Лепшы танцор Агародніцкага сельскага клуба

DSCN7316

На мінулым тыдні свой 85-гадовы юбілей адзначыў лепшы танцор Агародніцкага сельскага клуба, сапраўдны майстар народных промыслаў Якаў Чарняк з вёскі Вадовічы.

Гэты невысокага росту, жвавы, працавіты вясковец і сёння можа заткнуць за пояс многіх маладых. Бо Якаў Сяргеевіч ніколі не баяўся працы, наадварот, стараўся як мага лепш авалодаць усімі сялянскімі справамі і промысламі, і варта адзначыць, у яго гэта добра атрымалася.

— А што мне заставалася рабіць? — спрабуе ўсё перавесці ў жарт юбіляр. – Бацька памёр, калі мне не было і году ад роду. У хаце засталіся маці, дзве старэйшыя сястры і я – адзіны мужчына ў сям’і…

Да вайны Якаў паспеў скончыць два класы Агародніцкай школы. А потым былі блуканні па лясах і балотах, жыццё ў куранях і зямлянках, уздрыгванні сярод ночы ад выбухаў снарадаў і гулу варожых самалётаў у небе…

Ды і пасля вызвалення вёскі Якаў спасцігаў навуку нядоўга — школу ён так і не скончыў: трэба было працаваць, дапамагаць маці. З малых гадоў пачаў хадзіць за плугам, упраўляцца па гаспадарцы.

Нягледзячы на тое, што дзеці гадаваліся без бацькі, мужчынская рука ў хаце адчувалася.

— Маці мая была разумнай жанчынай, дарма, што непісьменнай, — расказвае Якаў Сяргеевіч. – Разумела, што сама мужыцкай працы мяне не навучыць, таму адпраўляла то да дзядзькі, то да суседа. Бачыць, што дзядзька чобаты шые, кажа мне: “Схадзі, Яша, паглядзі, можа і ты чаму навучышся”. Ці заўважыць, як сусед наш новыя рамы ці лаву майструе, адпраўляе мяне яму дапамагаць. Такім чынам, усю мужчынскую працу па гаспадарцы я засвоіў рана: навучыўся араць, сеяць, касіць, цяслярыць, шыць чобаты, рабіць бочкі і плесці кашалі.

Перад тым, як пайсці служыць, Якаў Чарняк вывучыўся на трактарыста і працаваў на палетках роднага калгаса, які ў той час насіў імя Молатава. Вайсковую службу вясковы хлопец праходзіў на Далёкім Усходзе, ва Уладзівастоку. Там атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля.

Пасля звальнення ў запас ён зноў уладкаваўся ў калгас. Хутка стаў і сямейным чалавекам. З усіх вясковых прыгажунь яму прыглянулася Еўдакія Бондар. “Я прыду ў сваты”, — сказаў ён мілавіднай працавітай аднавяскоўцы. “Прыходзь”, — пачулася ў адказ. З таго часу яны разам. А мінула ўжо больш за 60 гадоў. Якаў Сяргеевіч і Еўдакія Пятроўна нават не заўважылі, як прамінула не толькі іх залатое вяселле, але і ізумруднае, якое трэба было святкаваць яшчэ ў мінулым годзе.

Спачатку яны жылі ў Агародніках, а калі ў суседніх Вадовічах наразалі дзялянкі пад будаўніцтва, Якаў Сяргеевіч пабудаваў там хату.

У пачатку 70-х гадоў яна згарэла, і працалюбівы гаспадар паставіў на яе месцы другую: яшчэ лепшую, большую і ўтульную. Такі ён — Якаў Чарняк, калі за што возьмецца, абавязкова давядзе справу да канца. І дома, і на падворку ўсё зроблена яго стараннымі рукамі: лавы, бочкі, падводы і сані, гаспадарчыя пабудовы.

Еўдакія Пятроўна таксама не сядзела склаўшы рукі: столькі посцілак ды рушнікоў наткала, навалак навышывала, што хапіла б на ўсю вёску. Яна і сёння шые сваім родным цёпленькія бурачкі, падбітыя мехам. У такія ж утульныя “боцікі” абутая і сама — з малюнкам пад леапарда.

— Модныя, кажаце? Гэта ж старую шубу на іх пусціла, — смяецца жанчына. – У клеці такого “дабра” у мяне шмат! Дзеці панавозілі, а хто ўсё гэта будзе насіць? Вось і знаходжу, куды скарыстаць. Пакуль Якаў хамуты кабылцы майструе, я буркі шыю.

— Не так даўно пашыў яшчэ два, няхай кабыла прыбіраецца. Трэба ж штосьці рабіць, каб хвароба дома не застала! – усё жартуе юбіляр. – Я ў гэтым годзе першы раз за ўсё жыццё ў бо́льніцу да доктара ездзіў, хацелі нават пакласці ў стацыянар, але я не згадзіўся, кажу: “Лепш я дома адляжуся, у вашай бо́льніцы замерзнуць можна”. Тады яшчэ цяпло там не падключылі. А дома паляжаў ля грубкі, дый зноў здаровы. Не трэба слухаць, дзе што баліць, трэба больш варушыцца.
Гэта і ёсць асноўнае жыццёвае крэда Якава Чарняка. Таму ён і ў 85 такі жвавы, рухомы і жыццярадасны.

— А чаму мне не быць такім? Усё ж добра. Жонка ў мяне добрая, глядзіць мяне, клапоціцца, і дзеці ў нас самыя лепшыя. Іх у нас з Еўдакіяй Пятроўнай восем: чатыры хлопцы і столькі ж дачок. Усе добра ўладкаваліся ў гэтым жыцці, падарылі нам пятнаццаць унукаў і шэсць праўнучкаў. Не забываюць, наведваюць нас, старых, гасцінцы прывозяць, па гаспадарцы дапамагаюць. Дарма, што амаль усе жывуць у горадзе, калі прыязджаюць сюды, зноў ператвараюцца ў вяскоўцаў. Хлопцы на полі, на падворку працуюць, з кабылай управіцца мне дапамагаюць. Дочкі і нявесткі з жонкай у хаце завіхаюцца, на агародзе корпаюцца. Усе пры справе.

Нягледзячы на такую колькасць памочнікаў і паважаны ўзрост, гаспадары і самі яшчэ на нешта вартыя: працуюць у агародзе, трымаюць тры дзясяткі курэй. А сена на зіму кабылцы Машцы Якаў Сяргеевіч нарыхтоўваў сам – некалькі тыдняў раніцамі касіў касою росную траву.

Вяртаючыся да жыццёвага крэда вадовіцкага юбіляра, адзначу, что Якаў Чарняк не толькі добра ўмее працаваць, але не горш і адпачываць. Па ўсёй аколіцы не знойдзеш лепшага танцора, чым ён. Яшчэ некалькі гадоў таму ён удзельнічаў у раённых і абласных конкурсах побытавых танцаў і не раз займаў там прызавыя месцы. Разам з другімі танцорамі Агародніцкага сельскага клуба, які толькі ў гэтым годзе аб’ядналі з бібліятэкай, Якаў Сяргеевіч выступаў на розных канцэртных пляцоўках.

— А зараз танцуеце? – пытаюся ў земляка.

— Ужо не так, як раней. Але, як пачую добрую музыку, ногі і сёння просяцца ў скокі. Вось у верасні, калі галасаваць у бібліятэку ездзілі, Паліна з Бярозаўкі са сваім ансамблем на выбарчы ўчастак з гармонікам прыязджала, тады я так наскакаўся, потым ледзь па хаце ўпраўляўся. Гады ўсё ж бяруць сваё.., — уздыхае юбіляр. – Але я ім не паддаюся!

І правільна робіце, Якаў Сяргеевіч. Заставайцеся яшчэ доўгі час такім жа рухомым і жыццярадасным, добрага вам здароўя і толькі радасных імгненняў.

Таццяна КАПІТАН.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.