Каплічы

Выйду за ваколіцу
Ўкветкавую раніцу-
Васількамі сінімі
Жыта расцвіло.
Каплічы,
Каплічы —
Незабыўнай ласкаю,
Ты, радзіма мілая —
Роднае сяло.
Годы векапомныя —
Болем сэрца поўніцца.
Колькі тут загінула,
Колькі не прыйшло?
Са слязінай матчынай
Памінаюць Каплічы
Назаўжды пакінуўшых
Роднае сяло.
Я вярнуўся ў Каплічы
Ухаціну матчыну,
Не пазнаць ваколіцы
Столькі год прайшло.
Назаўжды адзіная
Любая Радзіма,
Дарагія Каплічы —
Роднае сяло.
Неба сінь празрыстая
I крыніца чыстая —
Дарагія Каплічы,
Роднае сяло…
Міхась Грушко.

Карані ў XVI  стагоддзі

Каплічанам, на маю думку, пашанцавала на многіх людзей, якія прыязджалі сюды па накіраванні на працу. Некаторыя з іх, адпрацаваўшы пэўны тэрмін, ад’язджалі на новае месца работы і жыхарства, іншыя засталіся ў вёсцы, пусцілі тут свае карані, назаўсёды звязалі свой лёс з вёскай, якая стала для іх і іх дзяцей роднай. Таму і гісторыю станаўлення і развицця Капліч мы паспрабуем разгледзець цераз прызму іх светаўспрымання і добрых спраў, пакінутых пасля сябе.

Пачнем з гісторыі ўтварэння вёскі. У 1975 годзе ў Каплічы намеснікам дырэктара школы па навучальнай рабоце была накіравана Гарыст Тамара Іванаўна, ураджэнка вёскі Ладыжын нашага раёна, якая паспела ўжо дагэтуль панастаўнічаць у Магілёскай вобласці. Тут яна сустрэла сваю другую палавіну і ў 1976 годзе стварыла сям’ю, нарадзіла двух сыноў і ўсё жыццё аддала Каплічам і выхаванню падрастаючага пакалення. Гэта менавіта яна ўпершыню ўзялася за пошук гістарычных каранёў вёскі і з цягам часу стварыла пэўны летапіс гісторыі Капліч. Прапануем вашай увазе вынік яе даследаванняў:

«Сёння пакуль цяжка сказаць, калі дакладна зрабіла свой першы крок у гісторыі вёска Каплічы. У 1825 годзе ў цэнтры вёскі, на так званым Пасёлку, знайшлі каменную сякеру, якая, як і многія іншыя археалагічныя знаходкі ў нашым раёне, сведчыць аб тым, што яшчэ першабытныя людзі аблюбавалі Беларускае Палессе для месца свайго пражывання. А мясціны тут былі знатныя: бары ды балоты, азёры ды рэкі, дзічына ды птушка, рыба і пчолы, грыбы і ягады, адным словам, як калісьці пісаў у сваім нарысе «Зямля пад белымі крыламі» Уладзімір Караткевіч: «Не зямля, а рай…»

Дакладна зараз вядома наступнае: першы летапісны ўспамін аб Каплічах адносіцца да 16 стагоддзя. Вёска ў той час знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці і ўваходзіла ў склад Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У летапісных крыніцах 1834 года размова ўжо ідзе аб вёсках Вялікія Каплічы, якая налічвала 36 двароў, і Малыя Каплічы, у якіх было 20 двароў. Яны абедзьве з’яўляліся ўласнасцю паноў Навакоўскіх і адміністрацыйна падпарадкоўваліся Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.

У працах «Мінскага губернскага статыстычнага камітэта» (1870г.) адзначана, што Каплічы з’яўляюцца ўласнасцю сялян. А ўжо з 1875 года па раздзельнаму акту вёска пераходзіць у спадчыннае валоданне Фадзея Навакоўскага, які меў тут 1980 дзесяцін зямлі, (больш за 2163 га) сукнавальню, вадзяны млын, шынок і вінакурны завод, пабудаваны яшчэ ў 1842 годзе.

Прыкладна да гэтага часу адносіцца і ўтварэнне вёскі пескі, якая падчас падзелу зямлі між братамі Навакоўскімі налічвала сем сялянскіх двароў.

У 1885 годзе ў Каплічах пражывала 296 жыхароў. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года — ужо 362. Была ў вёсцы і царква, а ў 1898 годзе адкрылася школа, для якой у 1899 годзе было пабудавана ўласнае памяшканне.

У 1908 годзе ў вёсцы налічвалася 134 двары, у якіх пражывала 468 жыхароў.

У час сталыпінскай рэформы каплічан пачалі рассяляць на хутары. У 1913-1914 гадах у вёсцы па гэтай прычыне адбыліся хваляванні з-за незадаволенасці каморніцкімі работамі. Сяляне былі незадаволены выдзеленымі ім зямельнымі ўчасткамі на вотрубах. Аднак улады прымусілі ўсё ж значную частку людзей перасяліцца на хутары, вяртанне з якіх у вёску працягвалася аж да 1940 года.

3 20.08.1924 года Каплічы сталі цэнтрам Капліцкага сельскага Савета.

У 1966 годзе вёска Пескі ўлілася ў склад Капліч, Вялікія і Малыя Каплічы аб’ядналіся яшчэ ў XIX стагоддзі. 3 гэтага часу Каплічы пад сваёй назвай аб’ядналі тры вёскі.»

Усевалад Краўчанка

У 1915 годзе ў Капліцкую школу прыслалі настаўніка Ігната Краўчанку, які працаваў тут да 1925 года, а затым пераехаў у Нароўлю. А 14 кастрычніка 1915 года, на Пакроў дзень, у яго сям’і нарадзіўся сынок, якога назвалі Усеваладам — будучы беларускі савецкі пісьменнік.

Першае апавяданне Усевалада «Панас і Карасік» было надрукавана ў 1933 годзе ў часопісе «Чырвоная Беларусь». У гэтым жа годзе ён закончыў рабфак, пачаў працаваць у раённай газеце «Калгаснік Мазыршчыны». 3 1933 па 1937 год завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А з 1935 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Мазыры ў абласной газеце «Бальшавік Палесся». У гады вайны супрацоўнічаў з армейскай газетай «Боевое знамя» і газетай «Савецкая Беларусь». Пасля вайны Краўчанка некалькі гадоў працаваў у рэдакцыях літаратурных выданняў на розных службовых пасадах. У 1953 годзе ўзначаліў часопіс «Бярозка», у якім прарабіў рэдактарам да апошніх дзён свайго жыцця.

Першым буйным творам пісьменніка, які ўбачыў свет, з’яўляецца прыгодніцкая аповесць «Таямніца аднае вішні», якая была выдадзена ў 1935 го­дзе. У даваенныя гады з друку выйшлі два зборнікі апавяданняў: «На крутым павароце» (1937г.) і «Калгаоныя навэлы» (1940г.). Гэтыя творы былі прысвечаны жыццю калгаснай вёскі, пераўтварэнню прыроды на Палессі.

Работы ваенных гадоў увайшлі ў кнігу «Зямля гудзе», якая выйшла ў 1945 годзе.

Усевалад Ігнатавіч адным з першых у беларускай пасляваеннай літаратуры звярнуўся да тэмы мірнай стваральнай працы савецкага народа. У аповесці «Станаўленне» ў 1946 годзе ён паказаў барацьбу калгаснікаў за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. У аповесці «Рыгор Шыбай» у 1947 годзе ён расказаў аб гераічных справах беларускіх партызан у гады Айчыннай вайны.

Лёс наканаваў Усеваладу Краўчанку нядоўгі жыццёвы шлях — 27 жніўня 1961 года яго не стала. Але і за гэты час ён здолеў стварыць многае. У свет адна за другой выходзілі яго кнігі апавяданняў і навэл, п’ес. Так, у 1948 годзе выдаецца кніга «У імя Радзімы», у 1950 — «Падарунак», у 1951 — «Жыта красуе», у 1952 — «Вясна на Палессі», у 1957 — «Крыгаход», у » 1959 — «Дзве сяброўкі», у 1960 -«Апошняя варажба», у 1961 — «Злачынства ля зялёнай тоні». Ужо пасля смерці пісьменніка, у 1964 годзе, свет убачыла яшчэ адна яго кніга «Над хвалямі Прыпяці».

За плённую літаратурную дзейнасць Усевалад Ігнатавіч быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Рашэннем сесіі Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў адна з вуліц Калінкавіч сёлета названа яго іменем.

Барацьба за заваёвы кастрычніка

Савецкую ўладу ў Каплічах жыхары ўспрынялі з задавальненнем. Людзі, што ўсё жыццё гарбаціліся на паноў Навакоўскіх, хацелі волі, хацелі кавалка сваёй зямлі, пры тым не тых надзелаў, што атрымалі разам з хутарамі на пустых землях і няўдобіцах у выніку сталыпінскай рэформы, а такой зямлі, на якой расло панскае збожжа, выпасвалася панская жывёла, і яны яе атрымалі.

Праўда, ненадоўга — пачалася кайзераўская інтэрвенцыя і грамадзянская вайна. З лютага па снежань 1918 года Каплічы, якія уваходзілі ў Крукавіцкую воласць, былі пад акупацыяй немцаў, а ў наступным годзе прыйшла новая навала — белапольская конніца рушыла на Палессе. У канцы жніўня 1919 года ў Каплічах і суседнім Кротаве размясціўся 4-ы ўланскі кавалерыйскі полк белапалякаў. Атрад кавалерыстаў гэтага палка ўшчэнт разбіў 9-ю роту 66-га палка чырвонаармейцаў у Якімавічах, захапіў Антонаўку, стварыў рэальную пагрозу чыгуначнаму вузлу ў Калінкавічах, дзе размяшчаўся штаб брыгады 8-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі. У Калінкавічах спешна быў сфарміраваны атрад байцоў з 300 чалавек, які пры падтрымцы артылерыйскага агню выбіў белапалякаў з Антонаўкі. Але вораг працягваў насядаць, плануючы захапіць Калінкавічы. У Даманавічы быў тэрмінова перакінуты 65-ы стралковы полк чырвонаармейцаў, які разгарнуўся на лініі Азарычы-Савічы. Вораг сканцэнтрыраваў усю ўвагу на ўчастку Якімавічы-Шыічы-Даманавічы-Азарычы, чакаючы адтуль удару. Тым часам камандзір 1-га батальёна 66-палка І.І.Варфаламееў непрыкметна для праціўніка разгарнуў свой узмоцнены батальён на ўзлеску на захад ад Капліч. Чырвонаармейцы кінуліся ў штыкавую атаку. Галоўны ўдар быў накіраваны на памесце пана Навакоўскага, дзе размяшчаўся штаб і рэзерв уланскага палка. Рашучасць і імклівасць удару нагнала на белапалякаў жах, яны кінуліся бег­чы хто куды, пакідаючы забітых, параненых, зброю і амуніцыю, цэлымі групамі здаваліся ў палон. Раніцай 7 верасня рэшткі варожага палка паспешліва адступілі на правы бераг р.Пціч.

А камандзір батальёна чырвоваармейцаў І.І.Варфаламееў за паспяховую аперацыю быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга і прызначаны камандзірам аднаго з палкоў чырвонаармейцаў Заходняга фронту.

Пасля выгнання белапалякаў на Калінкавіцкай зямлі наступіла адноснае зацішша. Здавалася, што новая ўлада павінна была б прыняць неадкладныя меры па наладжванні мірнага жыцця, уборцы хлеба, ураджай якога ў той год выдаўся неблагі. Але прадстаўнікі новай улады былі напужаны і не праяўлялі актыўнасці. Вось што аб гэтым перыядзе пісала сакратар ЦК РКП(б) Алена Стасава ў ЦК КП(б)Б 10 кастрычніка 1919 года: «У ЦК РКП(б) з Калінкавіч Мінскай губерні паступіла паведамленне аб крайнім упадку і запусценні савецкай работы ў гэтым раёне. Савецкія работнікі заняты думкамі выключна аб тым, каб з’ехаць, работа ж стаіць. Ураджай цудоўны, але работа па рэалізацыі адсутнічае, а рабочыя літаральна галадаюць. I тым злачынней падобнае бяздзелле, у той час як настрой мясцовых сялян яўна ў нашу карысць, падае перад фактам, што савецкая улада не працуе.

ЦК РКП знахбдзіць неабходным прапанаваць ЦК Літбел аказаць самы неабходны націск на стан і ход работы ва ўказаным раёне».

Відаць, націск адпаведны быў зроблены. Аднак, у сярэдзіне 1920 года на Калінкавіцкую зямлю наляцелі банды Булак-Балаховіча. Ізноў рабаўніцтва і забойствы; ізноў крывавая бойка. 17 лістапада 1920 года 153 полк чырвонаармейцаў вызваліў Каплічы ад балахоўцаў. Усюды былі відны сляды знаходжання ворагаў — разбурэнні, пажарышчы, забітыя мірныя грамадзяне.

Як жылося каплічанам пасля Грамадзянскай вайны? А як магло жыцца ў краіне, якая была зруйнавана? Цяжка, бедна. Сяляне працавалі на сваіх надзелах, выконвалі харчовую развёрстку, паціху кралі што можна, паціху прыхоўвалі і з сумненнем глядзелі ў будучыню. Праўда, былі і смелыя, якія не маўчалі. Напрыклад, 4 красавіка 1924 года ў адрас камісарыята ВСНГ з Капліч паступіла наступнае пісьмо:

«Даводзіцца да ведама, што гінуць заваёвы Кастрычніка. Гэта значыць, што гіне стотысячная маёмасць нашага беларускага народа, у той час, калі ў нас уведзены закон на тое, каб адбудаваць нашу гаспадарку. А на справе выходзіць, што гіне тая маёмасць, якую заваявалі ў барацьбе з былымі капіталістамі. Няўжо гэта яно не наша, няўжо гэта яно дасталася дарэмна… Гіне вялікі мур былога абшарніка, дзе змяшчаўся гарэлачны завод. Будынак гэты ў два паверхі. (Як паведамлялася вышэй у маёнтку Фадзея Атонавіча Навакоўскага быў вінакурны завод. На ім працавала 7 рабочых. Вінакурам быў Шогаль Евель. — заўвага аўтара). кн можа змясціць у сябе шмат насельніцтва, у ім магчыма што заўгодна размясціць, як школу сялянскай моладзі, сямігодку, любы завод, калгас. Але яго разносяць па кірпічыне… Праз два гады будынка зусім не будзе… Прасіцель Ярашэнка”.

 На жаль, пісьмо каплічаніна не знайшло водгуку ў вярхах. Будынак так і не быў скарыстаны  новай уладай. А жылі ж ў Каплічах ой-як бедна.

“Убогія, перакошаныя хацінкі…”

У жніўні 1929 года на работу ў Каплічы накіравалі маладога настаўніка Міхаіла Якаўлевіча Чайкоўскага. Шэсць гадоў адпрацаваў ён у вёсцы, а ў красавіку 1967 года даслаў у Каплічы свае ўспаміны аб незабыўных гадах сваёй маладосці. Упэўнены, што яны будуць цікавы не толькі для каплічан, бо вачыма відавочцы прыадкрываюць невялічкі адрэзак мінулага не толькі Капліч, а і гісторыі нашай Беларусі.

Вось што пісаў Міхаіл Якаўлевіч аб тым часе: «Восень 1929 года. Малады, поўны сіл і камсамольскага запалу еду ў распараджэнне Калінкавіцкага райана. Як найбольш актыўны студэнт-выпускнік, накіраваны Наркамасветы БССР у Палескі край на ўмацаванне культурнага фронта. Ужо гэтая задача, якая была пастаўлена перад маладым настаўнікам пачатковай школы, абавязвала мяне да многага. Хацелася хутчэй уладкавацца ў школу і пачаць працаваць. 15 жніўня атрымаў загад прыняць Капліцкую пачатковую школу. Надвор’е стаяла, як летам: цёпла, сонечна. Пакінуўшы райана, я хутка знайшоў падводу з в. Каплічы і направіўся ў шлях, на месца. Фурманшчык Трус Ананій аказаўся чалавекам словаахотлівым і ў нас у дарозе завязалася нетаропкая размова. На першых кіламетрах шляху я даведаўся, што мой па-пярэднік — настаўнік Кавалёў П.К. адпрацаваў у школе два гады, з 1927 па 1929 год, вырашыў паехаць на вучобу.

Шлях да Капліч хаця і быў у маім уяўленні як 25-кіламетровы, але мне ён паказаўся значна большым. Дарога ішла лесам, выгіналася то ўлева, то ўправа. Калёсы стукацелі на каранях старых сасён, і такая язда не была задавальненнем для маладога чалавека. Таму, трымаючыся следу калёс, а калі-нікалі забягаючы наперад, я бег, не адчуваючы стомленасці. Паклажы ў мяне не было. Быў толькі вузялок з кавалкам хлеба, некалькімі падручнікамі ды педагагічныя мемуары ў пацёртых сшытках. Мы пакінулі ззаду вёскі Сухавічы, Шыічы і праз пару гадзін падняліся на ўзвышаную паляну, на якой злева я ўбачыў чатырохпавярховы маяк. Гэта збудаванне напомніла мне, што людзі тут штосьці будавалі, вывучалі і разведвалі гэтыя мясціны.

Спусціўшыся ўніз, мы апынуліся ў даліне, якая апаясвала раку Іпу. Тут прыйшлося зняць абутак і прабірацца па паленнях, карчах і кустоўю. У некаторых месцах прыходзілася прыгаць цераз лужыны і калдобы, а дзе-нідзе трэба было асцярожна ступаць, і з пэўным напружаннем сіл цягнуць павозку на падложаныя сухім галлём месцы (дамбы, якая цяпер праходзіць цераз Іпу, не было, і пры даждлівым надвор’і рэчка пераразала шлях для гужавога транспарту.)

На гарызонце ўзнікла ўбогая вёсачка, у цэнтры якой вымалёўваўся бярозавы чуб, у сярэдзіне якога віднеўся купал царквы з крыжом. Ну вось мы і едзем ужо па Каплічах. Убогія, перакошаныя хацінкі з драўлянымі цёсанымі дахамі гаварылі, што жыццё ў вёсцы было гарапашным.

Школу можна было выдзеліць сярод сялянскіх хацінак, да таго ж яна размяшчалася сярод двух вёсак. Гэта быў будынак з круглай чатырохскатнай крышай, пад якой размяшчаліся адзін класны пакой і адзін — кватэрны. Злева ўбога мясцілася невялічкая кладавая з шалёўкі. Такім чынам, я ў школе. Прынімаць яе не было ад каго, ды і маёмасці ў школе не было. У старым пацямнелым ад копаці шкафу знаходзілася керасінавая лямпа, некалькі чарнільніц і старыя класныя журналы. Мне прыйшлося прыняць толькі маленькі ключык ад школьнага будынка. Гэты «дар» мне ўручыў дзядуля, вартаўнік школы Якуш Фёдар. Памятаю, у гэтага худзенькага, барадатага дзядка было шмат цеплыні, душэўнасці і прастаты. Мы доўга гутарылі і ён усё нахвальваў майго папярэдніка Кавалёва, характарызаваў яго як чалавека сур’ёзнага і дзелавога. Ён гаварыў і пра тое, што з 1925 па 1927 год у школе працавала настаўніцай дзяўчына Фіглоўская. А да 1925 года ў школе працаваў настаўнік Краўчанка, вельмі сур’ёзны чалавек. Жартам ён мне паказваў куток, у які бацька калі-нікалі ставіў свайго сыночка Усевалада за дзіцячую правіннасць.

Па першым часе настрой у мяне быў ніякаваты: адчуваў адзіноту, саромеўся сваёй беднасці. Але гэта адначасова і радніла мяне з людзьмі і мясцовай моладдзю.

Пачаўся навучальны год. Працую адзін з чатырма класамі. Працую ў дзве змены, хаця класны пакой мог бы ўмясціць і ўсе класы. Па журналах я набраў 30 вучняў, але ўжо ў верасні ў мяне іх было 50. Вечарамі арганізаваў заняткі з малаграматнымі і няграматнымі. Лікбез — другая школа. Па вечарах займалася 35-40 вучняў. Дні праходзілі хутка.

У 1930 годзе ў школу мне накіравалі настаўніцу Шамшыну Марыю Фёдараўну. Палёгка.

Восень і зіма 1929-30 г.г. былі годам калектывізацыі. Цэнтрам правядзення сходаў па пытаннях калектывізацыі была школа. Яны пры-одзілі ледзь не штодзённа. Настаўнік, як правіла, павінен быў займаць месца ў прэзідыуме, выступаць, выкрываць кулацкі сабатаж і быць першым у радах калгаса.

У вёсцы Каплічы масавай калектывізацыі папярэднічала арганізацыя таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. Яго арганізатарамі былі Ярашэнка Фёдар, Рыбачэнка Мікалай Іванавіч. Гэтая форма калектыўнай працы базіравалася на землях былога памешчыка Навакоўскага, таварыству быў перададзены сад і іншыя каштоўнасці. Аднак гэта не здымала з павесткі дня вострую класавую барацьбу перыяда калектывізацыі. Я ў гэты перыяд узначальваў камсамольскую арганізацыю і ўсю яе дзейнасць накіроўваў на правядзенне калектывізацыі. Гэтую кампанію праводзілі на базе ліквідацыі кулацтва як класа. Абапіраючыся на беднату, пры актыўным удзеле актыва беднаты (Щарбенка Ева, Драгун Яфрэм, Каваленка Андрэй, Рыбакоў Афанасій і інш.), калектывізацыя ў вёсках Каплічы і Пескі была завершана: створан калгас «Камінтэрн». У рабоце калгаса ў летні час прымалі ўдзел і мы, двое настаўнікаў.

У гэты бурны перыяд мною сумесна з сельскім Саветам была праведзена вялікая работа па закрыццю царквы. Яна была размешчана супраць школы і былі выпадкі, што вучні заглядвалі ў яе ў час перапынкаў між урокамі.

На сходах былі сабраны подпісы ад грамадзян усяго прыхода з хадайніцтвам аб закрыцці царквы і перадачы яе пад культурную ўстанову. Гэта хадайніцтва было задаволена Камітэтам па справах праваслаўнай царквы пры ЦВК БССР. Але практычна гэта праходзіла з вялікімі цяжкасцямі. Царкоўны стараста Салаўянчык Сцяпан праводзіў сістэматычную работу з грамадзянамі па захаванню царквы. Аднак у «931 годзе камсамольская арганізацыя пераабсталявала будынак царквы пад клуб. Моладзь з двух вёсак пачала праводзіць свой вольны час у новым клубе.

Многа намаганняў прыйшлося прыкласці для пабудовы новага будынка школы. У 1929 годзе быў закладзены фундамент пад яго. Кірпіч для фундамента быў выкарыстаны з каробкі вінакурнага завода, які знаходзіўся ў былым маёнтку Каплічы. Далейшае будаўніцтва школы ішло метадам народнай стройкі пад кіраўніцтвам Калінкавіцкага райкамгаса (старшыня Лебедзеў). Многія каплічане прынялі актыўны ўдзел у будаўніцтве школы (Драгун Сцяпан, Бабрэнка Фама, Каваленка Андрэй Ісід., Стрэльчанка Васіль і інш.).

У 1929 годзе ў Калінкавіцкім раёне было закладзена будаўніцтва трох школьных будынкаў (в.в. Антонаўка, Шыічы і Каплічы). Але Капліцкая школа была пабудавана першай. Ужо ў 1930-31 навучальным годзе мы пачалі заняткі ў новым будынку. Школа пачала разгортвацца ў сямігодку. Але не хапала кадраў. У жніўні 1932 года ў школу прыбыў выпускнік Мазырскага педвучылішча Талочка Яўген Іванавіч, вельмі здольны педагог. Нам прыйшлося ўдваіх забяспечваць работу сямігодкі. Па дзесяць гадзін у дзень пры двухзменнай рабоце. Мы выдыхаліся, але працавалі. У 1933-34 навучальным годзе ў школы прыбылі выпускнікі Магілёўскага педвучылішча Цэдрык Адам Данілавіч, Панкратаў Іван Мікалаевіч, іншыя.

Школа аформілася як поўная сямігодка. Пачала расці яе матэрыяльная база. Выпускнікі школы ў масавым парадку сталі паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы.”

“Усіх аб’ядноўвала вера ў лепшую будучыню…”

У 1932 годзе ў Капліцкую школу прыбыў новы настаўнік Талочка Я.І., аб якім ўжо ўспамінаў Міхаіл Чайкоўскі. Выпускнік Мазырскага педтэхнікума так-сама адпрацаваў у Каплічах шэсць гадоў, а праз 35 год напісаў аб гэтым свае ўспаміны. Думаецца, што і яны будуць цікавымі для нашага чытача: «Шлях з Калінкавіч у Каплічы цягнецца марудна. Худы конік ледзь цягне воз. Дарога невыносна дрэнная. Каплічы быццам бы на востраве, наўкол непралазныя балоты, кіламетры са два цягнемся па непралазных багнах, па ледзь адсыпанай грэблі. Вазніца тлумачыць, што раней у Каплічы можна было трапіць толькі зімой.

Але вось і Каплічы. Першае, што мяне ўразіла, гэта неверагодная беднасць вёскі. Я, здаецца, больш нідзе не бачыў дагэтуль такіх убогіх халуп. Дамы, калі іх толькі можна было назваць дамамі, настолькі былі старымі і гнілымі, уросшымі ў зямлю з прагніўшымі дахамі, без агароджанага двара і варот, на вуліцы гразь, а ў хатах поўная адсутнасць якой бы то ні было мэблі.

А школа мне спадабалася: добры светлы будынак, тры класы, актавая зала, кватэры для настаўнікаў. Усё гэта пабудавалі самі сяляне. Праз тры гады было пабудавана яшчэ адно памяшканне школы.

Чайкоўскі М. Я. прыняў мяне вельмі дружалюбна. Ён аказаўся цудоўным паляўнічым і натуралістам, паказаў мне навакольныя лясы і балоты. Мне вельмі спадабалася мясцовасць вакол Капліч: мноства грыбоў і ягад, цудоўныя непраходныя лясы, вялізныя балоты і неверагодная колькасць качак. А рыбы ў рэчцы было столькі, што налавіць яе не складала ніякіх цяжкасцей. Жыў я дагэтуль пад Мінскам і такой самабытнай прыроды не бачыў.

Упершыню ў гісторыі Капліч у 1932 годзе пачаў заняткі пяты клас. Усе вучыліся з вялікім энтузіазмам. Не было падручнікаў, пісьмовых прылад, але энтузіазм быў надзвычай высокі, дысцыпліна была выключная і веды цудоўныя.

А час быў трывожны. Ішла калектывізацыя, у лясах дзенідзе былі яшчэ банды, астаткі белагвардзейшчыны. Мы, настаўнікі, амаль штодзённа праводзілі сходы па калектывізацыі, займаліся з малаграматнымі, арганізоўвалі вечары мастацкай самадзейнасці. Чайкоўскі і я працавалі старшынямі рэвізійнай камісіі ў калгасе. На нашых плячах ляжала і адказнасць за паспяховае правядзенне сяўбы і выкананне плану па хлебанарыхтоўках. Тэхнікі ў калгасе не было ніякай, а коні па вясне выходзілі схуднелымі, нямоглымі. Гэта ўсё стварала дадатковыя цяжкасці.

 Аднак усіх нас аб’ядноўвала вера ў лепшае будучае. Насельніцтва і бацькі адносіліся да нас, настаўнікаў, вельмі добра.

3 дапамогай бацькоў мы стварылі ў школе хімкабінет, набылі дапаможнікі, да нас за вопытам сталі прыязджаць калегі. Людзі паціху сталі жыць лепш».

Гістарычная даведка

20 жніўня 1924 года быў утвораны Капліцкі сельскі Савет Калінкавіцкага раёна Мазырскай акругі, з 26 ліпеня 1930 года Калінкавіцкага раёна, з 27 верасня 1930 года — Мазырскага раёна, з 12 лютага 1935 года -Даманавіцкага раёна Мазырскай акругі, з 20 лютага 1938 года — таго ж раёна Палескай вобласці, з 8 стузеня 1954 года — Гомельскай вобласці.

Старшынямі сельсавета былі:

1944 г. — Гвоздзеў Е.С.

1946г.-  Рубцоў Ц.І.

1947 г. — Зубараў Іван Пятровіч.

20.12.1950 г. — Шастун Адам Іванавіч.

03.03.1953 г. — Цімохаў Павел Гаўрылавіч.

04.03.1955 г. — Макушынскі Уладзімір Андрэевіч.

20.07.1962 г. — Цімохаў Аляксандр Гаўрылавіч.

20.03.1969 г. — Белая Яўгенія Рыгораўна.

18.06.1971 г. — Пячура Уладзімір Яфімавіч.

21.06.1973 г. — Салаўянчык Мікалай Сямёнавіч.

16.03.1990 г. — Паляшчук Аляксандр Аляксеевіч.

24.08.1999 г. — Буднік Андрэй Іванавіч.

3 1944 г. па 1963 год у склад Капліцкага сельсавета ўваходзілі вёскі Дубнякі, Каплічы, Кротаў, Капліцкі Варатын, Ператрутаўскі Варатын, Пескі. У 1964 годзе ў Савет была ўключана в. Ямнае Якімавіцкага сельсавета. А пасля ліквідацыі Навасёлкаўскага сельсавета з 21.10.1968 г. у Капліцкі сельсавет былі ўключаны вёскі Новыя Навасёлкі і Навасёлкі.

Была вайна

Напярэдадні 60-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 2005 годзе вучаніцы 8 класа Капліцкай школы Дземідовіч Вікторыя і Стрэльчанка Вікторыя пад кіраўніцтвам свайго педагога Стрэльчанка Паліны Іванаўны напісалі творчую работу “Вайна ў лёсе жыхароў Капліцкага сельсавета”, у якой сабралі ўспаміны тых, хто ў далёкія ўжо 40-я мінулага стагоддзя ўстаў на абарону сваёй Радзімы ад нямецка-фашысцкай нечысці. Прывядзём некаторыя вытрымкі з гэтай работы:

“Вайна  не абышла бокам нашу малую радзіму. Сто дзевяноста жыхароў  вёскі Каплічы вярнуліся з поля боя… Тыя аднавяскоўцы, якія вярнуліся з вайны, прынялі актыўны ўдзел у аднаўленні народнай гаспадаркі…

Шмат гадоў у нашай школе адпрацаваў –Шліпень Рыгор  Мікалаевіч. У канцы кастрычніка 1939года ён быў прызваны ў  рады Чырвонай арміі. Службу пачаў у  г. Ялец. У канцы снежня 1939 года паступіў у Тамбоўскае ваенна-пяхотнае вучылішча. У лютым 1940 года быў пераведзены ў аналагічнае Арлоўскае вучылішча. Там і застала яго вайна. 19 ліпеня пасля выпуску лейтэнант Шліпень быў накіраваны ў 271- ю запасную дывізію камандзірам стралковага ўзвода ў г.Мцэнск. Затым былі Крым, Запарожжа, горыч адступлення, ярасныя атакі, кроў і гібель баявых сяброў. У адным з баёў асколак варожай міны параніў маладога камандзіра, пачалося падарожжа па шпіталях: Сімферопаль, Феадосія, Сочы. Пасля выпіскі трапіў у Варашылаўск, у толькі што сфарміраваную 82-ю марскую стралковую брыгаду на пасаду намесніка камандзіра роты па страявой часці. 13 снежня іх накіравалі на абарону Масквы. Але пакуль яны дабраліся, іх дапамога ўжо не спатрэбілася. Вораг быў адкінуты на 150-250 кіламетраў ад сталіцы. Роту Шліпеня накіроўваюць на поўнач у Молатаўск. У чэрвені 1942 года Рыгор Мікалаевіч ваюе пад Смаленскам — цяжкае раненне і зноў блуканне па шпіталях. Доўгіх шэсць месяцаў лячэння і прыг авор: «Нягодны для ваеннай службы».

У родныя Каппічы афіцэр-інвалід вярнуўся з ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі, да 1971 года працаваў настаўнікам.

8 мая 2004 года героя-франтавіка не стала.

Каплічанін Корзун Яўген Пятровіч на кадравую службу быў прызваны ў верасні 1940 года. Слўжыў у Фінскім заліве на востраве Вульф гарматным нумарам на 305-міліметровай батарэі. Тут і застала яго вайна. Да верасня ён абараняў Талін, а затым у адпаведнасці з загадам разам з іншымі абаронцамі горада пакінуў яго і ўзяў курс на Ленінград па Фінскаму заліву. Шлях да пауночнай сталіцы быў крайне цяжкім: воды заліва замініраваны, варожая авіяцыя бесперапынна бамбіла нашы часці, налятаючы з тэрыторыі Фінляндыі. Яўген Пятровіч прыпамінаў, што не было неабходнай зброі, каб адбіцца ад назойлівых бамбардзіроўшчыкаў ворага, але ўсё-такі ім удалося падбіць двух сцярвятнікаў. Яны дайшлі да Ленінграда. Вораг быў ужо пад самым горадам. У горадзе не хапала прадуктаў харчавання, а немцы на вачах нашых байцоў нішчылі харчовыя склады. Салдаты разам з жыхарамі горада пухлі і паміралі ад голаду.

11 месяцаў у складзе 45-й Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі Яўген Пятровіч абараняў блакадны Ленінград. Дзень яго вызвалення быў лепшым з дней у жыцці ўсіх абаронцаў.

У час абароны аднойчы немцы акружылі часць, у якой служыў Корзун. У баю палёг ледзь не ўвесь яго полк, быў цяжка паранены і Яўген Пятровіч. У выніку ранення быў паралізаваны ўвесь правы бок, ні рука, ні нага не рухаліся. Побач з ім ляжаў паранены пулямётчык. Адзін сціскаў у руцэ гранату, а другі карабін. Ляжалі, прыняўшы позу мёртвых. А тым часам фашысты ішлі па полі боя і дабівалі параненых штыкамі.

На шчасце Корзуна і яго баявога таварыша да іх ніхто не падыйшоў.

Колькі яны так ляжалі, ён не запомніў, бо прыйшоў у сябе толькі ў шпіталі. Шэсць доўгіх месяцаў цягнулася лячэнне, а потым зноў на фронт. Перамогу артылерыст сустрэў у г.Нарва. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Адразу ж пасля вызвалення Капліч у студзені 1944 года на фронт пайшоў і Станоўскі Уладзімір Аляксеевіч. Першы бой прыняў ужо 18 лютага гэтага года пад Парычамі каля вёскі Мальчы. У гэтым баю ён бачыў смерць сваіх сяброў і аднавяскоўцаў.

Свой баявы шлях Уладзімір Аляксеевіч пачаў кулямётчыкам. Ён заўсёды з любоўю ўспамінаў пра свой «Максім». Гэта з яго дапамогай ён вызваляў родную Беларусь.

Немцы моцна трымаліся за нашу зямлю. Стаяноўскі ўспамінаў, што за дзень нашы байцы па 2-3 разы падымаліся ў атаку. Тым не менш, калі пачалася аперацыя «Баграціён», немцаў за суткі адкідвалі на 60 кіламетраў.

Пасля вызвалення Беларусі шлях салдата пралёг на захад: Польшча, Чэхаславакія. Тут баі ішлі за кожны дом, кожнае акно.

Назаўсёды ў памяці ветэрана застаўся дзень — 8 мая 1945 года. Раніцай ім зачыталі паведамленне аб капітуляцыі Германіі, а ў 14.00 ён быў паранены. Вораг не хацеў складваць зброю. Лячыўся ў польскім горадзе Крагаў.

За баявыя заслугі салдат быў узнагароджаны ардэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, медалём «За адвагу».

Калі пачалася вайна, Шкаль Марыі Аляксееўне было ўсяго 14 гадоў. Яна ўспамінала, як было страшна. Імклівае наступленне фашыстаў, адступленне Чырвонай Арміі выклікалі шмат пытанняў. Калі немцы прыйшлі ў вёску, пачалося рабаўніцтва, забойства мірнага насельніцтва. Людзі хаваліся ў лесе, моладзь лавілі і адпраўлялі ў Германію. Ёй пашчасціла, засталася дома.

Калі ў 1944 годзе праз Каплічы праходзіў фронт, іх эвакуіравалі ў вёску Булаўкі. Там знаходзіўся ваенны шпіталь №3389. Марыя напрасілася ў шпіталь санітаркай. Працавала ў перавязачным аддзяленні.

Пасля вызвалення Капліч маці Марыі вярнулася ў родную вёску, а яна разам са шпіталем пайшла ўслед за фронтам. Перамогу сустрэла ў Германіі. Пасля заканчэння вайны вярнулася дамоў. Дома чакалі руіны: дом быў разбураны, але самае страшнае — бацька загінуў на фронце.

Толькі дзяўчына не зламалася: шмат працавала, выйшла замуж, разам з мужам пабудавалі дом, нарадзілі і вырасцілі дзяцей.

Гэтак жа, як і Шкаль Марыя, паступілі многія каплічскія дзяўчаты. Адразу ж пасля вызвалення раёна, яны прыйшлі на дапамогу Чырвонай Арміі. Напрыклад, Шчарбенка Вольга Аляксандраўна, 1928 года нараджэння, разам са сваімі шасцю аднавяскоўкамі ў студзені 1944 года ўладкавалася ў Калінкавічах на ваенны поезд-лазню і да канца вайны абсцірвала чырвонаармейцаў пад авіябамбёжкамі, артабстрэламі, губляючы сябровак, назіраючы паўсюдную кроў і смерць.

Калі вярнулася дамоў, Вольга Аляксандраўна выйшла замуж за настаўніка мясцовай школы Шчарбенку Івана Андрэевіча, нарадзіла дзвюх дачок і двух сыноў, усё жыццё добрасумленна працавала загадчыкам гаспадарчай часткі ў Капліцкай школе. Сёння яна адзіная ў вёсцы з удзельнікаў Айчыннай вайны, хто нарадзіўся і вырас у Каплічах.

Спіс выхадцаў з Капліч, якія са зброяй у руках усталі на абарону сваёй Радзімы безумоўна можна было б прадоўжыць, ды толькі газетнага аркуша недастаткова, каб пералічыць, нават, усіх пайменна. Трэба памятаць аб тым, што 190 не вярнулася з палёў бітвы за Айчыну. На жаль, ужо сёння няма побач з намі і тых, хто прыйшоў і адраджаў разбураную вайной гаспадарку, хто узводзіў новыя дамы, хто даў магчымасць жыць мірна сённяшнім пакаленням.

Цяжкай была і бітва за вызваленне Капліч. У гады вайны немцы стварылі ў вёсцы свой апорны пункт. Партызаны яго разграмілі, але акупанты зноў аднавілі сваё логава, яшчэ больш яго умацавалі. У баях за вызваленне Капліч і яго наваколля загінулі 342 чырвонаармейцы і партызаны. У раёне Капліч 13 студзеня 1944 года подвіг Мікалая Гастэлы паўтарыў малодшы лейтэнант Юрый Пятровіч Шлыкаў, кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга, ордэна Айчыннай вайны I ступені. Паветраны асштурмавік накіраваў сваю падбітую машыну ў гушчу фашысцкай бронетэхнікі. Нават вораг вымушаны быў прызнаць гераізм савецкага лётчыка, які па загаду нямецкага генерала быў пахаваны з усімі воінскімі ўшанаваннямі.

У гонар загінуўшых воінаў-вызваліцеляў і аднавяскоўцаў, якія паляглі на франтах вайны, каплічане ў 1966 годзе ў цэнтры вёскі на брацкай магіле ўзвялі абеліск.

Электрычнае святло прыйшло ў 1962 годзе

У 1962 годзе на пасаду дырэктара школы быў накіраваны Кулакоўскі ВасільТрафімавіч.

Праз 31 год пасля свайго прыезду ў вёску ён даслаў у школу свае ўспаміны аб Каплічах 60-х гадоў і тых людзях, з якімі працаваў. Вось што ён пісаў сваім калегам і вучням школы:

«Замяніў я Сапоненку Андрэя Арцёмавіча, які некаторы час працаваў маім намеснікам па вучэбнай рабоце, а затым -па вытворчым навучанні. 3 вялікай цеплынёй і добрай памяццю ўспамінаю аб настаўніках пачатковых класаў Баранчук Яўгеніі Маісееўне, Рыбачэнка Ганне Іванаўне, Шліпеню Рыгору Мікалаевічу, Шліпень Матруне Мікалаеўне, настаўніках матэматыкі Цімашэнку Фёдару Данілавічу і Рашотка Ганне Сцяпанаўне, рускай мовы і літаратуры — Стрэльчанка Анастасіі Васільеўне, беларускай мовы — Шчарбенку Івану Андрэевічу, геаграфіі — Муравіцкаму Мікалаю Іванавічу, працоўнага навучання -Іваненку Мікалаю Рыгоравічу. У наступныя гады ў школу прыйшлі Мурашовы Віктар Сцяпанавіч і Еўдакія Якаўлеўна, Лабанава Святлана Андрзеўна і Радзько Вольга Васільеўна, Ляшкевіч Вера Уладзіміраўна і Драпеза Лідзія Рыгораўна, якія добра ўпкаліся ў педагагічны калектьгў і працавалі гэтак жа сумленна і самааддана, як і іх старэйшыя калегі.

Напачатку вёска Каплічы на мяне аказа-ла даволі сумнае уражанне, хаця ўтыя гады большасць беларускіх вёсак былі такімі ж. У пачатку вёскі, пасярэдзіне вуліцы, была вялізная калюжына, якую ў кастрычніку ледзь-ледзь адольвала калёсная тэхніка.

Невялічкія ў асноўным хаты вечарамі пагружаліся ў цемру: электрычнага святла яшчэ не было. Школа мела 7 класных пакояў і маленькую настаўніцкую, у якой знаходзіўся і стол дырэктара. Цесната была страшная. У канцы калідора быў агароджаны кут для піянерскага пакоя. Школа працавала ў дзве змены, а з 1963 года ў трэцюю змену пачала працаваць яшчэ і вячэрняя школа працоўнай моладзі.

Непадалёку, за школьнай агароджай, стаяў маленькі драўляны будынак. У ім знаходзіліся саўгасны клуб і сельская бібліятэка. Крыху далей у драўляных будынках размяшчаліся магазін і саўгасная кантора, па маленькім сельсавет і пошта. Вось і ўвесь сацкультбыт сяла.

Восенню 1962 года, у канцы кастрычніка, для жывёлагадоўчых памяшканняў саўгас даў мясцовае электрычнае асвятленне (ад рухавіка). Як выключэнне, далі святло і ў школу. Добра памятаю гэты дзень. Ішоў 5 урок на другой змене, які праходзіў пры лямпах з газай. У класах было па 2-4 лямпы, і раптам успыхнула святло (падрыхтоўчыя работы былі зроблены раней). Колькі было здзіўлення, радасці. Для дзяцей гэта была казка.

Праз 2-3 гады ўжо ўся вёска атрымала электрычнае святло.

Паступова на маіх вачах мянялася аблічча вёскі. Была пабудавана саўгасная кантора, стала ўмацоўвацца цэнтральная вуліца і дарога на Калінкавічы. Акрамя маршрутнага аўтобуса Мазыр-Колкі, стаў хадзіць аўтобус на Варатын цераз Каплічы. Лягчэй стала дабірацца да раённага цэнтра, ахвотней сталі ехаць у вёску маладыя спецыялісты, колькасць вучняў з адкрыццём сярэдняй школы рэзка павялічылася. Выпускнікі Навасёлкаўскай і Варатынскай васьмігодак ішлі прадаўжаць вучобу ў Каппічы. На мае настойлівыя просьбы аб неабходнасці будаўніцтва новай школы раённыя ўлады не рэагавалі. У 1965 годзе сіламі мужчын-настаўнікаў пад Гарбавічамі быў нарыхтаваны лес, а праз 2 гады насупраць школы быў пабудаваны драўляны будынак на 3 класныя пакоі. Крышачку стала лягчэй, але матэрыяльная база заставалася слабай. Зноў і зноў звяртаўся да раённых улад, і ў 1967 годзе ўключылі ў план будаўніцтва толькі прыбудовы. Прыйшлося згадзіцца, бо на большае, сказалі, не разлічвай.

К сярэдзіне 60-х станаўленне школы адбылося. Яна ўжо нараўне з іншымі ўдзельнічала ў спартакіядах, алімпіядах, з’яўлялася пераможцай на іх.

Пасля Сапоненка А. А. намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце адзін год працаваў Зюбін, потым Белая Я. Р. Добрыя словы хочацца сказаць і аб загадчыках па гаспадарчай рабоце ў школе, на якіх ускладаліся нялёгкія гаспадарчыя клопаты. Года тры пры мне працавала добрасумленная Шчарбенка Волыа Аляксандраўна, потым яе змяніў такі ж працавіты малады Салавянчык Мікалай Сцяпанавіч. У школе з’явіўся новы трактар, праўда, невялікай магутнасці, аўтамабіль ГАЗ-51, патрыманы, але ж ва ўмелых руках Баштыка Васіля Арсеневіча заўсёды быў на хаду. Колькі сіл укладвалі ў працу, каб дзецям у школе было цёпла і ўтульна Новік Цімафей Васільевіч, Шліпень Вольга Якаўлеўна і іншыя.

Толькі к канцу 60-х гадоў школа купіла тэлевізар (са слабым прыёмам перадач), магнітафон, праігрывацель. Затое ў нас быў нядрэнны хор, а з салістак вызначалася Лісевіч Ліда. Наогул, было многа таленавітых вучняў-выпускнікоў: Макушынскія, Пазнякі, Супруновічы, Радзько, Корзуны, Баштыкі, Рыбачэнка і гд.

Школа заўсёды мела добрыя адносіны з кіраўніцтвам саўгаса. Заўсёды падтрымліваў і дапамагаў дырэктар саўгаса Аляксандраў Павел Фёдаравіч. Нядрэнныя адносіны склаліся і з Судасам Мікалаем Міхайлавічам. У тую пару яшчэ не было такога паняцця, як шэфскія сувязі, але ў нас гэтыя адносіны ўжо нарадзіліся”.

Сельская гаспадарка

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Капліцкага сельсавета аднавілі сваю дзейнасць калгасы: «Камінтэрн» у Каплічах, «Чырвоны Кротаў» у Кротаве, «Шлях Сталіна» у Варатыне, імя Варашылава ў Дубняках, «Авангард» у Навасёлках, «Новыя Навасёлкі» у Новых Навасёлках і «Новае жыццё» у Ямным.

9.06.1950г. два калгасы з Навасёлак і Новых Навасёлак аб’ядналіся ў адну гаспадарку «Авангард» А 15.06.1950г. «Шлях Сталіна» і імя Варашылава аб’ядналіся ў калгас імя Варашылава. Праз два дні, 17.06.1950г., калгас «Новае жыццё» увайшоў у склад калгаса імя Кагановіча (з 1957г. «Ленінская іскра» (Якімавічы). А 3.09.1950г. калгасы «Камінтэрн» і «Чырвоны Кротаў» аб’ядналіся ў калгас «Камінтэрн».

Праз дзесяць гадоў, 7 сакавіка 1960 года, у працэсе ўзбуйнення гаспадарак, калгасы «Камінтэрн» і «Авангард» (в.в. Каплічы, Кротаў, Н.Навасёлкі і Навасёлкі) ўвайшлі ў склад уноў створанага саўгаса «Азарычы». Праз сем дзён да іх далучыўся і калгас імя Варашылава.

А ўжо 27 лютага 1961 года на падставе Пастановы Савета Міністраў БССР № 138 ад 27 лютага 1961 года і загада Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР № 190 ад 14 сакавіка 1961 года на базе разузбуйнення саўгаса «Азарычы» быў створаны саўгас «Каплічы» з адміністрацыйным цэнтрам у вёсцы Каплічы.

 На пачатку ў састаў новаарганізаванага саўгаса ўвайшлі населеныя пункты з належыўшымі ім эксплуатацыйнымі землямі: Беразнякі, Вуглы, Варатын, Савічы, Міхайлаўскае, Дубнякі, Кротаў, Каплічы.

У 1961 годзе ў саўгасе працавала 1213 чалавек. Плошча збожжавых займала 1265 га, ураджайнасць была 7,4 ц/га. Пад бульбай было 569 га, ураджайнасць — 103,5 ц/га. У гаспадарцы налічвалася 2522 галавы жывёлы, з іх — 860 кароў. Было таксама 1909свіней, 131 пчоласям’я. На ка­рову даілі 2306 кг малака, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы складалі 355г.

Кіравалі саўгасам наступныя кіраўнікі: Аляксандроў Павел Фёдаравіч — 1961-1970 г.г., Судас Мікалай Міхайлавіч — 1970-1975 г.г., Сяркоў Іван Аляксеевіч -1975-1983 г.п, Дудко Аляксандр Міхайлавіч — 1983-1999 г.г., Пазняк Анатоль Васільевіч — 1999-2005 г.г.

3 2005 года гаспадарку, якая з 7 лютага 2001 года перайменавана ў КСУП «Каплічы», узначальвае Капінскі Міхаіл Анатольевіч.

У гаспадарцы зараз 4769 га сельгасугоддзяў, 2844 га ворыва, 313 га сенакосаў, 13 га садоў. У склад сельгаспрадпрыемства ўваходзяць вёскі Каплічы, Кротаў, Навасёлкі і Новыя Навасёлкі, Ямнае.

За 48 гадоў існавання гаспадаркі дасягнуты значныя поспехі ў развіцці. На сёння гаспадарка мае мяса-малочны накірунак. У 2008 годзе тут атрымана ўраджайнасць у 30 ц/га. У прадп­рыемстве налічваецца 3841 галава буйной рагатай жывёлы, з якой — 1056 кароў. Сярэдні надой на адну галаву складае 3579 кг, сярэднясутачныя прывагі — 522г. гэты вынік дасягнуты дзякуючы ўпартай працы многіх пакаленняў працаўнікоў саўгаса, многія з якіх за сваю ўдарную працу адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Напрыклад, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны дырэктар саўгаса Аляксандроў П.Ф., галоўны аграном Люлянкоў Б.Н, дояр Папок П.М., ордэнам «Знак Пашаны» — дырэктар саўгаса Судас М.М., даяркі Дземідовіч В.А., Лашук А.М., Савіцкая А.М., рабочая Крытыш А.Я., цялятніца Рашотка М.С., трактарысты МышкавецВ.Д, Макушынскі М.Р., ордэнам Працоўнай славы III ступені — даярка Камыш З.М., трактарысты Цімохаў А. І., Раманішка П. А., медалём «За працоўную адзнаку» — пчаляр Сазоненка Т. А., даяркі Варабей В.М., Радзько Г. І., трактарысты Раманішка П. Г., медалём «За працоўную доблесць» — цялятніца Супруновіч Н. С., многія іншыя.

Аграгарадок

Знешне воблік сённяшніх Капліч не мае нічога агульнага з тым, што назіралі прыехаўшыя сюды на працу ў мінулым стагоддзі Міхаіл Чайкоўскі,  Яўген Талочка, Васіль Кулакоўскі і многія іншыя. Па цэнтральнай і многіх іншых вуліцах пракладзена асфальтная дарога, вядзецца будаўніцтва жылля, разбудаваўся цэнтр вёскі, аздоблены офіснымі і гандлёвымі будынкамі, усім неабходным для нармальнага жыцця. Калі ўязджаеш у Каплічы з боку Калінкавіч, непадалёк ад цэнтра з правага боку размясціўся будынак і двор Капліцкага лясніцтва, якое ўтварылася 5 студзеня 1961 года, крыху далей з левага боку — будынкі Капліцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. За ёй ідуць будынкі комплекснага прыёмнага пункта, гандлёвы цэнтр, насупраць лазня, правей -абеліск загінуўшым воінам і аднавяскоўцам. Цераз дарогу ад лазні па праваму боку — урачэбная амбулаторыя (дарэчы ФАП у вёсцы адкрыўся яшчэ ў 1938 годзе). Насупраць у адным двухпавярховым архітэктурным ансамблі — Дом культуры, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, кантора сельгаспрадпрыемства. Побач — будынак сельсавета, у якім размешчаны і аддзяленне паштовай сувязі і аддзяленне філіяла «Беларусбанк», цераз дарогу — дзіцячы садок, які адкрыўся ў 1969 годзе. Ёсць у вёсцы бібліятэка і глядзельная зала.

Пасля чарнобыльскай катастрофы ў Каплічы перасялілі з забруджанай зоны некалькі дзясяткаў сямей, для чаго былі ўзведзены 50 мураваных дамоў катэджнага тыпу.

У 2007 годзе Каплічы сталі аграгарадком. У вёсцы сёння ёсць усе магчымасці добра жыць і працаваць, з упэўненасцю глядзець у будучае. На сёння тут у 238 дварах пражывае 592 жыхары.

Каплічане ганарыліся і ганарацца сваімі землякамі, якія дасягнулі значных вышынь у калісьці выбраным жыццёвым шляху.

Сярод выпускнікоў Капліцкай сярэдняй школы — былы рэктар Мазырскага педінстытута, прафесар Дударэнка Уладзімір Аляксандравіч, выкладчык Гомельскага кааператыўнага інстытута Макушынская Тамара Рыгораўна, кандыдат тэхнічных навук, палкоўнік Каваленка Віктар Рыго-равіч, палкоўнік Стрэльчанка Яўген Васільевіч, кандыдат гістарычных навук Іваненка Аляксандр Еўдакімавіч, кандыдат . філалагічных навук Шчарбенка Надзея Іванаўна, урач Пінчук Пётр Іванавіч, выкладчык Ашмянскага тэхнікума Корзун Ніна Яўгенаўна, многія іншыя прафесіяналы сваёй справы.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.