«Этнахатка» ў Казловічах

DSCN2516

Аб адкрыцці музея беларускай культуры Тамара Манько марыла даўно. За дваццаць гадоў працы ў Казловіцкай бібліятэцы сабрала нямала старадаўніх рэчаў, вось толькі месца для іх нідзе не знаходзілася: у сваю хату не забярэш, а ў доме культуры мала месца. Ад гэтага некаторыя прадметы згубіліся і паламаліся. Выхад заставаўся адзін — знайсці ім дом. Выбар паў на закінутую хату паблізу бібліятэкі. Справа заставалася за малым: скончыць рамонт. Так і з’явіўся ў Казловічах музей пад назвай «Этнахатка».

У будовы ёсць свая гісторыя. Некалі тут жыла Таццяна Зелянок, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. У 17 гадоў дзяўчына стала партызанскай сувязной. Яе ратны подвіг адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і «Партызану Айчыннай вайны 2-й ступені». Да баявых узнагарод у мірны час прыбавіліся медаль «За доблесную працу» і знак «Выдатнік савецкай спажывецкай кааперацыі». Жыхарку Казловіч добра ведаючь, памятаюць і ганарацца ёю. Магчыма, таму ў хаце так утульна і цёпла, нягледзячы на старасць будыніны.

DSCN2529

Сімвалічна, што гэта мерапрыемства прымеркавана да Года культуры, асаблівасцю якога з’яўляецца папулярызацыя беларускай народнай творчасці, беларускай традыцыйнай культуры, — распавяла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Кіпер. — Гэта вялікі падарунак, як для чытачоў бібліятэкі, так і для насельніцтва вёскі. Асабліва для падрастаючага пакалення, якое зможа даведацца аб мінулым сваіх продкаў.

Урачыстае адкрыццё музея было прымеркавана да Дня святкавання нябеснага заступніка Святога Міколы Цудатворца. А першымі наведвальнікамі «Этнахаткі» сталі жыхары вёскі, многія з якіх ужо сталага ўзросту. Не абыйшлося і без іх дапамогі, шмат экспанатаў яны падарылі музею.

У хаце можна ўбачыць розныя прадметы таго часу. Тут табе ткацкі станок і дзіцячая калыска, саматканыя посцілкі і вышытыя карціны. Драўляны, гліняны і плецены посуд.

IMG_5482

У дзень адкрыцця музея для гасцей было арганізавана невялікае прадстаўленне, у якім удзельнічала малодшае пакаленне вёскі: дзеці вадзілі карагод вакол ёлкі, спявалі старабеларускія песні, чыталі вершы, расказвалі прыказкі аб Святым Міколы, тым самым паказваючы звычаі тых часоў, калі ў зімовы марозны вечар за святочным сталом збіраліся продкі.

Тамара Міхайлаўна, у вобразе гаспадыні дома падрабязна распавяла аб царкоўным свяце. Здаўна дзеці пісалі Святому Міколе пісьма і клалі пад падушку, а раніцэй прачнуўшыся, усе мары і жаданні здейсняліся.

Яшчэ адным цікавым абрадам свята лічылася «чысціць» свой дом. Для гэтага трэба ўзяць любы абраз ці падпаленую свечку, прайсціся з ёй па хаце са словамі: «Госпадзі, благаславі вокны. Госпадзі, благаславі дзверы. Госпадзі, благаславі пазы і шчыліны. Госпадзі, благаславі сцены. Госпадзі, благаславі печ і трубу. Чур, маё цела. Чур, маю кроў. Чур, маю хрышчоную душу. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амін».

Па даўняй традыцыі гаспадыня дома пачаставала ўсіх гасцей калачамі з печы.

Карыстаючыся момантам, я б хацела выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у гэтай добрай справе, — падзялілася Тамара Зелянок. — Дапамагала ўлада. Актыўны ўдзел прымалі вяскоўцы: і сцены патынкавалі, і печ склалі. Дзякуй будаўнічай брыгадзе гаспадаркі, дапамаглі, не адмовілі. Спадзяюся, наш музей стане цэнтрам правядзення мерапрыемстваў народна-абрадавых традыцый, вячорак, экскурсій. Спадзяюся, мае намаганні не знікнуць дарэмна.

Багатая зямля беларуская на абрады і традыцыі. Сёння не кожны можа даведацца пра іх ад прадзедаў, а тым больш убачыць тыя прадметы, якімі карысталіся ў жыцці нашы продкі, бо іх засталася лічаная колькасць.

Аліна Сямёнава.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.