Гарочычы

снимок 004

Вартавыя лесу

Старэйшы работнік лясной гаспадаркі раёна Шульман Міхаіл Яфімавіч, які жыве ў Азарычах, сцвярджае, што лясніцтва ў Гарочычах утварылася яшчэ да вайны, у 1936 г., у той час, як быў створаны Даманавіцкі лясгас. Па сцвярджэнні ветэрана, у склад Даманавіцкага лясгаса тады ўваходзілі чатыры лясніцтвы: Азарыцкае, Асташкавіцкае, Гарочыцкае і Капліцкае.

Міхаіл Яфімавіч прыйшоў на працу ў лясную гаспадарку ў 1949 г. Дырэктарам лясгаса тады быў Смысёнак Іван Яфімавіч, а ляснічым Гарочыцкага лясніцтва Шараеў, які потым стаў дырэктарам Даманавіцкага лясгаса. Дарэчы, 31 студзеня 1972 г. Даманавіцкі лясгас быў перайменаваны ў Азарыцкі лясгас.

15 гадоў свайго працоўнага жыцця аддаў Гарочыцкаму лясніцтву сённяшні дырэктар Калінкавіцкага лясгаса Піліпейка Міхаіл Міхайлавіч.

— Гэта былі мае лепшыя гады, — успамінае Міхаіл Міхайлавіч. Я прыйшоў у Гарочыцкае лясніцтва, адслужыўшы ў арміі і толькі што закончыўшы Полацкі лесатэхнікум, на пасаду памочніка ляснічага ў 1985 г. Ляснічым тады ў Гарочычах працаваў вопытны лесавод, ураджэнец Гліннай Слабады Судас Мікалай Іванавіч. Ён, дарэчы, змяніў на гэтай пасадзе Салука Уладзіміра Акімавіча.
Калектыў у лясніцтве быў надзвычай дружным і працавітым. Многаму я навучыўся ў сваіх старэйшых сяброў па працы: майстра лесу Каленчыкава Паўла Сцяпанавіча – вялікага эрудыта, педанта і тэхнічнага чалавека; леснікоў Фядосенкі Якава Аляксандравіча з Бабровіч, Піліпца Івана Іосіфавіча з Давыдавіч, Мятлушкі Мікалая Трафімавіча з Казловіч, Бандарчука Мікалая Муфцеевіча з Гарочыч, Белакура Васіля Піліпавіча з Тарканоў; конюха Грышана Васіля Юр’евіча; бухгалтара Карпея Сяргея Аляксандравіча, які жыў на станцыі Гарочычы і любіў прыгаворваць, што завуць яго амаль як Пушкіна, толькі наадварот. Цудоўныя былі людзі, самаадданыя, працавітыя, дружалюбныя. Шкада, што сёння іх ужо няма.

Гарочыцкае лясніцтва заўсёды было вялікім і расцягнутым, яго межы распаўсюджваліся ад Давыдавіч і да Дудзіч паўз чыгунку і за Мінскі шлях у напрамку Туравіч, Гарохава. Былі гады, калі да Гарочыцкага лясніцтва далучалі Шыіцкае, тады межы яго яшчэ павялічваліся.

Працаваць у тыя гады ў лясной гаспадарцы было не проста. З тэхнічнага ўзбраення — сякера, рыдлёўка ды піла “Дружба”. З цяглавай сілы – коні. Быў, праўда, у нас яшчэ “ГАЗ-51”. На ім мы два разы ў дзень вазілі ў Азарыцкі лесацэх на перапрацоўку “цюльку”, так называлі 1,5-мятровы тарнік. Рабочых у лясніцтве не было. Уся работа лажылася на нашы плечы: майстроў і ляснікоў. Мы і пілавалі, мы і грузілі, мы і саджалі лес, мы і шышкі збіралі, і венікі вязалі.

Работы было шмат. Трэба было забяспечыць рубкі ўходу ў маладняках, рубкі прамежкавага карыстання, выбарачныя, санітарныя і г.д. Крыху было лягчэй з пасадкай.На яе часова наймалі жадаючых. Шмат было і саманарыхтоўшчыкаў дроў. Але гэта ўсё трэба было выпісаць, паказаць і пракантраляваць. Бывала, за дзень так налётаешся па лесе, што да канцу дня на хаду засынаеш.

З цягам часу палепшылася тэхнічнае ўзбраенне лясніцтваў. Нам перадалі з Азарыч калёсны “Беларус”. І хаця яму было ўжо 27 гадоў, але заданні выконваць з трактарам было намнога лепш і хутчэй чым з коньмі. Замест “Дружб” прыйшлі “Хускварны” і леснікі не маглі нарадавацца на лёгкія і спрытныя пілкі.

У 2000 г. мне прапанавалі пасаду галоўнага ляснічага Калінкавіцкага лясгаса. Гарочыцкае лясніцтва я пакінуў на свайго памочніка Зелянка Мікалая Іванавіча”.

Мікалай Зелянок, які зараз з’яўляецца начальнікам леса-пітомніка ГЛХУ “Калінкавіцкі лясгас”, на працягу шасці гадоў кіраваў Гарочыцкім лясніцтвам.

З 2007 па 2010 год ляснічым лясніцтва працаваў Козыраў Андрэй Уладзіміравіч, які сёння працуе начальнікам Калінкавіцкага лесапункта лясгаса. Як бачна, Гарочыцкае лясніцтва стала для многіх яе працаўнікоў сапраўднай кузняй кіруючых кадраў лясной гаспадаркі.

З 2010 па 2012 год лясніцтвам кіраваў Змушка Аляксандр Пятровіч, з 2012 па 2015 – Гадлеўская Надзея Аляксандраўна.

Сёння на чале працоўнага калектыву Гарочыцкага лясніцтва, які аб’ядноўвае 24 чалавекі, стаіць малады спецыяліст лясной гаспадаркі Піліпейка Аляксандр Васільевіч.

Лясніцтва на 1 студзеня 2016 г. налічвала плошчу ў 10180,5 га лясных угоддзяў, у асноўным сярэдняспелага ўзросту. Яго гаспадарка падзелена на два майстарскіх участкі, якія ўзначальваюць Аляксандр Бандарчук і Аляксандр Шарай, і 110 кварталаў лесу. Дарэчы, Аляксандр Бандарчук – прадаўжальнік дынастыі вартавых лесу, яго бацька шмат гадоў працы аддаў Гарочыцкаму лясніцтву ў якасці лесніка, аб чым вышэй ужо расказваў Міхаіл Піліпейка, лесніком калісь працаваў і дзед Аляксандра. Ды і сам Аляксандр ужо больш трыццаці гадоў стаіць на варце лесу.

Памочнікам ляснічага працуе малады спецыяліст Бетанаў Аляксей. У лясніцтве 8 леснікоў, 2 трактарысты, 1шафёр, 3 лесарубы, 1 пчаляр. Так – так, Гарочыцкае лясніцтва адзінае з 12 лясніцтваў Калінкавіцкага лясгаса, якое мае ў сваёй гаспадарцы пчолапасеку, што складаецца з 27 пчоласямей. Даглядае пчол з 2001 г. Уладзімір Таўтын. Летась, напрыклад, яго збіральніцы нектару прыняслі ў лясгасаўскую касу 289, 3 кг мёду на суму 18,8 млн. руб.

З 1992 г. лесніком у лясніцтве працуе Мікалай Залеўскі, з 1996г. – Уладзімір Варажун, з 1997г. – Віктар Літошык і Уладзір Цітоў, з 2001г. – воінінтэрнацыяналіст Аляксандр Зайцаў.

Сёлета калектыў лясніцтва ўжо пасадзіў 41,2 га лесу, на 24,6 га правялі асвятленне, здзейснілі прахадную рубку на 14,5 га і выбарачна – санітарную на 15,5 га. І самае галоўнае, гарочыцкія вартавыя лесу не дапусцілі сёлета ніводнага палу лесу.

Лепшы ў рэспубліцы

“Гарочыцкі комлексна-прыёмны пункт гарадскога камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва ў апошнія гады па праву лічыцца адным з лепшых у сістэме быту не толькі раёна, але і рэспублікі. За мінулы год, напрыклад, па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва яму прысвоена ганаровае званне «Лепшы сельскі комплексна-прыёмны пункт». Працоўная перамога калектыву адзначана ганаровым вымпелам Міністэрства бытавога абслугоўвання насельніцтва БССР і рэспубліканскага галіновага прафсаюза работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва, грашовай прэміяй.

<…> Вось ужо 15 гадоў узначальвае комплексна-прыёмны пункт дэпутат раённага савета народных дэпутатаў, выдатнік службы быту Валянціна Мікалаеўна Кулыба, чалавек няўрымслівы і энергічны.

<…> Усяго на КПП працуе восем чалавек. Аўтарытэтам і павагай карыстаюцца ў калектыве, а таксама ў заказчыкаў брыгадзір, закройшчыца Таццяна Спірыдонаўна Ціхіня, дэпутат сельскага Савета, член выканкома швачка Жанна Аляксандраўна Буднік, кавалер ордэна Працоўнай Славы 3-й ступені швачка Ганна Мацвееўна Гаўрылюк і іншыя. Вырабленыя іх рукамі рэчы вызначаюцца высокай якасцю і элегантнасцю. Неабходна таксама адзначыць і тое, што амаль усе працаўнікі КПП валодаюць сумежнымі прафесіямі. Так, Жанна Буднік па суботах становіцца цырульнікам, Таццяна Ціхіня можа не толькі зрабіць выкрайкі, але і пашыць адзенне.

Нядрэнна ідуць справы ў калектыве бытавікоў і сёлета. Стаўшы на ўдарную працоўную вахту па дастойнай сустрэчы 70-годдзя Вялікага Кастрычніка, яны поўныя рашучасці вытворчую праграму года выканаць да слаўнага юбілею. План лютага, напрыклад, па аказанні насельніцтву бытавых паслуг працаўнікі Гарочыцкага КПП перавыканалі амаль на паўтары тысячы рублёў. Сёння ўжо відаць, што будзе ў цэлым перавыкананы і план квартала”.

Вось так расказвала пра калектыў гарочыцкіх працаўнікоў бытавога абслугоўвання насельніцтва газета “За камунізм” 19 сакавіка 1987 г. у падборцы інфармацый “У Гарочыцкім сельскім савеце”.

А 23 мая гэтага ж года журналістка Паліна Берасцень размясціла на старонках раёнкі свой артыкул “Лепшая ўзнагарода – давер’е людзей”, у якім расказала наступнае:

“Наўрад ці знойдзеш сям’ю ў Гарочыцкім сельсавеце, якая б не карысталася паслугамі мясцовага комплекснага прыёмнага пункта. У зоне абслугоўвання яго — адзінаццаць вёсак, у якіх жыве больш двух тысяч чалавек. Дзевятнаццаць відаў паслуг аказвае КПП насельніцтву. Гэта — выраб адзення і яго рамонт, паслугі цырульні, якія выконваюцца на месцы, а таксама вязка трыкатажу, яго рамонт, рамонт складанай бытавой тэхнікі, паслугі хімчысткі, пральні, пракату і іншыя.

Загадчыца комплекснага прыёмнага пункта Валянціна Мікалаеўна Кулыба, якая працуе тут пятнаццаць гадоў, расказвае аб тым, як арганізуецца прыём заказаў, як расце аб’ём рэалізацыі паслуг, як працуе кожны работнік КПП, якія ствараюцца ўмовы для работы.

— Поспех у нашай справе,— гаворыць загадчыца, — залежыць ад умення, добрасумленнасці, ініцыятывы кожнага з нас, а таксама ад разумення важнасці сваёй працы, яе высокага грамадскага прызначэння. Паспяховаму вырашэнню ўсіх гэтых задач і падпарадкавана дзейнасць нашага калектыву.

Словы Валянціны Мікалаеўны пацвярджаюцца практычнымі справамі. У прасторным светлым будынку КПП размясціліся прыёмны пакой, швейная майстэрня, у асобным памяшканні абсталявана рабочае месца цырульніка.

Заказчык можа пазнаёміцца тут з узорамі новых вырабаў і матэрыялаў, папіць вады, соку, набыць цукеркі, цыгарэты, купіць некаторыя тавары гаспадарчага прызначэння.

Нярэдка работнікі КПП самі ідуць да людзей на дом, а таксама на фермы, у поле, дзе працуюць жывёлаводы, паляводы, каб узяць заказы або даставіць іх, выявіць новыя патрэбы на той ці іншы від паслуг, а разам і рэкламуюць яго карысць.

Заказчыкі і самі ахвотна наведваюць швейную майстэрню, яны давяраюць работнікам службы быту.
Свой абавязак работнікі службы быту Гарочыцкага комплекснага прыёмнага пункта на чале з загадчыцай В. М. Кулыбай бачаць у пастаянным паляпшэнні сельскага сервісу. Таму ў калектыве значная ўвага ўдзяляецца вучобе.

Нядаўна Валянціна Мікалаеўна была на семінары ў Гродзенскай вобласці, прывезла адтуль шмат новых ідэй і задумак, якія хутка думае рэалізаваць для таго, каб больш поўна задаволіць патрэбы жыхароў сельскага Савета ў бытавых паслугах, каб пазбавіць іх ад неабходнасці ехаць дзеля гэтага ў атэлье, майстэрні горада Калінкавічы.

Штодзённыя клопаты аб людзях, імкненне як мага лепш выканаць любое даведзенае заданне дазваляюць гэтаму калектыву з месяца ў месяц, з года ў год выдатна спраўляцца з тым аб’ёмам работы, які на яго ўскладзены. Так, напрыклад, за чатыры месяцы бягучага года перавыкананы план аказання бытавых паслуг насельніцтву на 2,5 тысячы рублёў. Аб’ём паслуг на аднаго жыхара за гэты перыяд склаў 14 руб. 8 капеек пры плане 12 рублёў 83 капейкі.

А па выніках работы за мінулы год, дакладней, па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва калектыў Гарочыцкага КПП заняў першае месца і ўзнагароджаны вымпелам і грашовай прэміяй.

У поспехах калектыву ёсць вялікая заслуга загадчыцы Валянціны Мікалаеўны, якая змагла накіраваць дзейнасць кожнага працаўніка на паляпшэнне арганізацыі абслугоўвання людзей, павышэнне яго якасці, культуры, якая робіць усё магчымае, каб заказ на любую бытавую паслугу быў прыняты, добра і тэрмінова выкананы.

Па працы і пашана. В. М.Кулыба за сваю плённую працу неаднаразова заахвочвалася каштоўнымі падарункамі і граматамі гарадскога камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама Міністэрства бытавога абслугоўвання БССР. У 1982 годзе ёй прысвоена званне «Выдатнік службы быту».

Зараз у працоўных калектывах нашага горада і раёна праходзіць падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя Саветы: ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Нядаўна такі сход адбыўся ў саўгасе «Калінкавіцкі», на якім ужо другое скліканне запар працаўнікі гаспадаркі аднадушна вылучаюць кандыдатам у дэпутаты раённага Савета народных дэпутатаў па Гарочыцкай выбарчай акрузе № 47 загадчыцу свайго КПП Валянціну Мікалаеўну Кулыба. Яны ўпэўнены, што як і на сваёй асноўнай рабоце, яна энергічна і настойліва будзе выконваць і дэпутацкія абавязкі.

Лепшай узнагароды для сябе, чым давер’е людзей, кандыдат у дэпутаты раённага Савета, загадчыца Гарочыцкага комплекснага прыёмнага пункта не жадае. А заслужыла аўтарытэт і прызнанне ў сваіх аднавяскоўцаў гэтая сціплая і ветлівая жанчына адносінамі да той справы, якой прысвяціла сваё жыццё, і якой аддае энергію, творчасць і ініцыятыву”.

— Валянціна Мікалаеўна да апошняй хвілінкі свайго жыцця засталася вернай сваёй справе. 16 сакавіка 2008 г. мы пасля рабочага дня прама на комплексным прыёмным пункце адзначылі яе 60-годдзе. – расказвае сёння Кулакова Валянціна Сямёнаўна, якая вось ужо год, як працуе адна ў Гарочыцкім КПП. – У той дзень Мікалаеўна сказала нам: “Дзяўчаты, у наступным годзе мой дзень нараджэння будзем святкаваць у мяне дома. Вось дапрацую да водпуска і пайду на адпачынак”.

А 8 мая яе не стала: раніцой ужо сабралася ісці на працу, як раптам стала дрэнна і яна памерла – абарваўся тромб.

Пасля смерці Валянціны Мікалаеўны калектыў КПП пачаў змяншацца, як мінулагодні снег на вясеннім сонейку. Дзяўчаты адна за другой пачалі выходзіць на заслужаны адпачынак, і ў выніку з мінулага года на КПП я засталася адна.

Дарэчы, Валянціна Кулакова нядаўна адзначыла сваё 54-годдзе. 34 гады з іх яна аддала працы ўГарочыцкім КПП. Сама яна родам з Даманавіч. А пасля заканчэння Гомельскага тэхнічнага вучылішча №20 у 1982 г. прыбыла ў Гарочычы, дзе раней праходзіла вытворчую практыку па швейнай справе. Планавала, што на невялікі час, а так атрымалася – на ўсё жыццё. І жыхары Гарочыч, ды і сама Валянціна Сямёнаўна даўно ўжо лічыць сябе тутэйшай, гарачычанкай.

А вось жыхарка Бабровіч Гаўрылюк Ганна Мацвееўна нарадзілася ў Гарочычах у вялікай сялянскай сям’і, у якой было 8 дзяцей.

— Шыць я пачала з 12 гадоў, вышывала спачатку ўручную, — расказвае былая закройшчыца Гарочыцкага КПП. – А ў 9 класе бацька купіў мне швейную машынку. У школе я вучылася добра, але звязваць свой лёс з вышыванкамі не збіралася. Бацька хацеў, каб я стала доктарам. А я вырашыла паступаць у інстытут замежных моў. Толькі, як аказалася, мяне там не надта чакалі.

Прыйшлося ўладкоўвацца на працу. Паступіла на Гарочыцкі льнозавод, якім у 1969 г. кіраваў Цімашэнка з Блажкоў.

У 21 год выскачыла замуж і вырашыла змяніць месца працы. Паехала ў Калінкавічы, каб уладкавацца ў Гарочыцкі комплексны прыёмны пункт, а дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання і гаворыць мне: “Што шыць умееш – гэта добра, а вось падвучыся на закройшчыцу у нас, тады мы цябе і возьмем закройшчыцай у Гарочычы”.

Так я стала вучаніцай закройшчыцы ў Калінкавічах, а праз пару месяцаў, са студзеня 1973 г. ужо працавала ў Гарочыцкім КПП. Калі я прыйшла ў КПП, касірам-прыёмшчыкам, ці загадчыцай, як мы называлі, там працавала Марына Папко, партніхамі Валянціна Кулыба і Таццяна Дземідзенка. Разам са мной прыйшла закройшчыцай Таццяна Ціхіня. У хуткім часе Марына Папко звольнілася, а на яе месца прызначылі Валянціну Кулыба.

Затым да нас прыйшлі партніхі: Варвара Кісель і Галіна Краўцова.

Многа рознага люду прайшло праз КПП: жонкі ваенных з Бабровіч, моладзь, якая папрацаваўшы крыху, падавалася далей. А вось касцяком калектыву заставаліся менавіта мы: Валянціна Кулыба – наша загадчыца, Варвара Кісель, Кужэлка ды я.

У кастрычніку 1988 г. газета “За камунізм” на 2-й старонцы пад рубрыкай “Іх узнагародзіла Радзіма” змясціла фотапартрэт Гаўрылюк і невялічкі подпіс да яго, у якім гаварылася наступнае:

“Ганна Мацвееўна Гаўрылюк працуе закройшчыцай у Гарочыцкім атэлье. І не проста працуе, а ўкладвае ў работу ўсю сваю душу і веды, стараецца, каб зробленыя ёю заказы былі дабротнымі і прыгожымі. Таму і не выпадкова, што ў яе заўсёды многа заказчыкаў.

За дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыялістычным спабор-ніцтве яна ўзнагароджана знакам “Ударнік адзінаццатай пяцігодкі”. А нядаўна сяброўкі па працы павіншавалі яе яшчэ з адной высокай урадавай узнагародай – ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, якога яна ўдастоена за выкананне заданняў і абавязацельстваў адзінаццатай пяцігодкі” (“За камунізм”. 14 кастрычніка 1986 г.).

Вось ужо 7,5 гадоў заслужаная працаўніца бытавога абслугоўвання насельніцтва знаходзіцца на адпачынку, адпрацаваўшы яшчэ на КПП 3,5 гады пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

І сёння вопытная закройшчыца не забывае сваёй справы, калі некаму з родных патрабуецца абнова, Ганна Мацвееўна бярэцца за справу, хаця здароўе ўжо не-не ды і напамінае пра тое, што адпачываць трэба як мага больш.

Ветліва і культурна

“У магазіне №9 Гарочыцкага сяльпо заўсёды шмат пакупнікоў. Гэта не толькі жыхары вёскі Гарочычы, але і бліжэйшых вёсак, а таксама горада Калінкавічы. Заўсёды спыняюцца тут і праезжыя машыны, вадзіцелі і пасажыры якіх заходзяць у магазін за пакупкамі.

Ветліва і хутка абслугоўваюць наведвальнікаў загадчыца магазіна Еўдакія Аляксандраўна Маскалевіч, якая працуе ў гандлі ўжо больш дваццаці гадоў, а таксама прадаўцы Валянціна Еўтухаўна Казак, Кацярына Міхееўна Піліпейка, Валянціна Аркадзьеўна Пырх, Наталля Мікалаеўна Сцяпанава. Яны заўсёды клапоцяцца аб дастатковым завозе прадуктовых тавараў, тавараў паўсядзённага попыту рознага асартыменту, аб тым, каб усе рэчы былі раскладзены на прылаўках акуратна і зручна.

З асаблівай увагай адносяцца прадаўцы магазіна да нас, ветэранаў вайны. Па меры магчымасці выконваюць нашы заказы. З задавальненнем мы наведваем магазін, выходзім заўсёды з добрым настроем і патрэбнымі пакупкамі”.

Так напісалі пра сваіх гандляроў ветэраны вайны з Гарочыч, даслаўшы ім сваю ўдзячнасць за шчырую працу ў раёнку, якая была апублікавана 10 кастрычніка 1987 г.

А яшчэ раней, 7 лістапада 1986 г., газета “За камунізм” напісала:

“У вёсцы Гарочычы Еўдакію Аляксееўну Маскалевіч ведаюць усе: і дарослыя, і дзеці. 23 гады працуе яна тут загадчыцай магазіна. Высокае прафесійнае майстэрства, увага да людзей, імкненне як мага лепш задаволіць іх запатрабаванні – вось што характэрна для Е. А. Маскалевіч.

За поспехі, дасягнутыя ў выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў у адзінаццатай пяцігодцы, сёлета Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Еўдакія Аляксееўна Маскалевіч узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.

Нарадзілася Еўдакія Аляксееўна ў 1939 г. у в. Вязавіца ў сям’і Вольгі Іванаўны і Аляксея Іванавіча Хруль. Бацьку свайго яна не памятае, бо з фронту прыйшла пахаронка, у якой паведамлялася, што “чырвонаармеец Хруль Аляксей Іванавіч загінуў смерцю героя ў баях за сацыялістычную Радзіму”.
З дзяцінства спазнаўшая па чым фунт ліха, Еўдакія на ўсё жыццё запомніла, што да людзей трэба адносіцца так, як ты хочаш, каб адносіліся да цябе, і што толькі самаадданай працай можна заслужыць павагу і пашану. І заўжды прытрымлівалася гэтага правіла.

Пасля заканчэння ў 1964 г. магазіна-школы Калінкавіцкага райспажыўсаюза атрымала накі-раванне на працу ў Гарочычы, дзе ўзначаліла магазін “Харчтавары”. З цягам часу завочна закончыла Гомельскі кааператыўны тэхнікум.

У Гарочычах яна сустрэла і сваё шчасце. Гарочыцкі хлопец Сяргей Маскалевіч, які працаваў галоўным эканамістам саўгаса “Калінкавіцкі”, прапанаваў вязавіцкай прыгажуні саю руку і сэрца. Яны пасяліліся побач з магазінам. І ў маладой сям’і ў хуткім адна за другой паявіліся дочкі: Наталля і Святлана.

Муж стаў надзейнай апорай для Еўдакіі, якая мала радаснага бачыла ў сваім безбацькоўскім дзяцінстве і юнацтве. Аднак сямейнае шчасце не было доўгім. Дарожнатранспартнае здарэнне… І Свет перакуліўся на вачах.

Еўдакія Аляксееўна знайшла ў сабе сілы, каб не схіліцца пад ударамі лёсу, яна з галавой увайшла ў работу, бо трэба было жыць далей, расціць і выхоўваць дзяцей, як гэта ў свой час рабіла яе маці, якая пераехала жыць да яе, каб падтрымаць і дапамагчы ў цяжкую хвіліну.

“У Гарочычах пабудавалі новы тыпавы магазін, — успамінае былая загадчыца магазіна больш чым з трыццацігадовым стажам. – Яго зрабілі “куставой базай” у раёне. Мы атрымалі новае гандлёвае абсталяванне, увялі самаабслугоўванне.

Работа была неверагодна цяжкай. Мы ў тыя часы рабілі падворныя абходы: закуплялі ў людзей бульбу і яблыкі, яйкі і мяса, сабіралі другасную сыравіну. Грузілі і разгружалі па некалькі машын з мукой і камбікормам, кавунамі і іншым харчовым таварам.

Але, нягледзечы на цяжкаці, было і цікава. На базе нашага магазіна часта праходзілі семінары перадавога вопыту. Мы вучылі моладзь. Калектыў у нас быў невялічкі, але надзейны”.

З асаблівай цеплынёй гаворыць Еўдакія Аляксееўна пра свайго намесніка Кацярыну Міхееўну Піліпейка, жонку старшыні Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства Івана Міронавіча Піліпейкі, якая не толькі стала яе надзейнай сяброўкай на усё жыццё, але і названай сястрой.

“Я магла пакінуць на яе не толькі магазін, але і дачку”, — гаворыць Еўдакія Аляксееўна.

З цеплынёй і павагай успамінае яна і пра Валянціну Еўтухаўну Казак, якая трапіла ў Гарочычы з Надтачаеўкі Нараўлянскага раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, Валянціна Еўтухаўна і сёння працягвае працаваць у гэтым жа магазіне.

За шматгадовую добрасумленную працу ў гандлі Еўдакія Аляксееўна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, удастоілася званняў “Ударнік камуністычнай працы” і “Лепшы загадчык магазіна”, неаднаразова выбіралася дэпутатам Гарочыцкага сельскага Савета дэпутатаў.

Старэйшая дачка Еўдакіі Маскалевіч пайшла па мацярынскай сцяжынцы. Яна закончыла фінан-саваэканамічны тэхнікум. Працавала пасля размеркавання ў Ельскім раёне, затым вярнулася ў Гарочычы, працавала ў “маміным”магазіне. Зараз Наталля Сяргееўна – загадчыца гандлёвага аддзела Калінкавіцкага райспажыўтаварыства.

Яе сястра Святлана закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Скарыны, стала эканамістам.

Добрай славай і не толькі ў Гарочычах карыстаўся і прамтаварны магазін № 1 Гарочыцкага сельскага спажыўтаварыства.

Вось што, напрыклад, са сваіх старонак паведамляла пра яго калектыў газета “За камунізм”:

“Добрых вынікаў у працы дабіваецца камсамольска-маладзёжны калектыў прамтаварнага магазіна № 1 Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства. Па выніках работы за 1985 год і ў сацыялістычным спаборніцтве па дастойнай сустрэчы XXVII з’езда КПСС ён выйшаў пераможцам сярод гандлёвых арганізацый Калінкавіцкага райспажыўсаюза. Радуюць працоўныя поспехі калектыву і за першы квартал бягучага года. План тут выкананы на 104 %.

З пачуццём адказнасці да сваёй работы адносяцца прадавец Алена Мікалаеўна Колас, старшы прадавец Вікторыя Віктараўна Пацера. У поспехах калектыву ёсць заслуга і загадчыцы магазіна Ганны Іванаўны Сідаравай” (“За камунізм”. 15 мая 1986 г.).

Праз пяць гадоў раёнка пісала пра гэты ж магазін наступнае:

“Люба зайсці ў прамысловы магазін вёскі Гарочычы, дзе загадчыцай гандлёвага прадпрыемства працуе Алена Мікалаеўна Спарыш. Тут можна выбраць сабе па густу дывановыя вырабы, самую сучасную мэблю, тавары для дома і гаспадаркі. Па тым, які парадак пануе ў магазіне, можна меркаваць аб старанні яго калектыву дагадзіць вясковым пакупнікам не толькі шырокім асартыментам прамысловых тавараў, але і ўтульнасцю гандлёвай залы.

— Звычайна за месяц мы рэалізоўваем тавараў на 4 і больш мільёнаў рублёў, — зазначыла ў размове Алена Мікалаеўна. – Імкнёмся цалкам задаволіць попыт хлебаробаў на ўсе тавары прамысловай групы.

Добра адазвалася загадчыца і аб прадаўцу магазіна Але Іванаўне Сідаравай. Яна ахарактарызавала яе як вопытнага работніка, здольнага самастойна вырашаць практычна ўсе пытанні гандлёвага характару.” (“Калінкавіцкія навіны”. 24 лістапада 2001 г.).

Каля трыццаці гадоў адпрацавала ў магазіне на станцыі Гарочычы прадаўцом і загадчыцай Валянціна Міхайлаўна Каваленя.

Акрамя вышэйназваных, працавалі і працягваюць працаваць у гандлёвай сферы Гарочыч шмат іншых заслужаных людзей.
Напрыклад, адзін з іх, мы ўжо яго ўспаміналі – старшыня Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства Піліпейка Іван Міронавіч – адзіны работнік гандлю ў Калінкавіцкім раёне, які быў удастоены высокага звання “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.

— Нарадзіўся Іван Міронавіч у в.Селішча, што ля Замосця, у 1929 г., — расказвае яго жонка Кацярына Міхееўна, якая і сёння жыве ў Гарочычах. – Маці яго Дар’я Іванаўна працавала радавой калгасніцай, а бацька Мірон Іванавіч –фельчарам у Насавічах. У Івана быў яшчэ малодшы брат.

Пасля заканчэння Замосцеўскай школы ён паступіў спачатку вучыцца на шафёра, затым – у Гомельскі кааператыўны тэхнікум, пасля заканчэння якога ў снежні 1949 г. быў прыняты ў Калінкавіцкі райспажыўсаюз на пасаду інструктара раённай нарыхтоўчай канторы.

Праз чатыры месяцы Івана прызвалі на тэрміновую службу ў армію.

Пасля дэмабілізацыі ў 1953 г., у снежні, Івана Міронавіча прызначылі намеснікам старшыні Гарочыцкага сельспажыўтаварыства па гандлі.

У сакавіку 1956 г. яго перавялі на аналагічную пасаду ў Васілевіцкае сельспажыўтаварыства, а ў чэрвені 1957 г. ён становіцца старшынёй Дуброўскага сельскага спажывецкага таварыства.

У кастрычніку 1959 г. ён зноў вяртаецца ў Гарочычы на пасаду загадчыка гандлёвага аддзела таварыства.

Дарэчы, у гэтым годзе мы з ім і пазнаёміліся. Я сама родам з Замосця. Працавала тады ў калгасе на трусаферме. Старшыня калгаса Няменка за ўзорную працу накіраваў мяне ў 1959 г. на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Тры месяцы на гэтай выставе я дэманстравала дасягненні нашага калгаса ў галіне трусаводства. Мяне там узнагародзілі сярэбраным медалём і прыгожым дываном. Прыехала дамоў, і пайшла на Закаванку, каб пасціраць бялізну, сціральных машын у той час не было, таму сціралі на рэчцы. Сціраю, значыць, а тут ён міма да бацькоў у Селішча з цягніка ідзе. Прыпыніўся, загаварыў. Пазнаёміліся, а потым і заручыліся.

У кастрычніку 1961 г. Івана Міронавіча абралі старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства”.

Вось што ўспамінае аб часе сваёй працы ў Гарочыцкім сельспажыўтаварыстве жыхарка Гарочыч Шапецька Вера Уладзіміраўна, якая з 1971 па 2005г. працавала там аргінструктарам і інструктарам па кадрах:

“Нарадзілася я ў Смаглаве. Закончыла Есіпаваруднянскую васьмігодку, а сярэднюю школу – у Гарочычах. Затым паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум на бухгалтарскае аддзяленне. Замуж выйшла за жыхара Гарочыч Шапецька Анатоля Мікалаевіча. У Гарочычах стала працаваць загадчыцай новай саўгаснай сталовай, якую толькі што пабудавалі.

У 1972 г. перайшла на працу ў сельспажыўтаварыства.

Старшынёй у нас працаваў паважаны чалавек – Піліпейка Іван Міронавіч. Яшчэ ў 1968 г. яму за выдатныя поспехі ў развіцці гандлю і грамадскага харчавання Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.

Гарочыцкае сельспажыўтаварыства заўсёды было на вышыні. Мы пры Івану Міронавічу заўжды былі ў лідарах па ўсіх пазіцыях. У таварыстве працаваў дружны і вопытны калектыў. Галоўным бухгалтарам у нас працаваў жыхар Убалаці Цімафееў Сцяпан Ігнатавіч – чалавек вялізнага вопыту і перадпенсійнага ўзросту. Яго намеснікам таксама была жыхарка Убалаці Салук Хрысціна Верамееўна. Касірам у нас працавала ветэран таварыства Арцёменка Ева Пятроўна, яна і сёння жыве ў Гарочычах, размяняўшы на сваім вяку 92 год. Бухгалтарам была ўраджэнка Гарочыч Мельнікава Кацярына Іванаўна. Ёй ужо 83 гады, зараз яна знаходзіцца ў дзяцей у Мінску.

Гарочыцкае сельспажыўтаварыства абслугоўвала насельніцтва вёсак: Даманавічы, Авангард, Халоднікі, Тарканы, Бабровічы, Гарочычы, Вязавіца, Ліпава, Ракаў, Ператок, Міроненкі, Рудзенька, Перадзельнае, Вішар, Смалянка, Буда і Есіпава Рудня, Насавічы, Ляскі, Зеляночы, Убалаць, Блажкі, Саланік, Хамічы і Гогалева. А пад 2000 г. перадалі і вёскі Залатушскай старонкі: Лукі, Падлукі, Хатыні, Залатуху, Навінкі.

Івану Міронавічу прыйшлося пакінуць старшынёўскую пасаду з-за аферысткі, якая працавала ў Хатынях. Тая такіх натварыла спраў з прысваеннем грошай, што яе пасадзілі, а дом канфіскавалі, перавезлі яго ў Блажкі, і там з яго зрабілі магазін.

Пасля Піліпейкі старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства працавала Бандарчук Яўгенія Васільеўна, ездзіла з Калінкавіч. Пасля выхаду на пенсію, яе змяніў Сачкоў Анатоль Віктаравіч. Потым кіраўніцтва ў нас мянялася, як пальчаткі, адзін за другім. Калі я выходзіла на пенсію ў маі 2005 г., быў Бычкоў Аляксей Ігнатавіч. Яго змяніла Процка Галіна Міхайлаўна.

Сваё месца я ўступіла сваёй дачцы, якая закончыла гандлёвы тэхнікум”.

— У лістападзе 1973 г. Іван Міронавіч перайшоў на работу ў аддзел рабочага забеспячэння НАД-4, дзе на працягу наступных 16 гадоў працаваў экспедытарам сталовай №16, інспектарам гандлёвай сеткі, тавараведам-брокерам. – расказвае яго жонка Кацярына Міхееўна. – 16 верасня 1989 г. ён выйшаў на заслужаны адпачынак, а 27 красавіка 2011 г. яго не стала.

Бацькоўскую дарогу ў жыцці выбралі і нашы дачушкі. Старэйшая Ала, якая нарадзілася ў 1963 г., закончыла Мінскі тэхнікум савецкага гандлю, працавала ў Гомелі, затым выйшла замуж за ваеннага і пераехала ў Бабровічы. Працавала ў тым жа магазіне ў Гарочычах, што і я, затым – у Бабровічах, два гады назад змяніла спецыялізацыю – працуе на Калінкавіцкім мясакамбінаце.

Малодшая Ліля, нарадзілася ў 1965 г., закончыла Маскоўскі фінансава-эканамічны ўніверсітэт. Выйшла замуж за ваеннага. Зараз жыве ў Варонежы. Працуе ў гарадской адміністрацыі.

А я з 2005 г. на заслужаным адпачынку. Больш трыццаці гадоў свайго жыцця аддала гандлёвай справе”.

Як паведамілі мне ў Калінкавіцкім раённым спажывецкім таварыстве, ў 1974 старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства выбралі Мухіна Міхаіла Уладзіміравіча, якога ў 1977 г. змяніла Бандарчук Яўгенія Васільеўна.

У 1977 г. у Гарочычах згарэў магазін, і галоўны сатырычны часопіс Беларусі не прамінуў, каб не прайсціся па гэтаму факту рэзкім сатырычным пяром, апублікаваўшы міні-фельетон “Гарочыцкая эканомія”:

“На адной з нарад старшыня Калінкавіцкага райспажыўсаюза Міхаіл Міхайлавіч Шарынец запытаў у старшыні Гарочыцкага сяльпо т. Бандарчука:

— На чым бы ты сэканоміў?

— Зрэзаў бы сродкі на супрацьпажарную ахову, — адказаў той. — У нас жа, даражэнькія, ніколі не было пажараў.

— А што, Яўген Васільевіч мае рацыю! — падаў нехта голас.

Прапанову падтрымалі. А неўзабаве перасталі набываць не толькі новае супрацьпажарнае абсталяванне, але не звярталі ўжо ўвагі і на старое.

А сам Шарынец пасля той нарады чакаў звестак з сяльпо: якую эканомію ад гэтага мерапрыемства атрымалі? І дачакаўся…

Аднойчы ўбачыў, як да канторы подбегам, азіраючыся па баках, шыбуе старшыня Гарочыцкага сяльпо Бандарчук:

— Бяда, Міхайлавіч, — ледзь пераводзячы дыханне, крычаў Бандарчук. — У Гарочычах магазін згарэў. Тавараў у тым агеньчыку ажно на цэлых 15 тысяч рублікаў ляснула. Хапіліся былі тушыць. Дык нават дзіравага вядра не знайшлося.

На гэтым, магчыма, можна было б і кропку паставіць. Але ніхто не ведае, аб якой эканоміі пойдзе гаворка на наступнай нарадзе” («Вожык», № 10, 1977 г.).

З верасня 1981 г. кіраўніцтва ў сельспажыўтаварыстве прыняў на сябе Сачкоў Анатоль Віктаравіч. У маі 1991 г. яго змяніў Змушка Віктар Арсеньевіч.

У 1995 г. Гарочыцкае спажывецкае таварыства было перайменавана ў Гарочыцкае гасразліковае рознічнае гандлёвае аб’яднанне, дырэктарам якога працягваў працаваць Віктар Змушка.

У кастрычніку 1998 г. в. а. дырэктара аб’яднання прызначылі Кардакову Людмілу Іванаўну.

З красавіка наступнага года кіраўніцтва аб’яднаннем былоўскладзена на Бычкова Аляксея Ігнатавіча, якога ў красавіку 2002 г. змяніла Процка Галіна Міхайлаўна.

У сувязі з рэарганізацыяй Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў лютым 2000 г. Гарочыцкае гасразліковае рознічнае гандлёвае аб’яднанне было далучана да Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў якасці Гарочыцкага філіяла. А ў выніку другой рэарганізацыі Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў красавіку 2014 г. Гарочыцкі філіял быў далучаны да райспажыўтаварыства ў якасці Гарочыцкага ўчастка рознічнага гандлю.

У Калінкавіцкім райспажыў-таварыстве не змаглі знайсці дакладных звестак пра канкрэтны год утварэння ў Гарочычах сельскага спажывецкага таварыства. З працоўнай кніжкі Івана Піліпейкі, напрыклад, вядома, што прымаў яго на работу ў снежні 1953 г. старшыня праўлення Гарочыцкага спажыўтаварыства Кацман. А ў 1959 г., як сведчаць зарплатныя ведамасці, што захоўваюцца ў Калінкавіцкім райспажыўтаварыстве, старшынёй Гарочыцкага таварыства быў Багачоў Васіль Якаўлевіч. На гэтай жа пасадзе з сакавіка 1964г. працавала Ванітаф’ева Раіса Паўлаўна, а з сакавіка 1968 г. – Басок Аркадзь Генрыхавіч. У студзені 1970 г. яго змяніў у чарговы раз Піліпейка Іван Міронавіч.

Цэнтр адміністрацыйна- тэрытарыяльнай адзінкі

У адпаведнасці з рашэннем Гомельскага аблвыканкама 21 лістапада 1968 г. быў утвораны Гарочыцкі сельскі савет, у склад якога ўвайшлі 7 населеных пунктаў: вёскі Гарочычы, Рудзенька, Перадзельнае, Рудніца, Бабровічы, Сельцы і пасёлак Гарочыцкі. Вёска Гарочычы стала цэнтрам адміністрацыйна — тэрытарыяльнай адзінкі.

28 лістапада на арганізацыйнай сесіі сельсавета быў выбраны яго першы старшыня Федарэнка Іван Савельевіч.

На той час у Гарочычах налічвалася 362 наяўныя гаспадаркі і 1146 жыхароў. Гэта з улікам пасёлка Гарочыцкага.

Міналі гады. Змянялася і знешняе аблічча Гарочыч. Пры гэтым, як кажуць філосафы, змянялася не толькі яго форма, але і змест. Праўда, не ўсё ў лепшы бок. Калі знешняе аблічча вёскі з гадамі толькі прыгажэла, то колькасць яе жыхароў з гадамі памяншалася. Напрыклад, у 1999 годзе ў Гарочычах налічвалася 280 двароў і 603 жыхары, у пасёлку Гарочыцкім — 88 двароў і 185 жыхароў.
У вёсцы працавалі: льнозавод, лясніцтва, чыгуначная станцыя Гарочычы, комплексны прыёмны пункт, ветэрынарны ўчастак, механічныя майстэрні саўгаса, клуб, бібліятэка, яслі – сад, сярэдняя школа, навучальны вытворчы камбінат, сельскае спажывецкае таварыства, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, урачэбная амбулаторыя, аптэка, пажарна-выратавальны пост №13, 3 крамы, сталовая, лазня.

У 2005 г. Гарочычы набылі новы статус – яны сталі аграгарадком.

У вёсцы рэканструявалі і адрамантавалі аб’екты сацкультбыту, заасфальтавалі вуліцы, устанавілі і адрамантавалі агароджы па вуліцах.

У аграгарадку створаны ўсе неабходныя ўмовы для працы, жыцця і духоўнага развіцця чалавека.

Акрамя ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, бытавых паслуг і гандлёвых кропак, на тэрыторыі Гарочыч і пасёлка Гарочыцкі функцыяніруюць аддзяленне паштовай сувязі і філіяла “Беларусбанка”. Дарэчы, узначальвае Гарочыцкае паштовае аддзяленне прафесіянал сваёй справы, пераможца абласных і рэспубліканскіх прафесійных конкурсаў паштавікоў Радкевіч Ганна Пятроўна, якая знаходзіцца на гэтым пасту вось ужо 14 гадоў, пасля таго, як пераехала да нас з Ельскага раёна.

Гарочычы, бадай, адзін з нешматлікіх населеных пунктаў раёна, які мае на сваёй тэрыторыі чыгуначную станцыю, якая па аб’ёму выконваемых работ адносіцца да 5 класа. Тут невялічкі калектыў чыгуначнікаў ажыццяўляе пропуск, злучэнне і абгон пасажырскіх і грузавых цягнікоў, маняўровыя работы, падачу-ўборку вагонаў на пад’язныя пуці, абслугоўванне пасажыраў. А першы цягнік прайшоў цераз станцыю Гарочычы ў лютым 1872 г.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 30 мая 2003 г. № 724 у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў ад 27.08 2014 г. № 840 і рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама ад 21.07.2003 г. у рэдакцыі рашэння райвыканкама ад 29.12.2014г. №1633 на тэрыторыі Гарочыцкага сельсавета і аграгарадка Гарочычы ўкаранёны дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванню насельніцтва. Усе нарматывы выконваюцца ў поўным аб’ёме, як у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, так і ў галінах адукацыі, культуры, аховы здароўя, транспарту і сувязі, гандлю і бытавога абслугоўвання.

У сувязі з умацаваннем і ваенізацыяй пажарнай службы ў 1995 г. у Гарочычах быў створаны пажарна-аварыйна-выратавальны пост № 13. Спачатку начальнікам паста быў Фралоў Ігар Уладзіміравіч. Зараз яго ўзначальвае Грышан Сяргей Уладзіміравіч.

Па выніках работы за 2015 г. ПАВП № 13 аграгарадка Гарочычы стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод падраздзяленняў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У розныя гады кіраўніцтва Гарочыцкім сельскім Саветам ажыццяўлялі: Рубанік Марыя Іванаўна, Аліферка Сяргей Фёдаравіч, Дулуб Алег Іванавіч, Хвастова Людміла Канстанцінаўна.

Па выніках работы за 1999г. Гарочыцкі сельскі савет, які ўзначальвала Людміла Хвастова, заняў другое месца ў раённым спаборніцтве.

З лютага 2004 г. на чале сельсавета стаіць Ражкова Лілія Маісееўна, дэпутат Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў апошніх двух скліканняў.

З 1995 г. сакратаром сельсавета, а цяпер – кіраўніком спраў сельсавета – працуе ўраджэнка Гарочыч Чарняўская Таццяна Сяргееўна.

Гарочыцкі сельскі савет – самы буйны на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. Яго плошча складае 10992 га, з іх — 2581 га сельгасугоддзяў і 7730 га лясоў. У яго населеных пунктах пражывае больш за 3000 жыхароў.

— У 2014 г. у час выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, — расказвае Лілія Ражкова, – дэпутатамі Гарочыцкага сельсавета выбрана 11 чалавек – лепшых людзей сельсавета, якія актыўна ўключыліся ў вырашэнне мясцовых праблем.

Для арганізацыі канкрэтнай работы, своечасовага вырашэння актуальных пытанняў, якія ўзнікаюць на нашай тэрыторыі, у населеных пунктах савета на сходах грамадзян абраны і працуюць памочнікі старшыні. У 2015 годзе праведзены 21 сход грамадзян, на якіх вырашаліся самыя надзённыя пытанні жыццядзейнасці вёсак. Добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак, паляпшэнне санітарнага стану, вулічнае асвятленне, медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, правядзенне штогадовага ўдакладнення пагаспадарчага ўліку, правядзенне сходаў грамадзян і святаў вёсак – вось няпоўны пералік пытанняў, якія разглядаліся і пераўтвараліся ў канкрэтныя справы.

Пэўную дапамогу сельвыканкаму ў працы з насельніцтвам аказваюць створаныя на тэрыторыі сельсавета грамадскія фарміраванні. У прыватнасці, рашэннем сельвыканкама створана назіральная камісія, якая два разы ў месяц (2 і 4 чацвер) праводзіць абследаванне дамоў вяскоўцаў на прадмет супрацьпажарнага стану домаўладанняў. У мэтах выкаранення п’янства, як асноўнага фактару гібелі людзей ад пажараў, праводзяцца прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.

За 2015 год назіральнай камісіяй праведзена абследаванне 466 домаўладанняў і кватэр, што складае 97% ад агульнай колькасці кантраляванай катэгорыі грамадзян (348). За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі назіральнай камісіяй за мінулы год складзена 5 адміністрацыйных пратаколаў, выяўлена 52 парушэнні, якія ўсе выпраўлены. Усе домаўладанні адзінокіх грамадзян, шматдзетных сем’яў, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аснашчаны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.

Працягвае сваю працу і Гарочыцкі савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Летась у ім праведзена 12 пасяджэнняў, на якіх разгледжаны пытанні арганізацыі прафілактычнай і выхаваўчай работы і прымаемыя меры па прафілактыцы п’янства і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Рэгулярна вядзецца работа па барацьбе з самагонаварэннем. Так, за мінулы год праведзена 18 рэйдаў, у ходзе якіх было выяўлена 9 фактаў.

На пасяджэннях савета разгледжана 26 грамадзян, схільных да здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў.

Мэта сумеснай работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання адна – паляпшэнне жыцця і дабрабыту насельніцтва на тэрыторыі Гарочыч і іншых вёсак сельсавета.

Сёння немагчыма ўявіць высокі ўзровень жыцця і матэрыяльнага дабрабыту людзей без добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Знешні выгляд гарадоў і вёсак, стан дарог – «візітная картка» любой дзяржавы. Менавіта па іх у многім складваецца першае ўражанне аб узроўні жыцця і духоўнай культуры насельніцтва краіны.
Таму пытанням добраўпарадкавання, азелянення населеных пунктаў і навядзення парадку ў выкарыстанні зямель надаецца павышаная ўвага з боку Гарочыцкага сельвыканкама.

— У 2015 годзе была прадоўжана работа па збору сродкаў самаабкладання, па вырашэнні пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем вуліц, грамадзянскіх могілак, рамонтам платоў і інш., – расказвае Лілія Ражкова.

Летась жыхарамі сельсавета сабрана 32,2 млн. недэнамініраваных рублёў самаабкладання.

Гэтыя сродкі накіраваны на набыццё дзіцячага спартыўнага комплекса, набыццё фарбаў, бягучы рамонт брацкай магілы ў в. Сельцы, правядзенне святаў вёсак.

Вялікая ўвага надаецца падтрыманню санітарнага парадку на грамадзянскіх могілках і ля помнікаў.
Вельмі многае на тэрыторыі сельсавета ствараецца рукамі саміх жыхароў. Каля дамоў узводзяцца кветкавыя клумбы, газоны, устанаўліваюцца новыя агароджы, фарбуюцца фасады будынкаў. Прыемна, напрыклад, адзначыць домаўладанні такіх жыхароў вёскі, як Кулік, Судас, Дубавец, Казак, Чарнякоў, іншых грамадзян, якія неабыякава ставяцца да сваіх дваровых тэрыторый, фасадаў будынкаў, агароджы, зямлі і кветак.

Велізарную дапамогу ў падтрыманні парадку сельвыканкаму аказваюць: СУП «Даманавічы – Агра», установы культуры і адукацыі, Бобровіцкі ўчастак КУП «Камунальнік Калінкавіцкі» .

За 2015 год на тэрыторыі Гарочыцкага сельсавета знесена 20 састарэлых дамоў і 19 фундаментаў.
У сельгасабарот пасля зносу аварыйнага жылля ўведзена 6,33 га зямель. Усяго ж рашэннем райвыканкама СУП “Даманавічы-Агра” і ГЛХУ “Калінкавіцкі лясгас” перададзена 29,49 га зямлі.

Цяжка прадказаць, якімі будуць Гарочычы праз 50-100 і болей гадоў. Сёння цвёрда вядома адно: на 1 студзеня 2016 г. у аграгарадку разам з пасёлкам Гарочыцкім налічвалася 317 падворкаў і пражывала 700 жыхароў. І яшчэ, калі летась у Гарочычах нарадзілася за год 16 немаўлят, то сёлета толькі за першае паўгоддзе аграгарадок папоўніўся 16 гарачычанамі. А гэта значыць, што жыццё працягваецца, і будучыня ў гэтага населенага пункта ёсць.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.