Сцяпан Чвей: На радзіме нават дыхаць лягчэй

снимок 050

Лёс пакідаў Сцяпана Чвея па былым Савецкім Саюзе. Служыць давялося ў Расіі, шукаць заробак, каб пракарміць сям’ю, — у Казахстане, хату будаваць – у Малдавіі. Але, куды б ён ні ехаў і дзе б ні жыў, душа яго заўсёды рвалася на радзіму — у невялічкую вёсачку Кошчычы. А таму жонка і дзеці амаль не здзівіліся, калі галава сям’і аднойчы аб’явіў: “Дадому трэба збірацца. Заседзеліся нешта ў гасцях”. Ішоў 1991 год…

За прасторную хату ў малдаўскай вёсцы Новыя Міхайляны Чвеі выручылі добрую капейку. Грошы палажылі на кніжку: падрасталі чатыры дачкі, хацелася пасаг за імі даць. Не выйшла: у адзін дзень грошы тыя сталі паперкамі.

— Жонка казала: пойдуць дзеўкі замуж, кожнай па машыне купім, ды сабе на старасць рамонт у хаце зробім. А атрымалася што? — гаворыць Сцяпан Мікалаевіч. – Дзеўкі ў людзі выбіліся і нам дапамагаюць: ваду ў хату падвялі, каналізацыю зрабілі, машынку пральную паставілі… Добрая ў нас з Ганнай старасць, шчаслівая.

Ганна – гэта жонка юбіляра. Разам яны ўжо 57 гадоў. Залатое вяселле правілі ў рэстаране – дзяўчаты пастараліся. Была і святочная цырымонія ў ЗАГСе. Сцяпан Мікалаевіч успамінае, што расчуліўся тады да слёз.

— Як мы жаніліся ў 1959 годзе? Так, прыйшлі ўдваіх у сельсавет, запісаліся і ўсё. Нават вечара не рабілі, бо грошай не было. Хто багачэй жыў, тыя трохі гулялі, а мы – галота, апрануць няма чаго. Я з вайны застаўся без маці, яна – без бацькі. Рана навучыліся зарабляць на хлеб.

Пра бацьку Сцяпан Мікалаевіч распавядае скупа: франтавік, удзельнік і Фінскай, і Вялікай Айчыннай войнаў. Нораў меў круты – папругай сыноў Сцяпана і Аляксея выхоўваў добра. Не было каму за іх заступіцца: маці – Пелагея Кузьмінічна — памерла ад тыфу ў 1943 годзе, а ці пашкадуе мачыха чужое дзіця? Не пашкадуе і нават не пакорміць, таму хлопцы часта пакутавалі ад голаду. Асабліва цяжка стала без кароўкі, якую аддалі, каб бацька не трапіў у турму.

— У той дзень ён вяртаўся з рыбалкі без улову, — расказвае юбіляр. — Ведаў, што дома – шаром пакаці, таму не вытрымаў і нарваў на калгасным полі поўную кішэню жытніх каласкоў. Ці мы наеліся імі? А назаўтра з самай раніцы з’явіўся старшыня: збірайся, кажа, Ігнатавіч, у турму. Прыйшлося кароўкай адкупіцца.

… Успамінаючы былое, Сцяпан Мікалаевіч прызнаецца: сёння вельмі шкадуе, што не пайшоў у сёмы клас. Вучыўся ж добра, настаўнікі нават угаворвалі бацьку: “Не дазваляйце хлопцу кідаць вучобу, талковы ён у вас”. Той толькі бурчаў: “І колькі я яго карміць буду? Вялікі ўжо, няхай сам на сябе зарабляе”. Рабіць няма чаго – выправіўся хлопец пасці кароў.

— Памятаю сваю першую палучку: 16 кілаграмаў зерня за тры летнія месяцы. Мала? А я ёй быў вельмі рады, ганарыўся, што столькі хлеба дадому прынёс, — расказвае Сцяпан Мікалаевіч. — Тры леці за каровамі хадзіў, а ўзімку хатнюю гаспадарку даглядаў, бо не было каму – мачыхі ў нашай хаце не затрымліваліся.

У 1955 годзе хлопца забралі ў армію. На службе ён атрымаў вадзіцельскія правы і тым самым вызначыў свой прафесійны лёс. Калі вярнуўся дадому, зразумеў – яго не чакалі: у бацькі зноў новая сям’я, Сцяпану месца няма. Давялося шукаць і працу, і дах над галавой. Уладкаваўся шафёрам у МТС у Горках – гэта Светлагорскі раён. Там у клубе на танцах і жонку будучую – Ганну Салавей — сустрэў.

снимок 057— Мы доўга не хадзілі. Я разоў з дзесяць яе правёў, пасля кажу: “Калі падабаюся, давай запісвацца”. Яна згадзілася. Жыць пайшлі да Ганны. У невялікай хатцы – прорва народу: цешча, старэйшы сын Васіль з сям’ёй, малодшы сын Уладзімір і мы. Цесната страшэнная. Ці Васілю, ці нам мусіла выбірацца, — успамінае Сцяпан Мікалаевіч. — Тым часам я паспрачаўся з начальствам і застаўся без работы. Пагаманілі з Ганнай і вырашылі: трэба мне ехаць у Казахстан, там, кажуць, і жыллё рабочым даюць, і грошы добрыя плоцяць. Я выехаў, а праз некалькі месяцаў жонку з дачкой Аленкай забраў. На пятнаццаць гадоў аселі мы ў сяле Шчарбакоўка Акцюбінскай вобласці.

Добра, заможна жылі Чвеі ў Казахстане. Яшчэ лепш ім было ў Малдавіі, куды пераехалі ўслед за суседзямі-сябрамі і дзе пабудавалі вялікую хату. Абое працавалі ў калгасе: ён – шафёрам, яна – у будаўнічай брыгадзе. Падрасталі дачушкі: у Сцяпана Мікалаевіча і Ганны Іванаўны іх чатыры – Алена, Тамара, Любоў, Святлана.

— Добра-то добра, але амаль кожную ноч я сніў свае Кошчычы, — гаворыць юбіляр. – Ведаў бы, што на радзіме мне нават дыхаць будзе лягчэй, даўно б вярнуўся. А то дачакаліся развалу Савецкага Саюза, грошай столькі страцілі…

Ат, пустое, не хачу больш пра гэта казаць. Я шчаслівы, што старасць мая праходзіць у роднай вёсцы, што дзеці, унукі, праўнукі побач. На імяніны (17 верасня Сцяпан Мікалаевіч адзначыць сваё 80-годдзе – заўвага аўтара) поўная хата гасцей будзе. Я і гармонік ужо з шафы дастаў, рыхтуем з Ганнай канцэртную праграму. Спяваць мы любім. Раней яшчэ і скакалі ого-го як, а сёння ногі баляць. Няхай маладыя скачуць, а я іх музыкай забяспечу.

Таццяна ЗУБЕЦ.

2 комментариев для “Сцяпан Чвей: На радзіме нават дыхаць лягчэй

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.