Мы нясем адказнасць за паводзіны сваіх дзяцей

imagesНекультурны чалавек у сваіх ацэнках больш за ўсё стараецца абсалютна ўсё спаганіць, у яго няма нічога белага і станоўчага, усё вакол толькі чорнае і адмоўнае…

Вам, відаць, таксама даводзілася чуць ад некаторых, маўляў, на культуру ў нас выдзяляецца мала грошай. Гэта не так. Кожны год немалыя сродкі накіроўваюцца як на традыцыйнае забеспячэнне дзейнасці ўстаноў культуры, так і на адкрыццё новых тыпаў устаноў, камп’ютарызацыю бібліятэк, тэатраў, філармоній, кінатэатраў.

Многія песімісты-ныцікі нярэдка забываюць, што ў Рэспубліцы Беларусь не толькі захаваліся даўно вядомыя культурна-гістарычныя каштоўнасці, многія адметныя традыцыі народа, але адбылося іх прымнажэнне і ўзбагачэнне новымі, раней невядомымі рэаліямі і каштоўнасцямі. Нельга не ўспомніць пра будаўніцтва велічнай Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, рэканструкцыі філармоній, будаўніцтва дадатковых залаў Нацыянальнага мастацкага музея, перамогі нашых артыстаў на міжнародных спаборніцтвах, кінафестывалі, фестывалі “Белая вежа”, “Мінская вясна”, “Беларуская музычная восень”, Славянскі базар у Віцебску, Дзень пісьменства і многае-многае іншае. У нас утрымліваюцца за кошт сродкаў бюджэту сотні і тысячы музеяў і помнікаў, працуюць бібліятэкі і Дамы культуры, функцыянуюць кінатэатры, шматлікія самадзейныя калектывы. Бясспрэчна, ёсць чым ганарыцца, ёсць чаму радавацца беларускім людзям, а іншаземцам ёсць чаму па-добраму пазайздросціць і павучыцца.

Як добра, што нашы гарады, мястэчкі, вёсачкі з кожным годам усё больш прыгажэюць, абнаўляюцца. Больш таго, у кожнай старонцы ёсць свае невялічкія райскія куточкі, якія пастаянна вабяць да сябе як абарыгенаў, так і турыстаў.

Змяняецца аблічча вуліц, дамы і будынкі маюць усё больш дагледжаны выгляд. Вясной і летам паўсюль квітнеюць клумбы, нават газоны набываюць еўрапейскую акуратнасць. Канешне, не ўсё ў нас пакуль што на самым высокім узроўні – і дарогі патрабуюць рамонту, і ліхтары, па меркаванні жыхароў, не ўсюды размешчаны, але здаровая аснова пакладзена: ёсць што зберагаць, цаніць, падтрымліваць у належным стане.

На жаль, не ўсім даспадобы чысціня і прыгажосць. Нават звычайныя лаўкі, новыя аўтобусныя прыпынкі, якія былі заменены зусім нядаўна, ужо сапсаваны і нават разрабаваны. А пасля “начной змены” моладзі на падпітку большасць нашых прыпынкаў ператвараецца ў сапраўдны сметнік – перапоўненыя бутэлькамі, упакоўкамі ад розных прысмакаў, закіданы шалупіннем ад семак, цыгарэтнымі акуркамі. Пад такім ужо дахам не толькі стаяць не захочацца, а і праходзіць паблізу непрыемна. Там дыхаць становіцца цяжка ад чыёйсьці вялікай “культуры” адпачынку.

Дык ці шмат сярод нас некультурных? Лічу, што цалкам некультурных не бывае. У штодзённых зносінах нам калі-нікалі даводзіцца мець справу з людзьмі з нізкай культурай, недастаткова выхаванымі.

На жаль, масавая культура вельмі часта выцясняе культуру высокую.

Нам усім разам трэба вучыцца бачыць прыгожае нават у самым маленькім, заўважаць цудоўныя рэчы ў свеце і ў сваёй краіне, а не зацыклівацца толькі на негатыве і адмоўных з’явах.

Нас раздражняюць курыльшчыкі, што кураць побач на грамадскіх прыпынках, пасажыры, што громка гавораць па тэлефоне, тыя, хто дыхае побач гарэлачна-піўным перагарам раніцой у маршрутцы. Гэты спіс штодзённых раздражняльнікаў можна працягваць бясконца. Гэта і хамства, і нецэнзуршчына, і гучная музыка: чамусьці чалавек думае, што іншыя абавязкова павінны слухаць тое, што і ён. Салоны аўтобусаў даўно апанавала дзікагалосая рэклама, ад якой адразу пачынае балець галава.

А ці можна спакойна ставіцца да кампаніі, якая пакідае ў лесе смецце пасля пікніка?! Заўважу, што ў наступны раз гэтая кампанія ўжо шукае новае, чыстае месца…

Некультурныя людзі потым нараджаюць і выхоўваюць сабе падобных хамікаў.

Мы, дарослыя, традыцыйна прывыклі чуць водгукі абураных людзей у адрас “некультурнай моладзі”, калі бачым забруджаныя пад’езды, спісаныя сцены, запляваныя тратуары, зламаныя поручні і іншыя падобныя рэчы і з’явы.

Аднак ці не дарослыя вінаватыя ў тым, што цяперашняя моладзь так паводзіць сябе і жыве пад дэвізам “усё, што за межамі маёй кватэры, – не маё, таму магу ламаць, плявузгаць”. Хто нясе адказнасць за ўчынкі нашых дзяцей, унукаў? Ці не мы яшчэ ўчора заяўлялі, што наша дзіця малое, яно нічога не разумее і яму ўсё дазволена?!

Ні на хвілінку не трэба забываць, што аснова жыццёвых каштоўнасцей у дзяцей закладваецца ва ўзросце да двух гадоў, а аснова будучага інтэлекту – да трох. Больш таго, сярод сучасных бацькоў шмат такіх, што абвінавачваюць нават педагогаў, псіхолагаў, выхавальнікаў у дзіцячых садках і іншых людзей, якія робяць заўвагі, у тым, што яны псуюць жыццё іх дзеткам-кветачкам, адбіраюць, маўляў, шчаслівае маленства.

Бацькам ні ў якім разе нельга патураць агідны стыль паводзін, а варта як мага часцей задумвацца над прыстойным выхаваннем сваіх дзяцей — з першых дзён іх жыцця. Не трэба лічыць, што ваша дзіця яшчэ вельмі малое. Выхаванне павінна ажыццяўляцца з першых дзён біяграфіі маленькага грамадзяніна ці грамадзянкі. Дзіцяці неабходна пастаянная ўвага з боку бацькоў, аднак бязмежная і сляпая любоў можа выхаваць з вашага дзіцяці эгаіста ці дэспата. І, наадварот, ад культуры паводзін, высокаінтэлектуальнага стылю жыцця прадстаўнікоў маладога пакалення, іх шчырага жадання прынесці карысць Бацькаўшчыне шмат у чым залежаць як асабістыя прафесійныя дасягненні юнакоў і дзяўчат, так і цалкам будучыня Беларусі.

Моладзь традыцыйна была ў айчыннай гісторыі надзеяй на будучыню і рэальнай апорай дзяржавы ў найбольш цяжкіх і гераічных яе справах. І як добра, што ў Беларусі дзейнічаюць шматлікія маладзёжныя грамадскія аб’яднанні. Маладыя актывісты бяруць удзел у грамадскім, палітычным жыцці краіны – і паўсюдна адбываюцца розныя культуралагічныя фестывалі, конкурсы, алімпіяды, агляды, акцыі, спартыўныя святы, дні здароўя.

Цудоўна, што значная частка нашай моладзі – не толькі добра адукаваная і свядомая частка насельніцтва, але і арыентавана на значныя культурныя і духоўныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця!
Культура – гэта палымяная душа і вялікае сэрца. Спорт – гэта прыгожая фігура, бадзёрасць, здароўе, дысцыплінаванасць.

Нашы продкі перадалі духоўны наказ беларускай нацыі – быць мэтанакіраванай, працавітай, любіць родную зямлю і паважаць яе гісторыю. Няхай гэты год КУЛЬТУРЫ згуртуе нас яшчэ больш, зробіць нас лепш, чысцей і дабрэй!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Optionally add an image (JPEG only)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.