Здаровы дух спаборніцтва

Колькасць камбайнерскіх экіпажаў, якія падчас жніва сёлета намалацілі тысячу тон збожжа, павялічылася. Сёмым па ліку стаў экіпаж у складзе Андрэя Кавалёва і Андрэя Абрамава з КСУП “Імя Кутузава”.

 Андрэй Кавалёў і Андрэй Абрамаў

Андрэй Кавалёў і Андрэй Абрамаў

Гэта чацвёртая сумесная ўборачная кампанія для камбайнераў. І тройчы хлопцы былі перадавікамі, у тым ліку і маладзёжным экіпажам-тысячнікам. Вось і ў бягучым годзе яны, што называецца, не здрадзілі сабе і дасягнулі заўважнага поспеху. Андрэй Кавалёў і Андрэй Абрамаў паспелі закончыць уборку на палетках уласнай гаспадаркі і дапамагчы сельгасфіліялу малочнага камбіната. Менавіта там і набралі камбайнеры доўгачаканую тысячу тон збожжа.

З працоўным дасягненнем хлебаробаў павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Сінькевіч. Ра-зам з Падзячнымі пісьмамі абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі сертыфікатамі ён перадаў Андрэю Кавалёву і Андрэю Абрамаву найлепшыя пажаданні ад кіраўніцтва раёна, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і пажадаў моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і новых працоўных поспехаў.

Іван Малішэўскі

Іван Малішэўскі

Віншаванняў і падзякі ўдастоіліся таксама вадзіцелі сельгасфіліяла малочнага камбіната Іван Малішэўскі і Віктар Саковіч. Кожны з іх на аўтамабілі ГАЗ-53 перавёз звыш тысячу тон збожжа. І калі Іван Аляксандравіч ужо вадзіцель з вялікім вопытам (за рулём ён амаль 40 гадоў), неаднаразова станавіўся перадавіком вытворчасці і ўдзельнікам раённых “Дажынак”, то Віктар стаў лепшым упершыню, прычым сярод маладых вадзіцеляў: на ўборцы ён толькі трэці сезон. Вадзіцелем у гаспадарку прыйшоў адразу пасля тэрміновай службы ў арміі, следам за бацькам Паўлам Васільевічам, які таксама працуе вадзіцелем.

Улічваючы, што за адзін раз ГАЗ-53 можна перавезці 5-6 тон, вадзіцелям давялося зрабіць па дзве сотні рэйсаў ад камбайнаў да зернесховішча, каб дасягнуць тысячнага паказчыка.

Віктар Саковіч

Віктар Саковіч

Праца на зямлі заўжды была ў пашане і павазе. Дасягнуць рэальных вынікаў тут зможа толькі той, хто самааддана і з любоўю выконвае даручаную работу, працуючы на зямлі ад світання да змяркання. Высокі прафесіяналізм, нераўнадушныя адносіны да хлебаробскай справы, вернасць нялёгкай сялянскай працы з’яўляюцца трывалай асновай вытворчых дасягненняў і росту матэрыяльнага дабрабыту ў канчатковым выніку. А яшчэ – здаровы дух спаборніцтва, які прымушае хлебаробаў рабіць сваю работу не толькі хутчэй за іншых, але і якасней.

Аляксандр Века.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)