Пісьменнік-гуманіст

adamovich

3 верасня 1926 года (хаця афіцыйна значыцца 1927 г. – Я.С.) ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і ўрача нарадзіўся вядомы беларускі пісьменнік і вучоны – літаратуразнаўца Алесь Адамовіч.

З 14 гадоў разам са сваякамі ён прымаў удзел у дзейнасці антыфашысцкага падполля, з 1943 г. быў сувязным у партызанскім атрадзе, а потым і яго байцом.

Гэтыя падзеі не проста пакінулі след у душы юнага змагара, але пазней і падштурхнулі яго да стварэння шэрагу бліскучых мастацкіх твораў: дылогіі «Партызаны» («Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»), кніг: «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі» (разам з Янкам Брылем і Уладзімірам Калеснікам), «Карнікі», «Блакадная кніга» (разам з Даніілам Граніным).

Пасля вайны Адамовіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працуючы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, абараніў доктарскую дысертацыю. У 1962-1966 гг. гадах жыў у Маскве, вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах, адначасова чытаў курс беларускай літаратуры ў МДУ імя Міхаіла Ламаносава. Затым вярнуўся ў Мінск і працягнуў працу ў Інстытуце літаратуры.

Жыў і працаваў у Мінску з 1967 па 1994 год. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў, у 1980-90-е займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыні Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля».

Без гэтага чалавека ніяк не ўяўляецца сённяшняе літаратурнае жыццё. І не толькі Беларусі. Алесь Адамовіч паспрыяў вышыні свядомасных крытэрыяў, узняў у сваіх творах многія з важнейшых праблем эпохі, ні ў чым не саступіў чысціні мастацкага сумлення.

Чалавецтва, яго вечныя тэмы і другая сусветная вайна,— няспынна знаходзіліся ў полі зроку пісьменніка. А зрок гэты пільны, ракурс бачання, як зазначыў М.Кузняцоў, быў «пранізліва-гуманістычны». Менавіта ў мінулай вайне Алесь Адамовіч бачыць найбольшую сугучнасць перажытага рознымі народамі. Тут найвялікшая ступень агульнай выпакутаванасці, не магчымая ні ў якіх іншых абставінах ступень самараскрыцця чалавека — у самых высокіх яго выяўленнях і ў самых нізкіх. Тут — агульная памяць, агульны боль, агульная радасць чалавецтва, успрынятая і ўвасобленая кожным народам у пэўных сацыяльных абставінах, і кожным чалавекам індывідуальна.

Сам Адамовіч ідзе ў выяўленні гэтай тэмы ад мастацкага перажывання, заснаванага на асабістых уражаннях (у чатырнаццаць год ён ужо быў у партызанах), сплаўленых з памяццю пакалення і народа, да найвышэйшага кандэнсавання філасофскай думкі, да спробы сучаснага пераасэнсавання жанру, які, здавалася б, адышоў у мінулае,—дакументальнага летапісу.

Дылогія «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» была выкананнем абавязку перад сябрамі па вайне — тымі, хто жыве, і тымі, хто загінуў,— асабліва.

Першая частка дылогіі з’явілася праз чатырнаццаць год, другая — праз васямнаццаць пасля вайны. Была дыстанцыя часу. Сам Адамовіч на гэтую пару стаў вядомым крытыкам і літаратуразнаўцам, аўтарам манаграфій «Шлях да майстэрства», «Беларускі раман», «Культура творчасці», літаратарам, які набыў аўтарытэт сваёй прынцыповасцю, шырынёй думкі, уменнем супастаўляць агульнае з канкрэтным.

А ў «Хатынскай аповесці» Алесь Адамовіч перакідвае масткі з сучаснасці да часоў вайны і ад часоў вайны ў сучаснасць. Публіцыстычна завострана гаворыць пра тое, што няма трэцяга рэйха, але фашызм і сёння мае сваіх прыхільнікаў. І зусім не тэарэтычна ставіцца пытанне — быць чалавеку на планеце ці не быць. «Хатынская аповесць» – гэта адказ тэарэтыкам сучаснай літаратуры, якія сцвярджалі, што «мастацкая літаратура немагчымая пасля Асвенцімаў».

Роздум над лёсам чалавецтва, імкненне да спасціжэння вялікай праўды народнай прывялі Алеся Адамовіча і яго паплечнікаў Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, а пазней Данііла Граніна да ўнікальных твораў — «Я з вогненнай вёскі…» і «Блакаднай кнігі», якія яны выслухалі, запісалі, сабралі, перажылі.

Творы Алеся Адамовіча аб вайне, перакладзеныя на 21 мову, не пакінулі абыякавым нікога ў цывілізаваным свеце. Пры праглядзе мастацкага фільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага і знятага па матывах «Хатынскай аповесці» сумесна з вядомым расійскім кінарэжысёрам Элемом Клімавым, над дакументальнай кнігай-споведдзю «Я з вогненнай вескі» былі пралітыя рэкі слёз суперажывання і болю.

У творчасці Алеся Адамовіча заўсёды адчуваецца цэласнасць мастацкай і аналітычнай думкі. Ён умее даць і агульны, але зусім не павярхоўны, абрыс беларускай літаратуры, прасачыць шляхі яе развіцця, тонка і пранікнена расказаць пра пісьменнікаў, якія сваёй працай пазначаюць вехі нашай прозы: Гарэцкага, Мележа, Быкава, Шамякіна, Брыля. І як даследчык шчасліва спалучае глыбіню аналізу і празорлівасць з яркай вобразнасцю, непаспешлівасць, трываласць думкі з бліскучай лёгкасцю, сапраўднымі азарэннямі.

Алесь Адамовіч адзін з першых настойліва і з самых розных літаратурных трыбун загаварыў пра беларускую літаратуру як пра частку сусветнай літаратуры, разгледзеў яе ў кантэксце эпохі, параўнаўшы сённяшняе з мінулым — Беларусі, Савецкай краіны, чалавецтва. Смела, не блізарукім правінцыйным вокам пазначыў маштабы беларускай прозы, разгледзеў стан беларускай літаратуры на літаратурнай планеце.

Алесь Адамовіч валодаў рэдкім дарам мастака — спалучаць у сваёй творчасці лёс народа і лёс чалавека.

У 1994 г. пісьменніка не стала.

Янка Стадалюк.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.