Гарочычы

снимок 004

На паўднёвы ўсход ад Калінкавіч, па дарозе Калінкавічы-Дудзічы-Ліпаў, за 15 кіламетраў ад райцэнтра размясціўся аграгарадок Гарочычы. Планіровачна населены пункт складаецца з прамалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыяльнай арыентацыі, да якой на поўдні далучаюцца тры кароткія вуліцы. Забудова аграгарадка двухбаковая, пераважна драўлянага сядзібнага тыпу, за выключэннем, канешне, новых цагляных дамоў, якія пабудаваны мясцовай гаспадаркай для сваіх працаўнікоў, і за дзяржаўныя сродкі – для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны.

Паданні і факты

Што датычыцца назвы паселішча, то, як лічыць прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Рогалеў: “Форма наймення (суфікс –ычы) паказвае, што яно ўзнікла ў перыяд да XVI- XVII стагоддзяў. У аснове наймення ляжыць абазначэнне жыхароў пасялення – гарочычы. Каго маглі так называць? На наш погляд, гарочычы – гэта тыя, хто займаецца апрацоўкай і ўгнаеннем зямлі. У беларускіх гаворках ужываюцца словы агарот, гарот і гарод, якія маюць наступныя значэнні: участак зямлі прызначаны для агародніны; поле за агародам; наогул абгароджаны ўчастак зямлі; сядзіба вясковага жыхара; добра апрацаваная і ўгноеная зямля.

Ад слова гарот (гарод) і ўтварылася “калектыўная мянушка” гарочычы (першапачаткова, відаць, гароцічы), а назва Гарочычы, якая разумелася, як “месца пражывання гарочычаў”.

Будова назвы, як значэнне і мяркуемы час узнікнення дазваляюць зрабіць наступны вывад. Вёска Гарочычы ўзнікла ў суцэльнай лясной мясцовасці, жыхары яе спрадвеку займа-ліся земляробствам, таму і расчышчалі лясныя дзялянкі пад палі. Такі спосаб жыцця абумовіў нараджэнне мянушкі гарочычы, якая хутка ператварылася ў назву пасялення. Адбылося ўсё гэта, як мы ўжо адзначылі, да XVI-XVII стагоддзяў, а магчыма, яшчэ ў старажытнарускі час, дзесьці паміж XIII і XIV стагоддзямі”.

На нашу думку, магчымы і іншы варыянт тлумачэння паходжання назвы Гарочычы.

У першым тысячагоддзі нашай эры гарадамі называлі паселішчы, умацаваныя агароджай, якая звычайна складалася з рова, землянога вала і частаколу. Нярэдка такія гарады з цягам часу гублялі сваё ваеннае значэнне, іх умацаванні руйнаваліся, а самі яны прыходзілі ў заняпад і ператвараліся ў гарадзішчы – месцы, дзе быў горад. Пазней на тых месцах узнікалі паселішчы, якія атрымлівалі назву: Гарадзішча, Гарадок, Гарадзец, Гарадзея.

Як вядома, тэрмін горад звязаны з паняццем агароджа, гарадзіць. Дык чаму не дапусціць магмымасць паходжання назвы Гарочыч, якія, нават, у афіцыйных дакументах 20-х гг. мінулага стагоддзя называліся Гародчыцамі, ад слова горад. Можа і сапраўды ў гады сівой даўніны на месцы Гарочыч размяшчаўся старажытны горад?

Аб тым жа, што людзі сяліліся ў ваколіцах Гарочыч з даўніх часоў, сведчаць старажытныя курганы, якія знаходзяцца побач з аграгарадком. Паміж Гарочычамі і вёскай Рудзенька ёсць урочышча Горкі. А завецца яно так, як сцвярджаюць старажылы, бо ў ім сапраўды размяшчаліся невялікія ўзгоркі, якія, быццам бы, былі насыпаны чалавекам яшчэ ў далёкай старажытнасці. На сённяшні дзень з усіх пагоркаў, якія на самой справе з’яўляліся курганнымі могільнікамі, захавалася ўсяго два курганы. Частка з іх у панскія часы была раскапана мясцовым земляўладальнікам, частку зруйнавалі ў час пракладкі асфальтавай дарогі.

Мясцовыя жыхары з гэтай нагоды расказваюць і пра другое ўрочышча ў гарочыцкіх ваколіцах. Называецца яно Галявіцай, і таксама мае на сваёй тэрыторыі “горкі” старажытнага паходжання. Дык вось, па расказах старажылаў, у 30-я гады мінулага стагоддзя мясцовыя сяляне раскапалі адну з іх, каб пабудаваць сянажную яму, і наткнуліся на чалавечыя косці.

Жыхары Гарочыч лічаць, што гэтыя рукатворныя горкі-курганы ўзніклі ў часы мангола-татарскага нашэсця. Але гэта, хутчэй за ўсё, не болей, як мясцовае паданне. “На самой справе, курганы былі насыпаны над пахаваннямі ў яшчэ больш раннія часы,”- лічыць прафесар Аляксандр Рогалеў. (Газета “За камунізм”. 17 сакавіка 1990 г.).

Аб старажытнасці паходжання Гарочыч сведчаць і археалагічныя артэфакты, якія былі знойдзены на тэрыторыі вёскі .

Як сцвярджаюць жыхары вёскі, ў 60-я гады мінулага стагоддзя на прышкольным вопытным участку, які цягнуўся амаль да самай рэчкі Абедаўкі, школьнікі знайшлі каменныя прылады працы: скрабкі, наканечнікі стрэл, каменную сякеру. Старая школа у той час (да 1970 г.) размяшчалася па вул. Савецкай, якая праходзіць па пакатым узгорку, што размясціўся на паўночна-заходнім беразе р. Абедаўкі.

Да сённяшняга дня ў мясцовай школе з тых знаходак захоўваецца каменная сякера і каменны нож.
На тэрыторыі Гарочыч быў знойдзены і яшчэ адзін след пражывання насельнікаў бронзавага веку – каменная матыка, якая знаходзіцца зараз у адным з мінскіх музеяў.

Знойдзены на тэрыторыі Гарочыч і вёсак Гарочыцкага сельсавета і старажытныя рудні або рудніцы – месцы, у якіх старажытныя мясцовыя жыхары здабывалі крычным спосабам жалеза з балотнай руды, якая мелася амаль у кожнай рачной даліне. Металургіяй жалеза тутэйшыя жыхары авалодалі 700-800 гадоў да нашай эры. (Памяць.Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”. 1999.с.32-33).
Так што досыць ужо гэтага пераліку фактаў, каб пацвердзіць самае старажытнае паходжанне вёскі Гарочычы.

Старажытнасць мясціны разам з наяўнасцю канкрэтных гістарычных доказаў заўсёды абрастае і рознымі паданнямі. Напрыклад, у ваколіцах Гарочыч ужо не адно дзесяцігоддзе існуе паданне аб тым, як руская імператрыца Кацярына II праязджала цераз Гарочычы, у час свайго падарожжа з Пецярбурга ў Крым. Старажылы баюць, быццам бы, імператрыца са сваёй світай спынілася нанач на беразе ракі, якая ў гонар гэтага атрымала назву Ненач, а на абед яна спынілася на беразе левага прытоку Неначы, што працякае цераз Гарочычы, і таму гэтую рачулку з тых часоў называюць Абедаўкай.

Канешне, гэта не болей чым выдумка, бо дакументальнага пацверджання факту наведвання Кацярынай II гарочыцкіх мясцін устанавіць не ўдалося. І, нават, тое, што дарога ад вёскі Есіпава Рудня праз урочышча Галявіца, да вёскі Рудзенька праз Гарочычы і далей на Даманавічы дагэтуль носіць назву “Кацярынінскі шлях”, а каля вёскі Булаўкі, якая таксама стаіць на рачушцы Абедаўка, што пачынаецца за 4 кіламетры на захад ад вёскі Вязавіца, мае даўжыню 30 кіламетраў, працякае па нізіне Прыпяцкага Палесся і ўпадае ў Ненач за 12 кіламетраў ад вусця, ёсць “Кацюшын лес”, нічога не пацвярджае. Як і тое, што паміж вёскамі Рудзенька і Есіпава Рудня захаваўся насыпаны і абсаджаны, накшталт алеі, бярозамі шлях.

Такія шляхі пачалі паўсюдна ствараць у Беларусі пасля далучэння яе зямель да Расійскай імперыі, што супала з часам праўлення Кацярыны II. Адсюль паўсюдна пайшла і назва “Кацярынінскі шлях”, што ў рэаліі зусім не адпавядала таму, што імператрыца сапраўды наведвала тое ці іншае месца.

Па пісьмовых крыніцах Гарочычы вядомы з XIX стагоддзя, як вёска ў Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1850 г. яна з’яўлялася ўласнасцю памешчыка Міхайлава і ўваходзіла ў склад яго маёнтка Даманавічы.

Маёнтак быў падараны сапраўднаму статскаму саветніку і кавалеру Андрэю Сідаравічу Міхайлаву ад казны па Высокай Грамаце, а затым перайшоў па спадчыне яго сыну — надворнаму саветніку Івану Андрэевічу Міхайлаву.

У вёсцы тады налічвалася ўсяго 24 двары. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. т.1. Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с. 542). Сяляне займаліся земляробствам, пчалярствам, зборам і продажам лясных прадуктаў, ад чаго выручалі па 25-50 рублёў срэбрам на кожны цяглавы двор, на якія набывалі соль, косы, жалеза. Яны таксама выконвалі павіннасці на карысць памешчыка на палявых і агародных працах, сенакосе будаўнічых і дарожных працах унутры маёнтка, на нарыхтоўцы дроў, пасьбе жывёлы, вартаўніцтве.

Працоўны ўзрост для мужчын лічыўся ад 16 да 60 гадоў, для жанчын — ад 15 да 50 гадоў. Акрамя паншчыны сяляне плацілі прадуктовы чынш.

Першымі жыхарамі вёскі лічацца носьбіты прозвішчаў: Чарняковы, Маскалевічы, Цітовы, Назаранкі, Зіновічы.

У сярэдзіне XIX ст. Расійская імперыя стаяла ў кроку ад рэвалюцыйнага выбуху. Адсутнічалі станоўчыя вынікі папярэдняй палітыкі па сялянскаму пытанню. У 1858-1860 гг. толькі ў Беларусі адбылося звыш 40 буйных выступленняў сялян. Наглядаўся агульны крызіс гаспадаркі краіны. Рэзка вырасла запазычанасць памешчыкаў перад Дваранскім банкам, што гаварыла аб крызісе панскай гаспадаркі.

Патрабавалася тэрміновае прыняцце мер па рэфармаванні краіны, і ў першую чаргу — трэба было адмяніць прыгонніцтва.

Памешчыкі Беларусі і Літвы прапанавалі вызваліць сялян, але без зямлі. Толькі Віцебскія і Магілёўскія земляўладальнікі былі не супраць надзялення сялян зямлёй за выкуп. У гэтых губернях глеба была нізкай якасці, а большасць памешчыкаў атрымлівала даходы ў выглядзе аброку.
Маніфест аб адмене прыгоннага права быў падпісаны Аляксандрам II 19 лютага 1861 г. Ён аб’яўляў аб пачатку правядзення рэформы ў дзяржаве, указваў на яе прычыны і мэты.

У «Агульным палажэнні» змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі былі ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян, і яны адпрацоўвалі паншчыну ці выплачвалі аброк у поўным дарэформеным памеры, ім было забаронена пакідаць зямлю; уводзіліся ўстаўныя граматы, якія вызначалі пазямельнае ўпарадкаванне і павіннасці сялян на карысць памешчыка; але адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў; сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы — яны маглі займацца промысламі, гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом.

Уласнікам зямлі селяніна рабіла выкупная здзелка. З пераходам на выкуп часоваабавязаныя адносіны спыняліся, сяляне залічваліся ў разрад уласнікаў. Правілы выкупу былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20% выкупной сумы, астатнюю частку — 80% памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты за ссуду (выплаты цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.). Па сутнасці, сяляне выкуплялі не зямлю, а кампенсавалі памешчыкам свае феадальныя павіннасці.

Распрыгоньванне сялян, хоць і марудна, але паціху зрушылася з месца. Напрыклад, калі ў кастрычніку 1865 г. 1-я Праверачная камісія Рэчыцкага павета здзейсніла праверку маёнтка Даманавічы, то выявілася, што працэс арганізацыі выкупу зямлі сялянамі пачаўся.

У маёнтак Даманавічы на той момант уваходзіла дзевяць паселішчаў, у тым ліку і Гародчыцы. Гэтыя паселішчы складалі шэсць сельскіх таварыстваў. Па статутнай грамаце ў маёнтку значылася 187 двароў; у тым ліку 187 сялян, якія валодалі палявымі ўчасткамі.

Рэвізскіх душ “мужчынскага цела”, як было адзначана ў акце праверкі, г.зн. дзяржаўных сялян было 647.

Паводле пастановы камісіі, выкладзенай у пратаколе праверачных дзеянняў, “у маёнтку Даманавічы аказалася сялян-гаспадароў, якія валодаюць двухцяглавымі ўчасткамі – 75, адноцяглавымі – 11, трохдзесяціннымі – 11, і агароднікаў – 5. Усяго – 203”.

У карыстанне сялян было адведзена па статутнай грамаце зямлі, акрамя выпасу, які знаходзіцца ў карыстанні сялян і памешчыка, па 1000 квадратных сажняў (сажань— стараруская адзінка вымярэння адлегласці, роўная 2,16 м – І.Г.) пры кожнай вёсцы, на кожны сялянскі двор.

У прыватнасці, на Гародчыцы было адведзена 28 квадратных сажаняў прысядзібнай зямлі, 312 – ворыўнай і 136 –сенакоснай, усяго 476 сажаняў.

З 1 жніўня 1866 года сяляне Гародчыц разам з астатнімі сялянамі маёнтка Даманавічы былі пераведзены на выкупныя плацяжы замест аброку. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф.1595, воп.2, с.2282).

Адмена прыгонніцтва ў Беларусі мела свае асаблівасці ў параўнанні з усёй Расійскай імперыяй. Так, памеры сялянскіх надзелаў тут былі вышэйшымі, чым па Расіі. А выкупныя сумы, наадварот, былі зменшаны. Але памешчыцкае землеўладанне ўсяроўна захоўвалася — у памешчыкаў знаходзілася больш паловы лепшай зямлі, а ля 40% сялян былі малазямельнымі.

Таму жыццё сялянства па-ранейшаму заставалася цяжкім і беспрасветным.

У 1893 г. землеўладальнік Міхайлаў прадаў свой маёнтак гомельскім купцам –братам Міхаілу і Андрэю Шышкіным. Так жыхары Гародчыц папалі пад уладу новых землеўладальнікаў, і, зразумела, што жыццё іх ад гэтага лепшым ніколькі не стала.

Згодна перапісу 1897 г. ў Гародчыцах было 70 двароў, у якіх пражывалі 492 жыхары, дзейнічалі капліца, хлебазапасны магазін і пастаялы двор. У 1912 г. у вёсцы адкрылася народнае вучылішча, якое размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце.

24 ліпеня 1901 г. газета “Сибирская жизнь» на апошняй старонцы расказала пра трагічны выпадак, які адбыўся ў Гародчыцах:

“У вёсцы Гародчыцы Рэчыцкага павета Мінскай губерні сялянка Н. выйшла па нейкай патрэбе на двор, пакінуўшы ў сенях у калысцы 7-месячнае немаўля і дваіх сваіх дзяцей: двух і чатырох гадоў.
У сені забегла свіння. Старэйшыя дзеці спужаліся і схаваліся пад лавай у хаце, а свіння падыйшла да калыскі, абярнула яе, і адгрызла ў дзіцяці частку галавы, кісць правай рукі і некалькі пальцаў на назе.

Жах няшчаснай маці, якая ўбачыла сваё дзіцё мёртвым, быў настолькі вялікім, што яна страціла розум”.

Вірлівы век

Пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. царскі ўрад імкнуўся нейтралізаваць апазіцыйны рух. Шмат удзельнікаў рэвалюцыйных падзей апынулася ў турмах. Аднак урад разумеў, што толькі гвалтоўнымі метадамі краіну не супакоіць. Барацьба сялян за зямлю паскорыла правядзенне аграрнай рэформы. Галоўным ідэолагам і арганізатарам пераўтварэнняў у аграрным сектары выступіў прэм’ер-міністр П. Сталыпін. Абвешчаная царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. рэформа сялянскага надзельнага землеўладання прадугледжвала ліквідацыю абшчыны, пераход зямлі ў асабістую ўласнасць, перасяленне часткі сялян у Сібір і на Далёкі Усход. У палітычным плане гэтая рэформа дазваляла расслаіць вёску, паскорыць стварэнне заможнага пласта сялян, які мог бы стаць апорай самадзяржаўя.

Кожнаму селяніну дазвалялася выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць свой зямельны надзел. Дазвалялася таксама патрабаваць выдзялення зямлі на адным участку-водрубе, перанёсшы на які ўласны дом, ён мог бы стварыць свой хутар.

Для правядзення рэформы ствараліся губернскія і павятовыя землеўпарадкавальныя камісіі. А 14 чэрвеня 1910 г. землеўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова выдзяляць сялянам зямлю на адным участку.

Для перасяленцаў вылучаліся сродкі на пераезд, кароткатэрміновыя крэдыты і бязвыплатныя грашовыя субсідыі, фарміраваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму і размеркавання, наразаліся ўчасткі зямлі.

Гэтая палітыка была вельмі разумнай у адносінах да працаздольнай часткі сялян, але не магла вырашыць аграрную праблему ў цэлым.

Агульным патрабаваннем сялян была не маніпуляцыя з супольнымі землямі і перасяленнем, а ліквідацыя памешчыцкага землеўладання. Многія сяляне-сераднякі не змаглі скарыстацца перавагамі рэформы таму, што аднаасобная гаспадарка была спалучана для іх з нязвыклай рызыкай і ў большасці выпадкаў не абяцала ніякіх гаспадарчых перспектыў, акрамя немінучага банкруцтва.

Уласна кажучы, гэта і стала галоўнай прычынай бунту, які ўзнялі гарочыцкія сяляне ў 1912 г.

8 мая 1912 г. мінскі губернатар накіраваў у Дэпартамент паліцыі данясенне аб супраціўленні сялян в. Гародчыцы пры размеркаванні зямлі на хутарскія ўчасткі:

“… 18 красавіка с.г. ў в. Гародчыцы Рэчыцкага п. прыбылі землямеры землеўпарадкавальных камісій для ажыццяўлення работ па размеркаванні зямлі сялян на хутары. Але натоўп сялян, незадаволеных рассяленнем, не дапусціў землямераў да работы.

Тады земскі начальнік 6-га участка Рэчыцкага п. назначыў на 21 красавіка сельскі сход для вырашэння пытання аб пераходзе іх да хутарскога землекарыстання, на што большасць сялян выявіла жаданне.

Земскі начальнік у той жа дзень вырашыў прыступіць сумесна з землямерамі да абходу акружной мяжы зямель сялян в. Гародчыцы. Але толькі ён выйшаў з вучылішча, дзе быў сход, як натоўп сялян, жанчын і дзяцей, у ліку да 1000 чал., перагарадзіў дарогу, прасіў не выдзяляць іх на хутары, сілай зняў рабочых ,урадніка і стражніка, адпіхнуў ад земскага начальніка, затрымаў сельскага старасту, зняважыў яго і валаснога старшыню. У сельскага старасты нават сарвалі службовы знак. У адрас старасты і рабочых загучалі пагрозы натоўпа: ”Заб’ем”. У некаторых сялян у руках былі палкі і камні.

Угаворы з боку земскага начальніка поспеху не малі. У такіх умовах працягваць работы магчымасці не было.

На другі дзень у в. Гародчыцы прыбыў рэчыцкі спраўнік з атрадам варты, арыштаваў 6 галоўных зачыншчыкаў беспарадкаў і заключыў іх пад варту пры паліцэйскім упраўленні да распараджэння судзебнага следчага, якому перадаў здзейсненае дазнанне для прыцягнення віноўных да адказнасці па 271-му і 272-му артыкулу Укладання аб пакараннях.

25 красавіка с.г. спраўнік, згодна просьбы земскага начальніка, са стражнікамі прысутнічаў у в. Гародчыцы для аказання садзейнічання землямерам у вытворчасці работ. Земскі начальнік зноў склікаў сельскі сход, на якім выявілася, што ад размеркавання зямлі на хутары адмовілася большасць сялян, якія не патлумачылі прычыны. Земскі начальнік вымушан быў аб’явіць аб прыпыненні работ… “ (История Беларуси. Сборник документов и материалов. Минск. 2000. с. 244-245).

У 1912-1917 гг. ва ўрочышчы Пільня нямецкім прамыслоўцам, прозвішча якога ніхто ўжо ў вёсцы сёння не памятае, быў пабудаваны вялікі лесапільны завод. Аналагічны завод быў пабудаваны і на станцыі Гарочычы.

Вяскоўцы, што працавалі рабочымі на гэтых заводах, як успаміналі старажылы, падвяргаліся невыноснаму прымусу і жорсткай эксплуатацыі, якую чалавеку цяжка было перанесці не толькі фізічна, а нават маральна. Таму завод у Пільні двойчы палілі, а на станцыі – спалілі ў 1917 г.

У 1915 г., пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Жлобін-Калінкавічы, побач з Гарочычамі пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Гарочычы і пачаў фарміравацца пасёлак, які сёння называецца пасёлак Гарочыцкі.

Непасрэдны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1917 г. прымалі жыхары Гарочыч Назаранка Раман Дзям’янавіч, Зіновіч Канстанцін Яфімавіч і Дубровін Савелій Сцяпанавіч.

Першы камбед і рэвалюцыйны камітэт у вёсцы ўзначальваў Чарнякоў Сцяпан Германавіч. А першым бальшавіком быў Драздоў Рыгор.

Да рэвалюцыі 1917 г. і ў першыя гады пасля яе Гародчыцы адміністрацыйна ўваходзілі ў склад Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета.

На падставе пастановы Саўнаркама ад 24 снежня 1917 года «Аб органах мясцовага самакіравання» пачалася ліквідацыя ніжэйшых адміністрацыйных і земскіх усесаслоўных органаў самакіравання Часовага ўрада — валасных выканкамаў і валасных земскіх упраў, — якія атрымалі ў спадчыну адміністрацыйныя, фінансавыя і гаспадарчыя функцыі ліквідаваных валасных сходаў, праўленняў, судоў і старшын. Гэтыя органы практычна так і не прыступалі да працы, а пасля Кастрычніка 1917 года былі заменены спачатку валаснымі рэвалюцыйнымі камітэтамі і камітэтамі беднаты, а затым – валвыканкамамі (выканаўчымі органамі валасных з’ездаў) і сельсаветамі.

Так, 17 снежня 1918 г. адбылося пасяджэнне Даманавіцкага рэвалюцыйнага камітэта, на якім у шэрагу іншых былі разгледжаны пытанні “Аб пастаноўцы на ўлік усёй народнай маёмасці” і “Аб неадкладнай арганізацыі камітэтаў сялянскай беднаты (камбедаў)”.

Характэрна, што ў валасны камбед балаціравалася аж некалькі жыхароў Гародчыц: Міхаіл Тозік, Макарый Назаранка, Сцяпан Чарнякоў, Васіль Зіновіч і Павел Маскалевіч. Выбралі, праўда, толькі Міхаіла Тозіка, а Макарыя Назаранку, Паўла Маскалевіча і Васіля Зіновіча залічылі ў кандыдаты.
На гэтым жа пасяджэнні валрэвкама было вырашана, адразу ж пасля стварэння ў вёсках воласці камбедаў, сазваць валасны з’езд для арганізацыі валаснога выканаўчага камітэта. (Мазырскі архіў, ф. 167, воп.1,с.2,л.1).

Тым часам у Гародчыцах быў створаны камітэт сялянскай беднаты, які ўзначаліў Раман Назаранка. У састаў камбеда таксама ўвайшлі Павел Маскалевіч і Аляксей Назаранка. (Мазырскі архіў,ф. 167, воп.1,с.2,л.7).

12 студзеня 1919 г. на агульным сходзе грамадзян Гарочыч пад старшынствам Рамана Назаранкі і сакратара Паўла Маскалевіча адбыліся перавыбары сельскага камбеда. Большасцю галасоў старшынёй Гарочыцкага камбеда выбралі Савелія Дубровіна, яго сябрам (намеснікам – І.Г.) — Паўла Маскалевіча і сакратаром — Канстанціна Зіновіча. (Мазырскі архіў,ф.167,воп.1,с.4,л.109).

А ўжо 29 студзеня гэтага ж года Раман Назаранка дакладваў на сходзе камбедаў Даманавіцкай воласці аб стане спраў у Гарочычах:

“Крайняя патрэба ў хлебе з выпадку неўраджаю ў 1918 г., градабою. Паблізу вёскі – вялікая нарыхтоўка лесу. Каля Гародчыц ёсць вялікі запас калод для распілоўкі, які нарыхтаваны каля 4 гадоў назад, да 5000 калод альхі, але альха гэтая псуецца, як і іншыя лесаматэрыялы, што нарыхтаваны і валяюцца.

<…>Пры Гародчыцах ёсць два лесапільных заводы, але яны пакуль не дзейнічаюць. Апошні час вёска нясе вялікі цяжар па забеспячэнні беднякоў. Таму амаль прыходзіцца дзяліцца апошнім кавалкам хлеба. У вёсцы патрэбна пабудаваць 2-камплектнае вучылішча”. (Мазырскі архіў,ф.167,воп.1,с.2,л.10).

Пачынаючы з 1919 г. ўся паўната ўлады на месцах пераходзіла да сельскіх Саветаў. Увогуле, сістэма сельскіх Саветаў была замацавана Канстытуцыяй РСФСР 1918 года. Парадак утварэння, дзейнасці і задачы сельскіх Саветаў былі вызначаны Канстытуцыяй і наступнымі заканадаўчымі актамі: Палажэннем УЦВК «Аб сельскіх Саветах» ад 15 лютага 1920 года; «Палажэннем аб сельскіх Саветах», зацверджаным УЦВК 26 студзеня 1922 года; «Палажэннем аб сельскіх Саветах» ад 16 кастрычніка 1924 года і іншымі.

Сельскі савет абіраўся на пэўны тэрмін. Бягучая праца вялася выканаўчым камітэтам на чале з яго старшынёй. Савет рэгулярна склікаўся выканкамам.

Па Канстытуцыі сельскі савет ўтвараўся па норме 1 дэпутат на 100 чалавек насельніцтва, але так, каб агульная колькасць дэпутатаў была не менш за 3 і не больш за 50. Савет меў трохмесячны тэрмін паўнамоцтваў. Выканкам складаўся са старшыні і 3 — 5 членаў. Пасяджэнні савета склікаліся не радзей 2 разоў на тыдзень.

Палажэнне 1920 года ўпарадкавала структуру сельсаветаў і ўдакладніла парадак іх утварэння:

Саветы ствараліся ў паселішчах, якія мелі не менш за 300 чалавек насельніцтва. У тых жа паселішчах, якія налічвалі менш за 300 жыхароў, дзейнічаў прадугледжаны Канстытуцыяй агульны сход выбаршчыкаў, які выбіраў старшыню, які выконваў тыя ж функцыі, што і старшыня сельсавета.

2 сакавіка 1919 г. ў Гарочычах пад старшынствам Трафіма Маскалевіча адбыўся агульны сход грамадзян, на якім абмяркоўвалася пытанне аб выбарах сельскага Савета.

Сход вырашыў старшынёй Савета абраць Цімафея Зіновіча, а сакратаром Сідара Чарнякова. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.99).

З 26 красавіка 1919 г. Даманавіцкая воласць перайшла з Мінскай у склад Гомельскай губерні. А 18 мая 1919 г. на агульным сходзе, на якім прысутнічала 100 жыхароў Гародчыц, адбыліся перавыбары старшыні сельскага савета. Старшынёй сходу гарачычане зацвердзілі Рамана Назаранку, сакратаром – Сідара Чарнякова, членамі выбарчай камісіі: Лявонція Аліферку, Феадора Аліферку і Макарыя Назаранку.

Аднавяскоўцы старшынёй Савета адзінагалосна выбралі Рамана Назаранку, а членамі Савета: Ціхана Краўцова пры 75 “за” і 25 “супраць” і Пятра Краўцова пры 70 “за” і 30 “супраць”. Кандыдатам на пасаду старшыні быў зацверджаны Сідар Дронік (Мазырскі архіў.ф.167, воп.1, с.4, л.123).

13 жніўня на чарговым “агульным сходзе в. Гародчыцы”, як было запісана ў пратаколе, пры старшынстве Міхаіла Тозіка і сакратара Сідара Чарнякова адбыліся перавыбары членаў Савета. На пасаду старшыні Гародчыцкага Савета адзінагалосна быў абраны Тозік Міхаіл Ігнатавіч, сакратаром – Сідар Чарнякоў, кандыдатам ў старшыні – Назаранка Кандрат Цімохаў. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.16).

А ўжо 3 лістапада 1919 г., як сведчыць пратакол Гародчыцкага сельскага Савета Даманавіцкай воласці, яго старшыня Міхаіл Тозік папрасіў перавыбраць яго, а таксама і сакратара Савета Сідара Чарнякова. Просьба Тозіка была задаволена, і старшынёй Гародчыцкага Савета выбралі Булаўку Цярэнція Лаўрэнцьевіча, а сакратаром – Табуліна Мікіту Сідаравіча. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.143).

У гады Грамадзянскай вайны жыхары Гарочыч разам з іншымі паляшукамі выступілі добраахвотна са зброяй у руках на абарону ўлады Саветаў. У прыватнасці, дакладна вядома, што ў 151-ы полк 17-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі, які ад Жлобіна перайшоў у раён Астанкавічы – Халоднікі, сталі ўступаць добраахвотнікі з ліку былых франтавікоў першай сусветнай вайны. У іх ліку быў і Лук’ян Якаўлевіч Чарнякоў – ураджэнец мястэчка Гарочычы. (Знойдзена ў архівах. Газета “Калінкавіцкія навіны”. 15 ліпеня 1993 г.).

У 1920 г. ў вёсцы была створана камсамольская ячэйка, у якую ўвайшлі Маскалевіч Васіль Паўлавіч, Цітова Пелагея Сяргееўна, Тозік Васіль Міхайлавіч. А ўзначаліў яе Зіновіч Еўдакім Нікіфаравіч.

Савецкая ўлада ў той час займалася ўсімі надзённымі справамі: забеспячэннем паліва, арганізацыяй аховы паселішч, дапамогі беднякам і сем’ям чырвонаармейцаў, зборам хлеба, супрацьпажарнай справай і г.д.

Напрыклад, на валасным з’ездзе сельскіх Саветаў і прадстаўнікоў беспартыйнай канферэнцыі, на якой ад 17 сельсаветаў прысутнічала 103 дэлегаты, 15 жніўня 1920 г. разгледзелі цякучы момант, як ідзе арганізацыя Саветаў, як арганізуюцца хаты-чытальні і парадак правядзення Тыдня селяніна.

Для правядзення гэтага тыдня была створана валасная камісія, у якую ад вёскі Гародчыцы ўвайшоў Сцяпан Чарнякоў.

З’езд вырашыў: “На працягу Тыдня працоўнага сялянства ў кожнай вёсцы пад кіраўніцтвам камісіі і сельскіх Саветаў выявіць на месцах усе тыя сем’і, якія маюць патрэбу ў дапамозе, і кожнай з іх сіламі грамады пэўнай вёскі аказаць рэальную дапамогу, а таксама выявіць, каму неабходзен лес для ўзвядзення пабудоў, як асобам, у якіх яны разбураны рознымі стыхійнымі бедствамі”. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.11,лл.23-25).

9 ліпеня 1921 г. на пасяджэнні Даманавіцкага валаснога выканаўчага камітэта была разгледжана прапанова загадчыка Калінкавіцкай паштовай канторы Ціханава аб выкананні пастановы Саўнаркома ад 14 кастрычніка 1920 г. і прадпісання аддзела сувязі Гомельскага губвыканкама ад 24 чэрвеня № 26355 аб прыняцці мер па развіцці паштовай сувязі ў Даманавіцкай воласці.

Па прапанове Ціханава на тэрыторыі воласці былі створаны пяць паштовых пунктаў. Адзін з іх быў адкрыты на станцыі Гарочычы. У яго склад увайшлі вёскі: Зеляночы з колькасцю насельніцтва 1000 чалавек, Убалаць з колькасцю насельніцтва 900 чалавек, Мікулінск – 150 чалавек, Есіпава Рудня -500 чалавек, хутар Бабін востраў — 50 чалавек.

“Усе аперацыі па прывозу і выдачы заказной і простай карэспандэнцыі будуць ажыццяўляцца з-за адсутнасці асобных памяшканняў у кватэрах загадчыкаў пунктаў з іх ацяпленнем і асвятленнем за ўстаноўленую плату ад паштоватэлеграфнага ведамства. Перавозка паштовай дакументацыі будзе ажыццяўляцца па нараду сельскага савета”, — было сказана ў рашэнні валвыканкама. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.11,лл.70-72).

У 1924 г. ў Гарочычах налічвалася 200 двароў і ў вёсцы пражывала 1122 жыхары. Яшчэ 108 жыхароў на 15 дварах пражывалі на Гарочыцкім лесапільным заводзе. (Мазырскі архіў, ф.60, воп.1, с.14, лл. 12-13).

У сувязі з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай і раяніраваннем Беларусі 3 ліпеня ў складзе Мазырскай акругі ствараецца Калінкавіцкі раён, а 20 жніўня гэтага ж года – Зеляноцкі сельскі савет, у склад якога адміністрацыйна-тэрытарыяльна ўвайшла і вёска Гарочычы з аднайменным пасёлкам.

Жыццё працягвала ісці сваім парадкам, а мясцовая ўлада вырашала надзённыя праблемы сялян і выконвала распараджэнні, якія ставіла дзяржава.

Так, 21 лістапада 1924 г. на агульным сходзе жыхароў Гарочыч пад старшынствам старшыні Зеляноцкага сельсавета Рубаніка былі разгледжаны наступныя пытанні: 1. Аб сельгаспадатку; 2. Аб арганізацыі пажарнай дружыны; 3. Аб рамонце школы; 4. Аб начной варце; 5. Аб адкрыцці дагаворнай хаты-чытальні; 6. Аб самагонакурэнні; 7. Аб камітэце ўзаемадапамогі; 8. Аб страхавой справе; 9. Аб лесакрадзяжах.

Паколькі пажарная дружына ў вёсцы была, прынялі рашэнне набыць за грамадскі кошт для яе неабходны пажарны інвентар.

Паводле рамонту школы пастанавілі: ”Даем сваё пралетарскае слова забяспечваць школу дрывамі і ўсімі матэрыяламі, якія спатрэбяцца для школы, і не забараняць сваім дзецям хадзіць у школу, а таксама прасіць Калінкавіцкі РВК хадайнічаць перад вышэйстаячымі органамі аб назначэнні ў нашу школу дзяржаўнага вартаўніка для школы і таксама прасіць лесу для будаўніцтва дзяржаўнага будынка, а таксама адлічваем на школьнага вартаўніка сваёй школы па 5 кап. са двара незаможнай беднаты, ад гандляроў і спекулянтаў: Фрыдмана Арона – 1р.50 кап., Камісарчыка Мойшы – 1р., Вінакура Шлёмы – 1 р., Флеера – 50 кап., Вайсмана – 1 р., Гарэліка Боруха – 50 кап., Чарнякова Яўсея – 50 кап., Краўцова Савы – 1 р.

“За” – увесь сход, “Супраць” – няма”.

Памяшканне пад хату-чытальню ўжо практычна было падрыхтавана, заставалася толькі пакласці печ. Была ў вёсцы і начная варта. А вось камітэт узаемадапамогі прыйшлося ствараць, як і весці барацьбу з самагонаварэннем і крадзяжамі лесу. (Мазырскі архіў, ф.80, воп.1,с.14,лл. 2-3).

Падобныя пытанні былі прадметам абмеркавання і на іншых сходах.

Напрыклад, 5 мая 1925 г. на агульным сходзе жыхароў Гарочыч былі разгледжаны пытанні: улік ваеннаабавязаных; аб патравах і самавольным выпасе жывёлы; страхавая скідка і ўплата страхавых; начная стража і пажары ў лясах; пра спагнанне семянных пазык і г.д.

А на сходзе 12 чэрвеня размяркоўвалі сенакос ва ўрочышчы Гогалева; зацвярджалі сельгаспадатак на бягучы год; выбіралі дэлегатаў на раённую беспартыйную канферэнцыю ў Калінкавічы.

Для падзелу сенакосу была створана камісія, у якую ўвайшлі: Маскалевіч Павел Філіпавіч, Аліферка Сяргей Кандратавіч, Цітоў Яфрэм Елісеевіч і Ціхіня Кандрат.

Дэлегатамі канферэнцыі выбралі: Зіновіча Міхаіла, Цітова Фаму, Гаркушу Рыгора, Дроніка Макара, Назаранку і Башака Гаўрылу. (Мазырскі архіў, ф.80,воп.1,с.14,лл.73,84).

У пачатку 1929 г. на станцыі Гарочычы быў створаны калгас “Чырвоны сцяг”, а ў Гарочычах — калгас “Савецкая Беларусь”. Аднак, праіснавала калектыўная гаспадарка ў Гарочычах нядоўга, праз чатыры месяцы пад уздзеяннем прапаганды з боку больш заможнага сялянства яна распалася. У калгасе засталіся толькі сем’і сельскіх актывістаў: Рыгора Маскалевіча, Паўла Зіновіча і Рыгора Драздова.

Праўда, і Савецкая ўлада не цырымонілася: сваю палітыку яна праводзіла мэтанакіравана і жорстка. 19 лістапада 1929 г. інструктар-аграном Чубчанка на пасяджэнні праўлення Мазырскага акркалгассаюзу дакладваў аб “злучэнні калгасаў “Савецкая Беларусь” і “Чырвоны сцяг” Зеляноцкага сельсавета ў адзін калгас пад назваю “Савецкая Беларусь” з цэнтрам у в. Гарочычы -21 сям’я, 579 га зямлі”. (Мазырскі архіў,ф.174,воп.1, с.11, л.3).

З цягам часу калектыўная гаспадарка набывала моц, шырылася і сталела. З’явіліся першыя машыны, павялічваліся ўраджаі і пагалоўе. У калгасе з’явіліся і першыя стаханаўцы. У ліку іх: Цітова Еўдакія, Цітова Таццяна Клімаўна, Назаранка Сцяпан Рыгоравіч, які дарэчы, стаў дэлегатам Усесаюзнага з’езду стаханаўцаў.

У 30-я гады ў Гарочычах пабудавалі пеньказавод, які перапрацоўваў лён і каноплі з навакольных калгасаў.

На базе калгаса “Савецкая Беларусь” яшчэ да вайны была створана вопытная станцыя сельгасакадэміі. У тыя гады вяскоўцы ўпершыню пазнаёміліся і даведаліся, што такое мінеральныя тукі, пад кіраўніцтвам вопытных аграномаў навучыліся іх прымяняць. Таму ўраджаі збожжавых у Гарочычах таго часу славіліся сваімі высокімі паказчыкамі.

12 лютага 1935 г. Гарочычы разам з іншымі вёскамі Зеляноцкага сельсавета перадалі ў склад новастворанага Даманавіцкага раёна Мазырскай акругі. А 20 лютага 1938 вёска перай-шла ў склад новастворанага Васілевіцкага раёна Палескай вобласці. І толькі пасля ліквідацыі Васілевіцкага раёна ў 1959 г., Гарочычы вярнуліся ў склад Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Выпрабаванне на мужнасць

Пра вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз жыхары Гарочыч даведаліся ў першы ж дзень вайны. А на наступны дзень першыя дзясяткі ваеннаабавязаных былі закліканы ў Чырвоную Армію, на абарону сваёй Айчыны.

Больш 200 воінаў паставілі Гарочычы фронту і партызанскім злучэнням.

Недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны ў небе над Гарочычамі з’явіліся першыя варожыя самалёты. Яны бамбілі чыгуначную станцыю. Мясцовае насельніцтва аказвала чыгуначнікам і вайскоўцам актыўную дапамогу ў аднаўленні разбуранага палатна.

На ўчастку Гарочычы-Халоднікі-Астанкавічы на працягу жніўня актыўна дзейнічалі савецкія бронепаязды. Варожыя пазіцыі штодня абстрэльваліся з іх гармат. Дзякуючы гэтаму нямецкія войскі стрымліваліся на гэтым напрамку аж да 21 жніўня. На жаль, сілы былі не роўнымі. 22 жніўня немцы акупіравалі Гарочычы.

На акупіраванай зямлі пачалася партызанская барацьба.

У вёсках Гарочычы і Убалаць была створана падпольная патрыятычная група, у якую ўвайшлі: Х.С.Зіновіч (сувязная, у яе доме была канспіратыўная явачная кватэра); Н.Е.Зіновіч (сувязная, выконвала заданні па разведцы варожых гарнізонаў у в. Зеляночы, у ваенным гарадку Бабровічы, вяла назіранне за рухам цягнікоў на чыгунцы); Е.Я.Казлова (сувязная Даманавіцкага партызанскага атрада); Міхаіл Казько (падпольшчык, затым партызан Даманавіцкага атрада, загінуў у баі з карнікамі ў в. Узнаж у 1943 г.); Л.М.Яворына (сувязная Даманавіцкага партызанскага атрада); А.С.Некрашэвіч (сувязная, разведчыца Даманавіцкага атрада, затым спецгрупы НКДБ А.З.Духаніна).

Кіраўніком групы быў Р.Е. Зіновіч (сувязны, разведчык, партызан атрада “Мсцівец”, затым у спецгрупе НКДБ “Далёкаўсходняя”. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., 1999. с. 263).

У ліку першых гарочыцкіх народных мсціўцаў былі і Чарнякоў Іосіф Адамавіч, Назаранка Сямён Макаравіч.

6 верасня 1942 г. партызаны ўзарвалі на станцыі Гарочычы лесапільны завод і спалілі пеньказавод з сыравінай і гатовай прадукцыяй у 200 т. (Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941-июль 1944). Документы и материалы. В трех томах. Том I. Мн., «Беларусь». 1967. с. 520).

У канцы 1942 г. партызанамі сталі Чарнякоў Мікалай Адамавіч, Назаранка Мікалай Нікіціч, Краўцоў Фёдар Іванавіч, Гарбун Андрэй Андрэевіч, Цішкевіч Мікалай Паўлавіч.

У газеце “За камунізм” 21 і 23 верасня 1967 г. быў надрукаваны нарыс Юліяна Поляка “Сустрэча праз паўвека”, у якім журналіст раёнкі расказаў пра сустрэчу праз 51 год родных братоў – харватаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны не ведаючы пра лёсы адзін другога змагаліся супраць фашызму, кожны на тэрыторыі сваёй краіны.

Старэйшы Міле Абрадавіч Яворын яшчэ ў 1916 г., з’яўляючыся салдатам аўстра-венгерскай арміі быў узяты ў палон рускімі, трапіў у Беларусь, працаваў у Рэчыцы на сенапрасавальным заводзе. А пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. не вярнуўся на Радзіму, а застаўся на беларускай зямлі, завёў сям’ю, стаў працаваць пуцявым абходчыкам на 87-м кіламетры паміж Гарочычамі і Юшкамі.

З першых дзён Міле Абрадавіч стаў дапамагаць падпольшчыкам і партызанам. Падпольшчыкамі сталі і яго сын Ігнат і дачка Люба. Менавіта яго дзеці па заданні партызан прабраліся ў Калінкавічы, дзе была створана школа шпіёнаў, якіх рыхтавалі для засылкі ў партызанскія атрады, і выведалі многія сакрэты немцаў. Яны выканалі і другое важнае заданне – звязаліся з чэхаславацкімі салдатамі і падрыхтавалі іх да пераходу ў партызаны.

Люба і Ігнат Яворыны сталі і першымі партызанамі-праваднікамі воінскіх часцей, якія наступалі на Гарочычы.

Міле Яворын і яго дачка Люба за актыўную партызанскую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі ўзнагароджаны медалямі “За адвагу” і “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”.

А Ігнат разам з савецкімі войскамі пайшоў далей на Захад, біць ворага ў яго логаве. На жаль, не суджана было юнаку вярнуцца да бацькоўскага парога. Ён загінуў смерцю героя 23 снежня 1943 г. непадалёку ад роднага дома, паўночна-заходняй вёскі Сышчыцы, а пахаваны ў брацкай магіле ў в.Крукавічы.

Немцы і іх прыхвастні лічылі Гарочычы партызанскай вёскай. І гэта было сапраўды так. Жыхары Гарочыч былі партызанскімі праваднікамі, дапамагалі народным мсціўцам у іх дыверсіях на чыгунцы, апраналі і кармілі партызан. Толькі ў Калінкавіцкай партызанскай брыгадзе № 99 ваявала 25 жыхароў Гарочыч. Побач з вёскай неаднойчы партызаны рабілі напады на ворага. Напрыклад, 4 красавіка 1943 г. непадалёку ад вёскі партызаны пусцілі пад адхон фашысцкі эшалон. Як гэта адбылося, занатавана ў баявым данясенні камандавання 2-й Калінкавіцкай партызанскай брыгады:

“Па заданні камандавання атрада 4 красавіка 1943 г. ўзвод камузвода тав. Марозава накіраваўся на падрыў эшалона, які штодня курсіруе па чыгуначнай лініі Калінкавічы— Шацілкі і возіць будматэрыялы для будаўніцтва чыгуначнага моста праз р. Бярэзіна ў Шацілках, а таксама прадукты харчавання для нямецкага гарнізона, паліцыі і немцаў, якія ахоўваюць да 800 палонных, занятых на будаўніцтве моста. На загадзя выбранае месца ўзвод прыбыў для выканання аперацыі. У 9 гадзін раніцы цягнік, які складаўся з 8 вагонаў, прайшоў з Калінкавічаў на Шацілкі. Прапусціўшы яго, узвод выйшаў на чыгунку. Ідучы на выкананне задання, узвод захапіў у чыгуначнай будцы ў майстра чыгуначны інструмент, пры дапамозе якога адкруцілі адну з рэек і да яе прывязалі зняты з тэлефоннай лініі (трох пралётаў) провад. Другі канец провада, замаскіраваўшы, працягнулі ў лес. Ад разабранай рэйкі на адлегласці 8 вагонаў была закладзена міна, якая складалася з 6 кг толу і трох артснарадаў. Гэтая міна была разлічана на падрыў апошняга вагона, браніраванага, у якім ездзілі немцы.

У 5 гадзін вечара цягнік з хуткасцю 40-45 км вяртаўся ў Калінкавічы. Назіральнік паведаміў аб з’яўленні на ст. Гарочычы цягніка. Узвод прыняў баявы парадак. Камандзір узвода з групай 5 чал. сядзеў ля палкі, за якую быў прывязаны тэлефонны провад. Калі цягнік падышоў да разабранай рэйкі, адбыўся выбух міны пад апошнім вагонам эшалона. Паравоз, у якога наперадзе былі дзве платформы з баластам, пайшоў пад адхон (высокі чыгуначны насып да 2,5—3 м). Пасля адхону пачыналася балоцістая паласа. Паравоз, урэзаўшыся ў балота, сцягнуў за сабой вагоны, што ішлі пасля яго. Моц агню двух кулямётаў, двух аўтаматаў і 20 вінтовак на працягу 40 мін. абрынуўся на разбіты эшалон. Зрэдку ўнутры вагонаў былі чутны вінтовачныя і кулямётныя стрэлы.

Па камандзе ўзвод зняўся і стаў адыходзіць да месца стаянкі партызанскіх фурманак. У выніку праведзенай аперацыі быў цалкам знішчаны эшалон. На пуцях застаўся адзін вагон, але і той быў адведзены ў дэпо на ст. Калінкавічы для капітальнага рамонту. Паравоз 3 дні падымалі немцы, але пасля ён быў пакінуты на месцы, дзе ляжыць і да гэтага часу. Было забіта 63 немцы і паліцэйскіх, паранена — 45.

<…>7 жніўня 1943 г. на ўчастку чыгункі Калінкавічы Гарочычы быў падарваны аднаўленчы поезд, разбіты паравоз і вагон з інструментамі”. (Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 июль 1944). Документы и материалы. В трех томах. Том II. Книга II. Мн., «Беларусь». 1978. сс. 162, 568-569).

Многія з гарочыцкіх партызан аддалі свае жыцці ў барацьбе з ворагам. Напрыклад, Краўцоў Фёдар Іванавіч, 1923 г.н. Да вайны працаваў намеснікам бухгалтара Гарочыцкага лесазавода. Уступіў у атрад імя Варашылава 28 лістапада 1942 г. Загінуў у баі 13 кастрычніка 1943 г.

Партызан гэтага ж атрада Гарбун Якаў Панцялеевіч, 1921 г.н., загінуў 18 красавіка 1944 г. у в. Захады Рэчыцкага раёна. Рубанік Міхаіл Васільевіч, 1920 г.н. загінуў у 1943 г. Чарнякоў Савелій Пятровіч, 1908 г.н., загінуў у кастрычніку 1943 г.

За актыўны ўдзел у партызанскім руху ўрадавых узнагарод удастоіліся жыхары Гарочыч: Цішкевіч Мікалай Паўлавіч, Гарбун Андрэй Андрэевіч, Башак Сцяпан Гаўрылавіч, многія іншыя.

Тым часам на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся іншыя ўраджэнцы Гарочыч.

Так, старшы ад’ютант 1-га стралковага батальёна 341-га гвардзейскага стралковага палка 119-й гвардзейскай стралковай дывізіі капітан Назаранка Андрэй Дзмітрыевіч 5 жніўня 1944 г. у баі на подступах да р. Айвіакстэ здолеў перад атакай выявіць агнявыя кропкі і замаскіраваныя падыходы да праціўніка. Знаходзячыся непасрэдна ў баявых парадках батальёна, ён павёў за сабою байцоў і афіцэраў у атаку, у выніку чаго праціўнік быў выбіты з займаемага рубяжа і яго гналі да ўсходняга берага Айвіакстэ, дзе ён спрабаваў замацавацца.

Капітан Назаранка з групай байцоў падыйшоў з левага флангу праціўніка і асабіста гранатай знішчыў кулямёт праціўніка, затым узняў батальён, і выбіў ворага з усходняга берага. Пры гэтым немцы панеслі вялікія страты. На полі бою засталося 43 трупы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Хутка ацаніўшы склаўшуюся сітуацыю, Назаранка на чале групы байцоў адбіў лодкі ў спешна перапраўляўшыхся фашыстаў і на гэтых лодках увесь батальён паспяхова фарсіраваў раку.

Замацаваўшыся на заходнім беразе ракі, батальён на чале з Назаранкам адбіў шэсць контратак праціўніка. За гэты подзвіг гераічны афіцэр быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

На фронце Андрэй Назаранка, 1923 г.н., знаходзіўся з першых дзён вайны. Двойчы быў паранены: у чэрвені і лістападзе 1942 г. У лютым 1944 г. памочнік начальніка штаба асобнага лыжнага батальёна гвардыі старшы лейтэнант Назаранка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за баі ў раёне вёсак Анісімава, Юркова і Мошна, у час якіх асабіста знішчыў 11 нямецкіх салдат, а пры выхадзе са строю камандзіраў рот смела прымаў на сябе камандаванне і выконваў усе баявыя задачы.

У ліпені 1944 г. за ўмелае кіраўніцтва батальёнам, які разграміў два апорных пункты ворага, якія прыкрывалі шашу Зілупэ-Лудза, дзе праціўнік страціў больш 80 сваіх салдат і афіцэраў, капітан Назаранка быў прадстаўлены камандзірам палка да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.

Праўда, вышэйшае начальства “пашкадавала” высокі ордэн мужнаму маладому афіцэру, узнагародзіла яго ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

З цягам часу да гэтых узнагарод Назаранкі дабавіўся і ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Не менш мужна ваяваў і яго зямляк — аднафамілец памочнік камандзіра ўзвода разведкі 1250-га стралковага палка 376-й стралковай дывізіі сяржант Назаранка Андрэй Мікітавіч. Нарадзіўся ён у 1918 г. Закончыў чатыры класы мясцовай школы. Працаваў на Гарочыцкім лесазаводзе.

У жніўні 1939 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў паход па вызваленні Заходняй Беларусі. Пасля гарочыцкі хлопец прыняў удзел у савецка-фінскай кампаніі. У 1940 г. яго часць перакінулі ў Махачкалу , на граніцу з Турцыяй.

Першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прыняў у 1941 г. пад Ціхвінам. Ваяваў на Волхаўскім, затым з красавіка 1943 г. на Ленінградскім франтах. Абараняў блакадны Ленінград пад Колпіна, дзе ў дзень даводзілася адбіваць па шэсць варожых атак. Чатыры разы быў паранены.

Пасля прарыву блакады ўдзельнічаў у вызваленні Прыбалтыкі. Трынаццаць сутак знаходзіўся ў акружэнні ў раёне шашы Чудава-Ноўгарад. Прарываліся з баямі. Ледзь не памёрлі з голаду. З варожага кальца выйшлі адзінкі. Сярод іх быў і Назаранка.

Потым з баямі ішоў па Германіі. Адвага і мужнасць разведчыка ў барацьбе з ворагам была адзначана ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, Славы 3-й ступені і шэрагам медалёў.

12 ліпеня 1941 года Васілевіцкі райваенкамат разам з іншымі жыхарамі Гарочыч прызваў у войска Маскалевіча Рыгора Карпавіча, 1923 г.н. Са жніўня 1941 г. па 4 лютага 1942 г. ён удзельнік баёў на Заходнім фронце, з 1943 па 1944 г. – на 1-м Прыбалтыйскім фронце. Пачаў вайну радавым, а закончыў камандзірам узвода 22-га гвардзейскага інжынерна-сапёрнага Сандамірскага батальёна 40-й Уладзімір-Валынскай брыгады. Ратны шлях воіна адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Масквы” і “За баявыя заслугі”.

Камандзірам узвода закончыў вайну і другі ўраджэнец Гарочыч Зіновіч Васіль Нікіфаравіч, 1912 г.н. Праўда, не сапёрнага, а кулямётнага 49-га кавалерыйскага Нова-Заволжскага Чырвона-сцяжнага ордэна Б.Хмяльніцкага палка. Тройчы быў паранены: 18 верасня 1943 г., 8 снежня 1943 г. і 6 лютага 1944 г. Баявы шлях кулямётчыка адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі і шэрагам медалёў.

Ужо напрыканцы вайны камандзір яго палка гвардыі падпалкоўнік Федзяеў напісаў ў прадстаўленні да ўзнагароды малодшага лейтэнанта Зіновіча наступнае:

“У баі 10.04.1945 г., у час фарсіравання р.Мараба, тав.Зіновіч, камандуючы ўзводам, першым пераправіўся на правы бераг ракі, і заняў выгадны рубеж для абароны.

Тав. Зіновіч пастаянна знаходзіўся ў першых шарэнгах байцоў, сваім прыкладам натхняў іх на выкананне баявой задачы.

У гэтым баі тав. Зіновіч асабіста знішчыў са свайго аўтамата 8 нямецкіх салдат”.

А вось што напісала ў прад-стаўленні да ўзнагароды ордэнам Славы 2-й ступені камандаванне малодшага сяржанта Кікіліча Рыгора Мікалаевіча, які нарадзіўся ў Гарочычах у 1919 г., і яшчэ да вайны трапіў на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі:

“Малодшы сяржант Кікіліч – вопытны наводчык, добра ведаючы сваю справу, і неаднаразова вызначыўшыйся ў баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі і тэрыторыі Данцыгскага калідора. 21 сакавіка 1945 г. тав. Кікіліч трапным агнём свайго мінамёта знішчыў групу гітлераўцаў да 19 чалавек і падавіў кулямёт праціўніка, які замінаў нашай пяхоце фарсіраваць раку.

У гэты ж дзень у час адбіцця варожай контратакі знішчыў нямецкі мінамёт”.

Мінамётчык Кікіліч – удзельнік абароны Ленінграда, 9 жніўня 1944 г. атрымаў цяжкае раненне. Але паправіўся салдат і прадоўжыў ратную службу да апошняга дня вайны. Радзіма высока ацаніла мужнасць і гераізм мінамётчыка. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы 3-й ступені, шматлікімі медалямі.

Так склалася ў час вайны, што многім ураджэнцам Гарочыч выпала на іх вайсковую долю абараняць паўночную сталіцу Савецкага Саюза – Ленінград. У іх ліку і камандзір роты 12-га асобнага матарызованага пантона- маставога батальёна лейтэнант Назаранка Апанас Сцяпанавіч, які нарадзіўся ў 1914 г. Першую сваю ўзнагароду даваенны настаўнік атрымаў у 1942 г. Гэта была медаль “За абарону Ленінграда”. У кастрычніку 1943 г. камандзір узвода сапёраў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Вось што напісаў яго камандзір у наградным лісце:

“Будучы дзяжурным на маставой пераправе цераз Днепр у раёне ур. Мар’іна у ноч з 25 на 26 кастрычніка тав. Назаранка арганізаваў зладжаную службу рэгулявання і работу маставой каманды. У цяжкую хвіліну работы пераправы, калі паток грузаў, які перапраўлялі з правага берага на левы, на пад’ёме левага берага Дняпра па халатнасці шафёра застраў аўтамабіль. Убачыўшы, што на пад’ёме ствараецца пробка, тав. Назаранка асабістай мужнасцю і адвагай мабілізаваў усіх, хто быў на пераправе для ліквідацыі пробкі.

Працуючы пад бесперапынным артагнём праціўніка, праз 5 хвілін нармалізаваў работу пераправы, якая далей працавала без збояў. Дзякуючы зладжанай рабоце, ініцыятыве, асабістай мужнасці і адвазе тав. Назаранка ў выніку за ноч з правага берага на левы было перапраўлена 6072 адзінкі баявых грузаў”.

Да гэтых узнагарод затым прыбавіліся медаль “За баявыя заслугі”, ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі.

Добра ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанах і падполлі і многія іншыя ўраджэнцы Гарочыч. Многія з іх узнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі.

Каля ста франтавікоў не вярнуліся з палёў баёў з нямецка-фашысцкімі заваёўнікамі: загінулі, прапалі без вестак, памерлі ў шпіталях ад смяротных ран. ( Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., 1999. сс. 589-591).

Іван ГАРЫСТ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.