго, у гэты ж перыяд у Чэхіі ідзе актыўнае зараджэнне рэвалюцыйнага руху за нацыянальнае вызваленне краіны. Адным словам, час для простага працоўнага люду ў Чэхіі быў неспакойны і, відаць, таму многія чэшскія сем’і ў пошуках лепшай долі пакідаюць сталіцу адной з высоразвітых ужо ў той час еўрапейскіх краін і едуць на Беларусь.

Наша вандроўка ў Гарохава завяршылася сустрэчай з цікавымі людзьмі, якім давялося шмат пабачыць і перажыць на сваім вяку. Суправаджаў нас і знаёміў з нашчадкамі заснавальнікаў вёскі жыхар Калінкавіч, ураджэнец Гарохава, ветэран вайны і працы Макушынскі Сцяпан Лявонцьевіч.

Першая сустрэча была з яго родным дзядзькам Макушынскім Нічыпарам Рыгоравічам, 1916 г. н.

Вось што ён паведаў нам цікавага пра сваіх продкаў.

— 3 Прагі на Беларусь выехала 12 сем’яў. Усе яны былі ткачамі. Да Гарохава даехала 8 сем’яў: Смыкалы, Трэцеўскія, Андрачыкі, Апаначыкі, Ленічка , Загарэі, Некрашы і Суботка. Сям’я Карліка спынілася ў Воўчай Гары, ля Рэчыцы, адна сям’я — у Юравічах, адна — у Дудзічах, адна-яшчэ дзесьці.

Землі, на якіх зараз стаіць Гарохаў, у той час былі дзяржаўнымі і, калі прыбыўшыя з Прагі ткачы ўпершыню ўбачылі, які гарчак (пустазелле) расце на гэтых пясках, яны нічога не цяміўшыя ў земляробстве, вырашылі, што такой жа буйнай на гэтых палях будзе каласіцца і пшаніца.

Вырашана — зроблена Пачалі будаўніцтва.

У хуткім часе перасяленцам было прапанавана прыняць расійскае падданства. Усе зрабілі гэта, а вось мой дзядзька Віт, які пайшоў у прымы ў Бабровічы, адмовіўся. Яго за гэта кудысьці саслалі і ён з таго часу прапаў бясследна.

Затым Нічыпар Рыгоравіч распавёў пра сваю сям’ю. На жаль, ён не памятае як звалі яго дзядоў і бабуль. А вось астатняе ведае добра.

— Бацька мой, Макушынскі Рыгор, нарадзіўся дзесьці ў 1875-80г. г. у Кротаве. Памёр ва ўзросце 45 гадоў.

Дзед па бацькоўскай лініі быў палякам. 25 гадоў адслужыў у арміі. Пасля вяртання з яе пасяліўся ў Шыічах, дзе яму далі надзел зямлі. Якраз у тым месцы, дзе стаяла старая школа. Бабуля па бацькоўскай лініі была чэшкай. У сям’і бацькі нас было 9 дзяцей: Нікадзім, 1898 г.н., Фядот, 1900 г.н. , Лявон , 1902 г.н., Ігнат, 1904 г,н.,Варвара, 1906 г.н., Кацярына, 1908 г.н., Еўдакія, 1910 г.н., Ніна, 1913 г. н. і я — Нічыпар, 1916 г.н.

3 усіх дзяцей на сёння ў жывых засталіся мы двое: я ды Ніна. Абодва жывём у Гарохаве. Я — адзін і сястра — адна. Муж яе загінуў на фронце, дачка жыве ў Калінкавічах.

Брат Нікадзім загінуў у час аблавы ў лесе ў вайну, забілі немцы. Фядот памёр да вайны. Лявон – франтавік, тройчы атрымлівалі на яго пахаронкі, а ён вярнуўся жывы. Ігнат таксама памёр да вайны.

Я ж 32 гады прарабіў на ферме пастухом, даглядчыкам.

Жыццё чэхаў на Беларусі мала чым адрознівалася ад жыцця іх суседзяў — беларусаў. У хуткім часе яны навучыліся расціць хлеб і земляробнічаць. Не забылі і сваёй ткацкай прафесіі. А яшчэ служылі мясцовым панам: шыіцкаму, капліцкаму, дудзіцкаму і даманавіцкаму.

Праўда было і адрозненне паміж чэхамі і беларусамі. Ну гаворкай, гэта зразумела. А яшчэ традыцыямі, чысцінёй і працавітасцю. Су-седзі — беларусы нават зрэдку за гэта клікалі іх яўрэямі, але было гэта без злосці, а з добрай зайздрасцю.

Чэхі былі вельмі законапаслухмянымі людзьмі, а яшчэ вельмі веруючымі, спавядалі праваслаўную веру. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Сухавічах была царква. Дык у нядзелюі ў святочныя дні ўсе гарохаўцы ішлі сем’ямі на малебен у царкву. А як прыгожа святкавалі свае традыцыйныя святы: Вялікдзень, Пакрову і Ушэсце?

Напрыклад, на Вялікдзень, у першы яе дзень, пасля вяртання з царквы — да абеду спалі, адпачывалі. Пасля абеду ўсе выходзілі на вуліцу і пачыналі хрыстосавацца . Назаўтра да ўсходу сонца мужчыны і хлопцы ішлі да дзяўчат і жанчын па свайму ўзросту і стараліся падняць іх з ложка яшчэ ў споднім. Пры гэтым бралі дубцы і сцябалі жанчын імі. Маці тым часам адкупляліся ад «гасцей» гарэлкай і закускамі. На трэці дзень, наадварот, дзяўчаты і жанчыны атакавалі мужыкоў. Пасля абеду ўсё сабранае пітво і ежу зносілі ў адну раней дамоўленую хату і пачыналася вяселле: гучалі музыка і песні, людзі радаваліся святу. Аднак пры гэтым ніколі не было п’яных і хуліганаў. Сярод гарохаўцаў увогуле п’янства і лайдацтва лічылася ганьбаю. Яны былі працавітымі і заможнымі гаспадарамі.

Да Вялікай Айчыннай вайны амаль усе яны жаніліся толькі між сваіх, не браўшы нікога з боку. Праўда, было некалькі выключэнняў, але ўжо пасля вайны ўсё перамяшалася, маладыя параз’ехаліся па белу свету, аселі ў розных гарадах і месцах Савецкага Саюза. Ды і ў пашпартнай графе «нацыянальнасць» пісалі не «чэх», а «беларус».

Кастрычніцкую рэвалюцыю ў 1917 годзе гарохаўцы сустрэлі з вялікім задавальненнем. Вось што ўспамінае сённяшняя 83-гадовая жыхарка Гарохава Рудзеня Марыя Вячаславаўна (Смыкал — у дзявоцтве):

— Да рэвалюцыі мы жылі ў маленькіх хатках, з маленькімі акенцамі, такімі нізкімі, што ваўкі з лесу ў іх заглядвалі.Чаму не рабілі большых? А трэба было плаціць падатак. Акно вялікае – плаці, труба пячная высокая — плаці. I так за ўсё. А калі Мікалайчыка скінулі ( цара Мікалая ІІ), стала добра, наступіла свабода. Дамы пачалі будаваць высокія, прыгожыя.

Марыю Вячаславаўну падтрымала аднавяскоўка Некраш Вольга Іванаўна, 1918 г.н.( у дзявоцтве Старынская).

— У бацькі майго было 14 дзяцей, я дзевятая ў сям’і. Жылі добра, усе выраслі, пагадаваліся. Бабулю маю (маміну маму) звалі Фраленціна, бацькаву маму – Мар’яна. Бацьку звалі Гондза па-чэшску, а тут Іванам.

Маму звалі Яўгеня, а тут Яўгенняй.У бацькі нас было 8 дочак і ўсе выйшлі замуж за мясцовых гарохаўцаў, толькі Лена -выйшла замуж у Рудню Гарбавіцкую.

Да Вялікай Айчыннай вайны нашу вёску ўсе называлі Чэхі.

Старажылам вёскі на сёння з’яў-ляецца 93-гадовая Суботка Палагея Лукінічна. У сям’і яе бацькі было 11 дзяцей, з іх 5 сыноў. Многія з дзяцей памерлі малымі, сыны засталіся. Палагея Лукінічна ўспамінае:

— Я была яшчэ пацанкай, а браты былі ўжо на мікалаеўскай вайне ( маецца на ўвазе- 1-я імперыялістычная). Два браты вярнуліся з яе, а адзін загінуў. Адзін брат быў у палоне ў немцаў.

Муж мой, Павел Суботка, таксама загінуў на фронце, але ўжо ў Вялікую Айчынную вайну. Мы з ім нарадзілі 5 дзяцей. Засталася толькі дачка, жыве ў Гомелі.

Любяць старажылы з Гарохава ўспамінаць пра арганізацыю ў 1930 годзе ў іх вёсцы калгаса «Чырвоны пралетарый”. Старшынёй яго быў чэх Старынскі Міхаіл Іосіфавіч. Маці яго была вельмі адукаванай жанчынай, працавала служанкай у пана.

Напрыклад, Макушынскі Нічпар Рыгоравіч успамінае:

— Гарохаўскі калгас быў тады лепшым у раёне.Гарохава да вайны уваходзіла ў склад Даманавіцкага раёна.

Сена гарохаўцы самі для сябе не касілі, атрымлівалі з калгаса. Бульбу таксама завозілі з калгаса гатовую кашамі. Адным словам, багата жылі. Але і працавалі з цёмнага дацёмнага. Памятаю, тады ў газеце друкавалі адстаючыя калгасы, дык на карыкатуры было так, адзін калгас паўзе на чарапасе, другі прыгае на лягушцы, а наш дык ляціць на самалёце. Ці яшчэ вось. На кастрычніцкія святы ці на 1 Мая з усіх вёсак сабіраліся ў Сухавічах на брацкія могілкі. Калі ўсе сыходзіліся ў Шыічах ля сельсавета, дык нашых калгаснікаў прапускапі наперад, перад імі наш старшыня калгаса на прыгажуне — жарабцы, а за намі — калонай усе астатнія калгасы па чарзе. Да самай вайны мы былі ў перадавіках. У гарохаўскім калгасе людзям не толькі збожжа і іншыя прадукты выдавалі, але ігрошы налічвалі.

Угады Вялікай Айчыннай вайны, як дарэчы і ў першую Імперыялістычную, гарохаўцы мужна змагаліся з нямецкімі захопнікамі, многія з іх злажылі свае галовы на франтах і ў партызанскіх атрадах, змагаючыся за незалежнасць сваёй Радзімы. Адзін з іх, капітан Смыкал Уладзімір Вячаслававіч быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але мужны воін так і не атрымаў высокай узнагароды, загінуўшы ў час вызвалення Польшчы.

На сёння ў Гарохаве пражывае ўсяго 15 сем’яў з карэнных жыхароў вёскі.У асноўнай частцы гэта адзінокія састарэлыя людзі. Толькі сям’я Смыкала Васіля Уладзіміравіча, жывёлавода аграфірмы «Ненач», мае дзіця школьнага ўзросту. Астатняя моладзь даўно параз’ехалася па гарадах СНД і хіба толькі зрэдку ўспамінаюць пра сваю гістарычную радзіму — Чэхію, бо так нікому з іх і не ўдалося ўстанавіць сувязь са сваімі чэшскімі продкамі, ды і беларуская вёсачка Гарохаў стала для іх кроўнай радзімай, а яны беларусамі.

Хаця не-не ды і зараз суседзі з навакольных вёсак на пытанне: «Куды ідзеш?»- замест: «У Гарохаў» гавораць:”У Чэхі”.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.