Старэйшая жыхарка Казловіч

снимок 166Таццяна Савіцкая тупае па гэтай зямлі  дзевяноста чацвёртае лета. І амаль увесь час – па родных Казловічах. Канешне, ёй даводзілася выязджаць за межы вёскі, але звычайна ненадоўга: на кірмаш у Калінкавічы, да старэйшага сына ў Брэсцкую вобласць…

Самая працяглая адлучка адбылася падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі яна на тры гады трапіла ў Германію на прымусовую працу.

Успаміны пра той час у гаваркой бабулі розныя: светлыя, шчаслівыя, бо там сустрэла сваё першае і адзінае каханне; сумныя, крыўдныя, бо нацярпелася ад немцаў здзекаў. Гаспадар на Нямеччыне хаця і нішто быў, але палкай мог сярод плеч перацягнуць, калі яму здавалася, што дрэнна працавала. “Добра шчэ, што голадам не марыў. З гэтым мне пашанцавала, бо многія палонныя памерлі ў лагерах менавіта ад голаду”, — уздыхае Таццяна Іванаўна.

Пра каханага распавядае неахвотна – што казаць, “калі тое даўно быллём парасло, не вернеш”. Пазнаёміліся на чужыне пасля вызвалення. Неўзабаве малады лейтэнант-украінец быў цяжка паранены. Таццяне не выходзілася як чакаць, пакуль ачуняе. Вельмі ж доўга дома не была, сэрца збалелася, што там робіцца, з кім малодшы брат Пеця – сірата-сіротка, якога яна гадавала.

Бацькоў – Івана і Пелагеі Савіцкіх не стала, калі дзяўчынцы было дзесяць гадоў, а малому – усяго два. Старэйшыя дзеці Мар’я і Якаў пайшлі працаваць, а яна з хлопцам дома сядзела. А як Пеця падрос, пад паху яго – і пасці кароў, свіней. Перад вайной засталіся ўдваіх: Мар’я з мужам пераехала ў Чарапавец, Якава забралі на службу.

— Во якое гаротнае ў мяне было дзяцінства. Добра яшчэ, што неяк два класы скончыла, чытаць-пісаць навучылася – граматнай жыць лягчэй, — гаворыць Таццяна Іванаўна. Сваім пытаннем вяртаю яе ў 1946 год. З сумам у голасе ўспамінае, што развітваліся цяжка, прадчувалі, пэўна, — болей не сустрэнуцца. Дзяўчына абяцала пісаць, а затым — прыехаць да каханага на радзіму. А калі вярнулася дадому, пабачыла худога Пятра, які знайшоў прытулак у чужых чуллівых людзей, у імгненне вырашыла: нікуды не паедзе. Хлопца трэба вучыць, пасля – у войска адпраўляць. І лісты лейтэнанта засталіся без адказу. Пісаў ён доўга, а вось прыехаць не адважыўся. Мабыць, не разумеў, што адбылося з Таццянай: ці патрапіла яна дадому, ці здарылася што ў дарозе. Не даведаўся ён, што дзяўчына нарадзіла яму сына Валодзю і гэтым была шчаслівая: ёсць пра каго клапаціцца, дзеля каго жыць.

— Сын даўно пенсіянер, во 12 верасня 70-годдзе справіў, — расказвае Таццяна Іванаўна. – І мяне клікаў. Дык я ўжо невартая ехаць, ён жа забраўся далёка: на Піншчыну, у вёску Лосічы. Працаваў там трактарыстам. Трое дзетак у яго і пяцёра ўнукаў – маіх праўнукаў. Ужо і дарослыя ёсць, адслужаныя, можа, успеюць яшчэ зрабіць мяне прапрабабкай.

Малодшага сына – Мікалая – жанчыне давялося пахаваць: заўчасна забрала цяжкая хвароба. Але яго сын і ўнук Таццяну Іванаўну не забываюць, наведваюць. “Во якая баба: замужам не была, а дзяцей набыла, — гаворыць яна пра сябе. – Аднавяскоўцы спачатку косткі перамывалі, а затым жанчыны, якія не адважыліся нарадзіць для сябе (мужыкоў з вайны на ўсіх не хапіла), зайздросцілі – шчаслівая. З другім я не сышлася, бо не было там, з кім сыходзіцца: калі ад першай жонкі гуляў, то і ад мяне б бегаў. Навошта мне лішні клопат?”

Трохі пачасалі аднавяскоўцы языкамі і прымоўклі. Што казаць, калі Таццяна хлопцаў добра глядзела і Пецю, брата, не кінула: ад яе ў войска пайшоў, вяселле яму справіла. А ў працы якая гарушчая была: і ў брыгаду бегала, і свіней даглядала, і на сваёй гаспадарцы падала – завіхалася. Калгаснага стажу ў Таццяны Іванаўны – амаль шэсцьдзесят гадоў, працаваць кінула толькі напачатку 2000-х.

— Пры Іване Шпакаве, які ў 1965 годзе ўзначаліў наш калгас “1 Мая”, мы добра зараблялі. Я і хату тады во цету, каля якой сядзім, паставіла. Да таго ж месціліся ў маленькай, якую людзі памаглі збудаваць пасля вайны. Грошы з’явіліся, думаю: трэба расшырацца, хлопцам вальней будзе. Ат, яны не захацелі ў Казловічах жыць, паехалі на чужыну, — расказвае бабуля і тут жа запрашае: — Пайшлі, пабачыш, як я маюся.

Таццяна Іванаўна паволі падымаецца з лаўкі. Імкнуся дапамагчы – яна рашуча адводзіць маю руку: “Сама, сама” і, абапіраючыся на кіёк, крочыць у двор.

— Во з Аленай — сацыяльным работнікам, якая мне дапамагае, гародніны шчэ крыху вясной пасадзілі. Хочацца ж гурочка, капусткі, морквы са сваёй градкі пачаставаць, — распавядае доўгажыхарка. – Аленка мне і ў хаце прыбярэ, і вады наносіць. А вось есці вару і да аўталаўкі хаджу сама – варушыцца трэба. Мы тут на водшыбе жывом, старых навокал багата, дык прадсядацель сельсавета – дзякуй ёй вялікае – дабілася, і цяпер да нас аўталаўка ездзіць.

Хата ў Таццяны Іванаўны – прасторная, светлая. На стале ў жылым пакоі – шмат газет.

— Няўжо яшчэ і чытаеце? – цікаўлюся я.

— А як жа? Родныя ведаюць, што люблю гэта дзела, таму газеты мне заўсёды вязуць. А раёнку я выпісваю. Трэба ж ведаць, што вакол робіцца, хто памёр, хто каго віншуе, — кажа бабуля. – Я ўжо шмат блізкіх і сяброў пахавала, а сама ўсё жыву. Некаторыя старыя кажуць: не жывом, а мучымся, хутчэй бы на той свет. Дык ты не вер ім, ягадка: жыць і старому хочацца. Сёння ж добра жыць, спакойна, бесклапотна.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.