Замосце

 

Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна
Зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б’ецца
Перапёлкай шэрай.
У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця
Выраі вяртае.
Рыгор Барадулін.

 Тая вёска, што за мостам

Затуленая з усіх бакоў лясамі, яна шырока раскінула свае вуліцы ў 10 кіламетрах ад шашы Гомель-Брэст. А да лясоў, як ахапіць вокам, вакол вёскі — палі і лугі. Гэта — справа працавітых нястомных рук не аднаго пакалення замасцянаў — продкаў тых вяскоўцаў, якія жывуць тут у нашы дні. У 70-я гады мінулага стагоддзя Замосце — адзін з самых шматлюдных населеных пунктаў раёна: у вёсцы тады пражывала больш за тысячу чалавек. Сёння тут 223 гаспадаркі і 380 жыхароў. Яшчэ дзесяць гадоў таму назад гэтыя лічбы былі большымі — 245 гаспадарак і 478 жыхароў. I просты падлік паказвае, што калі падобная дынаміка захаваецца і надалей, то праз два-тры дзесяцігоддзі…

Вучоныя сцвярджаюць, што ва ўсім вінавата урбанізацыя. Кажучы папростаму, рост гарадоў. Перад Вялікай Айчыннай вайной у беларускіх гарадах жылі толькі 1,8 млн. чалавек з агульнай колькасці ў 9 млн. Праз 60 гадоў, падчас апошняга перапісу насельніцтва, звыш 70% складалі гараджане. Значыць, на сяле пражывала каля 3 млн. чалавек з агульнай колькасці ў 10 млн.

Вёска — нашы вытокі. Яна заўсёды была не толькі крыніцай нашай духоўнасці, але і дэмаграфічнай бяспекі. Менавіта за кошт перасялення вяскоўцаў у гарады назіраўся рост апошніх. А што бывае, калі крыніцы затухаюць, тлумачыць не трэба. I праз тыя ж два тры дзесяцігоддзі жыллё ў сучасных аграгарадках будзе карыстацца куды больш высокім попытам, чым у тлумных мегаполісах з насельніцтвам у паўтара-два мільёны чалавек. Гэта будзе. Таму што прырода не церпіць пустаты, у тым ліку і прырода чалавечая.

Але гэта ў будучым. А мы жывём сёння, якое мае свае вытокі ў мінулым.

Замосце — значыць, за мостам. А мост гэты з’явіўся тут невядома калі. Праўда, вясковыя старажылы ўзгадвалі, што вакол вёскі спакон веку былі непраходныя балоты, побач працякала невялікая рачулка. Але з часам і яна забалоцілася, наваколле ператварылася ў гіблае месца. I тады на дапамогу людзям прыйшла меліярацыя. Прыкладна ў 1877 г. з’явіўся канал Закаванка. Тая самая Закаванка, якая і сёння нясе свае воды каля Лозак, праз Малыя Аўцюкі, каля Сырода і Гулевіч, і ўліваецца ў Прыпяць. Магчыма, у дзяцінстве сядзеў на беразе рэчкі замасцянскі хлопчык Якім Рэпіч, глядзеў, як звонка бруіцца ў ёй вада, і марыў пра далёкія краіны. I так сталася, што мара яго ажыццявілася. Не адзін год плаваў ён на караблі па марах і акіянах, пабываў шмат у якіх экзатычных землях, а пасля, як вярнуўся ў родную вёску, расказваў землякам самыя неверагодныя гісторыі. Асабліва любілі слухаць Якіма дзеці. І нельга было іншы раз зразумець, ці праўду гаворыць Якім, ці прыдумляе, бо, кажуць, не было ў ваколіцы ніводнай кнігі, якую б ён не прачытаў. Для пераправы праз канал пабудавалі мост. Ад яго, маўляў, і пайшла сучасная назва вёскі, у якой на той час налічвалася не больш за 15 двароў.Толькі канал, найверагодней, існаваў тут і раней — яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Вось чаму вёска і яе ваколіцы згадваюцца ў дзяржаўным справаводстве тагачаснай дзяржавы пад 1632 г. — у канфірмацыйным прывілеі караля Жыгімонта III Валер’яну Вольскаму на сяло Замосце. У названым прывілеі гаворыцца, што тры браты Радкевічы, якія перадаюць замосцеўскія ўладанні Вольскаму, атрымалі іх ад караля Жыгімонта II Аўгуста. Значыць, вёска існавала ў яго часы, г.зн. у 1529-1572 гг. Вось і атрымліваецца, што Замосцю, па меньшай меры, чатыры з паловай стагоддзі. I гэта — па пісьмовых крыніцах. А калі ўспомніць, што ва ўрочышчы Гарадок былі знойдзены старажытныя каменныя прылады і вырабы, то можна смела заявіць: чалавек аблюбаваў гэтыя мясціны ў даўнія-прадаўнія часы. Бліжэй да нашага часу, у 19-20 стагоддзях тут гаспадарылі памешчыкі Абрамовічы, Рудзееўскія і Манцэвічы. Нараджаліся, раслі, жаніліся і выходзілі замуж, працавалі і паміралі замасцяне тут, на сваёй роднай зямлі. Займаліся земляробствам. Для павелічэння ворыўнай зямлі высякалі лес, які, кажуць, купцы вазілі ў Азарычы на продаж, а адтуль сплаўлялі яшчэ далей, можа, нават і за мяжу. У выхадныя і святочныя дні сяляне — хто пехатой, хто на калёсах — накіроўваліся ў Насавічы, у прыходскую Крыжаўздзвіжанскую царкву, да якой былі прыпісаны. Туды ж, у Насавічы, асобныя заможныя сяляне адпраўлялі сваіх дзетак у царкоўна-прыходскую школку навучацца грамаце. Паступова вёска прырастала новымі вуліцамі, таму што расло насельніц­тва. Стагоддзе таму назад, у 1909 г., у Замосці было ўжо 118 двароў і 806 жыхароў.

А потым надышло 20 стагоддзе. Калі і сюды, у глыбінку Палесся, дакацілася вестка пра адрачэнне цара, сярод вяскоўцаў пачаліся хваляванні. Сваю незадаволенасць яны выказвалі па-сялянску: секлі панскі лес, пасвілі сваю жывёлу на панскіх палетках. Але так працягвалася нядоўга. У 1918-1920 гг. у краі гаспадарылі спачатку немцы, затым палякі. У барацьбе супраць акупантаў і контррэвалюцыі ўдзельнічалі і замасцяне — Яўціхій Кузьміч Рэпіч, Патап Міхайлавіч Торап, Гардзей Яфрэмавіч Торап, Цімафей Ануфрыевіч Піліпейка, Емяльян Яфрэмавіч Торап, Дзмітрый Яфімавіч Лыза, Рыгор Яфрэмавіч Торап і іншыя.

Неўзабаве ў вёску прыйшла но­вая ўлада — савецкая. Што гэта за ўлада і чаго яна хацела, сяляне зразумелі вельмі хутка. У 1922-м у вёсцы быў створаны сельсавет, старшынёй якога стаў Клім Паўлавіч Крот, сакратаром — Рыгор Сільвестравіч Рэпіч. Пры сельсавеце дзейнічаў камбед (камітэт беднаты) у складзе Філімона Навумавіча Торапа, Данілы Клімавіча Крата і Кірылы Нікіфаравіча Торапа, з’явілася першая камсамольская ячэйка. У яе запісаліся Арсень Карнеевіч Торап, Кірыл Максімавіч Торап, Сяргей Яфрэмавіч Торап, Міхаіл Сафронавіч Рэпіч, Васіль Аляксандравіч Торап. Арсень Торап працаваў загадчыкам вясковага клуба, адкрытага па ініцыятыве савецкай улады. Першымі арганізатарамі савецкай улады сталі таксама Цярэнцій Тарасавіч Торап і Зэльман Айзікавіч Бухман.

С пачатку новая ўлада правяла  землеўпарадкаванне, і гэта спадабалася не ўсім сялянам. Праводзячы лінію бальшавіцкай партыі на сяле, партыйцы і актывісты пачалі агітаваць вяскоўцаў за стварэнне калгасаў. Цяжка было зразумець замасцянам, як гэта можна амаль трыста двароў аб’яднаць у адну гаспадарку. Былі ж сярод іх здольныя, руплівыя, майстравітыя, у каторых усякая работа ў руках спорылася. А былі і адпетыя лежні, няздольнікі і прапойцы. Як жа з такімі разам весці гаспадарку і атрымліваць аднолькава?

Пачатак змрочных часоў добра запомніў Аляксандр Лявонцьевіч Торап — ветэран вайны і працы, сведка тагачасных падзей: «У хаце-чытальні паўнютка людзей. У прэзідыуме два міліцыянеры і старшыня сельсавета. На стале перад адным з міліцыянераў ляжыць рэвальвер. Пачынаюць з «угавораў» сялян самастойных, дамавітых, гаспадарлівых. Разлік просты — пойдуць яны, пойдуць і бяднейшыя.

—Дзядзька Яўтух, будзеш уступаць у калгас? — катэгарычна пытае старшыня.

Яўтух стаіць, камячыць у руках самаробную аўчынную шапку.

—Як людзі, так і я.

—Людзі няхай за сябе гавораць, а ты — за сябе.

—Я і кажу за сябе.

—Ты што, дзед, супраць Савецкай улады, супраць Леніна, які вам зямлю даў?

—Ленін даў, а вы забіраеце, — раптам чуецца з натоўпу.

—Хто гэта там такі смелы? — ускідваецца старшыня.

Праз некалькі дзён арыштавалі Яўсея Торапа, падазраванага ў крамоле. I вярнуўся ён у родную вёску толькі праз 26 гадоў. Пяцярых дзяцей гадавала жонка Дар’я. (Далёка ад родных мясцін не адзін год правялі і іншыя замасцяне, а трое з іх — Пётр Сідаравіч Торап, Патап Міхайлавіч Торап і Якаў Васілевіч Торап — згінулі ў той змрочны час.) На наступных сходах сяляне сталі больш згаворлівымі. А тых, хто ўпарціўся, аблажылі «цвёрдымі заданнямі». Так што да 1932 г. Замосце стала вёскай суцэльнай калектывізацыі. Калгас назвалі «Чырвоная Ніва», а ў размовах паміж сялянамі з’явіліся такія выразы, як «падкулачнік», «шаптун», «цвярдалобы», «кулацкі прыхвасцень».

Прыціхла вёска. Без усякага задавальнення людзі хадзілі на работу, зараблялі палачкі-працадні, а ў канцы года амаль нічога не атрымлівалі. А затым настаў год 33-ці. Многія тады галадалі, кралі з катлоў на свінаферме кармавыя буракі. З голаду людзі біліся за поліўку з лебяды і бацвіння, за кавалак ад здохлай калгаснай клячы, кралі бульбу, якая толькі зацвітала, лавілі птушак і патрашылі іх гнёзды. Той жа Аляксандр Лявонцьевіч Торап успамінаў, як цягліся ўздоўж чыгункі апухлыя з галадухі украінцы, як паміралі на адхонах чыгуначнага насыпу… У хуткім часе з магазінаў зніклі прамысловыя тавары, і людзі даношвалі апошняе адзенне, якое ў многіх ператварылася ў рыззё. А калі і завозілі які тавар, чэргі былі такімі, што людзі ў іх нярэдка душыліся — у прамым сэнсе слова. «Летам на сенакос у нашу брыгаду прыехаў «чорны воран». Забралі шэсць чалавек і паехалі ў другую брыгаду. Там арыштавалі яшчэ пяць калгаснікаў. У вёсцы і на хутарах арыштавалі яшчэ чалавек дзесяць. З іх у 50-я гады ў вёску вярнуліся толькі двое — Іосіф Гаўрылавіч Торап і Патап Паўлавіч Крот. Першы з іх расказваў мне, што пад страхам катаванняў падпісаў чысты бланк пратакола допыту. Усяго ж з нашай вёскі Замосце арыштавалі, вывезлі або саслалі каля сямідзесяці чалавек. З раскулачаных вярнуўся толькі Фядос Торап — надломлены, фізічна і псіхічна хворы чалавек. Так мая вёска пазбавілася значнай часткі сваіх жыхароў — самых лепшых, самых працавітых, самых здольных. Людзі аралі, сеялі, касілі, збіралі ўраджай, але гэта ўжо была не работа вольных хлебаробаў, а запрыгоненых сялян, якія амаль нічога за сваю працу не атрымлівалі.

Аднак падобная трактоўка тагачасных падзей была б няпоўнай і аднабокай. Таму што былі на вёсцы людзі, што пайшлі ў калгас. Сярод тых, хто запісаўся першым, былі Яўсей Мінавіч, Антон Мінавіч і Хіма Мінаўна Рэпічы, Емяльян Зіновіч, Ігнат Сцяпанавіч Цяцерыч, Іосіф Мікітавіч Торап, Сямён Філіпавіч Торап, Клім Яфімавіч Торап, Ілья Ігнатавіч Торап. Галоўным арганізатарам  і старшынёй калгаса стаў Ігнат Сцяпанавіч Цяцерыч. У 30-я гады, калі па ўсёй краіне разгарнуўся «стаханаўскі рух», першымі калгаснымі «стаханаўцамі» сталі Ганна Дзмітрыеўна Краўцова і Іван Сямёнавіч Торап. Іх і паслалі ад калгаса ў Маскву на з’езд «стаханаўцаў».

Яшчэ адна чорная навала абрынулася ў 1941-м. За два з паловай гады акупацыі вораг знішчыў 75 двароў, загінула 20 вяскоўцаў. I сярод іх — сям’я няшчаснага яўрэя Гольдмана, які быў здольным шаўцом, шыў пад заказ выдатныя боты і чаравікі, працаваў конюхам у калгасе. Немцы забілі Гольдмана, яго жонку, сына Моўшу і дзвюх дачок-прыгажунь. Яшчэ больш двухсот замасцянаў ва ўзросце ад 17 да 50 гадоў пайшлі на фронт і ў партызаны, каб са зброяй у руках змагацца супраць акупантаў. Народнымі мсціўцамі сталі школьны настаўнік Адольф Іванавіч Маліноўскі, мясцовыя жыхары Міхаіл Аляксеевіч Крот, Уладзімір Яўсеевіч Торап, Фёдар Аўрамавіч Садоўскі, Іван Рыгоравіч Торап, Мікалай Сафронавіч Цяцерыч, Аляксей Васілевіч Торап і іншыя. Некаторыя з іх, як першы вясковы камсамолец Арсень Торап, пазней уліліся ў склад рэгулярнай арміі і працягвалі змагацца з ворагам.

Арсень Карнеевіч дайшоў да Берліна. У Берлін прывялі франтавыя дарогі і Таццяну Ільінічну Крот. У 1943-м яе, маладую дзяўчыну, мабілізавалі ў армію. Служыла яна ў гаспадарчай роце на II Беларускім фронце, працавала ў прачачнай. Толькі восенню 45-га вярнулася яна ў родную вёску. А тут — ні кала ні двара. Хата згарэла, не было дзе прытуліцца. Жыццё было неверагодна цяжкае, галоднае. Але была радасць перамогі над ворагам і невымерны аптымізм, радасць і вера ў светлую будучыню. Паступова і жыццё-быццё наладзілася. Таццяна Ільінічна выйшла замуж, нарадзіла чатырох дачок, да пенсіі працавала жывёлаводам у калгасе.

Але больш за 160 замасцян дадому так і не вярнуліся. Ляжаць яны ў брацкіх магілах каля Керчы, пад Ленінградам, у Смаленскай, Віцебскай і Валынскай аб­ласцях, у Эстоніі, Усходняй Прусіі, Польшчы і Германіі, а таксама на тэрыторыі Калінкавіцкага і былога Васілевіцкага раёнаў. Варажун, Гапоненка, Крот, Ракаед, Рэпіч, Торап, Цяцерыч… Іх нашчадкі і нашчадкі іх нашчадкаў і сёння жывуць у вёсцы. Яны шануюцы памяць не толькі пра сваіх землякоў, але і пра тых 130 байцоў Савецкай Арміі, што вечным сном паснулі ў брацкай магіле на вясковых могілках. Як шануюць памяць пра сяржанта Малькова, чыя магілка прытулілася да старой вярбы ў цэнтры вёскі. Кажуць, над гэтай магілкай доўгі час мігцелі быццам два агеньчыкі, палохаючы запозненых прахожых. I толькі пасля царкоўнага адпявання нябожчыка агеньчыкі зніклі і перасталі пужаць вяскоўцаў.

Нягледзячы на самыя розныя гістарычныя перыпетыі, замасцяне выжылі. I жывуць. На Сяле (вул. Сельская), на Пяску (вул. Цэнтральная), у Кутку (вул. Зайцава), на Зялёнцы (вул.Зялёная), на Казаках (вул. Паркавая), на Бушаўцы (вул. Крестьянская), на Падмосці (вул. Камуністычная). Ужо чацвёртае пакаленне вяскоўцаў вучыцца ў мясцовай школе. Яе гісторыю ўзнавілі ў свой час па ўспамінах Сідара Якаўлевіча Крата і Рыгора Міхайлавіча Крата. Двухкласная школа адкрылася ў Замосці ў 1900 г. Першай настаўніцай працавала Анастасія Смірнова — дачка дзяка Насавіцкай царквы. Плату настаўніцы і за наёмнае памяшканне ўносілі бацькі вучняў. Пасля рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гг. настаўнікам працаваў Мікіта Піліпейка, родам таксама з Насавіч. А ў 1920-м у вёсцы адкрылася школа I ступені. У ёй працавалі дзве настаўніцы — Г. К. Нікіфарава і I. Бабарыкіна. Пры школе дзейнічаў пункт ліквідацыі няграматнасці, у якім выкладаў Леанід Пятровіч Анцукевіч. Многае пра тагачасныя адносіны да асветы гаворыць выпіска з пратаколу пасяджэння Замосцеўскага сельсавета. Настаўнік Анцукевіч скардзіўся, што з 40 чалавек пункт ліквідацыі няграматнасці (лікбез) наведвалі толькі 25. Прычына — маці не пускалі дзяцей, асабліва дзяўчат, аддаючы перавагу хатняй рабоце.

З часоў белапольскай акупацыі захаваўся цікавы дакумент — «Акт школьнага савета Замосцеўскай школы I ступені Васілевіцкай воласці Рэчыцкага павета Гомельскай губерніі аб шкодзе, учыненай будынку падчас акупацыі». У ім гаворыцца, што падручнікі ў колькасці 395 штук парвалі салдаты, як і 156 кніг для пазакласнага чытання; 280 кніг з хаты-чытальні і тры школьныя сталы звезлі жандармы; былі знішчаны 8 парт, 4 табурэткі, школьная агароджа, класная дошка, класныя журналы і школьныя справы, дзве шафы для посуду і 19 аконных шыбаў; украдзены дзве бронзавыя лямпы і адна кухонная, дзве жасцяныя кружкі і адна эмаліраваная, два цынкаваныя вядры і сякера.

У 1938 г. у Замосці адкрылася сямігодка. Яе першы выпуск адбыўся ў чэрвені 1941-га. Адразу пасля вызвалення вёскі пачала дзейнічаць пачатковая школа, загадчыкам якой быў Адольф Іванавіч Маліноўскі. Ён выкладаў у  школе гісторыю яшчэ ў 30-я гады. Гэты строгі, патрабавальны і справядлівы чалавек аддаў школьнай адукацыі 34-гады. Многія замасцяне старэйшага пакалення і сёння ўзгадваюць яго добрым словам. Як і яго дачку, Марыю Адольфаўну, працоўная біяграфія якой таксама звязана з настаўніцтвам.

Тут нельга не сказаць некалькі слоў пра мужа Марыі Адольфаўны -Канстанціна Фёдаравіча Ціхіню, чалавека працавітага, адданага роднай зямлі. Сам ён родам з Селішча, але сямігодку заканчваў ў Замосці. Ды і амаль усё жыццё яго прайшло тут.

Пасля школы працаваў у мясцовым калгасе, затым чатыры гады (1956-1960) служыў тэрміновую — у штабе арміі ваенна-паветраных сіл у Ленінградзе, у той жа часці, што і тройчы Герой Савецкага Саюза Кажадуб. У армейскім альбоме Канстанціна Фёдаравіча ёсць здымак: ён прымае з рук легендарнага лётчыка спартыўнае пасведчанне (Кажадуб з’яўляўся старшынёй спорткамітэта Ленінградскай ваеннай акругі, а Ціхіня — нядрэнным спартсменам). Пасля арміі Канстанцін Ціхіня абраў для сябе адзіна верную прафесію — паступіў у Рудакоўскае вучылішча механізацыі. Працаваў у будаўніча-мантажным упраўленні (БМУ), але хутка вярнуўся ў вёску, сеў за рычагі трактара ДТ-54. Пазней працаваў памочнікам камбайнера, а ў хуткім часе самастойна сеў за штурвал камбайна С4М. На землях, якія асушаў, працуючы ў БМУ, ён цяпер убіраў хлеб. Гэта была цяжкая праца, але яна прыносіла намнога больш задавальнення хлебаробам. Канстанцін Фёдаравіч працаваў на камбайнах СК-4, СК-5 «Ніва», Дон-1500. За 45 гадоў бездакорнай работы ён неаднаразова станавіўся «Ударнікам камуністычнай працы» і «Пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва»,  абіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, з’яўляўся пастаянным дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. На яго грудзях красуе заслужаны ордэн Працоўнай Славы III ступені.

Неўзабаве Канстанціну Фёдаравічу споўніцца 72 гады. Але ён не сядзіць без справы. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак праўленне калгаса падарыла яму трактар. Дагледжаная тэхніка заўсёды на хаду. У гарачую пару, калі ёсць неабходнасць, заслужаны механізатар дапамагае роднай гаспадарцы. А ў вольную хвіліну ён бярэ ў рукі баян, каб нагадаць сваёй любай і назаўсёды адзінай Марыі Адольфаўне шчымліва знаёмыя мелодыі іх маладосці. У 1962 г. яны распісаліся, нарадзілі трох сыноў, дачакаліся трох унукаў. I дай ім Бог здароўя, моцы і бадзёрасці яшчэ на многія гады…

У 1956 г. у вёсцы адкрылася сярэдняя школа. Яе дырэктарам быў прызначаны Фёдар Іванавіч Чумакоў. Праз два гады адбыўся першы выпуск сярэдняй школы — 11 вучняў. А ў 1979 г. побач са старым будынкам вырас новы — цагляны будынак тыповай сярэдняй школы. Тры гады яе ўзначальваў Павел Васілевіч Цюсцін. На пасадзе дырэктара яго змяніў Барыс Міхайлавіч Каласоўскі. Разам з жонкай Валянцінай Сяргееўнай, маладымі выпускнікамі ВНУ, яны прыехалі на працу ў Замосце. На жаль, Барыса Міхайлавіча ўжо няма сярод нас, а Валянціну Сяргееўну яшчэ і сёння можна сустрэць у сценах школы, якая назаўсёды стала для яе роднай. Замосцеўскую школу закончылі іх дзеці — Аляксандр, Сяргей і Таццяна. Да нядаўняга часу Аляксандр узначальваў працоўны калектыў школы.

Так што бягучы год для школы юбілейны — 30-ы.

За гэты час многія выпускнікі атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць па абраных прафесіях. Гэта Павел Крот, Сяргей Ціхіня, Юрый Крот, Уладзімір Мацюшэнка, Ларыса Доўжык, Леанід Лаўшук, Валянціна Ракаед, Сяргей Торап, Вера Торап, Мікалай Піліпейка, Алена Пырко, Елкаіда Цяцерыч, Уладзімір Зіновіч, Аляксей Малашчанка, Валерый Лаўшук, Аляксандр, Сяргей і Таццяна Каласоўскія, Святлана Краўцова, Уладзімір Лазовік, Сняжана Судас, Аляксандр Кацюшэнка іншыя.

З 1979 г. настаўніцай пачатковых класаў працуе таксама Алена Лявонцьеўна Крут. Разам з мужам Мікалаем Іванавічам, гісторыкам па адукацыі, яны прыехалі сюды працаваць, і Замосце стала для іх другой радзімай. Тут у іх нарадзіліся сыны Аляксандр і Мікалай, якія закончылі Замосцеўскую школу, атрымалі вышэйшую адукацыю і ўжо крочаць па жыцці самастойнымі дарогамі. Аляксандр — настаўнік, выкладае інфарматыку ў адной са школ Петрыкаўскага раёна, Мікалай жыве ў Рэчыцы, з’яўляецца супрацоўнікам міліцыі, маёр.

Сёння ў Замосці дзейнічае вучэбна-вытворчы комплекс «Дзіцячы сад-сярэдняя школа». У ім 76 школьнікаў і 14 дзетак ад двух да шасці гадоў у дзіцячым садзе. Застануцца яны ў вёсцы ці разляцяцца па гарадах сінявокай Беларусі, пакажа час. Адзінае можна сказаць з упэўненасцю: на ўсё жыццё яны захаваюць у сваіх сэрцах бязмежную любоў да роднай вёскі і чулае замілаванне яе краявідамі.

Будні дзень, да таго ж з непагаддзю (у дзень, калі мы наведаліся ў вёску, была завіруха), не самы лепшы час для знаёмства з навакольнай прыгажосцю і сустрэч з людзьмі. У такое надвор’е яны ўважаюць за лепшае сядзець па хатах і без пільнай патрэбы не выходзіць на вуліцу. I ўсё ж ёсць месцы, дзе можна сустрэць вяскоўцаў. Адно з іх — пошта. Яна размясцілася ў драўляным будынку былога клуба пад адным дахам з комплексным прыёмным пунктам і ветучасткам. Тут жа мы сустрэлі мясцовую паштальёнку. Галіна Іванаўна Ракаед не толькі дастаўляе аднавяскоўцам газеты, часопісы і карэспандэнцыі, але і займаецца ў вольны час рукадзеллем. Раней яна вышывала гладдзю, а апошнія гады тры ўпадабала вышыўку крыжыкам. Галіна Іванаўна з задавальненнем прадэманстравала нам сваё рукадзелле.

У цяперашні час на сяле мала хто займаецца рукадзеллем, з нашай мовы паступова знікаюць такія словы, як «ставіцы», «бёрда», «набіліцы», «ніты», «навоі», «панажы». Усё гэта часткі аднаго цэлага — красён — ткацкага станка з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах. А, здаецца, яшчэ зусім нядаўна ці не ў кожнай хаце з восені да самай вясны ляпалі набіліцы, падганяючы нітку да ніткі ў аснову. Рукамі вясковых жанчын ствараліся не проста патрэбныя рэчы для хатняга ўжытку, а сапраўдныя творы мастацтва.

А яшчэ замасцяне заўсёды любілі добрыя песні, умелі і ўмеюць іх спяваць. Такія ж творы мастацтва былі і ў драўляным дойлідстве. Людзі не проста ставілі хату, а стараліся аздобіць яе, упрыгожыць. Таму нельга было не звярнуць увагу на ліштвы вокнаў замасцянскіх хат. Вытокі іх непаўторных узораў у выглядзе чалавечай (жаночай) фігуркі і двух крылатых конікаў-аленяў па баках, калі верыць акадэміку Рыбакову, сягаюць у глыбокую праславянскую старажытнасць. Гэта — увасабленне бога Рода і багінь-рожаніц. У дахрысціянскія часы нашы продкі шанавалі Рода як усемагутнага бога  Сусвету, які ўладарыў над верхнім (нябесным), сярэднім (прырода і чалавек) і ніжнім (падземным) светамі. Пастаяннымі спадарожнікамі Рода з’яўляліся дзве рожаніцы — багіні ўрадлівасці і дабрадзенства. У гонар іх нашы продкі ладзілі ўрачыстыя піры і «клалі трэбы» (прыносілі ахвяры). Свята ў гонар Рода адзначалася штогод 8 студзеня, у гонар рожаніц — 22 верасня. У першым выпадку гэта наступны дзень пасля Ражства Хрыстова, у другім -пасля Ражства Багародзіцы. Яшчэ ў 18 стагоддзі ў асобных месяцах сяляне захоўвалі памяць пра старажытных багоў і багінь, спраўлялі ў іх гонар святы. Але ў 19 і 20 стагоддзях ні людзі, ні майстар, які выразаў тыя фігуркі на ліштвах, ужо не ведалі і не разумелі іх сапраўднага сэнсу. Майстар рабіў так па традыцыі, якую пераняў у спадчыну ад папярэднікаў.

А яшчэ замасцяне заўсёды любілі добрыя песні, умелі і ўмеюць іх спяваць.

Сярод рэдкіх прахожых сустрэлі мы дзвюх жанчын, якія павольна крочылі па вуліцы. Яўгенія Харытонаўна Крот з нябожчыкам мужам Уладзімірам Міхайлавічам таксама ўсё жыццё працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Вось ужо 16 гадоў, як яна ўдава. Праз год пасля мужа на той свет пайшоў і сын. Вось такая яе жаночая доля. Адзіная дачка цяпер жыве ў Маскве. Цяперашняя яе заклапочанасць — некалькі курак у двары, і тыя павадзіўся тхор душыць. Ніякага паратунку няма. Вось і гэтай раніцай яна агледзела ўрон. Але пры ўсіх неспрыяльных акалічнасцях Яўгенія Харытонаўна не страціла здольнасць да добрага жарту і гумару.

Кацярына Сямёнаўна Доўжык — былая настаўніца. У 1960-м прыехала яна ў Замосце на работу па размеркаванні, 44 гады працавала ў школе і даўно стала сваёй у вёсцы. Не адно пакаленне выпускнікоў Замосцеўскай школы з дапамогай Кацярыны Сямёнаўны пасцігала азы нямецкай мовы. Камусьці тыя веды спатрэбіліся, таму што настаўнікам Кацярына на Сямёнаўна была сапраўдным, веды давала грунтоўныя. Шмат гадоў яна з’яўлялася класным кіраўніком, сярод яе выпускнікоў Уладзімір Жарало — начальнік Беларускай чыгункі і сенатар, Рыгор Конеў — хірург, іншыя таленавітыя людзі, якія сёння жывуць у розных кутках былога Савецкага Саюза.

У цэнтры вёскі стаіць рубленая хата са счарнелым бярвеннем, пазірае на вуліцу пустымі ваканіцамі. Менавіта з яе пачалася дарога ў самастойнае жыццё Рыгора Макаравіча Торапа. У Замосці ён нарадзіўся, закончыў мясцовую сямігодку і падаўся ў далейшую навуку. Марыў хадзіць па марах-акіянах, як некалі хадзіў па іх Якім Рэпіч. Аднак не збылося. Пазней Замосце сыграла ў яго асабістым лёсе яшчэ адну важную ролю — тут ён сустрэў сваю другую палавінку. Маладым спецыялістам-медработнікам прыехала Валянціна Рыгораўна ў вёску, дзе і пазнаёмілася з Рыгорам Макаравічам.

Сваімі шляхамі-дарогамі ў вялікае самастойнае жыццё пайшлі адсюль Міхаіл Рыгоравіч і Фёдар Рыгоравіч Рэпічы. Першы з іх быў удзельнікам партызанскага руху, пасля вайны працаваў у чыгуначнай арганізацыі, а пазней многія гады служыў у органах дзяржбяспекі. Другі абраў прафесію, звязаную з рачным флотам, працаваў на розных пасадах, дарос да намесніка рачнога флоту РСФСР

Сярод знакамітых замасцянаў пачэснае месца займае імя Рыгора Нікіфаравіча Ракаеда — Героя Сацыялістычнай Працы. Хата, у якой ён з’явіўся на свет, і сёння стаіць на Сяле — па вуліцы Сельскай. Побач — хата яго малодшай сястры Вольгі, якая ўсё жыццё пражыла ў роднай вёсцы. У бацькоў іх было шасцёра. Вольга Нікіфараўна нарадзілася пасля Міхаіла і Рыгора, была старэйшай дачкой ў сям’і. Самыя жахлівыя часы перажылі пад акупацыяй і адразу пасля вайны. Так што шчаслівага дзяцінства, лічы, і ў вочы не бачылі. Чатыры класы толькі і закончыла Вольга Нікіфараўна, а

13-гадовай дзяўчынкай ужо пайшла самастойна зарабляць кавалак хлеба. Нялёгкі то быў кавалак: 9 гадоў працавала на чыгунцы, цягала рэльсы і ўкладвала шпалы. Пасля вярнулася ў калгас, дзе і працавала да пенсіі. Сярод шматлікіх канвертаў, паштовак і папер яна так і не знайшла той медаль, якім яе адзначылі за шматгадовую добрасумленную працу. З вялікай сям’і Ракаедаў у Замосці жыве яшчэ сястра Вольгі Нікіфараўны — Моця, у Мазыры — брат Іван, у Калінкавічах — сястра Надзя.

Замосце і суседнія вёскі — дзіўны і непаўторны куток нашага краю. I найбольш слаўны ён сваімі людзьмі — здольнымі, таленавітымі, працавітымі. Менавіта гэты край даў ажно тры Героі Сацыялістычнай Працы: у Замосці нарадзіўся Рыгор Нікіфаравіч Ракаед, у Гліннай Слабадзе — Іван Рыгоравіч Пырко, а Нахаў — малая радзіма Уладзіміра Данілавіча Юрчанкі. З чатырох дзяцей украінскіх перасяленцаў Данілы Рыгоравіча і Соф’і Яўціхаўны ён быў адзіным хлопцам. Да вайны вучыўся ў Нахаўскай школе, дзе настаўніцай працавала Соф’я Данілаўна Верамейчык. Адразу пасля вызвалення 16-гадовы Валодзя Юрчанка быў мабілізаваны, працаваў пры вайсковай часці ў ахоўнай камандзе. Са зброяй у руках ён ахоўваў чыгуначныя аб’екты,  а таксама зернесклады і іншую калгасную маёмасць, нават жыта ў снапах на полі. У тыя дні нярэдка здаралася, што ў наваколлі блукалі, хаваючыся, і былыя паліцаі, і злачынцы, і дэзерціры. Таму камандзе загадалі пільна сачыць за ўсімі незнаёмымі і неадкладна паведамляць у ваенную камендатуру. Як-ніяк, вёска знаходзілася ў прыфрантавой паласе, а станцыя мела важнае стратэгічнае значэнне.

У 1948-м Уладзімір Юрчанка закончыў паскораныя курсы аграномаў, працаваў у Нахаўскай МТС, якая тады налічвала толькі тры трактары.

 (Пазней ён завочна закончыць заатэхнікум і Горкаўскую акадэмію па падрыхтоўцы кіруючых работнікаў). У 1950-м яго прызвалі ў армію. Чатыры гады на Балтфлоце — і ён вярнуўся да мірнай працы. Працаваў аграномам «Сортсемовощ». Кантора знаходзілася ў Хойніках. Але ў абавязкі Уладзіміра Данілавіча ўваходзіў кантроль за работай з насеннем у калгасах Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў. Тэхнікі тады не было, вось і хадзіў ён пехатой ад аднаго калгаснага стана да другога, за дзень праходзіў па 50 км. У 1956 г. яму прапанавалі пасаду галоўнага эканаміста сельгасаддзела пры Васілевіцкім райвыканкаме, і ён пагадзіўся. Гэта было значна бліжэй да Нахава, дзе жылі быцькі. У роднай вёсцы ён сустрэў сваю Мальвіну Антонаўну, якая прыехала працаваць прадаўцом у магазін. Разам яны вось ужо 54 гады.

Пасля скасавання ў 1959 г. Васілевіцкага раёна Уладзімір Данілавіч асеў у Ведрычах. (Там жа жыў і другі яго знакаміты зямляк — паэт Уладзімір Верамейчык.) Пабудаваў дом, у сям’і нарадзілася дачка. Ён працаваў брыгадзірам механізаванай, а потым паляводчай брыгады. За высокія дасягненні ў раслінаводстве па выніках 8-й пяцігодкі ён быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

У жніўні мінулага года Уладзімір Данілавіч адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Яго працоўны стаж налічвае амаль паўвека. Але і сёння ён пры справе — узначальвае ветэранскую пярвічку ў Ведрычах.

Добрых вынікаў у рабоце тым часам дасягалі і яго землякі — нахаўцы і замасцяне. У 1950-м калгасы імя Кірава (Замосце), «Герой Труда» (Лозкі) і імя Варашылава (Сельцы) былі аб’яднаны ў адну гаспадарку — калгас імя Варашылава з цэнтральнай сядзібай у Замосці. Праз сем гадоў калгас перайменавалі ў «Рассвет». Гэта была адна з тых гаспадарак, якія працавалі стабільна, пастаянна павялічваючы вытворчасць асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. За высокія вытворчыя дасягненні многія калгаснікі былі : ўдастоены ўрадавых узнагарод. Кацярына Рыгораўна Трызна працавала ў калгасе свінаркай, уваходзіла ў лік лепшых жывёлаводаў раёна. Кажуць, яе вытворчым поспехам маглі б пазайздросціць нават сялянцы — жыхары в. Вялікія Аўцюкі, прызнаныя вытворцы свініны, далёка за межамі нашага раёна. Шматгадовая выніковая праца Кацярыны Рыгораўны адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Кавалерамі ордэна «Знак Пашаны» сталі яшчэ два заслужаныя работнікі гаспадаркі -механізатары Васіль Міхайлавіч Крот і Уладзімір Рыгоравіч Піліпейка. Ордэнам Працоўнай Славы III ст. адзначаны працоўныя дасягненні механізатараў Торапа і Ціхіні.

У 2001 г. калгас «Рассвет» рэфармаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў (СВК) «Закаванка». У выніку наступнай рэарганізацыі гаспадарка стала сельгасфіліялам прыватнага вытворчага унітарнага прадпрыемства «Калінкавіцкі малочны камбінат».

Пра Замосце расказаў Аляксандр ВЕКА.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.