Гарочычы

снимок 004

Уся гордасць свету ад маці

У невялічкім музеі Гарочыцкай школы маю ўвагу прыцягнуў альбом, які называўся “Уся гордасць свету ад маці”. У ім былі сабраны звесткі пра жанчын, якія не толькі дастойна працавалі на гарочыцкай зямлі, але і нарадзілі, выхавалі і далі Свету цудоўных дзяцей.

Пачынаўся альбом з аповяду пра педагога Місевіч Клару Аляксандраўну, стаж працы якой на ніве адукацыі складае 42 гады, 30 з якіх яна аддала Гарочыцкай школе.

Нарадзілася Клара Аляксандраўна 12 студзеня 1942 г. у в. Маісееўка Мазырскага раёна ў сялянскай сям’і.

— Сем гадоў бацькі чакалі сына, хаця ў сям’і ўжо была старэйшая дачка, а нарадзілася я, — успамінае Клара Аляксандраўна. — Ды не ў гэтым была бяда, а ў тым, што ішла вайна, вораг таптаў нашу зямлю, была суровая зіма 1942 г. А ў 1943г. немцы спалілі нашу вёску. Аднавяскоўцы ледзь паспелі схавацца ў навакольных балотах, бо ўжо было вядома, што карнікі спалілі некалькі суседніх вёсак разам з людзьмі, каго, загнаўшы ў хлеў, каго жывым кінуўшы ў калодзежы. Зімой мы жылі ў леснічоўцы сярод лесу. Зіма, па маміных расказах, была вельмі цяжкай. Спалі на халоднай падлозе. Не было ні хлеба, ні солі. Карнікі тры разы ставілі нас да сценкі, каб расстраляць. Вяскоўцы потым успаміналі: калі фашыст накіроўваў на нас аўтамат, я цягнула да яго ручкі – у дзядзі цаца ў руках!
Калі хаваліся ў лесе, я ў 1,5 гады ўпала ў гарачы попел, пад якім было прытухшае вуголле. Вельмі абпаліла ногі, жывот, рукі і твар, побач нікога не было. Крычала ад болю так, што немцы пачулі і зрабілі аблаву. Маме маёй прыйшлося пайсці далей ад людзей. Сястру яна несла на плячах, бо ў той ад прастуды на нагах утварыліся нарывы і вельмі балелі вушы, а мяне – на руках. Мае раны ад апёкаў загнаіліся. Маці думала, што не выжыву. На маё шчасце, у лесе мы сустрэлі незнаёмую бабульку, якая параіла маёй маці прыкласці да ран лісты конскага шчаўя. Маці выканала параду, і я заснула на трое сутак. Калі прачнулася, папрасіла есці. Жывучай аказалася!

Пасля вайны Клара закончыла сямігодку і паступіла ў Гомельскае педвучылішча, якое скончыла ў 1959 г.

У 1962 г. выйшла замуж за Мікалая Місевіча, які быў родам з Касцюковіч Мазырскага раёна. На наступны год у маладой сям’і нарадзіўся першынец – дачка Святлана.

У 1967 г. Клара Аляксандраўна паступіла ў Мазырскі педінстытут на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “пачатковыя класы”. А на наступны год у іх нарадзілася другая дачка Людміла.

Па заканчэнні інстытута ў сям’і Місевіч нарадзілася дачка Алена.

Клара Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: яна адбылася як педагог, стала цудоўнай маці. Усе тры дачкі закончылі Гарочыцкую школу. Праўда, кожная выбрала ў жыцці свой шлях.Святлана, напрыклад, закончыла 9 класаў на “выдатна” і паступіла ў Магілёўскае медвучылішча на фармацэўта. Зараз працуе загадчыцай аптэкі ў Бабровічах. Замужам. Мае двух дачок: Вольга пайшла па бабулінай сцяжыне, закончыла Мазырскі педуніверсітэт; Алена паступіла ў Мазырскае медвучылішча.

Людміла закончыла Інстытут культуры ў Мінску і працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы ў аддзеле перыядычнага друку. Таксама замужам. Мае сына Паўла.

Алена закончыла школу з залатым медалём. У Мінскім педінстытуце атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і працуе ў сталічнай гімназіі № 12. Замужам. Мае сына Нікіту.

Што яшчэ трэба маці і бабулі, каб цешыць сябе на заслужаным адпачынку?

Няпростае жыццё дараваў лёс другой гераіне музейнага альбома Чарняковай Анастасіі Ціханаўне.

Нарадзілася яна 20 верасня 1929 г. у в. Гарочычы ў вялікай сялянскай сям’і. З самага дзяцінства Насця працавала на зямлі. Дапамагала бацькам па гаспадарцы. У 1937 г. пайшла ў першы клас, але паспела скончыць толькі чатыры – пачалася Вялікая Айчынная вайна. На долю дзяўчынкі выпалі цяжкія выпрабаванні. Разам з іншымі непаўналетнімі яе ў канцы 1943 г. ледзь не звезлі ў Германію на прымусовыя работы. Па дарозе дзяўчынка змагла збегчы, але немцы зноў схапілі яе і загналі ў перасыльны лагер, што знаходзіўся непадалёку ад в. Турка Петрыкаўскага раёна. І толькі дзякуючы наступленню савецкіх войск лагер быў вызвалены.

У чэрвені 1945 г. Насця з бацькамі вярнулася ў родныя Гарочычы. 15-гадовая дзяўчына пайшла працаваць у калгас. У 1947 г. выйшла замуж за аднавяскоўца Чарнякова Сяргея Васільевіча, які толькі што вярнуўся ў вёску з арміі. Сяргей пайшоў на вайну ў 18 гадоў, вярнуўся інвалідам 2-й групы – быў цяжка паранены ў нагу. Баявыя заслугі салдата былі адзначаны ордэнам Чырвонай зоркі, да якога затым далучыўся ордэн Айчыннай вайны.

У 1950 г. у сям’і Чарняковых нарадзілася першая дачушка. Яна затым паспяхова закончыла Гарочыцкую школу, Гомельскі эканамічны тэхнікум, выйшла замуж, нарадзіла дачок Наташу і Алену, працавала галоўным бухгалтарам саўгаса.

У 1951 г. Анастасія Ціханаўна нарадзіла сына Мікалая. Хлопец адслужыў, завочна закончыў політэхнікум. Вывучыўся на тэхніка-энергетыка. Жыве ў Мазыры. Стварыў уласнае прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны і гандлі ёй. Мае сына Віталія, які з’яўляецца таленавітым хірургам-траўматолагам і ўзначальвае ў Мазыры паліклініку № 4.

У 1952 г. у сям’і Чарняковых нарадзіўся сын Аляксандр. Пасля школы ён вывучыўся на афіцыянта і яму пашчасціла абслугоўваць спартсменаў падчас Алімпіяды ў Маскве ў 1980 г. Зараз жыве ў Мазыры, працуе разам з братам Мікалаем. Жанаты. Мае дваіх дзяцей: Сяргея і Аксану.

У 1954 г. Анастасія Ціханаўна нарадзіла дачку Галіну. Тая, як і брат, вывучылася на афіцыянта, працавала ў Калінкавічах у рэстаране “Прыпяць”. Выйшла замуж за ваеннага і лёс завёў яе ў Кіеў, дзе жыве і цяпер. Мае дачку і сына.

У 1959 г. у сям’і Чарняковых з’явілася яшчэ адна дачка Таццяна. Пасля заканчэння Гарочыцкай школы, яна паехала працаваць у Мазыр. Працуе бухгалтарам у райспажыўтаварыстве. Замужам. Мае сына Яўгена і дачку Насцю.

У 1959 г. Анастасія Ціханаўна была ўзнагароджана ордэнам “Мацярынскай славы” 3-й ступені, а ў 1961-м – ордэнам “Мацярынскай славы” 2-й ступені.

У 1964 г. у сям’і Чарняковых нараджаецца яшчэ адзін сын – Анатоль. Пасля школы вывучыўся на повара. Служыў у Маскве, дзе нядрэнна зарэкамендаваў сябе. Па вяртанні дамоў працаваў поварам у воінскай часці ў Бабровічах. Зараз жыве ў Калінкавічах і працуе на мясакамбінаце. Жанаты. Мае дачку Марыну і сына Станіслава.

Анастасія Ціханаўна ў 1966 г. пайшла працаваць на Гарочыцкі ільнозавод, 11 гадоў адпрацавала брыгадзірам. Тры гады запар займала на заводзе першае месца па вытворчасці льна. Неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам завода за плённую працу, узнагароджана ганаровым знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.

У 1977 г. маці-гераіня вымушана была па стану здароўя пайсці на пенсію.

У 1994 г. яна пахавала свайго мужа.

Анастасія Ціханаўна — выдатная рукадзельніца, энергічная, працалюбівая, добрая і клапатлівая гаспадыня. Колькі рушнікоў, посцілак, сурвэтак і іншых вырабаў вышыта яе рукамі! І ўсё гэта дзеля дзяцей, 11 унукаў і 7 праўнукаў.

Асобная навэла ў альбоме адведзена Сцепановіч Фаіне Фамінічне, якая нарадзілася ў маі 1926 г. ў в. Новыя Навасёлкі нашага раёна. Да Вялікай Айчыннай вайны Фаіна закончыла 8 класаў. У гады вайны знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі, таму зведала нямала ліха. У пачатку 1944 г., калі фронт падступіў да самых Навасёлак, дзяўчына разам з маці і старэйшай цяжарнай сястрой вымушана была хавацца ад нямецкіх карнікаў у балоце пад Вугламі. Дарэчы, там, у балоце, у люты мароз, якраз на Хрышчэнне, 19 студзеня, сястра нарадзіла дачушку, сённяшнюю жыхарку Гарочыч Грышчанка Марыю Іванаўну. А немцы ледзь не пастралялі іх, знайшоўшы ў балоце. І толькі крыкі парадзіхі і плач нованароджанага дзіцяці кранулі нейкія струны душы карнікаў, якія праявілі да няшчасных жанчын небывалую для фашыстаў на той момант літасць. Гітлераўцы не кранулі бяглянак, а развярнуліся і пайшлі ад іх.

У пачатку 1946 г. у Старыя Навасёлкі дамоў вярнуўся нядаўні франтавы вадзіцель Сцепановіч Міхаіл Пятровіч.

Да вайны ён працаваў на будоўлі ў Мінску, а па вечарах вучыўся на шафёра ў ОСОАВИАХИМе. Жыў па вул. В. Харужай. Калі пачалася вайна, на месцы пражывання схаваў свае дакументы і пайшоў на фронт. І хаця Мінск вельмі пацярпеў у час вайны, частку сваіх дакументаў Міхаілу па вяртанні ўдалося знайсці на месцы былога пражывання. Калі партызанскі генерал Васіль Корж, які на той час працаваў намеснікам міністра лясной гаспадаркі БССР, убачыў гэтыя дакументы, ён сказаў Сцепановічу, што іх дастаткова, і падпісаў распараджэнне аб залічэнні яго ў Мінскую лесатэхнічную школу на курсы па падрыхтоўцы бухгалтараў. Міхаілу хацелася атрымаць спецыяльнасць лесатэхніка, але на яго трэба было вучыцца 1,5 года. А ў Новых Навасёлках ужо чакала Фаіна.

У 1946 маладая сям’я прыбыла на станцыю Гарочычы, дзе Міхаіл стаў працаваць бухгалтарам і вадзіцелем адначасова ў мясцовым лясніцтве. Тут яны пабудавалі сабе дабротны дом. У Міхаіла, на шчасце, былі залатыя рукі. Таму не толькі ўласны дом пабудаваў, але і суседзям дапамагаў у будаўніцтве. А колькі жылля і казарм пабудавалася з яго дапамогай у Бабровічах, куды ён перайшоў працаваць вадзіцелем у 1953 г. і дзе адпрацаваў усё сваё жыццё – не злічыць!

Тым часам Фаіна Фамінічна пайшла працаваць рабочай на Гарочыцкі ільнопункт, які ў 1956 г. ператварыўся ў Васілевіцкі пеньказавод. На гэтым прадпрыемстве яна працавала аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

Сцепановічы на сваім прысядзібным участку пасадзілі і вырасцілі добры сад, які ўжо больш паўстагоддзя радуе добрымі ўраджаямі не толькі яго гаспадароў, але і родзічаў, суседзяў і сяброў. Фаіна Фамінічна і Міхаіл Пятровіч нарадзілі і выхавалі пяцярых цудоўных дзяцей.

Старэйшая дачка Ганна закончыла педінстытут. Педагагічную дзейнасць пачала на радзіме бацькоў, у Навасёлкаўскай васьмігадовай школе. Затым да выхаду на пенсію, з 1973 г., працавала настаўніцай гісторыі і геаграфіі ў Капліцкай сярэдняй школе.

Сын Пётр закончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, больш чвэрці стагоддзя адпрацаваў прарабам у саўгасе “Калінкавіцкі”, затым пабудаваў каўбасны цэх у Бабровічах, дзе да выхаду на пенсію працаваў у ахове.

Сын Мікалай пасля Гарочыцкай дзесяцігодкі паступіў у Буда-Кашалёўскі сельгастэхнікум, быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Служыў у марфлоце, у Севастопалі. Пасля курсаў атрымаў спецыяльнасць “тэхнік самалётаў” і званне прапаршчыка: 6 гадоў адслужыў у Германіі, затым нёс службу ў Бабровічах, зараз таксама на пенсіі.

Дачка Марыя закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Выйшла замуж і паехала на Гродзеншчыну. Доўгія гады працавала старшым аграномам-насенняводам Карэліцкай вопытнай сельскагаспадарчай станцыі.

Сын Васіль – намеснік генеральнага дырэктара КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”.

8 чэрвеня 2012 г. Міхаіла Пятровіча не стала.

А Фаіна Фамінічна ў маі бягучага года адзначыла сваё 90-годдзе. Зараз яе ў пасёлку Гарочыцкім даглядае старэйшая дачка Ганна.

Цёплымі словамі расказваецца ў школьным альбоме і пра жыхарку Гарочыч Севярын Марыю Паўлаўну.

Нарадзілася Марыя Паўлаўна ў галодны пасляваенны 1946 г. у сям’і працавітых калгаснікаў Дулуба Паўла Міронавіча і Праскоўі Фамінічны. Нялёгкім было жыццё дзяцей у той час. Так, яшчэ зусім малой Марыі давялося заходзіцца плачам ад голаду ў 1946-м, а крышку пазней – радавацца “галамендам”, так у Аўцюках называлі аладкі з падмарожанай і падгніўшай бульбы. А ўжо ў 50-я было “раскошай” купіць 100 грамаў цукерак-падушачак на зароблены падчас уборкі калгаснай бульбы рубель (па старым курсе).

Вучылася Марыя ў роднай Малааўцюкоўскай школе. Вучылася старанна, ды і вучоба давалася лёгка, хоць і прыходзілася сціскаць зубы ад болю ў нагах, якія былі абуты ў старыя і цесныя гумавыя боцікі.

У школе Марыя актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, канцэртах і спектаклях. Не забыла яна пра сцэну і ў сталым узросце, заўсёды прымае актыўны ўдзел у выступленнях Гарочыцкага калектыву мастацкай самадзейнасці як спявачка і вядучая.

Школу Марыя закончыла з залатым медалём. Паступіла і закончыла Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя С.М. Кірава. У 1970 г. стала працаваць настаўніцай хіміі ў роднай школе.

Няпроста склаўся асабісты лёс Марыі Паўлаўны. Але яна з годнасцю выхавала дачку Святлану, якая, як і маці, стала настаўніцай.

Марыя Паўлаўна сумленна і шчыра адпрацавала ў школе 34 гады: спачатку ў Малых Аўцюках, затым лёс прывёў яе ў Гарочычы, дзе яна не толькі выкладала хімію, але і 10 гадоў адпрацавала намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце.

Марыя Паўлаўна заўсёды карысталася заслужанай павагай сярод вучняў і калег. Яе лічылі адным з лепшых настаўнікаў хіміі ў раёне, яна была кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі.
Сярод яе выхаванцаў шмат тых, хто паступіў у медінстытуты, універсітэты, тэхналагічныя інсты-туты, таму што хімію ім Марыя Паўлаўна выкладала на самым высокім узроўні.

Зараз Марыя Паўлаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і цяпер многія школьнікі звяртаюцца да яе за дапамогай па хіміі.

Павагай і пашанай сярод аднавяскоўцаў карыстаецца і Мельнікава Кацярына Іванаўна, якая нарадзілася 22 кастрычніка 1932 г. у Гарочычах, у сям’і, у якой было пяцёра дзяцей: чатыры сястры і брат. Бацька памёр, калі ёй было ўсяго чатыры гады. Маці давялося падымаць адной пяцярых.

Да вайны Каця закончыла два класы Гарочыцкай сямігодкі. “Вайна адняла ў мяне дзяцінства, — гаворыць Кацярына Іванаўна. – А пасляваенная разруха – юнацтва”.

У 1945 г. Каця пайшла ў трэці клас і паспяхова закончыла сямігодку. Падала дакументы ў Мазырскае педвучылішча, але сямейнае матэрыяльнае становішча не дазволіла вучыцца ў ім. Пайшла ў Даманавіцкую дзесяцігодку. Тры гады пешшу хадзіла ў школу.

Пасля заканчэння дзесяці класаў, у 1952 г. уладкавалася рахункаводам у Бабровіцкую вайсковую часць.

У 1976 г. завочна закончыла бухгалтарскае аддзяленне Гомельскага кааператыўнага тэхнікума і 41 год адпрацавала ў Гарочыцкім сельскім спажывецкім таварыстве.

За гады працы не аднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, каштоўнымі падарункамі, а ў 1987 г. – медалём “Ветэран працы”.

У 1955 г. Кацярына Іванаўна выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Мельнікава Аляксея Гурынавіча, а на наступны год у іх сям’і з’явіўся першынец – сын Сашка.

Цяжка давялося маладым: дапамогі чакаць не было ад каго. Усё прыходзілася здабываць сваім мазалём. Паціху пачалі будавацца, пасадзілі сад. А ў лютым 1961 г. на свет з’явіўся другі сынок – Уладзімір.У 1965 г. у сям’і нарадзіўся Сяргей.

Непрыкметна дзеці падраслі і пайшлі ў школу. Ні свету, ні газу ў хаце не было. Урокі рабілі пры звычайнай “керасінцы”, але нягледзечы на гэта дзеці вучыліся добра.

Кацярына Іванаўна з мужам шмат працавалі, ім хацелася, каб дзеці “выйшлі ў людзі”. І выхоўвалі іх у старанні да працы.

Старэйшы Аляксандр вучыўся на “выдатна”, штогод ездзіў на раённыя і абласныя алімпіяды. Калі закончыў восем класаў, яго забралі ў Маскву, у Вышэйшую фізіка-матэматычную школу пры Маскоўскім універсітэце. Там ён закончыў дзесяць класаў і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які закончыў з чырвоным дыпломам. Пасля закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках, працаваў у БДУ, зараз па кантракту працуе ў Германіі — прафесарам універсітэта.

Уладзімір і Сяргей таксама добра вучыліся, закончылі Мінскі політэхнічны інстытут.

Дзеці падарылі Кацярыне Іванаўне пяцярых цудоўных унукаў. Унучка Каця, напрыклад, закончыла школу з сярэбраным медалём і Мінскі ўніверсітэт замежных моў. Другі ўнук у час вучобы ў БДУ ездзіў на міжнародную алімпіяду, быў капітанам каманды, заняў 2-е месца па фізіцы і матэматыцы.

З павагай адносяцца ў Гарочычах і да ўраджэнкі вёскі Мельнікавай Алены Цярэнцьеўны, якая нарадзілася 1 мая 1928 г. у сялянскай сям’і Цярэнція і Яўгеніі Мельнікавых. Да вайны Алена закончыла Гарочыцкую сямігодку, разам з аднавяскоўцамі перанесла ўвесь цяжар фашысцкай акупацыі.

Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў, у 1944 г. паступіла ў Мазырскае педвучылішча, якое закончыла ў 1947 г. Па размеркаванні трапіла на працу настаўніцай пачатковых класаў у Капаткевіцкі раён. Затым перавялася бліжэй да роднай хаты – стала працаваць у Перадзельнаўскай школе. У 1950 г. выйшла замуж за аднавяскоўца Мельнікава Канстанціна Захаравіча, які працаваў чыгуначнікам у Калінкавічах.

Алена Цярэнцьеўна разам з мужам нарадзілі і вырасцілі, далі вышэйшую адукацыю тром сваім дзецям.

Іх старэйшы сын Аляксандр закончыў Інстытут народнай гаспадаркі ў Алма-Аце. Працаваў эканамістам на заводзе імя Кірава ў Гомелі. Зараз знаходзіцца на пенсіі. Аляксандр падарыў сваім бацькам трох цудоўных унукаў. Старэйшая Алена вучыцца зараз у Францыі ў аспірантуры, там жа выкладае матэматыку. Унучка Наталля закончыла БелГУТ, прафесійна займаецца спортам – майстар спорту па пяцібор’ю. Меншы Аляксандр закончыў школу алімпійскага рэзерву, займаецца фрыстайлам, навучаецца ва ўніверсітэце ў Польшчы.

Дачка Алены Цярэнцьеўны Ларыса закончыла Мінскі політэхнічны інстытут, працавала інжынерам на «Гомсельмашы». Зараз ужо на пенсіі. Яе дачка Ірына працуе ў абласным цэнтры бухгалтарам, дачка Таццяна – урачом, сын Юрый закончыў Маскоўскую духоўную акадэмію і з’яўляецца свяшчэннаслужыцелем праваслаўнага храма ў Грэцыі.

Малодшы сын Алены Цярэнцьеўны Сяргей жыве ў Гарочычах, працуе на ільнозаводзе. Больш падрабязна мы пра яго раскажам крыху ніжэй. Сын Сяргея Пётр закончыў ваенна-транспартны факультэт БелГУТа, служыць у сталіцы Беларусі ў транспартнай камендатуры, лейтэнант. Дачка Маша вучыцца ў абласным ліцэі ў Мазыры.

Сама Алена Цярэнцьеўна жыве ў Гарочычах. У 1984 г. яна выйшла на пенсію. Да гэтага настаўнічала ў малодшых класах у Перадзельным, Зеляночах, у падоўжанай групе Гарочыцкай сярэдняй школы. У 2014 г. засталася без мужа, які пайшоў з жыцця.

Цёплымі словамі адгукнуліся аўтары школьнага альбома і пра маці траіх дзяцей, жыхарку Гарочыч Грышчанка (Радзько – у дзявоцтве) Марыю Іванаўну. Гэтую заслужаную жанчыну і яе сям’ю ў вёсцы ведае, бадай, кожны: ад малога да старога. Марыя Іванаўна, як мы ўжо расказвалі вышэй, з’явілася на свет 19 студзеня 1944 г. у балоце пад час аблавы нямецка-фашысцкіх карнікаў. Яе малая радзіма – вёска Новыя Навасёлкі Калінкавіцкага раёна. Чатыры класы яна закончыла ў роднай вёсцы, сямігодку – у суседняй, Старых Навасёлках, 11 класаў – у Азарычах у 1962 г. Паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, і ў 1967 г. атрымала дыплом вучонага заатэхніка. Па накіраванні прыбыла ў саўгас “Трамлянскі” Калінкавіцкага раёна, дзе і пачала працаваць галоўным заатэхнікам.

Яшчэ ў інстытуце Марыя пазнаёмілася з хлопцам з Магілёўшчыны Грышчанка Дзмітрыем Фёдаравічам. Яна была ўжо на чацвёртым курсе, а ён – на другім. У снежні 1967 г. Марыя і Дзмітрый абручыліся, вяселле справілі на радзіме мужа – у вёсцы Заручча Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Сёння ўжо гэтай вёсачкі няма на карце Беларусі, як і многія невялічкія населеныя пункты, яна з цягам часу абязлюдзела і адыйшла ў нябыт.

У 1969 г. закончыў вучобу і Дзмітрый. Па накіраванні прыбыў у Калінкавіцкі раён. Дыпламаванага ветурача прызначылі загадчыкам Казанскага ветучастка, а праз два месяцы – галоўным ветурачом саўгаса “Калінкавіцкі”. Марыя ў гэты час была ў дэкрэтным водпуску. Праўда, дэкрэтны адпачынку ў той час быў вельмі непрацяглым – усяго два месяцы. Таму праз два месяцы пасля нараджэння першынца Сярожкі, які сёння працуе начальнікам чыгуначнай станцыі Калінкавічы, яна прыступіла да працы ў саўгасе “Калінкавіцкі” ў якасці заатэхніка – селекцыянера.

Непаседлівая жанчына вельмі лёгка знаходзіла кантакт з любым чалавекам, была душой любой кампаніі, а яе працавітасць была проста незвычайнай. Да таго ж Марыя Іванаўна праявіла сябе здольным арганізатарам і лідарам, за якім ідуць людзі. Таму і пасады ў гаспадарцы ёй прадстаўлялі адпаведныя: галоўны заатэхнік, парторг, старшыня прафсаюзнай арганізацыі.

У 1971 г. у сям’і Грышчанкаў нарадзілася дачка Наташа. Пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча яна 19 гадоў адпрацавала ў Гарочыцкай, затым Бабровіцкай бальніцах медыцынскай сястрой. І толькі пасля выяўлення ў яе алергіі на лекі вымушана была змяніць прафесію, зараз працуе ў Даманавічах на гароднінасушыльным заводзе.

У 1977 г. Марыя Іванаўна нарадзіла меньшанькага Аляксандра. Саша закончыў Гарочыцкую школу з залатым медалём і, як і старэйшы брат, Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту.

Працаваў начальнікам Клічаўскай чыгуначнай станцыі на Магілёўшчыне, зараз – галоўны інжынер па бяспецы Магілёўскага аддзялення чыгункі.

Марыя Іванаўна з 2001 г. знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Разам з мужам працягваюць апрацоўваць уласны агарод, даглядаюць сваіх парсючкоў ды курак, з нецярпеннем чакаюць у госці дзяцей ды ўнукаў, якія пра іх не забываюць. І лепшае свята ветэранаў, калі за адным сталом сабіраюцца іх дзеці з унучкамі, а іх у Грышчанкаў – пяцёра, і адзін праўнучак.

Павагай у вёсцы карыстаецца і маці чацвярых дзяцей Чарнякова Ніна Піліпаўна. Нарадзілася яна ў 1930 г. у Гарочычах у сялянскай сям’і. У час вайны дзяўчынка была ўгнана ў Германію. Нацярпелася ліха, якое і многім дарослым не снілася. Пашчасціла застацца жывой і вярнуцца пасля Перамогі дамоў. Працавала ў роднай вёсцы нянечкай у школьным інтэрнаце, рабочай на ільнозаводзе. З 1985 г. на заслужаным адпачынку.

У 1953 г. выйшла замуж за мясцовага хлопца Чарнякова Васіля Маркавіча, які працаваў вадзіцелем у саўгасе “Калінкавіцкі”.

Ніна Піліпаўна і Васіль Маркавіч нарадзілі і вырасцілі двух сыноў і дзве дачкі. Сын Сяргей,напрыклад, дагэтуль працуе вадзіцелем Гарочыцкай урачэбнай амбулаторыі. Сын Анатоль доўгі час служыў пажарным на мясцовым пажарным пасту, зараз на заслужаным адпачынку. Дочкі: Таццяна працавала ў мясцовым сельсавеце, Наталля – у Калінкавічах у падатковай інспекцыі. Зараз абедзьве на пенсіі.

У 1989 г. Васіля Макаравіча не стала. А Ніна Піліпаўна дапамагала сваім дзецям выхаваць васьмярых унукаў. Напрыклад, унучак Дзіма, сын Анатоля, закончыў спачатку Мазырскі педінстытут і працаваў настаўнікам фізікі, затым закончыў яшчэ адну ВНУ і зараз працуе ў Гомелі ў Следчым камітэце.

Удзельнічае Ніна Піліпаўна і ў выхаванні сваіх праўнукаў. На сёння іх у яе пяцёра. Сама яна – добры і шчодры чалавек, працавітая гаспадыня. Да апошняга часу трымала вялікую гаспадарку.

Траіх дзяцей нарадзіла і выхавала разам з мужам і ўраджэнка Гарочыч Чарнякова Ніна Гурынаўна.
Нарадзілася яна ў 1928 г. Яшчэ калі вучылася ў школе марыла стаць артысткай, бо вельмі добра спявала. Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Пачалася вайна. Ніне ішоў 13-ы год. Яе бацьку Мельнікава Гурына Малахавіча прызвалі ў армію. Маці Марыя Харытонаўна засталася дома адна з сямю дзяцьмі. Калі вёску акупіравалі немцы, пачалося самае страшнае. У 1942г. старэйшага брата Ніны Фёдара і яе дваюрадную сястру Надзю пагналі ў Германію. Пра іх лёс мы ўжо расказалі ў главе “Нямецкі “парадак“.

У канцы 1943 г. астатніх членаў сям’і Мельнікавых з аднавяскоўцамі пагрузілі ў грузавікі і павезлі ў Азарыцкі лагер смерці. Раптам у небе з‘явіўся савецкі самалёт. Лётчык, заўважыўшы нямецкія машыны, пачаў скідваць на іх бомбы. Жанчыны, якія пасаскоквалі з машын, пачалі махаць хусткамі. Савецкі лётчык спыніў бамбёжку і паляцеў. У хуткім часе савецкія войскі вызвалілі людзей, і сям’я Мельнікавых вярнулася ў Гарочычы.

Ніна пасля вайны ўладкавалася на працу нянькай у Кімбараўскі дзіцячы дом № 77, што знаходзіўся ў Мазыры. Дзеці, у асноўным сіраты, якіх засталося шмат па Палессі пасля крывапралітнай вайны, часта плакалі, асабліва па начах. Каб супакоіць малых, Ніна пачала спяваць ім свае песні. Аднойчы яе спевы пачула дырэктар дзіцячага дома і прапанавала дзяўчыне паехаць вучыцца ў Мінск на піянерважатую. Ніна згадзілася. Пасля вучобы вярнулася назад і пачала працаваць выхавальніцай. Аднак, у той час адкрылася шмат навучальных устаноў, якія спешна рыхтавалі спецыялістаў для народнай гаспадаркі. Хутка ў дзіцячы дом прыйшлі выпускнікі педвучылішч, а паколькі ў Ніны не было педагагагічнай адукацыі, ёй прыйшлося пакінуць работу ў дзіцячым доме. Яна вярнулася ў Гарочычы. Уладкавалася на працу ў Бабровічах, у ваенны гарадок. Тут пазнаёмілася з маладым чалавекам, якога звалі Мікалай, ён пражываў у суседнім доме. Сталі разам вяртацца дахаты, падоўгу размаўлялі. А ў 1953 г. пажаніліся.

У 1954 г. у іх нарадзіўся сын Віктар. Ніне прыйшлося пакінуць працу ў ваенным гарадку, яна ўладкавалася паштальёнам у Гарочычах. Маленькі Віця ў дзяцінстве часта капрызнічаў, не хацеў класьціся спаць. І маці яму расказвала пра гераічны лёс яго дзядзькі Фёдара. Тым самым яна яшчэ ў дзяцінстве пасеяла ў душы сына прагу да прафесіі мужных. Калі прыйшоў час несці тэрміновую службу, Віктар трапіў у Севастопаль. Там закончыў школу мічманаў. Паслалі яго служыць на Далёкі Усход. Там і праслужыў да самай пенсіі. Віктар жанаты, мае дваіх дзяцей.

У 1959 г. у сям’і Чарняковых нарадзіўся другі сын Анатоль. Ён адслужыў у арміі і вярнуўся ў Гарочычы. Але і яго захапіла вайсковая служба. Ён паступіў на звыштэрміновую службу і нёс яе ў Бабровічах.

Пасля вываду авіяпалкоў з Бабровіч у Расію, даслужваў у Чыцінскай вобласці. Затым вярнуўся дамоў. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Зараз працуе на Калінкавіцкім мясакамбінаце.

У 1962 г. Ніна Гурынаўна нарадзіла дачку Ганну. Пасля заканчэння школы, дзяўчына паступіла ў Гомельскае прафесійнае вучылішча, дзе набыла спецыяльнасць повара-кандытара. Накіраванне атрымала на працу ў Жлобін. Там выйшла замуж. Мае дваіх дзяцей. З’яўляецца майстрам сваёй справы. Ва ўсякім разе, як расказала Жлобінская раёнка “Новы дзень”, у час абласнога конкурсу да 60-годдзя вызвалення Беларусі кулінарны шэдэўр Казаковай Ганны Мікалаеўны быў прызнаны лепшым.

Ніна Гурынаўна сорак гадоў адпрацавала паштальёнам у Гарочычах. У дождж і спёку, у мароз і вецер яна дастаўляла дзясяткі кілаграмаў карэспандэнцыі і свежай перыёдыкі ў хаты сваім землякам. За гады сваёй шчырай працы не атрымала ніводнага наракання ад тых, каго абслугоўвала, а ад непасрэднага начальства – толькі падзякі.

Ніна Гурынаўна вельмі ганарыцца сваімі дзяцьмі, беражліва захоўвае ў дамашнім альбоме ўсе газетныя выразкі, якія апавядаюць пра іх поспехі. “Шчасце, — гаворыць шчаслівая маці, — гэта, калі твае дзеці шчаслівыя, калі ты маеш свой працяг у дзецях і ўнуках…”

Выдаўцы рабочых прафесій

29 мая 1981 г. у Гарочычах на базе мясцовай школы адкрылі Гарочыцкі навучальна-вытворчы камбінат, перад якім была пастаўлена задача даваць старшакласнікам Гарочыцкай і навакольных дзесяцігодак па выпуску іх са школ першую рабочую прафесію.

Вось што ўспамінае аб працы гэтага камбіната былы яго кіраўнік Акулевіч Іосіф Іванавіч, які зараз пражывае ў Калінкавічах і знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку:

— Я закончыў факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі Мазырскага педінстытута і па накіраванні трапіў на працу настаўнікам працы і фізікі ў Савіцкую школу Калінкавіцкага раёна ў 1977 г. А паколькі бацькі нам пабудавалі дом у Калінкавічах, дзе мая Тамара Аляксандраўна выкладала беларускую мову і літаратуру, то загадчык райана Мікалай Цяслюк прапанаваў мне пасаду завуча ў Гарочыцкім НВК, куды можна было штодня дабірацца з Калінкавіч цягніком. Я з радасцю пагадзіўся, але пачынаць прыйшлося не з кіраўнічай пасады, а з майстра вытворчага навучання.

Дырэктарам НВК быў Бандарчук Іван Маісеевіч, які жыў у Мазыры, а да гэтага працаваў майстрам вытворчага навучання ў Калінкавіцкім ПТВ. З сабой ён прывёў і завуча Сіроціна Юрыя Мікалаевіча, які працаваў з ім у тым жа Калінкавіцкім ПТВ і жыў у Мазыры. Праз год яны па нейкіх прычынах адмовіліся ад працы ў Гарочычах. Мяне назначылі завучам і на працягу наступных трох месяцаў мне адначасова прыйшлося выконваць і абавязкі дырэктара камбіната.

Затым дырэктарам Гарочыцкага НВК прызначылі жыхара Калінкавіч Ківадла Віктара Уладзіміравіча, які дагэтуль таксама працаваў майстрам у Калінкавіцкім ПТВ. Праз год ён таксама пакінуў дырэктарскую пасаду.

Год з паловай мне прыйшлося працаваць і за дырэктара, і за завуча.

У 1988 г. на пасаду дырэктара камбіната прыслалі Цярэшчанку Паўла Андрэевіча. Працаваць з ім была адна асалода. Гэта быў чалавек, пра якіх у народзе кажуць “чалавек на сваім месцы”. У нас да яго у НВК было ўсяго два старэнькіх трактары Т-40. Павел Андрэевіч па сваіх сувязях цераз Мінск набыў два новых МТЗ – 80, плюс усё навясное абсталяванне для вытворчасці бульбы: саджалкі, капалкі, гноераскідвальнікі, акучнікі і г. д.

У першы год дзейнасці НВК мы праводзілі навучанне старшакласнікаў толькі з Гарочыцкай і Даманавіцкай школ. Затым прафесійныя навыкі пачалі даваць школьнікам з Ліпаўскай, Бабровіцкай, Залатушскай, Насавіцкай, Дудзіцкай, і пару гадоў з Замосцеўскай школ.

НВК рыхтаваў для народнай гаспадаркі трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю, слесараў па рамонту сельгастэхнікі, швей-матарыстак, малодшых прадаўцоў, кулінараў, малодшы медыцынскі персанал.

Майстрамі вытворчага навучання па трактару працавалі Анучкін Міхаіл Адамавіч, Федарэнка Мікалай Георгіевіч, Шарай Васіль Уладзіміравіч; па гандлі – Гарыст Надзея Міхайлаўна, дарэчы, яна “доўгажыхар” НВК, аддала камбінату 22 гады. Медыцынскіх работнікаў рыхтавала мясцовы ўрач Мельнікава Надзея Сяргееўна, кулінараў – Піліпец Ніна Міхайлаўна, якая прыйшла ў другой палове 90-х да нас завучам, а таксама Мельнік Тамара Пятроўна і Федарэнка Вольга Іосіфаўна.

Майстрам у нас працаваў і былы дырэктар льнозавода Берагаўцоў Міхаіл Маркавіч (ён дырэктарстваваў на льнозаводзе да Іосіфа Мацукі – І.Г.).

90-я гады мінулага стагоддзя былі цяжкімі не толькі для прадпрыемстваў краіны. Цяжкімі яны сталі і для нашага камбіната. Справа ў тым, што тэарэтычную падрыхтоўку ў НВК аплачваў бюджэт, а практычную – гаспадаркі, на базе якіх яна вялася. Адным словам, зарплату майстры вытворчага навучання атрымлівалі па сметах, якія я складаў, у калгасах і саўгасах. У 1991 г., напрыклад, склалася такое становішча, што мы не толькі не маглі заплаціць майстрам, але нават не змаглі атрымаць грошы ад саўгаса “Калінкавіцкі” за здадзенае збожжа, якое вырасцілі на зямельным участку ў 31 га, які нам быў прадстаўлены.

Цярэшчанка не вытрымаў такога становішча і звольніўся, я таксама ўжо вёў перамовы аб пераходзе ў гарадскую школу. І толькі ў апошні момант было прынята рашэнне аб пераводзе ўсіх работнікаў НВК на бюджэт.

У гарачую пару – на пасяўной, уборачнай уся наша тэхніка была задзейнічана на дапамозе мясцовым гаспадаркам. Майстры вытворчага навучання разам з механізатарамі калгасаў-саўгасаў аралі, сеялі, убіралі вырашчаны хлеб і кармы.

Не забывалі мы і пра вытворчы працэс: імкнуліся даць вучням трывалыя веды па выбранай імі прафесіі. Арганізоўвалі для юных аратых міжкамбінатаўскія спаборніцтвы. Рыхтавалі наглядны і раздатачны матэрыял. Рабілі ўсё тое, што дае трывалыя веды і практычныя навыкі.

За гады існавання Гарочыцкага НВК мы далі першую рабочую прафесію 1760 выпускнікам.

У апошнія тры гады работы НВК нам перадалі два старэнькіх камбайны “Ніва” , з якіх мы сабралі адзін дзеючы. На гэтым камбайне мы па спісах сельсавета ўбіралі хлеб на індывідуальных падворках сялян.

1 ліпеня 2003 г. Гарочыцкі НВК ліквідавалі.

Перапрацоўшчыкі «беларускага золата»

21 сакавіка 1992 г. газета “Калінкавіцкія навіны” аж на трох старонках расказала пра жыццё працоўнага калектыву Гарочыцкага ільнозавода. У артыкуле пад назвай “Лён любіць паклон” намеснік дырэктара завода В. Ціхіня ўспамінаў:

“Памяць надоўга захавала дзівосны малюнак з дзяцінства. Непадалёку ад нашай вёскі былі гоні льну. Днём, у пару цвіцення, гэты кавалак поля ператвараўся ў суцэльны ярка-блакітны дыван, надвячоркам, рана-раненька або ў пахмурнае надвор’е той дзівосны дыван мяняў блакіт на аксаміт. Прырода, нібы дбайная гаспадыня выстаўляла на паказ сваё хараство ў цёплы сонечны дзень”.

На жаль, з гадамі знікла ільняное хараство не толькі з людскіх агародаў, але і з калгасных палёў Палесся.

А вось, каму прыйшла ідэя аб размяшчэнні льноперапрацоўчага завода ў Гарочычах у свой час, зараз устанавіць немагчыма. Глеба-кліматычныя умовы Прыпяцкага Палесся былі маласпрыяльнымі для вядзення шырокамаштабнай вытворчасці льну. Хаця, безумоўна, на Палессі яго вырошчвалі са старадаўніх часоў. Ён апранаў і карміў селяніна. Але, у шырокіх маштабах…

Хутчэй за ўсё галоўную ролю ў выбары месца размяшчэння льноперапрацоўчага завода адыграла наяўнасць у Гарочычах чыгуначнай станцыі. Адным словам, як бы там ні было, а ў 1952 г. непрыкметная база па прыёму і закупу льновалакна (у той час у кожным калгасе ўручную вялі перапрацоўку трасты льну і канопляў – І.Г.) набыла статус дзяржаўнага прадпрыемства. А ў 1956 г. адбудаваны завод у Гарочычах атрымаў назву Васілевіцкага пеньказавода.

Васілевіцкі, а затым Гарочыцкі льнопеньказавод за часы свайго існавання зведаў усякага. Былі ў яго і зоркавы час, былі і перыяды заняпаду. Асаблівы росквіт прадпрыемства прыпаў на 50-60 гады мінулага стагоддзя. І гэта зразумела. Менавіта ў той час пачаўся планамерны наступ на палескія балоты: пачалося масіраванае асушэнне малапраходных багнаў і шырокамаштабнае ўвядзенне асушаных тарфянікаў у сельгасабарот.

Значныя плошчы новых зямель засяваліся канопляй. Іх сеялі ледзь не ў кожным калгасе-саўгасе. Канешне, не забывалі і пра блакітны лён.

Канапляныя і льняныя пасевы тых гадоў сталі асноўнай крыніцай грашовых паступленняў сельскіх гаспадарак пасляваеннага часу.

8 кастрычніка 1968 г. планавік Васілевіцкага пеньказавода А.Процка, выступаючы на старонках газеты “За камунізм”, напісаў:

“Слаўную дату-50-годдзе БССР і Кампартыі Беларусі калектыў нашага прадпрыемства сустракае новымі працоўнымі поспехамі. План трэцяга квартала па рэалізацыі прадукцыі выкананы на 109 працэнтаў, звышпланавай прадукцыі выпушчана на суму 145 тыс. рублёў. За дзевяць месяцаў звыш задання прадпрыемства выпусціла 118 тон льновалакна.

Добрых поспехаў дабіўся калектыў пенькацэха. За апошні квартал звыш плана выпушчана 24 тоны пенькапрадукцыі.

На заводзе выраслі сапраўдныя майстры сваёй справы, якія сістэматычна перавыконваюць заданні, даюць прадукцыю выдатнай якасці. Брыгады, якія ўзначальваюць Фаіна Курылава і Марыя Цітова, трымаюць першынство ў юбілейным сацыялістычным спаборніцтве, зменныя заданні яны выконваюць на 115-120 працэнтаў”.

А 1 студзеня 1970 г. у раёнцы з’явілася невялічкая заметка за подпісам дырэктара пеньказавода А.Савельева “Прадукцыі на 90 тысяч рублёў у лік 1970 года”, у якой ён напісаў:

“З высокімі вытворчымі паказчыкамі сустракаюць Новы, 1970, год рабочыя пеньказавода. Стаўшы на працоўную вахту ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна, калектыў завода план вытворчасці валавай прадукцыі выканаў на 105 працэнтаў, у тым ліку па льновалакну на 111 працэнтаў.

Гадавы план рэалізацыі выпушчанай прадукцыі склаў 101 працэнт.

Дзякуючы паляпшэнню тэхналагічных працэсаў павысілася прадукцыйнасць працы і склала 101,3 працэнта да планавай.

У выніку калектыў завода ўжо ў лік 1970 года вырабіў і адправіў дзяржаве прадукцыі на 90 тысяч рублёў”.

З цягам часу ў галіне льноперапрацоўкі пачалі ўзнікаць розныя праблемы: галоўная – сельская гаспадарка зрабіла рэзкі паварот у бок кукурузы. Зразумела, што лён паціху-патроху пачалі выцясняць з палёў севазвароту, а каноплі і ўвогуле звялі. Марудна ішло тэхнічнае пераўзбраенне, адсутнічала належная падрыхтоўка кадраў.

Вось што расказаў, напрыклад, аб гэтым у сваім артыкуле “Усё вырашаюць кадры” на старонках газеты “За камунізм” 11 студзеня 1975 г. сакратар партарганізацыі завода А.Канёк:

“Працяглы час адным з вузкіх месц у вытворчай дзейнасці Гарочыцкага льнозавода заставалася прадукцыйнасць працы. Мы паспяхова спраўляліся з планамі вытворчасці льновалакна і пенькавалакна, а вось прадукцыйнасць працы заставалася нізкай. Напрыклад, за восьмую пяцігодку гэты паказчык удалося выканаць толькі на 99 працэнтаў.

У чым справа, што з’яўляецца тут перашкодай? Над гэтым пытаннем у партыйнай арганізацыі задумваліся не раз. I заўсёды прыходзілі да адной думкі: што стрымлівае наш рост малапрадукцыйнае тэхналагічнае абсталяванне, якое ўстаноўлена на заводзе, нізкі ўзровень механізацыі. Чаго граха таіць, многа было ў нас ручной працы там, дзе мелі магчымасць прымяніць механізмы. Гэта, вядома, давала сябе адчуваць.

Патрэбнасць у прадукцыі, якую вырабляе наш завод, з году ў год узрастае. Гэта, безумоўна, і прымушала нас шукаць шляхі павелічэння яе вытворчасці. Першым крокам на гэтым шляху мы лічылі абнаўленне тэхналагічнага абсталявання на больш прадукцыйнае. Скажу адразу, што з гэтай задачай справіліся параўнальна хутка. Партыйная арганізацыя, заводскі камітэт, дырэкцыя завода папрацавалі нямала і здолелі арганізаваць справу так, што літаральна за некалькі месяцаў усё старое абсталяванне замянілі на навейшае. Адначасова настойліва вырашалі і пытанні механізацыі працаёмкіх працэсаў, якія раней выконваліся ўручную.

Але ўслед за гэтым узнікла іншая праблема – праблема кадраў. Кожны з нас добра разумеў, што з ростам тэхнічнай аснашчанасці неабходна мець людзей высокай кваліфікацыі, здольных кіраваць больш дасканалым абсталяваннем. Тых кадраў, якія маглі б справіцца з такой задачай, было недастаткова. Трэба было рыхтаваць спецыялістаў”.

Рашэнне знайшлі хутка: пачалі накіроўваць сваіх рабочых на вучобу. Тыя з задавальненнем паехалі. У выніку за тры гады колькасць кваліфікаваных спецыялістаў на льнопрадпрыемстве павялічылася аж у 3,5 разы.

Сакратар партарганізацыі сказаў у сваім выступленні:

“Зараз у нас усе майстры змен, кантрольныя майстры маюць спецыяльную адукацыю. А між тым усяго год-два назад на гэтых пасадах працавалі практыкі.

Увага да пытанняў падрыхтоўкі ўласных кадраў не паслабляецца і зараз. Улічваем і такі фактар, як узрост рабочых. У калектыве ёсць людзі, якія не сёння-заўтра пойдуць на пенсію. Таму рыхтуем ім змену.

Вырашэнне кадравага пытання станоўча адбілася і на вытворчых паказчыках. Напрыклад, мінулы, вызначальны год пяцігодкі, мы завяршылі датэрмінова, 27 снежня. Трэба адзначыць, што вытворчае заданне паспяхова выканана па ўсіх тэхніка-эканамічных паказчыках. Гэта нас радуе і натхняе на новыя поспехі. Аднак хочацца сказаць, што дасягнутае намі не даецца лёгка і проста, а здабываецца ў цяжкасцях. I галоўнай цяжкасцю для калектыву лічыцца недахоп сыравіны. Справа ў тым, што гаспадаркі нашай зоны прыкметна скарацілі пасевы льну. Той колькасці льнотрасты, якую нарыхтоўваем на месцы, хапае ўсяго на два месяцы работы.

Асноўную масу сыравіны завозім з іншых абласцей рэспублікі. Для таго, каб выканаць заданне чацвёртага года пяцігодкі, заводу спатрэбілася завезці з Мінскай і Магілёўскай абласцей больш трох тысяч тон ільнотрасты. Вядома, дастаўка яе на такой адлегласці кладзецца вялікім цяжарам на сабекошт прадукцыі і рэнтабельнасць прадпрыемства”.

Вось што ўспамінае пра завод 80-х гадоў яго былы галоўны інжынер, жыхар Гарочыч Мельнікаў Сяргей Канстанцінавіч:

“Пасля заканчэння Гарочыцкай сярэдняй школы кіраўніцтва Гарочыцкага льнозавода дало мне накіраванне на вучобу ў Кастрамскі тэхналагічны інстытут. Закончыў я яго ў 1982г., і прыйшоў на завод, дзе мяне назначылі начальнікам кацельні, паколькі іншых вакантных пасад не было.

На заводзе ў тры змены ў двух цахах працавала каля 200 чалавек.

Дырэктарам прадпрыемства быў выдатны спецыяліст Шамкін Іван Арсеньевіч, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара Церахоўскага льнозавода і добра ведаў усе тонкасці льноперапрацоўкі. На жаль, сям’я Шамкіна не захацела пераязджаць з Церахоўкі ў Гарочычы, і Іван Арсеньевіч, памыкаўшыся паміж заводам і сям’ёй, пакінуў дырэктарскае крэсла. Яго замяніў Уладзімір Ушчапоўскі.

У студзені 1983 г. мне прапанавалі пасаду вызваленага сакратара камітэта камсамола саўгаса “Калінкавіцкі”. І паколькі замкнутае кола заводскай кацельні мяне вельмі прыгнятала (хацелася да людзей), я з задавальненнем пагадзіўся. А ўжо ў жніўні гэтага ж года я працаваў інструктарам Калінкавіцкага гаркама камсамола.

Калі ў 1986 г. вызвалілася пасада галоўнага інжынера на Гарочыцкім ільнозаводзе, вярнуўся на свой завод.

На жаль, Чарнобыльская катастрофа падарвала эканамічны стан ільнозавода”.

У 90-я гады Гарочыцкі льнозавод, які ўзначальваў нядаўні афіцэр, адстаўны падпалкоўнік Іосіф Паўлавіч Мацука, перажываў не лепшы час. Фактычна ён ужо падыйшоў да мяжы банкруцтва: гаспадаркі Калінкавіцкага і навакольных раёнаў пасля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 г. амаль спынілі пасевы льну на сваіх палях. А няма сыравіны, значыць і льноперапрацоўшчыкі засталіся без працы. Толькі дзякуючы прадпрыймальніцтву кіраўніцтва завода, ды ўмяшальніцтву старшыні Ка-лінкавіцкага райвыканкама Мікалая Пранкевіча, калгасы-саўгасы павялічылі льняны клін раёна, а завод прадоўжыў перапрацоўку каштоўнай сыравіны.

Выступаючы на старонках раённай газеты 18 лістапада 1993 г. з артыкулам “Каб багацела наша ніва”, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, старшыня райвыканкама Мікалай Пранкевіч адзначыў:

“У бягучым годзе працягвалася работа па ўзнаўленні вытворчасці лёну. Лепшых вынікаў дабіўся калектыў саўгаса “Калінкавіцкі” (дырэктар А.І.Дулуб). Кожны гектар ільну прынёс 407 тысяч рублёў прыбытку”.

Аднак работа па ўзнаўленні вытворчасці лёну, на жаль, як паказала жыццё, доўжылася непрацяглы час.

У 2010 г. Гарочыцкі льнозавод з-за адсутнасці сыравіны спыніў сваю работу.

Многія гады на гэтым заводзе шчыра адпрацавалі: майстар змены Голуб’еў Петр Іванавіч, брыгадзір Шкурынава Раіса Філімонаўна, яе муж – слесар-наладчык Аляксей Уладзіміравіч, здымшчыца доўгага валакна Сіліверстава Галіна Рыгораўна, упакоўшчык Лашкевіч Казімір Пятровіч, падавальшчыцы трасты Шапецька Ганна Міхайлаўна, Процка Людміла Васільеўна, Ціханенка Ніна Сямёнаўна, энергетык Кужэлка Міхаіл Рыгоравіч, электратэхнік Грышан Віктар Аляксеевіч, павязчыцы доўгага валакна Шапецька Тамара Максімаўна і Цітова Марыя Кузьмінічна, слесары-рамонтнікі Зіновіч Мікалай Клімавіч, Цітоў Аляксандр Цімафеевіч, Процка Рыгор Сцяпанавіч і многія-многія іншыя.

Праз нейкі час завод за сімвалічную плату выкупіла дзяржаўнае прадпрыемства “Рэспубліканскае аб’яднанне “Белаграсервіс”. Завод падрамантавалі, набылі такое-сякое абсталяванне. Працягвалі вырабляць ільновалакно, праўда, далёка ўжо не ў тых маштабах, што было раней. Запусцілі лінію па вырабу пілетаў з саломы. Гандлявалі запчасткамі. Але шчасце адвярнулася ад Гарочыцкага льнозавода. Зараз у чарговы раз паўстала пытанне аб яго закрыцці па прычыне стратнасці і эканамічнай немэтазгоднасці ўтрымання.

Дабротныя будынкі і цэхі зноў будуць выстаўлены на продаж.

Іван ГАРЫСТ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.