Гулевічы: зямля бацькоў, зямля святая

Як вядома, вёска вам не горад: 
Няма трамваяў і рэкламы не гараць.
Але, здаецца, тут яскравей свецяць зоры
І салаўёў вясною не суняць…

Дзень вёскі – асаблівае свята. Як у кожнага чалавека свой лёс, так і ў вёсак – свой жыццёвы шлях, свая гісторыя. І пішуць яе звычайныя людзі.

Сапраўдны патрыёт не той, хто ва ўвесь голас заяўляе, як ён любіць сваю Радзіму, а той, хто спрабуе нешта зрабіць, каб захаваць вытокі яе мінулага для будучых пакаленняў, душой і сэрцам успрымае і разумее родную зямлю, даражыць ёю. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Вольга Цітавец, дырэктар Гулевіцкага сельскага клуба, якая і стала ініцыятарам свята вёскі Гулевічы, што адбылося 20 жніўня.

На мерапрыемства сабралася шмат лю-дзей. Гэта былі не толькі мясцовыя жыхары: з розных куточкаў вобласці з’ехаліся іх дзеці, унукі, а таксама шматлікія госці.

Адкрываючы святочную праграму, Галіна Бічан, старшыня Сыродскага сельскага Савета, выказала словы падзякі ўсім, хто знайшоў час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму на свята. “Пераканана, што родная зямля дае нам сілы, зараджае энергіяй, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі”, – адзначыла Галіна Міхайлаўна. Яна таксама падкрэсліла, што менавіта мясцовыя жыхары актыўна дапамагаюць у навядзенні парадку на зямлі.

Дарэчы, Гулевічы маюць багатую гісторыю. У пісьмовых крыніцах яны згадваюцца ў XVI стагоддзі як паселішча ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1560 годзе Гулевічы былі адзначаны ў актах размежавання, а ў 1774 г. – у дакументах пра ўдакладненне меж паміж вёс-камі Гулевічы і Каленкавічы.

Вядучыя свята Вольга Цітавец і Яўгенія Камыш ўзгадалі асноўныя падзеі гістарычнага мінулага вёскі – з’яўленне ў Гулевічах клуба і бібліятэкі, горкія гады калектывізацыі і масавых рэпрэсій, стварэнне калгаса “Праўда”, Вялікую Айчынную вайну, прапанавалі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто так і не вярнуўся дадому. А гэта 104 жыхары вёскі, 6 удзельнікаў антыфашысцкага руху, якіх расстралялі ў час акупацыі, 75 савецкіх салдатаў і 3 партызаны, што загінулі пры вызваленні Гулевічаў і пахаваны ў брацкай магіле.

Пра ўзнікненне і развіццё партызанскага атрада на гулевіцкай зямлі ўдзельнікам свята расказала гісторык-краявед Раіса Атаманава.

З павагай вядучыя называлі прозвішчы вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны, настаўнікаў Гулевіцкай школы.

Цікавіцца мінулым свайго краю, таго месца, дзе нарадзіўся і вырас, – вельмі карысна і пазнавальна, але ж давайце вернемся ў сучаснасць, да людзей, якія з’яўляюцца захавальнікамі і прадаўжальнікамі славутых традыцый і звычаяў. З імі ўдзельнікі свята пазнаёміліся пад час урачыстай часткі мерапрыемства.

Праца ў вёсцы — аснова жыцця. Сярод ганаровых гасцей свята быў кіраўнік СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргей Даўгяла, які павіншаваў вяскоўцаў з Днём роднай вёскі і ўшанаваў лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі, якія шмат гадоў шчыравалі на зямлі, працавалі не пакладаючы рук.

Вядома, што аблічча вёскі ствараюць яе жыхары, і першым чынам тыя, хто клапоціцца пра добраўпарадкаванне уласнага падворка. Пра іх арганізатары мерапрыемства таксама не забыліся. Падарункі ад сельскага савета і сельгаспрадпрыемства атрымалі гаспадары лепшых у вёсцы падворкаў – Галіна Карнеявец, Тамара Карнеявец і Ніна Карнеявец. Не здзіўляйцеся, як жартуюць самі жыхары Гулевіч, у іх адна палова вёскі Карнеяўцы, другая – Наўныкі.

Вядучыя пастараліся на славу. Дапамаглі ім у гэтым калектывы мастацкай самадзейнасці Гулевіцкага, Антонаўскага, Міроненскага сельскіх клубаў, СВК “Дружба-Аўцюкі”, ансамбль ТЦСАН “Чысты голас”, Марына Зубок з Калінкавіцкага цэнтру вольнага часу, якія некалькі гадзін радавалі прысутных душэўнымі народнымі і сучаснымі песнямі, тэатралізаванымі пастаноўкамі.

— Такія святы аб’ядноўваюць людзей, — адзначыла 76-гадовая мясцовая жыхарка Валянціна Наўныка. — І мы вельмі ўдзячныя мясцовым уладам, а таксама нашай Вользе Цітавец за тое, што яны ствараюць нам добры настрой, робяць усё магчымае, каб нам жылося цікавей.

Валянціна Пятроўна, якая некалі сама працавала дырэктарам Гулевіцкага клуба, адзначыла, што сёння клуб у надзейных руках, бо такіх энтузіястаў, як Вольга Цітавец трэба яшчэ пашукаць.

— Свята атрымалася па-сапраўднаму душэўным і шчырым. Мае дзве дачкі (адна прыехала з Мазыра, другая са Светлагорску), запісалі яго цалкам на відэа і даслалі сыну Валодзю ў Піцер. Ён глядзеў і не мог нарадавацца, кажа, ажно слёзы на вочы навярнуліся. Во як!

Сардэчна дзякавалі дырэктару сельскага клуба, а таксама ўсім, хто дапамог ёй арганізаваць запамінальнае і яркае мерапрыемства і іншыя жыхары Гулевіч. Сярод іх – Ніна Буднік, Кацярына Наўныка, Надзея Цітавец. Асабліва іх уразіў узровень падрыхтоўкі.

— Цікава было ўсім: і дарослым, і маленькім дзеткам. Для апошніх працавалі батут і надуўныя горкі. Для іх бацькоў – гандлёвыя кропкі. А ўся моладзь (і не толькі яна) з васьмі гадзін вечара да поўначы весялілася на дыскатэцы пад жывую светамузыку, — расказалі ўдзельнікі свята вёскі.

Гулевічам пашанцавала. Тут жывуць неабыякавыя людзі, якія сапраўды любяць сваю вёску, яе мінулае і сучаснасць, вераць у яе будучыню.

У той жа дзень не менш цікавыя святы вёсак прайшлі ў Даманавічах і Казловічах. А праз тыдзень – у Навасёлках. Не часта яны ладзяцца ў вёсках, бо яе жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянняў. Але, калі такая хвіліна настае, адпачываюць шчыра і весела.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.