Боруск

Бацькаўшчына

У 1978 г., напрыканцы вучобы ў інстытуце, у час размеркавання, у мяне быў выбар, куды падацца на работу. Многія мае аднакашнікі марылі пра Мінск, Гомель, іншыя гарады рэспублікі. А я ўбачыў у спісе Калінкавіцкі раён і заявіў: “Еду ў Калінкавічы”. Памятаю, як дэкан факультэта Уладзімір Піскун, які літаральна за некалькі дзён да гэтага сватаў мяне ў аспіранты да Івана Навуменкі ў Інстытут літаратуразнаўства, ад здзіўлення ўтаропіўся на мяне.

А я ўспомніў тады казкі дзеда Кірылы, які ў нешматлікія прыезды да нас са свайго Боруска ў Стадолічы Лельчыцкага раёна, дзе я нарадзіўся і вырас, расказваў нам, малым, пра свайго пеўня, на якім ён зімою возіць з лесу дровы, а вясной арэ поле. Мы з вялікай увагай слухалі байкі дзеда і ўяўлялі таго пеўня памерамі з добрага каня.

Прыпомніліся мне і многія байкі пра аўцюкоў і выпадкі, якія здараліся ў іх вёсках, пра што не раз расказваў мне з братамі бацька.

Уладзімір Ліпскі ў 1995 г. надрукаваў у сваёй кнізе “Аўцюкоўцы” ўспамін “Свіння-самазабойца”, у якім жыхары Аўцюкоў Марыя Васільеўна і Фёдар Цімафеевіч Дулубы расказалі:

“У нас свіння ўзлезла на царкву ды ўпала адтулека. Гэта проўда, каласок…

Бацюшку прагналі, а ў царкве зрабілі клуб. Прыехалі з райвона. Пачалі языкамі мянташыць, а ля парога іх не чутно. Дак от і вырашылі, што для клуба царква негадзяшчая. Давай туды звозіць зерне. Склад ужо зрабілі з царквы.

Неяк зайшла туды свіння. Хаіла, хаіла па вуліцы ды зайшла ў царкву. Наелася зерня і давай па драбіне тупаць уверх. Шырокія прыступкі ў той драбіны. Яна адну адолела, другую, трэцюю і залезла на званіцу. Стаіць і пазірае на Аўцюкі. Ідуць людзі па вуліцы, пачалі крычаць: “ Свіння, свіння на царкве!..”

Яна, бедная, завішчала і… скінулася.

Мы падбеглі, а яна разарваная ляжыць, а ў ёй парасяты варушацца. Паросная была”.

Дык вось пра гэтую свінню я ведаў з бацькавых аповедаў задоўга да выхаду “Аповесці пра каласкоў і калінак” Уладзіміра Ліпскага.

Мяне пацягнула на бацькаўшчыну. І я ў 1978 г. прыехаў працаваць у Калінкавіцкі раён.

Гэта, відаць, ужо з цягам часу слова бацькаўшчына сталі выкарыстоўваць у значэнні: месца, дзе нарадзіўся чалавек, ці краіна, у якой жывеш. А ў першапачатковым варыянце гэтае слова азначала месца нараджэння бацькоў.

Дык вось для мяне бацькаўшчынай у першапачатковым разуменні гэтага слова з’яўляецца Калінкавіцкі раён, у якім за 22 кіламетры на паўднёвы усход ад райцэнтра, на тэрыторыі Вялікааўцюкоўскага сельсавета, размясцілася невялічкая, дажываючая свой век вёсачка Боруск.

Менавіта тут 26 студзеня 1926 г. у сям’і нядаўняга чырвонаармейца Гарыста Кірылы Іванавіча, які, вярнуўшыся са службы ў Чырвонай Арміі, ажаніўся на аднавяскоўцы Лізавеце, нарадзіўся першынец — мой бацька Іван.

Некалі штматлюдны, гаманкі, працалюбівы і жыццярадасны Боруск сёння неяк прыціх, пастарэў, згорбіўся і апусцеў: старыя людзі пакрыху адміраюць, а маладыя падаліся ў горад.

Няма тут больш ні школы, ні магазіна, ні іншых дзяржаўных устаноў. Адно толькі, што і засталося з грамадскіх збудаванняў, дык гэта жывёлагадоўчая ферма, якую некалькі гадоў таму адрадзіў да жыцця сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Дружба-Аўцюкі” на ўскрайку паселішча.

Праўда, што дарма казаць, ёсць у барусканскіх хатах электрычнасць, ёсць аўтобусная і тэлефонная сувязь са светам, у вёску прыходзіць пошта і аўталаўка, але ў ёй ужо амаль не чуваць дзіцячага смеху – на ўсю вёску пяцёра дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. А гэта, як вядома, галоўная прыкмета адмірання вёскі.

Даўно хацеў больш дэталёва пазнаёміцца з гісторыяй Боруска, ды ўсё заміналі іншыя, больш неадкладныя справы. Але пасля чарговай размовы з малодшай сястрой бацькі, 76-гадовай Марыяй Кірылаўнай, якая ўспомніла пра вайну, узяўся за пяро і пошукі ў архівах.

Пачаў з дзядоў. Род наш, як расказалі мне малодшыя сястра і брат бацькі: Маня і Алёша, пачаўся з Гарыста Цімаха, бо ў Боруску так і звалі ўсіх нашых – Цімашковы. У Цімаха было трое сыноў: Андрэй, Іван і Мацвей.

Мой прадзед Іван з жонкай Уллянай нарадзілі семярых: Антона, Пацея, Параску, Аўдулю, Кірыла, Аляксандра і Фядору.

Мой дзед Кірыла, які нарадзіўся ў 1901 г., у пачатку 20-х гадоў служыў у крамлёўскім палку, які ахоўваў Леніна. Як і многія барусканцы, што вярнуліся ў вёску пасля тэрміновай службы ў тыя гады, ён заняўся спрадвечнай сялянскай справай: сеяў і расціў хлеб; разам з бабуляй Лізаветай нараджаў і гадаваў дзяцей.

Лізавета была пятым дзіцём у сям’і барусканца Барысенка Прохара Савіча з роду, які ў вёсцы клічуць Збароўшчынай. Разам з жонкай Тэкляй, якая ў дзявоцтве таксама паходзіла з Барысенак, нарадзілі 10 дзяцей: Марыю, Хвядору, Марыну, Яўгенію, Лізавету, Сяргея, Архіпа, Міная, Арсена і Цярэнція. У Прохаравай жонкі былі яшчэ браты Аніська і Марцін.

У сям’і майго дзеда Кірылы за маім бацькам адно за адным нарадзіліся: у 1928 г. сын Грышка, які памёр у хуткім ад нейкай дзіцячай хваробы, у 1931 г. дачка Вольга, у 1936 г. сын Пятро. У 1940 г., праз тыдзень пасля свята Пятра, у сям’і паявілася маленькая Манька, а ўжо пасля вайны, у 1947 г., Саша, якога ўсе дагэтуль у вёсцы клічуць Лёшай.

Казацкае паселішча

Абсалютная большасць назваў вёсак і гарадоў захоўвае ў сабе гісторыю паходжання паселішча. Дастаткова толькі пільным позіркам угледзецца ў гэтую назву. Гэтак жа і з Борускам. У корані дадзенай назвы – слова бор. Што такое сасновы бор, вядома кожнаму. Магчыма, па прычыне суседства з сасновымі барамі, якія і сёння акаляюць вёску, яго заснавальнікі некалі і назвалі сваё паселішча Боруском.

У літоўскай мове слова baras азначае ўчастак поля, ніву. Можа быць, хтосьці з першапасяленцаў для назвы свайго паселішча і запазычыў гэтае слова з мовы сваіх продкаў?

Але гэта я так, наўскідку, без спасылак на аўтарытэты.

У 1990 г. у адным з артыкулаў я выказаў меркаванне аб паходжанні назвы в. Боруск ад назвы старажытнага племені барускі (Газета «За камунізм», 11 кастрычніка 1990 г.).

Вывучаючы пазней гістарычныя публікацыі, я натыкнуўся на даследаванні акадэміка архітэктуры Г. Я. Макеева. Вучонага цікавіла: якім на самай справе было імя «дакіеўскага Кіева»?

У зборніку «Пам‘ятки Украині» № 6 за 1993 г. з’явіўся яго артыкул на ўкраінскай мове «Боричев — ядро-гарадзішча Кіева». У 1999 г. у часопісе «Новая кніга Расіі» №3 пад назвай «Сведения об исчезнувшем граде Боричеве» быў апублікаваны гэты ж артыкул, але ўжо на рускай мове.

Генадзь Якаўлевіч выказаў здагадку, узяўшы ў якасці першакрыніц «барычаўскія» тапонімы цэнтра старажытнага Кіева: «Барычаў яр», «Барычаў увоз», «Барычаў цік» і іншыя, што да ўтварэння Кіева на Замкавай гары на суседнім узгорку ўтварылася крэпасць-горад пад назвай Барычаў, якая апасля змяніла сваю назву на Барусцень, а затым на Боруск.

Так што, як бачыце, калінкавіцкі Боруск з часам паўтарыў адну з першапачатковых назваў старажытнага Кіева.

Яшчэ раней старажытны гісторык Герадот у V ст. да н. э . у гл. IV сваёй «Гісторыі», як, зрэшты, і іншыя старажытнагрэцкія і рымскія гісторыкі аж да II стагоддзя н. э. згадвалі ў сваіх трактатах аб вялікай рацэ Усходняй Еўропы Барусцене (пазней – Барысфен, старажытная назва Дняпра – І.Г.) і людзях, якія жылі ў яе даліне — барусцянітах (барысфянітах).

У старажытных грэкаў была легенда, якая сцвярджала, што ад Зеўса і дачкі Барусценя нарадзіўся першы скіф Таргітай, які затым нарадзіў трох скіфскіх цароў – родапачынальнікаў трох скіфскіх плямёнаў.

Барусцень у гэтай легендзе выступае ў якасці старажытнага бога Бора, які быў не толькі богам ракі, але і вярхоўным богам барусцянітаў. Бор у старажытныя часы быў галоўным з найстарэйшых арыйскіх багоў! У Афганістане (старажытнай краіне арыяў – І.Г.) да гэтага часу паказваюць на святую гару Тора-Бора.

Мяркуючы па найстаражытнейшых германскіх легендах, Тор быў богам грому і маланкі (як Зеўс, Юпітэр ці Пярун), а Бор – самім Творцам Сусвету! Прычым дзеці яго — буры (Одзін, Гойнір, Ладзьюр) стварылі ў гэтым Сусвеце ахоўваемы рай — зямлю Мітгард. (А.Н. Веселовский. СОРЯС, вып.6, с.23).

У старажытных грэкаў Бор нейкім чынам ператварыўся ў ледзянога Барэя— бог духа ветру, які жыў недзе на поўначы, мяркуючы па ўсім — на Барусцені-Дняпры. Там знаходзілася і краіна Барэя, так як яшчэ паўночней знаходзілася іншая краіна — Гіпербарэя.

«Паколькі гіпербарэйцаў, як і краіну Гіпербарэю, згадваюць з VIII стагоддзя да н. э. Гамер, затым Гесіёд, Гекатей, Герадот, то і краіна — горад — капішча Барэя (Барусценя, Бору па-руску) існавалі з гэтага ж часу. Зрэшты, Герадот, які ссылаўся на Гамера, не расшыфроўваў імя «Барусцень» (ён не ведаў, што такое «сцень»), не атаясамліваў другараднага ветрадуя Барэя з першарадным арыйскім Творцам Сусвету Борам — ідал якога, трэба меркаваць, стаяў на Замкавай гары над кіеўскай Почайнай – пазней, у горадзе Боруску, Барычаве», — напісаў у сваім артыкуле акадэмік.

Далей Генадзь Макееў напісаў: «На першую змену-карэкцыю імя граду на Замкавай гары (Барусценя на Боруск) паўплывалі натуральнае скарачэнне доўгага імя на кароткае і змена грэцкіх інфарматараў на рымскіх.

Страбон яшчэ пісаў пра Барысфен у I стагоддзі н. э., але ўжо Пталамей у II стагоддзі згадваў у зоне ракі «барыскаў» або «барусцаў».

Рымскія пісьменнікі адкінулі ад грэцкага «Барысфен» бессэнсоўнае для іх «фен» і племя барысфянітаў стала барыскамі, барускамі, барусцамі, відавочна па імені горада Боруска. Але рымляне адлюстравалі толькі мясцовыя рэаліі, мясцовы працэс: рака Барысфен стала «Данапром».
У сваю чаргу акадэмік Ю. К. Бегуноў у сваёй «История Руси» (Том 1: С древних времен до Олега Вешчего. СПб.: Палитэхника. 2007) распавёў наступнае:

«Барусіны, альбо барускі, лясная русь, якая жыла па Дняпры, — гэта аславяніўшыяся скіфы. Клаўдзій Пталамей у сваім «Геаграфічным кіраўніцтве» (44 г. н. э.) называе барускаў у пераліку народаў пасля савараў (або «паўночнікаў», па Шахматаву) і дадае, што яны рассяліліся «аж да Рыпейскіх гор»…

Грэк Зосім у сваёй «Новай гісторыі» (сярэдзіна III ст.) паведамляе, што «барускі» пад імем «боранды» ў саюзе з готамі і карпамі разграмілі Баспорскае царства, калі там правіў цар Саўрамат IV (236-238 гг.), а рымскім намеснікам быў Тыберый Юлій Тейран. І было гэта ў 238 г. Тады пачаўся адток рымскіх ваенных сіл з Крыму, а іх месца занялі сарматы і славяне.

Барусія ж распасціралася ад Ра-ракі (Волгі) да Непры і Карпацкіх гор і да вусця Дуная, але ворагі цяснілі яе з усіх бакоў.

Надышлі нядобрыя часы. Каля 375 г. Барусія была разгромлена.

Вось такая гісторыя старажытнага племені барускаў, ад якіх, відаць, і пайшла назва Боруска, што побач з Вялікімі Аўцюкамі.

Не менш цікавай з’яўляецца і гіпотэза аб заснавальніках Боруска, Вялікіх і Малых Аўцюкоў.

Калі вам давядзецца вывучаць гісторыю Запарожскай Сечы, то вы можаце натыкнуцца на наступную інфармацыю. Запарожская Сеч, як вядома, з XVI па XVIII стагоддзе з’яўлялася ваенным і адміністрацыйным цэнтрам дняпроўскага казацтва,вядомага сваім вольналюбствам, якое размяшчалася ў нізоўях Дняпра, на поўдзень ад цяжкапраходзімых дняпроўскіх парогаў.

Дык вось, пасля разгрому шведаў пад Палтавай, некаторыя запарожцы сышлі на поўдзень, і ў 1710 годзе пры ўпадзенні ў Днепр ракі Каменкі, што на Херсоншчыне, заснавалі новую Сеч.

Аднак па загаду Пятра I яна была разбурана войскамі гетмана Скарападскага і генерала Бутурліна.
Запарожцы адышлі яшчэ далей і зрабілі яшчэ адну спробу заснаваць Сеч у турэцкіх межах. І адразу ж сталі адчуваць прыгнёт з боку крымскіх татараў і нагайцаў. Тады казакі паспрабавалі вярнуцца ў Расію, але Пётр І адхіліў іх просьбу.

Запарожцам удалося вярнуцца на радзіму толькі ў 1735 годзе пры імператрыцы Ганне Іаанаўне.

Канчаткова іх лёс быў вырашаны 5 жніўня 1775 года з падпісаннем расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ маніфеста «Аб знішчэнні Запарожскай Сечы і аб далучэнні яе да Наварасійскай губерні».

Больш за 5 тыс. запарожцаў, сагнаных са сваёй зямлі, сышлі ў Турцыю і заснавалі там Задунайскую Сеч (1775-1828 гг.).

У 1787 г. казацкія старшыны падалі прашэнне на імя імператрыцы, у якім выказалі жаданне па-ранейшаму служыць. Было сфарміравана Вернае войска Запарожскае, якое ўдзельнічала ў руска-турэцкай вайне 1787-1792 гг. Па заканчэнні вайны войска было пераўтворана ў Чарнаморскае казацкае войска і пераведзена на Кубань.

У 1860 годзе Чарнаморскае казацкае войска было зліта з Каўказскім лінейным і стала называцца Кубанскім казацкім войскам.

Частка запарожскіх казакоў, як напісалі затым розныя даследчыкі казачай гісторыі, “… асела ў балотах і твані беларус-кага Палесся, на тэрыторыі Мазырскага павета, маючы на ўвазе, перш за ўсё, вёскі: Боруск, Вялікія і Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. Для гэтых населеных пунктаў да гэтага часу характэрны вядомыя казацкія прозвішчы: Гаркуша, Малашчанка, Сцепаненка, Ком, Капітан, Шашолка і інш.” (http://dic.academic.ru).

Дарэчы, вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Ісак Сербаў у пачатку мінулага стагоддзя ў кнізе «Поездки по Полессью 1911-га і 1912 гг.» вось як характарызаваў жыхароў вышэйназваных населеных пунктаў:

«Рэзка вылучаючыся сваёй знешнасцю і гаворкай сярод навакольнага насельніцтва, яны ўяўляюць надзвычай цікавы этнаграфічны тып. Аўцюк перш за ўсё паўднёвец, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скорагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам, адвольна скарачаючы словы. У яго гутарцы можна пачуць такія выразы: «Хоіла мая дзень, або два, ды і нічога не выхоіла». — «Мо бутца трэа?» — «Озьміце-ка я на ба плечы…»

Па ўсёй верагоднасці, запарожскія казакі, якія заснавалі ў XIX ст. вёску, з’яўляючыся далёкімі нашчадкамі барускаў, запазычылі з старажытнай гісторыі і назву свайго паселішча, назваўшы яго Барускі. Так – так, вы не памыліліся, менавіта Барускі. Яшчэ ў 20-30-я гг. мінулага стагоддзя на ваенных тапаграфічных картах вёска занатавана менавіта пад гэтай назвай. Гэта пазней, ужо яна стала называцца так, як сёння, Борускам.

А можа назва паселішча ўзнікла ў яшчэ больш раннія часы? Калі, напрыклад, меркаваць па археалагічных помніках, то людзі ў ваколіцах Боруска пасяліліся на шмат стагоддзяў раней.

За 2 км ад вёскі, ва ўрочышчы Кунаядь, да сённяшніх дзён захаваліся 4 курганы, якія з’яўляюцца старажытнымі сведкамі дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці.

Дарэчы, сама назва ўрочышча ў перакладзе з літоўскай мовы азначае ежа куніцы. (Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т.: Пер. с нем. — 2-е изд., стереотип. — М.: Прогресс, 1986).

А па дарозе з Боруска на Хобнае ёсць урочышча, якое называецца Барусек. Там барусканцы і дагэтуль збіраюць грыбы. А да вайны там быў хутар.

Дарэчы, хутары паблізу Боруска былі і ў кутку паміж развілкамі дарог Хобнае-Ужынец-Крышычы.
Па пісьмовых крыніцах Боруск вядомы з XIX ст. як вёска ў Аўцюцэвіцкай воласці Рэчыцкага павета. У 1834 г. яна налічвала 17 двароў, у 1897 г. ужо 38 двароў, у якіх пражывалі 494 жыхары.

У вёсцы на той час былі свая школа граматы і хлебазапасны магазін. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 1. Мінск. «Беларуская энцыклапедыя».2004. с. 535).

Ніна Рыгораўна Пырко, 1968 г.н., настаўніца СШ № 1 г. Калінкавічы расказвае:

— Як расказвалі мне мае бацькі і старэйшыя жыхары вёскі, заснавальнікамі Боруска былі Барысенка Сава, Гаркуша Даніла, Гарыст Цімох, Капітан Яўсей, Стома і Судас.

Барысенкаў у вёсцы называлі Збароўшчынай (мая матуля з гэтага роду). Гаркуш (гэта мой род) – Гершунамі. Род Стомы –Зэбзікавы.

Кожны з гэтых радоў затым разросся. Напрыклад, у Барысенкі Савы былі сыны Яўмін, Прахор, Кірэй, Сяргей і Сцяпан. Ужо ў сына Сцяпана Міхаіла – шасцёра дзяцей: Мікалай, Ганна, Пятро, Аляксандра, Еўдакія і Вольга. А ў Прахора Савіча (мой прадзед па бабулінай лініі – І.Г.) дзесяць дзяцей.

Старыя казалі, што на барусканскія землі першапасяленцы перасяліліся з Вялікіх Аўцюкоў. А так гэта ці не, хто яго ведае. Мусіць, у пошуках зямлі людзі сапраўды ішлі на новыя землі, бо ў ХІХ стагоддзі Вялікія Аўцюкі былі самай густанаселенай вёскай на тэрыторыі сённяшняга Калінкавіцкага раёна – у 1848 г. тут было 113 двароў, а ў 1885 г. – 161 двор, у якім пражывала 1025 жыхароў.

З даўніх часоў сярод барусканцаў і аўцюкоў ходзіць легенда аб сваім паходжанні ад беглых людзей. У гады майго дзяцінства ў нас у вёсцы, на Хутары, жыў дзед Гаўрылік з роду Гарыстаў. Дык гэты дзед ўвесь час шукаў золата, якое нібыта затанула ў час праезду па Кацярынінскаму шляху самой Кацярыны II. Наўкола Боруска было шмат балот і багнаў. Дык гэты дзед, як расказвалі аднавяскоўцы, перакапаў лапатай усё ўрочышча Круглае, што знаходзіцца непадалёк ад Боруска, але нічога не знайшоў. Дарэчы, дзед Гаўрылік быў адукаваным і набажным чалавекам,ён у вёсцы, калі хто паміраў, замест свяшчэнніка чытаў малітвы над нябожчыкам.

Мае старэйшыя браты і іх сябры, калі былі малыя, таксама шукалі клад. Як толькі вясенняе сонейка зганяла снег з зямлі, ішлі на Хутар (частка вёскі, якая размешчана крыху з боку ад асноўнай вуліцы, якая мае назву Партызанская – І.Г.) і капаліся там у пяску, шукалі гільзы ад патронаў, якіх засталося шмат пасля вайны. Аднойчы брат знайшоў на Хутары дзве капейкі: адну срэбную, другую – медную. Вось і ўвесь “казацкі” клад, які ўдалося знайсці. Праўда, дзед Гаўрылік меў залатую манету размерам з пятак. Адкуль яна ў яго ўзялася ніхто не ведаў.

Cельскі савет

Рэвалюцыйныя і іншыя падзеі першых трох дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя не абышлі бокам і 129-дваровы Боруск, у якім на 1922 год пражывала 965 жыхароў. (УЗДАМ. ф.98, воп. 1, с. 20, л. 14).
Пасля выгнання іншаземных захопнікаў аднавілі сваю работу органы савецкай улады.

Адміністрацыйна Боруск з 1917 па 26 красавіка 1919 г. уваходзіў у склад Аўцюцэвіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, затым Гомельскай губерні. У Аўцюцэвічах быў створаны валасны рэвалюцыйны камітэт, сакратаром якога з 10 студзеня 1920 г. з’яўляўся нядаўні радавы 171-га палка, селянін-барусканец Барысенка Нічыпар Марцінавіч, 1890 г. н.

25 лютага 1921 г. на сельскім сходзе ў Боруску адбыліся выбары членаў Борускага сельсавета. У выніку тайнага галасавання большасцю галасоў членамі сельсавета былі абраны Гарыст Антон (ён жа быў абраны старшынёй – І.Г.), Стома Андрэй (намеснік старшыні – І.Г.), Пырко Навум (сакратар сельсавета – І.Г.), Заранок Кузьма, Стома Ціт, Буцэнка Рыгор Ал., Буцэнка Цярэнцій (члены – І.Г.).
На гэтым жа сходзе Барысенка Нікіфара і Гарыста Ігната абралі прадстаўнікамі ад вёскі на павятовы з’езд. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.12).

У склад Борускага сельсавета ўваходзіла толькі вёска Боруск. Па нарматывах таго часу ў сельсавет выбіралі аднаго члена ад 100 жыхароў, але так, каб было не меней пяці членаў.

У адпаведнасці з Пастановай УЦВК “Аб сельскіх Саветах” ад 15 лютага 1920 г. сельскі савет выбіраўся на тры месяцы. Затым ішлі перавыбары.

Так было і ў Боруску. 24 чэрвеня 1921 г. членамі Борускага сельсавета былі абраны Мельнічэнка Макарый, Стома Іван, Пырко Навум, Стома Андрэй, Барысенка Міхаіл. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.34). А ўжо 14 лістапада ў склад сельсавета былі выбраны Буцэнка Ігнат Пракопавіч, Буцэнка Яфім Іванавіч, Гарыст Мацвей Цімафеевіч, Гаркуша Рыгор Ермалаевіч і Капітан Апанас Нікіфаравіч.

Прадстаўніком на павятовы з’езд абралі Гарыста Андрэя Цімафеевіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.51).
А праз год, 14 лістапада 1922 г., у склад Борускага сельсавета ў чацвёрты раз быў абраны 41-гадовы Стома Андрэй Паўлавіч, які стаў старшынёй, 33-гадовы Гаркуша Карп Андрэевіч (намеснік старшыні – І.Г.), 38-гадовы Стома Дзяніс Канстанцінавіч, 33-гадовы Мельнічэнка Васіль Сцяпанавіч, 32-гадовы Барысенка Нічыпар Марцінавіч і 28-гадовы Стома Мікалай Фёдаравіч.

Усе яны былі з беднякоў, беспартыйныя і малаадукаваныя, за выключэннем Барысенкі Нікіфара, якога абралі сакратаром сельсавета. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 20, л.76).

Дарэчы, пад час выбараў не ўсе маглі прымаць удзел у выбарах, а таксама быць выбранымі. Так, напрыклад, у спіс асоб, якія не мелі права быць выбранымі і выбіраць, у Борускі сельсавет былі занесены 48-гадовы Барысенка Фёдар Максімавіч і 38-гадовы Стома Яўсей Антонавіч, якія раней працавалі ў паліцыі стражнікамі, а таксама “хлебопашцы” (так адзначана ў спісе- І.Г.): 75-гадовы Судас Рыгор Фаміч, 36-гадовы Заранок Васіль Іовавіч, 30-гадовы Стома Нічыпар Антонавіч, 65-гадовы Судас Арцём Нічыпаравіч, 68-гадовы Заранок Нічыпар Кузьміч, 35-гадовы Гаркуша Мітрафан Цімафеевіч, 34-гадовы Гаркуша Іван Рыгоравіч, 73-гадовы Стома Фёдар Ціханавіч, 35-гадовы Судас Пётр Канстанцінавіч, 45-гадовы Барысенка Ілля Максімавіч і 50-гадовы Судас Фама Канстанцінавіч.

Усе гэтыя “хлебопашцы” былі асуджаны выяздной сесіяй Гомельскага губернскага рэвалюцыйнага трыбунала па харчовападаткавых справах. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 20, л.32).

5 лютага 1923 г. барусканцы сабраліся на вясковы сход, на якім абмяркавалі ход спраў у сельскай кааперацыі, а таксама прынялі рашэнне аб арганізацыі ў Боруску хаты-чытальні і адкрыцці школы.
Намеснік старшыні сельсавета Гаркуша Карп падрабязна расказаў сваім аднавяскоўцам аб сутнасці кааператыўнай справы. На падставе Дэкрэта ад 20 сакавіка 1919 г. “Аб аб’яднаных рабоча-сялянскіх кааператывах” у сельскай мясцовасці былі створаны Е.П.О. — адзінае спажывецкае таварыства, якое ажыццяўляла сваю дзейнасць на аснове паявых узносаў. Менавіта спажывецкае таварыства было прызвана садзейнічаць пашырэнню гандлёвай справы.

Старшыня вясковай лавачнай камісіі Барысенка Нічыпар зрабіў справаздачу аб рабоце лавачнай камісіі за 1922 г., выказаў незадавальненне аплатай яе ўтрымання, і прапанаваў здзейсніць перавыбары камісіі.

Яго прапанову падтрымалі. І ў склад новай лавачнай камісіі выбралі членамі: Барысенку Нічыпара Марцінавіча і Гарыста Ігната Канстанцінавіча, кандыдытам – Ком Ануфрыя Радзівонавіча. У кантрольны савет за работай мясцовых гандляроў выбралі Гаркушу Сідара Ер. і Заранка Архіпа Нічыпаравіча, кандыдатам — Гарыста Андрэя Цімафеевіча.

На валасны з’езд, на якім меркавалася здзейсніць перавыбары праўлення Аўцюцэвіцкага Е.П.О., што планаваўся на 18 лютага, вырашылі накіраваць Барысенку Нічыпара Марцінавіча.

Жывое абмеркаванне на вясковым сходзе выклікала і пытанне аднаўлення работы школы. Так, сакратар сельсавета Барысенка Нічыпар выказаўся, “…што закрыццё дзяржаўнай школы ў нашай вёсцы з’яўляецца глыбокай памылкай грамадзян таварыства з аднаго боку і органаў улады з другога”.

Ён прапанаваў “… неадкладна адкрыць у Боруску школу, хоць бы на дагаворных пачатках ці, у крайнім выпадку, хату-чытальню, якая будзе служыць падставай для адкрыцця школы і іншых культурна-асветніцкіх навук”.

Так і было вырашана. Сельскі савет атрымаў заданне заключыць дагавор пад арэнду хаты-чытальні, а ў 1924 г. адкрыць у вёсцы школу 1-й ступені. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, лл. 18-19).

У пачатку лютага ў вёсцы сабіраліся яшчэ на адзін сход. У адпаведнасці з распараджэннем павятовага выканаўчага камітэта ад 9.02.1923 г. № 924 трэба было адабраць па вёсках воласці 50 народных засядацеляў, якія будуць прымаць удзел у рабоце народных судоў пад час разбору спраў. Барусканцы выбралі на гэтую ролю сваіх аднавяскоўцаў: Гарыста Андрэя Цімафеевіча, Гарыста Антона Іванавіча, Гаркушу Сідара Ермалаевіча, Стому Панцялея Міронавіча і Стому Ціта Раманавіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 27, л. 32).

17 сакавіка 1923 г. адбылося пасяджэнне членаў Борускага сельсавета, на якім яго старшыня Андрэй Стома зрабіў справаздачу аб сваёй рабоце за справаздачны перыяд.

Справаздача малаадукаванага кіраўніка сельсавета была, відаць, настолькі непераканаўчай, што не спадабалася нават яго малаадукаваным калегам па сельсавету. Ва ўсякім разе сухія радкі афіцыйнага пратакола пасяджэння зафіксавалі наступнае:

“З сутнасці дакладу старшыні савета відаць яго масавая бяздзейнасць, якая з аднаго боку заключаецца ў яго стомленнасці, з другога – у адсутнасці ведаў у справе работы сельсавета, што з’яўляецца злачынствам па пасадзе і адсутнасцю работы дзяржаўнага значэння. А таму пасяджэнне
ПАСТАНАВІЛА:

Перавыбраць старшыню сельсавета. Замест А.Стома назначыць яго намесніка К.Гаркушу”.

На гэтым жа пасяджэнні былі прыняты рашэнні: аб зборы на патрэбы школы па вёсцы натуральнага падатку ў выглядзе 20 пудоў жыта; аб стварэнні насеннага фонду ў якасці гарантыі аказання дапамогі бяднейшаму насельніцтву ў выпадку стыхійных бедстваў рознага роду.

Была таксама створана вясковая камісія па барацьбе з самагонакурэннем, у якую ўвайшлі Гаркуша Мітрафан, Буцэнка Раман і Ком Іван. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, л. 27).

Адным словам вёска жыла сваімі клопатамі, а мясцовая ўлада па цыркулярах “з верху” накіроўвала яе ў напрамку новых арыенціраў. Больш усяго вясковае сялянства пасля цяжкіх гадоў Грама-дзянскай вайны і палітыкі ваеннага камунізму, калі збожжа выграбалі са двароў пад мяцёлку, цікавілі пытанні фіксаванага падаткаабкладання, наяўнасць уласнага кавалка зямлі і варыянты выхаду з бядотнага становішча. Таму пытанні землекарыстання, развіцця сельскай гаспадаркі былі, бадай, больш актуальнымі, чым перавыбары сельсавета, вайсковая мабілізацыя і іншая штодзёншчына.

У канцы сакавіка, 29 дня 1923 г., у Боруску на вясковым сходзе кагалам абмяркоўвалі пытанні, якія планавалася вынесці на валасную канферэнцыю, што меркавалася на 1 красавіка. Сакратар сельсавета Барысенка напачатку агучыў пытанні, якія выносіліся на канферэнцыю. У іх ліку былі: міжнароднае і ўнутранае становішча; зямельныя пытанні; падаткі ў вёсцы; бягучыя справы; шэфства над 38-м кавалерыйскім палком; выбары дэлегатаў канферэнцыі.

Старшыня сельсавета Карп Гаркуша, дакладваючы аб унутраным становішчы РСФСР, адзначыў, што ”…сельскагаспадарчая вытворчасць, якая з’яўляецца асновай будаўніцтва дзяржавы ў апошні час крайне абяднела і далёка не можа дасягнуць свайго прызначэння”. Па меркаванні сходу барусканцаў прычынай гэтага з’яўляецца адсутнасць матэрыяльных сродкаў для ўзняцця сельскай гаспадаркі.

Пасля доўгіх спрэчак барусканцы таксама адзначылі, што “пры такіх умовах землекарыстання, якія існуюць на гэты час, дзяржава ў дальнейшым можа спаўзці да поўнага жабрацтва”. Сяляне выказалі сур’ёзны папрок у адрас Аўцюцэвіцкага валвыканкама, які “…празмерна пашырае асабістую выгоду сялян в. Аўцюцэвічы, для якіх ўжо намечаны адвод зямлі ля вёсак Сырод і Лозкі, і часткова ля Боруска, а пры такім раскладзе некаторае насельніцтва можа апынуцца ў пакрыўджаным стане”.

Не абмінулі сяляне Боруска і магчымасці выказаць сваё меркаванне паводле арганізацыі ў краіне новай эканамічнай палітыкі (НЭПа):

“Патрэба сродкаў на аднаўленне разбуранай дзяржавы і ўтрыманне Чырвонай Арміі вялікая. Не меншая патрэба і ва ўтрыманні адміністрацыйнага і тэхнічнага складу служачых дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Наколькі неабходна існаванне таго і другога, настолькі неабходны і падаткі ў вёсцы, настолькі неабходна дапамога сялянскай гаспадарцы, якая з’яўляецца асновай будаўніцтва дзяржавы.

Калі мы перажывалі цяжар дарэвалюцыйнага і рэвалюцыйнага ваеннага часу, мы не лічыліся ні з якімі патрабаваннямі да нашай сялянскай гаспадаркі, і калі азірнуцца назад, то мы здолелі вынесці столькі цяжару, што гэта дагэтуль з’яўляецца нявылечнай ранай нашай сельскай гаспадаркі. Падаткі мінулых пяці гадоў, асабліва 1921-1923 гг., для нас, сялян, былі крайне непасільнымі, але цяпер мы прыходзім да больш мірнага становішча і пачынаем аднаўляць усё разбуранае, а затым уладкоўваць новае эканамічнае жыццё ў краіне. На сёння наша Чырвоная Армія ўжо скарочана, фабрыкі і заводы, як бачна са зводак, павялічваюць сваю прадукцыйнасць, але патрэба у іх вырабах яшчэ вялікая.

На думку схода, трэба скараціць штат служачых дзяржаўных устаноў і яшчэ больш павялічыць прадукцыйнасць на фабрыках і заводах. Толькі пры гэтых умовах новая эканамічная палітыка можа праводзіцца паспяхова”.

А вось, што тычыцца шэфства над кавалерыйскім палком, то барусканцы адмовілі яму ў гэтым, бо добра разумелі, што гэта дадатковыя паборы з кожнага сялянскага двара.

Дэлегатамі на валасную канферэнцыю выбралі: Гаркушу Міхаіла Рыгоравіча, Стому Ціта Раманавіча, Барысенку Міхаіла Сцяпанавіча, Гарыста Андрэя Цімафеевіча, Гарыста Антона Іванавіча і Буцэнка Ігната Прохаравіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, лл. 37-38).

Борускі сельсавет праіснаваў да 10 лістапада 1927 г. і быў ліквідаваны. Вёску Боруск уключылі ў склад Вялікааўцюкоўскага (Аўцюцэвіцкага ) сельсавета Юравіцкага раёна.

«Чырвоны боруск»

Вывучаючы падшыўку газеты “За камунізм” за 1967 год у №№ 65-69, натыкнуўся на нарыс журналіста Юліяна Поляка “Першая баразна”.

Яго пачатак адразу ж заінтрыгаваў:

“У 1929 годзе ў вёсцы Боруск быў створан калгас «Чырвоны Боруск». Адным з яго арганізатараў быў камсамолец Канстанцін Гаркуша, член сельскага Савета. Гэты дваццацідвухгадовы юнак разам са сваім бацькам, усёй сям’ёй назаўсёды парвалі з аднаасобнай гаспадаркай… Іх прыкладу паследавалі аднавяскоўцы.

Ворагі калгаснага ладу, кулакі зненавідзелі і ў той жа час баяліся Канстанціна. Баяліся за яго праўду, яго пылкія выступленні, у якіх ён гнеўна абрушваўся “на эксплуататараў і міраедаў”, баяліся яго аўтарытэту ў вёсцы, яго ўплыву, асабліва на моладзь. Кулакі рашылі забіць Канстанціна”.

Вось, думаю, пашчасціла, раскапаў мала каму вядомую гісторыю пра Боруск. Пачаў чытаць далей:

“Андрэй Цімафеевіч Гарыст крочыў з вугла ў вугал свайго дома і ўсё папыхваў люлькай. Заўсёды, калі ён хваляваўся, быў чымсьці ўстрывожаны, ён не выпускаў люльку з рота.

<…> На доўгай лаўцы, што стаіць уздоўж сцяны, сядзіць яго сын Антон – здаровы хлопец, увесь у бацьку – і тварам, і высокай фігурай, з такім жа хуткім позіркам чорных вачэй, і брат Андрэя Цімафеевіча Мацвей.

Толькі што з дому ўйшлі Мірон Барысенка і Есіп Гаркуша – старыя сябры гаспадара. Часта яны бываюць разам, а ў апошні час не было таго дня, каб не заглянулі да Гарыста. Было ім аб чым пагутарыць…

<…> — Здорава, Андрэй, ты іх ашукаў. Вось убачыш, заўтра ж пабягуць яны за заявамі.

— А мы яшчэ пачакаем. Падавалі першымі, а забяром апошнімі. Няхай спачатку зробяць гэта тыя, хто змагаўся за калгас…

<…> Розуму, сапраўды, не займаць яму, Андрэю Гарысту. Ён сваю справу зрабіў. Сам быццам у баку, за яго дзейнічаюць другія, такія як Мірон Барысенка, Есіп Гаркуша. Нездарма ж іх борускаўцы трапна ахрысцілі: падкулачнікі.

Нямногія ў вёсцы здагадваліся, што Андрэй Гарыст і яго брат Мацвей употай падкопваюцца пад калгас, пад самы яго зародак, разлагаюць людзей, атручваюць іх душы ядам недавер’я да калектыўнай працы.

На сходах, а тады борускаўцы што ні вечар збіраліся, Гарысты звычайна адмоўчваліся, больш слухалі, за іх гаварылі другія.

Затое потым, сустрэўшы свайго аднадумцу або няўстойлівага, слабавольнага, о, тады яны знаходзілі агульную мову, гаварылі, што думалі.

Здзіўляўся старшыня калгаса Рыгор Мартынавіч Барысенка, чаму гэта большасць борускаўцаў павярнулася спіной да калгаса, рэзка змяніла сваю думку. А яна,здаецца, была ужо цвёрдай. Прайшло якіх-небудзь два-тры месяцы, як нарадзіўся калгас, і борускаўцы ўжо парываюць з ім.

Прыходзяць і патрабуюць: вярні, Мартынавіч, коней, аддай, старшыня, быкоў! І гэта тады, калі вось-вось трэба ў поле.

Днямі старшыня быў у Юравічах, у райвыканкаме. Там яму абяцалі даць некалькі новых плугоў, выдзяліць нямнога насення, нават мінеральныя ўгнаенні”.

Чым больш чытаў, тым больш узнікала пытанняў.  На пачатку 20-х гадоў, калі кожны селянін гарбаціўся на ўласным кавалку зямлі, улада клапацілася толькі пра тое, каб з яго садраць паболей хлеба. Як і якім чынам, за кошт чаго селянін атрымлівае гэты хлеб, уладу не хвалявала. Башкавітых, працавітых і моцных гаспадароў, нават, у перыяд ваеннага камунізму, як, напрыклад, Андрэя і Мацвея Гарыстаў, выбіралі членамі сельскага савета, прадстаўнікамі ад вёскі на розныя канферэнцыі і з’езды, у іншыя прадстаўнічыя органы. Моцнымі гаспадарамі і заможнымі сялянамі ўлада на першых сваіх кроках не грэбавала. Але гэта было толькі да таго часу, як пачалася калектывізацыя, курс на правядзенне якой, як вядома, быў распачаты ў 1927 годзе.

Паколькі стаўленне розных пластоў сялянства да стварэння калгасаў і ўступлення ў іх было неаднолькавым (беднякі, як вядома, успрынялі гэтую з’яву станоўча, а сераднякі і больш заможная частка сялян, якіх ахрысцілі “кулакамі”, праяўляла хістанні, стрыманасць, баялася прайграць, страціць уласнасць і нічога не атрымаць узамен), то заможнікі хутка сталі persona non grata, што ў перакладзе з латыні азначае непажаданая асоба.

У 1928 г., пасля таго, як два гады запар у СССР зрывалася выкананне плану хлебанарыхтовак, і прыходзілася зноў уводзіць харчразвёрстку, было прынята рашэнне аб разгроме кулацтва, а дакладней, аб рэпрэсіях супраць заможных сялян. Паралельна ўлады пачалі кампанію па стварэнні калгасаў.

У 1929 г. у друку з’явіўся артыкул І.В.Сталіна «Вялікі пералом», у якім адзначалася, што ў калгасы ідуць не толькі беднякі, але і сярэднякі. Гэта значыла, што надыйшоў час паскорыць тэмпы калектывізацыі. А паколькі інвентару і зямлі для новых гаспадарак не хапала, было вырашана канфіскаваць маёмасць у заможных сялян. І пачаліся рэпрэсіі. Яны насілі жорсткі і масавы характар. Галоў сямей арыштоўвалі, а членаў іх сямей высылалі за межы рэспублікі.

Ахвярамі гэтых рэпрэсій сталі і мае прадзеды – Цімашковы сыны: Іван, Андрэй, Мацвей і іх сем’і, пра якіх пісаў у сваім нарысе Поляк.

Паколькі нарыс пра калектывізацыю рыхтаваўся да 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, то зразумела, што аўтар яго выкарыстаў у сваім творы ідэалагічны штамп таго часу, не грэбуючы пры гэтым асобнымі недакладнасцямі тыпу: “Днямі старшыня быў у Юравічах, у райвыканкаме. Там яму абяцалі даць некалькі новых плугоў, выдзяліць нямнога насення, нават мінеральныя ўгнаенні”.

Сёння, калі чытаеш гэтыя радкі, робіцца смешна ад падобнай падачы матэрыялу. Ну адкуль у 1929 г. у Юравіцкім райвыканкаме было лішняе збожжа, новыя плугі, не кажучы ўжо пра мінеральныя ўгнаенні, якія ў Беларусі пачалі вырабляць толькі ў 1965 г., а ў СССР прыступілі да іх выпуску ў 30-я?

На думку Поляка, відаць, гэтыя выдуманыя ім дэталі больш тонка і ярка адлюстроўвалі падзеі трыццацігадовай даўніны, і гэта можна было б прабачыць.

Але нельга прабачыць таго, што добра вядома кожнаму барусканцу. Члена сельскага Савета, камсамольца Канстанціна Фёдаравіча Гаркушу сапраўды забілі. Але адбылося гэта не па ідэйных ці класавых матывах, а па п’янай лавачцы, з-за дзяўчыны. І зрабілі гэта не “кулакі” Андрэй і Мацвей Гарысты, а, як расказалі мне барусканцы, іх аднавясковец Гарыст Павел па мянушцы Палонік, які пасля таго забойства збег з Боруска, і толькі пасля вайны, амаль праз два дзесяцігоддзі, вярнуўся ў родную вёску, жыў у ёй і пару дзесяцігоддзяў назад памёр.

Рэпрэсіўная машына, якая ўзялася за “кулакоў”, не магла прапусціць такі збег абставін: у вёсцы забілі адзінага камсамольца, і не важна, што забойца вядомы і збег з вёскі, у ёй засталіся тыя, хто супраць калгаса – вось гэта і ёсць ворагі, гэта і ёсць забойцы. І прадстаўнікі ўлады, якія павінны былі правесці следства і ўстанавіць сапраўднага забойцу, ніколькі не пакутуючы ад згрызотаў сумлення, абвінавацілі ў забойстве ні ў чым не павінных людзей.

Гарыста Андрэя і яго сына Антона, Андрэевага брата Мацвея – арыштавалі і расстралялі ў Мазырскай турме. Разам з імі арыштавалі і іх старэйшага брата, майго прадзеда Івана. Але з-за старасці і нямогласці яго адпусцілі да хаты, дзе ён хутка адышоў у нябыт.

Канфіскаваўшы ўсю маёмасць, сем’і раскулачаных выслалі за межы рэспублікі.

Гэтак жа паступілі з многімі іншымі праціўнікамі калгаснага ладу. Напрыклад, сыноў Гарыста Мацвея: Сяргея, 1897 г.н., Цімаха, 1909 г.н., Пятра, 1905 г.н., выслалі ў п. Чэлва Дабранскага раёна Пермскай вобласці. А 15 снежня 1937 г. іх арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы, і 31 студзеня 1938г. расстралялі.(Книга памяти Пермской области).

27 верасня 1937 г. расстралялі і барусканцаў — “кулакоў”: Буцэнка Ігната Пракопавіча, 1874 г.н., Маскаленка Саву Антонавіча, 1913 г.н., і Мельнічэнка Васіля Сцяпанавіча, 1891 г.н. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”. 1999. с. 185).

Ад страху за ўласнае жыццё многія сяляне збеглі ў гарады, падаліся ў Сібір, дзе жыццё было крыху лягчэй. Напрыклад, малодшы брат майго дзеда Кірылы Аляксандр (барусканцы яго звалі Алекся), збег у Гомель, асеў у Навабеліцы. І наведаў родны Боруск толькі праз многа гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, з якой вярнуўся героем — кавалерам баявых ардэноў.

Частка барусканцаў вырашыла перасяліцца ў Сібір. 28 красавіка 1929 г. у Боруску адбыўся арганізацыйны сход грамадзян, на якім быў створаны сельгаскалектыў для перасялення на каланізацыйны перасяленчы фонд у Сібіры.

Сяляне на сходзе зацвердзілі Статут калектыву, выбралі праўленне, у якое ўвайшлі Барысенка Нічыпар Марцінавіч, Гаркуша Фёдар Апанасавіч і Стома Якаў Савіч. Кандыдатамі ў члены праўлення абралі: Барысенку Паўла і Сяргеенка Надзею. У рэвізійную камісію выбралі Буцэнку Рыгора Аляксеевіча, Маскаленку Іллю Антонавіча і Гаркушу Канстанціна Фёдаравіча, кандыдатамі – Барысенку Марата Антонавіча і Барысенку Анісіма Марцінавіча.

У якасці разведчыкаў вырашылі паслаць у Сібір на новыя землі Барысенку Паўла Марцінавіча і Гаркушу Фёдара Рыгоравіча.

Жаданне перабрацца на новае месцажыхарства ў Сібір выказалі каля двух дзясяткаў барусканскіх сем’яў. Усе яны пераехалі ў Омскую вобласць. (УЗДАМ. ф. 65, воп. 1, с. 504).

25 лістапада 1929 г. у Боруску з удзелам жыхароў вёскі адбылося пасяджэнне прэзідыума Вялікааўцюкоўскага сельсавета, у якім прынялі ўдзел члены прэзідыума: Гаркуша Ціхан (ён жа старшыня сельсавета – І.Г.), Меляшчэня Ц. (ён жа сакратар сельсавета – І.Г.), Драздоў; ад Юравіцкага райвыканкама: Прымак, Сокалаў, Костка, землеўпарадкавальнік Кулак; старшыня КСУД Стома З., упаўнаважаны КСУД Гаркуша Н.; старшыня калгаса “Чырвоны Боруск”, упаўнаважаны па землеўпарадкаванні Гаркуша К., член сельсавета Пырко Ермалай.

На пасяджэнні разглядалі пытанне аб землеўпарадкаванні калгаса “Чырвоны Боруск”. Даклад па гэтым пытанні зрабіў раённы земляўпарадкавальнік Прымак, які ў сваім выступленні адзначыў, “… што з самага пачатку землеўпарадкаванне калгаса праведзена няправільна, паколькі адступілі ад праекта, які быў зацверджан прэзідыумам райвыканкама”.

Ён жа адзначыў, што старшыня сельсавета Гаркуша і член прэзідыума сельсавета Драздоў “… не аказваюць калгасу ніякага садзейнічання”. Больш таго, “… з заможнай часткай вёскі вядуць агітацыю супраць калгаса і тармозяць землеўпарадкаванне калгаса, не выдзяляюць рабочых”.

Стома, выступаючы на пасяджэнні, заўважыў, “… што члены сельсавета не толькі не хочуць ісці насустрач калгаснаму будаўніцтву, але ж да таго не хочуць і гаварыць пра гэту справу”.

Пырко Ермалай сказаў,”… што яму нічога не вядома пра справу калгаснага будаўніцтва”.

Старшыня сельсавета заявіў:”Мы баімся ісці на працу, заможнікі запужваюць”.

Прадстаўнік райвыканкама Сокалаў на гэта выказаўся рэзка: “Слова “баімся” ні больш, ні менш, як контррэвалюцыя. Т. Гаркуша не пужлівы, таму ён добра ўсё ведае, але ж пад маскай контррэвалюцыі прыкрываецца словам “баімся”. Гэта адступленне ад лініі (партыі — І.Г.), гэта даўленне на землеўпарадкаванне і ніхто яго не падтрымае”.

Гаркуша Ціхон тут жа адрэагаваў:”Драздоў увесь час вядзе агітацыю супраць калгаса, а таксама моцна звязаны з кулацкай часткай і праводзіць з імі падпольныя сходы . І баяцца запужвання не трэба, а трэба прыняць суровыя меры па выкарчоўванню контррэвалюцыйных элементаў”.

А Драздоў у сваё апраўданне прамовіў: “Якія даручэнні мне даваліся. Такія я выконваў”.

У выніку абмеркавання пастанавілі: “… Драздова аддаць пад суд, а Гаркушы аб’явіць строгую вымову. Прыняць усе меры па прыёму ў калгас усіх жыхароў Боруска”.(УЗДАМ. ф. 65, воп. 1, с. 185, л. 129).

У выніку жорсткіх мер, якія смяртэльнай касой прайшліся па найбольш працавітых і гаспадарлівых сялянскіх сем’ях, пад прымусам і страхам, ну і, канешне ж, па добраахвотнаму жаданні пэўнай часткі сялян, калгас у Боруску, як і ў іншых паселішчах Беларусі, быў створаны.

Юліян Поляк у сваім нарысе напісаў:

“Праз год у Боруску зноў арганізоўваецца калгас. І назвалі яго “Чырвоны барэц”. Сімвалічна… “Барэц”. Так, за калгас змагаліся лепшыя адданыя людзі. Косця (Гаркуша – І.Г.), Пётр-кавалерыст (Гаркуша — І.Г.), Рыгор Гаркуша, настаўнік Стась Кавальчук, ізбач Міхаіл Целеш, беднякі Нічыпар Стома, Нічыпар Капітан, Захар Пырко…

Старшынёй стаў камуніст Мікалай Лявонавіч Гаркуша…”

Прымусовая калектывізацыя заканамерна прывяла да крызісу сельскай гаспадаркі. У 1932 годзе ў Беларусі рэзка скарацілася пагалоўе жывёлы, агульная вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі зменшылася на 25% у параўнанні з 1926 годам. Беларускія сяляне сталі харчавацца горш, чым у гады НЭПа. Дзяржаўныя цэны на збожжа і іншыя прадукты не кампенсавалі выдаткаў на іх вытворчасць. Яны былі ў 10-12 разоў ніжэй за рынкавыя.

З пачатку 1932 года голад ахапіў раёны поўдня Беларусі. Сотні жыхароў вёсак паміралі галоднай смерцю, а збожжа тым часам везлі на экспарт.

З Тураўскага раёна калгаснікі пісалі: «Калі не дапаможаце, прыйдзецца з’есці сваіх дзяцей».

Але, нягледзячы на відавочны правал палітыкі калектывізацыі, бальшавіцкае кіраўніцтва праводзіла яе самымі жорсткімі метадамі. (Калубовіч А. Крокі гісторыі (Даследванні,артыкулы, успаміны). Беласток-Вільня-Менск: «ГаМакс», 1993, с. 154).

Многія калгаснікі зноў станавіліся аднаасобнікамі, хоць мясцовыя ўлады літаральна выціскалі іх невыноснымі падаткамі, за нявыплату якіх пагражала канфіскацыя маёмасці.

Былі выпадкі, калі ў дамах беднякоў-аднаасобнікаў бальшавікі здымалі з гаспадароў фартухі, кашулі і штаны. Але і гэта не дапамагала.

Ад «галадамору», падобнага ўкраінскаму, беларусаў выратавала бульба. Яе не адпраўлялі на экспарт.

Менавіта тады, у 1932 годзе, быў прыняты сумна вядомы закон «аб пяці каласках», які дазваляў кідаць у лагеры на 10 гадоў галодных сялян толькі за тое, што яны падбіралі каласы, якія засталіся на калгасных палях пасля ўборкі. (Врублевский А.П., Протько Т.С. Из истории репрессий против белорусского крестьянства. 1929-1934. Мн.: «Навука и Тэхніка» 1992.с. 73).

Па гэтым законе ў БССР толькі за два гады (у 1933-34 гг.) асудзілі звыш 10 тысяч чалавек!

Каб калгаснікі поўнасцю не разбегліся па гарадах, у 1932 годзе ў СССР увялі пашпартную сістэму з прапіскай па месцы жыхарства. З гэтага часу ніхто з вяскоўцаў пад пагрозай турмы не мог пакінуць сваё месца жыхарства без пашпарта, які сельскім жыхарам не выдавалі. Так сталінскі рэжым на 35 гадоў ператварыў сялян у сваіх прыгонных рабоў.

Ёсць розныя кропкі гледжання паводле правільнасці альбо памылковасці прыняцця рашэння ў 20-я гады мінулага стагоддзя аб пазбаўленні сялян  права прыватнай уласнасці на зямлю. Мне здаецца, што менавіта гэтая памылка з’яўляецца следствам  сённяшняга  запусцення і адмірання нашых вёсак.

“Мы, малыя, не маглі  і ўцяміць,

што мы – людзі іншага гатунку,

мы – дзеці “ворагаў народа…”

 (Расказвае Ком Мікалай Якаўлевіч,

1937 г.н., г.Калінкавічы)

 

— Бацька мой, Ком Якаў Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1904 г. у Боруску. Пра-дзед па матчынай лініі быў міравым суддзёй, а яго сын  Даніла купцом.  Дзед Даніла жыў у Вялікіх Аўцюках, ён нарыхтоўваў дубовыя калоды, якія сплаўляў па вадзе з Мазыра  ў Кіеў на сударамонтны завод.

Аднойчы дзед падхапіў у Кіеве  тыф і прывёз яго ў Аўцюкі. Захварэў сам, заразіў і жонку. Абодва памерлі. Засталіся шасцёра дзяцей, малодшаму з якіх было 1,5 года. Маці маёй было 14 гадоў, калі яе, ратуючы ад гібелі, засватаў мой бацька Якаў.

 У міры і ладзе жылі яны, ведучы сялянскую гаспадарку ў дзедавым доме. Нарадзілі дваіх дзяцей, майго брата і сястру. А калі пачалася калектывізацыя, бальшавікі не маглі вытрымаць, каб не забраць у свае рукі купецкі дом. Бацьку і маці зрабілі “кулакамі” – “ворагамі народа”, асудзілі на 10 гадоў і этапіравалі на Калыму. Дзяцей не кранулі, іх забрала старэйшая матчына сястра.

Як расказвала апасля маці, калі цягнік даставіў іх на Поўнач, старшы па цягніку перагрузіў іх на конныя сані і за чацвёра сутак даставіў на месца размяшчэння. Вакол – люты мароз і непраходныя лясы, снег па пояс і дрэвы ў два абхваты ці нават больш.

Старшы аддаў каманду: “ Рубаць лес, паліць агонь і закопвацца ў зямлю. Тых, хто праз трое сутак не закапаецца ў зямлю – расстраляць!”

Так пачыналася новае жыццё маіх бацькоў на калымскай зямлі,  той зямлі, на якой адбылося маё зараджэнне.

Ссыльныя, незалежна ад полу, працавалі на лесараспрацоўках. Дзённую норму лесапавалу выконваеш, у канцы змены атрымоўваеш пайку хлеба. Не выконваеш – скарачаецца ў першы дзень на трэць, у другі  — на 50 %. А на трэці дзень – не атрымоўваеш ні грама. Надыйшоў дзень, калі цяжарная мною маці выканаць норму не змагла. А на трэці дзень старшы даў каманду: “Пайшла вон!”

Бацька, каб выратаваць жонку, занёс  стараверам, што жылі непадалёк ад пасяленцаў, прыхаваны на чорны дзень  дзедаўскі мяшэчак з золатам і папрасіў, каб давезлі маю маці да тракта, да якога было 500 вёрст. Стараверы выканалі яго просьбу.

Маці неяк змагла цераз усю краіну дабрацца да Вялікіх  Аўцюкоў. А паколькі дзедаву хату забралі пад сельсавет (апасля яе разабралі і перавезлі ў Калінкавічы, у гэтай хаце на вул. Куйбышава была сталовая – І.Г.), то на белы свет я з’явіўся 27 снежня 1937г. у  сцюдзёнай  сцёбцы, праз шчыліны між бярвенняў якой шугалі  посвісты завеі і залятаў снег.

Бацька мой не вытрымаў катаржнай працы ў ссылцы і праз некалькі месяцаў збег з двума землякамі з Калымы. Дабраўся да Аўцюкоў. Але тут яго  арыштавалі  і ў  сакавіку 1938 г.   расстралялі ў Мазырскай турме. Мне тады было толькі тры месяцы.

У 1964 г. бацьку пасмяротна рэабілітавалі. Па закону павінны былі вярнуць і кошт канфіскаванай маёмасці. Ды толькі, хто што вяртаў!

Памятаю, у трэцім класе настаўніца аб’явіла, што заўтра адбудзецца прыём у піянеры. Раніцой нас выстраілі ўсіх на школьным двары. Я, як самы рослы, стаяў першым у шарэнзе. Настаўніца падыйшла, узяла за руку і адвяла мяне яшчэ з двума аднакласнікамі ў канец шарэнгі. Усім павязалі чырвоныя гальштукі, а нам Ірына Маркаўна сказала: “Вам гальштукаў не хапіла. Купім і павяжам  іншым разам”.

Так таго “іншага разу” больш ніколі і не наступіла. Мы ж, малыя, тады нават уцяміць не маглі, што мы – людзі іншага гатунку, мы – дзеці “ворагаў народа”.

Маці мая, Анастасія Данілаўна, светлая ёй памяць, пражыла 95 гадоў. Яна ніколі не папракнула ўлады і слова горкага ніколі не выказала ў іх адрас. Але ў вачах яе да апошніх дзён стаяў невыказаны сум. Позірк яе святлеў толькі тады, калі яна была з намі, дзецьмі, ды сваімі ўнукамі. Рана асірацеўшы і аўдавеўшы, яна так больш ніколі і не выйшла замуж, хаця  і былі дастойныя прапановы. Усю сябе яна аддала нам, сваім дзецям.

“Барусканцаў называлі аўцюкоўцамі, што было ганебным…”

(З успамінаў Стомы Сцяпана Андрэевіча,

1932 г.н., г. Масква)

 

 

— Наша сям’я з 3-х чалавек – мама, Любоў Сідараўна, сястра Ліда і ваш пакорны слуга – жыла ў глухой вёсцы Боруск Беларускага Палесся. Мае ўспаміны гэтага перыяду жыцця дапаўняюцца расказамі мамы і бабулі па маці, Наталлі Гаўрылаўны.

Вёска была невялікая і цягнулася ў адну вуліцу з захаду на ўсход. Раніцой сонца ўставала на адным канцы вёскі, а вечарам заходзіла на другім.

На паўночным баку знаходзілася вялізнае непраходнае балота, па якім было небяспечна хадзіць нават зімой з-за дрэнна прамярзаючых участкаў, куды мы, хлапчукі, часта правальваліся, гуляючы на балоце.

З поўдня да вёскі прымыкала вялікае поле, на якім размяшчаўся ветраны млын, калгасныя гаспадарчыя пабудовы і вадаём, які барусканцы называлі Глыбокай лужай.

На паўднёвым усходзе да вёскі прымыкалі пяшчаныя дзюны з чысцюткім белым пяском, на якіх раслі кусты чырвонай вярбы з доўгім дробназалягаючым карэннем. Любімым заняткам хлапчукоў быў выраб з гэтага карэння батагоў.

Са знешнім светам вёску звязвала толькі адна дарога на захад, якая вяла ў вялікую вёску Вялікія Аўцюкі. Адлегласць паміж вёскамі была крыху больш 2 кіламетраў, і часта барусканцаў называлі аўцюкоўцамі, што было ганебным, так як Вялікія Аўцюкі карысталіся дурной славай і слова “аўцюк” лічылася адмоўным, якое характарызавала  нахабнага і несумленнага чалавека.

Зямля ў гэтых месцах была пустой і народ жыў бедна. Мой бацька Андрэй Кузьміч вырас ў шматдзетнай сям’і, у якой было пяцёра хлопцаў і адна дачка.

Дзядуля Кузьма Якаўлевіч, 1860 г.н., быў чалавекам цвёрдым, запальчывым і вызначаўся надзвычайнай ашчаднасцю. Сыноў ён трымаў у строгасці, выхоўваючы ў іх пачуццё згуртавання і ўмення пастаяць за сябе.

За пастаянную гатоўнасць Кузьміных пускаць у ход кулакі, нават, самыя заўзятыя вясковыя  бузацёры пабойваліся іх чапаць, а мянушкай сям’і Кузьмы стала слова “Драч”.

Старэйшы сын Дзяніс загінуў на фронце ў Першую сусветную вайну, і яго дачку Агапу выхоўвалі ў сям’і дзеда.

Да сярэдзіны 1930-х гадоў у вёсцы застаўся толькі малодшы сын Кузьмы – Есіп, а астатніх жыццё параскідала па свету з-за іх непрымірымага характару.

Старшыя Сцяпан і Іван у 20-я гады былі вымушаны збегчы ў Польшчу пасля забойства вясковага хлопца. Гэта адбылося ў выніку таго, што луг, якім доўгі час карысталіся Кузьміны, быў перададзены другой баявой сям’і – Прохаравым. Гэтыя два кланы пазбягалі стычак і жылі ў хісткім міры.

Кузьміны пакасілі на спрэчнай дзялянцы сена і склалі ў стагі. Прохаравы ж прыехалі ўсёй камандай і сена вывезлі. На бяду, пра гэта, па гарачых слядах, паведаміла суседка, якая заглянула да бабулі Мар’і, жонкі Кузьмы. Яе расказ пачуў Сцяпан, якому ў той час было 24 гады. Ён тут жа пазваў дваццацігадовага Івана, узяў вінтоўку і, нягледзячы на роспачныя ўгаворы бабулі, сказаў, што яны толькі паглядзяць, пабеглі на дзялянку.

Мама мне гаварыла, што калі б дома быў Кузьма, то нічога падобнага не здарылася б. Пра Сцяпана хадзілі супярэчлівыя водгукі. З аднаго боку, яго саслужыўцы па арміі гаварылі, што ён для сябра апошнюю кашулю аддась. А з другога, крый Божа ўвайсці з ім у канфлікт, ён станавіўся шалёным і з-за дробязі мог забіць да паўсмерці. Суседкі ж, падкрэсліваючы пакорлівасць бабулі Мар’і, гаварылі, што ёй Сцяпан падняў усіх дзяцей.

Прохаравы з сенам размінуліся з сынамі Кузьмы, але, на бяду, яны забылі на дзялянцы граблі і даручылі малодшаму сыну Прохара, Арсеню, вярнуцца і забраць іх.

Арсень уваткнуў граблі ў воз з сенам суседа Карпа, які таксама забіраў сваё сена, ішоў побач і сустрэўся з Кузьмінымі.

Карп быў сведкай гэтай драмы і расказваў, што, убачыўшы Кузьміных, Арсень сказаў яму: “Бягуць Кузьміны хлопцы, дзядзька, яны мяне заб’юць”.

Падбегшы, Сцяпан кінуўся да Арсеня са словамі: “Ну што, пабралі  сена?”

Арсень у адказ: “Ну пабралі, а ты, Драч, можа, мяне заб’еш?”

Сцяпан, скінуў вінтоўку з пляча і ва ўпор стрэліў у Арсеня.

Усвядоміўшы, што натварылі, Сцяпан і Іван пайшлі з дому і два тыдні хаваліся ў лесе, хаця ўжо была позняя восень.

Ежу і цёплае адзенне ім насіў мой бацька, якому ў той час было 16 гадоў. Дзядулю і бабулю забралі ў ЧК і там неміласэрна білі, патрабуючы паказаць месца, дзе знаходзяцца сыны. Разумеючы, што ім пагражае расстрэл (Сцяпану дык дакладна), яны пайшлі за мяжу, у Польшчу, якая ў той час знаходзілася ўсяго за 100 кіламетраў.

Ад бацькі я ведаў адрас, па якім пражываў Сцяпан, і праз 71 год пасля апісаных  вышэй падзей, будучы ў Польшчы, наведаў сына Сцяпана, свайго дваюраднага брата Людвіга. Аказалася, што ў Польшчу дабраўся толькі Сцяпан, там ажаніўся, нарадзіў пецярых сыноў і памёр у 61 год.

Няшчасці сям’і Кузьмы працягваліся: у 1924 годзе застрэліўся яго 22-гадовы сын Еўдакім, якому бацька не дазволіў жаніцца. Сам Кузьма быў раскулачаны пасля адмовы плаціць  натурпадатак, які ў трэці раз адвольна быў павышаны мясцовымі ўладамі.

Мама мне расказвала, што гэта была звычайная практыка рэпрэсій свавольных сялян. Устанаўлівалася “цвёрдае заданне” па здачы сельгаспрадукцыі на душу сям’і. Пасля яго выканання ўстанаўлівалася яшчэ адно, таксама “цвёрдае заданне”, і пасля яго выканання яно магло павялічвацца колькі хочаш разоў.

Кузьма ўзбунтаваўся і не стаў выконваць трэцяга задання. Тады па правілах раскулачвання ў яго забралі жывёлу, астаткі сельгаспрадуктаў,  сялянскае начынне. Выратавала яго толькі тое, што сын служыў у Чырвонай Арміі і мясцовым уладам прыйшлося ўсё вярнуць.

Мой бацька пасля жаніцьбы  не аддзяліўся ад дзеда Кузьмы, а таму хутка быў уцягнуты ў канфлікт з уладай. Падтрымліваючы  дзеда Кузьму ў час чарговай разборкі, ён да рукапрыкладства пасварыўся са старшынёй калгаса, дарэчы, былым яго добрым  сябрам, і быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, ён,  босы, у адной бялізне, зімой у дваццаціградусны мароз збег ад прыйшоўшых яго арыштоўваць мясцовых актывістаў.

У дальнейшым ён блукаў па краіне, а мы жылі з мамай на дзедавым падворку. Яна працавала даяркай у калгасе і выпрацоўвала па 600 працадзён у год пры норме ўдвая менш. Але на гэтыя працадні выдавалі такую дробязь, што пражыць на яе можна было не больш месяца-другога. Ад галоднай смерці выратоўваў прысядзібны ўчастак. Грашовыя даходы сям’і ўтвараліся ад продажу нарыхтаваных летам сушаных грыбоў, ягад і арэхаў на кірмашы. Я назаўжды запомніў, што жаданым  ласункам пасля вяртання мамы з горада быў формавы чорны хлеб.

Продкі мамы займалі ў вёсцы асаблівае становішча з-за пастаяннай службы ў рускай арміі. Іх мянушка ў вёсцы  была Маскалі. Мамін дзед Ермалай служыў у часы царавання Мікалая I  і Аляксандра II. Спачатку тэрмін службы быў 25 гадоў, а пры Аляксандры II скараціўся да 15.

Мамін бацька, Сідар Ермалаевіч, які нарадзіўся ў 1874 г., таксама быў служылым чалавекам.  Ён ваяваў у руска-японскую вайну 1904 г., а таксама ў Першую сусветную.

Пасля падпісання Портсмутскага міру, ён цэлы год чакаў сваёй адпраўкі дамоў з Маньчжурыі.

Як заслужанаму чалавеку яму прапанавалі пасаду  лесніка, што ў вёсцы было вельмі прэстыжным.

Бабуля па маці, Наталля Гаўрылаўна,  была родам з Вялікіх Аўцюкоў і вылучалася ласкавым і рахманым характарам. З усёй радні яна была для мяне самай блізкай і любімай.

Сям’я дзеда Сідара складалася з трох дачок і двух сыноў. Да сярэдзіны 30-х у вёсцы засталася толькі мая мама Люба. Старэйшая дачка Тэкля жыла на хутары, малодшая Палажка – у Калінкавічах. Абодва сыны жылі ў горадзе.Так што бабуля жыла на селішчы адна ў двух хатах, аб’яднаных сенямі. Зімой адна хата заставалася халоднай.

Дзеда Сідара ў 1924 г. застрэліў мясцовы бандыт Павел. Адбылося гэта ноччу, стралялі ў вакно, каля якога спаў дзед. Прычыну, па якой страляў бандыт, так і не ўстанавілі. Меркавалі, што за тое, што перад гэтым месяцы за тры яго затрымалі  і трымалі да прыезду міліцыі ў дзедавай кладоўцы.  Па другой версіі, з-за  варожасці паміж бандытам і старэйшым сынам дзеда Міхаілам.

Асабліва маркотна ў вёсцы было зімой. Дасягненні цывілізацыі да нас не траплялі, за выключэннем патэфона, які ў горадзе купіў сусед,  ды веласіпеда школьнага настаўніка.

Жыццё вёскі рабілі больш разна-стайнымі выбарчыя кампаніі, але і тады ўзнікалі праблемы. Памятаю, у час выбараў Маркава і Суганякі ў Вярхоўны Савет БССР, на іх партрэтах выкалалі вочы, дык міліцыя трасла ўсю вёску, пытаючыся знайсці зламыснікаў.

Вялікай падзеяй  у маім жыцці стаў пачатак заняткаў у 1-м класе Борускай школы. Яна размяшчалася ў асобным аднапавярховым будынку на ўскраіне вёскі. Настаўнікам 1-га класа ў нас быў малады мужчына, моцны, невялікага росту, па прозвішчы Свірэйка. Цішыню і парадак у класе ён наводзіў арыгінальным чынам – даваў пстрычкі па галаве.

 

Зімою вёску і дарогу завальвала снегам, і вучні былі першымі, каму даводзілася мясіць гурбы снегу. Асабліва даставалася дзяжурным, якія дапамагалі загадчыку гаспадаркі тапіць грубкі. Яны прыходзілі за 40 — 50 хвілін да пачатку заняткаў.

Свірэйка быў вялікім выдумшчыкам, прапаноўваў вучням розныя спартыўныя гульні з бегам і прыжкамі. Я, напрыклад, запомніў адну гульню пад назвай “дзень і ноч”. Клас разбіваўся на дзве часткі і па камандзе “дзень” група “ноч” даганяла ўцякаючы “дзень” і брала палонных.

Рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашых краях былі такімі ж як і па ўсёй краіне, але мелі свае асаблівасці, так як “чорны варанок” не вельмі пашлеш у глухія вёскі. Звычайна тых, каго збіраліся арыштаваць, выклікалі ў сельскі савет. Чалавек назад да хаты ўжо не вяртаўся, і ніякіх звестак пра яго атрымаць ужо было немагчыма. Так былі арыштаваны мужы маміных сясцёр, бацька майго сябра дзяцінства. Мама мне расказвала, як яна адгаворвала мужа сваёй старшай сястры, якая жыла на хутары за 5 кіламетраў ад нашай вёскі, не хадзіць у сельсавет – ён па дарозе зайшоў да нас. Але будучы чалавекам абавязковым, ён пайшоў і назаўжды прапаў. Праз 20 гадоў гэтых усіх людзей рэабілітавалі і выдалі сем’ям месячны заробак. А вось найбольш актыўныя і прадпрымальныя мужыкі альбо ўхіляліся ад запрашэнняў, ці ўвогуле з’язджалі з наседжаных месц і ў выніку засталіся жывымі.

У трыццатыя гады былі знішчаны хутары, жыхароў якіх прымусова перасялілі ў вёскі. Хутарскія сядзібы зараслі хмызняком і пустазеллем, пакрыліся лесам і зніклі з твару зямлі. У большай часткі насельніцтва падобныя дзеянні з боку ўлад выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю з-за ярка акрэсленай шкоды канкрэтнаму чалавеку.

У канцы 30-х гадоў сярод дарослых пастаянна вяліся размовы аб непазбежнасці вайны. І вайна прыйшла. Адносіны да немцаў напачатку былі рознымі, аб чым можа сведчыць вось такі выпадак, які адбыўся ў нашай вёсцы. У жніўні 1941 года ўстанавілася безуладдзе – савецкая ўлада пайшла, а немцы яшчэ не з’явіліся. Людзі штодня гуртаваліся і абмяркоўвалі навіны. Так атрымалася, што ў натоўпе знаходзіўся муж, жонка якога пагнала некалькі подсвінкаў ад граху падалей у лес. Убачыўшы, як у вёску заязджаюць нямецкія матацыклісты, мужык закрычаў: “Арына, вяртайся да хаты, нашы прыйшлі”. Жанчына завярнула свіней і наблізілася да натоўпу, ля якога спыніліся матацыклісты. Адзін з немцаў зняў з пляча вінтоўку і тут жа паклаў лепшага кабанчыка. Мужык з крыкам “Што ты, гад, робіш!” – кінуўся да немца з кулакамі і тут жа быў збіты з ног ударам прыклада ў галаву. Натоўп разбегся. А вясковыя мужыкі доўгі час падсмейваліся над аднавяскоўцам: “Вось знайшоў Васіль нашых!”

Тыя, хто чакаў немцаў, хутка пераканаліся, што прыйшоў бязлітасны вораг.

 

вогненная вёска

 

У 1975 г. у Мінску, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга  Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і  Уладзіміра Калесніка  “Я з вогненнай вёскі”. Ва ўступным слове да гэтай кнігі яе аўтары напісалі:

”Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукае ў сэрцы людзей.

<…> Хатыні — вёскі, спаленыя, забітыя разам з людзьмі,— гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі. Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у вайну гарадоў і больш за дзевяць тысяч спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, — маюць што сказаць свету. Не толькі пра той фашызм, які бачылі  і іншыя краіны, але і пра той, які яны ўбачылі б, калі б нацыстам удалося прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе».

Боруск таксама з ліку “вогненных” вёсак.

… Калі пачалася вайна,  майго дзеда Кірылу, як і дзясяткі  яго аднавяскоўцаў прызыўнога ўзросту, забралі на фронт. Рэчыцкі райваенкамат прызваў яго ў войска 6 ліпеня 1941 г.

Бабуля Лізавета засталася з дзецьмі ў Боруску, які ўжо ў жніўні апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Майму бацьку ў 1941–м споўнілася 15 гадоў. Ён быў адзінай апорай для сваёй маці. На яго плечы легла ўся мужчынская праца па гаспадарцы, ён застаўся за гаспадара.

Пра лёс дзеда Кірылы ніхто не ведаў на працягу ўсёй вайны. А быў ён у радавога 800-га стралковага палка даволі няпростым. 143-я стралковая дывізія, у  якую трапіў Кірыла Іванавіч, з 1940г. дыслацыравалася ў Гомелі, Нова-Беліцы і Рэчыцы. У першыя дні вайны пад жорсткімі ўдарамі пераўзыходзячых сіл праціўніка яна вымушана была адступаць, губляючы на кожным кроку сваіх байцоў і матэрыяльныя рэсурсы. Некалькі разоў трапляла ў варожае акружэнне. Прарываючыся з яго за раку Сож, дывізія страціла дзве трэці асабовага саставу, і была накіравана на перафарміраванне.

26 жніўня 1941 г. непаўна-камплектная 143-я  стралковая дывізія трапіла пад удар 3-й нямецкай танкавай дывізіі і была выбіта з горада Ноўгарад-Северскі за Дзясну. 30 верасня яе часці, як, дарэчы,  і ўся армія, трапілі ў акружэнне, з якога з цяжкімі баямі   вырваліся  толькі 9 кастрычніка паўночна-заходней Сеўска.

Потым зноў былі крыва-пралітныя баі, акружэнні і прарывы. К канцу лістапада з дывізіі пры штатнай колькасці ў 14 483 чалавекі  засталося ўсяго 1 615 байцоў ды некалькі кулямётаў.

Не лепш складваўся лёс дывізіі і ў 1942 г.: абарончыя баі, спробы перайсці ў наступ, зноў угрызаліся ў зямлю, каб не пусціць далей ворага, гібель байцоў і новае папаўненне. У 1943 г. дывізія, у якой ваяваў дзед, панесла вялікія страты ў час Арлоўскай аперацыі.

У кастрычніку 1943 г. часці дывізіі фарсіравалі Прыпяць і пачалі наступаць на Корасцень, які ў выніку цяжкіх і гібельных баёў к зыходу 17 лістапада 1943г. быў узяты.

Радаваліся байцы гэтай перамозе, як ніколі, а наступленне ў адрозненне ад адступлення носіць зусім іншую псіхалагічную афарбоўку. Удвайне радаваўся перамозе мой дзед  — усё бліжэй заставалася да роднага дома, да сям’і,  якая столькі часу знаходзілася ў невядомасці.

Толькі радасць яго была заўчаснай. Немцы не збіраліся сядзець склаўшы рукі. Магутным  танкавым ударам яны адкінулі  нашы войскі. А 800-ы стралковы полк трапіў у акружэнне. 10 снежня 1943г. мой дзед, паранены ў нагу, ў час захлынуўшайся атакі, апынуўся ў варожым палоне.  Толькі пасля доўгіх месяцаў здзекаў і пакутаў, 2 красавіка 1945 г., ён быў вызвалены амерыканцамі  з нацысцкага  канцлагера, у якім назаўсёды засталіся многія яго баявыя сябры.

Не ведаў салдат-нявольнік, знаходзячыся за калючым дротам, што творыцца ў гэты час у яго роднай вёсцы, як і чым жыве яго сям’я. Ды  і адкуль было яму, небараку, ведаць, што вёску яго датла спалілі немцы, а яго першынцу  Івану, як і яму самаму,  лёс таксама наканаваў прайсці  цераз канц-лагеры  Беларусі, Польшчы і Германіі, усе кругі фашысцкага пекла.

Жыхары  Боруска ў га-ды вайны, нягледзячы на блізкасць ворага, як маглі, дапамагалі партызанам: пяклі хлеб, забяспечвалі вопраткай і харчамі, звесткамі пра варожыя сілы.

Непадалёку ад  Боруска, на полі Гліняныя ямы, што размяшчалася ў напрамку Хобнага (там сяляне здабывалі для сваіх гаспадарчых патрэб гліну – І.Г.), як расказала мне цётка Маня па аповядах сваёй маці, быў партызанскі аэрадром, на які з Вялікай зямлі прыляталі самалёты са зброяй і боепрыпасамі для народных мсціўцаў. Аднойчы на гэтым партызанскім аэрадроме здарылася аварыя: на самалёт, які прыляцеў з Вялікай зямлі, прызямліўся ўпоцемках  другі. Партызаны сабралі вясковых мужыкоў і за ноч перацягнулі пацярпеўшы самалёт з поля ў лес.

Немцы празналі пра гэты аэрадром і наляцелі на  Боруск. Сагналі ў гурт усіх вясковых мужыкоў, пасадзілі пад дуламі кулямётаў і аўтаматаў на зямлю і пачалі патрабаваць, каб тыя расказалі, дзе знаходзіцца аэрадром, інакш усіх расстраляюць.

Сярод немцаў быў цывільны чалавек, нібыта перакладчык. Ён сказаў барусканцам: “Не прызнавайцеся, бо будзе смерць!”

Некалькі гадзін людзей трымалі пад дуламі аўтаматаў і кулямётаў, дамагаючыся месцазнаходжання аэрадрома, пакуль нейкі нямецкі чын не аб’ехаў мясцовыя ваколіцы. З лесу ніхто нідзе не стрэліў у яго бок, ніхто нічым не патрывожыў, і  ён даў каманду  адпусціць барусканцаў, паверыў, што ніякага аэрадрома не існуе.

Нярэдка партызанскія разведчыкі, а то і цэлыя атрады,  знаходзілі сабе начлег  у  Боруску.

Так адбылося і напярэдадні  Новага 1943 г. Партызаны  Калінкавіцкага і Даманавіцкага партызанскіх атрадаў спыніліся ў Боруску, каб у цяпле сустрэць Новы год.  Але вельмі ўжо заліхвацкі яны сустракалі яго. Вось што пра гэта ўспамінае 91-гадовая  ўраджэнка Боруска Пырко (Судас – у дзявоцтве – І.Г.) Марыя Пятроўна, якая зараз пражывае ў дачкі Вольгі ў Муравейніцы:

“Село нашэ спалілі цераз парцізан. Я не буду казаць, што яны плохіе, але ж не можна скрыць. Прыйшлі з лесу ў дзерэўню пры немцах і давай тут танцэваць і давай танцэваць. Пойшла я погле-дзець, проўду, весело, смело гуляюць. Вернулась до хаты, легла спаць, чую: “Тох- пох”. Ужэ,значыць,  перадалі немцам”.

А вось што расказала  пра гэта членам  камісіі па ўстанаўленні і раследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на тэрыторыі Вялікааўцюкоўскага сельсавета ў снежні 1944 г.  жыхарка Боруска Буцэнка Хрысціна Піліпаўна, 1896 г.н.:

“Зімою 1942 года да нас у вёску Боруск з г. Калінкавічы  прыехалі на аўтамашынах немцы. Як прыехалі, так адразу ж пачалі страляць па хатах. Мы ўсе перапужаліся, кінуліся бегчы ў лес. А мая маці Барысенка Акуліна Анісімаўна ва ўзросце 102 гады не паспела з намі збегчы ў лес і засталася дома. Немцы і паліцаі, пастраляўшы, паехалі назад. На наступны дзень яны зноў прыехалі на аўтамашынах, акружылі вёску, і сталі паліць хаты, забіраць жывёлу і маёмасць.

Калі вёску спалілі, усё супакоілася, мы з лесу вярнуліся ў Боруск, але вёскі ўжо не было – усё было спалена, жывёлу сагналі, частка маёмасці сгарэла, астатняе забралі немцы і паліцаі.

На папялішчы сваёй хаты я знайшла абгарэлы труп сваёй маці, там жа былі расстрэляныя жыхары нашай  вёскі”.

А вось што сведчыў тады жыхар Боруска Арцём Міхайлавіч Гаркуша:

“Калі прыехалі немцы ў Боруск, яны адразу ўварваліся ў хату Івана Піліпавіча Барысенкі. Там забілі яго 18-гадовую дачку Пелагею і 16-гадовага сына Міхаіла.

Затым, уварваўшыся ў хату Барысенкі Есіпа Навумавіча, забілі яго, паранілі жонку, забілі двухгадовае дзіця, а таксама двух партызан, якія знаходзіліся ў хаце.

Пасля гэтага завязаўся бой паміж немцамі і партызанамі.

Немцы праз нейкі час  адышлі. Але на наступны дзень зноў вярнуліся з паліцэйскімі, акружылі вёску, падпалілі два крайнія дамы з абодвух бакоў Боруска і пачалі рабаваць маёмасць, выганяць буйную рагатую жывёлу, свіней і авечак, забіраць лепшыя рэчы і грузіць на аўтамашыны, так як  амаль усе людзі збеглі ў лес з партызанамі. Але частку жыхароў немцы вылавілі і прывялі ў вёску, і  пачалі расстрэльваць,  і жывымі кідаць у полымя.

У гэты дзень было расстраляна і спалена каля 40 чалавек.

На маіх вачах немцы кінулі ў падпаленую хату 60-гадовага Гаркушу Мітрафана Цімафеевіча, яго 55-гадовую жонку –  Гаркуша Ганну Паўлаўну і дачку Вольгу, 14 гадоў.

А  Барысенка Еўдакію Іванаўну, 35 гадоў, з сынамі Уладзімірам, 8 гадоў,  і Канстанцінам, 5 гадоў, немцы закрылі ў хаце і падпалілі, дзе яны і згарэлі.

На маіх вачах немцамі былі забіты 65-гадовы Барысенка Андрэй Сцяпанавіч, 70-гадовы  Буцэнка Іван Пятровіч і 70-гадовы Гаркуша Васіль Ільіч. Апошні быў глухі, таму, не ведаючы, што робіцца наўкола, выглядаў са свае хаты ў вакно. Немец заўважыў яго з вуліцы і стрэліў прама ў яго.

Немцы мяне таксама кінулі ў полымя, але мне ўдалося збегчы. Толькі валасы на галаве і барада абгарэлі” .

А вось што расказваў  тады яшчэ адзін сведка трагедыі, ураджэнец Боруска Маскаленка Антон Барысавіч, 1867 г.н.:

“Калі немцы прыбылі ў вёску і адкрылі страляніну, я схаваўся ля свайго дома. Праз нейкі час я вырашыў ісці ў хату, але мяне з Гарыстам Васілём Іванавічам схапілі немцы і пад канвоем павялі ў канец вёскі, да хаты сляпога Барысенка Андрэя Сцяпанавіча. Немец стаў прымушаць яго, каб ён разам з намі гнаў з вёскі жывёлу ў Калінкавічы, але Барысенка сказаў, што ён сляпы. Тады немец адвёў яго за хату і застрэліў. Старому было 70 гадоў. Пасля гэтага я з Гарыстам пагнаў жывёлу па дарозе на Вялікія Аўцюкі. Дагнаў да лесу і збег. Хаваўся ў лесе. У гэты выезд немцы выгналі з вёскі каля 100 галоў буйной рагатай жывёлы,  а яшчэ ж былі коні, свінні, авечкі”.

Фашысты  тады спалілі  жыўцом, як расказаў мне малодшы брат майго бацькі Алёша, які жыве ў Боруску, і  родную сястру дзеда Кірылы Барысенка Аўдулю Іванаўну. А другую яго сястру Фядору, якая жыла на хутары, пастралялі разам з дзецьмі.

У Акце надзвычайнай дзяр-жаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых па Вялікааўцюкоўскаму сельскаму Савету ад 5 снежня 1944 г. запісана таксама, што ”… у студзені 1943 г. у Боруск з Калінкавіч прыбыў немец-гаспадарнік з жандармерыі. Пасля яго прыезду салдаты зноў пачалі рабаваць маёмасць і адбіраць жывёлу ў сялян, ламаць застаўшыяся вуллі, збіваць і расстрэльваць уцалелых ад першага расстрэлу.

Так, гэтым жандармам была збіта грамадзянка Ульяна Сцяпанаўна Мельнічэнка, а Агаф’я Лявонцьеўна Гарыст і яе нявестка Праскоўя Іванаўна Гарыст  былі застрэлены.

Усяго фашыстамі ў Боруску было расстраляна і спалена 34 чалавекі”.

“За ўвесь перыяд акупацыі з вёскі Боруск і сяла Вялікія Аўцюкі, г.з. з тэрыторыі Вялікааўцюкоўскага сельсавета,  немцамі ў розныя тэрміны былі  прымусова вывезены на катаржныя работы ў Германію 135 чалавек, а таксама расстраляна, спалена ні ў чым не павінных грамадзян: жанчын, старых і дзяцей 52 чалавекі.

Разам з масавымі забойствамі немцы ажыццяўлялі рабаўніцтва жыхароў. Яны забралі ўсю жывёлу і маёмасць у жыхароў Боруска, а  вёску поўнасцю спалілі. Таксама забралі жывёлу і ў сяле Вялікія Аўцюкі.

Пры адступленні нямецка-фашысцкіх войск у сяле Вялікія Аўцюкі былі спалены 543 хаты, усе калгасныя пабудовы, і была ўгнана застаўшаяся жывёла”, — так было занатавана ў  Акце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых па Вялікааўцюкоўскаму сельскаму Савету ад 5 снежня 1944 г., у якую ўвайшлі старшыня Вялікааўцюкоўскага сельсавета Гарыст Міхаіл Карпавіч, дырэктар НСШ Капітан Ірына Маркаўна, калгаснік Маскаленка Пётр Данілавіч і ўпаўнаважаны раённай камісіі Карнілаў Васіль Максімавіч.

У Акце ёсць і

ПАЙМЕННЫ СПІС расстраляных і замучаных фашыстамі грамадзян Боруска і Вялікіх Аўцюкоў. Прывядзем яго поўнасцю:

Варабей Фёдар Пятровіч, 1909 г.н.

Варабей Вольга Паўлаўна, 1920 г.н.

Супрун Яфім Ісакавіч,

1910 г.н.

Варабей Дар’я Аляксееўна, 1888 г.н.

Гарыст Іван Васільевіч, 1887 г.н.

Капітан Васіль Мікалаевіч, 1901 г.н.

Варабей Якаў Кузьміч,

1911 г.н.

Варабей Ганна Якаўлеўна, 1911 г.н.

Кіршчын Павел Маркавіч, 1920 г.н.,

Судас Іван Пятровіч, 1922 г.н.

Таўтын Іван Раманавіч,

1918 г.н.

Гаркуша Уладзімір Пятровіч, 1923 г.н.

Капітан Рыгор Апанасавіч, 1914 г.н.

Супрун Пацей Карнеевіч, 1902 г.н.

 Буцэнка Рыгор Апанасавіч, 1888 г.н.

Буцэнка Пракоп Яўсеевіч, 1882 г.н.

Буцэнка Іван Аляксан-дравіч, 1922 г.н.

 Баравік Павел Нічыпаравіч, 1875 г.н.

Судас Зіноўя Іванаўна,

1874 г.н.

Буцэнка Дзмітрый Фаміч, 1898 г.н.

Гаркуша Таццяна Кіры-лаўна, 1943 г.н.

Судас Антаніна Стэфанаўна, 1899 г.н.

Барысенка Аўдуля Іва-наўна, 1805 г.н.

Барысенка  Уладзімір Гурынавіч, 1935 г.н.

Барысенка Міхаіл Гуры-навіч, 1938 г.н.

Пырко Захар Фёдаравіч, 1901 г.н.

Гарыст Агапа Лявонцьеўна, 1908 г.н.

Гарыст Праскоўя Іванаўна, 1907 г.н.

Гаркуша Васіль Ільіч,

1859 г.н.

Гаркуша Аляксандр Мікала-евіч, 1942 г.н.

Гаркуша Фёдар Апанасавіч, 1906 г.н.

Стома Аксіння Сямёнаўна, 1884 г.н.

Стома Ірына Кірэеўна,

1884 г.н.

Барысенка Аксіння, 1870 г.н.

Барысенка Акуліна Анісі-маўна, 1842, г.н.

Барысенка Вольга Іванаў-на, 1919 г.н.

Барысенка Рыгор Іванавіч, 1939 г.н.

Барысенка Наталля Ціма-фееўна, 1804 г.н.

Барысенка Павел Сярге-евіч, 1923 г.н.

Гаркуша Пелагея Сярге-еўна, 1870 г.н.

Барысенка Іосіф Наву-мавіч, 1907 г.н.

Барысенка Ніна Іосіфаўна, 1941 г.н.

Гарыст Павел Антонавіч, 1917 г.н.

Гарыст Іван Антонавіч,

1927 г.н.

Гаркуша Мітрафан Ц.,

1889 г.н.

Гаркуша Ганна Паўлаўна, 1889 г.н.

Гаркуша Надзея Мітрафа-наўна, 1933 г.н.

Буцэнка Міхаіл Якаўлевіч, 1932 г.н.

 Буцэнка Вольга Якаўлеўна, 1942 г.н.

Буцэнка Іван Пятровіч,

1884 г.н.

Барысенка Андрэй Сцяпа-навіч, 1874 г.н.

Барысенка Агаф’я, 1992 г.н.

(Установа” Занальны дзяржаўны архіў г. Мазыра” (УЗДАМ. ф.401, воп.1).

У  Боруску і сёння яшчэ жыве не проста сведка тых страшных падзей, а чалавек, якому пашчасціла вырвацца жывым з полымя, у якое яе кінулі фашысцкія прыхвастні. Гэта жонка брата майго бацькі Пятра Гарыст Вольга Кірылаўна (Гаркуша ў дзявоцтве). Калі фашысты кінулі яе ў палаючую хату, ёй было ўсяго сем гадкоў.

Да вайны ў Боруску было 142 хаты, у якіх жыло 465 чалавек. Пасля карнай аперацыі ад вёскі засталіся толькі папялішчы, ды  142 каміны ад печаў. (Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941-1944). Мінск. 1995. с.94).

 

“І нас поліцаі Зарэнкі погналі ў той огонь…”

(Расказвае Гаркуша (Гарыст па мужу) Вольга Кірылаўна, 1935 г.н., в. Боруск)

 

— Ек палілі Боруск, я тоды ў бабы Хоміхі була. Поелі ў ее. І пошлі  к Сергеісі – отведуваць.

Мы прышлі туды ў хату, гледзім,  аж лежыць мужчына на полу  к печы, а жончына лежыць к окну — убітые. Хоміха заголосіла, дай пошлі му.

На вуліцы зноў бачым, лежыць чоловек  убіты. А  хто? Я ж не ведаю – малая.

 Мы пройшлі, чуем крычыць. Там, дзе зараз Настаха Каракова, жыла Соня Дрымджычышына, вона ў Аўцюкі перобралася после войны, крычыць баба.

Мы зайшлі туды, ена лежыць  раненая. Ена просіць: “Хведорка, Хведорка, дэй мне воды!”. Я ношу воду, а потом узяла, я ж не ведаю,  ці  то ручнік, нешто доўгае, і мы з бабою заверцелі  ёй ногу.  Потым баба поклала ее на посцель і пойшлі мы оттулека назад.

Баба говорыць: “Ходзем мы туды,  у лес  ховацца!”  А тутака во, по той бок погон, жыў Надзі Парашчыной дзед Рыгор (Гаркуша, па вясковай мянушцы Ветрык – І.Г.). Мы зайшлі  ў тую хату, аж там на печы лежыць ранены – Горомукова Мішы брат Грыша.

Той дзед кажэ: “Хведорко, прынесі мне спічок ці гню, запаліць у печы”.

Баба пошла додому ці куды. Аж хутко бачу — баба ідзе.

 Я вускочыла к бабі, аж поліцэйскіе і немец за бабу  сюды, у кусты, а мене туды повелі.

 Там ужэ, я ведала, што Гурыніха своя, ходзіла туды к дзеду, там жэ Моця жыла, з хлопцамі оццетак пообдымаліся. Там жэ буў Ёнтыль – Мартышэнчышын дзевер — жыў на погонах. Дзеўка такая, як я була. І жончына. Яны булі сільна прыбіраныя харашэ. Яны паабдымаліся і сядзелі ўтрох.

І на возу булі дзеці. Але чые, я не ведаю: Рыгора Кастанова хлопчык буў і Паўла Есіпава. А ці яны іх пабілі ці не…

І цётка Еўсеіха була. Вольга з 1930 г. (засталася жывая) і хлопчык, два годы.

 І нас погналі  і погналі.

Дойшлі му до хаты дзеда Хомы і побеглі туды з хлопцамі Гурыновымі. А на полу булі зернета і ягоды рассыпаные, дак му давай іх збіраць.

Тут прышоў Міша Кузьмін (паліцай Заранок – І.Г.) і нас вугнаў.

І погналі нас у бок, дзе цётка Вольга (сястра майго бацькі Гарыст (Барысенка па мужу)  Вольга Кірылаўна — І.Г.) жыла.

За хату да яе булі дзве хаты ўмесце: Нічыпоркова і Ёселева. Воны ўжэ горэлі страшным огнём, крышы ўжэ попровальваліся. І нас поліцаі Зарэнкі: Міша і Петро, чужых я не ведаю, а етые по суседству з намі жылі, погналі ў той огонь.

 А Ліда з старэйшым хлопчыком, Віцькой звалі, і  меньшой дзевочкой на руках, яны за Параской Ёселевой жылі, засталіся.

 За Гурыніху (родная сястра майго дзеда Кірылы – І.Г.) з дзецьмі — у огонь.

Дзеда Рыгора Ветрыкова  — у огонь. Дзед той побег.

Мене  — туды, я за тым  дзедам.

А хто мене вунёс, я не ведаю.

І Ёнтэля туды, і цётку Хведору.

Бо му ўжэ ек побеглі туды…  Дак конаўкі ж булі… Дак я  добегла до конаўкі — на мне горэлі ногі… Дак я давай іх снегом росціраць… У дзецьстві ешчэ доўго следы от спаленых бурок на ногах відаць булі.

Му побеглі,  а цётка Еўсеіха кінула хлопчыка, ён сільненько крычаў — у его вуходзілі кішочкі… Дак вона трохі пройшла да вернуласа назад за ім. І понесла его.

 А Ліду не кідалі ў вагонь. Побеглі му, побегла за намі і вона.

Зашлі му после того страху  ў Круглое, там разгорнулі стог і заночовалі.

 А што було далей — не помню.

 

“Мы ратаваліся ў лесе, на балоце:

Мізароўе, Печышча называецца …”

(Успамінае  сястра майго бацькі Гарыст (Судас па мужу) Марыя Кірылаўна,

1940 г.н., г. Калінкавічы)

— Як толькі пранеслася чутка: “Немцы ідуць!”, матка скамандавала Івану (майму бацьку – І.Г.): ”Хуценька запрагай каня!” (Перад самай вайной частку калгаснай жывёлы, у залежнасці, хто што здаваў у калгас, падзялілі між калгаснікамі, нам дастаўся здаровы рыжы конь). Бацька твой, яму было ўжо 17 гадоў, пагрузіў на калёсы нас, малых.  З маткай кінулі ў воз нешта  з дамашніх рэчаў, і пагналі каня па дарозе на Хобнае — там жылі нейкія родзічы.

Потым, дзе мы толькі не бадзяліся!

Жылі ў Аўцюках. Там немец ледзь не забіў нашага Петрыка.

Па суседству кватараваў нейкі нямецкі чын. У  яго была маленькая сабачка, якую ён цягаў на руках. А наш Пятро (яму тады было гадоў сем) знайшоў недзе маленькую сякерку і, калі тое сабачанё  бегала само між вясковых платоў, запусціў яе ў яго.

 Трэба ж так здарыцца: сякерка трапіла ў немцаву сабачку і адрубала яму нагу. Сабачанё ўзняло сапраўдны вэрхал: піск – віск.

Петрык кінуўся ў хату. Ад страху залез у падполле.

Раз’юшаны немец уварваўся ў дом і ўзняў яшчэ большы лямант, размахваючы пісталетам.

Маці кінулася немцу ў ногі і пачала прасіць: “А, паночак, прабач, міленькі, неразумнае дзіця. Яно ж яшчэ малое, анічога не цяміць”.

Немец пакрычаў-пакрычаў і супакоіўся, махнуў рукой і пайшоў з хаты, відаць, не зусім быў благі чалавек.

У той аўцюкоўскай хаце і я руку зламала. Маці пякла аладкі, а я залезла на ўслончык  і паглядвала. Упала з таго ўслончыка і на табе… Сусед пазычыў каня, і маці павезла мяне ўпраўляць руку ў Хобнае — там жыў фельчар.

А пасля і з Аўцюкоў прыйшлося ратавацца. Немцы і Аўцюкі палілі. Мы схаваліся ў лесе, на балоце, ў бок гомельскай шашы: Мізароў’е, Печышча называецца. Там збудавалі з жэрдак і галля курэнь, у якім і атабарыліся. Побач пасяліліся і  аднавяскоўцы.

Крыху пазней, адтуль перабраліся бліжэй да вёскі – ва Укутаную палосу, кіламетраў за тры-чатыры ад Боруска.

А калі нашы салдаты перайшлі ў наступленне і пагналі немцаў за Калінкавічы, перабраліся ў зямлянкі ў Мізароўе, дзе дагэтуль мясціліся чырвонаармейцы.

Напярэдадні  вызвалення  ў нашай  сям’і адбылася трагедыя. Твой бацька, а мой старшы брат  Іван, мяне вельмі  сільна шкадаваў. Мне ж было ўсяго два гадкі. Есці ў лесе не было ані грама. А я ж нічога не панімала. Гаварыла дрэнна: крум-крум. Мяне з-за гэтага  яшчэ Крумкай празвалі. Дык бацька твой нагледзеўся  на мае мукі і рашыў ехаць у Боруск, каб  раздабыць якой  яды. Да  таго  ж прайшоў слух, што Боруск вызвалілі.

Іван запрог каня і ў вёску падаўся з дваюраднай сястрой – Надзяй Гурынавай.

 У Боруск  можна было ўехаць  толькі праз Кладкі, так  у нас называлася месца, дзе сыходзіліся дзве белі, адна з якіх ішла ад Кругалля, а другая – ад вёскі.

 

Толькі твой бацька паткнуўся ў гэтыя Кладкі, як немцы, якія ляжалі ў засадзе ў кустах, секанулі па іх з кулямёта. Каня паранілі, а Івана з Надзяй паланілі. А так як ён быў не па гадах дужы і рослы, то немцы палічылі іх за партызанаў і накіравалі ў Мазырскую турму. А адтуль пачаліся яго пакутныя вандроўкі па нямецкіх канцлагерах. 

Мы ж усяго таго не ведалі. Конь паранены прыбег да нас назад, а што сталася з Іванам ніхто не ведаў. Людзі падказалі маці, што іх схапілі і павезлі ў Мазыр. Маці хадзіла туды, шукала яго, дапытвалася, але нідзе не трапіла.

Мы нічога не ведалі  і пра лёс нашага бацькі ўсю вайну. Толькі апасля яе даведаліся, што  бацьку і Івана вызвалілі з палону амаль адначасова — у красавіку 1944 г. Бацька толькі ў 1946 г. вярнуўся дахаты. Яго папершапачатку  прызначылі начным  вартаўніком  у калгас, каб набраўся сіл. А Іван быў прызваны ў армію і служыў тры гады. Прыйшоў у канцы 1948 г.

Калі мы жылі ў Нізароўскім лесі ў зямлянках, прыйшла эпідэмія тыфу. Проста дзіва – усю вайну ў холадзе і голадзе былі — і нічога, а пасля вызвалення на людзей напала хвароба.

Наша маці перахварэла тыфам яшчэ ў дзяцінстве, таму яе хвароба ўжо  не кранула, а астатнія ляжалі ўпокат. Маці не толькі нас даглядала, а хадзіла па зямлянках, у якіх жылі аднавяскоўцы, і дапамагала хворым.

Калі ўжо вайна пайшла далей ад нашага раёна, паўстала пытанне, што рабіць далей? Людзі пачалі перабірацца ў спалены Боруск. Там непадалёк, на кургане, была салдацкая зямлянка, дык маці папрасіла дзядзьку Макара і той раскідаў яе на бярвенцы, перацягнуў на наша селішча, і сабраў невялічкую хатку, у якой жылі не толькі мы, але нанач сабіраліся і суседзі, якім не было яшчэ дзе прыткнуцца.

 

“Дзеды расказулі, што Боруск горэў на сотум годзі – сто лет було Боруску”

(Успамінае Стома Пётр Цітавіч, 1929 г.н., в. Боруск)

 

— У майго бацькі, Стома Ціта Романовіча, 1887 года рождзення, було 10 дзецей. Я буў восьмы ў сем’е. До войны здзесь, у Боруску, учыцеля булі со Шклоўского раёна. Орлоўскі Міхаіл Сцепановіч – наш зяць, ён мою старшую сестру з 1918 года ўзяў. Потым  Корсакоў. Трэцего не помню – он у Большых Аўцюках вучыў дзецей.

Перэд самой войной зяць з сестрой собраліся ў дорогу — его бацько з Могілёўшчыны прыслаў пісьмо: “Сынок, прыедзь, бо нас згоняюць з хутороў. От так, як і ў нас тут. Прыедзь, поможы хату строіць у дзерэўні”.

Вон уволіўся, перэехалі туды, перэвезлі хату, зробілі ее на дзве половіны: для старых і молодых.

А перэд самой войной ён з сыном прыезжаў у госці ў Боруск. Як водзіцца, бацько забіў кобана.

 

 

А назаўтрэ і проводзілі іх на поезд до Доўгой Ніўкі, а тут целеграма прыйшла: “Остаў дзіця ў бацькоў і срочно прыезджай, вузываюць у военкомат”.

Забралі его ў армію, а тут і вой-на почалася. Там на фронці вон і пропаў без весці.

Як война почалася, ноччы з Малых Аўцюкоў арцілерыя начала стрэляць по Боруску. Перэлёт снарадоў. Одзін толькі попаў ле первое хаты, там дзядзько жыў, дак  возле забора.

Пройшло это. Цішына. Утром 12 чоловек немцоў на велосіпедах проехалі по Боруску. Доехалі до конца, до крайней хаты. Там у дворэ давай курэй ловаць — хватаць. Разведка это була. Потом пошла цехніка на Хобное.

Скоро ў нас назначылі старосту. Поліцаі появілісь. Сначала старостой буў одзін стары. Вон заболеў. Дак назначылі другого – Гаркушу Кірылу Хоміна.

А тут у Германію началі дзевок забіраць. Проці старосты жыў Гаркуша Міколушка Левоноў. Дак той прышоў к старосту, дай говорыць: “Знаеш што, ты остаў мою дочку, а  я тобі дам кобана і барана”.

І той узяў да подмеўся. А потым, відзімо, хто-то ему сказаў: “Знаеш, што ты дзелаеш!” І вон отказаўся. Сказаў, што не можэ. Дочку забралі ў Германію. І мою сестру младшую забралі. І много дзевок позабіралі. А Міколайчык пошоў у парцізаны.

А ўжэ колі  нашы прышлі, нас освободзілі, ён неяк зайшоў до нас. А матка моя і спрашуе: “Мікалай, нічого ты  не чуў про нашых дзецей, дзевок значыць, што ў Германію забралі?” А той  отвечае: “Знаеш, Огапко, дзержы язык за зубамі. Можэ мене ўперэд уб’юць, а я за свое дзіця не прошчу”.

Міколайчык поймаў Кірылу Хомічового ў лесі і растрэляў. Перэночоваў. І порану ўстаў: помыўсь, поснедаў. А потым ужэ сказаў матцы і бацьку: “Ідзіце закопайце свойго сына, я его там і там убраў. Да не смейце везці его на кладбішчэ, бо  і вас пострэляю”.

Ён і ешчэ одного растрэляў – Ігнаціка. Когда немцы першые прыйшлі, дак шэсць нашых военных здалісь ім у плен. Немцы пытаюць у іх: “А дзе вашэ оружые?” А воны отвечаюць: “У нас була одна вінтоўка дак му ее выкінулі”. А на самом дзелі вінтоўкі і патроны оны покідалі ў копанку возле дзерэўні. І Ігнацік ето бачыў,  і расказаў немцам. Тые заставілі его лезці ў копанку і доставаць вінтоўкі. Дак вот за етэ дзело Міколайчык Ігнаціка і застрэліў.

А цепер раскажу, як Боруск палілі. Було это ешчэ ў 1942 году. Прыехалі немцы — спалілі Лозкі, спалілі  Лексічы і оцэпілі Боруск. Назбіралі мужыкоў, і дажэ парцізан Андрэй Романцоў туды попаў. А буў у нас стары дзед  Макар Антоновіч, ён у старое врэмя буў у плену ў немцоў, дак понімаў по іхнему. Мужыкі говораць: “Ідзі, дзед, поговоры з імі, можэ одпусцяць”. Той по началу бояўся, але потым пошоў. Выяснілось, што немецкі офіцэр з того города, дзе дзед быў у плену. Поговорылі і немец даў команду одпусціць.

Немцы поехалі. А ўскорэ прышлі два атрады парцізан: калінковіцкіе і домановіцкіе. Одзін заняў одну половіну села, другі – другую. Ну і што! Занімаліся мородзёрством. Людзі ўчынялі брагі – выгнаць гарэлкі, і ходзілі к немцам, яечак наберуць, да просілі солі. Солі ж не було. Снабжэння ж не було.

А парцізаны етые брагі забіралі. Прыезжаюць к мойму бацьку,  а бацько навозіў дроў багачэнно. Му, хлопцы, порэзалі, порубалі, у скірты положылі. Дак ены под’езжаюць возом, готовых воз  наберуць і везуць к апарату: гоняць гарэлочку, госцююць  на шыроку ногу.

Дзве нідзелі гулялі.

А тут жэ булі  поліцаі. Прый-дзе додому, а нема як іці. Ены сообшчылі немцам.  Хто я не ведаю. Але потым, як дзерэўню спалілі, прыходзіла парцізанская “тройка” во главе з Коросцелевым к Еўхалю і расстрэлялі бацьку, матку і сестру поліцая.

Карацельны атрад, відзімо, дзе-то отсуствоваў, поэтому ў Боруск  сразу не явілісь, мо дзе по Украіні леталі. Апосля немцы  садзяць на машыны поліцаёў  і ноччы прыехалі.  Тут, дзе Лужа, була первая хата, там канаўка була. Ля ее парцізана з домановіцкого отрада часовым поставілі, дак ён  там заснуў.

Немцы, першая машына проехала, остановілісь ля хаты дзядзькі Івана Сергеевіча. Іван жэ буў на войне, а дома брат буў, сестра.Поліцаі заскочылі ў хату, пострэлялі  іх. Вобшчым, выбілі тры сем’і.

Когда началі стрэляць, дак парцізаны ў вокна выскакувалі, у белье.  Двоіх убілі.

Страляліна началась. Трывога. Парцізаны ў ответ. Дак поліцаі развернуліс, і на Колінковічы.

І што нам ждаць. Людзі кажуць: “Уцекаць надо”.  Яўное ж дзело, што не к добру.

Бацько мой запрог вола, поселі му на воз. А матка сказала: “Нікуда я со своёй хаты не пойду, яко мне погібнуць  — і ў лесі я не сховаюсь”.

Бацько кажэ: “Поедом у Хобное, там е родзьственікі”.

Пуд’ехалі мы к кладбішчу ў Хобнае, а там слышно: “Тр-р-р”, стрэляюць з аўтоматоў.

Развернулісь му і на востроў. Там дуб такі лежаў, дак два возы дроў прывезлі, наложылі огню і ноч там ночовалі. А погода була: дождж, вецер, слякоць. Пляскало ўсю ноч.

А матка дома була. І ў ето врэмя прыехалі немцы, поліцаі. І началі з первого двора выгоняць скот, а потым і хаты паліць. Пропускалі хаты поліцаёў і тые, што радом стоялі. Со 120 хат у першы раз остолося 30.

Спалілі дзерэўню 6 январа 1943 года. Дзеды расказулі, што Боруск горэў на сотум годзі – сто лет було Боруску.

героі вялікай айчыннай

 

Сёння ў Боруску ўжо амаль не памятаюць сваіх землякоў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны  ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі праявілі сябе, як  сапраўдныя СЫНЫ АЙЧЫНЫ, ІСЦІННЫЯ ГЕРОІ.

У старэйшай сястры маёй бабулі Лізаветы Барысенка Марыі Прохараўны, якая была замужам за Мельнічэнка Макарам Максімавічам, трое сыноў пайшлі на вайну.  І ні адзін з іх  не вярнуўся.

Старэйшы Васіль, 1917 г.н., быў прызваны ў Чырвоную Армію  яшчэ ў 1939 г. Радавым стралком удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Прапаў без вестак.

Сярэдні Міхаіл, 1918 г.н., у арміі з 1938 г. Згінуў таксама без вестак недзе ў жніўні 1941 г.

Малодшы Мікалай, 1920 г.н., па адных звестках у званні радавога загінуў у красавіку 1944 г., па другіх – лейтэнант Мельнічэнка Мікалай Макаравіч загінуў  у сакавіку 1942 г. і пахаваны ў брацкай магіле в. Іванаўка Матвеева-Курганскага раёна Растоўскай вобласці.

Без вестак прапалі на фронце і  трое сыноў Барысенка Аляксея Давыдавіча: Павел, Марк і Пятро.  Без вестак згінулі і сыны Гарыста Панцялея: Міхаіл, 1919 г.н., Аляксандр, 1926 г.н., Стомы Ігната: Міхаіл, 1918 г.н. і Пётр, 1922 г.н., многія іншыя барусканцы. (Іх спіс надрукаваны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”.1999. с. 579-580).

Вялікая Айчынная была страшнай   і  жорсткай вайной. Прыходзілася біцца за кожны кавалачак роднай зямлі, змагацца  не на страх, а на смерць. Вось што пра  гэта напісаў у апошнім  сваім пісьме з фронту сваім родным дваюрадны брат майго бацькі Гарыст Аляксей Пацеевіч:

“Прывітанне з Венгрыі. 23.03.45.

Добры дзень, дарагія і многапаважаныя бацькі: тата, мама і сястра Марфа. У першых радках спяшаюся паведаміць, што я жывы і здаровы, чаго і вам жадаю ў вашым дамашнім жыцці.

Зараз я знаходжуся ў Венгрыі. Жыццё маё, вы, напэўна, павінны самі ведаць, якое, пакуль што нічога. Сказаць немагчыма дрэннае, і немагчыма сказаць, што добрае. Бывае так: прыходзіцца вельмі цяжка, а бывае і вельмі добра.

Марфа, я ўжо чатыры разы быў у наступленні, але пакуль што застаўся жывы і здаровы, і ніякага пашкоджання не маю. Але не ведаю, як будзе далей, што пакажа новае наступленне. Тут прывык так, з жыццём сваім не лічышся: калі параніць, то добра, калі заб’юць – то што ж…

Бывала і так, што міны рваліся побач і прысыпала зямлёй, але заставаўся пакуль жывы. Тут ёсць толькі два выхады: альбо параняць, альбо заб’юць. Іншага выхаду няма.

Навін асаблівых няма. Больш пісаць нечага.

Шлю вам сваё гарачае  чырвонаармейскае прывітанне. Ваш сын і брат Алёша.

А пакуль да пабачэння”.

 

Праз тры тыдні Аляксея не стала, ён загінуў.

Геройскі ваяваў  з першых дзён вайны ўраджэнец Боруска —  камандзір 2-га стралковага батальёна 722-га стралковага палка  Корсуньскай Чырвонасцяжнай, ордэна Суворава, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага дывізіі Стома Мікалай Яўсеевіч, 1916 г.н.  За вайну ён  двойчы быў  лёгка і двойчы цяжка паранены. У сакавіку 1945 г. узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, а ў маі – ордэнам Аляксандра Неўскага.

Вайну камбат Стома закон-чыў у званні маёра. Жыў і працаваў на Жытоміршчыне.  У 1985 г. да яго баявых узнагарод далучыўся ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў адзначана і ратная праца  гвардыі старшага лейтэнанта, камандзіра стралковай роты 22-га  гвардзейскага стралковага ордэна Леніна стралковага палка 9-й гвардзейскай стралковай дывізіі Пырко Івана Ермалаевіча, 1920 г.н.

У сакавіку 1943 г. ён атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.

А вось што напісаў у сваім прадстаўленні да ордэна Айчыннай вайны 2-й  ступені  яго камандзір палка гвардыі падпалкоўнік Кальчынскі:

“Тав. Пырко ў РККА з 1940 года, у баях з нямецкімі захопнікамі ўдзельнічае са сту-дзеня 1942 года.

Удзельнічаючы ў баях пад гор. Варонеж у ліпені 1942 года ў складзе 565 стралковага палка ўварваўся на танку ў месцаразмяшчэнне абароны праціўніка з групай з пяці чалавек, агнём з аўтаматаў знішчыў абслугу трох ручных кулямётаў. У гэтым баю тав. Пырко быў паранены.

Удзельнічаючы ў баях на Кіеўскім напрамку ў верасні 1943 года ў складзе 141 СД, 745 СП і камандуючы ротай, з гонарам выканаў пастаўленую перад ім задачу: авалодаў паўночна-заходняй ускраінай н.п.Шчуч’е-Грэбне і перарэзаў дарогу. Праціўнік пайшоў на яго ўчастку ў контратаку. Але рота тав. Пырко адбіла яе. У гэтым баю ён быў цяжка паранены”.

Пасля вайны Іван Ермалаевіч абаснаваўся на Украіне, дзе настаўнічаў да выхаду на заслужаны адпачынак у п. На-ватроіцкае Волнавахскага раёна Данецкай вобласці.

Адважна змагаўся з ворагам і малодшы брат майго дзеда Кірылы Аляксандр, 1911 г.н., пра якога я ўжо ўспамінаў вышэй. На фронт ён трапіў па прызыву Новабеліцкага ваенкамата ў  першыя ж  дні вайны.

У жніўні 1944 г. камандзір аддзялення ПТР 3-га матастралковага батальёна 28-й гвардзейскай мотастралковай брыгады 8-га танкавага корпуса Гарыст Аляксандр Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за тое, што “ … у раёне сяла Космін, Мінск-Мазавецкага раёна ў час налёту варожай авіяцыі адкрыў агонь з супрацьтанкавага ружжа па варожых самалётах, чым прымусіў іх адмовіцца ад атакі на вызначаную цэль. У час налёту тав. Гарыст атрымаў раненне, але адмовіўся пайсці з поля бою ў шпіталь”.

Загадам па 32-му гвардзейскаму стралковаму Брэсцкаму палку 12-й  гвардзейскай Пінскай стралковай дывізіі 61-й арміі ад 14 сакавіка 1945 г. камандзір аддзялення роты аўтаматчыкаў гвардыі сяржант Аляксандр Гарыст быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, за тое, што ”… у баі 16 і 17 лютага 1945 г. у раёне н.п. Дэлітц, умела кіруючы сваім аддзяленнем, адрэзаў адход групе аўтаматчыкаў праціўніка і гэтая група была поўнасцю знішчана. Асабіста ў гэтым баі тав. Гарыст знішчыў 7 нямецкіх салдат. Атрымаўшы лёгкае раненне, не пакінуў поля бою”.

А  ў час баёў у раёне Франкфурта і Эберсвальдэ дзедаў брат першым уварваўся ў траншэі праціўніка і асабіста знішчыў 12 нямецкіх салдат і афіцэраў, а траіх узяў у палон. За гэты подзвіг Аляксандр Гарыст быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, да якога ў 1985 г. прыбавіўся і ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Добра ваявалі сыны Міхаіла Барысенкі.

Сярэдні Пятро, 1905 г.н., на фронце знаходзіўся з 1941г. Даслужыўся да  сяржанта,  стаў камандзірам аддзялення стралкоў. Служыў  у 1074-м стралковым палку 314-й Кінгі-сепскай стралковай дывізіі. Тройчы быў паранены за вайну. Двойчы ўзнагароджаны медалём “За адвагу”.

Малодшы сын Мікалай, 1915 г.н., таксама з першых дзён вайны біў ворага. Яшчэ да вайны ён трапіў у Ленінград. А з чэрвеня 1941 г. біўся з немцам на тэрыторыі Латвійскай ССР, а са снежня гэтага ж года супрацьстаяў агрэсару ў крывапралітных баях пад Гатчына.

Старшына 51-га корпуснага артылерыйскага палка быў узнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда” і ордэнам Славы 3-й ступені. 22 снежня 1941г. быў цяжка паранены ў правую нагу, у выніку чаго прыйшлося ампутаваць нагу вышэй калена.

Ваяваў на фронце і старшы сын Міхаіла Барысенкі Аляксандр, які, як і мноства салдат старшага пакалення, высокіх узнагарод не удастоіўся.

З кастрычніка 1939 г. у арміі знаходзіўся Стома Георгій Мінавіч, 1919 г.н. Першы салдацкі медаль “За адвагу” артылерыст атрымаў у снежні 1942 года. У той час камандаванне яшчэ вельмі рэдка каго ўзнагароджвала.

Другі медаль “За адвагу” гвардыі сяржант камандзір гарматы 1-га дывізіёна 44-й гвардзейскай пушачнай артылерыйскай Адэскай Чырвонасцяжнай брыгады Георгій Стома атрымаў 28 сакавіка 1945г. за падаўленне 5 артылерыйскіх батарэй праціўніка  і адбіццё контратакі немцаў падчас расшырэння плацдарма на заходнім беразе ракі Одэр.

Праз месяц, 30 красавіка, ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, за тое што 16 красавіка падавіў 2 артылерыйскія батарэі, а адну батарэю знішчыў часткова. Акрамя таго, яго гармата паказала высокі тэмп агню ў час абстрэлу горада Берліна.

Саліднымі ўзнагародамі адзначаны баявы шлях  немаладога ўжо байца — радавога Буцэнка Арцёма Ігнатавіча, 1899 г.н., які знаходзіўся на фронце з 18 лютага 1943 г.

 “У баях за вёску Касьянава тав. Буцэнка праявіў смеласць і адвагу. Толькі за адзін дзень вынес з поля бою 27 параненых байцоў і камандзіраў разам з іх зброяй.

Калі варожая артылерыя лютавала, на ўскраіне вёскі знаходзілася 11 параненых байцоў. Вынесці іх ніхто не рашаўся, толькі яздовы-санітар Т.Буцэнка папрасіў дазволу камандзіра санроты вывезці на павозцы параненых. Атрымаўшы згоду, двумя заездамі даставіў параненых у санчасць, тым самым выратаваў іх ад смерці”, — так напісаў пра подзвіг нашага земляка камандзір палка маёр Афанасьеў у сваім прадстаўленні героя да ўзнагароджання яго ордэнам Чырвонай Зоркі. Гэта адбылося ў студзені 1944 г.

25 сакавіка 1945 года Арцём Ігнатавіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. У гэты час ён служыў у каменданцкім узводзе Упраўлення 336-й стралковай Жытомірскай дывізіі. У час наступлення ад Віслы да Одэра пад Катовіцамі 31 студзеня 1945г. акружаная варожая групіроўка напала на камандны пункт нашай дывізіі. “Тав. Буцэнка вёў сябе выключна стойка. Сваімі храбрымі паводзінамі натхніў завагаўшыхся байцоў, прымусіў іх стаць у баявы парадак і пайсці ў атаку на ідучага праціўніка. У выніку чаго вораг быў рассеяны, частка знішчана, а большая частка ўзята ў палон.

Асабіста сам т. Буцэнка знішчыў 6 нямецкіх салдат і 9 захапіў у палон”, — так запісана ў яго наградным лісце.

Ужо пасля Перамогі, 25 мая, Арцём Ігнатавіч атрымаў яшчэ адну ўзнагароду – ордэн Славы 3-й ступені, якім  ён быў адзначаны за тое, што ў рукапашным баі  ў раёне в. Кіленковіце асабіста знішчыў трох фрыцаў.

Слаўна ваяваў і вызваляў сваю малую радзіму ўраджэнец Боруска Стома Іван Андрэевіч, які нарадзіўся  ў 1921 г.

 

На сапраўдную тэрміновую службу ў Чырвоную Армію яго прызвалі ў 1940 г. Там Іван Стома і вайну сустрэў і з першых яе дзён з кровапралітнымі баямі прайшоў усе выпрабаванні ў перыяд адступленняў. А затым пачаў разам з баявымі сябрамі гнаць няпрошанага «госця» з роднай зямлі.

Служыў чырвонаармеец Стома разведчыкам-назіральнікам у 207-м пушачным артылерыйскім палку рэзерву Галоўнага Камандавання.

Першую сваю баявую ўзнагароду камсамолец-разведчык атрымаў у 1943 г. Вось што напісаў тады ў сваім прадстаўленні да ўзнагароды яго камандзір палка падпалкоўнік Іваноў: “За час барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Стома І. А. праявіў мужнасць і адвагу.

13.8.43. Наша пяхота падыходзіла да г. Карачаў. Праціўнік вёў моцны абстрэл з 105 мм 4-х гармат батарэі. Старанна назіраючы, тав. Стома хутка выявіў гэтую батарэю ў р-не в. Юрасава. Батарэя была падаўлена.

15.8.43. На НП у г. Карачава смерцю храбрых на баявым пасту ля сцерэатрубы з секундамерам у руках, засякаючы батарэю праціўніка, загінуў  разведчык-назіральнік т. Нагібін. Стома заняў яго месца. Праціўнік вёў па горадзе і  раёне НП масіраваныя агнявыя налёты. Асколкамі снарада ў Стомы прабіла ў 3-х месцах шынель, але ён не пакінуў баявога паста і прадоўжыў засякаць батарэю праціўніка. Ён засек 150 мм 3-гарматную батарэю ў раёне в. Бойкава і 210 мм 2-х гарм. батарэю ў раёне ж.-д. лініі зах.  Карачава.

Тав. Стома пакінуў пост толькі тады, калі яго змянілі. Засеченные ім батарэі былі разбіты.

21.8.43. На выш. 248.2 знаходзілася шмат нашых НП. Праціўнік стаў весці арт-агонь па гэтай вышыні, што перашкаджала кіраваць агнём артылерыі. Атрымаўшы задачу выявіць гэтую батарэю, ён бліскуча яе выканаў. Батарэя была ім засечена і падаўлена агнём палка.

За перыяд наступлення (з 11.7.43 па 30.8.43.) тав. Стома на баявым рахунку мае: 7 артбатарэй, 1 зенітную батарэю, 2 мінамётныя батарэі і 2 наглядальных пункта праціўніка.

Дастойны ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі».

Камандзір 10-й гарматнай артбрыгады палкоўнік Бруханаў зацвердзіў гэта прадстаўленне 13 верасня і на грудзях у нашага земляка заззяў ордэн Чырвонай Зоркі.

У пачатку студзеня 1944 г. 207-ы артполк, у якім служыў Іван Стома, быў накіраваны для ўдзелу ў Калінкавіцка — Мазырскай наступальнай аперацыі ў раён дзеяння 61-й арміі. Ён размясціўся літаральна побач з яго родным Борускам. Усяго пры яго дапамозе падчас вызвалення Калінкавіч  былі задушаны 4 варожыя батарэі, дзве кулямётныя кропкі і выведзены са строю два бліндажы.

30 студзеня 1944 г. загадам па 207-ым артпалку артылерыст — карэктоўшчык Іван Стома быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Да канца вайны на грудзях у адважнага разведчыка зазіхацелі і іншыя ўзнагароды «За ўзяцце…», «За вызваленне…»

Але апошнюю сваю баявую ўзнагароду – другі медаль «За адвагу» ён атрымаў у чэрвені 1945 года. У полкавым загадзе было запісана: «Узнагародзіць медалём «За адвагу» разведчыка-назіральніка ўзвода кіравання палка, яфрэйтара Стому Івана Андрэевіча за тое, што ён 14.4.45 г. у раёне Гизхоф – Конь – Рабуюць, знаходзячыся ў баявых парадках пяхоты, пад артылерыйскім абстрэлам выявіў дзве 105 мм артылерыйскія батарэі праціўніка, якія вялі агонь па нашай пяхоце. Батарэі былі падаўлены агнём палка, у выніку чаго наша пяхота авалодала в. Гизхоф – Конь – Рабуюць.

18.4.45 г. у раёне г. Врыцэн, знаходзячыся на ПНП у баявых парадках надыходзячай пяхоты, пад артылерыйскім агнём выявіў два 81,4 мм мінамёты і тры станковых кулямёты праціўніка. Усе цэлі былі падаўлены агнём палка, у выніку чаго наша часць уварвалася на ўскраіну г. Врыцэн».

Пасля вайны Іван Стома, на жаль, не вярнуўся ў родную вёску. У Боруск да яго глуханямому брату прыйшло афіцыйнае паведамленне, што яго брат загінуў. Дзе і пры якіх абставінах, ніхто не ведае.

Ордэнам Чырвонай Зоркі быў адзначаны і ратны шлях барусканцаў: старшага сяржанта, камандзіра аддзялення Упраўлення 2-й батарэі 1694 зенітна-артылерыйскага  Кіраваградскага палка 18-га танкавага Знаменскага Чырвонасцяжнага корпуса Гаркушы Рыгора Пятровіча, 1913 г.н., які ваяваў з 1941 года; малодшага сяржанта, камандзіра стралковага аддзялення 1137-га стралковага Растоўскага палка 339-й Тамана-Брандэбургскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі 33-й арміі Гарыста Пятра Іларыёнавіча, які ваяваў з 10 кастрычніка 1944 г.

У час прарыву абароны немцаў на заходнім беразе ракі Одэр 16 красавіка 1945 г. Пятро Гарыст першым са сваім аддзяленнем уварваўся ў траншэі праціўніка і асабіста ў рукапашнай бойцы знішчыў трох нямецкіх салдат і афіцэраў, гранатай знішчыў разлік ручнога кулямёта, чым забяспечыў далейшы рух свайго ўзвода.

Гэтым жа ордэнам быў узнагароджаны і сапёр 896-га асобнага корпуснага сапёрнага Ялцінскага батальёна, чырвонаармеец Гаркуша Міхаіл Міхеевіч, 1926 г.н., які вызначыўся ў баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі. На працягу трох гадзін Гаркуша ў час наступлення на Земландскім паўвостраве ў раёне Куменен устанавіў на мінным полі 54 міны. А ў красавіку 1945 г. у кіламетры заходней Перцельтнікен у перыяд падрыхтоўкі да наступлення нашых войск  ён зрабіў праход на мінным полі, зняўшы пры гэтым 65 супрацьпяхотных мін. А за ўвесь час наступлення на паўвостраве Міхаіл Гаркуша абясшкодзіў 35 супрацьтанкавых мін.

У час разведкі пад горадам Кобрынам яго зямляк — чырвонаармеец 89-га Лунінецкага стралковага палка Гаркуша Іван Рыгоравіч, 1910 г.н., напароўся на варожую засаду і быў абстраляны з кулямёта. Адважны барусканец не разгубіўся і адкрыў у адказ агонь са свайго аўтамата. У выніку кароткага  паядынка ён  знішчыў пяць варожых салдат, а астатнія разбегліся. Адначасова салдат сарваў план праціўніка па нападу на нашы парадкі. За гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Праўда, дажыць да Перамогі яму не давялося. У чарговых крывапралітных баях Гаркуша прапаў без вестак.

Не дажыў да Перамогі і кавалер ордэна Чырвонай Зоркі радавы Буцэнка Іван Паўлавіч, 1915 г.н. На фронце баец знаходзіўся з 1 лістапада 1943 г. У час фарсіравання р. Заходні Буг 20 ліпеня 1944 г. Іван Буцэнка пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём першым  з аўтаматчыкаў пераплыў цераз раку на правы бераг, і, працягнуўшы канат,  пераправіў амаль усю роту. Дзейнічаў выключна смела па расшырэнні плацдарма. Асабіста знішчыў у баі чатырох гітлераўцаў, а дваіх захапіў у палон. А 8 жніўня 1944 г. загінуў у чарговым баі. Пахаваны на тэрыторыі Польшчы, на заходняй ускраіне в. Казенёк Казенецкага павета.

Да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі быў прадстаўлены і  барусканец — сяржант, камандзір 1-й кулямётнай роты 1235 — га стралковага палка 382-й стралковай Наўгародскай дывізіі Пырко Іван Арцёмавіч, 1923 г.н., які знаходзіўся на фронце з лістапада 1942 г. і чатыры разы быў паранены: у баях пад Сінявіна, ля вёскі Воранава на Волхаўскім фронце, пад г. Любань і інш. на Ленінградскім фронце. Праўда, замест Чырвонай Зоркі сяржанту ўручылі ордэн Славы 3-й ступені.

А 3 жніўня 1944 г. кулямётчыка прадставілі да ўзнагароджання ордэнам Славы 2-й ступені за мужнасць і адвагу, якія ён праявіў разам са сваім аддзяленнем у час баёў з 23 па 28 чэрвеня ў раёне в. Рэпола на Ленінградскім фронце.

Будучы прыдадзеным да стралковай роты Іван Пырко не раз удзельнічаў у адбіцці атак праціўніка. А ў ноч на 29 чэрвеня ў раёне адзнакі 26,0 сваім аддзяленнем знішчыў да 20 белафінаў. Праўда, замест ордэна Славы 2-й ступені наш зямляк атрымаў  ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.

Да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені  быў прадстаўлены і гвардыі сяржант камандзір стралковага аддзялення 120-га  гвардзейскага стралковага Познанскага Чырвонасцяжнага ордэна Аляксандра Неўскага палка 39-й гвардзейскай стралковай дывізіі Гаркуша Сяргей Мітрафанавіч, 1922 г.н., які трапіў на фронт 1 кастрычніка 1943 г.

19 красавіка 1945 г. у час атакі на асобны гай  Гаркуша пад бесперапынным агнём праціўніка на чале свайго аддзялення смела атакаваў ворага і, уварваўшыся ў варожыя траншэі, гранатамі і агнём свайго аўтамата знішчыў дзве агнявыя кропкі праціўніка, чым забяспечыў рух падраздзялення наперад і даў магчымасць выканаць баявую задачу.

Дарэчы, гэта быў ужо не першы подзвіг  адважнага барусканца. 27 лістапада 1944 г. яфрэйтар Гаркуша ў баях на плацдарме р. Вісла праявіў сябе адважным воінам у якасці снайпера, знішчыў некалькі гітлераўскіх ваяк, за што быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Другі медаль “За адвагу” аўтаматчык Гаркуша атрымаў 23 сакавіка 1945 г. за смеласць і адвагу, праяўленыя ў вулічных баях за г. Познань.

Атрымаць свой ордэн Славы  Сяргей Гаркуша не паспеў – 25 красавіка 1945 г. у час бою за г. Вендэшлос ён загінуў смерцю героя, сведкам чаго стаў яго аднавясковец і аднагодка гвардыі радавы тэлефаніст роты ўпраўлення Буцэнка Арцём Паўлавіч, які прайшоў вайну з чэрвеня 1941 г. і быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Цела адважнага барусканца пахавана ў г. Берліне (р-н Марцан, Візенбурге штрассэ).

Ордэнам Славы 3-й ступені быў узнагароджаны  і гвардыі чырвонаармеец заражаючы гарматы 57-міліметровай батарэі 25-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 6-й гвардзейскай кавалерыйскай Гродзенскай дывізіі Гаркуша Мікалай Яўсеевіч, 1926 г.н., які трапіў на фронт у студзені 1943 г. У час бою загінуў наводчык гарматы. Мікалай Гаркуша стаў на яго месца і трапным агнём гарматы падавіў мінамёт праціўніка і кулямётную кропку, знішчыў некалькі варожых салдат, чым забяспечыў магчымасць  савецкаму эскадрону ўварвацца ў нямецкі населены пункт і захапіць яго.

Да гэтага адважны артылерыст ужо быў адзначаны медалём “За адвагу”, які атрымаў праз два месяцы пасля знаходжання на фронце, за тое, што агнём сваёй гарматы ў баі за вёску Грунау падтрымаў наступленне 2-га эскадрона свайго кавпалка і знішчыў 2 кулямётныя кропкі праціўніка і некалькі яго салдат і афіцэраў.

Да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені  ў сакавіку 1945 г. быў прадстаўлены  і ўраджэнец Боруска – старшына, начальнік рацыі 549-га стралковага Калінінскага палка 85-й стралковай Паўлаўскай Чырвонасцяжнай дывізіі Ком Рыгор Ісаакавіч,  1924 г.н.

Вось што напісаў у сваім прадстаўленні да ўзнагароды яго камандзір палка маёр Чарапеннікаў:

“Тав. Ком, працуючы начальнікам рацыі ў баях 19-21 лютага 1945 г. у раёне в. Пастэрі, увесь час забяспечваў бесперабойную сувязь з камандзірам палка. Пасланы замест выбыўшага начальніка рацыі, ён удзельнічаў у адбіцці контратак праціўніка  і асабіста знішчыў трох варожых салдат. Праціўнік, падтрыманы танкамі, перайшоў у контратаку і адрэзаў першы батальён. Нягледзячы на складанае становішча і адсутнасць шляхоў адходу, тав. Ком не кінуў рацыю, а выйшаў з акружэння і вынес яе ў цэласці. Дастоін узнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені”. Вышэйстаячае камандаванне вырашыла, што дастаткова медаля “За адвагу”, які і ўручылі старшыне.

Гэта быў ужо другі медаль “За адвагу” у радыста Кома. Першы ён атрымаў праз два месяцы, як трапіў на фронт — 3 кастрычніка 1944 г. за баі ў час фарсіравання ракі Вяйке-Эмайыгі ў Эстоніі.

Двойчы гэтай узнагароды ўдастоіўся і сяржант, камандзір аддзялення 3-й стралковай роты Барысенка Пётр Міхайлавіч, 1905 г.н.

Такой жа ўзнагароды ўдастоіўся і яго аднавясковец  — шафёр баявой устаноўкі 1-й батарэі, гвардыі чырвонаармеец Ком Рыгор Іванавіч, 1917 г.н., за тое, “ …што ў час фарсіравання ракі Проня 24.6.44 г. пад абстрэлам варожай артылерыі хутка ўстанавіў свае гарматы на апорныя пункты, а таксама ўмела вывеў іх з-пад абстрэлу пасля зробленага залпа”.

Медалём “За адвагу” за баявыя подзвігі на фронце былі ўзнагароджаны барусканцы: чырвонаармеец, стралок Барысенка Аляксандр Іванавіч, 1915 г.н.; чырвонаармеец  аўтаматчык Гарыст Міхаіл Андрэевіч, 1920 г.н.; чырвонаармеец  стралок 4-й роты 1181-га стралковага палка 356-й  Калінкавіцкай дывізіі Барысенка Мікалай Ільіч, 1920 г.н.

Апошні з іх не дажыў да Перамогі, 25 лістапада 1944 г. ён загінуў у час вызвалення Латвіі.

Медалём “За баявыя заслугі” ўзнагароджаны: чырвонаармеец  яздовы батарэі 45-міліметровых пушак Барысенка Іван Сяргеевіч, 1918 г.н., гвардыі чырвонаармеец аддзялення інтэнданцкага забеспячэння 77-й гвардзейскай стралковай Чарнігаўскай ордэна Леніна, Чырвонасцяжнай, ордэна Суворава дывізіі Гаркуша Паліна Іванаўна, 1925 г.н.,  гвардыі радавы аўтаматчык матарызованага батальёна аўтаматчыкаў 16-й  гвардзейскай танкавай Рэчыцкай Чырвонасцяжнай, ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага брыгады Гаркуша Пётр Фаміч, 1917 г.н.,  і радавы 59-га асобнага будаўнічага батальёна  Стома Есіп Кузьміч, 1907 г.н.

Свой уклад у Перамогу ўнеслі і  іншыя жанчыны-барусканкі. Напрыклад, Гаркуша Сарочанка – па мужу) Яўгенія Міхайлаўна, 1920 г. н., якая атрымала медыцынскую адукацыю яшчэ да вайны, на фронце знаходзілася з ліпеня 1941 г. Лейтэнант медыцынскай службы, старшая медыцынская сястра шпіталя 2632 яна прайшла з войскамі Паўднёва-Заходняга, Варонежскага і 2-га Украінскага франтоў усю вайну ад Мазыра і да Берліна.

Асістэнт хірурга ў час аперацый, яна выконвала вялізную арганізацыйную работу па разгортванні шпіталя на новым месцы дыслакацыі, рыхтавала ўсё неабходнае для аперацый, вучыла малодшы медыцынскі персанал. 23 лістапада 1944 г. лейтэнант медслужбы Сарочанка Яўгенія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.

Пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна Яўгенія Міхайлаўна наведала  родных у Боруску і забрала з сабой у войска малодшую сястру Любу, 1923 г.н.  Разам яны прайшлі франтавымі шляхамі, дапамагаючы параненым воінам, да Берліна. А затым прынялі ўдзел у паходзе на Маньчжурыю, дзе быў пакладзены канец японскім мілітарыстам.

За гэты паход лейтэнант Сарочанка была ўзнагароджана медалямі “За баявыя заслугі” і “За перамогу над Японіяй”, а яе сястра – медалём “За перамогу над Японіяй”.

У 1985 г. сёстры былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені.

Многія іх землякі, франтавікі і партызаны, многія з якіх на франтах не былі адзначаны ніякімі ўзнагародамі, толькі ў 1985 г., да 40-годдзя Перамогі,  былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў.

У іх ліку: Барысенка Сямён Іванавіч, 1904 г.н., Барысенка Іван Яфрэмавіч, 1922 г.н., Барысенка Рыгор Данілавіч, 1920 г.н.,  Буцэнка Іван Сямёнавіч, 1914 г.н, Буцэнка Павел Сямёнавіч, 1911 г.н., Буцэнка Рыгор Данілавіч, 1920 г.н., Гаркуша Аляксандр Іванавіч, 1914 г.н.,  Гаркуша Пётр Рыгоравіч, 1902 г.н.,  Гарыст Павел Іларыёнавіч, 1911 г.н., Ком Цімафей Радзівонавіч, 1920, г.н., Пырко Іван Ермалаевіч, 1920 г.н., Судас Мацвей Мікалаевіч, 1921 г.н., і іншыя.

Многія барусканцы  вярнуліся з вайны інвалідамі, і ў хуткім памерлі.  71 увогуле не вярнуўся да роднага ганка. Вечная ім усім памяць і  слава!

 

“Першы раз у Германію забралі больш за 20 чоловек…”

(Расказвае Пырко Марыя Пятроўна, 1925 г.н., в. Муравейніца)

 

“Школа  до войны находзіласа ў концы  нашого Боруска, як   ісці к Хобному, тамака гора такая і ёлочкі —  лес  маленькі. Там мы до войны у яе  ходзілі. Настаўніцай була борусканка — Ганна Рыгороўна Ветрыкова, ето по вулічному, так ее бацька дразнілі. 

А клуба ў нас не було. У школі ўсе зборы і проводзілі.

А колхозная контора була ў людзей —  у хаці Паўлюковой Каці, Стома ее фамілія. Людзі там богатые жылі: Андрэй і Мацвей. Ето ўсё Лёшкова родня, паколенне. Вон і сеў на ту бацькоўшчыну і жыве. Ето двор буў і хаты, а двор особенно буў. Там колхоз помешчуваўся. До войны там і яслі булі. Я ішчэ ў тых яслях була. Ек начоўся колхоз, бацько мой буў першым колхозніком. І ў его пропалі коні. Ці то іх побілі, ці хто ўкраў – не ведаю. Бацько от етого сільно захворэў і помёр. Матка осталася одна з тромя дзецьмі. Есці нечого було, дак матка мене і Ваньку – у яслі, а большую Ёўгу —  з собой на работу.

Прэдседацелём колхоза до войны буў  нейкі Войтыло. Его адкуль-то прыслалі нам.

У во врэме войны старостой выбралі Васюмеля, ужэ я і забулася як его фамілія. Ета ж Кучэрыха  була за ім. Ён попісуваў усіх колхознікоў у Германію, а однособнікоў не. Значыць запісаў Міколайчыкову дочку (Гаркуша, здаецца, фамілія), а Міколайчык ужэ ў лесі буў, у парцізанах. Дак ён прыйшоў ноччу і ўбіў етого старосту.

 Ой тоды, по першому прызыву забралі ў Германію болей за дваццаць чоловек. Мою сестру забралі, Ганну Міхееву,  Ёўгу Цітову, Пеню нашого, Зэбзеву, Мішу Міколаевого.

Ета му жылі ў лесі. Ослобонілі нашы. Ужэ немец пойшоў. Сейчас нашы прыехалі  і за нас: ”Чого ву будзеце сідзець тут у кустах, а ну-ка, садзіцеся ў грузову машыну.

Повезлі ў Мікулічы нас,  у военну прачэчну. Тамака мы  сціралі фронтовое  бельё.

 Нас було пяць дзевок: Маня Прокопчыкова, Маня Макарчыкова, Воля Журавова і я. А була  Каця Паўлюкова, Таня Васілёва, дак то ўжэ москоўкі, а му холосцячкі.

Дак му шлі з той прачэчной, як шоў фронт. Прачэчная расположылася ў Пеніцы. Але я ўжэ одтуль пойшла додому, матку шукаць.

Прыйшла, а ў Боруску ўсё пусто і голо, нідзе ні пенёчка, прыйшла на голую — голую, чыстую землю. Попросілі ў некого топорыка і на своём селішчы поставілі шалашык. У ём і расположыліся: маці, брацік і я.

Самі людзі дзерэўню одстрайвалі.  Тым бабам, у кого мужыкі булі на хронці, помогалі. Дажэ короў немецкіх давалі. А ў нас бацькі не було, дак му самі строіліся.

Людзі ставілі хаты, кажды на своём селішчы. Му потым землянку построілі. З тое землянкі  я і замуж пошла”.

 

“Одну посцілку ўхопілі малую закруціць,

да і ту спалілі, на огні сушачы…”

(Расказвае Гаркуша Вольга Іванаўна, 1928 г.н., в. Боруск)

 

— Бацьку нашого звалі Гаркуша Іван Сямёновіч, матку – Харыціна Андрэеўна. У сям’і нас було пяцеро дзецей. Дзедоў своіх не помню. Толькі бабу одну.

Помню, ек почынаўся колхоз, на дворэ там булі ворота вусочэнные-вусочэнные, як стоўпы, дзе фонары гораць. На тых стоўпах – сцягі, а зверху – красная звезда. Колхоз “Большэвік” назуваўсе.

Бацько работаў у складзі колхозном, а матка – на ўсякіх работах, і була членом праўлення.

Ешчэ помню, ек у яслі ходзіла, заведовала імі Ксіння Давудоўская.

Началась война – бацьку зобралі на хронт. Там і пропаў небарака. Позабіралі тоды много кого. Булі такіе, што пошлі кадрову служыць, і не поверталіся.

Ек немцы прышлі, появілісь поліцаі. У нас по суседству жыў Іван Вашмілёў. Ето так дражнілі. Бацько его Васіль, а фамілію не помню. Ішчэ булі Зарэнкі – Кузьміны хлопцы. Зарэнок Міша работаў, ніхто не знае ек: ці ён работаў за немцом, ці подпольно. Мою сестру большу бралі ў Германію. Мама собрала ее да повела ў Калінковічы. А ён стрэў іх дай говорыць: “Цётко, зайдзіце дзе-небудзь у двор, да побудзьце, покуль ето ўсе перэйдзе, дак будзе ваша дочка дома”. Так воны і зробілі. І сестра не була ў Германіі.

У нас хата стояла вокнамі на Аўцюкі. Парцізаны стоялі ў Боруску болей за нідзелю. Седзім му вечэры. Бацькі ж не було. Маці з пеццю дзецьмі. Чуем: машыны едуць, мацыклеты едуць і почалі вельмі сільно стрэляць. Сусед к нам прыбег – Стома Павел. Мама за нас усіх  і под мост. Там і седзелі на кортоплях, пока стрэляніна не кончылась.

Оны ж тоды не палілі. Поехалі. Потом прыехалі обратно, да тоды сталі паліць. І му ўцеклі ў лес – у Печышчэ. Усе-усе кінулі. Одну посцілку ўхопілі малую закруціць, да і ту спалілі, на огні сушачы. Я на другі дзень увечэры  вуходзіла з людзьмі погледзець: дзерэўня горэла —  страшное дзело, страх буў екі (жанчына плача і выцірае слёзы – І.Г.).

У декабрэ 1943 – го, колі нашы пудошлі, наша старшая сестра Поліна (она була з 1925 года) у Глінной Слободзе ўступіла ў армію. Пошла з нашымі прачкой. Дошла до Берліна. Імела награды. Потом вернулась, замуж вышла. Трэба було рожаць. А прэдседацель колхоза Стома не даў коня, а даў волы. Пока завезлі ў Коленковічы, она і померла.

Цяжко було после войны. Трэ було строіцца. Лес возілі на собе тачкою. Сестра меньшая Надзя (ёй було ўсего тры месяцы, ек бацьку на войну забіралі) проснулася однажды ў курэні, а нідзе нікого, толькі целічка мала. Дак она побегла – знала дзе — і на шлюзі стрэціла нас. Му ее посадзілі на полено і прывезлі на селішчэ.

Работалі ў колхозі. Сначала скота почці не було. Копалі землю лопатамі, оралі собою. Запрэгаліся ў плуг Люба Нічыпорова Стома, Маня Халімонова Капітан, Марфа Поцеева Гарыст, Ганна Архіпова, Надзя Гаркуша – ужэ нікого нема, усе померлі.

Далей колхоз разжыўсе: появілісь волы, коні, коровы, свіння, дажэ куры. Усе було.

Я замуж не вышла. А ў Надзі (разам жывуць – І.Г.) пяцёра дзецей. Старшая,  Пырко (Буцэнко по мужу) Галіна  родзілась у 1964 годзе. Закончыла Горыцкую сельхозакадземію. Работае ў Калінковіцком военкомаці спецыялістом мобілізацыонной групы. Друга, Пырко (Пузанкевіч па мужу) Светлана Александроўна, з 1968 года, жыве ў Жодзіно – преподавацель хіміі  ў СШ № 6.

Сын Лёша жыве ў Рэчыцы, работае стрэлком у воінской часці.

Меньшая дочка Тамара жыве ў Жлобіні . Окончыла ўніверсіцет культуры. Работае ў Домі творчэства “Эўрыка”.

Сергей жыве ў Калінковічах.

Надзя сама імее 38,5 годоў рабочого стажу. Начынала русловым у МУОСі. Потым работала на пілорамі ў лесхозі. Мужык помер, дак у МУОСі ёй далі чотырохкомнатную кварціру на пяць дзецей.

Калі немцы спалілі Боруск, Любоў Сідараўна Стома з дачкой Лідай  і сынам Сцяпанам у пошуках паратунку перабралася ў Мазыр.

Любоў Сідараўна вырашыла, што гэты страшны перыяд лепш перажыць у горадзе. Яны знайшлі пусты барак і пражылі  ў ім  усю  акупацыю.

Любоў Сідараўна ўладкавалася чорнарабочай  у гарадскую пякарню, адкуль прыносіла  дамоў хлеб, соль, ільняное масла, нават, цукар часам. Гэта былі тыя бясцэнныя прадукты, якія дазволілі ім выжыць у акупацыю без радні і падтрымкі.

У пачатку лютага 1944 года, ужо пасля вызвалення Мазыра ад немцаў, Ліда захварэла на тыф, і яе забралі ў бальніцу. У выніку адначасова захварэлі тыфам і яе мама, і брат. Іх на адных насілках павезлі з хаты. Маму пакінулі ў гарадской бальніцы ў цяжкім стане, а Сцёпу,  які лёгка пераносіў хваробу, накіравалі ў ваенны шпіталь, дзе ён прабыў два тыдні.

У Мазыры Сцёпа скончыў 3-і і 4-ы класы ў СШ №1,  якая размяшчалася на Замкавай гары.

А вясной 1945 года вярнуўся з вой-ска бацька. На сямейнай нарадзе бацькі вырашылі пераехаць у Калінкавічы, дзе было прасцей атрымаць зямельны ўчастак і  лягчэй нарыхтаваць і папілаваць лес. Пасяліліся ў сястры маці, Палаг’і Сідараўны.

Восенню 1945 года Сцёпа быў прыняты ў 5-ы клас Калінкавіцкай чыгуначнай школы № 14. Яго клас быў першым пасляваенным выпускам школьнікаў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю. Натуральна, большая частка аднакашнікаў Сцяпана паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Класным кіраўніком у іх класе была выдатны педагог,  кавалер ордэна Леніна Надзея Фёдараўна Ясноўская, якая вяла ў школе рускую мову і літаратуру. Было ёй у той час 56 гадоў, а ў Калінкавічах яна працавала з 1917 года.

Умовы пражывання ў цёткі Палажкі, як успамінаў апасля ў сваёй кнізе Сцяпан Стома, былі надзвычай складанымі. Да гэтага дабаўлялася  няважнае харчаванне і адсутнасць адзення. Асабліва дрэнна было з абуткам. Бацькі ўвесь час хадзілі прастуджаныя, натужна кашляючы.

Дом сям’я дабудавала да канца 1946 года і заехала ў яго без вокнаў, дзвярэй, падлогі, столі і печы. Дзвярныя і аконныя праёмы былі завешаны анучамі, а насціл на  падлогу быў  пакладзены часовы.

У школе ў Сцяпана было шмат таварышаў і сапраўдных сяброў. З пятага класа ў  яго завязалася цеснае сяброўства з Мікалаем Петрушэнкам, з сёмага сябраваў з Алёшам Яворскім, камсамольскую арганізацыю школы ўзначальваў яго сябар-аднакласнік Віктар Булаўка.

У школе Сцяпан шчыра пасябраваў і са спортам. У 1948 годзе была арганізавана пасляваенная спартакіяда Палескай вобласці па летніх відах спорту, і Стома быў уключаны ў каманду плыўцоў горада Калінкавічы, ўдзельнічаў  таксама ў школьных спаборніцтвах па бегу, лыжах, баскетболе, шпурляў ядро. Восенню 1949 года ў гэтым выглядзе лёгкаатлетычных спаборніцтваў ён выйграў юніёрскае першынство Беларусі і трапіў на старонкі рэспубліканскай прэсы і ў кіначасопіс «Навіны дня».

Скончыўшы ў 1950 годзе дзявяты клас, і інтэнсіўна трэніруючыся ў сябе на двары, юнак штурхаў ядро далей рэкардсмена Беларусі для дарослых. Сур’ёзныя вынікі Сцяпан паказаў у спартакіядзе школьнікаў БССР, а таксама ў юнацкім першынстве СССР, якое адбылося ў г. Ленінградзе.

Гэты паўночны горад яму вельмі спадабаўся, і ўжо тады ён цвёрда вырашыў, што будзе тут вучыцца. У Ленінградзе Стома заняў другое месца і быў моцна засмучаны, так як вынік пераможцы ён на трэніроўках лёгка перакрываў, але, як гаворыцца, злавіў спаборніцкі «мандраж». У якасці ўзнагароды атрымаў кішэнны гадзіннік «Маланка».

У тым жа, 1950-м годзе юнак добра выступіў на Ўсесаюзных спаборніцтвах у Харкаве і ў прыдачу выйграў першынство Палес-кай вобласці.

На адных са спаборніцтваў ён пазнаёміўся з будучай жонкай, мазыранкай Галінай Сцяпанавай.

Школу Сцяпан скончыў з сярэбраным медалём, атрымаўшы чацвёрку па беларускай мове. Ён едзе ў паўночную сталіцу і становіцца курсантам Ленінградскага вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча ім. Дзяржынскага. Аднак лёс, відаць,  рыхтаваў яму іншы шлях. 14 лютага 1952 года перад вячэрняй прагулкай, штурхаючыся з хлопцамі на марозе, ён паслізнуўся, падкруціў левую нагу і пад цяжарам наваліўшыхся на яго таварышаў вывіхнуў каленны сустаў. Атрыманая траўма адносіцца да разраду самых цяжкіх, так як адбываецца разрыў звязкаў сустава і чалавек на ўсё жыццё можа застацца інвалідам, бо, зросшыся, нага не выпрамляецца.

Сцяпан перанёс дзве аперацыі, але  беспаспяхова і толькі эксперымент жанчыны-хірурга, якая працавала над дысертацыяй па гэтай тэме, даў магчымасць назе застацца дзеючай. Вядома, што пра далейшую вучобу ў ваенным вучылішчы і  гаворкі быць не магло. Яго спісалі. Але цяжкая траўма, якая перакрэсліла яго  марскую кар’еру, была знакам Божым —  увесь выпуск вучылішча быў накіраваны на толькі што з’явіўшыяся  тады атамныя падлодкі  і атрымаў моцнае апрамяненне, яго аднакашнікі страцілі здароўе, сем’і, а ў хуткім і жыццё.

Стома  вельмі палюбіў горад на Няве, і таму паступіў у Леніградскі электратэхнічны інстытут (ЛЭТІ). У 1955 годзе ён скончыў 3 курсы, а ў сакавіку ажаніўся на Галіне Сцяпанавай, якая завяршала вучобу ў Маскоўскім фінансавым інстытуце. Жонцы было прапанавана застацца ў Маскве. І Сцяпан пераводзіцца ў Маскоўскі энергетычны інстытут (МЭІ). Праблем з пераводам у яго не ўзнікла, пытанне ўдалося вырашыць лёгка, дзякуючы выдатным ведам і добрым адзнакам за вучобу ў ЛЭТІ. Пасля жаніцьбы ён падвоіў намаганні ў вучобе і ў МЭІ вучыўся толькі на пяцёркі, што давала 25%-ю надбаўку да стыпендыі.

Летам 1957 года Сцяпан упершыню трапіў ва Усесаюзны навукова-даследчы інстытут  электрамеханікі  (УНДІЭМ) — галаўное прадпрыемства Савецкага Саюза ў галіне ваеннай электронікі, куды яго накіравалі на пераддыпломную практыку. Дырэктарам Інстытута быў Андронік Іосіф’ян — вынаходнік безкантактавага сельсіна, ужыты ў сістэмах сінхронна-сачыльнай перадачы.

Да канца 50-х ва УНДІЭМ сфармаваліся галоўныя напрамкі навуковай працы — бартавое электраабсталяванне ракет і касмічных апаратаў, карабельнае электраабсталяванне, электраабсталяванне атамных станцый, тэхналагічныя матэрыялы, агульнапрамысловыя серыі электрычных машын і электраапаратаў, з канца 60-х Інстытут стаў праводзіць актыўную  працу па стварэнні штучных спадарожнікаў Зямлі.

Бартавое абсталяванне для ракет і касмічных апаратаў распрацоўвалася ў трох аддзелах, сярод якіх быў  і  5-ы, у які  на працу быў накіраваны Сцяпан Стома.

Начальнікам аддзела быў Аркадзь Платонаў, які без малога 40 гадоў аддаў  УНДІЭМ. Адметная рыса гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён  даваў магчымасць плённа працаваць талковым людзям, прадстаўляючы  ім максімальна магчымую самастойнасць. Яго працоўная дзейнасць па стварэнні бартавога электраабсталявання касмічных караблёў была адзначана трыма вышэйшымі ордэнамі СССР: Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі  і Працоўнага Чырвонага сцяга.

Сцяпан Стома займаўся даследаваннем стабільнасці пастаянных магнітаў для прэцызійнага тахогенератара пастаяннага току. Гэты генератар аказаўся вельмі ўдалай распрацоўкай і выкарыстоўваецца на ракеце «Пратон» да цяперашняга часу. Таксама Стома вёў распрацоўку імгненнага  рухавіка пастаяннага току для гіраскапічнай платформы. І, нарэшце, яму было даручана арганізаваць здачу міжведамаснай камісіі серыі цёпластойкіх  гістэрызных электрарухавікоў Такім чынам, за непрацяглы час маладому навукоўцу давялося тройчы мяняць тэматыку працы.

Гістэрызныя электрарухавікі атрымалі шырокае распаў-сюджванне ў гіраскопах і сінх-ронных электрапрывадах пастаяннага току для навуковай і службовай бартавой апаратуры ІСВ. Распрацаваныя ў 1960-х, яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў праграмных механізмах балістычных ракет і ў сінхронных электрапрывадах касмічных апаратаў.

…У 1960-я гады ў СССР пачалася вар’яцкая  гонка па асваенні Месяца.  УНДІЭМ у гэтай гонцы прымаў непасрэдны ўдзел на ўсіх яе этапах. Інстытут пастаўляў электрамашынныя пераўтваральнікі для ракеты, з дапамогай якой быў сфатаграфаваны зваротны бок Месяца, дастаўлены на Месяц вымпел з гербам СССР, здзейснена мяккая пасадка і ўзлёт з Месяца на Зямлю станцыі з месяцовым грунтам і, нарэшце, дастаўлены на Месяц перасоўны кіруемы з Зямлі самаходны апарат «Месяцаход».

УНДІЭМ вядзе пастаўкі за мяжу электраабсталявання для атамных станцый, актыўна працуе з замежнымі краінамі ў касмічнай галіне і электрамеханіцы, праводзіць фундаментальныя даследаванні па шэрагу навуковых напрамкаў, у тым ліку па найважнейшых дзяржаўных праграмах. Унікальнае касмічнае абсталяванне, якое выпускае УНДІЭМ, не мае аналагаў у свеце.

90-я гады для УНДІЭМ, як і для многіх прадпрыемстваў Саюза, з’явіліся перыядам велізарных праблем. Да фінансавых цяжкасцяў раптам дадалася праблема з памяшканнем. Дзяржкаммаёмасць мела намер забраць галоўны  будынак  УНДІЭМ для дабрачыннага фонду «Расія».

І ў такі цяжкі перыяд Сцяпан Стома ўзначаліў УНДІЭМ. Пад яго кіраўніцтвам Інстытут перажыў усе буры і ўзрушэнні таго часу. У Інстытуце працаваў вучоны савет, супрацоўнікі абаранялі дысертацыі, рэгулярна выходзіў часопіс «Працы УНДІЭМ», навукоўцы Інстытута публікавалі свае навуковыя артыкулы ў перыядычных выданнях; у пачатку 2000-х актывізаваліся працы па спадарожнікавай тэматыцы, якая фінансуецца Раскосмасам. У час дырэктарства Сцяпана Стомы УНДІЭМ меў штат больш за 1800 супрацоўнікаў, з іх больш за 300 займаліся непасрэдна спадарожнікавай тэматыкай. Сцяпан Андрэевіч у складаны для краіны перыяд  не толькі захаваў прадпрыемства, але і не даў загінуць яго асноўным навукова-тэхнічным напрамкам дзейнасці.

—  Амаль 40 гадоў мне давялося працаваць у кіруючым складзе УНДІЭМ, і гэта вялікая жыццёвая ўдача, — напісаў у сваіх мемуарах наш зямляк. (С.А.Стома. От дипломника до советника (заметки внииэмовца). Москва, ВНИИЭМ.2010).

Пад кіраўніцтвам Сцяпана Стомы створаны прынцыпова новыя тыпы гістарэзісных і бескантактавых электрарухавікоў пастаяннага току для ракетнай і касмічнай тэхнікі, на іх аснове ўнікальныя прэцызійныя электрамеханічныя прылады і прэцызійныя электрапрывады для бартавых сістэм доўгачасовых арбітальных станцый «Алмаз», «Салют», «Мір»; касмічных апаратаў «Метэор», «Электра», «Рэсурс-О» і іншых вырабаў.

Сцяпан Андрэевіч пражыў насычанае творчае і стваральнае жыццё. У 1968 г. ён абараніў дысертацыю кандыдата тэхнічных навук, у 1995 г. стаў доктарам электратэхнікі, у 1996 г. — правадзейным членам Акадэміі электратэхнічных навук Расійскай Федэрацыі. Ён аўтар больш  60-ці навуковых прац, 21-га аўтарскага пасведчання на вынаходніцтвы і патэнты.

За паспяховыя адкрыцці і вынаходніцтвы ўраджэнец Боруска ў 1971 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1976 г. — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

У 1988 годзе Сцяпан Андрэевіч быў ушанаваны  Дзяржаўнай прэміяй СССР і ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР».

12 лістапада 2011 года, на васьмідзясятым годзе жыцця пасля цяжкай хваробы, Сцяпана Стомы не стала.

Варта адзначыць, што яго дзеці перанялі ад бацькі імкненне да вучобы. Яны з адзнакай скончылі ВНУ: старэйшы сын Андрэй — МІФІ (Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут), малодшы Аляксей, як і яго бацька, — МЭІ, сястра-блізнюк Аляксея Вольга — інстытут культуры.

Чацвёра ўнукаў Сцяпана Андрэевіча ўжо дарослыя. Старэйшы Дзмітрый пайшоў па слядах дзеда і дзядзькі і з адзнакай скончыў МЭІ і плённа працуе на адным з маскоўскіх прадпрыемстваў.

 

«з боруска выйшла   шмат педагогаў…»

(Расказвае Пырко Ніна Рыгораўна, 1968 г.н., настаўніца СШ № 1 г. Калінкавічы)

— Калі надыйшла пара,  я пайшла ў першы клас Борус-кай пачатковай школы, дзе нас вучыла Вольга Рыгораўна Стома, ці, як гаварылі ў нас у вёсцы, Ветрыкава. Да вайны і пасля вайны настаўніцамі  ў школе працавалі: яе сястра, Ганна Рыгораўна Стома, і Вольга Антонаўна з роду Гарыстаў.

 

Яшчэ раней, аж да самай вайны, пакуль не прызвалі ў армію, у Борускай школе настаўнічаў дзед майго мужа Давыдоўскі Аляксандр Іосіфавіч, 1912 г.н., які быў родам з Капыльскага раёна, што на Міншчыне. Яго жонка была барусканкай – Ксенія Раманаўна з роду Гаркуш. Яна працавала загадчыцай  калгаснага садка-яслей.

Боруск  з 1960 г. стаў аддзяленнем саўгаса “Галявічы”. Узначальваў яго Стома Рыгор Іларыёнавіч, якога ў вёсцы клікалі Барынем, муж настаўніцы Борускай школы Вольгі Стомы. У час вайны ён быў угнаны  ў Германію. Разам з ім былі ўгнаны: Стома Павел Іванавіч і яго сёстры Анастасія і Алена, Барысенка Вольга Гурынаўна.

Да таго часу, як Боруск увайшоў у склад саўгаса “Галявічы”, у нас у Боруску быў калгас, старшынёй якога быў франтавік, ураджэнец  Вялікіх Аўцюкоў  Стома Мікалай Іванавіч. Калгас называўся “Бальшавік”. Стома Мікалай кіраваў ім з 1947 па 1960 год. А адразу пасля вайны, як расказвалі старажылы,  калгас  узначаліў барусканец, таксама франтавік Ком Рыгор Іванавіч. У галодны пасляваенны час ён пашкадаваў аднавяскоўцаў і раздаў ім калгасны ўраджай. Яго за гэта арыштавалі ў 1947 годзе.

У Боруску з калгасных пабудоў былі: хлявы, склад, павець, пад якой рамантавалі тэхніку, зерняток, сушылка, аўчарня, у якой  трымалі авечак. У калгасе было шмат коней. Кароўніка ў Боруску ўжо ў сямідзясятыя  гады не было, а раней жанчыны, якія нарадзіліся ў дваццатыя гады, усе даілі кароў, як вось і мая цётка Параска, якая была з 1919 г. Апасля кароў ужо не было, трымалі толькі цялят на адкорме.

 

Асноўная маса барусканскіх мужчын працавала ў Галявіцкай машынна-меліярацыйнай станцыі, якая базіравалася ў в. Аляксандраўка. Галявіцкая ММС была створана яшчэ ў 30-я гг., а пасля вайны  аднавіла сваю дзейнасць у 1949 г. У сакавіку 1960 г.  у выніку аб’яднання Галявіцкай ММС, Аляксандраўскага і Малааўцюкоўскага  калгасаў “1 Мая” і “Чырвоны Кастрычнік” быў створаны саўгас “Галявічы”. А значная частка меліяратараў, што працавалі ў машынна-меліярацыйнай станцыі, перайшлі на працу  ў СМУ меліярацыі ў Калінкавічы.

 

Мой бацька, напрыклад,  43 гады адпрацаваў у ПМК-65. Тры машыны сабіралі меліяратараў з Боруска, Вялікіх  Аўцюкоў, Крышыч і Прудка. Чацвёртая ездзіла за механізатарамі ў Глінную Слабаду і Малыя Аўцюкі. Станы меліяратараў размяшчаліся ў Боруску і Вялікіх Аўцюках. Тут, нават,  адна гісторыя  ўтварылася з прысваеннем Героя Сацыя-лістычнай Працы, якую доўга смакавалі нашы меліяратары. У Вялікіх Аўцюках жыў Гаркуша Іван, вельмі працавіты і здольны бульдазерыст. Ён дзённую норму перавыконваў у тры разы. Добра працаваў і яго калега Іван Пырко з Гліннай Слабады, але вынік яго быў крыху меншым. Калі ж паўстала пытанне, каму прысвоіць Героя, аддалі Пырку – ён быў членам КПСС, а Гаркуша – беспартыйны. Такая была палітыка таго часу.

 

Мая цётка Параска (яна мне і па бацьку родзічка і па мужу) Халімонава —  чалавек, пра  лёс якога можна раман пісаць.  Гаротнай жанчыне столькі давялося перанесці на сваім вяку, што, нават, ворагу не пажадаеш.

У 24 гады яна засталася ўдавою з трыма сынамі на руках. Старшы Рыгор быў з 1936 г., сярэдні  Лёня – з 1939  г., меншы Мікалай – з 1942 ці 1943 г.

Старшы сын вывучыўся, стаў ваенным, даслужыўся да палкоўніка. Служыў на палігоне і навукова-даследчым цэнтры Эмба, роўных якому ў свеце не было. Гэты палігон размяшчаўся ў Акцюбінскай вобласці Казахстана. Тут праводзіліся выпрабаванні навейшых узораў ваеннай тэхнікі і ўзбраення супрацьпаветранай абароны, стрэльбы часцей і злучэнняў супрацьпаветраных войск, вайсковыя вучэнні Савецкага Саюза.

З яе сынам Рыгорам  звязана цікавая гісторыя. Пасля вайны, калі было голадна, барусканкі часта хадзілі на Піншчыну  ў так званыя “Кускі”: абменьвалі ягады  на збожжа.

Дык вось аднойчы падышлі барусканкі да аднаго заможнага дома, а яго гаспадар спусціў на іх сабак. А калі сын Параскі надумаў жаніцца, то прывёў яе ў сваты менавіта ў гэты дом. Вось тады Параска і выказала сваточкам: “Калі я гадавала свайго сыночка, дык вы на мяне сабак спусцілі, а калі выгадавала, то вы яго знайшлі”.

Лёня асвоіў прафесію вадзіцеля, жыў у  Боруску, працаваў шафёрам у ПМК-65.

Меншы Мікалай закончыў сельгасакадэмію, працаваў парторгам у саўгасе “Ліпава”.

Усе сыны бабулі Параскі заўчасна пайшлі з жыцця. Спачатку, 30 верасня, раптоўна памёр сярэдні Леанід. У студзені ці лютым – старэйшы сын. А затым – і меншы.

Пасля заканчэння Борускай пачатковай школы ўсе дзеці працягвалі вучобу ў суседніх Вялікіх Аўцюках. Я нарадзілася ў 1968 г. Маіх аднагодкаў з Боруска ў Аўцюкі хадзіла шасцёра. Трое атрымалі вышэйшую адукацыю. Мы з Пырко Святланай Аляксандраўнай сталі настаўніцамі. Яна жыве ў Жодзіна, дзе выкладае хімію і біялогію. А Капітан Людміла Іванаўна закончыла Інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску і працуе эканамістам у ААТ “Прудокскае”.

Дарэчы, з Боруска выйшла шмат педагогаў. Настаўнікамі сталі: Гарыст Іван Пятровіч, Стома (Гарчанка па мужу) Галіна Пятроўна, Буцэнка (Капітан па мужу) Святлана Рыгораўна. Гарыст Іван працуе трэнерам у Гомелі, Стома Галіна працавала настаўніцай матэматыкі ў Юравіцкай школе, а Буцэнка Святлана і зараз выкладае матэматыку ў Малааўцюкоўскай школе.

Гаркуша Марыя Міхайлаўна настаўнічала ў Жыткавіцкім раёне.  Гаркуша (Шэўчык па мужу) Надзея Пятроўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Калінкавічы, зараз – выхавацель Палескага аграрнага каледжа.

Лышчанка (Равінская па мужу) Людміла Пятроўна – настаўніца беларуская мовы і літаратуры СШ №1 г. Калінкавічы.

Гаркуша Святлана Пятроўна – настаўніца рускай мовы ў адной са школ Мазыра.

Пырко (Лукомская па мужу) Галіна Іванаўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры ў коледжы на Рагачоўшчыне. Яе сястра, Пырко (Мурашка па мужу) Зінаіда Іванаўна — настаўніца рускай мовы  на Рагачоўшчыне.

Буцэнка Любоў Мацвееўна – выхавацель Калінкавіцкай гімназіі.  Ком (Гарыст па мужу) Ала Паўлаўна – намеснік дырэктара Вялікааўцюкоўскай школы, Гарыст Пётр Іванавіч (пакойны муж Алы Паўлаўны) працаваў дырэктарам Хобненскай школы.

Сабатаж Ірына Аляксан-драўна працуе настаўніцай у Петрыкаве.

Стома (Карнеявец па мужу) Ніна Аляксандраўна працавала настаўніцай замежнай мовы  ў Бярозаўцы, пасля – завучам у Калінкавіцкай вячэрняй школе (СШ №8).

Многія ўраджэнцы Боруска знайшлі сваё месца ў іншых галінах народнай гаспадаркі.

Напрыклад, Капітан Міхаіл Гаўрылавіч яшчэ непаўналетнім трапіў на фронт, дайшоў да Берліна,    пасля вайны ўсё жыццё працаваў у міліцыі, падпалкоўнік,  начальнік крымінальнага вышуку Гродна. Там жа і пахаваны.

 

Стома Уладзімір Цітавіч закончыў інстытут у Новасібірску. Ваенны чыгуначнік. Працаваў у падмаскоўным Шчолакаве ва ўпраўленні чыгуначных войск СССР. Маёр.

Буцэнка Мікалай Аляксан-дравіч, 1940 г.н., закончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава, выкладаў рус-кую мову і літаратуру за мяжой. Буцэнка Аляксандр Іванавіч, 1942 г.н., закончыў знакамітую Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію.

Пырко Рыгор Якаўлевіч працаваў начальнікам ДАІ  ў адным з раёнаў Масквы. Палкоўнік.

Пырко Пётр Пятровіч працаваў аграномам у Ду-дзічах, на пенсіі.

Пырко Сяргей Паўлавіч закончыў Беларускую сельгасакадэмію, аграном. Гэтую ж навучальную ўстанову закончыла і Ком Іна Паўлаўна,  якая зараз працуе ў сельгасфіліяле “Зеляночы”.

Пырко (Хмуровіч па мужу) Любоў Паўлаўна  працуе на Гродзеншчыне галоўным бухгалтарам Бераставіцкага РАУС.

Стома Рыгор Іванавіч  закончыў сельгасакадэмію, зай-маецца бізнесам на Міншчыне.

Гаркуша Ігар Мікалаевіч працуе начальнікам аддзела інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Мазырскаму раёну. Яго сястра  Святлана – бухгалтар.

Гаркуша Сяргей Іванавіч – галоўны механік ДРБУ-152 у нашых Калінкавічах.

Ком (Варанчук) Валянціна Пятроўна закончыла Гомельскі кааператыўны інстытут, бухгалтар.

Дачка настаўніцы Борускай школы Вольгі Антонаўны Ком Валянціна Рыгораўна стала ўрачом.

Ком Валянціна Аляксандраўна закончыла юрфак, працавала суддзёй у Мазыры, судовым выканаўцай у Брагіне.

Лорурачом стала і мая дачка Вольга, якая зараз працуе ў Калінкавічах у гарадской і дзіцячай паліклініцы.

Замест эпілога

Барусканская моладзь, пасля атрымання адукацыі і прафесій, разлятаецца па свету  і асядае ў гарадах і буйных паселішчах Беларусі і іншых краін. На сваю малую радзіму наведваюцца з нагоды рэдкіх ужо сямейных урачыстасцяў, а па большай частцы — на Радаўніцу ці для провадаў блізкіх у апошні шлях.

Вёска адмірае і ніякай альтэрнатывы гэтаму працэсу няма. Урбанізацыя гіганцкімі крокамі крочыць па ўсім Свеце. Як кажуць у народзе: “Рыбка шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепш”. Людзі традыцыйна цягнуцца да выгод цывілізацыі. І ніякімі прапановамі іх з гэтага шляху не звернеш.

Сёння ў Боруску, як паведаміла мне кіраўнік справамі Вялікааўцюкоўскага сельсавета Любоў Суганяка, налічваецца  43  гаспадаркі і прапісана 86 чалавек: 39 з іх – пенсіянеры, 42 – працаздольнага ўзросту, і пяцёра дзетак дашкольнага і школьнага ўзросту.  З ліку працаздольных 19 чалавек толькі прапісаны ў Боруску, а пражываюць і працуюць у іншых паселішчах. Так што, як відаць, асноўную масу сённяшніх жыхароў Боруска складаюць пенсіянеры і тыя, хто наблізіўся да пенсійнай мяжы.

А сталаму чалавеку, як вядома, цяжка адрывацца ад сваіх каранёў. Нават выгоды цывілізацыі яго не спакушаюць. Ведаю па сваіх бацьках, якіх на старасці гадоў забраў да сябе ў горад, каб забяспечыць штодзённы нагляд і дапамогу. Маркоціліся яны бедныя, тужылі па вясковай сядзібе   і сцежках, пратаптаных імі за дзесяцігоддзі на працу, у лес, на агарод. Горад для іх, як і для тых, хто сёння дажывае свой век у Боруску, і каго клічуць да сябе ў горад дзеці, чужы, не родны.

Старыя хочуць сустрэць свой апошні дзень у роднай хаце, на ўласнай сядзібе. І гэта зразумела, бо тут, што ні рэч, то ўспамін аб мінулым жыцці, у якім была маладосць, радасць кахання, шчасце ад нараджэння дзяцей, мноства прыемных хвілін. А з добрым ніхто не  хоча раставацца!

Іван ГАРЫСТ.  2017 год.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.