Ён працуе дзеля будучыні

DSC06732Памятаю, як было прыкра і сорамна, калі ў гутарцы з замежнымі студэнтамі, аднакурснікамі па Белдзяржуніверсітэту не мог нічога путнага расказаць пра гісторыю родных мясцін. Пра Савецкі Саюз, Беларусь яны шмат ведалі і без мяне. А вось пра маю малую радзіму паслухалі б з задавальненнем.
Толькі адкуль я мог ведаць тую гісторыю? І таму па-добраму зайздрошчу цяперашнім юнакам і дзяўчатам, у якіх ёсць унікальная магчымасць дазнавацца і пра гісторыю роднага горада або вёскі, і пра паходжанне ўласнага прозвішча, і пра розныя падзеі, што адбываліся ў мінулыя вякі на калінкавіцкай зямлі.
У дапамогу ім шматлікія краязнаўчыя кнігі, аўтарам многіх з якіх з’яўляецца пісьменнік-краязнавец, нястомны папулярызатар гісторыі раёна Уладзімір Лякін. Больш за два дзясяткі кніг выйшла з-пад яго пяра, і амаль палова з іх раскрывае перад чытачом даўнія таямніцы калінкавіцкай гісторыі.

Шлях Уладзіміра Аляксандравіча да пісьменніцтва складваўся спакваля. У пэўным узросце кожнаму з нас становіцца цікава даведацца пра паходжанне свайго прозвішча, пра сваіх продкаў – кім былі, дзе жылі, чым займаліся. І добра, калі пра гэта ёсць каму расказаць і ў каго запытаць. А калі не? Дзе знайсці тыя летапісы ці дзённікі, якія дапамогуць запоўніць прабелы, узнавіць сямейнае мінулае, па сутнасці, тваю ўласную біяграфію?

Уладзіміру Лякіну ў гэтым сэнсе пашанцавала. Ад бабулі па маці Ганны Пятроўны Вішнеўскай некалі даведаўся ён, што род іх паходзіць з дробнай шляхты, якая жыла ў вёсцы Лясец, працавала на зямлі. І несла вайсковую павіннасць – верай і праўдай служыла цару-бацюшку. Адзін з іх, прадзед Пётр Вішнеўскі, у 19 гадоў трапіў радавым у Падольскі пяхотны полк, удзельнічаў у Крымскай вайне 1853-56-х гадоў, быў узнагароджаны сярэбраным медалём “За абарону Севастопаля”. Потым вярнуўся на радзіму, ажаніўся, завёў гаспадарку. Але ў 1877 годзе, у час руска-турэцкай вайны, яго зноў мабілізавалі. Пётр Вішнеўскі вызначыўся і ў гэтай вайне – быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам і гадзіннікам за выратаванне афіцэра. Бог быў літасцівы да салдата – ён вярнуўся да сям’і, працаваў, гадаваў дзяцей і дажыў да 102-х гадоў. А вось Васіль, пляменнік Пятра, дадому не вярнуўся, застаўся на Каўказе, ажаніўся. Там у 1874 годзе ў яго нарадзіўся сын Аляксандр – вядомы ва ўсім свеце ваенны доктар, сапраўдны член Акадэміі медыцынскіх навук, стваральнік знакамітай лячэбнай мазі і заснавальнік доктарскай дынастыі.

Былі і іншыя гісторыі. Напрыклад, па сямейным падданні быццам бы адзін з продкаў быў у войску Напалеона і ў 1812 годзе ўдзельнічаў у паходзе на Маскву. (Цікавасць да гэтай сямейнай легенды ў канчатковым выніку вылілася ў напісанне некалькіх кніг, прысвечаных тагачасным падзеям на Беларусі.) А дзяды па бацькоўскай і мацярынскай лініях прайшлі першую сусветную вайну, у часы калектывізацыі сталі калгаснікамі.

Пра ўсё гэта Уладзімір Лякін даведаўся не адразу, а паступова, па крупінках збіраючы факты з розных крыніц. Падчас гэтай скрупулёзнай работы знаходзіў ён шмат цікавых і каштоўных дакументаў, якія адкрывалі яму ўсё новыя і новыя старонкі не толькі з гісторыі ўласных продкаў, але і гісторыі Калінкавіччыны. “Як жа так? – думаў ён. – Столькі дзіўных падзей, яркіх талентаў і самабытных характараў, а мы пра іх нічога не ведаем?”

Вось так у яго і паспела думка напісаць кнігу. Першай у гэтым шэрагу стала кніга “Свет праваслаўя на калінкавіцкай зямлі”, напісаная ў сааўтарстве з пратаіерэем Георгіем Камінскім у 2006 годзе. Праз два гады выйшла з друку новая манаграфія – “Фаміліі калінавага краю”, перавыдадзеная з удакладненнямі і дапаўненнямі ў 2012 годзе. А ў 2010-м, калі горад святкаваў чарговую юбілейную дату, свет пабачылі адразу дзве кнігі – зборнік біяграфічных нарысаў пра калінкавічан “Мы з берагоў Каленаўкі” і “Калінкавічы на перакрыжаванні дарог і эпох” – гістарычныя нарысы пра Калінкавічы, якія ахопліваюць даволі працяглы час – ад 1560 да 1917 года. Дарэчы, аўтарам прадмовы да апошняй кнігі стаў наш зямляк, беларускі пісьменнік Віктар Казько. Менавіта ён, а таксама ўраджэнец Мазыршчыны, беларускі пісьменнік і публіцыст Анатоль Бароўскі далі свае рэкамендацыі Уладзіміру Лякіну для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.

З’явай у беларускім літаратуразнаўстве стала кніга Уладзіміра Лякіна “Тры жыцці Змітра Віталіна”. Калінкавічанін, які быў у кагорце найбольш здольных і таленавітых беларускіх пісьменнікаў, з-за трагічных абставін 1930-х гадоў на дзесяцігоддзі выпаў з гісторыі беларускай літаратуры. Доўгі час існавала меркаванне, быццам пісьменнік згінуў без вестак на фронце. Дзякуючы пошукавым намаганням Уладзіміра Лякіна Змітро Віталін вярнуўся і на малую радзіму, і ў беларускую літаратуру.

Сёння на пісьменніцкім стале Уладзіміра Аляксандравіча знаходзіцца дакументальная аповесць “Паэт на вайне”, прысвечаная франтавым дарогам, якімі давялося прайсці Змітру Віталіну. Ёсць там і ваенныя вершы паэта, што ніколі не друкаваліся. Але, на жаль, няма фінансавай магчымасці давесці справу да канца. Не без дапамогі мецэнатаў Міхаіла Скібара і Міхаіла Супруновіча дайшлі да чытача як названыя вышэй кнігі, так і кнігі Уладзіміра Лякіна “Пераможцы”, выдадзеная да 70-годдзя Вялікай Перамогі, “Калінкавіцкі край у імёнах і назвах”, “Калінкавічы. Ад вытокаў у будучыню”. Апошняя выйшла з друку ў бягучым годзе.

Трэба сказаць, што гісторыю роднага краю Уладзімір Аляксандравіч узнаўляў не толькі ў кнігах, але і ў 12-ці выпусках “Калінкавіцкага летапісу”. Мецэнатам аднаго з якіх, прысвечанага 70-годдзю вызвалення раёна, выступіў абласны фонд міру на чале з Цімафеем Глушаковым, другога, галоўнымі героямі якога сталі “Смугнараўцы”, быў Віталь, сын Сяргея Шаўчэнкі.

Выкажам меркаванне, што кнігі ваеннай тэматыкі Уладзіміра Лякіна сталі данінай не толькі памяці продкаў, але і яго асабістай прыналежнасці да кадравага афіцэрства. Пагадзіцеся, трэба ведаць не толькі гісторыю, але і мець спецыяльную падрыхтоўку, каб напісаць такія кнігі, як “Мазыр у 1812 годзе”, “Беларускія палі бітваў 1812 года”, “Граза дванаццатага года над Палессем”, “За падаючай зоркай”, “На вайне, на блізкай і далёкай”. Ды і сам Уладзімір Лякін упэўнены, што нацыянальную незалежнасць можна захаваць, толькі маючы баяздольную армію і вайсковыя традыцыі. На яго думку, веданне сваёй ваеннай гісторыі – гэта своеасаблівы імунітэт народа ад бяспамяцтва, якое ёсць прамы шлях да страты незалежнасці. А нацыяльная незалежнасць для пісьменніка – абсалютная каштоўнасць. Гісторыя ведае шмат паказальных прыкладаў таго, як народы трацілі сваю мову, культуру і, урэшце, тэрыторыю, а затым станавіліся сыравінным прыдаткам у руках заваёўнікаў.

Днямі Уладзімір Лякін адзначыў сваё 65-годдзе. Для пісьменніка – узрост росквіту і, разам з тым, падсумавання зробленага. У нядаўняй гутарцы Уладзімір Аляксандравіч неяк сказаў: “Упэўнены, працаваў не дарэмна. Атрымліваю шмат водгукаў ад чытачоў маіх кніг, як сталага веку, так і маладых людзей, а таксама ўраджэнцаў нашага раёна, якія пражываюць за яго межамі. Часам запрашаюць выступіць у бібліятэках або перад школьнікамі. Але заўважаю, што, на жаль, сваімі каранямі цікавяцца нямногія. Пэўна, цяпер час такі – звышінфарматыўны, калі моладзь больш давярае інтэрнэту, чым кнігам. Але я ўпэўнены, што краязнаўчыя кнігі будуць яшчэ запатрабаваныя – хай не гэтым, дык наступным пакаленнем абавязкова. Бо ёсць такая заканамернасць у развіцці грамадскай самасвядомасці: тое, што не зрабілі бацькі, абавязкова будуць дарабляць іх дзеці і ўнукі”.

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.