У Хобным правялі свята вёскі

1

Стаяў майскі сонечны дзень напярэдадні Дня Перамогі. Здавалася, нават само надвор’е радуецца першаму святу вёскі Хобнае.

Па-святочнаму ўпрыгожаную імправізаваную сцэну ўстроілі каля будынка былой школы. Усё было прадумана і старанна падрыхтавана: аформлена выстаўка народных промыслаў, падабрана музычнае суправаджэнне, запрошаны госці і артысты, вялася відэаздымка. Загадзя былі згатаваны стравы народнай кухні – крывянкі, ватрабянкі, каўбасы, булкі на розны густ і смак. Тут жа пякліся аладкі, варылася юшка. Усё гэта прапаноўвалася гасцям свята за сімвалічную цану “Хто колькі дасць”.

Урачыстую частку свята адкрыў старшыня Вялікааўцюкоўскага сельвыканкама Пётр Гаркуша. А потым вядучыя нагадалі прысутным гістарыю вёскі – ад першага пісьмовага ўпамінання і да цяперашняга дня.

2

І ўспомніць было што! Як прыгонныя сяляне пераходзілі ад аднаго гаспадара да другога, як рэвалюцыя 1917 года змяніла жыццёвы лад вяскоўцаў, хто і калі ствараў першы калгас, якое гора прынесла Вялікая Айчынная вайна, як у 1950-я гады калгаснікі пабывалі на Выстаўцы дасягенняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) ажно ў Маскве, калі старшынёй гаспадаркі быў Гаўрыла Філімонавіч Карака і які быў вытворчы ўздым у часы кіраўніцтва калгасам Аляксандра Мікалаевіча Тагая, калі работнікі атрымлівалі нават трынаццатую зарплату. Тут жа на сцэну запрасілі ветаранаў працы, якія ў тыя часы атрымлівалі ўзнагароды за старанную працу. Дзякуючы кіраўніцтву мясцовага лясніцтва прэміравалі работнікаў лясной гаспадаркі. Ушанавалі на свяце таксама самую старэйшую жыхарку, сямейную пару, якая больш за паўвека разам, і маладую шматдзетную сям’ю, імянінніка, гаспадароў лепшых падворкаў, мясцовых “кулыбіных”, якія з чармету змайстравалі аўтамабіль і трактар, мясцовую аматарку народных вершаў. Для кожнай намінацыі гучалі музычныя віншаванні ў выкананні мясцовых самадзейных артыстаў.

Прагучала шчырая падзяка ў адрас сузаснавальніка свята Віктара Краўчанкі. Віктар Аляксеевіч – прадпрымальнік, жыве і працуе ў Магілёўскай вобласці, але часта наведвае малую радзіму, ніколі не адмаўляе ў падтрымцы.

3

Шчыра віталі на свяце і ансамбль народнай песні “Чапурушкі” пры ТЦСАН пад кіраўніцтвам Клаўдзіі Абібак, самадзейных артыстаў Антонаўскага СДК, якія стварылі па-сапраўднаму святочны настрой.

Закончылася свята позна вечарам дыскатэкай і феерверкам.

Ад імя жыхароў і гасцей выказваем самую шчырую ўдзячнасць арганізатару, сцэнарысту і рэжысёру-пастаноўшчыку свята вёскі Валянціне Іванаўне Дубянок – чалавеку, адказнаму, творчаму і неабыякаваму, а таксама ўсім землякам, дзякуючы якім гэта мерапрыемства стала рэальнасцю. Добрага здароўя, творчага натхнення і новых поспехаў вам, Валянціна Іванаўна! Ну, а маім аднавяскоўцам – моцнага здароўя, добрага настрою, дабрабыту і надзеі на адраджэнне вёскі. І няхай гэта свята вёскі стане першым крокам да таго, каб стаць традыцыйным!

Вера Гайкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)