Вялікі Кніжнік

maksim_bogdanovich125-годдзе з дня нараджэння слыннага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча шырока святкуецца ва ўсім свеце. Нарадзіўся будучы паэт 9 снежня (27 лістапада) 1891г. у Мінску.

Так, дні беларускай культуры-2016, што прайшлі ў Латвіі, прысвячаліся гэтаму знакамітаму юбілею. У мерапрыемствах браў удзел шэраг беларускіх суполак, вечарыны прайшлі ў Екабпілсе, Ліепаі, Даўгаўпілсе, Дагдзе, Лудзе, Рэзэкнэ. Па ўсёй Латвіі гучалі вершы, песні на вершы таленавітага Кніжніка.

У расійскім горадзе Яраслаўль прайшла сацыяльная акцыя “Зялёная восень”, прымеркаваная да 125-годдзя “беларускага паэта з берагоў Волгі”. Саму ідэю такой акцыі прапанавалі прыхільнікі яго творчасці, сярод іх і сям’я Вікторыі і Дзмітрыя Аверыных. Дарэчы, Дом Максіма Багдановіча, пабудаваны яшчэ ў 1908 г. па вул. Чайкоўская (былая Любімская) — знакаміты тутэйшы помнік гісторыі і культуры. Да акцыі далучылася і Яраслаўская грамадская арганізацыя руска-беларускай дружбы “Сяброўства”. У доме паэта быў арганізаваны канцэрт з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальнага аддзялення Асамблеі народаў Расіі. Чыталіся вершы Максіма Багдановіча, абмяркоўвалася спадчына знакамітага песняра.

Дарэчы, у Яраслаўлі Максім правёў восем гадоў, скончыў мужчынскую гімназію. У 1911 г. ён паступае вучыцца ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. У студэнцкія годы займаецца вывучэннем славянскіх і еўрапейскіх моў і літаратур, але асабліва вялікую ўвагу надае роднай беларускай мове. Росквіт яго творчай дзейнасці і адбыўся ў Яраслаўлі.

У маі 1958 г. на будынку гімназіі, дзе вучыўся паэт (цяпер Яраслаўскі тэхналагічны інстытут), была ўстаноўлена мемарыяльная дошка класіку. А ў 1991 г. падчас рэалізацыі расійска-беларускага праекта ў горадзе з’явіўся і мемарыяльны Дом-музей паэта.

Станаўленне Максіма Багдановіча як беларускага пісьменніка пачалося ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе прайшлі дзесяць гадоў яго жыцця. У 1914 г. пісьменнік у апошні раз наведаў горад свайго дзяцінства. У тым жа годзе ён напісаў апавяданне “Шаман”, герой якога захапляецца Волгай і Ніжнім Ноўгарадам. А 6 студзеня 1984 г. на будынку Ніжагародскай гімназіі (цяпер педагагічны ўніверсітэт) была ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. Багдановічу.

Першы раз Максім Багдановіч прыехаў у Ялту ў 1909 г. лячыцца ад сухотаў. Але праз 11 гадоў паэт вярнуўся сюды яшчэ раз і … застаўся ўжо назаўсёды. 25 мая 1917 г. ў Ялце ён памёр. На адной са сцен клуба санаторыя “Ялта” была ўстаноўлена памятная дошка. Вялікую цікавасць да творчай асобы Майстра праяўляюць у Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі, дзе ёсць зала паэта.

Жыццё аўтара “Вянка” так склалася, што на Беларусі жыць яму давялося толькі першыя пяць год у маленстве і некалькі месяцаў у сталым узросце. Беларускай мовай авалодаў самастойна, абапіраючыся на выданні бацькавай бібліятэкі, а таксама на газеты “Наша доля” і “Наша ніва”.

Аддзелены ад Бацькаўшчыны многімі кіламетрамі, паэт выразна ўяўляў яе па павер’ях і паданнях, па песнях. Аднак любоў да Беларусі на ўсё жыццё заставалася самым трапяткім і палымяным пачуццём Багдановіча.

Мне часта ўзгадваюцца гэтыя радкі верша:

Даўно ўжо целам я хварэю,
І хвор душой, —
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.
Калі ж у ім умру — загіну, —
Не жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой.

…Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею М. Багдановіча, праходзяць у гэтыя дні ў многіх гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі. Не магу не адзначыць, што за чвэрць стагоддзя класік паспеў не толькі пакінуць багатую творчую спадчыну, стаць адным са стваральнікаў літаратурнай беларускай мовы, праславіцца далёка па-за межамі Бацькаўшчыны. І кожны з гарадоў, дзе праходзіла жыццё паэта, захоўвае і ў ХХІ стагоддзі добрую памяць аб ім.

Майстра ўвайшоў у гісторыю не толькі як паэт, але і як публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы.

Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры, стаў распачынальнікам традыцый беларускага мастацкага перакладу. Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры, у духоўную скарбніцу беларускага народа. Яна ўплывае на развіццё беларускай паэзіі і ў ХХІ стагоддзі, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэтычнага слова. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі (“Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”), многія іншыя пакладзены на музыку кампазітарамі. Творы паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету. У 1991- 95 гг. гадах быў выдадзены Поўны збор твораў паэта ў трох тамах.

Бываючы ў Мінску, з вялікай асалодай наведваю музей паэта. Трэба сказаць, што шэраг мерапрыемстваў да юбілею класіка ўжо праведзены і яшчэ будуць у Літаратурным музеі. Як, напрыклад, нядаўняя шыкоўная вечарына “Магія Паэзіі. Магія Веры”. Дарэчы, сёлета — 80-годдзе паэткі-пера-кладчыцы Веры Рыч, якая адкрыла англамоўным чытачам беларускую паэзію, паэзію Багдановіча, пераклаўшы яго 34 вершы. Перакладчыца неаднойчы падкрэслівала, што Кніжнік — яе любімы паэт. І хаця Багдановіч пражыў у Мінску зусім нядоўга, многае ў горадзе нагадвае аб ім. Побач з домам паэта, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён, і быў створаны Літаратурны музей.

З вялікім хваляваннем я заўсёды наведваю філіял музея “Фальварак Ракуцёўшчына” ў Маладзечанскім раёне. Улетку 1911 г. Багдановіч тут напісаў два цыклы вершаў: “Старая Беларусь” і “Места” (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы “У вёсцы” і “Вераніка”. А ў чэрвені 1977г. па прапанове супрацоўнікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў вёсцы быў усталяваны помнік — два валуны: адзін як вечная свечка памяці, на другім — выбіты радкі з “Санета” М. Багдановіча. У 1981 г. каля помніка пісьменнікамі быў пасаджаны “Максімаў сад”. Глыбока сімвалічна, што ажно з 1983 г. на мяжы ліпеня і жніўня ў Ракуцёўшчыне збіраюцца аматары беларускай паэзіі.

З гродзенскім перыядам жыцця беларускага класіка можна пазнаёміцца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гродне, што існуе ў тым доме, дзе жыла іх сям’я.

Імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. У 1991 г. у Мінску адна з вуліц была перайменавана ў гонар Максіма Багдановіча. Яшчэ 9 снежня 1981 г., у гонар 90-годдзя са дня нараджэння паэта, быў устаноўлены помнік. Аўтары помніка скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў і Л. Маскалевіч. Бронзавая статуя паэта вышынёй 4,6 метра была ўстаноўлена на пастаменце з чырвонага граніту. Паэт увасоблены з перакрыжаванымі на грудзях рукамі, у правай руцэ з букетам васількоў — кветак, так мілагучна ўуслаўленых у яго паэзіі…

У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць Паэты з вялікай літары, якімі ганарацца нашчадкі. М. Багдановічу лёс адмераў толькі дваццаць пяць вёсен і зім. Але за гэты кароткі шлях Кніжнік паспеў напісаць сваю Кнігу – шчырую і сумленную споведзь душы. І вельмі добра, што кветкі, трапятліва сабраныя паэтам для “Вянка”, не завялі, а, наадварот, вабяць, прыцягваюць да сябе ўсё больш і больш чытачоў ва ўсім свеце. Яго паэзія сагравае і асвятляе сённяшняе наша жыццё.

… Ціха і спакойна на Аўцкіх могілках у далёкай Ялце, дзе побач з магілай М. Багдановіча растуць два кіпарысы — сімвал вечнай журбы і вечнай маладосці. I даносіцца адтуль, з пачатку XX стагоддзя ўзнёслы і шчыры голас паэта пра маладосць — самую прыгожую і радасную пару чалавечага жыцця:

Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання!..
…Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.