ТЫСЯЧНІКАМІ СТАЛІ ВАСЯМНАЦЦАЦЬ ЭКІПАЖАЎ

Такога ў нашым раёне яшчэ не было: адразу 18 камбайнерскіх экіпажаў сталі тысячнікамі. А гэта – амаль пятая частка ад усіх экіпажаў, якія сёлета ўбіралі збожжа. І цяпер мы можам смела сказаць, што менавіта іх стараннасцю і працавітасцю сабрана чвэрць ад агульнай колькасці зерня, атрыманага ў раёне.

Многіх з тых, каго гэтымі днямі віншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Сінькевіч з тысячай намалочанага збожжа, не трэба і прадстаўляць. Не першы год яны працуюць механізатарамі і вадзіцелямі ў сваіх гаспадарках і не ўпершыню становяцца перадавікамі жніва. Як, напрыклад, механізатар Мікалай Есьман з СВК “Дружба-Аўцюкі” (фота 1).

1

1

Вось і ў цяперашнюю ўборку экіпаж, у якім ён працаваў камбайнерам, стаў тысячнікам. Разам з ім у якасці памочніка працаваў Валерый Снопік, які па асноўным сваім занятку цяпер – навучэнец Палескага аграрнага каледжа. Але ў летнія канікулы ён прыйшоў на камбайн. І не толькі, каб зарабіць грошай. Побач з вопытным і аўтарытэтным механізатарам ёсць чаму навучыцца. А гэта нават не менш важна, чым практычныя заняткі падчас вучобы. Ужо наступіў верасень, і Валера вярнуўся на вучобу ў аграрны каледж, а Мікалай Есьман перасеў на магутны трактар і працуе на сяўбе азімых культур. І калі надвор’е будзе спрыяць, то ў наступным годзе на камбайне яны зноў набяруць запаветную тысячу тон зерня.

2

2

Адзіным экіпажам паспяхова працавалі на ўборцы два Віктары – Дулуб і Малашчанка (фота 2). У паўсядзённым жыцці Віктар Дулуб таксама механізатар, а Віктар Малашчанка – слесар. Але вось ужо трэці год запар падчас уборкі яны разам выводзяць у поле свой камбайн і атрымліваюць заўважны намалот.

IMG_5995

3

Шмат добрых водзываў пачулі мы і пра камбайнерскі экіпаж з ААТ “Прудокскае”, у якім працавалі Пётр Севярынчык і Максім Варабей (фота 3). У такім складзе яны ўпершыню выйшлі ў поле на камбайне. Аднак калі Максім – учарашні выпускнік сярэдняй школы, які стаў навучэнцам Палес-кага аграрнага каледжа, то для Пятра гэта ўжо трэцяе жніво. І кожны раз ён дасягаў адметных вынікаў, быў і камбайнерам-тысячнікам. А ўвогуле Пётр Севярынчык з тых людзей, што красяць месца, якое займаюць. Раённая газета неаднойчы пісала пра яго, як пра перадавіка. Сумленнасць, адказнасць, сціпласць і ўжо набыты прафесіяналізм сапраўднага хлебароба – вось тыя адметныя якасці, што вылучаюць хлопца з механізатарскага шэрагу.

Дарэчы, адметнасць сёлетняга жніва яшчэ і ў тым, што ажно чатыры экіпажы з розных гаспадарак раёна працавалі як маладзёжныя і сталі тысячнікамі. Адзін з іх – Пятра Севярынчыка і Максіма Вараб’я.

Адразу два маладзёжныя экіпажы-тысячнікі з вытворчым поспехам на жніве віншавалі ў сельгасфіліяле малочнага камбіната. Першы раз экіпажам камбайна выйшлі ў поле Андрэй Крот і Уладзімір Ракаед (фота 4).

4

4

Другі год запар у той жа гаспадарцы працаваў экіпаж у складзе Андрэя Варажуна і Сяргея Худалея (фота 5).

5

5

Нагадаем, што менавіта ў гэтай гаспадарцы звыш тысячы тон збожжа перавёз і малады вадзіцель Віктар Саковіч. Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Васіль Наздрын, менавіта з кемлівай, здольнай, працавітай і прафесійна падрыхтаванай моладдзю сёння звязана будучыня сельгаспрадпрыемства.

Тысячнікам стаў і маладзёжны экіпаж з ААТ “Радзіма” (фота 6).

6

6

Для маладога механізатара Валерыя Барысаўца гэта ўжо чацвёртае жніво. Ён і ў папярэднія гады дасягаў значных вынікаў падчас уборкі. А сёлета ў пары з Уладзіславам Міронавым яны сталі тысячнікамі. Уладзіслаў, дарэчы, першы год працуе ў гаспадарцы. У мінулым годзе ён пераехаў сюды з Украіны. У ягонай сям’і падрастае 10-гадовы сын, і Уладзіслаў марыць пра тое, каб ён рос у схільнасці да мірнай стваральнай працы, а не да разбурэння і гвалту.

Перадавіком на адвозцы збожжа ў той жа гаспадарцы стаў Леанід Кучур (фота 7), які аўтамабілем “МАЗ” перавёз ад камбайнаў звыш дзвюх тысяч тон зерня.

7

7

Штогод Леанід Віктаравіч вызначаецца з лепшага боку і ў іншай рабоце. У цяперашні час ён заняты на перавозцы сіласу.

8

8

Тысячу тон збожжа намалацілі Васіль Гаўрыленкаў і Уладзімір Чарнякоў з УП “Даманавічы-Агра” (фота 8).

Яны – пяты камбайнерскі экіпаж у гаспадарцы, які стаў тысячнікам, і адзіны ў раёне па другой групе камбайнаў: Васіль Васільевіч і Уладзімір Аляксандравіч працавалі на камбайне “Acros”. Гэта іх трэцяя сумесная ўборка і другі працоўны поспех: экіпаж ужо станавіўся тысячнікам у пазамінулым годзе.

Яшчэ адзін экіпаж-тысячнік на фінішы ўборкі з’явіўся ў ААТ “Каплічы”. Гэта бацька і сын Уладзімір і Віктар Камышы (фота 9).

9

9

Прозвішча даволі вядомае сваёй працавітасцю і адданасцю роднай зямлі і ў гаспадарцы, і ў раёне. Прынамсі, Віктар – гэта ўжо чацвёртае пакаленне сям’і Камышоў, якое абірае сваім заняткам работу ў сельскай гаспадарцы. Праўда, сёлета хлопец паступіў у Мазырскі ліцэй геалогіі. Але хто ведае, як там далей, бо вельмі часта здараецца, што прыцягненне малой радзімы аказваецца мацней за жураўля ў небе.

Звыш тысячы тон збожжа аўтамабілем “ГАЗ-53” перавёз Уладзімір Будаў (фота 10) з ААТ “Неначскае”. Вадзіцель з вялікім стажам і вопытам работы, Уладзімір Аляксеевіч толькі чатыры гады працуе на грузавіку і ў другі раз быў заняты на перавозцы збожжа.

10

10

З вытворчым дасягненнем камбайнерскія экіпажы віншавалі і на словах, і каштоўнымі падарункамі Сяргей Сінькевіч, першы сакратар РК БРСМ Таццяна Аргунова-Века, кіраўнікі і прафсаюзныя лідары гаспадарак. Яны выказалі шчырую ўдзячнасць і адзначылі, што значныя поспехі заўсёды з’яўляюцца добрым прыкладам сапраўднага прафесійнага майстэрства, адказнасці, здольнасці па-гаспадарску адносіцца да зямлі, умення клапаціцца пра яе ўрадлівасць. Найлепшыя пажаданні гучалі і ў адрас сямей хлебаробаў за тую падтрымку, стварэнне спагадлівай атмасферы і ўмоў, якія паспрыялі працоўным дасягненням.

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.